Унізе было напісана:

«Ад групы настаўнікаў Мінскай губерні».

Скончыўшы чытаць адозву, Янка запытаў:

— Што? Бачыў, кум, сонца?

Лабановіч паківаў галавою, і трудна было зразумець, ці рад ён быў, ці не рад.

— Не ведаю, браце, якое гэта сонца.

— А як усё ж такі расцэньваеш ты гэты дакумент?

— Дадатна,— крыху падумаўшы, адказаў Лабановіч.— Справа, браце, у тым, што, як кажуць, не звяліся яшчэ багатыры на нашай зямлі. Нас пазвальнялі, а вось знайшліся паміж нашаю братвою людзі, аб якіх мы нічога не ведаем і якія не мірацца з нашым звальненнем, заступаюцца за нас, пратэстуюць. I наша справа такім чынам набывае пэўны водгук. Вось у чым дадатнасць адозвы, невядома чыёю рукою напісанай. Для нас жа асабіста... Як табе сказаць, быць можа, гэты дакумент пагаршае наша становішча.

— Усё, што ні робіцца, робіцца к лепшаму,— заўважыў Янка.— Але ты кажаш праўду — нам гэта адозва можа пашкодзіць. Мне ўжо казаў цвілы паштавік: «А ці не ваша, васпане, гэта работа? Ці не вы самі напісалі адозвачку?» Так могуць паставіцца і нашы следчыя, а таму трэба ўсё гэта ўлічыць і ўнесці некаторыя дадаткі ў наш «допыт».

— У кожным разе адозву трэба занесці пад выварат: нядобра будзе, калі яна пападзе ад нас у рукі паліцыі.

Сябры зараз жа апрануліся і пашыбавалі ў лес, каб палажыць у «скарбонку» тое, «што Бог даў». Скарбонкаю называлі яны дзервяную невялікую скрынку, залітую зверху смалою, каб не гніла.

Як толькі звярнулі яны з дарогі ў лес, Лабановіч раптам спыніўся.

— Пастой,— сказаў ён ціха,— скажы, якім чынам папала да цябе адозва? Дзе ты яе ўзяў?

— Хацеў сказаць табе пра гэта і сказаў бы, ды ўсё не было зручнага моманту. Быў я сягоння на пошце. Гэты самы паштар Уласік адвёў убок і перадаў мне яе. Пытаюся, дзе ўзяў? Ён толькі падняў палец угору і прашаптаў: «Маўчы!» А потым пачаў пасмейвацца, ці не самі мы пісалі зварот да настаўнікаў.

— Гм!.. Цікава!— прамовіў Лабановіч.— А ці не думаеш ты, што гэты паштавік — паліцэйскі агент? Можа, знарок далі яму адозву з тым, каб ён падсунуў нам?

— А навошта ім так рабіць? Які сэнс у гэтым?

— А сэнс можа быць такі. Калі паліцыя дазнаецца, што ён перадаў адозву табе і нам яна стала вядома, дык зробіць вобыск, каб мець супраць нас уліку.

— Чорт іх ведае,— сумеўся Янка,— усё можа быць. А мо проста гэты паштавік — праўнук гогалеўскага паштмайстра, які любіў свежыя весткі,— з адценнем жарту сказаў Янка.

— Адным словам, дружа, так ці сяк, але вуха будзем трымаць чуйна, а вочы зорка. А калі павядзецца з боку следства гутарка аб звароце да настаўнікаў, дык гавары: адозву бачыў і чытаў. А спытаюць, дзе ўзяў, кажы: на пошце чыноўнік даў.

— Чыноўніка, браце, замешваць сюды не трэба: можа, ён хлопец шчыры і толькі прыкідваецца дурачком? — заўважыў Янка.

— Ты праўду кажаш,— згадзіўся Лабановіч,— лепш сказаць тады, што адозву прыслалі па пошце ў канверце, як пісьмо. А да чыноўніка будзем прыглядацца і ў гутарцы з ім лішняга слова не гаварыць. Калі ж ён — паліцэйскі агент і правакатар, тады можна сказаць, што адозву даў ён.

У лесе было ўжо зусім цёмна, калі прыяцелі прыйшлі пад выварат. Лабановіч добра ведаў патайны куточак, дзе была схована скрынка. Янка стаяў тут жа, хацеў выказаць нейкую думку, але ўстрымаўся. Сілуэт Лабановіча ледзь-ледзь вырысоўваўся з цемры. Некалькі хвілін увіхаўся ён каля патайнога закавулачка пад вываратам, пакуль не намацаў скрынку. Ён злёгку падцягнуў яе, каб зручней было адчыніць вечка. Нарэшце адозва была схована ў «скарбонцы». Лабановіч наўгад, бо нічога не было відаць, прыгладзіў пясок, вылез з-пад выварату і сказаў:

— Гатова!

— Ведаеш, Андрэй,— парушыў лясную глухмень Янка.— Крыху нават рамантычна.— Потым ён змяніў тон і прамовіў:— А што было б, каб у гэтую хвіліну наскочыла паліцыя і гаркнула: «Рукі ўгору! Дык вось дзе вы, галубчыкі!» I асвяцілі б нас ліхтарыкамі!

— Так бывае ў прыгодніцкіх раманах, а жыццё стварае такія сітуацыі, што і прыдумаць нельга,— адказаў Лабановіч.

— А ўсё ж такі, Андрэй, цікавы твой куток, далібог!

Не спяшаючыся, асцярожна прабіраліся сябры густым лесам на дарогу.

— Заўтра завідна прыйду сюды наводзіць парадак пад вываратам, каб надаць яму першапачатковы выгляд,— сказаў Лабановіч і дадаў:— Усё ж такі, Янка, цікава жыць на свеце!

— На гэты выпадак я прыдумаю афарызм,— азваўся Янка.

Ранічкаю назаўтра ён падаўся ў Стаўбуны і, паціскаючы на развітанні руку сябра, выказаў афарызм:

— Смерць — пачатак новага жыцця.



ІX


Праз некаторы час, напярэдадні двух святочных дзён, зноў прыйшоў Янка Тукала. Хоць Лабановіч успрымаў «афарызмы» свайго сябра як больш-менш трапныя жарты, але над апошнім: «Смерць — пачатак новага жыцця»,— ён мімаволі задумаўся. Што меў на ўвазе Янка, выказваючы такую мысль? Чым яна выклікана? I прыйшоў да заключэння, што пад смерцю, напэўна, разумеўся выварат, як рэштка паваленай ветрам яліны, дзе яны хавалі забароненую літаратуру, сама ж гэта літаратура засявала пачаткі новага сацыяльнага ладу.

Ці верна разгадан «афарызм», Лабановіч так і не запытаў Янку, бо ён прынёс болей важную навіну. Якраз на адзін святочны дзень у Мінску назначаўся канспірацыйны сход прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных падпольных арганізацый. Запрашаліся і зволеныя настаўнікі. За два дні свят можна было лёгка з’ездзіць і вярнуцца назад. Сябры параіліся, варта ці не варта ехаць, хоць паслухаць, што будуць гаварыць людзі з падполля, дужа хацелася. Непакоіла тая акалічнасць, што яны пад наглядам паліцыі і сваёю паездкаю могуць «засыпаць» сход. Але іх браўся завесці адзін падпольшчык, які меў практыку ў справах канспірацыі. Была ў яго партыйная мянушка «Шэра-Сенька». Сябры вырашылі ехаць. Янка для храбрасці і большай смеласці сказаў:

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі — не аглядайся, як добра казаў Нічыпар Янкавец.

З некаторым хваляваннем сябры селі ў вагон поезда, што раніцою адыходзіў на Мінск. Шэра-Сенька даў ім інструкцыі, як трымацца сярод незнаёмай публікі ў поездзе, каб нічым не зварачаць на сябе ўвагі: паводзіцца проста, натуральна, не напускаць на сябе сур’ёзнай заклапочанасці і не пачынаць гутаркі з рознымі пранырамі, аматарамі пагаманіць.

Апаўдні нашы вандроўнікі прыехалі ў Мінск. Шэра-Сенька даў адрас таго дома, дзе павінен быў праходзіць сход. Ён параіў дабірацца паасобку, наўперад конкаю, а далей ісці пехатою. Дом знаходзіўся на Камароўцы. Тады гэта быў ужо край горада, яго ваколіца, дзе стаяў высокі бор, а з-за хвой выглядалі сям-там ладныя простыя домікі, пабудаваныя на гарадскі лад. Гаспадары здавалі іх пад дачы. У адным з такіх домікаў і мелася адбыцца патайная нарада. Шэра-Сенька даў і пароль, каб увайсці ў канспірацыйны дом: «Паклон ад Шэра-Сенькі».

Першым сеў на конку Янка Тукала. Андрэй пачакаў другой. Сябры дамовіліся спаткацца каля дома, каб увайсці туды разам. Яшчэ здалёк заўважыў Лабановіч сябра. Янка бестурботна шпацыраваў па вуліцы, адышоўшыся на значную адлегласць ад запаветнага доміка, які ён нагледзеў загадзя. Хоць сябры трохі пабойваліся і падазрона кідалі потайкам позіркі на людзей у кацялках, але Лабановіч не мог утрымацца, каб не пажартаваць.

— Паклон ад Шэра-Сенькі,— сказаў ён ціха сябру.

— Глядзі, каб не было паклону ад «кацялка»,— яшчэ цішэй заўважыў Янка, намякаючы, што тагачасныя шпікі царскіх ахранак звычайна хадзілі ў кацялках.

Сябры трохі патупалі, а потым, украдкам азірнуўшыся, шмыгнулі ў двор. Сустрэў іх сам Шэра-Сенька.

— Трэба перадаваць паклон ці не? — сказаў жартам Янка, каб надаць сабе крыху смеласці.

— Можна і без паклону,— усміхнуўся Шэра-Сенька.

На вешалцы ў пярэдняй вісела чыёсьці ладнае паліто з добрай матэрыі, жаночы капялюшык, два «буржуйскія» капелюшы і некалькі кепак. Госці таксама пазнімалі свае мізэрныя паліто і шапкі. Шэра-Сенька павёў сяброў у пакой, наўперад пастукаўшы ў дзверы. Дзверы зараз жа злёгку прыадчыніліся. У росчыну дзвярэй паказаўся даўгаваты тонкі нос і чорныя вочы. Убачыўшы Шэра-Сеньку, даўгаваты нос расчыніў дзверы шырэй.

— А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа, чорных брывей і вачэй.

За сталом у пакоі, на самым відным месцы, сядзеў стары чалавек, гадоў пад семдзесят, з пышнаю сіваю барадою. Ён найболей кінуўся ў вочы ўвайшоўшым сябрам. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Пра гэта ведаў сам барадаты стары і дужа ганарыўся такім падабенствам. Гэта быў вядомы ў той час нарадаволец. Уся сям’я яго належала да розных рэвалюцыйных плыняў. Стары нарадаволец арганізаваў нелегальны гурток сялян з бліжэйшых навакольных вёсак. Апроч самога нарадавольца, у пакоі былі яго сын, хваравіты на выгляд чалавек, маўклівы, нібы нечым незадаволены, і дачка. Сын безуважна глядзеў кудысь у неакрэсленыя прасторы, а дачка з цікавасцю пазірала на новых людзей. Яна была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Быў тут яшчэ незнаёмы, даволі малады чалавек, з зыркімі цёмнымі вачамі і рухавым тварам. У часе гутаркі, а гаварыць ён любіў і гаварыў громка і ўпэўнена, весела пасмейваўся, а калі ён смяяўся, то смяяўся ўвесь яго твар, вочы і губы, прычым верхняя губа падымалася ўгору і расчыняла дзясны з буйнымі крэпкімі зубамі. Прозвішча яго было Кандаковіч. Калі нарадаволец ганарыўся падабенствам да Льва Талстога, то Кандаковіч славіўся асабістым знаёмствам з Караленкам.

Тон гутарцы, як відаць, задаваў стары нарадаволец. Было такое ўражанне, што размова нейкая тут вялася і спынілася толькі з прыходам новых у гэтай кампаніі настаўнікаў. Шэра-Сенька пазнаёміў іх з нарадавольцам і з іншымі асобамі, што былі ў пакоі. Стары падняў вочы з-пад навіслых сівых брывей, агледзеў настаўнікаў беглым поглядам.

— Прашу садзіцца,— прамовіў ён і паказаў на канапу.

— Так, настаўніцтва — сіла,— заўважыў Кандаковіч.— Нямецкія настаўнікі наладзілі французам Седан — яны перамаглі Францыю.

Заўвага была зусім недарэчы, і думкі Кандаковіча ніхто не падтрымаў. Нарадаволец памяшаў лыжачкаю ў шклянцы чаю, палыкнуў глыток, цмокнуў разы два губамі, лізнуў языком куточкі губ.

— Гэта верна,— азваўся ён.— Усякая разрозненая сіла, сабраная ў адно, звязаная крэпкім абручом і накіраваная ў адзін пункт, робіць цуды. Гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.

Для Кандаковіча словы нарадавольца былі тою саломінкаю, якая зараз жа пераходзіць у цэлы мост да вялікай гаворкі. Ён лічыў сябе высокаінтэлігентным чалавекам і выдатным прамоўцам. Кандаковіч часамі казаў, што калі выступае з прамоваю, то гаворыць узрушана і горача, і яго сяды-тады трэба стрымліваць.

— Святая праўда! — падхапіў ён словы нарадавольца.— I бяда толькі ў тым, што не так лёгка згуртаваць разрозненыя, як вы слушна кажаце, сілы. Вось, да прыкладу, нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Адзін разумее справы грамадскага жыцця так, другі іначай. Адгэтуль і розных плыняў у нас многа. Больш таго: вось, скажам, я належу да Беларускай сацыялістычнай грамады. У нашай арганізацыі свая спецыфіка: сюды далучаецца нацыянальны момант. Але і мы, грамадаўцы, не ва ўсіх поглядах сходзімся. Ды гэта, можа, і не бяда: чым болей у букеце кветак розных адценняў, тым багацейшы букет.

— Ну, а калі ў букеце будуць адны толькі чырвоныя ружы, то, як па-вашаму, такі букет будзе бедны? — падала прамоўцу рэпліку дачка нарадавольца.

Кандаковіч весела засмяяўся ўсім сваім тварам, паказаўшы буйныя жаўтаватыя зубы.

— Пытанне, Вера Анатольеўна, і дамскае і ў той жа час філасофскае,— адказаў ён.

Кандаковіч хацеў пагаварыць шмат болей, але ў пакой увайшлі яшчэ два чалавекі. Абодва яны былі здаравякі, шырокія, грамозныя. Адзін чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. На выгляд яму можна было даць гадоў за трыццаць. Другі быў яшчэ шырэйшы ў плячах і ростам вышэйшы, з дабрадушным тварам, з вялікай святляваю галавою. Абодва яны збіраліся рэдагаваць розныя выданні. Чарнявы намячаўся калі не ў рэдактары, дык у намеснікі рэдактара першай беларускай газеты, якая мелася выходзіць у бліжэйшыя дні. Прозвішча яго было Уласюк. Ні да якой партыі ён не належаў, называў сябе незалежным хутаранінам, хоць цалкам падзяляў праграму Беларускай сацыялістычнай грамады. Другі, таксама будучы рэдактар новага часопіса, але ўжо іншага кірунку, быў сацыял-дэмакрат Кастогін. У мінскай прагрэсіўнай газеце ён змясціў сваю алегарычную казку пад назваю «Пень». Людзі згуртаваліся і вывернулі з зямлі пень, які дужа замінаў ім. Пад пнём разумеўся цар. Царскія чыноўнікі дайшлі да сэнсу казкі. Газету закрылі, выдаваць новую не дазволілі, а сам Кастогін на час дзесь знік.

З прыходам рэдактараў двух новых выданняў, што, праўда, яшчэ толькі наклёўваліся, усе прымоўклі. Рэдактары павіталіся з прысутнымі, як з добрымі знаёмымі, а на былых настаўнікаў зірнулі спачувальна, даведаўшыся, хто яны такія.

— Што ж, панове,— сказаў стары нарадаволец, зноў пажаваўшы губамі і аблізнуўшы іх кончыкам языка,— болей мы нікога не чакаем, то давайце пагутарым. Прашу бліжэй да стала!.. Хто хацеў бы ўзяць слова? — запытаў ён прысутных.

— Вы, Анатоль Іосіфавіч, як самы старэйшы сярод нас, павінны пачаць сход,— адказаў Кандаковіч. Яго падтрымалі.

— Ну, добра,— згадзіўся нарадаволец.— Аб чым жа нам гаварыць сягоння? — звярнуўся ён да прысутных. Памаўчаўшы, казаў далей:— Справа сягоння не ў тым, што мы не маем такой агульнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як гаварыў паважаны Ігар Сяргеевіч,— кіўнуў нарадаволец на Кандаковіча.— Справа, сябры мае, у тым, што полымя рэвалюцыі асядае і гасне. На жаль, верх узяў агульны вораг наш — самадзяржаўны царскі лад. Наша задача: не даць патухнуць агню рэвалюцыі.

Старому нарадавольцу папляскалі.

— Адгэтуль, сябры мае, вынікае і спосаб, метад барацьбы прагрэсіўных людзей Расіі за народ, за яго правы і інтарэсы ў новай абстаноўцы. Якія ж спосабы-шляхі можам азначыць мы? Прашу выказацца.

— Для мяне ясна адно,— узяў слова Кастогін,— нам трэба заняць адну найболей правільную пазіцыю і з гэтай пазіцыі пасылаць свой агонь у адзін пункт. Гэта — пазіцыя рабочага класа, пралетарыяту. На гэтай пазіцыі стаім мы, марксісты. А таму наша стаўка на рабочы клас як на адзіны паслядоўны і рэвалюцыйны клас у дзяржаве, здольны стаяць на чале рэвалюцыйнага руху і кіраваць ім...

— А сялянства вы скідаеце з рахунку? — узрушана перапыніў прамоўцу Шэра-Сенька.— Яно — самы шматлікі клас у Расіі. Яно папаўняе рады рабочых на фабрыках і заводах. Яно дае салдатаў у царскую армію. А покі мы не адарвём яе ад царска-паліцэйскага рэжыму, да таго часу не возьме верх рэвалюцыя. А таму ўсю ўвагу трэба накіраваць на сялянства.

Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Маўчалі толькі два сябры, і не таму, што не было чаго сказаць, а проста не асмельваліся выступаць перад такімі бойкімі прамоўцамі. Выступіў і Уласюк.

— На маю думку, сягоння ў нас можа быць адзін верны шлях. Гэта — шлях культурна-асветнай работы як сярод сялянства, так і сярод рабочых у гарадах.

— А якую мэту ставіце перад імі вы? Якую перспектыву даеце ім? — запытаў Кастогін.

— Не будзем зараз забягаць наперад. Час і абстаноўка пакажуць, што рабіць далей,— нічога лепшага адказаць не патрапіў Уласюк.

— Нашы рознагалоссі нагадваюць мне адзін расказ,— сказаў ён у заключэнне.— Вёз мужык у горад прадаваць капусту. Па дарозе быў круты ўзгорак. З узгорка воз пакаціўся ўніз і перакуліўся. Капуста выкінулася, і кожная галоўка пакацілася куды папала. На гэты час ішоў падарожны. Ён спыніўся і глыбакадумна прамовіў: «Глядзі ты яе — у кожнай галоўцы капусты, аказваецца, ёсць свой розум, адна коціцца туды, другая сюды». Ці ж не тое самае наглядаецца і ў нас? Дык вось чаму патрэбна культурна-выхаваўчая работа сярод шырокіх пластоў народа, каб усе галовы каціліся ў адзін бок.

Нельга сказаць, каб гэты расказ дужа спадабаўся прысутным.

— Сябры мае! — сказаў нарадаволец на зачыненні сходу.— Думкі ў нас розныя, а мэта адна: не даць заглухнуць рэвалюцыйнаму руху ў народзе. Усё, што можам рабіць для яго, будзем рабіць. I нашы намаганні не прападуць. Жадаю ўсім нам поспеху! Заўтра нашу нараду прадоўжым у іншым месцы.



X


Апынуўшыся па-за сценамі дачнага дома, сябры ўздыхнулі лягчэй. Спачатку яны там адчувалі сябе нібы звязанымі, пакуль не прыгледзеліся да новых і незнаёмых ім людзей і не перакінуліся з сім-тым з іх некалькімі словамі. Удзельнікі патайной нарады як людзі рабілі добрае ўражанне, а асабліва Кастогін. У ім самім і ў яго словах адчувалася ўнутраная сіла і праўда. Найболей супярэчлівым здаваўся стары нарадаволец: буйны землеўласнік, рэвалюцыянер, а чаму не аддае зямлі сялянам? У цэлым жа гаворкі прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных плыняў крыху расчароўвалі: у галовах неспакушаных у грамадскіх справах былых настаўнікаў стваралася яшчэ большая блытаніна.

Было ўжо зусім цёмна, калі сябры выйшлі на вуліцу. Слаба свяцілі ліхтары. На ўскрайку горада руху было мала. Зрэдку праходзіла парачка, занятая сваімі справамі, далёкімі ад усяго, што пачулі і аб чым думалі зараз сябры. Калі-нікалі праязджала павольна калымага, пагрукваючы коламі па няроўным бруку, пацоквалі падкаваныя конскія капыты.

— Блажен муж, иже не иде на совет нечестивых,— сказаў Янка, нібы падводзячы гэтым царкоўнаславянскім выслоўем падрахункі патайной нарады.

— А я не каюся, што пабыў там,— адказаў Лабановіч.— Праўда, нічога новага не пачуў, а ўсё ж цікава. Шмат новых думак абуджана ў галаве, ды аб гэтым, Яне, пагамонім потым.

— А як заўтра? — спытаў Янка.— Пойдзем ці не?

— Я не пайду, паеду дахаты: «школа» чакае мяне.

Мінуўшы мост цераз Свіслач, сябры развіталіся. Янка накіраваўся да знаёмага, дзе і думаў заначаваць. Лабановіч хацеў сесці на конку і паехаць да таварыша па семінарыі, з якім яны сябравалі і пісалі адзін аднаму. Выглядаючы конку, Лабановіч не заўважыў, як да яго непрыметна падышоў высокі чалавек і палажыў на плячо руку.

Ад нечаканасці Лабановіч здрыгануўся.

— Што, перапалохаў? — спытаў высокі чалавек і жычліва засмяяўся.

Лабановіч зірнуў: перад ім стаяў чарнявы рэдактар.

— Пазнаёмімся — маё прозвішча Уласюк.

— Ды мы бадай што знаёмыя,— адказаў Лабановіч, падаючы руку.

— То было знаёмства здалёку, можна сказаць, безыменнае, а я хачу пазнаёміцца з вамі бліжэй. Што?

Уласюк меў звычай часта ўжываць слова «што» ў форме запытання, на якое можна і не адказваць.

— Мне вельмі прыемна,— пачціва адказаў Лабановіч, крыху засаромеўшыся і ў той жа час таксама трохі і насцярожыўшыся.

— Вось і добра. Тады пойдзем да мяне: я спыніўся тут непадалёку.

— Дзякую і не пярэчу... Прабачайце: як ваша імя і па бацьку?

— Мікіта Аляксандравіч,— адказаў Уласюк і дадаў:— Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце, што?

Дом, у які Уласюк прывёў Лабановіча, сапраўды быў непадалёку. Тут кватараваў нейкі адвакат-ліберал. Зараз яго дома не было, ён уступіў кватэру на пэўны час свайму добраму знаёмаму Уласюку. Аканіцы ў кватэры былі шчыльна зачынены. Уласюк запаліў агонь. Адвакацкі кабінет быў прасторны. У ім стаяла некалькі шафаў з кнігамі, галоўным чынам па адвакацкай спецыяльнасці.

— Сядайце, дзядзька Андрэй! — паказаў Уласюк на мяккае крэсла каля стала.— Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата?

— Як ні назавеш,— усё будзе добра, абы смачна,— адказаў жартам Лабановіч.

— Ды не адным чаем жыў будзе чалавек. Пашукаю чаго-колечы і да чаю — на патрэбу чалавеку. Што?

Уласюк то знікаў, то з’яўляўся, гатуючы вячэру. Кожны раз ён казаў што-небудзь, адпускаў жарты, сам смяяўся густым басам.

— Дом гэты якраз змяшчаецца на Паліцэйскай вуліцы, пад носам, можна сказаць, у паліцыі, а бліжэй да паліцыі — яно смялей і спакайней, што? — гаварыў Уласюк і бестурботна смяяўся.

Нарэшце вячэра была прыгатавана. Гаспадар паставіў на стол чайнік, а каб чай лепей настояўся, накрыў чайнік старым адвакацкім капелюшом. Потым дастаў з шафы талерку з падсохлымі лустачкамі хлеба, выцягнуў кавалак каўбасы, як відаць, немалой даўнасці, парэзаў яе на тонкія скрылікі.

— Усякая ежа куды смачнейшая, калі з густам пададзена, што? — казаў Уласюк, не дужа спяшаючыся з вячэрай. Ужо ў самым канцы паставіў кручок гарэлкі, разліў яе пароўну ў чаркі.

— Вячэра небагатая, затое дэмакратычная, што? Дык вып’ем і за наша знаёмства, і за новую беларускую газету! — урачыста сказаў Уласюк, паднімаючы ўгору чарку.

Выпілі. Узялі па кавалачку хлеба і па скрыліку каўбасы.

— Як глядзіце вы, дзядзька Андрэй, на выхад у свет першай беларускай газеты? — запытаў Уласюк.

— Для мяне гэта такая радасць, такое шчасце, што я баюся нават верыць у тое, што газета такая можа выйсці,— усхвалявана азваўся Лабановіч.

— Выйдзе, выйдзе,— упэўнена сказаў Уласюк,— ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш.

— Рад, вельмі рад і ад усяго сэрца вітаю нараджэнне новага выдання, першай газеты, якая будзе выходзіць на беларускай мове. Я не раз думаў, што для беларускага народа даўно патрэбен такі часопіс, які моваю народа, матчынаю моваю, зварачаўся б да яго са словам праўды. Але якое слова праўды скажаце вы яму, калі за праўду ў астрогі саджаюць? — запытаў Лабановіч, і ў тоне яго запытання чуліся страх і трывога за лёс роднага слова.

Уласюк пагладзіў свае пышныя чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі.

— Нічога, дзядзька Андрэй, не клапацецеся і не бойцеся: мы, беларусы, хітрыя — чорта абдурым. Кожны артыкул, прызначаны для друку, мы будзем узгадняць з юрыстамі: можна яго змяшчаць ці няможна, каб захаваць газету. Будзем пісаць так, каб камар носа не падсунуў. Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі.

— Я з мілаю душою гатовы працаваць, як толькі здолею, на карысць агульнай грамадскай справы,— адказаў Лабановіч. Яму было дужа прыемна, што яго запрашаюць на такую важную працу. Толькі брала сумненне, ці няма тут якой-небудзь памылкі, непаразумення. I ён запытаў:— Але чым я заслужыў, што вы запрашаеце мяне на работу ў газеце? I чаму вы іменна шукаеце мяне — вы так гаварылі?

Уласюк закурыў папяросу, пакасіўся на цёмны куток пакоя.

— Сёе-тое мы чулі і ведаем пра вас,— сказаў Уласюк.— Мы ведаем і некаторыя вашы творы. Яны не надрукаваны, а ходзяць у народзе, нібы зложаныя народам. Вось хоць бы гэта:


Давялося раз Гаўрыле

З вёскі ў горад завітаць.

Чхаў пяхотай вёрсты, мілі,

Каб той праўды пашукаць.

[[[[[]]]]]

Вы гэта пісалі, што?

— Калі б такое пытанне я пачуў ад следчага, дык сказаў бы, што не я,— пасміхнуўся Лабановіч.— Праўда, нешта падобнае калісь складаў я. Ад вас жа я пачуў новы варыянт.

— Такі ўжо лёс гуртовай, народнай творчасці,— заўважыў Уласюк.— Важна, што народ прымае аснову, а рабіць змены ў тэксце — яго права. Ніякі юрыст пад гэта не падкапаецца, што?

— Супраць гэтага і я нічога не маю,— сказаў узрадаваны Лабановіч. А потым шчыра і прастадушна прызнаўся:

— Ведаеце, Мікіта Аляксандравіч, я прабаваў пісаць і па-руску і па-беларуску — ёсць такое моцнае жаданне. Ды сам я адчуваю, што па-руску пісаць мне цяжэй і напісанае выходзіць нязграбна. Апроч таго, руская мастацкая літаратура такая багатая, што пракласці сабе дарогу на гэтым шляху цяжка. I як моцна трэба напісаць, каб напісанае табою чыталі з цікавасцю пасля Пушкіна, Лермантава, Крылова, Гогаля! Пісаць мне па-беларуску шмат лягчэй і прасцей, бо сваё роднае, матчына слова мацней закранае струны сэрца. Даруйце мне такі кніжны выраз. Дарогі ж для напісанага беларускаю моваю не было. У выніку ўсяго гэтага я адчуваў горкі смутак. I сапраўды: навошта пісаць, калі напісанае табою не дойдзе да сэрца людскога?

Лабановіч гаварыў шчыра, хвалюючыся, а таму і гаворка яго была блытаная, няроўная, нібы ішоў п’яны або кульгавы чалавек.

— А зараз, дзядзька Андрэй, вы можаце выйсці на дарогу,— заўважыў Уласюк.— I я не мыляўся, калі казаў, што шукаю вас.

— Я вельмі і вельмі дзякую вам, Мікіта Аляксандравіч. Вось, як бы я ізноў на свет нарадзіўся... Скажыце, калі гэта не сакрэт, якія мыслі, ну, праграму мае на ўвазе праводзіць газета і якая назва ёй? — запытаў Лабановіч.

— Мы яшчэ не ахрысцілі яе. Мы ставім сабе задачу — служыць беларускаму народу, змагацца за яго грамадскія і нацыянальныя правы, абуджаць яго свядомасць. А рэшту я гаварыў на сходзе. Вы чулі мяне?

— Я слухаў вас уважна... Удалы прыклад прывялі вы — аб капусце.

— Што, здорава? — запытаў Уласюк і засмяяўся.

— Вельмі трапна. Толькі не ведаю, як спадабаліся капусцяныя галовы слухачам.

Уласюк ізноў засмяяўся.

— Гэта ім не пашкодзіць.

Далёка за поўнач Лабановіч і Уласюк леглі спаць.

Доўгі час не мог заснуць Лабановіч. Ён прыгадваў усе падзеі дня. Беларуская газета разганяла яго сон. У галаве складалася казка аб тым, што жывой мыслі народа не могуць знішчыць ніякія царскія рэпрэсіі.



XI


Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Нізкія, разарваныя ветрам мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы.

Кароткія, змрочныя дні наводзілі паныласць і смутак, прыгняталі добры настрой і адчуванне. Быў той час, калі людзі прасілі: «Прыходзіла б ужо зіма. Няхай бы падсушылі марозікі зямлю, каб яна не тапілася ў гразі і ў балоце».

I вось у адзін дзень бязладныя, неспакойныя хмары, нібы спалоханыя птушкі, падняліся вышэй, зрабіліся болей тугімі. Падзьмула з поўначы здаровым халадком. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. Снег ішоў усю ноч і ўвесь заўтрашні дзень. Пад вечар снег суняўся. На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі. Прыціснуў мароз. Назаўтра, як толькі разднела і праз густыя шаты высокіх ялін, убраных снегам, пачалі ледзь-ледзь прабівацца халодныя праменні сонца, Лабановіч выйшаў з хаты. Пругкае марознае паветра абняло яго сваім дыханнем. Зусім іншы малюнак вынікаў перад вачамі павесялеўшага Лабановіча. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Кашлатыя лапы ялін гнуліся пад халодным пластом снегу, а маленькія елачкі на ўскрайку лесу і пні панадзявалі пышныя белыя скругленыя шапкі-башлыкі і хаваліся пад імі. I нельга было ўтрымацца, каб не памераць сваімі нагамі глыбіню снегавога покрыва, як не адзін раз рабіў Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве. Снег даходзіў амаль да калена.

«Можна будзе і на лыжах пахадзіць»,— падумаў Лабановіч. У брата Уладзімера якраз і лыжы былі.

Праходзіў час. Усталявалася зіма з маразамі і завеямі. У жыцці нашых сяброў нічога асаблівага не здарылася, і пакуль што ніхто іх не патрывожыў і не патурбаваў. Заняткі з хлопцамі праходзілі сваёй чаргою. Лабановіч заручыўся згодаю настаўніка Стаўбуноўскай школы прыняць вучняў да экзаменаў як сваіх. Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Ён чытаў і перачытваў кожны артыкул, кожны верш і карэспандэнцыю. Усё гэта было так нова, так нязвыкла. Найбольш сардэчны водгук на з’яўленне беларускай газеты пачуў ён ад сялян свайго сяла Мікуцічы, куды знарок хадзіў пачытаць людзям напісанае іх простым, родным мужыцкім словам. I сам Лабановіч стаў гарачым і адданым прыхільнікам і прапагандыстам свайго роднага слова, на якім друкавалася газета. Але кожны нумар газеты падпадаў пад рэпрэсіі царскіх чыноўнікаў і цэнзуры. Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год заключэння ў крэпасць. Замест забароненай пачала выходзіць газета болей памяркоўная, з ліберальна-буржуазным ухілам. Аднак і гэту рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі і белымі плямамі.

Некалькі пісем напісаў Лабановіч Лідачцы. Разы два ці тры яна адказвала на пісьмы і ў адным з іх прыслала нават сваю картачку. Лабановіч з замілаваннем часта разглядаў фатаграфію. Потым Ліда перастала адказваць на пісьмы, і далейшы лёс яе для яго стаў невядомы. Адна толькі фатаграфія засталася на памяць аб мінулых днях побыту ў Верханскай школе, аб вандроўках на хутар Антаніны Міхайлаўны. Лабановіч моўчкі перажываў і гэтую сваю страту. «Жыццё, і падзеі, і людзі ў ім праходзяць, нібы тыя рачныя хвалі»,— думаў ён у самоце.

Аднойчы, калі ў Смалярню прыйшоў Янка Тукала, сябры дамовіліся схадзіць у Панямонь да сваіх знаёмых настаўнікаў. Ім даўно хацелася паказацца сярод былых калег, пабачыць, як паставяцца яны да бяздомных бадзяг і выгнаннікаў. Пайшлі пад вечар у суботу з тым, каб заначаваць у Панямоні. Ім мала абыходзіў клопат, у каго заначаваць. З гэтай прычыны Янка нават прадэкламаваў вядомы з школьных чытанак таго часу верш:


Бог и птичку в поле кормит

И кропит росой цветок...


Другія ж два радкі верша: «Бесприютного сиротку не оставит также Бог» ён перайначыў на свой лад:


Беспрытульнага «агарка»

Не пакіне Базылёк,


намякаючы гэтым на Базыля Трайчанскага, які меў уласную камяніцу.

Правілам паводзін сяброў было: не вешаць нос на квінту. Вось чаму яны заўсёды, асабліва на людзях, былі вясёлыя, жартаўлівыя, прыдатныя да розных штук і забавак. У іх былі песні, выдуманыя імі самімі. Яны прыдумалі нават адзін балетны нумар і назвалі яго танец «зялёнага асла». Сябры станавіліся спінамі адзін да аднаго і адначасова падгіналі правую або левую нагу. Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Потым яны мяняліся месцамі і адпаведна з гэтым мянялі і ногі па камандзе: «З другой!»

I песні, і жарты, і танец «зялёнага асла» мелі на мэце — высмеяць местачковы мяшчанскі быт з усімі яго цырымоніямі. Публіка, перад якою час ад часу выступалі саматужныя артысты, успрымала іх выступленні па-рознаму: адны крывіліся, другія гучна адаралі іх воплескамі. А наогул жа іх лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі.

Ужо адвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь. Мінулі будынак валаснога праўлення, фельчарскі пункт, дзе фельчарам быў той жа самы Найдус, і накіраваліся ў двухкласную школу да Тараса Іванавіча Шырокага. Ён таксама трывала сядзеў на сваёй пасадзе.

— Добры вечар вам! Ці рады вы нам? — дружна, у адзін голас прывіталі сябры гаспадара, пераступіўшы парог кватэры.

Гаспадар стаяў перад імі. На яго твары адбілася здзіўленне і тое няўлоўнае пачуццё, якое можна было назваць неспакоем, страхам і нечаканасцю бачыць перад сабою такіх гасцей. Але гэта быў адзін толькі момант. Тарас Іванавіч авалодаў сабою і прыйшоў у стан звыклага прыўзнята-бурнага настрою.

— А браточкі мае! А пакутнікі вы нашы! Заходзьце, заходзьце! Распранайцеся! Даўно ж я не бачыў вас, а як хацелася пабачыцца, пагутарыць! — шумна выказваў ён сваю радасць, моцна паціскаючы рукі гасцям.— I як рады я, што бачу вас, галубчыкі, качанчыкі мае,— сыпаў, як з мяшка, Тарас Іванавіч.

Знімаючы паліто, Лабановіч спытаў Шырокага:

— Але не баіцеся вы, Тарас Іванавіч, што прымаеце нас, адшчапенцаў, крамольнікаў, ды яшчэ з такім энтузіязмам?

У вачах Тараса Іванавіча бліснула на момант пужлівасць, няўпэўненасць, ды ён зараз жа перамог іх.

— Хто забароніць мне прымаць у сваёй хаце лепшых з лепшых настаўнікаў? Злачынцы вы, ці што? Казнакрады ці канакрады? Ды такі ж адшчапенец і крамольнік я сам і сотні тысяч гэтакіх крамольнікаў!

Каб не даць астыць пачуццю дружбацкасці і салідарнасці, ён голасна крыкнуў:

— Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў!

Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў:

— Смаж яечню!

— Дай жа прывітацца з людзьмі! — весела прамовіла Вольга Сцяпанаўна. На яе твары свяцілася сапраўдная радасць і прыязнь. Яна памятала, як Лабановіч забаўляў яе малога сына Лёню і расказваў яму такія цікавыя казкі, што хлопчык часта ўспамінаў і пытаў пра дзядзю Андрэя.

— Ну, як жа вы жывяце? — пытала яна гасцей. У яе голасе чулася шчырае спачуванне і засмучэнне.

— Ды жывём так, што дай Божа: то скокам, то бокам, то часам з квасам, парою з вадою,— адказаў Лабановіч.

Янка дадаў:

— Мы людзі бестурботныя, на ўсё добрае ахвотныя, хлопцы вясёлыя, хоць пяткі нашы голыя. Ні аб чым не тужым і цару не служым.

Тарас Іванавіч замахаў рукамі: так гаварыць небяспечна, але гучна засмяяўся.

— Раешнік, сапраўды раешнік! — пахваліў ён Янку, а той прызнаўся:

— Мы з Андрэем падзялілі ролі: ён пачынае, а я падбрэхваю яму, і ў нас выходзіць складна.

— Што вы вясёлыя і ні аб чым не тужыце, гэта вельмі добра, але ўсяго гаварыць уголас не варта,— дабрадушна заўважыла Вольга Сцяпанаўна.

— Ідзі, ідзі, жонка, каля скаварады ды каля буфета пахадзі! — паўтарыў свой загад Тарас Іванавіч.

Вольга Сцяпанаўна выйшла. Гаспадар і госці перайшлі ў кабінет.

— Ах, галубчыкі мае! — не збіваўся з тону Шырокі.— Дык вось яно як!

Нягледзячы на бурнае выказванне радасці, Тарас Іванавіч, заўважалася, быў нібы звязаны, і сапраўднай буры, уласцівай яго характару, не атрымлівалася.

— А скажыце, Тарас Іванавіч: што пра нас ваша асяроддзе гаворыць, як расцэньвае самы факт нашага няўдалага сходу? — спытаў Лабановіч.

— Якое тут асяроддзе! — абурыўся Тарас Іванавіч.— Разумныя людзі спачуваюць вам, дурні, прахвосты ганяць, а болей хітрыя і подлыя маўчаць. Ды ведаеце вы! — раптам ён перайшоў на новую пазіцыю.— Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў ён голас.— На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Сам асабіста хадзіў да станавога прыстава з даносам! А як ён даведаўся? Шмат хто з маладых настаўнікаў, удзельнікаў сходу, не лічыў патрэбным трымаць язык за зубамі... Толькі, браткі, ні шэп! Нікому ні гу-гу, што гэта я вам казаў!

Сябры пераглянуліся.

— Тарас Іванавіч, мы — магіла! — запэўніў Шырокага Лабановіч, а Янка пацвердзіў.

У кабінет прасунула галаву Вольга Сцяпанаўна.

— Прашу да стала! — прамовіла яна.

— Пойдзем!

Тарас Іванавіч узяў пад руку гасцей і павёў у сталовую. Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі.

— Да не оскудевает рука дающего! — сказаў Янка.

Выпілі па чарцы, па другой, павесялелі. Завялася гутарка аб Панямоні, аб панямонскіх людзях, аб зменах. Выявілася, што Тамара Аляксееўна выйшла замуж за Найдуса, і такім чынам на гарызонце «неба Італіі» пагасла адна зорка. Затое ж з’явіліся тры новыя. Сюды прыехаў ветэрынарны фельчар Адам Ігнатавіч, а з ім дзве дарослыя дачкі. За старэйшаю ўчашчае Базыль Трайчанскі. Ёсць і трэцяя, Аксана... Нішто дзяўчына, хоць і ўраднікава дачка. Выявілася таксама, што сягоння ў Адама Ігнатавіча дзень нараджэння і што Тарас Іванавіч з Вольгай Сцяпанаўнай запрошаны на вячэру. Тарас Іванавіч у прадчуванні «банчка» пасля наліўкі прыйшоў у экстаз.

— Пойдзем да Адама Ігнатавіча! — загарэўся ён, зварачаючыся да гасцей.— Там будуць не толькі рады вам, вас на руках насіць будуць!

У доказ гэтых слоў на парозе паявіўся Ёсель з пісьмом. Адам Ігнатавіч запрашаў яшчэ раз Тараса Іванавіча з жонкаю і гасцямі.



ХІІ


Па малалюднай вуліцы Панямоні спаважна ішлі госці — Тарас Іванавіч з Вольгаю Сцяпанаўнай і нашы прыяцелі. Прысыпаная свежым снегам вуліца была ўжо ўтоптана людскімі нагамі, палазамі саней і конскімі капытамі. Вокны ўздоўж вуліцы былі шчыльна зачынены аканіцамі.

Кампанія ішла не спяшаючыся, сяды-тады перакідаючыся кароткімі словамі або заўвагамі. Лабановіч маўчаў і думаў свае думкі. Шмат уплыло часу з тых веснавых дзён, калі ён з Садовічам заходзіў у Панямонь. Не так даўно было ад яго пісьмо з Балціморы: як ён там жыве, Садовіч не піша, відаць, не дужа салодка. Аб адным толькі паведамляе — дзесь ходзяць з Нічыпарам на нейкія курсы, каб вывучыць англійскую мову.

Мала што змянілася ў Панямоні за гэты час. Той жа шумны і яшчэ болей тоўсты Тарас Іванавіч, тыя ж вечары местачковай так званай інтэлігенцыі з карцёжнаю гульнёй, той жа Ёсель з яго ранейшымі абавязкамі. Чым жывуць тут людзі? Аб чым яны мараць?

Пазіраючы на ледзь прыметныя палоскі святла, што прабіваліся праз шчыліны аканіц, Лабановіч думаў, як цьмяна і скупа прабіваюцца на свет з зацятага мроку мыслі тутэйшых людзей. У чым жа іх радасць і шчасце? У затхлай цішыні, у нерухомым спакоі, засланым тоненькаю пялёнкай вадзяной каросты, што пакрывае стаячую ваду ціхіх затокаў. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. А вось шкурнікі, паразіты, даносчыкі, накшталт язэпаў брылёў, жывуць. Успомніліся Лабановічу такія ж пустыя вечарынкі ў Хатовічах, у Верхані. Як жа яны падобны адны да другіх! Вядомая старая песня на той жа забраснявелы лад. Праціўна ўся гэтая музыка. Тым часам кампанія падыходзіла да кватэры Адама Ігнатавіча, які жыў на другім канцы мястэчка.

З’яўленне гасцей на чале з Тарасам Іванавічам у доме Адама Ігнатавіча асаблівага ўражання не зрабіла. Некаторыя з прысутных, праўда, са здзіўленнем і нават недаўменнем акінулі поглядам былых настаўнікаў, нібы яны прыйшлі з таго свету, а потым узяліся за свае справы, як дужа занятыя: адны гулялі ў прэферанс, другія ў шэсцьдзесят шэсць, а трэція проста сядзелі і мянцілі языкамі. Сярод гуляўшых у прэферанс быў і той стары, даўгі, як жэрдка, ураднік, што схапіў пратакол са стала ў часе неспадзяванага налёту на школу ў Мікуцічах. Ён зрабіў выгляд, што не заўважыў настаўнікаў.

Гаспадар дому захапіўся гульнёю ў шэсцьдзесят шэсць і натужліва абмяркоўваў свой ход. Гэты чорнавалосы чалавек гадоў пад пяцьдзесят, інтэлігентны з выгляду, нагадваў правінцыяльнага адваката. На момант ён адарваўся ад гульні, каб выслухаць ад Тараса Іванавіча павіншаванне, павітаўся з былымі настаўнікамі, пасля чаго ізноў сеў на сваё месца. Тарас Іванавіч абразліва заўважыў, спыніўшыся каля ігракоў:

— Гуляць у шэсцьдзесят шэсць — усё роўна, што блох лавіць.

— На ўсё будзе свой час,— павучальна азваўся ўжо вядомы нам сядзелец Кузьма Скаромны.

Жанчыны — праўда, іх было не так многа — займалі пазіцыю ў другім пакоі, а некаторыя з іх памагалі гаспадыні накрываць стол, бо ўжо ўсе госці былі ў зборы.

Лабановіч акінуў вокам прысутных. Пераважная большасць з іх яму была ўжо вядома. Не было толькі Язэпа Брыля і Міколы Зязюльскага. Базыль Трайчанскі зараз жа вынырнуў з таго пакоя, дзе сядзелі жанчыны. Ён быў такі ж лагодны, як і заўсёды, прыемная ўсмешка не сходзіла з яго твару, па-ранейшаму ківаў ён галавою, ускідваў то адно вока, то другое. Розніца была толькі ў тым, што на гэты раз твар Базыля ззяў радасцю. Ён вельмі ветла паздароўкаўся з Лабановічам і з Янкам Тукалам. Аб тым, як жывуць выгнаныя са школ калегі, ён палічыў тактоўным не распытвацца.

— Ну, што ж, Базыль: камяніца ёсць, а душы гэтай камяніцы няма,— зрабіў тонкі намёк на жаніцьбу Янка.

Базыль Трайчанскі зразумеў. Ён прасвятлеў яшчэ болей і яшчэ лагодней пасміхнуўся. Яму прыемна было пачуць збоку намёк — зрабіць у сваім жыцці той важны крок, без якога жыццё чалавека не ёсць поўнае, пры гэтым перад вачамі яго паўстаў вобраз Надзеі Адамаўны, якая была тут, за дзвярамі. Але прызнавацца ў сваіх сардэчных справах Базыль не хацеў. Ён толькі ўзяў Янку пад руку, кіўнуў галавою Лабановічу і сказаў:

— Калі ласка,— пойдзем! Пазнаёмлю з дзяўчатамі, а заадно павітаецеся з жанчынамі.

Захоўваючы этыкет, Базыль падвёў сяброў наўперад да жонкі Кузьмы Скаромнага, як самай старэйшай з жанок. Гэта была з выгляду нецікавая і сярдзітая кабета. Можа, настрой ёй псавала тая акалічнасць, што ў яе было многа дачок, такіх жа белабрысых і кірпатых, як і маці, і ніводная з іх не выйшла яшчэ замуж. Паўліна Сямёнаўна звысоку зірнула на Янку і яго прыяцеля — карысці з іх для яе няма,— але падала руку. Дзячыха Памахайлічыха таксама павіталася суха, паглядзела на сяброў уважна, каб лепей разгледзець «забастоўшчыкаў». А потым, добра прыгледзеўшыся да іх, шапнула Паўліне Сямёнаўне:

— А яны нішто сабе хлопцы!

Паўліна Сямёнаўна таксама ціха адказала:

— Галадранцы, ды яшчэ, можа, астрожнікамі будуць!

— Ну, гэта яшчэ як Бог каму паспрыяе,— заўважыла пакорліва дзячыха.

Чуткае вуха Янкі Тукалы падслухала гутарку жанчын. Ён пакланіўся дзячысе і сказаў:

— Вашымі вуснамі гаворыць прамудрасць. Няхай станецца па вашаму слову!

Жанчыны крыху збянтэжыліся і не знайшлі чаго сказаць. Базыль жа накіраваўся з былымі калегамі далей. Дзяўчаты — іх было трое — сядзелі ў цесным гуртку за столікам. То адна, то другая, то трэцяя падымалі ўкрадкам свае вочкі на хлопцаў.

Базыль падышоў з Лабановічам наўперад да Надзеі Адамаўны, прычым твар яго асвятліўся лагоднаю ўсмешкаю. Янка, як ужо знаёмы, здароўкаўся з Аксанаю.

— Надзея Адамаўна, Марыя Адамаўна Смалянскія,— называў Базыль кожную сястру, прадстаўляючы ім па чарзе Лабановіча.— Будзьце знаёмы і не цурайцеся адны другіх,— сказаў у заключэнне Трайчанскі, пераходзячы на вясёлы, жартаўлівы лад, але дасціпныя жарты яму не ўдаваліся.

Аксана пазнаёміла Янку з сёстрамі Смалянскімі і сама пазнаёмілася з Лабановічам. Гэта была бялявая, высокая дзяўчына. Лабановіч азірнуў яе кароткім поглядам: яе партрэт, напісаны Янкам, зусім адпавядаў сапраўднасці.

— Сядайце, пасядзіце, калі ласка, з намі,— прамовіла Надзея Адамаўна нізкаватым, крыху нібы сіплым голасам.

З трох дзяўчат яна была самая мілавідная. Рысы твару былі даволі буйныя, вочы карыя, добрыя. Маня была не падобна да сястры: у яе шэрых вачах блукаў вясёлы, гарэзлівы агеньчык. Наогул жа ўсе тры дзяўчыны рабілі добрае ўражанне, і кожная з іх у паасобку па-свойму была прывабная. Ускідваючы зрэдку погляд на Аксану, Лабановіч прыгадваў бацьку яе, старога, даўгавязага ўрадніка, які каршуном наляцеў на пратакол. Не верылася, што яна — дачка гэтага злога кашчэя.

— Чаму вы так рэдка бываеце ў нашым мястэчку? — запытала настаўнікаў Надзя.

— Часта бываць тут нам небяспечна,— адказаў Лабановіч і прыняў міну сур’ёзнага чалавека.

— Чаму? — зацікавіліся дзяўчаты.

Аксана, як здалося яму, з некаторым неспакоем чакала адказу.

— Быць у Панямоні і не пабачыць вас, трох грацый, панямонскіх красунь, было б злачынствам з нашага боку,— пажартаваў Лабановіч.

— А пабачыць вас разы два-тры, дык лёгка можна і сэрца пакінуць у Панямоні,— падхапіў Янка Тукала.

Дзяўчаты трохі засаромеліся, а потым і засмяяліся.

— Ну, і што ж такога? — бліснула хітра шэрымі вачамі Маня.

— Вам, вядома, усё роўна: нашы пакуты не крануць вас, а як нам, бедным «агаркам»? — тужліва-напускным тонам прамовіў Янка.

— А вам адкуль вядома, як паставімся мы да вашых пакут, калі б яны здарыліся? — спытала Аксана, і на яе шчочках выступіў хваравіты румянак.

Янка сказаў:

— Выпадкам я пачуў, як адна жанчына казала тут па нашаму адрасу: «Галадранцы — ды яшчэ, можа, і астрожнікамі будуць».

Аксана апусціла вочы. Румянак яшчэ ярчэй выступіў на яе шчоках.

— Так магла сказаць дурная і злая жанчына. Плюньце на яе,— сказала Аксана.

Далейшую гутарку спыніла гаспадыня. Лабановіч заўважыў, што калі Надзея дажыве да яе гадоў, дык кропка ў кропку будзе падобна да маці.

— Прашу да стала! — запрасіла яна гасцей.

Для гаспадароў, да якіх прыходзяць госці, не малая турбота пасадзіць іх за стол. Госці звычайна таўкуцца некаторы час, не спяшаюцца, каб захаваць тактычнасць, пакуль гаспадар або гаспадыня не возьмуць пад руку госця ці госцю і не пасадзяць на болей пачэсным месцы. Тады ўжо астатнія, захоўваючы этыкет, размяшчаюцца самі.

Па суседству з гаспадаром селі Тарас Іванавіч, Найдус,— Тамара Аляксееўна не магла прыйсці,— Кузьма Скаромны, ураднік. Базыль Трайчанскі сеў у закутку з дзяўчатамі і з былымі настаўнікамі.

Тарас Іванавіч падняў тост за здароўе гаспадара.

— Панове, увага! — гучным голасам грымнуў ён, падняўшыся з месца і трымаючы высока чарку.— Наша дружная сям’я панямонскай інтэлігенцыі папоўнілася новым выдатным членам, Адамам Ігнатавічам, чалавекам высокаінтэлігентным, можна сказаць, прафесарам ад ветэрынарыі, высокагуманным, бо яшчэ ў Святым Пісанні сказана: «Блажен муж, иже скоты милует». Гэта першы чалавек, які ўзначальвае ў нас ветэрынарыю. Дык вып’ем жа да дна за Адама Ігнатавіча і пажадаем яму поспехаў, здароўя і шмат гадоў жыцця.

Дружна выпілі за гаспадара, потым пілі за гаспадыню, за гаспадарскіх «ясных зорак» — дачок. Выпілі і за Базыля Трайчанскага, за павелічэнне насельніцтва ў яго камяніцы. З кожнаю чаркаю госці ўсё болей і болей весялелі, а гутарка станавілася ўсё болей і болей шумнаю. Першапачатковая сталасць, з якою госці садзіліся за стол, парушылася. Яны шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты, падымаліся са сваіх месцаў, падыходзілі да тых, хто сядзеў далей, чокаліся, выпівалі, выказвалі самыя прыязныя прызнанні.

Першым падышоў да дзяўчат, з якімі сядзелі Базыль і нашы прыяцелі, Тарас Іванавіч. Тут было найболей ажыўлена і весела. Жарты і самы шчыры смех не змаўкалі ні на хвіліну. Асабліва разышоўся Янка Тукала і зусім закасаваў Базыля, як бы яго тут не было. Тарас Іванавіч чокнуўся.

— За нашых красунь! — сказаў ён.— Лёс не крыўдзіць нашу Панямонь і пасылае такіх краль, як Надзея і Марыя Адамаўны, як Аксана Анісімаўна. Дык няхай жыве хараство, няхай красуе маладосць! — Шырокі зрабіў агаворку:— Праўда, Базыль Антонавіч ужо выйшаў з кругу маладосці, але даць жару яшчэ можа.

Тарас Іванавіч доўга не затрымліваўся; яго болей цікавіў «банчок», які ўжо арганізоўваўся. Калі госці павылазілі з-за стала, да Лабановіча падышоў ураднік і сеў каля яго, ветла павітаўшыся.

— Вы, напэўна, думаеце пра мяне, як пра злога паліцэйскага служаку. Што зробіш? Такая наша служба, на свеце жыць трэба. I не мы самі, трэба вам сказаць, надумаліся накрыць вас у Мікуцічах: збоку нам падказалі, а наш абавязак — выпаўняць. Вы думаеце,— казаў далей стары ўраднік,— я не бачыў, як вы, седзячы на канапцы, скублі нейкі недазволены рукапіс? Ён, можа, быў горшы за ваш пратакол. А я і пальцам не паварушыў, каб вам перашкодзіць.

— Значыцца, у вас зоркае вока, а ваша сэрца не зусім адзервянела,— заўважыў Лабановіч.

Ураднік палічыў, што чалавечы доўг ім выканан, і далучыўся да карцёжніцкага гуртка. Дзяўчаты на развітанне доўга паціскалі рукі «агаркам».

— Каб усе былі такія, як вы! — з некаторым засмучэннем сказала Надзея.— Не забывайце нас.



XIII


Надыходзіў час веснавога бездарожжа. Глыбокі снег асеў і пачарнеў, а пад снегам набывала вада. У небе, нібы срэбраныя званочкі, звінелі песні жаваранкаў. Крыху спозненая, але дружная вясна забірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы.

Лабановіч даведаўся ад настаўніка Стаўбуноўскай школы, што экзамены назначаны на пятае красавіка: заставалася ўсяго тры тыдні. Гэта вестка ўсхвалявала і ў той жа час і парадавала трох вучняў Лабановіча, якія меліся здаваць экзамены за курс пачатковай школы. Тыдні два яны старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку і час разабрацца самім у тых пытаннях, якія здаваліся для іх найболей труднымі.

Непрыметна прайшоў час, і настаў дзень экзаменаў. Лабановіч загадзя даставіўся з вучнямі ў Стаўбуноўскую школу, каб яны азнаёміліся з новаю для іх абстаноўкаю і пачуваліся болей упэўнена і смела. Сам жа Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Яго настаўніцкае сэрца адчувала нейкую неакрэсленую крыўду. Затое яго вучні шчаслівымі варочаліся пад вечар дамоў. З радасці яны выпілі піва, і Тодар Бярвенскі, ідучы, спяваў песні сваім хрыпаватым, як у маладога пеўніка, голасам.

Бацькі вучняў сумленна расплаціліся з настаўнікам, а сам ён падзяліўся сваім заработкам з Уладзімерам, чыім хлебам карміўся. Некалькі дзесяткаў заробленых рублёў зараз здаваліся Лабановічу значным капіталам, з якім весялей заглядалася ў заўтрашні дзень. Але разам з гэтым надыходзіў і той трывожны неспакой, звязаны з пытаннем — а што будзе далей? Заставацца ў гэтай глухой Смалярні, дзе заработкі скончыліся, не выпадала, сядзець жа на хлебе брата, а хлеба таксама было ў абрэз, нязручна. Такім чынам, трэба было збіраць манаткі і падавацца ў іншае месца. Вось толькі б падсохнулі дарогі.

Але ў дарогу прыйшлося рушыць раней, чым прасохла зямля. У Смалярню прыйшоў нечакана Янка.

— Сам Бог пасылае цябе да мяне! — радасна сустрэў прыяцеля Лабановіч.— I як гэта адважыўся ты ў бездараж пускацца ў вандроўку?

— Для смелых людзей няма бездарожжа! — горда зазначыў Янка.— Але чаго гэта Богу раптам спатрэбілася пасылаць мяне да цябе?

— Стаю, брат, я на ростанях. Адзін мой этап скончыўся. Трэба кудысь падавацца, а куды, не ведаю. Вось чаму я і рады параіцца з табою,— прызнаўся Лабановіч.

— А што тут доўга думаць, куды падавацца! Падаўся, і ўсё. Для таго я і прыйшоў да цябе, каб рушыць у дарогу,— у словах Янкі чулася нешта сур’ёзнае.

— Аб якой дарозе гаворыш, Янка?

Замест адказу Янка дастаў з кішэні пісьмо. Пісаў Уладзік Сальвэсяў. У пісьме, прысланым праз аднаго надзейнага чалавека, гаварылася аб засульскай настаўніцы Фідрус. Яна напісала інспектару народных вучылішчаў, што яе запрашалі ў Мікуцічы на настаўніцкі сход. Уладзік настойліва прасіў перагаварыць з гэтай настаўніцай, і як найхутчэй, каб яна адмовілася ад сваіх слоў, а не — дык і прыстрашыць. I гэты абавязак ускладаўся на Янку і Андрэя.

— Дык што скажаш? — спытаў Янка.

— Якому ж дурню прыйшло ў галаву запрашаць на сход гэтую дурную саву? — абурыўся Лабановіч.— Ужо адно яе прозвішча чаго варта!

Янка вінавата спусціў вочы.

— У гэтай справе ёсць і майго кусок дурня,— прызнаўся ён.

Лабановіч крыху памякчэў.

— А ты ведаеш яе?

— Сустракаўся аднойчы. Яна здалася мне прагрэсіўнаю жанчынаю.

— Маладая ці старая?

— Стараватая,— нясмела адказаў Янка.

— Ды проста кажы: грыб стары. I, пэўна, з духоўнага звання?

— А чорт яе ведае! Савою ж ты назваў яе правільна.

— Ну, дык ідзі і цалуйся з ёю.

— Не, брат,— справа грамадская, пойдзем разам.

Лабановіч яшчэ крыху пазлаваўся, а нарэшце адпусціўся і сказаў:

— Калі ісці, дык з музыкаю!

— Вось гэта голас! — падхапіў павесялеўшы Янка.— Пад музыку, пад барабан і салдатам весялей хадзіць. А з якою музыкаю мы пойдзем?

— Наша музыка безгалосая, а чуваць будзе далёка.

— Дык і ты пачаў гаварыць афарызмамі? — крыху здзівіўся Янка.— Што ж гэта за музыка такая?

— Музыка наша зачнецца ад выварата,— сказаў Лабановіч.

— Во! Цяпер я разумею, пра якую музыку гаворыш ты. Пара, пара, браце, музыкантам нашым па свеце пахадзіць ды пайграць добрым людзям.

Сябры дамовіліся захапіць з сабою лісткі і брашуркі, што ляжалі пад вываратам, і раскідаць сям-там, каб людзі чыталі іх. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць.

Запаветны выварат верна і сумленна выпаўніў свой абавязак ахоўніка літаратуры: ні адна кропля вады не прасачылася ў засмоленую скрынку, усё было цэла. Тое, што ўжо страціла цікавасць ці застарэла або проста не адпавядала палітычным поглядам двух сяброў, было тут жа спалена, а болей важнае — узята ў дарогу. Рэшту зноў схавалі пад выварат.

Узяўшы на ўсякі выпадак маленькіх цвічкоў і малаток, сябры рушылі ў дарогу. У полі па нізінах і па ўскрайку лясоў яшчэ бялеў снег. З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна.

— Як добра ў полі на прыволлі, калі з зямлі сходзіць снег! — захапляўся Лабановіч веснавым прасторам зямлі.

— Вось бачыш, а ты не хацеў ісці,— азваўся Янка.

Вярсты праз тры вандроўнікі выйшлі на другую дарогу. На ростанях стаяў высокі крыж, агароджаны дзервянымі штакецінамі, пападгніваўшымі і пахіленымі. Да крыжа была прыбіта фігурка Хрыста, зробленая з дрэва невядомым разьбяром. Галава фігуркі была гаротна схілена ўніз, яе аздабляў вянок, таксама выразаны з дрэва. Выцвіўшы, пашарпаны вятрамі і нягодамі хвартушок закрываў ніжнюю частку фігуркі Хрыста.

— Спынімся тут,— сказаў Лабановіч і азірнуў наваколле.

Нікога нідзе не было відаць.

— Ведаю, што хочаш ты рабіць,— дагадаўся Янка.

— А што?

— Прыбіць да крыжа пракламацыю!

— Угадаў, брат Янка.

— Гэта будзе нова і арыгінальна,— захапіўся Янка.— I ведаеш што! Надрукуем угары на пракламацыі чырвоным алоўкам некалькі слоў.

— Якіх? — запытаў Лабановіч.

— А вось такіх: «I кажа вам Хрыстос — чытайце і рабіце так, як напісана тут».

— А гэта, бадай, будзе някепска,— згадзіўся Лабановіч.

Яны дасталі пракламацыю, зварот да сялян. У ёй гаварылася, каб сяляне не слухалі папоў, ксяндзоў і царскіх чыноўнікаў, бо ўсе яны хлусяць, ашукваюць простых людзей. А таму не трэба плаціць падаткаў для ўтрымання дармаедаў, не даваць сваіх сыноў у салдаты, наладжваць забастоўкі, патрабаваць ад землеўласнікаў справядлівай аплаты працы работнікаў і работніц. Не патрэбен цар, улада павінна належаць народу.

Янка сеў на камень, узяў газету, на яе палажыў пракламацыю і стаў выводзіць друкаванымі літарамі прадмову ад імя Хрыста. Калі ўсё было выдрукавана, Лабановіч пачаў прыбіваць пракламацыю да крыжа пад фігуркаю.

— Ты, брат, глядзі, каб не насунуўся хто, бо мы робім падвойнае злачынства: разносім пракламацыі і чынім блюзнерства,— казаў Лабановіч, прымацоўваючы даўгаваты лісток.

— Дарма,— адказаў смеючыся Янка.— У гэта злачынства замешан і Сын Божы.

— А ўсё-такі давай, браце, замяцём свае сляды і звернем з гэтай дарогі і пойдзем унь тою сляпою сцежкаю, абагнём вёсачку і выйдзем на свой шлях з другога боку.

— Тваімі вуснамі мудрасць гаворыць,— згадзіўся Янка.

Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Не заходзячы ў вёсачку, яны далі яшчэ адзін круг, а затым накіраваліся далей.

Сябры выйшлі ізноў на засульскую дарогу. Зрэдку пападаліся падарожныя людзі. З адным сустрэчным селянінам вандроўнікі нашы жычліва прывіталіся.

— Спыніцеся, дзядзька, на хвілінку,— звярнуўся да яго Лабановіч.

Селянін спыніўся. Гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, у суконным добрым пільчаку хатняга вырабу, у ботах. Відаць, не бедны гаспадар. Ён спакойна і ўважліва зірнуў на сяброў.

— Скажыце, калі ласка, ці далёка да Ячонкі? — спытаў яго Лабановіч.

— Ячонка засталася ўлева, ззаду,— адказаў крыху здзіўлены селянін і яшчэ больш уважліва паглядзеў на вандроўнікаў.

— А, як жа гэта мы далі зевака,— пачухаў патыліцу Янка.

— А вы ідзіце вунь тою сцежкаю,— паказаў селянін на малапрыметную дарожку ў полі.— Пройдзеце з паўвярсты і выйдзеце на бітую дарогу і тады павернеце ўлева — там ужо недалёка Ячонка.

— Дзякуем за добрую параду,— сказаў Лабановіч.— Вазьміце ад нас вось гэтую кніжачку і пару лістовак. Прачытайце самі і другім дайце пачытаць. Ды чытайце іх уважна, як святую малітву.

Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Ён пайшоў сваёю дарогаю, раз-пораз аглядаючыся назад. Сябры звярнулі на сцежку, хоць у гэтым патрэбы не было.

— Ведаеш, Андрэй, ці не ўліплі мы з гэтым дзядзькам: нешта ён не дужа прыязна пазіраў на нас,— заўважыў Янка.

— І мне ён здаецца небяспечным,— азваўся Лабановіч.

Як толькі дзядзька знік з вачэй, сябры павярнулі з глухой дарожкі, прайшлі зараснікамі, беручы кірунак на сухі ялоўцавы груд. У лагчыне дарогу перагароджвала неглыбокая, але даволі быстрая рачулка, на дне якой ляжаў лёд. Сябры спыніліся. Варочацца назад небяспечна.

— Наперад, Янка!

Сябры разуліся, знялі нагавіцы і патупалі па слізкім лёдзе на другі бок. Вада апякала ногі, па лёдзе ісці было цяжка, але яны шчасліва перабрылі рэчку, выскачылі на бераг. Адзеліся, абуліся. Потым зашыліся ў яловец, выбраўшы такую пазіцыю, з якой можна было аглядаць усё наваколле.

— Давай крыху перачакаем,— параіў Лабановіч.

— Музыка безгалосая, а пачуецца далёка,— з некаторым непакоем і з насмешкаю з саміх сябе сказаў Янка.

Ісці зараз да Мальвіны Фідрус не выпадала. Сябры абмяркоўвалі новы план. I раптам бачаць — дарогаю імчыцца нехта верхам на кані! Падскакаў да сцежкі, якую паказваў сябрам селянін, і павярнуў на яе.

— Ураднік, стаўбуноўскі ўраднік! — ціха вымавіў Янка.

— Няхай ловіць ветра ў полі. Разумна зрабілі, Янка, што пераправіліся за рэчку.

Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды.

Сустрэцца і пагаварыць з настаўніцай Фідрус Янку і Андрэю давялося ўжо другім разам.



XIV


Ёсць свой дадатны бок у пэўнай абмежаванасці твайго дабра і багацця, калі ты можаш спакаваць яго ў скрынку або ў чамадан, закінуць за плечы і ісці, узяўшы кій у рукі, куды табе трэба. Такое становішча было зараз і ў Лабановіча.

Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў ён сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. На ўскрайку лесу Лабановіч прыпыніўся і акінуў вокам Смалярню, двор і хату, невялічкі садок, дзе ўжо збіралася зацвітаць маладая дзікая груша. «Можа, не давядзецца болей пабачыць мне гэты часовы прыпынак»,— падумаў ён.

Мінуўшы глухія Цёмныя Ляды, Лабановіч павярнуў улева, трымаючы кірунак на Мікуцічы. Малапрыметнымі ляснымі дарожкамі і сцежкамі абышоў засценак, дзе было лясніцтва і дзе амаль усе людзі ведалі яго, выгнанніка. Дарога ішла праз лес, чысты, высокі, стромкі бор. Бор гэты меў назву — Сустрэнаўка. «Чаму яго назвалі так? Відаць, тут адбылася нейкая сустрэча»,— разважаў Андрэй, падаючыся далей у бок Мікуціч. I раптам заўважыў — уперадзе, крыху ў бок ад дарогі, стаіць вялізны стары лось, гарбаносы, з цёмнаю шэрсцю на спіне, са здаравеннымі лапчастымі рагамі. Знянацку Лабановіч спыніўся, углядаючыся ў лася. Лось таксама стаяў і пазіраў на яго.

«Дай жа напалохаю!» — сказаў сам сабе Лабановіч і рынуўся на лася. Калі паміж імі заставалася крокаў сорак, лось стаў у баявую позу, адкаціўшы цёмны хіб, і не крануўся з месца. Лабановіч спалохаўся і ад наступлення перайшоў у адступленне. Схаваўшыся за тоўстай хвояй, ён стаў ляскаць па ёй палкаю. Лось трохі занепакоіўся, але не траціў свайго гонару. Ён паставіў на месца грозны хіб, прыняў звычайны выгляд і не спяшаючыся падаўся ў глыб лесу.

«Вось табе і Сустрэнаўка»,— сказаў сам сабе Лабановіч, не на жарты напалоханы. Ён пайшоў далей, паглядаючы направа і налева. Але лася нідзе не было відаць. Лес скончыўся, і перад вачамі вандроўніка вынікла пясчанае, узгоркаватае поле мікуціцкіх сялян.

Маці і дзядзька Марцін больш са смуткам, чым з радасцю, сустрэлі бяздомнага і безработнага вандроўніка. Але яго добры гумор і настрой трохі развесялілі іх абоіх. Дзядзька Марцін заўважыў нават, бестурботна махнуўшы рукою:

— Не ўдалося цяпер, то, можа, удасца ў чацвер. Толькі не загналі б куды за свет.

Ні маці, ні дзядзька не папікнулі Андрэя за прыкрае здарэнне на сходзе настаўнікаў. А Якуб шчыра быў рады прыходу брата. Калі ж ён даведаўся, што Андрэй збіраецца жыць тут усё лета, дык Якубава радасць яшчэ павялічылася. За апошні час ён значна падрос і быў праваю рукою дзядзькі Марціна.

— Без Якуба я проста як без рук,— сказаў дзядзька.— Ён і ў гумне памагае мне, і ў полі, і ў лесе. То пойдзе ўкрадкам высеча ялінку на грабільна або на кассё, то заскочыць у дубняк і калі выбера біч, дык толькі падымай цэп: біч сам будзе малаціць.

Ведаў дзядзька Марцін, чым і як дагадзіць пляменніку. А Якуб слухаў і ўвесь расцвітаў ад задавалення. Каб не выявіць свайго ўзрушэння, шчаслівы Якуб сказаў, зварачаючыся да брата:

— Я пакажу табе, Андрэй, адно месцейка на Нёмане ў Бервянцы — вось там рыбы дык рыбы! Часамі як плюхне, ці то сом, ці шчупак, дык аж булбаткі ўстаюць на вадзе. А язёў там, а голаватняў! Так і ходзяць чародамі.

— А ты ж часамі не прабаваў падчапіць на вуду язя? — пацікавіўся Андрэй.

— Цяжка ўзяць яго там,— безнадзейна прызнаўся Якуб.— Карчаўё, карэнне. Не адзін кручок мой застаўся там.

— А можа, мы з табою ўдвух ці не далі б рады? — спытаў Андрэй.

Якуб запэўніў, што і ўдвух нічога не зробяць. Дзядзька Марцін слухаў і пасміхаўся ў вус.

— Ужо калі Якуб сказаў, значыць, так яно і ёсць,— падтрымаў малога пляменніка дзядзька Марцін. Яны былі вялікімі дружбакамі.

— Вось калі пацяплее, дык яны сеткамі, таптухамі наловяць з пуд рыбы,— заўважыла маці і пайшла да печы: пэўна ж, Андрэю з дарогі захацелася падсілкавацца.

Дзядзька Марцін, Андрэй і Якуб выйшлі на двор агледзець гаспадарку.

Чымсьці блізкім, родным патыхнула на Лабановіча, калі ён аглядаў двор, будынкі і ўбогі скарб нескладанай сялянскай гаспадаркі, дзе кожная рэч нагадвала далёкае, бестурботнае дзяцінства. І ў той жа час яшчэ з большай сілай абуджаўся ў душы пратэст супраць несправядлівага ладу жыцця, дзе беднаму чалавеку адведзен такі цесны куток. Адно толькі цешыла сэрца: народ не хоча змірыцца з такім ладам. І ў гэтым — зарука перамогі.

Андрэй ніколі не цураўся сялянскай работы і ў кожны зручны час ахвотна памагаў дзядзьку Марціну. Калі ён быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. А цяпер ён у гэткім становішчы, што такой дапамогі аказаць не можа, хоць яна вельмі патрэбна. Прамільгнула невядома адкуль вынікшая думка аб тым, колькі новых месцаў прыходзіцца змяніць чалавеку на сваім жыцці. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. І якія мясціны чакаюць яго наперадзе! Але зараз не было як затрымацца на гэтых разважаннях: рухавы, гаваркі Якуб звінеў, як званок, і ўсё стараўся як мага болей паказаць і расказаць брату аб розных рэчах і праявах. У гумне ён падвёў Андрэя да шырокага дубовага шула. На ёмкім гвазду гэтага шула паважна адпачывалі цапы. Якубу хацелася паказаць цэп з тым хвацкім бічом, пра які расказваў дзядзька Марцін: біч, высечаны ў дубняку самім Якубам!

— Сапраўды, біч хвацкі,— азваўся Андрэй, зняўшы з гвазда цэп і разоў пару падняўшы яго ўгору.

З хаты выйшла маці, руплівая, працавітая, заўсёды заклапочаная жанчына. Яна паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі.

Маці палажыла на стол дзервяны кружок і паставіла на яго скавараду з яечняй, засмажанай на тлустых скварках.

— Ведаеш, мама,— звярнуўся да яе Андрэй,— і дым з кадзіла, што пускае поп у царкве, не пахне так прыемна, як гэта скаварада са скваркамі.

— Не трэба, сынок, гаварыць лішняга,— з журботнаю ўсмешкаю заўважыла маці.

Пасмакаваўшы яечні, Андрэй ізноў азваўся:

— Такой яечні не толькі губернатар, але і наш дурань цар, Міколка Другі, не еў.

— Еш, сынок, і глупства гаварыць не трэба,— запярэчыла маці.— Вось вы пайшлі супраць начальства, зняважылі цара, а зараз сядзіце без месца. Забыліся вы прыказку: не чапай гною, бо смярдзець будзе.

Лабановіч громка зарагатаў:

— Вось гэта, мама, праўда. Але раз гэта гной, што зусім справядліва, дык яго трэба ў зямлю закапаць, каб угнойваў яе.

Андрэй падышоў да маткі, пацалаваў яе ў руку.

— Дзякую, мама, за снеданне. Даруй мне за непрыемнасці, за прыкрасці, што я прычыніў вам. Смуткаваць жа і плакаць няма чаго. Вось калі б я зрабіў злачынства людзям, простым людзям, дык тады можна было б адвярнуцца ад мяне і ў хату не пусціць, хоць я і родны ваш сын. Я ж хачу, і многія-многія сотні тысяч такіх, як я, хочуць, каб простым людзям жылося добра, каб самі яны былі гаспадарамі над сабою і каб не чынілі над імі здзекаў паны, чыноўнікі, пачынаючы ад урадніка і губернатара і канчаючы царом. У імя ж цара і ад імя цара творацца ўсе гэтыя несправядлівасці: мужыкам на зямлі, рабочым на фабрыках і заводах. А ці маем жа мы права сядзець злажыўшы рукі і спакойна пазіраць на ўсю гэту пачварнасць? Калі б праменні сонца не знішчалі вясною снегу і лёду, дык зямля б не вызвалілася ад холаду і не было б вясны. Няхай мяне выгналі, няхай я сяджу без работы, хоць, праўда, работу сякую-такую знаходжу, няхай мяне судзяць і засудзяць, я ніколі здавацца не буду, бо ведаю, у імя чаго змагаюся.

Маці слухала і плакала.

— Ох, сынок, калі ўжо так трэба, дык трэба.

І выцерла хвартухом слёзы.



XV


За Мікуцічамі ўгору па Нёману, за паўвярсты ад сяла, ёсць высокі прыгожы груд, дзе раслі пышныя, разложыстыя хвойкі. Уся гэта мясціна мела адну назву — Клешчыцы. Тут быў тады малады яшчэ лясок і маляўнічыя зацішныя далінкі, куды любілі сходзіцца летам мікуціцкія настаўнікі лавіць рыбу і наладжваць таварыскія маёўкі. Глыбока ўнізе, пад зрывістым пясчаным берагам, струменіўся быстры Нёман, праносячы па чыстым жолабе веснавыя воды і падразаючы высокі свой бераг. Тут, як расказвалі старыя людзі, знаходзілі чалавечыя чэрапы і косці. Тыя ж людзі сцвярджалі, што тут быў калісь курган, магіла забітых на вайне са шведамі салдатаў.

Нёман яшчэ не ўвайшоў у свае берагі. Даволі шырокая даліна была заліта веснавою вадою. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. На процілеглым баку даліны раскінуліся палеткі, вузкія палоскі ўзгоркаватай зямлі занямонскіх сялян, дзе туліліся закрытыя пагоркамі невялікія вёскі, якія мелі агульную назву — Сёлы. Якраз насупраць Клешчыц, на тым баку даліны, узнімаўся досыць высокі курган. На самым версе кургана красаваўся выступ, нібы круглая шапка. У Мікуцічах яго называлі Дзямянавым Гузам.

Лабановіч стаяў на самым высокім пункце берага, адкуль яму вельмі добра былі відаць Дзямянаў Гуз, Мікуцічы, мястэчкі Панямонь, Стаўбуны і сіняя палоска Сіняўскага гаю — малюнак, якім нельга было не залюбавацца. Але вочы Андрэя Лабановіча пільней узіраліся ў Дзямянаў Гуз: там зараз павінна была з’явіцца постаць чалавека, імя якому Янка Тукала.

Перш чым пакідаць Смалярню і перабірацца ў Мікуцічы, Андрэй паведаміў аб гэтым Янку і сказаў:

— Без цябе, Янка, мне горка на свеце жыць, давай не будзем разлучацца і надалей. Дык вось што, мой дружа: зрабі і ты сабе канікулы, тым болей што не за гарамі Вялікдзень, і перабірайся да бацькоў у Нейгертава, за Нёман, у вашы славутыя Сёлы.

Янка на гэта ўзнёсла азваўся:

— Твая радасць — мая радасць, тваё гора — маё гора, твой Бог — мой Бог, няхай будзе благаславёна імя яго! I няхай станецца па слову твайму.

— Адчуваю, Янка, і ведаю, што ты — мой сапраўдны друг. А калі так, дык давай наладзім наша наступнае спатканне ў вялікую пятніцу і наладзім яго... у прасторах!

— Да гэтага я ўсё разумеў, а вось спатканне «ў прасторах» не дайшло,— заўважыў Янка.

— Растлумачу табе. Ведаеш Дзямянаў Гуз? — запытаў прыяцеля Андрэй.

— Ведаю, добра ведаю.

— А пра Клешчыцы ты чуў?

— I Клешчыцы ведаю. I гарэлку там піў, і смачную юшку еў.

— Ну, дык так, мой браце: у дванаццаць гадзін у вялікую пятніцу ты ўзыдзі на гару высокую, сірэч — на Дзямянаў Гуз. Я ж у гэты час буду стаяць над Нёманам, на высокім беразе ў Клешчыцах. З гэтага берага добра відаць Дзямянаў Гуз, а з Дзямянавага Гуза яшчэ лепей відны Клешчыцы. Калі ты ўзыдзеш на Дзямянаў Гуз, я два разы махну табе хваёваю галінаю. А гэта будзе азначаць: «Здароў, Янка!» А паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. I я буду ведаць, што ты пабачыў і зразумеў мой сігнал і ў адказ пасылаеш мне сваё прывітанне.

Янку Тукалу ў высокай ступені было ўласціва захапленне. Яму дужа спадабалася Андрэева выдумка.

— Цікавейшая думка! — весела адгукнуўся Янка.— Арыгінальная выдумка! Ды ты ведаеш, брат: мы створым цэлую сістэму сігналаў, каб гаварыць на адлегласці, або, як трапна ты сказаў,— наладзім спатканне ў прасторах.

Прыгадваючы гэтую гутарку з прыяцелем, Лабановіч зрэдку паглядаў на Дзямянаў Гуз. Пяці хвілін не хапала да дванаццаці. І раптам з-за схілу кургана паказалася чалавечая постаць. Не было ніякага сумнення, што гэта Янка. Узыходзячы на самую макушку Дзямянавага Гуза, ён трымаў добра прыметны саматужны сцяг, хоць адлегласць паміж сябрамі была не меней вярсты. Паветра было празрыстае. На фоне неба фігура Янкі вырысоўвалася вельмі выразна. Узрадаваны Лабановіч падняў угору даволі ёмкую хваёвую галіну і павольна махнуў ёю два разы. Зараз жа над Дзямянавым Гузам узвіўся Янкаў сцяг, ён таксама пасігналіў, як было дамоўлена раней. Сябры абмяняліся прывітаннямі. Тады Лабановіч зноў падаў сігнал, зрабіўшы галінай круг над галавою. Тое самае зрабіў і Янка на Дзямянавым Гузе. А гэта азначала: здаровы, новага пакуль не чуваць. Наступны сігнал і быў такі: Лабановіч адной рукою падняў над галавою галіну, а другую руку працягнуў убок. Янка адказаў такімі ж рухамі. Гэта значыла: з аднаго боку — хачу пабачыць цябе зблізку, а з другога — я таксама хачу. Пасля гэтага Лабановіч дзвюма рукамі падняў галіну ўгору і стаў махаць ёю ў свой бок, даючы гэтым знак, каб Янка сыходзіў з кургана і накіроўваўся да грэблі, што пачыналася зараз жа за Нёманам насупраць Мікуціч і пралягала праз усю нёманскую даліну. Другім сваім канцом грэбля ўсутыч падыходзіла да занямонскага поля; зараз яна была заліта вадою. Пабачыўшы сігнал, Янка падняў свой сцяг і некалькі разоў махнуў ім у бок Андрэя: зразумеў, іду і буду чакаць пераправы.

Лабановіч шпарка накіраваўся ў сяло, каб узяць лодку і плысці да Янкі. На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Былі, праўда, чаўны, але каб плысці на чаўне, трэба мець спрыт, бо пры такой вадзе перапраўляцца на ім небяспечна. Якраз насупраць грэблі, над самым Нёманам, на грудку стаяла хата старога Базыля, у якога была лодка. Да яго і звярнуўся Лабановіч. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Але павага да старасці вымагала звярнуцца наўперад да Базыля. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота, хіба толькі тады, калі садзіўся за стол пасілкавацца або калі спаў.

Лабановіч ветліва павітаўся, прыпаднёс старому пачак махоркі. Базыль паўглядаўся ў Лабановіча. Вочы не дужа добра свяцілі старому.

— А чый жа ты? — запытаў Базыль.

Лабановіч сказаў, чый ён і хто такі. Стары Базыль яго добра ведаў, а зараз не пазнаваў, бо недабачваў.

— Ну, што ж? Вазьмі. Унь там Паўлюк на дрывотні. Ідзі да яго, дзеткі, няхай дасць ключ ад лодкі.

З Паўлюком справа была зроблена хутка, і хвіліны праз дзве Лабановіч сядзеў у лодцы. Шмат прыйшлося яму памахаць вяслом і затраціць сілы, пакуль не прызвычаіўся да кіравання. Быстрая вада, шырока выліўшыся з берагоў, несла лодку ўніз па плыні. Часамі на перавалах, дзе разводдзе бушавала з нястрыманаю сілаю і кідала лодку, як трэску, прыходзілася налягаць на ўсю змогу на вясло, каб выбрацца з небяспечных віроў. Пераезд на той бок даліны аказаўся не такім лёгкім і простым, як здавалася наўперад. Нарэшце большая частка вадзяной дарогі была пераадолена. Бліжэй да поля вада струменілася спакайней, а часамі і зусім не рухалася. Лабановіч уздыхнуў лягчэй. Зірнуўшы перад сабою, ён убачыў Янку. Сябар стаяў каля саменькай вады, выбраўшы найбольш зручнае месца для «прыстані». Калі Андрэй падплыў да яе, Янка зняў шапку і памахаў ёю ў паветры.

— Ура! Перамога! — крычаў ён, як відаць, маючы на ўвазе ўдачнае спатканне «ў прасторах».

— Не адна, а дзве,— азваўся з лодкі Лабановіч, выціраючы рукавом спацелы лоб.

Лодка зусім блізка падышла да берага і насавою часткаю кранулася долу. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Сябры радасна павіталіся. Колькі моманту яны моўчкі ўглядаліся адзін у аднаго, а на іх тварах свяцілася вясёлая ўсмешка.

— Ну, што скажаш, мой жывы афарызм?

— Няма на свеце такога невясёлага становішча, дзе б вясёлыя людзі не знайшлі сабе весялосці! — адразу адказаў Янка.



XVI


Не меней дванаццаці маладых настаўнікаў, зволеных са школ, паз’язджаліся ў Мікуцічы святкаваць Вялікдзень, а заадно пагутарыць аб сваіх справах і, галоўным чынам, аб тым, як трымацца на допыце. Але тая акалічнасць, што да гэтага часу нікога з настаўнікаў не турбавалі, заспакойвала большасць з іх. Калі б тут была сур’ёзная справа, разважалі яны, дык іх даўно ўзялі б у абаротак. Тым не меней цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Вось чаму тая рэпетыцыя допыту, што правялі ў Смалярні Лабановіч і Янка, зрабіла ўражанне на іх сяброў, прымусіла затрывожыцца і цалкам прыняць спосаб абароны, распрацаваны прыяцелямі.

Некаторыя настаўнікі знайшлі работу не па сваёй спецыяльнасці. У гэтых адносінах асабліва вылучаўся Мілеўскі. Ён справіў сабе сіні даўгаполы сурдут, запусціў яшчэ большую бараду, з разгаліненнем у левы і ў правы бакі, і бáкі, а падбародак для большай важнасці галіў. Нібы клешч, учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Уся яго рэвалюцыйнасць выказалася ў падпісанні пратакола, у чым ён зараз каяўся, хоць нікому пра гэта не гаварыў. Хадзіла нават такая пагалоска, што Мілеўскі потайкам паслаў просьбу да земскага начальніка. Ён пісаў пакаянную, прасіў закінуць за яго слова перад адпаведным начальствам. З сябрамі ж ён трымаўся так, што цяжка было дагадацца аб яго патайных захадах.

На першы дзень Вялікадня настаўнікі ўсёй шумнаю грамадою рушылі ў Панямонь аддаваць велікодныя візіты мясцовым інтэлігентам. Тут быў і Адам Мілеўскі ў сінім сурдуце і з маляўнічай барадою.

— Прапалі мы з табою, брат Янка,— жартаваў Лабановіч.— Закасуе нас Мілеўскі сваім сурдутам і барадою.

— Яго барадою — прыпек падмятаць,— азваўся Янка Тукала.

Усе зарагаталі.

Настаўнікі жартавалі, смяяліся — ім было весела. Забаўляла іх і сама думка аб тым, які страх нагоняць яны на гаспадароў і гаспадынь і якую шкоду прычыняць іх велікодным сталам, калі ўваляцца ў хату гэткаю грамадою.

— Стойце, валачобнікі, сціхніце! Паслухайце песню, што мы злажылі з Андрэем,— выгукнуў Янка Тукала.

— Ну, давайце песню! — аклікнуліся настаўнікі.

— Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка. Так ужо мы дамовіліся: ты пачынаеш, я падбрэхваю. А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка.

— Што ж? Давай,— згадзіўся Лабановіч,— якраз наша песня і ёсць валачобная.

Андрэй адкашляўся і пачаў:


Ходзяць валачобнікі без дарог...


Янка падхапіў:


Яны не шкадуюць ні горла, ні ног.


— Прыпеўку! — звярнуўся да ўсіх запявала:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Лабановіч:


Ходзяць валачобнікі з дому ў дом,


Янка:


А хто іх не прыме, таго забі гром!


Усе:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Лабановіч:


Скіньце, дзяўчаткі, сцяснення ярмо!


Янка:


За ваш пацалунак яечка дамо!


Усе:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Песня наладзілася, і ўжо далей яе спявалі з захапленнем у тым жа парадку:


Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!

Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!


Пад Тарасам разумеўся Тарас Іванавіч Шырокі. З яго натоўп настаўнікаў пастанавіў пачаць свае візіты. Апошні куплет меў варыянт — на той выпадак, калі прыйдзецца зайсці з павіншаваннем да Базыля Трайчанскага:


Жыві і красуйся, Трайчанскі Базыль!

Віся каля Надзенькі, як матыль!


Для сядзельца Кузьмы Скаромнага быў зложан асобны куплет:


У Кузьмы Скаромнага дом, як сад.

Нібы майскіх кветак, нарасло дзяўчат.


Складальнікі песні не мінулі таксама і ўрадніка, што схапіў пратакол:


Ёсць у Панямоні ўраднік-кашчэй,

Але мы не пойдзем да яго дзвярэй.


Не забыліся «валачобнікі» і пра валаснога старшыню Язэпа Брыля, што данёс на настаўнікаў земскаму начальніку:


Ёсць у Панямоні Брыль — старшыня.

Маленькі сабачка быў і ёсць шчаня.


Канчалася валачобная песня так:


Што ж? Канчаем песню, бо канчаць пара.

Добрым панямонцам выгукнем — ура!


Песня яшчэ болей узняла вясёлы настрой «валачобнікаў». Некаторыя куплеты яе выклікалі дружны смех. Складальнікаў песні — Андрэя Лабановіча і Янку Тукалу — не адзін раз віталі па-сяброўску прыязнымі словамі адабрэння:

— А бадай вы папруцянелі!

Былі, праўда, і крытычныя заўвагі. У ролі крытыка выступіў Мілеўскі Адам.

— Ну, якія там у Кузьмы Скаромнага майскія кветкі! Ды яго дочкі проста пудзілы!

Супроць такой знявагі абурыўся Янка Тукала.

— Няхай сабе сядзельцавы дочкі не дужа прыгожыя. Дык ці ж пра гэта казаць ім у вочы, галава твая капусцяная? А калі мы пахвалім іх у песні, дык і самі яны і бацькі іх будуць на сёмым небе і пачастуюць цябе так, што і сурдута на пупе не зашпіліш.

— Брава, Янка!

— Каб крытыкаваць нашу песню,— сказаў заахвочаны пахвалою Янка,— табе трэба падмесці сваёю барадою не прыпек, а цэлы двор.

Янку зноў падтрымалі громкім смехам.

«Валачобнікам» было весела ў дарозе не столькі ад жартлівай песні, колькі ад цеплыні і яснасці веснавога дня, калі ўсё, што трапляла на вочы, выглядала так ласкава, молада, утульна і хіліла да сябе. Асабліва было прыемна зірнуць з дзервянога моста на шырокую наднямонскую даліну ўгору па Нёмане. Рака ўжо амаль што ўвайшла ў берагі. На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, а над ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты. З лугу патыхала веснавою вільгаццю. Берагі Нёмана, багата напоеныя разводдзем, яшчэ не прасохлі. Там прабівалася густая жаўтавата-зялёная, яшчэ кволенькая мурожная траўка, як сведка ажывання і аднаўлення зямлі. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Далёка на поўдні выступала блакітная вежа мікуціцкай царквы.

Колькі хвілін стаялі на мосце настаўнікі-«валачобнікі», любаваліся Нёманам, яшчэ мнагаводным і быстрым, лугамі, полем і лесам. Шмат разоў бачыў іх Лабановіч, але ніколі не дакучалі яны, бо выразна гаварылі, хоць без слоў, аб волі, аб вялікіх прасторах зямлі, аб маладым жыцці.

— Эх, хлопцы! — прамовіў ён.— Як добра было б жыць на свеце, калі б чалавека не гналі, не крыўдзілі, не пазбаўлялі волі, не звязвалі крылляў.



XVII


Амаль паўвека прайшло з таго часу, калі мае «валачобнікі», а з імі і я, хадзілі ў Панямонь з велікоднымі візітамі і павіншаваннямі. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца тут, ужо няма на свеце. І калі я сягоння трывожу іх памяць, то мне робіцца сумна: быць можа, не так сказаў пра іх, як гэта было ў сапраўднасці, часамі, можа, недарэчы пасмяяўся або не ў меру зганьбіў каго. Яны не напішуць мне і не прыйдуць да мяне, каб сказаць: «Ты адступіў ад праўды, бо мы не такія, як ты нас паказваеш». Калі б яны былі жывыя, дык мы паразумеліся б і прыйшлі да згоды. А так я магу толькі сказаць: «Прабачце! Я ж хацеў і хачу аднаго — праўды».


Як ужо было дамоўлена, «валачобнікі» накіраваліся да Шырокага, бо так зручней: кватэра Тараса Іванавіча стаяла тэрытарыяльна першай. «Валачобнікі» ўвайшлі ў двор школы і пасталі каля акна. Лабановіч і Янка выйшлі наперад. Астатнія выстраіліся ў два рады.

Лабановіч, колькі хапала сілы, пачаў:


Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!


Янка таксама на ўвесь голас падхапіў:


Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!


I ўсе разам грымнулі вядомую прыпеўку, ды грымнулі так, што шыбы задрыжалі. Акно расчынілася, паказаліся дзве галавы — жаночая і мужчынская. Вольга Сцяпанаўна ўсміхнулася, згледзеўшы натоўп «валачобнікаў», большасць якіх была ёй вядома. Тарас Іванавіч таксама прасвятлеўся. З уласцівай яму імклівасцю ён рушыў на ганак.

— Браточкі мае! Хрыстос васкрос! — выгукнуў Тарас Іванавіч і рынуўся да «валачобнікаў». Кожнага ён ветла абнімаў і са словамі: «Хрыстос васкрос!» цалаваў тры разы ў губы; «валачобнік» на момант амаль што знікаў у магутных абнімках Тараса Іванавіча. Толькі калі чарга дайшла да Адама Мілеўскага, гасцінны гаспадар пацалаваў яго ўсяго адзін раз і заўважыў:

— Барада твая, брат, як дзяркач!

«Валачобнікі» зарагаталі. Смяяўся і сам уласнік барады. Ён нават ганарыўся, што меў такую жорсткую бараду, бо гэта — сведчанне цвёрдага характару.

Тарас Іванавіч зараз жа запрасіў сяброў у кватэру. Самы большы пакой,— а ён знаходзіўся пры ўваходзе ў кватэру,— быў прыстасаваны спецыяльна для велікодных візітаў. На Вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі.

Пасярэдзіне пакоя стаяў доўгі стол, засланы белым абрусам і ўсцяж застаўлены багатаю і разнастайнаю закускай, выпіўкай, пасудаю. Нажы і відэльцы ляжалі ў некалькіх кучках. Госці самі ў меру патрэбы бралі пасуду, нож і відэлец і, выпіўшы добрую чарку, нацэльваліся на закуску, якая найболей адпавядала іх густу. Самае пачэснае і віднае месца на стале займала шынка, запечаная ў хлебным цесце. Па велічыні яна нагадвала добрую падушку і ляжала на адмысловым дзервяным крузе, убраная сцяблінкамі бруснічніку і вянком з дзеразы. Гэта шынка была ўкрасаю стала і гордасцю Вольгі Сцяпанаўны і Тараса Іванавіча. Янка Тукала адразу ж заўважыў:

— Вось гэта дык шынка! Не шынка, а Дзямянаў Гуз!

На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў, пара індычак, бабкі, мазуркі і цэлая горка афарбаваных яечак.

— Вось як буржуі жывуць! — дабрадушна сказаў хтосьці з «валачобнікаў», акінуўшы поглядам стол.

— Хопіць работы нам, безработным, на доўгі час,— жартаваў Янка.

— Сядайце, сядайце ж за стол,— запрасіла гасцей Вольга Сцяпанаўна.

Тарас Іванавіч прынёс некалькі крэслаў з другіх пакояў, бо для ўсіх не хапала месца.

«Валачобнікі» расселіся. Гарэлку наліваў кожны сам сабе, яе было многа. Выпілі па чарцы, па другой, прапусцілі па трэцяй. Шынка найболей прыйшлася даспадобы «валачобнікам» і на вачах мізарнела ў сваіх памерах. За сталом было шумна, весела.

Лабановіч ціхенька падышоў да Янкі Тукалы:

— Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне.

— А гэта было б дарэчы,— падтрымаў прыяцеля Янка.

Яны трошкі пашапталіся, падбіраючы найлепшыя варыянты. Калі куплеты былі знойдзены, Янка гукнуў:

— Увага! Хлопцы! Уславім у валачобнай песні нашу мілую гаспадыню, Вольгу Сцяпанаўну.

— Уславім! Уславім! — дружна азваліся «валачобнікі».

Усе пападымаліся са сваіх месцаў. У пакоі зрабілася ціха. Лабановіч прыняў позу рэгента і запявалы. Побач з ім стаяў Янка Тукала.

Песня загрымела з вялікім уздымам:


Мілейшай дружачцы гаспадара...

Воленьцы Сцяпанаўне жадаем дабра!

Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.

Жывіце на свеце сорак тысяч дзён.

Калі мы не любы, ганіце нас вон!


Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася.

Тарас Іванавіч ускочыў са свайго крэсла.

— Браточкі мае, «валачобнікі»! Вып’ем і будзем спяваць усю вашу валачобную песню! Яны ж і пра мяне не забыліся,— сказаў ён да жонкі.— Я хачу спяваць з вамі!

— Заспявайце, заспявайце! — з радасным узбуджэннем далучылася да мужа Вольга Сцяпанаўна.

— Чуеш, Янка, і вы, вахлакі: які вялікі поспех мае наша песня! — звярнуўся Лабановіч да свае кампаніі.

Дружна выпілі, закусілі. Лабановіч выцер губы.

— Ну, Янка, пачнём!

«Валачобнікі» збіліся ў гурт. Уперадзе зноў сталі Андрэй і Янка, пачалі песню. Куплеты, у якіх гаварылася пра дзяўчат, каб яны скінулі «сцяснення ярмо», пра сядзельца Кузьму Скаромнага і пра старшыню, выклікалі бурнае захапленне Тараса Іванавіча. Ён смяяўся, пляскаў у далоні і ўвесь быў у руху. Асабліва вясёлае ажыўленне было, калі па шчаслівай выпадковасці, якраз тады, як меркавалі заспяваць пра Базыля, увайшоў сам Трайчанскі. Лабановіч падаў яму знак спыніцца, маўчаць і слухаць. Для Тараса Іванавіча, для Вольгі Сцяпанаўны і для самога Базыля гэты куплет быў невядомы. Вось чаму, калі запявала і падпявала выканалі радкі, прысвечаныя Трайчанскаму, Тарас Іванавіч сарваўся з месца і, як рэгент, замахаў рукамі ўсім, каб яны падхапілі прыпеўку.

Базыль таксама стаяў вясёлы і шчаслівы, а твар яго свяціўся, як велікодны пірог, памазаны яечным жаўтком. Калі скончылі песню, у якой прыняў удзел і Базыль, ён пахрыстосаваўся з гаспадарамі і з «валачобнікамі» па ўсіх правілах велікоднага этыкету. Базыль сеў за стол, і хоць ён і да гэтага трохі выпіў, але выпіў і тут. На Вялікдзень дазвалялася піць, колькі хто можа. Калі ж хто і перап’е, таго не судзілі. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Вольга Сцяпанаўна як гаспадыня засталася дома прымаць наведвальнікаў. Тарас жа Іванавіч нават быў рады пакінуць свой дом і вывесці з яго «вусеняў» (так называў ён у думках «валачобнікаў»), каб выратаваць хоць рэштку шынкі, ад якой заставалася адна касцяная рама і култышка свінога сцягна.

На вуліцы каля Базылёвай камяніцы ляжала з дзесятак ёмкіх камянёў. Яны прызначаліся для падмуроўкі і засталіся нескарыстанымі пры збудаванні дома. Па нейкай неакрэсленай прычыне Лабановіч звярнуў на іх увагу — можа, таму, што яшчэ ў дзяцінстве ён любіў сядзець на кучы камення ў полі (гэта куча называлася крушня), слухаць і пазіраць, што адбываецца навокал. Вось і цяпер яму хацелася прыпыніцца каля камення і пасядзець, але гаспадар і Тарас Іванавіч узялі цвёрды курс на Базылёў велікодны стол, які таксама абяцаў быць багатым і разнастайным.

У пакоі за сталом сядзелі нейкі чыноўнік родам з Панямоні па прозвішчу Булах, маці Базыля, нізенькая і тоўстая, як кадушка, дзве сястры Смалянскія і «кашчэева» дачка Аксана. З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Старая маці Базыля паважна паднялася з месца. Чыноўнік Булах, не трацячы свае годнасці, павольна прыўзняўся. Дзяўчаты ж узляцелі і, як матылі на агонь, кінуліся сустракаць гасцей.

Лабановіч даў знак «валачобнікам» спыніцца, каб заспяваць ужо вядомую песню. Калі дайшлі да куплета, у якім гаварылася, каб дзяўчаты «скінулі сцяснення ярмо», Базыль кінуўся да Надзі. А Надзя адапхнула яго і сама кінулася да Янкі Тукалы з тым, каб потым ужо на законнай падставе пахрыстосавацца з Андрэем, якога яна проста па-дзявочы пакахала. Счакаўшы, Надзя і Лабановіч выйшлі з-за стала і прыселі ў больш-менш зацішным куточку. Госці падгулялі, шумелі і не зварачалі на іх увагі. Толькі Базыль зрэдку паглядаў у той бок. Ён не дужа быў упэўнены, што Надзя не адмовіцца ад яго, хоць ён і ўласнік знатнай камяніцы.

— Калі ж выходзіце вы замуж? — запытаў Лабановіч Надзю.

— За каго? — таксама запытала і Надзя.

— Яшчэ і пытаецеся! Вядома, за каго: за Базыля! Пра гэта ўсё Панямонне гаворыць. Чалавек ён добры і нябрыдкі, мае такі слаўны дом. Вось бачыце, буду вашым сватам.

Надзя паглядзела на Андрэя, хітравата пасміхнулася.

— Каб за свата, дык пайшла б, а за Трайчанскага не пайду.

У гэты час падышоў Базыль.

— Як бачыце — сон у руку,— заўважыў Лабановіч,— але даруйце, мяне мучыць прага.

Лабановіч пайшоў да стала, дзе стаяў велічэзны збан, вядра на паўтара, з квасам. Збан і квас былі хатняю гордасцю Базылёвай маці.

Больш за ўсіх шумеў за сталом Янка Тукала, жартаваў і вырабляў розныя штукі, што не зусім падабалася старой Трайчанісе. Лабановіч вывеў сябра з хаты.

— Пасядзімо на каменьчыках,— сказаў ён сябру.

— Я зараз у такім стане, што, здаецца, перавярнуў бы Базылёву камяніцу.

— Бачу, брат, што імпэту ў цябе вельмі многа. Дык пайдзі і прынясі збан з квасам — паміраю ад прагі.

Янка прытарабаніў збан. Лабановіч напіўся, у яго ў галаве таксама быў празмерны шолам.

— Ты памятаеш — пра Сценьку Разіна, як ён кінуў у Волгу пярсідскую князёўну? — запытаў Андрэй Янку.

Павярнуўшыся да каменя, ён заспяваў, трымаючы ў руцэ збан:


Камень, камень, бацька родны,

Ты красунчыка прымі!


Размахнуўся і ляснуў збан аб камень. Янка рагатаў:

— Знішчылі буржуйскую ўласнасць.

Калі Базылёва маці агледзела і знайшла чарапы ад збана, яна ўсю віну ўзлажыла на Янку. Але сяброў у гэты час ужо не было ў Базылёвай камяніцы.



ХVІII


Удалы пачатак вясны змяніўся халадамі. Вятры падзьмулі з паўночнага захаду, а потым перамясціліся на ўсход і запыніліся там на доўгі час. Удзень па небе плылі груды разарваных воблакаў, халодных, нішчымных. Пад вечар вецер заціхаў. Над зямлёю звісала яркае, зыркае неба, а пад раніцу на зямлю асядала шэрань. Зямля высыхала, трава не расла, і збожжа ніяк не магло адарвацца ад зямлі. Бедавалі людзі і з непрыязню паглядалі на глухое бясплоднае неба. Не абыходзілася і без таго, каб крыху не пазлаваліся на Бога: што яму значыць паслаць пагоду і наогул паспрыяць людзям! А мікуціцкі Сёмка Дзямідаў — цяпер ужо нябожчык — казаў:

— Злавіць бы гэтага Бога ды паашалёстваць пугаю вушы, дык ён ведаў бы, як рабіць прыкрасць людзям і худобе!

Мікуціцкія жанчыны пайшлі па іншым шляху. Знайшлася адна з іх, Тарэся, што ведала верны спосаб, як расчыніць у небе дзверы для цёплых дожджыкаў. А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Яны так і зрабілі ў адну з халодных майскіх раніц. І ўсё ж такі дождж не пайшоў. А каб ён пайшоў напэўна, дык яшчэ трэба было разбурыць плот Міколы Стырніка, што гарадзіўся паміж двума Юр’ямі — каталіцкім і праваслаўным. Раскідалі і плот, хоць гэта каштавала некалькіх касмыкоў на галаве дзвюх кабет, цёткі Тарэсі і Стырнікавай Тэклі: яны пабіліся пры разбурэнні плота. Крыўдней за ўсё было тое, што і гэта мерапрыемства не памагло, а аўтарытэт цёткі Тарэсі, завадыяшчыцы ўсёй справы, зусім упаў. Так і не было дажджу і цяпла аж да самага чэрвеня.

У гэтае сухое, непрыемнае надвор’е, калі вакол чуліся адны толькі скаргі і нараканні, да Лабановіча прыйшло пісьмо з Вільні. Пісаў яму Уласюк.


«Паважаны дзядзька Андрэй!

Калі вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца. Даволі Вам сядзець у шчыліне, трэба выходзіць у людзі. У гэтым мы Вам можам памагчы і з часам зрабіць з Вас адукаванага чалавека — паслаць Вас туды, дзе вучыцца Цётка-Пашкевічанка. Трымайцеся, дзядзька, і трымайце хвост трубою.

З пашанаю да Вас М. У.»


Невялічкае і крыху дзікаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Перш за ўсё было прыемна, што яго запрашаюць у рэдакцыю. «Рэдакцыя» здавалася яму тады самаю высокаю і самаю разумнай установаю ў свеце, дзе сядзяць самыя разумныя людзі. А важней за ўсё — у пісьме быў намёк, што яго пашлюць для навукі ва універсітэт, а гэта была даўняя мара Лабановіча. Сядзець жа дома, не маючы пэўных заняткаў, было нецікава. Вось чаму пісьмо так усхвалявала яго і падняло настрой. Было моцнае жаданне зараз жа паказаць каму-небудзь гэтае пісьмо, пагутарыць аб яго змесце. З кім жа, як не з Янкам, падзяліцца мыслямі і пачуццямі? У гэтыя дні Янка гібеў у бацькоў. Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час выраслі б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе і смалуды ў лесе на пасеках. Зараз жа нічога такога не было, хіба толькі зрэдку перападала яечка,— усё ж ён быў сын у маці. Наспявала патрэба падацца ў Стаўбуны: там наклёўвалася сякая-такая работа.

Да Янкі і накіраваўся Андрэй Лабановіч, узяўшы невялікі кавалачак сала і кручок гарэлкі.

Вада ў Нёмане апала. Мікуціцкія людзі гаварылі, што зараз і курыца пяройдзе раку ўброд. Лабановіч перабрыў Нёман і хвілін праз сорак падыходзіў да Нейгертава, дзе жыў Янка. Вёсачка тулілася на ўзгорку, малапрыметная і маленькая. У ёй была адна толькі вулачка. Сам жыхар вёскі, Янка, так азначаў даўжыню свае вуліцы: у пэўны час, на досвітку, з аднаго і з другога канца сяла выходзілі на двор, вылезшы з бярлогу, дзед Мацей і дзед Аўсей. Яны рабілі сваю справу, пазіралі на зоры, на неба, гадалі аб надвор’і. І кожны гук ад аднаго дзеда зараз жа перадаваўся другому.

Лабановіч пераступіў высокі, амаль на локаць, парог і спыніўся каля дзвярэй. У хаце, апроч Янкі, нікога не было.

— Здароў, Янка! Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк!

Янка не чакаў прыходу прыяцеля. Ён сядзеў з краю просценькага сялянскага століка і чытаў кніжку «Так гаварыў Заратустра». На покуці над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба. Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала.

Янка здзівіўся і ўзрадаваўся.

— Каго я бачу! Ці не зманьваюць мяне мае вочы! — выгукнуў ён і выскачыў з-за стала.— Вітаю чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам!—дадаў Янка і горача павітаўся з прыяцелем.

— Вось гэтага ад цябе я не чуў яшчэ. Ці не ад Ніцшэ запазычыў? — спытаў Лабановіч.

— Ад яго, сабачага сына!— прызнаўся Янка і пры гэтым выказаў жаль, што ў хаце нікога няма, усе ў полі, а таму і пачаставаць няма чым і няма каму.

— Не аб адным хлебе жыў будзе чалавек,— азваўся Лабановіч. Ён ведаў, што Янкава сям’я жыла бедна.— Я прыйшоў да цябе не для таго, каб ты мяне частаваў,— заўважыў Лабановіч і дадаў: — Можа, і сапраўды кажаш ты праўду, калі гаворыш пра чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам.

Лабановіч выняў з кішэні пісьмо ад Уласюка.

— Вось прачытай!

Янка ўзяў пісьмо і ўпіўся ў яго вачамі, а Лабановіч пазіраў, якое ўражанне робіць пісьмо на прыяцеля.

Прачытаўшы, Янка моўчкі і доўга глядзеў на Андрэя. Па твары было відаць, што ён узрадаван і ўсцешан.

— Гэта навіна!.. Я ж табе казаў, што нашага брата, бадзягу-бяздомніка, голымі рукамі не возьмеш і ад зямлі не адарвеш, бо яго карэнні глыбока сядзяць... Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна пасыпана жоўценькім пясочкам!

Янка моцна паціснуў руку Андрэю.

— Дык ты раіш мне ехаць?

— Ад усяго сэрца! — пацвердзіў Янка.

— Ну, калі так, дык будзем піць барыш!

— Лабановіч выняў кручок гарэлкі, паставіў на стол і палажыў сала, загорнутае ў паперу. Янка з захапленнем пазіраў на гэта дабро.

— А, браток ты мой! — громка сказаў ён.— Няхай будзе благаславёны той вецер, што занёс цябе ў маю хароміну! — Ён рухава мятнуўся да дзервянога шафіка і дастаў адтуль дзябёлую сялянскую чарку, борздзенька разгарнуў настольнік, адрэзаў лусты дзве хлеба. Лабановіч тым часам адкаркаваў «мярзаўчык» і наліў чарку.

— Дык давай, Янка, вып’ем за тых, у каго, як сакрамант, ляжыць на стале акрайчык хлеба, з такою любасцю і пашанаю загорнуты ў просценькі даматканы абрусік. Няхай гэтага хлеба стане болей і няхай не дадаюць да яго мякіны або тоўчанай бульбы. Няхай вольна, шчасліва і багата жывуць працоўныя людзі!

— Глядзі ты, які з цябе прамоўца! — заўважыў Янка, а Лабановіч кульнуў чарку, наліў у яе гарэлкі і перадаў прыяцелю.

Янка ўзяў чарку.

— Хоць і вялікае маё жаданне выпіць гэту чарку, але яшчэ большае жаданне таксама сказаць што-небудзь перад тым, як выпіць. Ляці ж, маё слова, далёка ў свет! Вырвіся з гэтай нізкай хаты, дзе нават няма падлогі, прабіся праз саламяную страху, бомбаю выбухні ў панскіх палацах, у кабінетах царскіх сатрапаў і ў самой царскай рэзідэнцыі і гукні ім: «Падохніце вы ўсе, акаянныя абдзіралы, крыўдзіцелі, кáты, на радасць простых працоўных людзей!» — Адным духам Янка апаражніў чарку.

— А здорава ты сказаў! Закасаваў ты мяне, Янка. Маладзец!

Янка ўзяў кавалачак хлеба і сала.

— Пры табе, Андрэй, я магу сказаць прамову, вось калі б я выступаў перад натоўпам людзей, дык нічога не выйшла б,— прызнаўся Янка.

— Бо табе ж і не даводзілася выступаць перад народам. Практыка, брат, патрэбна,— падтрымаў прыяцеля Андрэй.

Хоць кручок і не дужа вялікая мера, ды ўсё ж сябры значна павесялелі, калі асушылі яго.

— Што ж, Янка,— сказаў Лабановіч,— ці не пайсці нам шукаць свае пагібелі? Што мы будзем сядзець так?

— А куды мяркуеш ісці? — запытаў Янка.

— Сярод мікуціцкіх ваколіц для мяне малавядомай засталася адна: я ніколі не хадзіў яшчэ ў Панямонь занямонскімі польнымі дарогамі. Давай пройдземся!

— З табою я гатовы ісці хоць якімі сцежкамі, хоць якімі дарогамі на самы край свету,— даў поўную згоду Янка Тукала.

— А ведаеш, чаму я хачу завітаць у Панямонь?

— Можа, і ведаю, але не ведаю,— адказаў Янка.

— Сумленне, браток, не дае спакою мне — з таго дня, калі я пабіў збан старой Трайчаніхі. Мне мала, а можа быць, і не мала абыходзіць тое, што віну яна ўзлажыла на цябе. І ты мне скажы: нашто было крыўдзіць старую і добрую жанчыну, якая даводзіцца нам бабкаю? Гэты ж збан, можа быць, яе друг, стары спадарожнік яе жыцця, а мы ўчынілі такое свінства! Калі я не выкуплю свайго граху перад добраю цёткаю Саламеяй, дык Бог пакарае мяне самога,— жартліва-трагічна вымавіў Лабановіч.

— Бог? — запытаў Янка.

— Ну, няхай не Бог, а лёс... Ведаеш, Янка, ніякага глупства, ніякага свінства з боку чалавека, што дапускае ён у адносінах да іншых, жыццё не даруе... Гэта дробязь, але ўсё гэта верна.

— Мне падабаецца, Андрэй, усё, што ты зараз сказаў. Але як мысліш ты сабе выкупіць свой «грэх»?— запытаў Янка.

— А вось як: сягоння кірмашовы дзень у Панямоні. На кірмашы нас болей за ўсё павінны цікавіць ганчары: купім самы вялікі, паліваны збан, які толькі знойдзецца ў іх. На гэтым збане я наклею карталюшку з такім напісам: «Дарагая цётка Саламея! Не гневайцеся Вы на нас і асабліва на Янку: збан пабіў не ён, гэта наша агульная з ім віна». І падпішуся. Яна паверыць, бо ведае мяне з малых дзён.

— А калі мы не знойдзем такога збана? — запытаў Янка.

— Тады мы закажам ганчару вылепіць яшчэ большы збан і з двума вушкамі,— адказаў Лабановіч.



XIX


Пасажыраў у вагоне было не так многа. Лабановіч прымасціўся на лаўцы каля акна і пазіраў на ўсё новыя і новыя малюнкі, напісаныя шчодраю прыродаю на кожным кавалачку зямлі, а таксама і змайстраваныя рукамі чалавека. Нейкае невыказнае хараство спалучалася ў сумеснай працы чалавека і прыроды і ў тонах іх агульнага настрою.

Адно толькі не радуе: наплыўшыя раптам халады і суш запынілі рост збажыны ў палях і травы ў лузе. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Іншы выгляд мелі дваровыя палеткі, выкраеныя з лепшых кавалкаў зямлі і сабраныя ў шырокія лавы, што акружалі панскія сядзібы і фальваркі. У часе засеяныя, угноеныя багата, пышна растуць тут збажына і ярына і трывала пераносяць нягоды вясны.

Лабановіч уважна прыглядаецца да ўсяго, што трапляецца на вочы пры шпаркім бегу машыны, якая з кожнай хвілінай імчыць яго далей і далей ад Мікуціч, ад Нейгертава, адкуль яшчэ пазаўчора блукалі яны з Янкам польнай дарогай, дзе хадзіць не даводзілася. Паблізу стаяла тая пышная старая хвоя, верхавіну якой даўно бачыў Лабановіч, праходзячы праз адзін узгорак, непадалёку ад Мікуціч. Не адзін раз прыпыняўся ён там палюбавацца хвояй. Ён глядзеў у падзорную трубу, купленую калісь у Пінску, у той час, як быў настаўнікам у Выганаўскай школе. Да адзінокай хвоі было шэсць вёрст з таго пагорка. І вось нядаўна Лабановіч разам з Янкам усутыч падыходзілі да зачараваўшага яго дрэва. А зараз яно і прыяцель стаяць у Андрэевых вачах.

Чым далей ад’язджаў Лабановіч ад Мікуціч і яго ваколіц, тым меней думаў аб іх. Іншыя мыслі займалі зараз вандроўніка: аб тым горадзе, у якім яшчэ не даводзілася яму быць, аб газеце і яе рэдакцыі, куды запрашалі яго прыехаць. Што пабачыць ён там? Як прымуць яго? Якую работу дадуць у рэдакцыі? Таксама не забываўся ён і аб тым, што знаходзіцца пад патайным наглядам паліцыі. Таму было і рызыкоўна зварачацца па дазвол паехаць у Вільню. Яго могуць запытаць у паліцыі, а чаму ён просіць дазвол? Можа выявіцца, што паднагляднаму вядомы яго стасункі да паліцыі. Дык лепей паехаць цішком, а там што будзе, то будзе, абы не кіснуць на адным месцы.

Ужо зусім добра развіднела, калі Лабановіч пад’язджаў да Вільні. З-за прыгожа акругленага пагорка, якімі так багаты віленскія ваколіцы, паднімаліся ў яснае і халоднае неба, нібы залатыя стрэлы, праменні сонца. Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся. Лабановіч з невялічкім чамаданчыкам у руцэ адзін з першых сышоў з вагона і пайшоў следам за народам, з захапленнем пазіраючы на падземныя тунелі, што вялі на вакзал і ў горад. Тут шмат было паваротак, і каб не напісы, дык новы чалавек мог бы лёгка заблудзіцца. Нарэшце Лабановіч выйшаў у горад, перасек даволі прасторную плошчу і зараз жа трапіў да Вострай Брамы, дзе была святыня каталіцкага насельніцтва, абраз Вастрабрамскай Божай Маці.

Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы ды ішлі або ехалі павольным крокам. Па баках вуліцы, не зважаючы на ранні час, стаялі на каленях багамольныя людзі, кабеты і мужчыны, заўзята білі сябе ў грудзі кулакамі і прыпадалі лбамі да халоднага тарцовага бруку. Было тут шмат жабракоў, якія маліліся з асаблівым стараннем і ўголас. Лабановіч таксама мусіў зняць шапку, прычым яму прыгадаўся адзін паляшук, якога сілаю заганялі ў царкву. Па дарозе ён казаў: «Хоць і пайду, але ні рукою, ні губою не мяльну!»

Мінуўшы Вострую Браму, Лабановіч стаў разглядацца і ўкрадкам чытаць напісы на скрыжаваннях вуліц, каб напаткаць тую, дзе змяшчалася рэдакцыя газеты. Было яшчэ рана. Горад толькі-толькі абуджаўся, і руху было мала. Зрэдку трапляліся адзіночныя постаці мужчын і кабет, якім не было калі песціцца ў пасцелях ды, можа, не ўсе яны мелі свае пасцелі. Гэта быў пераважна сярмяжны люд з навакольных вёсак ды з глухіх гарадскіх закуткаў, рамеснікі і людзі невядомых прафесій. Худыя, абарваныя, заклапочаныя, яны кудысьці спяшаліся для здабывання кавалка надзённага хлеба. Лабановіч уважліва і са спачуваннем прыглядаўся да іх і думаў: як многа такіх людзей, якім жывецца шмат горай за тых настаўнікаў, што павыганяны са школ. Не спяшаючыся, ён заходзіў у глухія, цесныя закавулкі, на якія быў багаты горад, каб лепей азнаёміцца з імі. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Ён варочаўся назад і губляў арыентацыю ў горадзе, якога не ведаў, ішоў у другім кірунку ды ізноў упіраўся ў тупікі. Нарэшце ён выбіўся на болей прасторныя вуліцы. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Гэта былі свайго роду сімвалічныя летапісы, што расказвалі пра многавяковае жыццё горада, пра яго гістарычныя лёсы.

Блукаючы па вуліцах і завулках, Лабановіч забраўся ў такія раёны, дзе ўжо страціў надзею без дапамогі людзей знайсці патрэбную яму Завальную вуліцу. А Вільня тым часам абудзілася і пачала сваё абыклае жыццё ў рэчышчы паліцэйска-чыноўніцкага тагачаснага ўкладу губернскага горада царскай імперыі. Яшчэ праз паўгадзіны Лабановіч, нарэшце, спыніўся каля рэдакцыі. Побач размясцілася даволі вялікая багатая крама з пышнаю размаляванаю шыльдаю, на якой было напісана па-руску: «Торговая фирма Амстердама». Можна было падумаць,— людзі так і думалі спачатку,— што гэта гандлёвы дом, адчынены тут якім-небудзь багатым купцом з Амстэрдама. У сапраўднасці ж крама належала мясцоваму гандляру, па прозвішчу Амстэрдам, які гандляваў цыкорыяй і кофе.

Нясмела, з некаторым хваляваннем і нават страхам пераступаў Лабановіч парог дома, дзе была рэдакцыя.

У цеснай каморцы, за просценькай дзервяной перагародкай з невялікім акенцам без шкла, сядзеў чалавек, малады, хударлявы. Перад ім стаяла бляшанка з клейстарам і памазком. Ён складаў нумары газеты то па адным, то цэлымі пачкамі і наклейваў на іх ярлычкі з тым ці іншым адрасам.

Малады чалавек падняў вочы на незнаёмага наведвальніка. Лабановіч пачціва прывітаў яго па-беларуску: «Дзень добры!» і запытаў:

— Гэта тут рэдакцыя?

— Тут,— адказаў малады чалавек і ў сваю чаргу пацікавіўся: — Вам, уласна кажучы, каго трэба? Па якой вы справе?

Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам. Гэта быў экспедытар газеты, сакратар па гаспадарчай частцы, бухгалтар і справавод. Зваўся ён Стась, а прозвішча яго было Гуляшак. Лабановіч прызнаўся, што рэдактар прыслаў яму запрашэнне прыехаць на работу ў рэдакцыю.

— Дык будзьце ласкавы, распранайцеся. Рэдактар звычайна прыходзіць а дванаццатай гадзіне.

Цяпер Стась Гуляшак значна гасцінней паставіўся да свайго новага знаёмага. Ён нават выказаў меркаванне, што тут, у рэдакцыі, Лабановічу будзе і пакой. Стась паказаў рукою на пакойчык, што знаходзіўся насупроць перагародкі.

— А самі ж вы дзе жывеце? — запытаў Лабановіч.

— На кватэры ў горадзе. Са мною жыве і мая маці,— адказаў Стась і дадаў: — Яна ў мяне сталаўнікоў утрымлівае.

Стась аказаўся гаваркім і гатовым на розныя паслугі чалавекам. З дазволу Стася Лабановіч зайшоў у той пакойчык, што меўся стаць кватэрай для яго. Пакойчык быў запушчаны, даўно нябелены, змрочны і няўтульны. Нумар газеты, наклеены на шыбах так, каб можна было чытаць яго з вуліцы, засланяў святло і рабіў пакойчык яшчэ болей цёмным. Пры адной сцяне ў глыбі пакойчыка стаяў ложак, падобны да санітарных насілак. Дзяружка, тканіна сялянскага вырабу, прымацаваная да дзвюх дзервяных бакавінак, была ўціснута ўніз, і ўся пасцель разам нагадвала сабою карыта. Так потым і называў яе Лабановіч.

Неўзабаве ў рэдакцыю прыйшоў і сам рэдактар, высокі, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі. Відаць, перад адзяваннем рэдактар чапляў на вусы навуснікі, а канцы іх, туга нацягнуўшы, завязваў на патыліцы і так хадзіў з гадзіну, каб прыдаць вусам пажаданы для іх уласніка выгляд. Уся постаць рэдактара, манера трымацца з людзьмі, капялюш і адзенне сведчылі аб тым, што ў яго быў загадзя надуманы намер рабіць на людзей уражанне, пусціць ім у вочы пыл для большай павагі. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў немалое значэнне. У гутарцы з малазнаёмымі людзьмі ён трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, не падобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Пры кожным трапным сказе ці выслоўі сам смяяўся паважным басавітым смехам.

— Го! — ветла сказаў рэдактар, убачыўшы Лабановіча.— З прыездам вас, дзядзька Андрэй! Працаваць будзем, што?

— Дзякую за жычлівае слова,— пачціва адказаў Лабановіч,— не ведаю толькі, як прыдамся да працы.

— Не святыя гаршкі лепяць,— сказаў рэдактар і махнуў рукою.— Закруцім, пане мой, справу, аж пыл курэць будзе, што?

Рэдактар палажыў на плячо Лабановічу сваю цяжкую руку, даючы гэтым зразумець, што ён, рэдактар, чалавек просты і прадбачлівы, а рэдакцыйная і газетная справы пастаўлены як лепей не трэба. Рэдактарскі аптымізм захапляў і радаваў Лабановіча, бо яму хацелася, каб гэтак яно і было.

— А скажыце, калі ласка, як разыходзіцца газета ў народзе? — пацікавіўся Лабановіч.

Рэдактар адвёў крыху ўбок вочы, нібы трохі збянтэжыўся, але цвёрда адказаў:

— Добра, зусім добра, дзядзька Андрэй. А будзе разыходзіцца яшчэ лепей, калі пачнём друкаваць яе,— такія меркаванні ў нас ёсць,— кірыліцай і лацінкаю, бо шмат ёсць беларусаў-католікаў.

Гэту навіну Лабановіч успрыняў без асаблівага задавалення, бо тады ўжо хадзілі гутаркі, што да беларускай газеты прымазваюцца польскія клерыкалы. Але ён палічыў за лепшае пакуль што прамаўчаць.

Доўга яшчэ гаманіў рэдактар, пераходзячы з аднаго на другое. Ён не забыў нават сказаць і пра Кракаўскі універсітэт. На развітанне рэдактар даў Лабановічу грыўню на падмацаванне.

— Падмацуйцеся і адпачывайце з дарогі.

Рэдактар паказаў рукою на пакойчык, у якім стаяў карыта-ложак.



XX


Непадалёку ад рэдакцыі была сталоўка-чайная, адчыненая «Союзом истинно-русских людей». Там можна было за пяць капеек з’есці талерку баршчу і адпаведную порцыю кашы. Аб усім гэтым паінфармаваў Лабановіча паслужлівы Стась.

— Хоць сталоўка і чарнасоценная, але чаму не пакарыстацца ёю таму, у каго мала грошай? — хітра падміргнуў Стась і дадаў: — Не зробяць жа чалавека чарнасоценцам чарнасоценскі боршч і каша. Як вы гледзіце на гэта?

— Згодзен з вамі, Станіслаў Зыгмундавіч,— падхапіў Лабановіч. У яго вачах бліснуў вясёлы агеньчык: — Гэта нават будзе цікава: «истинно- русские люди» па дзяшоўцы падкормліваюць крамольнікаў!

Стась засмяяўся.

— І не толькі крамольнікаў, але і проста... Бог яго ведае, каго,— сказаў ён.

Яны пайшлі. Сталоўка была даволі прасторная, але бруднаватая і прымітыўна абсталяваная. Сталы былі тапорнай работы і без настольнікаў. Замест крэслаў каля іх стаялі дзервяныя табарэты ці проста доўгія, вузкія лаўкі. За сталамі сядзела некалькі наведвальнікаў неакрэсленай прафесіі. Лабановічу нават здавалася, што паміж іх ёсць звычайныя тарбахваты. Сярод гэтай кампаніі Стась і Лабановіч былі самымі элегантнымі маладымі людзьмі. Вось чаму на іх з падазронасцю паглядзеў чалавек сярэдніх гадоў з шырокай русяваю барадою, які сядзеў каля буфета, дзе стаялі ёмкія чайнікі, шклянкі і талеркі незамыславатага вырабу.

Каля буфета і па сталоўцы не спяшаючыся тупала кірпатая, ружовашчокая яшчэ маладая жанчына. Яна разносіла чай і падавала боршч і кашу. Адзін з наведвальнікаў пяшчотна назваў яе «перапёлачкаю», калі яна падышла да яго.

Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Яны вялі гутарку аб сваіх справах, аб заработках, каму, як і дзе пашчасціла.

— І многа ж ты зарабіў? — пачуў Лабановіч запытанне мешчаніна, адрасаванае селяніну.

Селянін уздыхнуў, правёў рукою па вусах, зірнуў на мешчаніна і сур’ёзна адказаў:

— Руп і дзве ноздры круп.

Лабановіч не пакаяўся, што зайшоў сюды: тут можна і пасілкавацца і спакойна наглядаць людзей, пачуць трапнае слова ці выслоўе. Можна таксама пабачыць і цікавыя сцэны. Ён успомніў Янку Тукалу. Было б добра, каб і ён быў тут. Ужо, напэўна, не абышлося б без таго, каб ён выдумаў які-небудзь афарызм, напрыклад, такі: «І ў чарнасоценным брудзе можна знайсці крупінкі золата». Лабановіч меў на ўвазе выслоўе селяніна аб яго заработку.

Пачынала вечарэць, калі Лабановіч, абышоўшы значныя раёны горада, часамі надзвычай маляўнічыя, апынуўся ізноў у рэдакцыі.

Стась скончыў свой рабочы дзень і падаўся на кватэру. Лабановіч застаўся адзін і таксама пашыўся ў сваю спачывальню, дзе стаяў вядомы ўжо ложак-карыта. Пажылая кабета, што прыбірала ў рэдакцыі, прынесла дзяружку і жмут нейкіх лахманоў замест падушкі. Андрэй паслаўся, лёг і пасміхаўся: ніводзін цар, напэўна, не адчуваў сябе так добра ў сваёй пасцелі, як адчувае ў гэтым карыце Лабановіч. Доўгі час яму не ўдавалася заснуць. Ён прыгадваў розныя падзеі, уражанні пражытага на новым месцы дня, гадаў, думаў, як сустрэне заўтрашні дзень, што новага напаткаецца ў ім. Узнікала шмат пытанняў у сувязі з выданнем газеты, на якія сродкі яна выдаецца, якія перспектывы яе ў будучым.

Загрузка...