Гэтак правіў у карчомцы
Раз убогі, Куксай званы,
Мала меў чаго ў хатомцы
I быў так не зусім п'яны.
Яго слухалі цікава,
Праўды шмат ад яго чулі.
Кожны бачыў, як крывава
Можа доля справіць гулі.
Зь дзесяць год таму па дровы
Ехаў неяк я зімою,
Мала грэў і кажух новы,
Трос, як лістам, сівер мною.
Еду… Дзе крыж ля дарогі,
Штось відаць, як хто лёг спаці,
Глянуў.. Мёртвы Кукса ўбогі…
Так жыцьцё ён скончыў, браце.