Глянь душой, дзе, ў чым няшчасьце,
З твайго ж сьмех мне нараканьня, —
Зь віхраў зімніх не прапасьці, —
Рухне стужа, вясна ўстане.
Ў сьвет глядзі з надзеяй, дружа, —
Вера ў шчасьце не зашкодзіць;
Не ўсім доля роўна служа,
Не ўсіх колкай сьцежкай водзіць.
Хоць нож крыўды ўесца ў грудзі,
Хоць нуды сьляпое жала
Кроў смактаці зь цябе будзе, —
Стой за праўду, стой як скала.
Людзі… Што ж? хто не калекам,
Аб іх можна і не дбаці,
Будзь сам толькі чалавекам,
Будзь… Ей, будзь здароў, мой браце!