I зноў ажылі мыслі, якія ўсё часцей і часцей наведвалі Лабановіча, мыслі аб настаўніцкай арганізацыі, каб грамадой і па аднаму плану весці рэвалюцыйна-асветную работу ў народзе. У памяці ўсплылі малюнкі не так далёкага мінулага. Прыгадаўся Пінск, Вольга Андросава, першы патайны сход, дзе ён, Лабановіч, гаварыў аб арганізацыі вясковых настаўнікаў. Успомніў ён і Алеся Садовіча, і Янку Тукалу. Ці не аб гэтым жа самым думалі і яны, калі заводзілі гутарку аб трыумвіраце, аб пастаянных зносінах паміж сабою. У сілу непрадбачаных прычын і падзей падысці ўсутыч да ажыццяўлення патайной настаўніцкай арганізацыі не ўдалося. Але такая думка жыве не ў адной толькі галаве Лабановіча; яна займае тысячы настаўніцкіх галоў — не ўсе ж яны анцыпікі і саханюкі, якія ўхіляюцца ад рэвалюцыйнай барацьбы і лічаць лепшым жыць спакойна і сытна.

«Напісаць трэба Садовічу»,— вырашыў Лабановіч. І ён стаў абдумваць змест пісьма, каб ніхто не мог прычапіцца і каб яно было зразумелым для Садовіча. Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. А гэтым летам абавязкова пакласці пачатак рэвалюцыйнай настаўніцкай арганізацыі. Яе ў Беларусі няма, яна павінна быць.

З такімі думкамі ішоў Лабановіч на хутар. I раптам адчуў ён у сабе нейкі неспакой. Нейкая няўлоўная і неўсвядомленая думка стала карцець яму, разганяць добры настрой. I толькі тады для яго стала ясна, калі павярнуў з вялікай дарогі на маланаезджаную, што вяла на хутар: прычынаю неспакою была Ліда. Ці не паспяшаўся ён, беручыся падгатаваць яе для паступлення ў гарадскую школу? Нашто ўзяў ён такі абавязак і звязаў сябе? Хто прасіў яго быць настаўнікам Ліды пасля таго, калі яна скончыла пачатковую школу?

А на гэта былі дзве прычыны: Лабановічу падабалася прыгожанькая, крыху сарамяжлівая, чарнавокая Лідачка, хоць у гэтым ён не хацеў прызнавацца і сабе самому, не толькі людзям. Другая прычына — лішняя чарка, выпітая пад спакусліваю грушкаю. Усё паэтычнае асяроддзе наладжанага на скорую руку сялянскага банкету, прыемны шолам у галаве ўзнялі настрой, атулілі сэрца празмернаю дабратою, і ён, не ўзважыўшы цвяроза свайго парывання, паспяшаўся ўзяць на сябе адказны абавязак. А цяпер, зірнуўшы на ўсе гэтыя праявы другімі вачамі, настаўнік адчуў, што выпадковае, мімалётнае захапленне скіравала яго з правільнай дарогі. I сапраўды: што такое для яго Ліда? Якое мае ён права ўрывацца ў яе жыццё? I што кіруе ім у яго адносінах да яе? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Вывесці ў людзі? Не, няма чаго хітрыць з самім сабою. Напэўна, калі б Ліда была такая шчарбатая, як і маці, дык наўрад ці з’явіліся б у яго такія высокія парыванні.

Лабановіч перанёсся думкамі наперад, каб уявіць сабе Ліду, калі яна будзе ў гадах свае маці. Але сягонняшняя Ліда выбегла ў гэты час з двара насустрач Лабановічу. Жывая, вясёлая і радасная, яна зблытала ўсе яго мыслі. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Параўнанне з Антанінай Міхайлаўнай вылецела з яго галавы.

Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця.

— Я вас учора чакала,— сказала яна.

Лабановіч зірнуў ёй у вочы. Замест адказу сам запытаўся:

— Лідачка, ты не смяешся і не кпіш з мяне за мой учынак?

Ліда засаромелася. Ёй стала няёмка: як гэта яна будзе смяяцца з настаўніка? I ніколі не чула яна такіх запытанняў ад яго.

— Як гэта я буду кпіць з вас і смяяцца?

— Напіўся я тады да непрытомнасці і з-за гэтага не прыйшоў учора. Брыдка было паказацца ў вашым доме.

— Дык ніхто ж гэтага не бачыў,— адказала Ліда.

Настаўнік засмяяўся.

— Ты, Лідачка, гаворыш таксама, як і мая бабка Параска. I за гэта я вас люблю — цябе і бабку Параску. Ну, дык пойдзем і сядзем за работу.

I яны накіраваліся ў хату Антаніны Міхайлаўны.



XVIII


Набліжалася лета.

Ніякіх значных змен не адбылося ў жыцці Лабановіча. У Верханскай школе цяпер ён застаўся адзін. Анцыпік цішком знік. Куды ён падаўся, Лабановіч не ведаў. I яму таксама трэба было б адлучыцца на кароткі час. Ён паслаў пісьмо Садовічу. Яно было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Адказ прыйшоў даволі борзда. Садовіч пісаў, што яго школа стала прыпынішчам настаўнікаў, што з ім жыве Янка Тукала, Алесь Лушкевіч з-пад Шчорсаў і яшчэ збіраецца прыехаць некалькі чалавек. «У пачатку ліпеня, не пазней пятага,— пісаў сябар,— павінен быць і ты,— непрыменна, абавязкова. Наладжваецца гуртовая маёўка. Трэба ж, чорт вазьмі, гульнуць хоць раз у год». Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Паціхеньку і потайкам рыхтаваўся ён да важнай падзеі ў настаўніцкім жыцці. Лабановіч быў упэўнены, што ступае на новы рубеж. Для «маёўкі», аб якой паведамляў Садовіч, Лабановіч задумаў напісаць даклад на тэму аб асвеце ў пачатковых школах. Ён меркаваў выказаць думку аб тым, якія задачы ставяць царскія чыноўнікі настаўнікам пачатковых школ, і наогул, куды скіравана бюракратычна-паліцэйская навука царскай Расіі і што трэба супрацьставіць гэтаму.

Тым жа часам праз дзень, а калі праз два, хадзіў Лабановіч на хутар Антаніны Міхайлаўны займацца з Лідаю. Асаблівай стараннасці ў навучанні Ліда не выяўляла. Затое чым далей, тым прыметней абуджалася ў ёй дарослая дзяўчына.

Часам пазірала яна на свайго настаўніка не так, як належыць вучнёўцы. Настаўнік тлумачыць ёй правілы складання дробаў; Ліда слухае, а дробы кудысь адлятаюць ад яе, ніяк не трымаюцца ў галаве. А слухае, здаецца, яна вельмі ўважна і не зводзіць вачэй з настаўніка. У цёмных вачах з’яўляецца асаблівы бляск, на губах раптам заблукае ўсмешка; Ліда ловіць сама сябе на гэтай усмешцы, саромеецца і борздзенька хіліць галаву на падручнік. Кучаравыя цёмна-каштанавыя валасы падаюць ёй на рукі і рассыпаюцца па стале. Настаўнік спыняе тлумачэнне — галава ў яе забалела, ці што?

— Што з табою, Ліда? — пытае настаўнік.

Ліда падымае галаву, адкідае з ілба цёмныя локаны. Бляск вачэй гасне, на губах з’яўляецца вінаватая ўсмешка.

— Сон мяне змарыў,— няўпэўнена адказвае дзяўчына.

Настаўнік глядзіць на яе з дакорам. Лідзе робіцца непрыемна. Цень засмучэння кладзецца ёй на твар. Яна апускае вочы, замыкаецца ў сабе.

— Гэта, значыць, я так цікава тлумачу правілы складання дробаў, што навёў на цябе сон,— з ноткаю крыўды заўважае Лабановіч.

Ліда маўчыць і яшчэ ніжэй апускае галаву. Яна думае нейкія свае думкі, але якія, сказаць трудна. Некаторы час маўчыць і Лабановіч. Для яго зусім незразумела прычына такіх паводзін Ліды.

— Можа, табе нездаровіцца? — пасля кароткага маўчання пытае Лабановіч.

Ліда нічога не адказвае. Настаўнік у недаўменні глядзіць на яе.

— Чаго ж маўчыш, Лідачка? — спагадна дапытваецца ён.

Ліда нічога не гаворыць. А потым зрываецца з месца і бяжыць у свой куток за палатнянаю занавескай.

«Што ж гэта яшчэ за капрызы?» — пытае сам сябе Лабановіч. I не ведае, што рабіць далей: ці кінуць заняткі наогул і ісці дамоў, ці ўсё ж такі выясніць прычыну няроўнасці ў паводзінах вучнёўкі? У хаце, апроч яго і Ліды, нікога не было. Антаніна Міхайлаўна кудысь пайшла з двара. У часы заняткаў яна звычайна выходзіла з хаты, каб нічым не перашкаджаць «лекцыям». А Ліда, зашыўшыся ў свой берлажок за палатнянаю занавескаю, не падавала ніякіх адзнак існавання.

— Ліда! — аклікнуў голасна настаўнік.

Дзяўчына не адазвалася.

«Можа, яна самлела там!» — затрывожыўся Лабановіч. Ён устаў з-за стала і асцярожна накіраваўся да занавескі. Момант пастаяў каля яе і асцярожненька прыўзняў. За занавескай было даволі цёмна. Ліда ляжала на пасцелі, уткнуўшыся тварам у падушку і прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю.

Лабановіч нахіліўся над ёю, прыслухаўся да дыхання. Дзяўчына ляжала ціха і нерухома, як нежывая.

— Ліда! — яшчэ раз аклікнуў яе настаўнік.

Ліда не паварушылася і голасу не падала. Настаўнік палажыў руку на яе галоўку, пагладзіў валасы.

— Лідачка, што з табою? Чаго маўчыш? Жывая ты ці не?

I на гэты раз Ліда не азвалася. Тады настаўнік лёганька падсунуў руку пад чарнявую галаву свае капрызнае вучнёўкі, прыўзняў яе. Галава была цёплая, значыць, жывая. Настаўнік нахіліўся яшчэ ніжэй, а галаву падняў вышэй і пацалаваў яе ў шчочку, а потым і ў губы. Толькі тады Ліда зусім ажыла, зірнула на настаўніка, засмяялася, засаромелася, а потым строга сказала:

— Ідзіце адгэтуль!

«Вось табе і дробы!» — заўважыў сам сабе Лабановіч, выходзячы з-за занавескі.

Ён сеў за стол, на сваё звычайнае месца, з такім выглядам, як бы нічога асаблівага і не здарылася. Адразу ж ён не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Але нашто было так рабіць? I як адчуваў бы ён сябе, калі б Антаніна Міхайлаўна застала яго за занавескаю? Што б яна магла падумаць?

Цэлы рой думак замітусіўся ў яго галаве, а ў вачах паўставала Ліда. I адно яшчэ не зусім акрэсленае адчуванне давала аб сабе знаць грамчэй за ўсе: рабіць так, як зрабіў ён, нядобра. Ні да якіх пэўных заключэнняў настаўнік прыйсці не паспеў: выйшла Ліда. Ёй было сорамна. Стараючыся не глядзець на настаўніка, каб вочы іх не сустрэліся, Ліда села на сваё месца. Настаўнік таксама апусціў вочы, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі.

— Слухай, Ліда,— суха сказаў ён, каб згладзіць непрадбачаны выпадак.— Хочаш вучыцца, дык вучыся, а свае капрызы трэба схаваць. А калі не хочаш вучыцца, дык так і скажы: я болей хадзіць сюды не буду.

Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Засмучэнне і боль адбіліся на яе твары. Нізка апусціла галаву і маўчала. Лабановічу стала шкада яе, але ён не адразу з’ехаў з сухога настаўніцкага тону.

— Ну, ты падумай, Ліда, да чаго даводзяць твае капрызы! — настаўнік сам заўважыў, што ён пляце глупства, але пачатую гутарку павёў далей: — Што сказала б маці, калі б застала мяне з табою за занавескаю.

«Зусім глупства»,— сам сабе зазначыў Лабановіч.

Яшчэ ніжэй унурылася Ліда і нічога не адказала. Напэўна, яна думала, што яе настаўнік зараз не варты такой годнасці.

— Дык як гадаеш, Лідачка,— ужо ласкавей загаварыў настаўнік.— Будзем займацца далей ці скончым нашы заняткі?

Не падымаючы галавы, Ліда ціха прамовіла:

— Я хачу вучыцца далей.

— Ну, вось гэта іншая справа,— настаўнік быў задаволены, што да Ліды вярнуўся голас і яна загаварыла. Гэтым самым як бы клаўся рубеж між тым, што здарылася, і іх цяперашнім становішчам.

— Калі вучыцца, дык вучыцца, Лідачка. Больш капрызіць не будзеш?

— Не буду,— адказала Ліда і зірнула на Лабановіча.

— Ну, значыць, усё ў парадку. Сённяшнія заняткі скончым. Ідзі пагуляй, перадумай усё і на мяне не гневайся. Усё, што я тлумачыў пра складанне дробаў, ты пастарайся сама разабраць па падручніку.

Яны развіталіся.

Настаўнік накіраваўся ў свой бок.

I ўсё ж такі добрая справа — дарога. Чаго толькі не перадумаеш ідучы! Вярсты дзве прайшлі ў думках аб здарэнні на хутары. Абмеркаваўшы тое здарэнне з усіх бакоў, настаўнік не асудзіў сябе дужа строга, але перасцярог на далейшае.

I ён усё весялей пасуваўся наперад, трымаючы кірунак на Верхань.



XIX


Вандроўкі на хутар не дужа вабілі Лабановіча. Гэта быў непрыемны абавязак. Уся бяда ў тым, што вінаваты ён сам: хто прасіў яго хадзіць на гэтыя заняткі? Ды ўжо адступаць позна. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Але былі і дадатныя бакі ў гэтых вандроўках: па дарозе добра абмяркоўваўся даклад. Думкі плылі лёгка і гладка. Многа трапных сказаў складалася ў галаве. Часамі настаўнік нават прыпыняўся, даставаў з кішэні запісную кніжку, азіраўся, каб не было лішніх сведак, бо людзі маглі б чорт ведае што падумаць, і запісваў дасціпныя выразы. Тады здавалася, што варта сесці за стол і ўсё пацячэ на паперу так жа гладка і вольна, як цяклі яго мыслі ў дарозе. На справе ж выходзіла іначай. Запісаныя дасканалыя сказы не маглі аднавіць той поўны і шырокі малюнак, што рысаваўся ў яго ўяўленні, і ўзятыя паасобку выглядалі бездапаможна, як абшчыпаныя вераб’і. Мімаволі прыгадваўся той чароўны замак, які ўявіўся аднойчы Лабановічу ў часе вандровак па ваколіцах Верханя: варта было саступіць на некалькі крокаў з той пазіцыі, адкуль рысаваўся замак, каб ён распаўся, развеяўся, як дым.

Трапляліся ў дарозе і іншыя прыемнасці. У канцы чэрвеня прайшлі шчодрыя летнія дажджы, а потым ізноў наладзілася надвор’е. Праходзячы ў цяньку пад бярозавымі прысадамі, насунуўся Лабановіч на ладнага баравіка, узрадаваўся яму, як другу свайго дзяцінства, прыпыніўся і падрэзаў яго карэньчык каля самай зямлі. Стаў разглядацца — паблізу сядзелі яшчэ два баравікі, маладыя, здаровыя. Акуратненька ачысціўшы ад пяску, ён палажыў грыбы ў хустачку і з гэтымі трафеямі пайшоў далей.

Уперадзе каля самай дарогі стаяў лясок, пераважна бярозавы. Зрэдку пракідаліся і хвойкі, трапляліся елкі і нават кусты ялоўцу. Лабановіч звярнуў з дарогі і пайшоў аглядаць лес. «Мясціна для баравікоў падхадзяшчая»,— падумаў ён і з захапленнем заўзятага грыбніка стаў аглядаць найбольш зручныя для баравікоў лясныя сховы. Не прайшоў ён і паўсотні крокаў, як раптам спыніўся бы ўкопаны. Яму рэдка калі траплялася бачыць такое мноства баравікоў на зусім невялічкай лапінцы. Грыбы сядзелі дзе па адным, дзе парамі, а дзе і цэлымі гуртамі. А самае цікавае, што гэта былі не бярозавікі, жоўценькія, як яечня, а чорнагаловыя, самыя лепшыя баравікі, якія растуць толькі ў сасонніках.

Налюбаваўшыся баравікамі, Лабановіч не спяшаючы прыступіў да збору. Ён прысядаў каля кожнага грыба, падразаў ножыкам карэньчык, саскрабаў пясок і рознае смецце, прыліпшае да кораня. Грыбы ж былі маладыя, крэпкія, важкія, шапкі зверху чорныя, а спаднізу белыя, бы кужаль. Ну, як не цешыцца з іх? Паднятыя і ачышчаныя баравікі шчаслівы грыбнік клаў на чыстае месца ў кучку. Іх набралася каля сотні. На гэтай лапінцы грыбоў болей не было і на суседніх мясцінах не трапілася ніводнага. Каша настаўнік не меў. Ён выразаў некалькі бярозавых пруткоў, звязаў іх тонкімі канцамі і нанізаў цэлыя тры маністы грыбоў. З гэтым здабыткам і пайшоў на хутар.

Сустрэчныя хутаране з цікавасцю глядзелі на вянкі грыбоў, часамі хто-небудзь і не мог змоўчаць, выказваў уголас сваё здзіўленне:

— А! Ото ж грыбкі! I так рана з’явіліся! I дзе вы назбіралі іх?

Настаўнік адказваў, нічога не ўтойваючы. Пакуль ён дайшоў да Антаніны Міхайлаўны, некалькі хутаранак пайшлі аглядаць грыбныя мясціны. Здзівілася таксама і Антаніна Міхайлаўна.

— Што ж вы будзеце рабіць з імі? — пацікавілася яна.

— Аддаю іх вам. Што хочаце, тое і рабіце, Антаніна Міхайлаўна.

— Ну, дык у нас сягоння будзе фрыштык...

Антаніна Міхайлаўна забрала грыбы і стала перабіраць, каб прыгатаваць іх сваім спосабам. Адна толькі Ліда не праявіла ніякага захаплення здабыткамі свайго настаўніка, і гэта трошкі пакрыўдзіла яго.

— Ліда, ты любіш збіраць грыбы? — спытаў ён.

Ліда вінавата ўсміхнулася.

— Я ніколі не збірала іх. Суніцы я люблю збіраць.

— Эх, Ліда, Ліда,— з дакорам сказаў настаўнік, і вочы яго загарэліся. Ён прыгадаў сваё дзяцінства і свае грыбныя паходы. Рознакаляровы ланцужок малюнкаў, вобразаў усплыў перад яго вачамі. Ён не мог стрымацца, каб хоць у агульных рысах не расказаць пра гэта.

— Няма для мяне нічога лепшага на свеце, як хадзіць аднаму па грыбных мясцінах і збіраць баравікі. Люблю я іх. Яны — нібы мае сябры, толькі гаварыць не ўмеюць. Устанеш, бывала, раненька, пойдзеш у лес, захапіўшы кошык, на аблюбаваныя раней баравіны. У лесе яшчэ цёмна, чакаеш, покі добра развіднеецца, каб першаму агледзець грыбныя мясціны. А там так ціха, так добра, ну проста хочацца спяваць песні! Ты разумееш гэта, Ліда?

Ліда не разумела гэтага. Яна слухала, а думала пра штось іншае. Запытанне настаўніка налучыла яе знянацку. Усміхнулася вінаватаю ўсмешкаю, апусціла галаву і ціха прамовіла:

— Так рана я ніколі не ўставала, а хадзіць у лес адна баюся.

Яе адказ ахаладзіў жар настаўніцкіх успамінаў. Цяпер ён ніколечкі не пакрыўдзіўся на Ліду: чаго было ўпадаць у такое цялячае захапленне. На момант Лабановіч прымоўк.

— Вось у тым-та і справа, Ліда, што ты рана не ўстаеш і не была ў лесе да ўсходу сонца... Ну, ды ладна,— перапыніў сябе настаўнік.— Будзем займацца, калі мая экскурсія ў лес не ўдалася,— іранічна закончыў ён.

Дзве добрых гадзіны займаліся, хоць сядзець у хаце за надакучыўшымі падручнікамі ды адмахвацца ад мух, калі за акном светла, зелена, прасторна,— не дужа вялікая прыемнасць. Але трэба было паўтарыць усё пройдзенае. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Паўтаралі граматыку, сінтаксіс, рабілі граматычны разбор, пісалі дыктоўкі, рашалі задачы. Там, дзе ў падрыхтоўцы не ўсё было гладка, настаўнік не адступаўся, пакуль Ліда поўнасцю не засвойвала таго ці іншага пытання. Часамі яна ў такіх выпадках упадала ў роспач.

— Нічога з майго паступлення не будзе,— казала Ліда. Незадаваленне і безнадзейнасць чуліся ў тоне яе голасу.

— Аб гэтым, Ліда, ты не думай, бо калі пачнеш гэта забіраць сабе ў галаву, дык тады і сапраўды нічога не будзе. Весялей пазірай на рэчы.

Настаўнік цярпліва тлумачыў дзяўчыне тое, што было засвоена ёю не зусім цвёрда і ясна. Нарэшце, дайшоўшы да поўнага разумення, яна весялела.

— Ну, вось бачыш. Не трэба складаць рукі перад цяжкасцямі,— падвясельваў настаўнік.

Наогул жа цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Пасля вядомага здарэння за палатнянай занавескай яна не выходзіла насустрач Лабановічу і не праводзіла яго, калі ён ішоў з хутара ў Верхань.

— Ну, зробім перапынак,— сказаў Лабановіч і падняўся.

Ліда засталася сядзець за сталом. Яна думала аб паездцы Лабановіча ў Мікуцічы. Чамусьці ёй не хацелася, каб ён туды ехаў. Сказаць жа пра гэта настаўніку не адважвалася.

— Чаго задумалася, Ліда? — спытаў ён.

Ліда яшчэ ніжэй нагнула галаву.

— А так, нічога.

Потым падняла вочы на настаўніка і ціха сказала:

— Не трэба вам ехаць у Мікуцічы.

Лабановіч здзівіўся.

— Чаму? — запытаў ён.

— Так,— адказала Ліда,— не ведаю, але не ездзіце.

Настаўнік болей нічога не дабіўся ад Ліды. Яна ўстала з-за стала і выбегла з хаты.

Тым часам Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай.

— Давайце крыху перакусім. Закаштуйце майго смажэння і скажыце, ці падыходжу я ў кухаркі.

Яна заслала стол белым настольнікам, прынесла талеркі, сялянскую закуску, паставіла графінчык наліўкі і грыбы.

Лабановіч мусіў прызнацца, што такіх смачных грыбоў ён не еў ніколі. Ліда таксама хваліла грыбы і ела з прыемнасцю. А потым сказала:

— Пайду Колю паклічу, няхай і ён закаштуе.

Калі яна выйшла з хаты, Антаніна Міхайлаўна, крыху памаўчаўшы, сказала:

— Закружылі вы галаву маёй Лідзе...

У гэтых словах настаўнік адчуў і другія, нявыказаныя: «А калі гэта так, дык ты ж і не кідай яе».

Настаўнік адчуваў сябе няёмка, але ўсё ж здолеў выціснуць некалькі слоў:

— Дзіця яна яшчэ. Усё гэта пройдзе ў яе.

Ідучы ў Верхань, настаўнік шмат аб чым думаў. I думкі свае скончыў ён украінскаю песняю:


Ой, не ходи, Грицю,

Тай на вечорницю.



XX


На школьным ганку Лабановіча сустрэла бабка Параска. Па яе заклапочаным твары і па той хітраватай усмешцы, што свяцілася на ім, настаўнік дагадаўся, што бабка мае нейкую навіну. Але бабка не спяшалася казаць, бо не ведала, як будзе ўспрынята навіна.

— Ты, бабка, нешта тоіш ад мяне,— заўважыў настаўнік.

— Гэтага, панічок, не ўтоіш,— адказала бабка і, панізіўшы голас, ціха вымавіла: — Госць да вас прыехаў!

— Госць? Які госць? — запытаў Лабановіч.

— Не сказаў, хто такі — не назваўся.

— А дзе ён?

— Там,— паказала бабка на дзверы, што вялі ў пакоі настаўніка.

Пакуль ішла гэта гутарка, невядомы госць падкраўся да дзвярэй і замкнуў іх на ключ. Лабановіч заўважыў гэта толькі тады, калі пастукаў у дзверы, а потым і штурхнуў іх. Але дзверы не адчыніліся, і ніхто не азваўся.

«Заснуў там, ці што? I хто гэта такі?» — думаў Лабановіч, стоячы каля дзвярэй. Ён пастукаў мацней. Невядомы госць забарабаніў з сярэдзіны пальцам у дзверы, выстукваючы цэлую мелодыю: тра-та-та! тра-та-та! тра-та-та!

«Нехта з блізкіх сяброў,— падумаў Лабановіч,— але хто?» Ён прыдаў басавітасці свайму голасу, пастукаў яшчэ раз і запытаў:

— Церам-церамок! Хто ў цераме жыве?

Пісклівы голас з-за дзвярэй, таксама зменены, адказаў:

— Я, мышка-нарушка! А ты хто?

— Я — мядзведзь,— адказаў Лабановіч,— і магу выламаць дзверы!

— Цельшынскі? — спытаў тым жа пісклівым голасам госць.

I тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Лабановіч тады таксама пажартаваў з прыяцеля, як цяпер жартуе госць з яго.

— А-а-а! — выгукнуў Лабановіч.— Загадка разгадана. Адчыняй, Максім, дзверы!

У замку скрыгатнуў ключ. Дзверы расчыніліся. Сапраўды гэта быў Турсевіч. Адступіўшы на крок назад, ён прыгнуўся, адною рукою ўпёрся ў калена, а другою паказваў на Лабановіча і рагатаў.

— Не чакаў мяне? — спытаў ён.

Замест адказу Лабановіч кінуўся да прыяцеля — моцна абняў яго.

— Чакаць-то я чакаў, ды толькі не сягоння. Чаму ж не напісаў, калі прыедзеш? Я ж сустрэў бы цябе.

— А я вырашыў прыпаднесці табе сюрпрыз, застаць цябе знянацку,— адказаў Турсевіч, а потым запытаў: — Ты дзе ж гэта вандруеш?

— Дзе я быў, там цяпер мяне няма.

— Бач ты, які канспіратар! Ну, пакажыся, што ты за чалавек.

Турсевіч узяў прыяцеля за плечы, павярнуў яго направа, налева, паглядзеў у твар.

— Нічога, можна смела прымаць у салдаты,— заключыў Турсевіч свой агляд.

— Лепей, брат, быць арыштантам, чым слугою цара,— жартам адказаў Лабановіч.

— Ну, гэта як на чый густ,— заўважыў Турсевіч,— а што да мяне, дык я не хацеў бы быць ні тым, ні другім.

— А калі б перад табою паставілі такую дылему: салдат ці арыштант? Што выбраў бы?

Турсевіч палічыў, што гэта запытанне не мае пад сабой грунту, і адказу на яго не даў.

— Ні салдатам, ні арыштантам не хочаш быць,— заўважыў Лабановіч.— А я, брат, жыву па прыказцы: ад торбы і ад турмы не адракайся. Ну, ды ладна,— перапыніў ён самога сябе.— Рад, што ты прыехаў... Скажы, як знаходзіш ты маё новае месца?

Турсевіч задаволена ўскінуў галаву і сказаў:

— Гм! Добрая мясціна, ей-ей! Не тое, што наша былое Цельшына: прастору многа, свет відаць.

— А я з прыемнасцю ўспамінаю Цельшына. I калі думаю аб ім, а думаю часта, дык мяне агортвае нейкі жаль, як бы я страціў нешта дарагое — можа, таму, што там пакінута некаторая частачка душы,— з ноткаю засмучэння прамовіў Лабановіч.

— Ведаю я, што ты страціў,— праўдзівей, каго страціў: Ядвісю,— пажартаваў Турсевіч, уважна зірнуўшы на прыяцеля.

Лабановіч трохі збянтэжыўся. Само слова «Ядвіся» балюча адгукнулася ў сэрцы, і назіральны Турсевіч гэта заўважыў.

— Што, няпраўду сказаў? — не збіваючыся з жартлівага тону, са смехам выгукнуў Турсевіч, але, адчуўшы, што ён закрануў рану ў сэрцы Лабановіча, ужо сур’ёзна дадаў: — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Даруй, калі закрануў тваю балючую струнку. Ядвіся ж варта таго, каб аб ёй часамі і ўздыхнуць.

Лабановічу хацелася сказаць: «Покі буду жыць, буду памятаць яе. Ды знікла яна з майго неба і сляды замяла за сабою».

Турсевічу ён сказаў, таксама пераходзячы на жарт:

— Бачу, што ты па ёй уздыхаеш.

— Ну, дзе ўжо мне спаганяць тое, што з воза ўпала,— махнуў рукою Турсевіч.— Хачу яшчэ павучыцца, а потым жаніцца.

— Ладна, ладна, браток! Успаміны на потым,— замітусіўся Лабановіч.— I быў бы я дурань, калі б не запытаў цябе: есці хочаш?

Не даючы прыяцелю апамятацца, Лабановіч гукнуў:

— Бабка Параска!

Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Яна ўбачыла, што яны рады адзін аднаму, і ёй стала лёгка на душы.

— Вось што, бабулечка,— звярнуўся да яе Лабановіч,— напячы нам бульбяных піражкоў: Максім Юстынавіч,— Лабановіч паказаў рукою на Турсевіча,— ніколі ў жыцці не толькі не еў, але і не бачыў такіх піражкоў.

Бабка Параска так і заззяла, а Лабановіч казаў далей:

— Вось, бабка, тры рублі. Пашлі Піліпа ў манапольку, няхай возьме паўкварты. Да нас прыехаў госць. Трэба пачаставаць яго так, каб ні нам, ні людзям брыдка не было.

Бабка прыязна ўсміхнулася і выйшла з пакоя.

— Залатая бабка,— сказаў Лабановіч.

Турсевіч разважліва азваўся:

— Навошта такія захады?.. Андрэй, не дурэй!

— Не кожны ж дзень так бывае. Прыгадай, колькі часу мы не бачыліся. Дык як не адзначыць такую падзею?

— Ну, гэта я так сабе сказаў, для прыліку,— засмяяўся Турсевіч і патрос Лабановіча за плечы.

Пакуль бабка Параска ўвіхалася ў кухні, гаспадар і госць вырашалі, як латвей размясціцца.

— Наперадзе ўсё лета,— казаў Лабановіч,— табе ж трэба заняцца зубрысцікаю, дык давай уладжвацца, як лепей і зручней для цябе. Вось адзін пакой, а вось другі. Ёсць канапка і койка — выбірай, што хочаш. Стол агульны.

Турсевіч смешна развёў рукі, нібы дзівячыся такому багаццю ў кватэры сябра.

— Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць,— смяяўся ён. I з прычыны гэтага прыгадаў адзін выпадак: — Нейкі бедны чалавек сустрэў настаўніка і звярнуўся да яго з просьбаю аказаць грашовую дапамогу. «I рад бы я вам дапамагчы, ды адкуль грошы ў беднага вясковага настаўніка?» — «Вы сельскі настаўнік? — здзівіўся чалавек.— Даруйце мне, я гэтага не ведаў». Ён палез у кішэню, дастаў траячку і працягнуў яе настаўніку.

— Ці смяяцца тут, ці плакаць? — азваўся Лабановіч і дадаў: — Лепей пасмяяцца. Затое ж у настаўніка сумленне чыстае: гэта не абдзірала-ўраднік, не прыстаў і не валасны пісар. Па-маéму — вясковы настаўнік самы чысты і самы святы чалавек у царскай Расіі.

— Прыемна слухаць такія водгукі аб нашым браце,— уставіў слова Турсевіч.— Ды яно, можа, і праўда. Але не трэба забываць адной акалічнасці: пасадзі ты нашага брата каля смачнага і тлустага каравая, дык ці не скапыціцца і ён, як ты думаеш?

У прыяцельскай гутарцы, ва ўспамінах аб мінулых днях, аб знаёмых час ішоў непрыметна. Бабка Параска падрыхтавала перакуску, накрыла стол белым, як снег, настольнікам, паставіла талеркі, палажыла нажы і відэльцы і потым прынесла ёмкую скавараду з пахучымі скваркамі і яечняй. Пасля з’явіліся і славутыя бабчыны бульбяныя піражкі.

— Ну, што ты скажаш пра бабку Параску? — спытаў Лабановіч.

— Маладзец — твая бабка! — пахваліў Турсевіч.

— I легенда аб настаўніцкай беднасці не зусім адпавядае рэчаіснасці,— сказаў Лабановіч, паказваючы на скавараду са скваркамі, на паўпляшку гарэлкі і на бульбяныя піражкі.— Ну, дык давай прапусцім па чарцы: за наша спатканне, за нашу настаўніцкую беднасць, за чыстасць і святасць!

— Прымаю! Амін! — пацвердзіў Турсевіч, беручыся за чарку.



XXI


Старыя сябры і прыяцелі, Турсевіч і Лабановіч, размясціліся ў кватэры найлепшым чынам. Усё падзялілі, размежавалі, і ніводзін ні ў чым не замінаў другому. Можа быць, гэтаму спрыяла настаўніцкая беднасць, аб якой расказваў Турсевіч, і настаўніцкая «святасць і чыстасць», за якія падымаў чарку Лабановіч.

Кожны з іх, у меру сваіх душэўных сіл, асаблівасцей характару, прыносіў даніну на алтар дружбы і прыяцельства, калі гаварыць высокім стылем. У пэўныя часіны яны разыходзіліся — у кожнага была свая дарога. Турсевіч браў падручнік, ішоў куды-небудзь у зацішны куток і старанна займаўся падрыхтоўкай у інстытут. Да сэрца прыйшліся яму верханскія могілкі — асабліва пасля таго, як Лабановіч расказаў пра невядомую пару закаханых людзей, знайшоўшых сабе там ціхі прыпынак і схоў. Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася.

У пэўныя часіны прыяцелі сядзелі разам, гутарылі, спрачаліся, не згаджаліся адзін з другім, але не выходзілі за межы дружбы. Гэтаму таксама спрыяла і тая акалічнасць, што сябры жылі пад адною страхою не дужа вялікі час. Яны лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Ды ў народзе бытуе простая мудрасць: каб пазнаць чалавека, дык трэба з’есці з ім пуд солі. Нашы сябры не з’елі яшчэ і аднаго фунта солі, а паміж іх пачалі ўзнікаць спрэчкі, якія чым далей, тым болей раз’ядноўвалі іх і праводзілі між імі такую мяжу, якую пераступіць не так лёгка. Повадам для такіх спрэчак звычайна была Дзяржаўная дума, вярней сказаць — палітычныя пытанні. Турсевіч у сваёй палітычнай накіраванасці не ішоў далей кадэцкай партыі. Яна была для яго палітычным ідэалам.

— О, каб толькі ў Расіі дабіліся таго, што ставіць сваёю палітычнаю праграмаю канстытуцыйна-дэмакратычная партыя! — казаў Турсевіч.— Ужо адно тое, што ў кадэцкай партыі сабраны лепшы цвет рускай інтэлігенцыі — прафесары, адвакаты, дактары, інжынеры,— шмат аб чым гаворыць і выгадна рэкамендуе самую партыю «народнай свабоды».

— Прыпусцім, што кадэты ажыццявілі сваю праграму,— уставіў слова Лабановіч.— Чаго дабіўся б тады народ?

— Па-першае, беззямельнае і малазямельнае сялянства атрымала б зямлю. Другое, самадзяржаўны лад быў бы абмяжованы, а да гэтага імкнецца пераважная большасць народа. Міністры і губернатары адказвалі б перад Дзяржаўнай думай. I мы, вясковыя настаўнікі, былі б пастаўлены ў непараўнальна лепшыя ўмовы. I ўсё насельніцтва мела б шырокія палітычныя правы. Ты ведаеш,— казаў далей у захапленні Турсевіч,— як азначала задачы Дзяржаўнай думы кадэцкая газета «Русь»? Галоўнае прызначэнне думы, якая цяпер выбіраецца,— пісалася там у часе выбараў,— і партыі «народнай свабоды» ў ёй — быць бічом народнага гневу. Выгнаўшы і аддаўшы пад суд злачынных членаў урада, ёй прыйдзецца займацца толькі неадкладнымі мерамі, а затым склікаць сапраўдную думу — на болей шырокіх асновах. Хіба гэта ў нашых умовах малая праграма? — з выглядам пераможцы спытаў Турсевіч і дадаў: — Памажы толькі ім, Божа, дабіцца яе ажыццяўлення.

— Але покі што,— заўважыў Лабановіч,— ніводнага царскага сатрапа дума пад суд не аддала. А хіба іх няма за што судзіць? Выходзіць наадварот: сатрапы самі пачынаюць сыкаць на думу. Счакаўшы, яны не толькі будуць сыкаць, але і тупаць нагамі, а можа, і па шапцы ёй дадуць. Вось ты спасылаўся на газету «Русь». Я табе прывяду словы другой кадэцкай газеты. Яна пісала аб тым, што поспех кадэтаў на выбарах звярнуў на сябе ўвагу «сфер» і нават занепакоіў гэтыя «сферы», гэта значыць сатрапаў. Але потым «сферы» ачухаліся, разгледзеліся, прыслухаліся і прыйшлі да заключэння, што поспех кадэтаў на выбарах і сама кадэцкая дума проста выгадна для царызму... А кадэты няхай сабе пашумяць, памахаюць кулакамі — біцца ж яны не палезуць,— няхай пакрытыкуюць урад і нават пагрозяць якому-небудзь міністру. Ніякага страху ў гэтым няма, бо ні кадэцкая і ніякая іншая дума міністраў не назначае. Мне здаецца, што гэта кадэцкая газета, а называецца яна «Наша жыццё», стаіць шмат бліжэй да праўды, чым твая «Русь».

— Дык, па-твойму, самы факт існавання Дзяржаўнай думы не мае ніякага значэння? — нахмурыўшыся, спытаў Турсевіч.

Лабановіч апусціў вочы ў дол. У першы момант ён не знаходзіў сталага адказу. Трэба было выгадаць некаторы час, каб адказаць памудрэй, і ён сказаў, зайшоўшы здалёку:

— Адна добра знаёмая мне настаўніца — не ведаю, дзе яна цяпер і што з ёю — расказвала пра басяка, які прасіў грошай на выпіўку. Калі настаўніца запыталася, колькі ж яму трэба, басяк глыбакадумна прыставіў палец да лба і сказаў: «Першы раз натыкаюся на такое філасофскае пытанне!» Дык вось і мне застаецца паўтарыць словы таго басяка ў сувязі з тваім запытаннем.

Турсевіч зняважліва махнуў рукою:

— Дзяржаўная дума ёсць рэчаіснасць, значыць, яе бытаванне ёсць з’ява разумная.

— Залез ты, брат, у такія філасофскія нетры, адкуль і не выбрацца. «Усё рэчаіснае разумна»,— іранічна падкрэсліў Лабановіч.— Самадзяржаўны лад — таксама рэчаіснасць і, значыць, разумны? Навошта ж тады змагацца з ім? Ты пачынаеш кідацца ў сафістыку. Жыццё і прырода і ўсе з’явы жыцця не знаходзяцца ў стане спакою і нерухомасці. Яшчэ старадаўні грэчаскі філосаф сказаў: «Усё цячэ і ўсё змяняецца», прычым усё гэта не абыходзіцца без барацьбы. А ўсё, што мае пачатак, тое мае і канец. Вось чаму я так упэўнены ў тым, што і самадзяржаўю з прыдуркаватым Міколкам прыйдзе канец не сам сабою, а ў выніку рэвалюцыйнага паўстання ўсяго народа. Але не кадэцкая Дзяржаўная дума прыложыць у гэтым сваю руку: кадэцкая дума — тормаз народнага паўстання супраць каранованага пудзіла на троне. А таму кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў. Думаю, што гэта мая ацэнка Дзяржаўнай думы для цябе ясная.

Турсевіч, здзіўлены, недаўменна развёў рукі, уважліва зірнуўшы на свайго былога вучня, а сённяшняга друга.

— Ого-го! — выгукнуў ён.— Не спадзяваўся я пачуць ад цябе такую... Ну, як табе сказаць... канцэпцыю... Далёка ж ты махнуў!.. Давай будзем шчырымі: скажы, да якой партыі ты належыш?

— Калі быць шчырымі, як ты падкрэсліваеш, дык скажу табе: ні да якой партыі я не належу.

— Чаму ж гэта так? — спытаў Турсевіч.

— А вось чаму: часамі мне здавалася, што праўду нясуць кадэты. Ну, ведаеш: «лепшы цвет рускай інтэлігенцыі», як рэкамендуеш іх ты. А потым, прыслухаўшыся да эсэраў, я падумаў, што праўда на іх баку, і гатоў быў стаць на іхнія пазіцыі. Але давялося і даводзіцца мне, як і кожнаму з нас, хто шукае праўды, паслухаць і сацыял-дэмакратаў. Важка, грунтоўна, правільна гавораць яны... Ёсць адно агульнае і для эсэраў і для сацыял-дэмакратаў: імкненне звергнуць самадзяржаўны лад. А на чыім баку праўда, я яшчэ не ведаю дакладна. Але я мыслю сабе, што жыццё і далейшая барацьба за народаўладнасць пакажа, хто стаіць на верным шляху, а хто памыляецца. Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду.

Турсевіч дакорліва паківаў галавою.

— Эх, Андрэй, Андрэй! — з ноткаю скрухі ў голасе адгукнуўся ён.— Табе ўжо было папярэджанне ў рэвалюцыі, і даволі грознае. Пагуляў, і будзе, бо ты гуляеш з агнём. А ёсць прыказка: каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. I што атрымалася? Ты ведаеш апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Раскрыў іх не ў пору, і кветкі загінулі.

— А я табе прывяду другі расказ, як бацька навучаў сыноў, каб яны жылі ў дружбе і згодзе. Помніш пра венік? Покі венік быў звязаны ў адным пуку, сыны зламаць яго не маглі, а развязалі — па розачцы паламалі лёгка. Дык вось, калі народ усвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны, тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь. За гэта я і буду змагацца. Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца. I ведаеш, мой дарагі: у настаўніцкім інстытуце нічога табе пра гэта не скажуць.



ХХII


Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі і ніякія гаворкі іх ужо не злучаць. Турсевіч шчыра шкадаваў свайго сябра як чалавека, відавочна, ступіўшага на небяспечны шлях, як чалавека, свядома выбраўшага пакуту, астрог і няволю. Чаго ж іншага можна спадзявацца на такім шляху? Чаму ён так робіць? — на самоце пытаў самога сябе Турсевіч. I хіба гэта верны шлях? Яго, Турсевічаў, абавязак — перасцерагчы маладзейшага і меней дасведчанага ў жыцці друга ад той небяспекі, па краі якой ён ходзіць.

I Турсевіч цвёрда паставіў сабе пагаварыць з Лабановічам аб гэтым, толькі не зараз, калі жар спрэчак яшчэ не астыў.

У сваю чаргу Лабановіч спачуваў Турсевічу як добраму другу дзіцячых і юнацкіх дзён. Перад яго вачамі паўстала Палессе, вандроўка ў Любашава, куды перабраўся Турсевіч з Цельшынскай школы, іх гутаркі і спрэчкі. Тады спрэчкі не разлучалі іх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалі дружбу. Шкада было Турсевіча як чалавека, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага і сытнага кавалка хлеба і мірнага, бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам. Але ні Лабановіч, ні Турсевіч нічым не выяўлялі гэтых прытоеных пачуццяў адзін да аднаго, стараліся проста не гаварыць ні аб іх, ні аб тых пазіцыях, на якіх цяпер стаяць яны, як бы нічога асаблівага паміж імі не здарылася.

Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак.

Тым часам набліжаўся дзень паездкі ў Мікуцічы, дзе нелегальна збяруцца вясковыя настаўнікі. Там будзе абмяркована праграма іх палітычнай дзейнасці. У краіне ж наспявалі не дужа радасныя падзеі. Усё болей наглелі сатрапы Мікалая Другога і вышэй падымалі галаву. Не так ужо многа дамагалася дума ў асобе яе кадэцкай большасці, але і самыя мізэрныя патрабаванні тармазіліся і не выконваліся. У той жа час з усіх канцоў Расіі сяляне слалі ў думу наказы аб зямлі, накіроўвалі ў Пецярбург сваіх хадакоў, патрабуючы неадкладна вырашыць пытанне аб надзяленні зямлёю беззямельных і малазямельных. Частка думскіх дэпутатаў, пераважна сялянскіх, прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Кадэцкая большасць на гэта не пайшла, дый як магла яна пайсці, калі самі кадэты былі тыя ж памешчыкі і прадстаўнікі буржуазнай інтэлігенцыі? Яны рабілі «запросы» міністрам, шумелі. Міністры ж або зусім не адказвалі, або, са свайго боку, пагражалі, і іхняя пагроза была больш дзейсная. Упарта насіліся чуткі аб роспуску думы. На гэты час быў назначаны новы міністр унутраных спраў, Гарамыкін. Яшчэ не паспеў ён увайсці ў сваю ролю, а ўжо з’явіўся верш:


Милый друг, не верь надежде,

Горемыкину не верь:

Горе мыкали мы прежде,

Горе мыкаем теперь.


Пакуль у Дзяржаўнай думе важыліся напісаць зварот да народа, да сялян царскай Расіі звярнуўся не хто іншы, як сам Гарамыкін.

Калі ў сялян і былі яшчэ надзеі атрымаць праз думу зямлю, дык гарамыкінскі зварот,— а зварачаўся ён ад імя ўрада,— развеяў гэтыя надзеі ў прах. Гарамыкін перасцерагаў сялянства ад празмернай прагі да зямлі, ад паспешнага імкнення авалодаць ёю ў самы кароткі час, бо сяляне, бач, як дзеці, часта не разумеюць таго, чаго яны хочуць. Гарамыкін утлумачваў народу, што цар і яго слугі заўсёды клапаціліся і будуць надалей клапаціцца аб народзе, бо не забываюць яго інтарэсаў. Развязаць жа з аднаго маху такое пытанне, як зямельнае, нельга, бо яно вельмі і вельмі складанае. I не трэба верыць тым крыкунам, што абяцаюць народу залатыя горы. Усё прыйдзе ў свой час.

«Вось гэта рэальная і знаёмая палітыка,— думаў Лабановіч, чытаючы гарамыкінскі зварот.— Але як народ успрыме яе!» Рэшткі веры ў Дзяржаўную думу, якія яшчэ тлелі ў свядомасці настаўніка, цяпер былі разбіты. Ён яшчэ болей пераканаўся ў тым, што ў спрэчцы з Турсевічам праўда была на яго баку, на баку Лабановіча. I тут ён — ужо каторы раз — мімаволі прыгадаў тую пляцоўку, з якой так прыгожа вырысоўваўся ў смужнай далечыні зданнёвы замак. Ці не была і сама надзея на Дзяржаўную думу такая ж ілюзія, як і той неіснуючы замак?

Гарамыкінскі зварот да народа зрабіў нядобрае ўражанне на Лабановіча. Асабліва непрыемна, што гэта адбылося амаль напярэдадні паездкі ў Мікуцічы. Чорная рэакцыя націскае ўсё мацней. Як адаб’ецца яна на сходзе вясковых настаўнікаў, на іх настроі? Ці не нагоніць страху і ці не астудзіць яна гарачых парываў неспакушаных у барацьбе таварышаў? Была вялікая патрэба перакінуцца жывым словам, падзяліцца думкамі з блізкім чалавекам.

Больш блізкага чалавека, як Турсевіч, у Лабановіча тут не было. Праўда, яны паспрачаліся і зусім не сышліся ў поглядах на Дзяржаўную думу і на палітычную барацьбу. Але ж спрэчка — не сварка і дружбы не разбіла, хоць і зрабіла ў ёй шчыліну. У пэўныя часіны дня сябры сходзіліся на кватэры: гэта быў час снедання, абеду, вячэры і познія летнія вечары.

— Можа, ты маеш ахвоту прагуляцца са мною па дарозе на Шабуні? — неўзабаве запытаў Лабановіч Турсевіча.

Гэту прапанову Турсевіч зразумеў як захады з боку сябра вярнуць згоду і ранейшую дружбу паміж імі, што як-ніяк былі парушаны нядаўнімі спрэчкамі.

— А што гэта за дарога такая ды яшчэ на Шабуні? — запытаў Турсевіч. Было відавочна, што ён нічога не мае супраць пагулянкі.

Па нейкай дзіўнай асацыяцыі Лабановічу прыгадаўся адзін біблейскі эпізод. На запытанне Турсевіча ён жартліва адказаў:

— Перад тым як ісці на пропаведзь, Хрыстос пасціў сорак дзён і сорак начэй. Пасля гэтага ён пайшоў у пустэлю памаліцца. Там сустрэў яго д’ябал. Д’ябал пачаў спакушаць Хрыста. Ён узвёў яго на высокую гару, паказаў усе царствы на зямлі і ўсе іх багацці. «Усё гэта я аддам табе,— сказаў д’ябал,— калі ты паклонішся мне». Што адказаў Хрыстос д’яблу, ты ведаеш: «Кланяцца можна толькі Богу»,— і адагнаў спакусніка прэч. Я, вядома, не д’ябал, а ты не Хрыстос, і нічога табе не абяцаю, апроч аднаго: я пакажу табе цуд прыроды.

Турсевіч насцярожыўся. У нязвыклым адказе прыяцеля ён пачуў намёк на нейкую прытоеную закавыку, што насіў у сэрцы Лабановіч.

— Пры чым жа тут д’ябал і Хрыстос, пропаведзь і спакуса? — пацікавіўся ён.

— Ну, ведаеш,— аналогія, праўда, вельмі далёкая: д’ябал узвёў Хрыста на высокую гару, а я цябе хачу павесці на ўзвышак, адкуль усё далёка відаць, і паказаць нешта падобнае да міражу.

— Ну, ладна, давай пойдзем, пабачым, што там за міраж, цуд прыроды,— згадзіўся Турсевіч. Яму хацелася прайсціся па верханскай вуліцы і паглядзець на сяло, якога ён яшчэ толкам не бачыў.

Не паспелі яны адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара Хрыпач. Хрыпача, таксама як і саву, рэдка здаралася бачыць удзень. Ён амаль ніколі не бываў цвярозы, а заўсёды або моцна п’яны, або добра падвыпіўшы. Цяпер ён быў проста падвыпіўшы. Не даходзячы трох крокаў, Хрыпач зняў кепку і галантна пакланіўся настаўнікам. Гэта быў ужо стараваты чалавечак невысокага росту, сінявата-шэрыя вочкі яго бегалі, як у злодзея. Пасівелая бародка, акуратна падстрыжаная, надавала яму выгляд местачковага адваката, якім ён па сутнасці і быў. Апроч свае работы на пасадзе памочніка пісара, Хрыпач пісаў розныя прашэнні, скаргі, што складала значны прыбытак у бюджэце валаснога прапойцы. Таксама папісваў і ў мясцовых чарнасоценных лістках, стоячы на пазіцыі «ісцінна рускага» чалавека.

— Прасвяціцелям народа маё ніжэйшае! — сказаў Хрыпач, падаючы руку Лабановічу, а затым і Турсевічу.— Хрыпач маё прозвішча,— сказаў ён пры гэтым.— Ну, дык што? Крамольная дума дажывае свае апошнія дзянёчкі,— верце мне! Чыталі зварот да народа міністра Гарамыкіна? Галава, светлая галава! Праўда?

— А па-мойму, у вас, Мікодым Палуектавіч, галава святлейшая, чым у Гарамыкіна,— азваўся Лабановіч.

Хрыпач абедзвюма рукамі паціснуў яму руку.

— Што вы, што вы! Я — бледны цень яго. Хіба можна раўняць мяне з такім высокапастаўленым чалавекам!

Настаўнікі пайшлі далей. Хрыпач падаўся ў бок воласці. Ішоў і напаўголаса спяваў:


Эх ты, Русь, ты, Русь святая!


— Вось такая поскудзь, такія паразіты і ёсць апора царскага трона,— казаў Лабановіч.— А нюх у яго ёсць: думу разгоняць.

— Цябе ж гэта не павінна балюча абыходзіць,— заўважыў Турсевіч,— ніякага значэння яе ты не прызнаеш.

— Справа не ў думе, а ў тым, што царскія каты забіраюць сілу. Ды я прыгадваю адзін верш, які дужа люблю:


Как, февраль, ни злися,

Как ты, март, ни хмурься,

Будь хоть снег, хоть дождик,—

Всё весною пахнет!


У гутарцы на тэмы дня падышлі яны да таго пункта на ўзвышшы, адкуль вырысоўваўся замак. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Ці то ён спыніўся не на тым месцы, ці то была іншая празрыстасць паветра, ці, можа, і хваляванне самога Лабановіча было таму прычынаю, ды толькі на гэты раз паасобныя часткі «замка» не зліваліся ў адно цэлае і не давалі чаканага ўяўлення. Збянтэжаны, Лабановіч азірнуўся па баках, ступіў крокі два наперад, потым падаўся назад, не зводзячы вачэй з той далечы, дзе раней выступаў «замак».

— Што з табою? — запытаў Турсевіч.— Ці ты надумаўся кадрыль танцаваць?

Лабановіч, здавалася, не чуў запытання сябра і ўсё тупаў, то падаючыся наперад, то адступаючы назад.

— Во-во! З гэтага месца! — узрадавана сказаў Лабановіч.— Ідзі-тка зірні! — Ён добра бачыў контуры «замка», вежы і купал на адной з іх.

Турсевіч падышоў і стаў углядацца ў тое месца, што паказваў сябар.

— Нічога не бачу,— сказаў ён.

— Да ты прыгледзься: унь там, там! Бачыш — вежы!

— Жартаўнік ты,— засмяяўся Турсевіч,— ну, бачу. Стаяць дрэвы на рознай адлегласці, узгорачкі паміж імі... Ці то вочы твае падгулялі, ці занадта развіта ўяўленне?

— Значыцца, здольнасць успрымання ў нас розная,— расчаравана сказаў Лабановіч.— А я хацеў сказаць табе: вось ён, ілюзорны замак! Ці не ёсць такая ж ілюзія і Дзяржаўная дума? Не выйшлася, эфекту не атрымалася. Прашу прабачыць... I як гэта не бачыш ты таго, што так ясна стаіць у маіх вачах?



ХХІII


Турсевіч доўга не выпускаў рукі Лабановіча.

— Ты ж, Андрэйка, не затрымлівайся там. А то, ведаеш, аднаму ў чужой школе — як табе сказаць? — не па сабе.

Гаворачы так, ён уважна ўглядаўся ў твар, у вочы Лабановіча, як бы хочучы прачытаць мыслі і настрой прыяцеля. Турсевіч дагадваўся, што настаўніцкая моладзь, захапляючыся рэвалюцыйнай плынню, збіраецца ўпотай для нейкай недазволенай справы. Проста гаварыць аб гэтым ён не адважваўся: баяўся, каб прыяцель не падумаў аб ім як аб рэакцыянеру, чалавеку, які не спачувае рэвалюцыі. Лабановіч, захоўваючы канспірацыю, нават Турсевічу не казаў, чаго едзе ў Мікуцічы,— яму проста хочацца даведацца, як жывуць родныя, маці, браты і сёстры, і пабачыцца з сябрамі.

— Ты на мяне пазіраеш так, нібы я, схаваўшы пад пільчаком сякеру, іду на разбой або выпраўляюся ехаць у Амерыку.

— А што табе верыць? — жартам адказаў Турсевіч.— Ці мала якія мыслі маглі цябе апанаваць у палескай глухмені! — Ён яшчэ раз моцна паціснуў руку Лабановічу і сур’ёзна сказаў:

— Ты ўсё ж такі будзь асцярожны... Андрэйка! Я цябе люблю, ну, і паважаю — доўга не заседжвайся, бо мне аднаму без цябе маркотна.

Бабка Параска, стаіўшыся за дзвярамі, прыслухоўвалася да гутаркі госця з гаспадаром. А пачуўшы, што Лабановіч выходзіць з пакоя, яна шуснула ў сваю каморку і адтуль праз прыадчыненыя дзверы пазірала ў калідор, на свайго «манашка». Лабановіч зайшоў да яе.

— Ну, бабка, іду на станцыю. Паеду не больш як на два-тры дні. А ты ўжо даглядай госця. Усяго добрага, бабка Параска!

Ён падаў ёй руку. Бабка так расчулілася, што слёзы пакаціліся па яе сухіх маршчыністых шчоках.

— Ну, дай жа вам Божа шчаслівага падарожжа ды здаровенькім вярнуцца.

Яна выйшла на ганак і з мацярынскім засмучэннем пазірала на Лабановіча, пакуль ён не павярнуў направа і не знік за будынкамі, дзе дарога спускалася ў лагчыну.

Бабка пайшла ў сваю каморку, каб яшчэ раз пабачыць «манашка», калі ён будзе падымацца на ўзгорак. З бабчынага акенца быў добра відаць узгорак і панскі двор, міма якога праходзіла дарога. Постаць Лабановіча выплыла з лагчынкі і паказалася на ўзгорку. Падарожнік на момант прыпыніўся і азірнуўся назад. Гэта вельмі ўсцешыла бабку Параску. Яна загадала: калі азірнецца, дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе і ён шчасліва вернецца назад. Бабка з палёгкай уздыхнула, перахрысціла настаўніка і пайшла ўходжвацца каля кухні, успомніўшы пра госця.

Дарога — вялікая яна ці малая — кожны раз хвалявала Лабановіча і настройвала яго мыслі і пачуцці на салодка-журботны лад. Месца, якое ён пакідаў і з якім ужо звыкся, паўставала ў іншым святле і афарбоўцы, і тое, чаго ён раней як бы не заўважаў, станавілася дарагім і блізкім, і з ім шкада было разлучацца. Вось так і зараз: прыгадаліся верханскія могілкі, вузенькая дарожка-сцежачка між зелені збожжа, што вяла ў Тумель, дзе працякала Уса і стаяў млын. Успомніўся і той узвышак, куды настаўнік хадзіў некалькі разоў любавацца прывідным замкам. Хоць апошняя вандроўка з Турсевічам і не дала чаканага эфекту, але ўсё ж Лабановіч адчуваў прыемнасць, прыгадваючы і замак і пляцоўку, на якой выплываў ён са смужнай далечыні.

З такімі думкамі і пачуццямі падыходзіў Лабановіч да хутара Антаніны Міхайлаўны. Вось і паваротка на хутар, і сам ён не больш чым за паўвярсты ад дарогі. Зайсці ці не? Заходзіць сюды Лабановіч, выпраўляючыся ў дарогу, не думаў. Ды і чаго? Усё, што трэба было сказаць Лідзе як вучнёўцы, ён сказаў. Але ў яго быў яшчэ час. Чым сядзець на станцыі і чакаць поезда, дык ці не лепей збочыць з дарогі і яшчэ раз напомніць Лідзе, што яна павінна рабіць у яго адсутнасць? З другога боку, хоць ён едзе і не на доўгі час, ды ўсё можа здарыцца. Перад вачамі паўстаў вобраз Лідачкі. Што благога ў тым, калі ён па дарозе зойдзе да яе, каб лішні раз пагаварыць аб далейшых занятках. I тут жа прыгадаліся словы Антаніны Міхайлаўны, што Ліда неабыякава да свайго настаўніка. Дык, бадай што, і не варта заходзіць. Пакуль Лабановіч такім чынам вагаўся ў сваім намеры наведаць хутар, ногі яго самі накіраваліся туды.

На дворыку Антаніны Міхайлаўны нікога не было відаць. Падышоўшы да самага дома, Лабановіч заўважыў ёмкі замок на дзвярах. Гэта для яго было раўназначна таму, калі б пры ўваходзе вісеў спецыяльны напіс: «Просім да нас не заходзіць».

«I нашто я прыйшоў сюды?» — спытаў самога сябе Лабановіч і задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Сам па сабе гэты малазначны выпадак папсаваў настаўніку добры настрой. I чамусь замок, павешаны на дзвярах, ён успрыняў як нядобры знак. Але, адышоўшы некалькі вёрст ад хутара, ён перастаў думаць аб ім.

Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе з-за зубчастых пералескаў выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у вычварных і невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім заспакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні.

Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Калі пападаўся зручны пункт, адкуль расчыняўся шырокі краявід, ён прыпыняўся і некалькі хвілін любаваўся малюнкамі, што паўставалі перад вачамі.

За бліжэйшым узгоркам, праз які ішла дарога, тулілася малапрыметная, закінутая чыгуначная станцыя. Некалькі шатрыстых ліп і клёнаў з аднаго канца яе і пара заняпалых таварных вагонаў з другога віднеліся здалёк. Мінуўшы ўзгорак, Лабановіч апынуўся амаль на самай станцыі. Такая ж яна ціхая і бязлюдная, як і тыя станцыі на Палессі, дзе ён садзіўся некалі на паязды... Як шпарка праходзіць час! Ці даўно ён, Лабановіч, прыехаў сюды ўпершыню, каб даставіцца да невядомага яму Верханя? I вось ён зараз ізноў на гэтай станцыі. Тады была зіма, а зараз лета. Тады ён не ведаў, што такое Верхань, і не думаў, што праз шэсць месяцаў ізноў давядзецца быць на гэтай жа станцыі, каб пачаць нейкую новую для яго дарогу. Усе гэтыя думкі і пачуцці прамільгнулі ў свядомасці Лабановіча ў самы кароткі час.

На станцыі ён даведаўся дакладна, калі прыходзіць пасажырскі поезд на Мінск і калі адчыніцца білетная каса. Чакаць заставалася ўжо і не так многа. Лабановіч заняў зручную пазіцыю, адкуль можна было здалёку згледзець поезд, каб паспець купіць білет, а ў крайнім выпадку сесці без білета — з кандуктарам лёгка дагаварыцца ў вагоне і сёе-тое нават сэканоміць. Самае ж важнае было тое, што з гэтага месца былі добра відаць хмары надыходзячай навальніцы. А навальніца насоўвалася павольна, ды станоўка і настырна. Захад хмурнеў. Чорная сцяна хмар рабілася ўсё болей і болей шчыльнай. За нядоўгі час усё навокал змянілася. Сонца патускнела і ўсё глыбей уплывала ў хмары. Цемра насоўвалася на зямлю. Далёкі глухі гром раз-пораз чуўся мацней, бліжэй і магутней. I раптам ад цёмнай, суцэльнай заслоны хмар аддзяліўся доўгі сіваваты вал; выгнуўшыся дугою і займаючы палавіну неба, ён шпарка каціўся наперад. Сярэдзіна дугі якраз насоўвалася на станцыю, гонячы перад сабою сціснуты ком навальнічнага воблака. Бліснула маланка, нібы нейкая велічэзная агністая птушка разняла свае крыллі, і асвяціла ўсю хмару. Дзесь зусім блізка грукнуў удар грому. Дыхнуў свежы вецер. Пасыпаліся буйныя кроплі дажджу, упала некалькі галак граду, як бы нейкі жартаўнік сыпануў жменю белых каменьчыкаў. А следам за гэтым паліў дождж як з вядра. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Білетная каса была ўжо адчынена. Купіўшы білет, настаўнік падышоў да акна, любуючыся бушаваннем навальніцы. Якраз прыбыў і поезд, выплыўшы, нібы з туману, з густой сеткі дажджу. Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Хоць ён зараз і вымак, алё быў вясёлы і задаволены. Нават прыгадалася народная прымета: калі выпраўляешся ў дарогу і цябе намочыць дождж, дык гэта к прыбытку, к дабру.

У вагоне пасажыраў было мала. Пападаліся нават зусім пустыя купэ. У адным з іх асталяваўся Лабановіч. Некалькі станцый ён прастаяў на нагах каля акна, любуючыся малюнкамі. Заводзіць знаёмства з пасажырамі і пускацца з імі ў гутаркі Лабановіч не хацеў. Шмат цікавейшымі для яго былі малюнкі, якія можна было разглядаць з акна. Грымотная дажджавая хмара паплыла далей, расквечваючы на яркім сонцы свае велічэзныя, пабялелыя, нібы памытыя дажджом, клубястыя горы. Лабановіч апусціў акно і ўдыхаў празрыстае паветра, ачышчанае навальніцаю.

Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш!



XXIV


Сонца зайшло. Лёгкі вечаровы змрок засцілаў нізіны шаравата-цьмяным покрывам, калі поезд прыцішыў ход перад апошняй станцыяй, куды ехаў Лабановіч. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе? Збяруцца ці не збяруцца хлопцы? Правядуць яны свой першы патайны з’езд ці не правядуць? Сустрэне яго хто-небудзь ці не сустрэне? Садовічу ён пісаў, што вечарам 8 ліпеня будзе на станцыі Стаўбуны.

Як жа здзівіўся і ўзрадаваўся нястомны вандроўнік, выйшаўшы з вагона і згледзеўшы цэлы гурт маладых, бадай што ўсіх знаёмых, настаўнікаў! Шумным натоўпам акружылі яны Лабановіча. З некаторымі з іх ён горача абнімаўся, другім па-прыяцельску паціскаў рукі. Голасна гаманілі, рагаталі дружным смехам шчаслівай маладосці, напаўняючы платформу гоманам, выгукамі, чым зварачалі на сябе ўвагу пасажыраў і начальства станцыі. У маладым настаўніцкім натоўпе быў Садовіч як лідэр; быў смяшлівы, рухавы Янка Тукала, умеўшы сказаць трапнае слова і пацешыць сяброў. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алешка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. У настаўніцкай семінарыі Лабановіч даў яму мянушку «Дзед Хрушч». Алешка быў на адзін курс старэйшы за Лабановіча, але гэта не замінала іхняй дружбе. Яшчэ ў семінарыі Алешка запусціў сабе вусікі. Яны былі рыжаватыя. Закручаныя ўгору кончыкі рабілі іх падобнымі да вусікаў хрушча. Гэта і дало повад Лабановічу ахрысціць прыяцеля Дзедам Хрушчом. Алешка не крыўдзіўся на сваю мянушку, яго так і звалі. Дзед Хрушч яшчэ не сустракаў у сваім жыцці — праўда, жыў ён нямнога — такога чалавека, які мог бы зваліць яго з ног.

— Адкуль ты такі ўдаўся? — запыталі аднойчы Алешку.

Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. А здарылася гэта так. У той мясцовасці, дзе жылі родзічы Алешкі, знаходзіўся маёнтак графа Буцянёва-Храптовіча. Было гэта яшчэ за паншчынаю. Народ у маёнтку быў дробны, нядошлы. Вось адзін з графоў надумаўся завесці новае, моцнае племя людзей. Усіх сваіх мужыкоў ён перавёў кудысь далёка і на доўгі час. Засталіся адны толькі жанчыны. Буцянёў-Храптовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтак эскадрон драгунаў. Хтось з іх і быў заснавальнікам роду Алешкі.

Так было гэта ці не так, ніхто не ведаў, дый скуль ведаць такія інтымна-сакрэтныя справы? Адно толькі можна сказаць, што Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. А што да мікуціцкіх мужчын, дык яны нават заахвочвалі залёты Дзеда Хрушча і казалі: «Такі гвардзеец! Не шкада і не крыўдна, калі ён тут пакіне па сабе сякую-такую памяць, бо і ў Мікуцічах народ таксама пачынае драбнець».

Поезд пашыбаваў далей. Вясёлы, радасны, узбуджаны Лабановіч злучыўся з натоўпам маладых настаўнікаў і загубіўся ў ім. Шумнаю, гаманліваю грамадою,— а было тут чалавек пятнаццаць,— накіраваліся яны ў бок возера, на дарогу, што вяла ў Мікуцічы. Добрыя вярсты дзве не спыняліся нястрыманыя жарты, таўханіна, сумятня. Настаўнікі цяпер самі былі падобны да сваіх школьнікаў, чыю дураслівасць ім прыходзілася стрымліваць у часе заняткаў. Летнім часам, калі настаўнікі з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога наплыву не здаралася бачыць. Ды настаўнікі, хмельныя ад свае маладосці, здароўя і сілы, не зварачалі на гэта ўвагі. Хоць яны і не выпілі, але зараз ім здавалася мора па калена.

— Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць.— Што вы гагочаце, як жарабцы? Давайце заспяваем песню,— ведаеце, як тыя местачковыя бунтары: «Урадніка няма? Стражнікаў ніто?» — Даведаўшыся, што нікога няма, яны і грымнулі:


Як у нас на троне

Пудзіла ў кароне!

Ай да цар, ай да цар,

Праваслаўны гасудар!


Янка Тукала, як рэгент, махаў рукамі і ва ўсё горла спяваў куплет песні, перадражніваючы местачковых бунтароў. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словам песні і крыўляннем Янкі Тукалы.

— Давайце, хлопцы, цішэй,— перасцярог Садовіч.— А ты, Янка, волі горлу не давай, бо і ў гэтым ялоўцавым хмызняку могуць быць вушы.

З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, з другога кусты ялоўцу, а далей — алешнік. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Толькі Янка Тукала, якога галоўным чынам датыкалася заўвага Садовіча, азваўся:

— Што праўда, то праўда. Яшчэ адзін з герояў Ібсена сказаў: «Калі ідзеш у рэвалюцыю, дык не надзявай новых портак».

Настаўнікі дружна зарагаталі. Смяяўся і сам Садовіч, пры гэтым ён штурхануў у карак Янку Тукалу, сказаўшы:

— А няхай ты згары!

А ноч усё гусцей насоўвалася на зямлю. Нават неба на захадзе, якое святлела доўгі час пасля захаду сонца, пачало цьмяніцца і агортвацца ў лёгкую летнюю цемру. У вышыні сям-там замігацелі, як іскаркі, далёкія зоркі. Колькі разоў кожны з нас наглядаў гэтыя малюнкі кароткай летняй ночы! З лугу, дзе струменіўся Нёман, злёгку патыхала свежаю вільгаццю. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Лабановіч мімаволі прыгадаў, як многа разоў хадзіў ён па гэтай дарозе. Ці даўно было, калі яны, сустрэўшыся на станцыі з Садовічам, хадзілі ў Панямонь, гулялі ў карты! Але зараз у гаманлівым настаўніцкім тлуме трудна аддацца ўспамінам, каб з паасобных з’яў мінулага скласці цэльны малюнак. Хацелася пагаварыць з Садовічам і аб той справе, дзеля якой пазбіраліся настаўнікі. Ды абстаноўка зусім не падыходзіла і гаварыць на хаду было нязручна.

Дзед Хрушч, не даходзячы да шляхецкага пасёлка, дзе было таксама і лясніцтва князя Радзівіла, гучным басам зацягнуў песню:


Смело, товарищи, в ногу...


Хоць Садовіч і зрабіў заўвагу захоўваць асцярогу, але не мог утрымацца, каб не далучыць свайго голасу да баса Алешкі. Колісь у семінарыі ён стаяў на клірасе разам з Дзедам Хрушчом і не хацеў уступаць яму ў басавітасці. Песню падхапілі ўсе настаўнікі. Пераважная большасць з іх былі добрымі харыстамі з добрымі галасамі. З першых жа гукаў песня наладзілася, палілася дружным ручаём маладых, сакавітых галасоў. Песня захапляла саміх спевакоў, узнімала яшчэ вышэй і без таго прыўзняты іхні настрой. Яна прыдавала сілы і гарту ў барацьбе супраць зла і сацыяльнай несправядлівасці.


Вышли мы все из народа,

Дети семьи трудовой.

Братский союз и свобода —

Вот наш девиз боевой!


Натхнёна спявалі настаўнікі. I ці ж гэта не праўда, што яны выйшлі з народа, што яны дзеці занядбанай, прыгнечанай працоўнай сям’і?

Разам з настаўнікамі набліжалася песня да сядзібы лясніцтва магната, пана Радзівіла. Адгэтуль направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. I ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Вось чаму, параўняўшыся з брамаю ў парк лясніцтва, баявая песня зазвінела яшчэ галасней і суровей. Шмат каму з настаўнікаў, у тым ліку і Лабановічу, здавалася, што і належным чынам зложаная песня пракладае дарогу перамозе народа над крывавым царом, над яго сатрапамі і магнатамі і над усёю хеўраю абдзіралаў і гвалтаўнікоў.

Увесь рэпертуар рэвалюцыйных тагачасных песень праспявалі настаўнікі зладжаным хорам, праходзячы міма лясніцтва і праз шляхецкі засценак, а потым і праз лес. Тым часам дарога падыходзіла да балоціны, праз якую была праложана грэбля. Абапал балота густою сцяною стаяў лес. Калі, бывала, ціхаю летняю ноччу спынішся каля грэблі і гукнеш, дык рэха доўга бегла ўскрай балоціны, адбіваючыся ад сцяны лесу, а потым ізноў варочалася назад ужо ў некалькі змененым адценні.

Сымон Чэчык, Садовіч, Янка Тукала і ўсе хлопцы з Мікуціч ведалі такую асаблівасць гэтай мясціны.

— Стойце, хлопцы!—спыніўся Тукала.— Пагукаем тут, паслухаем, што нам будзе адказваць рэха!

Настаўнікі спыніліся. Чэчык, Садовіч і Тукала набралі ў грудзі паветра і разам выгукнулі:

— У вас міністры бы-ы-ылі?

Голас пабег ускрай балота, павярнуў назад, і ўсе пачулі:

— Бі-і-ілі!

— Хлеба вам дава-а-алі?

— Дра-а-алі!

Некалькі хвілін забаўляліся настаўнікі, слухаючы пераклічку сваіх сяброў з балотам і лесам.

Позна ўначы прыйшлі яны ў школу Садовіча.


XXV


Нягледзячы на позні час, у кватэры Садовіча гарэла лямпа. Тут былі і жывыя людзі: блізкі прыяцель Лабановіча Мікола Райскі і малавядомы яму Іван Тадорык — ён скончыў другую семінарыю. Райскі застаўся за гаспадара, каб прыгатаваць вячэру. Гэта быў высокі рухавы юнак, такі ж танклявы, як і Садовіч, а па характару добры, сардэчны хлопец. Ён горача абняў Лабановіча і пацалаваўся з ім. Тадорык тупаў па пакоі босы, бо так вальней нагам, казаў ён, і амаль не зварачаў увагі на шумны настаўніцкі натоўп, запоўніўшы ўсю кватэру Садовіча. Зрэдку перакідаючыся з тым ці з іншым закавырыстымі рэплікамі, ён зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі.

Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Лабановіч з прыемнасцю слухаў музыку, углядаўся ў твар скрыпача, крыху пануры і злёгку васпаваты, з насупленымі брывамі, са шчыльна сціснутымі губамі. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнасцямі. Рысы твару скрыпача нагадвалі Лабановічу нешта знаёмае. Дзесьці ён бачыў такі твар, але дзе? Нарэшце ўспомніў: Іван Тадорык меў штось агульнае з нямецкім філосафам-песімістам Шапенгаўэрам, толькі той быў стары, а Тадорык — равеснік Лабановіча.

Пры школе на кватэры Садовіча асталяваліся — Райскі, Янка Тукала і Іван Тадорык. Школа Тукалы была вёрст за пятнаццаць ад Мікуціч, а бацькі яго жылі не так далёка — за Нёманам вярсты тры. Але ўжо такая была натура ў Янкі: паўнацэнным чалавекам ён адчуваў сябе толькі тады, калі знаходзіўся ў коле сваіх сяброў, калі чуў іх плячо, на якое можна абаперціся, калі бачыў іх руку, за якую можна ўзяцца і ісці наперад, не збіваючыся з дарогі.

Быў ужо даволі позні час. Садовіч як гаспадар школы і як чалавек, прыняўшы кіраўніцтва сходам, хоць яго ў лідэры ніхто не выбіраў, выступіў з прамоваю. Пры гэтым ён стаў у належную позу, падаў наперад грудзіну і прыняў сур’ёзны выгляд.

— Таварышы! — пачаў ён з баса.— Мы сышліся і з’ехаліся для важнай справы. Усе чэсныя перадавыя людзі Расіі выступаюць за арганізаванае змаганне са злом і несправядлівасцю...

— А называюцца яны царскім самадзяржаўем,— падказаў Іван Тадорык і збіў прамоўцу з панталыку.

— Не лезь у пекла раней за бацьку,— жартліва і ў той жа час досыць строга заўважыў Садовіч.— Што трэба сказаць, я скажу сам. Не забывайся, Іван, што не для камедыі сабраліся мы тут.

— Я і не кажу пра камедыю,— не сунімаўся Тадорык.

Садовіч не звярнуў увагі на другую рэпліку.

— Не трэба, хлопцы, забывацца і на тое, што мы павінны быць вельмі і вельмі асцярожнымі. I гэта не ёсць страх перад паліцэйскімі шнурамі,— гэтага вымагаюць інтарэсы справы. На ўсякі выпадак я паставіў варту. Таварышы, справа наша дужа пачэсная і вельмі важная. Падрабязна аб ёй мы сягоння гаварыць не будзем: мы вырашым яе заўтра і не ў сценах школы, дзе можа і шашаль падслухаць нас, а ў адкрытым полі. Заўтра, а дванаццатай гадзіне, усе мы збяромся на Прыстаньцы, непадалёку ад Лядзін. Сходзіцца туды невялічкімі гурткамі, каб не кідацца ў вочы, каб не выклікаць падазронасці.

— Праўду кажаш, Бас! — падтрымаў Садовіча Уладзік Сальвэсеў. Уладзік меў загану ў вымаўленні літары «р», а таму слова «праўда» ў яго гучала як «прлаўда».

— Дык так, хлопцы: заўтра! — гаварыў далей Садовіч.— А зараз разыходзьцеся па каморках ды па адрынках. Не забараняецца і з дзяўчатамі пагуляць.

Сказаўшы так, Садовіч зірнуў на Дзеда Хрушча. Той толькі пасміхнуўся і хітра кіўнуў Садовічу — ведаем, які ты манах сам.

— У школе застануцца беспрытульныя гарапашнікі: Андрэй, Мікола Райскі, Іван і Янка — па сутнасці адно і тое, што Янка, што Іван,— зазначыў з некаторым гумарам Алесь Садовіч.

— Божа наш, якую прамудрасць сказаў ты, Алесь! — не ўтрываў Тадорык, каб не кінуць рэплікі.

Садовіч паглядзеў на Тадорыка, паківаў галавою і сказаў:

— Ішоў Тодар з Тадораю, знайшоў лапаць з абораю.

— Ну, і што ж? — запытаў Тадорык.

Як відаць, ён быў настроены на ваяўнічы лад.

— Ну, то да заўтра! — казалі настаўнікі і патроху распаўзаліся хто куды. У школе засталіся гаспадар і яго «беспрытульныя» госці: Лабановіч, Райскі, Тадорык і Тукала.

— Што ж, хлопцы! Сядайце за стол. На вялікі пачастунак прабачайце,— прамовіў гаспадар.

— А ўсё ж сёе-тое ды ёсць,— сказаў Райскі і гукнуў: — Акуля!

Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні.

— Падавай, Акуля, што ёсць,— загадаў ёй Райскі. Акуля так жа моўчкі, як і ўвайшла, схавалася за дзвярамі пакоіка. Іван Тадорык злажыў губы трубкаю, вырачыў вочы і, зварачаючыся да Райскага, выгукнуў з робленым здзіўленнем:

— О-о-о! Паглядзім, што гэта за сёе-тое!

Зараз жа дзябёлая Акуля — яна была старожкаю пры школе і разам гаспадыняю кухні — прынесла пяць рознакаліберных талерак, столькі ж зборных відэльцаў ды пару нажоў-інвалідаў. Усё гэта яна расставіла і разлажыла на старасвецкім стале, нічым не заслаўшы яго. У Садовіча настольнікаў не было — ён лічыў іх непатрэбнаю буржуйскаю раскошаю. Затым на стале з’явілася яшчэ адна талерка з накроенымі кавалачкамі сала, затым дзервяная саматужнага вырабу міска з хлебам, скаварада з яечняю і вялізная гліняная міска з рэдзькаю, пакрышанаю на скрылікі і запраўленаю кіслым малаком. Рэдзькі было з добрага паўвядра.

Тадорык не мог стрымацца.

— Памры, Мікола, і болей не кухар, бо лепшага нічога не зробіш,— сказаў ён Райскаму.

А Райскі, нічога не кажучы, падышоў да кніжнай шафы, вывалак з-за школьных папак кварту гарэлкі і ўрачыста паставіў яе на стол.

— Гэта дар ад маіх мізэрных здабыткаў,— прамовіў ён.— Вып’ем, як казаў Тарас Бульба, за тое, каб храбра ваявалі.

Настаўнікі так ажывіліся, так загаманілі, што іх галасы зліваліся ў тлум, дзе трудна было разабраць паасобныя выгукі.

— Вось гэта «сёе-тое»! — весела сказаў Тадорык.

— Слава Райскаму, добраму сыну Бахуса!

— Дай табе, Божа, шчасце, і долю, і кашулю на пуп!

— Жыві, жыві, Райскі, аж покі не скажаш: «годзе»!

Як хто ўмеў і як мог, хваліў Райскага за рэдзьку, а галоўным чынам за кварту гарэлкі. Калі ж выпілі па чарцы за яго здароўе, Райскі сказаў:

— Ну, то ешце, хлопцы, так, каб нічога не засталося, бо пасля вас і свінні есці не будуць.

— Здорава! — засмяяўся Тадорык, а Янка Тукала запэўніў:

— Не турбуйся, Міколка, усё змяцём, і ад твае рэдзькі застануцца адны толькі ўспаміны.

Вячэра зацягнулася далёка за поўнач. Шмат было маладога смеху, жартаў, весялосці. Потым гутарка скіравалася на тую справу, дзеля якой паз’язджаліся настаўнікі з розных канцоў краіны. На запытанне Лабановіча Садовіч паведаміў, што ўсяго сабралася васемнаццаць вясковых настаўнікаў і што заўтра, праўдзівей, ужо сягоння, прыедуць яшчэ трое з-пад Койданава. Можна спадзявацца, што з Панямоння прыбудуць Тарас Іванавіч Шырокі і Базыль Трайчанскі. Але на апошніх двух ускладаць надзей не варта — яны людзі сямейныя. Хоць на словах і спачуваюць рэвалюцыі, але прыняць у ёй удзел наўрад ці згодзяцца.

— Ва ўсякім разе, хлопцы,— казаў Садовіч,— заўтра мы паложым пачатак арганізацыі народных настаўнікаў у Беларусі. Мы будзем піянерамі рэвалюцыйнага арганізаванага руху ў барацьбе супраць праклятага царызму,— крыху рытарычна, але натхнёна скончыў Садовіч.

Ужо даўно развіднелася. Пачало абуджацца абыклае жыццё вёскі.

— Хіба ж мы будзем класціся спаць? — запытаў Лабановіч і ўнёс прапанову адправіцца на Нёман, «каб змыць грахі прошлага і апрануцца ў адзенне новага Адама», як гавораць папы.

Так і не спалі ў гэтую ноч. I запомнілася яна Лабановічу на ўсё жыццё.



XXVI


Акуля на скорую руку прыгатавала настаўнікам снеданне, праўда, не такое багатае, як вячэра. Якраз у гэты час дзверы ў пакойчык, дзе снедалі настаўнікі, расчыніліся. Парог пераступіў Нічыпар Янкавец, а за ім Пятрусь Гулік і Сымон Лапаткевіч. Яны толькі што прыйшлі са станцыі.

— Смачнага апетыту! — громка і ўрачыста прывітаў Янкавец гаспадара і яго гасцей.

Садовіч, а за ім і госці, паўставалі з-за стала, шумна прывіталіся з прыбыўшымі, а потым пасадзілі іх за стол.

Сярод настаўніцкай галоты самым багатым быў Нічыпар Янкавец. У японскую вайну ён дабравольцам паехаў на Далёкі Усход і замацаваўся ў інтэнданцтве. Яму давялося быць сведкам самага расцугленага хабарніцтва, якое тварылася вакол. Інтэнданцкія кампанейскія чыноўнікі прапанавалі і яму долю, але Янкавец лічыў неэтычным абкрадаць сваё войска і толькі пад самы канец вайны, калі ўсё распаўзалася па ўсіх нітках, узяў трохі «на дарогу». Наогул жа Нічыпар быў хлопец разудалы, жывы, бойкі. Любіў часамі і гульнуць. Вось чаму зараз, сеўшы за стол і акінуўшы яго вокам, ён закамандаваў Садовічу паклікаць Акулю. Нічыпар даў ёй рубля.

— Прынясі паўкварты ды закусіць,— хоць хвост ад тарана. Ды на адной назе... Ну, дык як, патрасацелі самадзяржаўя! — звярнуўся ён да настаўнікаў.

— Страсянём! — грозна пакруціў кучараваю галавою Тадорык.

— А сам, Нічыпар, не збіраешся страсянуць яго? — пацікавіўся Лабановіч.

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся! — рашуча заявіў Нічыпар.

Толькі ціхі і палахлівы Сымон Лапаткевіч нясмела азваўся:

— Самадзяржаўе не груша. Глядзіце, каб нас не страсянулі,— сказаўшы гэта, Лапаткевіч паправіў на носе пенснэ, якое надавала яму досыць паважны выгляд.

— А ты ж думаў, тытулярнага саветніка дадуць табе за тое, што супраць самадзяржаўя пойдзеш?— падсек Лапаткевіча Янка Тукала.

Настаўнікі дружна зарагаталі. Яны часта спявалі прывезеную Нічыпарам песню пра тытулярнага саветніка:


Он был титулярный советник,

Она — генеральская дочь.

Он томно в любви объяснился,

Она прогнала его прочь.


— Ну, што ж, хлопцы,— сказаў па сняданні Садовіч,— будзем памаленьку рухацца.

— Давайце пойдзем! — падхапіў Тадорык.— На вольным паветры латвей.

— Ты ж развітаўся з бацькамі? — запытаў Лапаткевіча Янка Тукала. Усім кідалася ў вочы, што Лапаткевіч і Гулік хваляваліся і, відаць, каяліся ў тым, што прынялі ўдзел у нелегальным зборы вясковых настаўнікаў. Ды адступаць не было куды, а прызнавацца ў сваёй боязні не хацелася.

Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Яны добра ведалі мясцовасць і ўсе самыя малапрыметныя сцежачкі, па якіх можна выйсці на дарогу, што вяла да Прыстанькі. Пайшлі рознымі дарогамі. Садовіч накіраваўся на бераг Нёмана, каб мінуць сяло, а потым павярнуць улева і далей у лес. Улетку настаўнікі часта гулялі каля рэчкі, і ніхто на гэта не зварачаў увагі. Лабановіч са сваёю групаю зразу павярнуў у поле, каб межамі дайсці да лесу. З ім пайшлі Тукала, Гулік і Лапаткевіч.

— Цягаемся немаведама дзе і чаго,— скуголіў, спатыкаючыся па межах, Сымон Лапаткевіч.— I наогул уся гэта выдумка дабром не скончыцца.

— Цярпі, Грышка, карчма блізка,— развясельваў яго Тукала.— I не люблю я ў такі вясёлы, радасны дзень, каб чалавек стагнаў, нібы ў яго нясцерпна баліць зуб. Не падабаецца,— злазь з даху ды не псуй гонту!

— Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш?

— Покі мы зробім сухоты цару, дык ён згноіць нас у Сібіры,— азваўся Пятрусь Гулік.

— Тады вось што, хлопцы,— сказаў Лабановіч і спыніўся,— раз так, дык давайце вяртаць аглоблі. Сілаю вас ніхто не прымушае. Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Будзьце «ісцінна-рускімі» людзьмі, спявайце «Боже, царя храни», віншуйце валаснога пісара і прыстава з імянінамі, чытайце ў царкве «апостала», цалуйце папу руку, вазьміце замуж пападзянак...

— Ну, ну! Ты ўжо занадта разышоўся,— загаварыў Пятрусь Гулік.— Мы проста выпрабоўваем вас — ну, нашых... правадыроў... Ведаеш, браток Андрэй: ёсць прыказка — сем разоў прымер і адзін раз адрэж. Дык чаму ж мы не можам прымераць! I няўжо ты думаеш, што мы ні аб чым не разважаем, што нам нічога не абыходзіць? Але ж, каб не блытацца, не рабіць глупства, трэба ўсё належным чынам абмеркаваць.

— Вось гэта голас чалавечы! — выклікнуў Лабановіч.— Друг мой дарагі! Для гэтага мы і збіраемся. Нам трэба праверыць: што мы і хто мы? Ці мы — балотная вада, якой няма ходу, ці мы — крынічны струмень, жывы, свежы, той струмень, што пакідае ўбаку гнілую балотную ваду і ўсё імкнецца наперад і наперад па чысценькім жоўтым пясочку?

— Стой, хлопцы! Бачыце? — спалоханым голасам ціха прамовіў Лапаткевіч і прысеў каля мяжы ў разорцы.

Лабановіч зірнуў у той бок, куды паказвала дрыгатлівая рука Лапаткевіча. Сярод жыта, па суседняй мяжы, пакалыхваючыся над каласамі, набліжаліся дзве шапкі.

— Паліцыя! — ледзь паварушыў белымі губамі Гулік.

Усе крыху збянтэжыліся і прыгнулі галовы.

Расхінуўшы калоссе, Лабановіч пачаў углядацца. Праз некаторы час твар яго павесялеў.

— Эй ты, асілак! — кпліва звярнуўся Андрэй да Лапаткевіча.— Перастань дрыжаць ад страху,— разагніся, пратры вочы і глянь.

Настаўнікі пападымалі галовы, разгледзеліся.

— Шапкі ж не начальніцкія, цэшкі не блішчаць. Значыць, якая можа быць паліцыя,— загаварыў далей Лабановіч і засмяяўся.— Пойдзем насустрач. Гэта напэўна нехта з Мікуціч, а можа, і хто з нашых калег палічыў за лепшае падацца ў процілеглы бок ад месца сходу.— Андрэй выразна зірнуў на Лапаткевіча.

— Я лічу, што трэба ісці да іх і высветліць, хто яны і што яны,— прамовіў Тукала.— Прынамсі, будзем ведаць, каб вызначыць лінію нашых паводзін, а ў выпадку чаго — папярэдзім астатніх сяброў.

Тым часам шапкі невядомых зноў замільгалі сярод жыта, але на гэты раз было відаць, што падарожнікі падаліся ў другі бок.

— Гэй! — крыкнуў Лабановіч.— Гэй, хто там? Пачакайце!

Шапкі прыпыніліся.

— Што ты? — схапіў яго за руку Лапаткевіч.— А раптам — якія шпікі?

— Тым лепш,— сказаў Андрэй.— Мы пакажам, што нікога не баімся, а проста гуляем у полі.

Настаўнікі і невядомыя рушылі насустрач адны другім і хутка сутыкнуліся тварам да твару.

Лабановіч пазнаў невядомых. Гэта былі сапраўды мікуціцкія сяляне: Мірон Шуська і Лявон Раткевіч. Абодвух іх Лабановіч добра ведаў як землякоў.

Садовіч часта вёў з Шуськам і Раткевічам гутаркі, навучыў іх трохі разбірацца ў палітыцы. «Гэта наша апора, без народа ў нашых справах не наваюеш»,— казаў Садовіч Андрэю.

Павітаўшыся з сустрэчнымі, Лабановіч сказаў:

— А чаго гэта дзядзькі гуляюць па полі такою парою?

Раткевіч хітра пасміхнуўся.

— Дык вось хадзілі паглядзець, можа, дзе княжацкай травы ўдасца надвячоркам скасіць.

— Мы ж вольныя,— горка прамовіў Шуська.— Жаць ранавата, касіць, каб і хацеў, дык няма чаго,— увесь луг княжацкі. Жаваць таксама няма чаго — хлеб скончыўся. Вось і ходзім вольныя: ні рукам, ні зубам работы няма.

Лабановіча пранізала цяжкая праўда гэтых слоў.

— Не заўсёды так будзе,— горача звярнуўся ён да стрэчаных сялян.— Трэба толькі нам, працоўным людзям, бліжэй гарнуцца адзін да аднаго, каб разам бараніць свае інтарэсы, адстойваць сваё права. А калі так будзе, дык упадзе з прастола каранованы ідал, разбягуцца і меншыя бажаняты. Тады і поле, і паша пяройдуць у сялянскія рукі, што самі здолеюць абрабіць іх, управіцца. Не будзеце крадучыся выкошваць лапінкі ў панскім лесе, на сваё ўласнае поле пойдзеце працаваць.

Лапаткевіч непрыметна тузянуў Лабановіча за рукаў.

— Няхай настаўнік не турбуецца,— адкрыта зірнуўшы яснымі вачамі на Лапаткевіча, прамовіў Шуська,— нічога благога з нашай гутаркі не будзе. У дрэнныя вушы яна не трапіць. А калі скажу каму, дык такому ж гаротніку, як я сам. Ён мяне зразумее, бо і сам хоча выбіцца ў лепшую долю.

Лабановіч усцешана паглядзеў на сяброў.

На вуснах Раткевіча з’явілася тая ж хітрая ўсмешка.

— Калі настаўнікі пагуляць выбраліся, дык на добрае здароўе,— сказаў ён.— А можа, гуляючы, і пагаварыць аб чым захочацца — гаварыце смела. Мы тут поблізу паходзім, калі што якое — дамо знаць. Не так нам ужо тая панская трава рупіць,— закончыў Раткевіч.

Настаўнікі, усхваляваныя нечаканай сустрэчай і падтрымкай, падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі далей.

Лабановічу стала зразумела, што гаворкі, якія ён і Садовіч вялі з сялянамі, не прапалі марна: «Маладзец, Бас! — пахваліў ён у думках Садовіча.— Сапраўды гэта наша апора!»

У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку. Каля ракі ўжо мітусілася цэлая грамада настаўнікаў. Яны голасна прывіталі групу Лабановіча. Зараз жа паказаўся з лесу і Садовіч са сваімі сябрамі. Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесці ці проста пакачацца на зялёнай траўцы.

Усяго сабралася дваццаць адзін чалавек. Гэта былі маладыя хлопцы ад дваццаці двух да дваццаці пяці гадоў. Аднаму толькі Нічыпару Янкаўцу было гадоў пад трыццаць. У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Гэта быў Мілеўскі Адам. Ён запусціў доўгую, рыжую, пасярэдзіне выстрыжаную бараду, як насілі міністры пры цару Аляксандру Другім. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для «фацэціі». Апрануты настаўнікі былі хоць і не дужа багата, але ўсё ж такі на гарадскі лад, а некаторыя нават і фарсіста. Шапкі насілі яны чорныя і белыя летнія — з шырокімі круглымі вярхамі, з машастовымі аколышкамі. Былі, праўда, настаўнікі і без шапак, без пільчакоў, у адных толькі верхніх кашулях.

Калі гутарка і шум трохі сціхлі, Садовіч звярнуўся да настаўнікаў:

— Таварышы! Давайце прыступім да справы, дзеля якой, уласна кажучы, мы і сабраліся тут.

— Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама»,— азваўся Іван Тадорык,— дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, а наш сход не мядзведзь, у лес не ўцячэ. Прыступім да важнай справы з чыстым сумленнем і з чыстым целам.

— Вось ты мне заўсёды псуеш абедню! — напусціўся на Тадорыка Садовіч.— Правядзём сход,— а ён будзе нядоўгі — і тады змыеш твайго «ветхага Адама». Як народ мяркуе? — спытаў ён настаўнікаў.

— Наўперад сход, купацца потым! — загулі ўсе, у тым ліку і Лапаткевіч і Гулік. Ім, відавочна, хацелася хутчэй развязацца з гэтым небяспечным сходам, а далей будзе відаць.

— Калі так, то пяройдзем да справы,— урачыста абвясціў Садовіч.— Таварышы! — казаў ён далей.— Як водзіцца ўсюды на свеце ў такіх выпадках, нам трэба выбраць старшыню сходу і сакратара. Каго выберам за старшыню? Я раю выбраць Нічыпара Янкаўца.

— Хто палку ўзяў, той і капрал,— адгукнуўся Нічыпар.— Будзь ты старшынёю... Хлопцы! я прапаную выбраць Садовіча: ён у такіх справах мастак.

Настаўнікі зашумелі. Адны называлі Нічыпара, другія — Садовіча. Старшынёю сходу быў выбраны Садовіч, а сакратаром — Райскі.

Стаўшы старшынёю сходу, Садовіч адразу перамяніўся. Рысы яго твару зрабіліся строгімі, вочы — грознымі, грудзі яшчэ болей падаліся ўперад, і голас зазвінеў па-новаму.

— Таварышы! Сягонняшні сход — важнейшая падзея ў нашым настаўніцкім жыцці,— пачаў ён.— Мы жывём у такі час, калі ўсе лепшыя людзі Расіі аддаюць сваю волю і энергію на барацьбу з царызмам, за раўнапраўнасць і свабоду народа. Ніякія кары царскіх прыслужнікаў не могуць спыніць барацьбу. Царскі трон захістаўся...

— Але цар з трона не скінуўся,— заўважыў Тадорык.

— Вось мы і павінны скінуць яго! — грозна сказаў прамоўца.— Наш святы абавязак — развязаць вочы народу. Наш доўг перад народам — арганізавацца ў рэвалюцыйны настаўніцкі саюз, далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза і агульнымі намаганнямі, па адной праграме, павесці барацьбу за вызваленне народа з ярма царскага самаўладства, за зямлю і за волю.

Гаварыў Садовіч даволі доўга і даволі складна. Не адзін са слухачоў, у тым ліку і Лабановіч, падумаў: «А добра гаворыць Бас!» і ўпотайку пазайздросціў яго красамоўству.

— Наш доўг,— скончыў сваю прамову Садовіч,— арганізаваць сягоння ж настаўніцкі саюз барацьбы з царызмам. Дык абмяркуем гэта. Хто хоча сказаць?

— А што тут абмяркоўваць і што казаць? — страсянуў доўгімі валасамі Нічыпар Янкавец.— Справа ясная — такая арганізацыя патрэбна! — і, скончыўшы прамову, ён рашуча махнуў рукою.

— Вядома, патрэбна! — падхапілі настаўнікі. Нават Гулік і Лапаткевіч праявілі тут некаторую ваяўнічасць.

— Я гэтак думаў, і ўсе мы так думаем,— сказаў у заключэнне Садовіч.— Нам, сябры, трэба аформіць нашу пастанову.

— А якая пастанова? — запытаў Лапаткевіч.

— Такая,— адказаў Садовіч.— 9 ліпеня 1906 года, гэта значыць сягоння, мы, ніжэйпадпісаныя, пастанавілі: 1. Арганізаваць настаўніцкі саюз. 2. Паставіць сабе задачу — змагацца з самадзяржаўным ладам... Больш падрабязна мы абмяркуем дома і запішам, бо ў нас тут ні паперы, ні чарніла няма,— перапыніў сам сябе Садовіч.

— Валяй! — махнуў рукою Лапаткевіч.

На гэтым настаўніцкі сход на Прыстаньцы быў скончаны, і яго ўдзельнікі, паскідаўшы з сябе ўсё, пайшлі ў Нёман — змываць «ветхага Адама».



XXVII


Лабановіч крыху іначай уяўляў сабе сход. Ён спадзяваўся большай урачыстасці і паважнасці ў гэтай справе. А выйшла шмат прасцей. Не давялося яму нават выступіць з дакладам, над якім нямала памазоліліся мазгі. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы.

Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Садовічу, Райскаму і Тукалу даручылі напісаць пратакол настаўніцкага сходу і адрэдагаваць пастанову.

У пастанове былі запісаны чатыры пункты:

1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.

2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай — весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджвання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак — стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз.

3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.

4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе трох асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы.

На змярканні ў школе сышліся настаўнікі для зацверджання пратакола; пры гэтым пільнасць з боку Садовіча была павышана: на вуліцы і ў канцы сяла стаяла варта, хоць усё было ціха і лагодна. Пратакол быў прыняты з папраўкаю Івана Тадорыка да першага пункта пастановы: замест «з самадзяржаўным ладам» было прынята «з самадзяржаўным рэжымам», што, па думцы Тадорыка, зніжала ступень адказнасці ў выпадку правалу.

— Ну, браткі, віншую! — сказаў усхваляваны Садовіч. Ён вельмі блізка прымаў да сэрца гэты акт рэвалюцыйнага настрою, за што высока падымаў яго ў мыслях Лабановіч.— Дазвольце мне, як старшыні сходу і нашага бюро, падпісацца першаму,— дадаў ён.

I Садовіч першы падпісаўся пад пратаколам.

Янка Тукала не мог стрымацца, каб не пажартаваць.

— Брава, Бас! — пахваліў ён Садовіча.— Гэта добры знак, што раней бацькі ў пекла ніхто не палез... Ну,— звярнуўся ён да настаўнікаў,— каму абрыдла настаўніцтва і хто хоча казённай кашы — падпісвайся!

Жарт спадабаўся настаўнікам. Гэта быў і не жарт, а хутчэй выклік, перад якім ніхто не хацеў спасаваць. Каля стала, дзе ляжаў пратакол, зрабілася завозна: кожнаму хацелася паказаць, што казённай кашы ён не баіцца. Не хапала толькі трох подпісаў: Гуліка, Лапаткевіча і Дзеда Хрушча. Іх на гэты час не было тут, ды на гэта ніхто і ўвагі не звярнуў — прыйдуць, падпішуцца.

З поваду такой важнай падзеі настаўнікі наладзілі прыяцельскі банкет: выпілі гарэлкі і закусілі традыцыйнай рэдзькаю, запраўленай кіслым малаком. Праспявалі некалькі песень: аб тым, як «Царь испугался, издал манифест — мёртвым свободу, живых под арест», і «Тытулярнага саветніка».

Толькі пад поўнач пачалі разыходзіцца настаўнікі. На кватэры ў Садовіча засталіся — сам гаспадар, Райскі, Тадорык, Янкавец, Лабановіч і Тукала. У пакоі значна пацішэла. Райскі як сакратар палажыў на стол пратакол сходу, прагледзеў яго, прачытаў подпісы, зрабіў сякія-такія нататкі на асобным лістку паперы. Тукала, скінуўшы хадакі, тупаў каля кніжнай шафы, час ад часу перакідаючыся жартамі то з тым, то з другім. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім.

Лабановіч сядзеў на абадранай канапцы насупраць Райскага, слухаў, як гаманіла скрыпка ў здольных руках Івана Тадорыка. Яе гукі плылі кудысь у прасторы не дужа цёмнай летняй ночы. Слухаў і думаў. Яму здавалася, што ўжо даўно-даўно было тое, калі ён выпраўляўся ў дарогу з Верханя. Страцілася адчуванне часу, бо сцерліся абыклыя межы, якімі аддзяляецца адзін момант ад другога. Не так даўно ішоў ён з Верханя, заходзіў на хутар... Ніхто яго там не сустрэў, і нашто было заходзіць?.. I толькі цяпер усведаміў ён, што ўжо другую ноч не клаўся спаць. Успомніў, што ў кішэні ляжыць даклад, не скарыстаны на гэтым сходзе. Можа, прачытаць яго зараз хлопцам, што засталіся на кватэры Садовіча?.. Не — час для яго прайшоў! Чаму ж прайшоў?.. Эх, і колькі ж марна траціць чалавек сваіх намаганняў, энергіі!

I раптам здарылася нешта зусім нечаканае. Дзверы ў пакой расчыніліся з незвычайнаю сілаю і грукнулі ў сцену так, што пасыпаўся тынк. Сухі, высачэзны, сівабароды, як бог Саваоф з цёмнай хмары, панямонскі ўраднік Кабяк уварваўся ў пакой. Крыкнуўшы: «Ні з месца!» — маланкай рынуўся на стол. Адно імгненне — і пратакол апынуўся ў руках кашчэя-ўрадніка! У гэты ж момант з расчыненых дзвярэй важна, як ваявода-пераможца, увайшоў станавы прыстаў, а за ім — паліцэйскія стражнікі. Усё гэта адбылося так нечакана, што настаўнікі аслупянелі, як прышыбленыя громам. Тадорык апусціў скрыпку і смык, стаяў бледны, як труп. Райскі ўскочыў з месца і застыў: паехаў пратакол у паганыя рукі! Тукала прыпёрся спінаю да шафы. Лабановіч, як сядзеў на канапцы, так і застаўся сядзець — праваліліся, засыпаліся, і так глупа! Садовіч праз кухню кінуўся ў акно. Пад акном стаяў паліцэйскі стражнік і прыкладам павярнуў Садовіча назад. Садовіч, узбуджаны, сярдзіты, накінуўся на прыстава:

— Чаму вы дазваляеце сваім стражнікам біцца?

Прыстаў спакойна, нават лагодна адказаў таксама запытаннем:

— А хто вам казаў кідацца ў акно?

Болей за ўсіх вытрыманым і спакойным аказаўся Нічыпар Янкавец. Ён звярнуўся да прыстава:

— Скажыце, вас, напэўна, падвысяць па службе?

Прыстаў, яшчэ малады і даволі просты чалавек, паціснуў плячамі.

— Магчыма,— сказаў ён і загадаў урадніку: — Зрабіць вобыск!

Ураднік і два стражнікі падышлі да шафы са школьнымі кнігамі і рознымі паперамі. Садовіч не дужа быў акуратны ў дачыненні да справаводства, і гэта ўскладняла справу ўрадніка і стражнікаў, рабіўшых вобыск.

Лабановіч усё сядзеў на той жа канапцы. Яго займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Гэты даклад — небяспечны сведка не толькі супраць Лабановіча, але і супраць усіх удзельнікаў настаўніцкага сходу. Тым часам першыя хвіліны страху і аслуплення прайшлі, і настаўнікі ажылі. Тадорык узяўся за скрыпку і пачаў выігрываць матыў гімна — «Коль славен наш Господь в Сионе». Янка Тукала, адышоўшыся ад шафы, дзе капаліся ўраднік і стражнікі, заспяваў песню, зложаную невядомым песняром пра вобыскі:


У курсистки под подушкой

Нашли пудры с пол-осьмушки.

У студента под конторкой

Пузырек нашли с касторкой —

Динамит — не динамит,

А при случае палит.


Нічыпар Янкавец, рашучы і нахмураны, хадзіў па пакоі. Садовіч прысеў на канапку побач з Лабановічам. Прыстаў стаяў каля дзвярэй і чытаў пратакол сходу. Каля прыстава былі два паліцэйскія стражнікі. Выбраўшы зручны момант, Лабановіч употайку выняў даклад з кішэні, палажыў яго на канапку за спіну і паціхеньку скуб лісток за лістком на дробненькія кавалачкі.

У пакой, як бура, уварваўся Дзед Хрушч. Аддыхаўшыся і акінуўшы поглядам усіх прысутных, паліцыю і сваіх сяброў, ён гучна прамовіў:

— Ледзь-ледзь праціснуўся цераз натоўп. Ну, і народу ж сабралася.

Глянуўшы на прыстава і ўбачыўшы ў яго руках пратакол, ён сказаў:

— Дайце мне пратакол!

Прыстаў збянтэжыўся, а потым запытаў:

— А нашто вам?

Дзед Хрушч брава заявіў:

— Я яшчэ не распісаўся!

Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарніліцы пяро і выразна, хоць і выкрунтасіста, вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу.

У гэты час са двара ўбег устрывожаны стражнік і нешта шапнуў прыставу на вуха. Прыстаў таксама ўстрывожыўся, але вытрымаў паўзу, затым акінуў позіркам настаўнікаў і пакойчык і падаў знак спыніць вобыск. Янка Тукала борздзенька падаставаў пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і выставіў іх на стол.

— Гаспадзін прыстаў,— звярнуўся ён да прыстава,— захапілі б з сабою і гэтыя «рэчавыя» доказы нашай крамолы.

Не жадаючы ператвараць свой візіт у насмешку, прыстаў пакланіўся настаўнікам, узяўшы пад казырок, і разам з ураднікам і стражнікамі пакінуў школу.

Дзед Хрушч падміргнуў сябрам.

— Давялося прыставу даваць драпака.

Сапраўды, не прайшло пяці хвілін пасля налёту паліцыі, як каля школы пачалі збірацца сяляне. Сышлося іх ужо больш за сотню, а натоўп усё рос і рос.

Калі паліцэйскія на чале з прыставам з’явіліся на ганку, Раткевіч з натоўпу сказаў услед:

— Што, закінулі невадок?

А хтосьці дадаў:

— Ганялі ганчакі зайца, ды не злавілі.



XXVIII


Прыстаў спяшаўся недарма. Яго напалохаў натоўп сялян і іхні варожы настрой да паліцыі. Прыйшлося вымятацца, не закончыўшы вобыску і нікога не арыштаваўшы.

— Няхай бы паспрабавалі арыштаваць — мы паказалі б ім арышт! — ваяўніча заяўлялі сяляне.

— Хлопцы! — звярнуўся Садовіч да настаўнікаў.— Трэба выступіць перад народам!

— Трэба, непрыменна трэба,— горача падтрымаў прапанову Андрэй, а за ім і большасць настаўнікаў.

— Хто ж будзе выступаць? — запытаў Садовіч.

— Ты тут гаспадар, табе і трэба выступіць! — пачуліся дружныя галасы.

— Ты ўжо, брат, і руку набіў на прамовах,— заахвочваў Садовіча Янка Тукала.

Прысудзілі выступіць Садовічу. Настаўнікі выйшлі на ганак. Сяляне занялі ўвесь цесны дворык каля школы.

— Увага, таварышы! — громка гукнуў Садовіч.

Натоўп змоўк, заварушыўся і шчыльней збіўся перад ганкам.

— Таварышы, браты, землякі! — адразу з высокага тону пачаў Садовіч сваю прамову.— На вашых вачах адбылася падзея, для нас, настаўнікаў, не дужа прыемная. Яна была б яшчэ болей непрыемнаю, калі б вы, дарагія браты, не падаспелі сюды ў час. I калі мы зараз стаімо перад вамі на гэтым ганку яшчэ вольныя, дык толькі таму, што вы прыйшлі на дапамогу нам. Паліцыя спалохалася і дала драла. Праўда, у руках прыстава апынуўся пратакол нашага настаўніцкага сходу, намі падпісаны, што вельмі прыкра і небяспечна.

— Чаму ж вы не далі нам знаку? Мы б з іхняга горла вырвалі пратакол! — пачуўся грозны голас Мірона Шуські.

— Усё здарылася раптоўна і нечакана,— панізіў голас Садовіч.— Мы і варту былі паставілі, ды знялі, не ў часе заспакоіліся. Але, таварышы, покі мы жывы, мы не згорнем бездапаможна сваіх крылляў, будзем весці барацьбу далей — за нашу волю, за зямлю, за нашы людскія правы. Ёсць на свеце праўда і справядлівасць — перамога будзе за імі. Рэвалюцыйны рух не спыняецца. Да нас далятаюць, і штораз грамчэй, галасы змагароў-рэвалюцыянераў з падполля, з цёмных руднікоў сібірскай катаргі, ад людзей, змушаных пакінуць сваю радзіму, але не парываючых з ёю святой сувязі. Усё мацней разносіцца па зямлі голас волі, заклік да барацьбы з царскім самаўладствам. I гэты голас гаворыць нам: Гарапашнікі! Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Гуртуйце сілы! Сіла ж у нашай злучанасці — усе за аднаго і адзін за ўсіх! Цешыцца царскае самаўладства, што прыдушыла рэвалюцыю. Мы ж напомнім яму: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю.

Няхай жыве і не заціхае барацьба за шчасце працоўных людзей!

Няхай жыве рэвалюцыя!

Настаўнікі, а за імі і мікуціцкія сяляне заспявалі:


Смело, товарищи, в ногу!


Толькі калі пачало развідняцца, сяляне пакрысе разышліся па хатах. Крыху счакаўшы, з’явіліся Лапаткевіч з Гулікам. Яны рабілі выгляд, нібы вельмі шкадуюць, што спазніліся падпісаць пратакол.

У настаўнікаў настрой быў зніжаны, асабліва ў Садовіча і ў тых, што заставаліся на яго кватэры. I як далі яны такога пудла! Варту знялі тады, калі яна была найболей патрэбна. Дапусціліся да таго, што пратакол папаў у рукі паліцыі. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? I яшчэ болей было нападак на Дзеда Хрушча. Ну, што яму значыла, залучыўшы ад прыстава пратакол, парваць гэты важны дакумент на кавалачкі!

— Шкада, што нас не было! — абурліва сказаў Лапаткевіч.

Нічыпар Янкавец сярдзіта глянуў на яго і на Гуліка. Ён адчуваў некаторую няёмкасць за тое, што прывёз з сабою такіх смелякоў, што ўмудрыліся не распісацца ў пратаколе, а цяпер яшчэ задаюцца. Нічыпар прыгразіў ім:

— Напішу прыставу, каб далучыў да пратакола і вашы подпісы! — І, страсянуўшы чупрынаю, прамовіў: — Эх ты, чорт! Чаму я не дагадаўся даць рублёў дваццаць пяць прыставу! Вярнуў бы пратакол, ну, знішчыў бы. А напісаць новы не такая ўжо трудная справа.

На ўсе нападкі і на ўсе запозненыя разважанні Лабановіч заўважыў:

— Ёсць у яўрэяў такая прыказка: «Дай, Божа, майму дзіцяці той розум наўперад, што да мужыка прыходзіць потым».

Кінуўшы погляд на пакойчык, дзе зараз усё было параскідана, засмечана, на расчыненую шафу і груды кніг і папер каля яе, на батарэю пустых пляшак ад гарэлкі і на шматкі свайго даклада пад сталом і пад канапкай, Лабановіч прыгадаў адзін сказ, што пісаў колісь пад дыктоўку ў гэтай жа школе, і ўголас вымавіў яго:

— «Где стол был яств, там гроб стоит»... Эх, хлопцы, хлопцы! — у засмучэнні гаварыў далей Лабановіч.— Лягчэй за ўсё шукаць вінаватых. Ды якая ў тым карысць? Ты ж, Алесь,— звярнуўся ён да Садовіча,— не згрызайся! У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца. Памятаеш, як у Гогаля сказана? «Зачапіў, пацягнуў — сарвалася...» Ну, што ж? Слязамі бядзе не паможаш, а справу рабіць трэба. Жыццё ўсё наперадзе, хлопцы! Нават біты на вайне Мікалай Другі выбіў медаль для сваіх салдатаў і напісаў на ім, праўда, не сам — другія напісалі: «Няхай узнясе вас Бог у свой час». А мы давайце выражам медаль і напішам на ім: «Узнясёмся і мы ў свой час!» Дык так, хлопцы: вешаць галавы не трэба. Будзем глядзець на рэчы цвяроза — павыганяюць нас са школ, як крамольнікаў. Ды не ў школах свет клінам сышоўся. Засудзяць, ну і што ж?

— Правільна, стары,— падтрымаў Лабановіча Уладзік Сальвэсяў і зараз жа зацягнуў:


Вихри враждебные веют над нами...


Настаўнікі дружна падхапілі песню. Спявалі з пачуццём, натхнёна. Апаўшы настрой падняўся ізноў. I сапраўды: што гэта было б за жыццё, калі б яно плыло павольна, размерана, без усякіх крутых паваротаў?

Настала раніца новага дня. Надыходзіў час развітацца з Мікуціцкаю школаю. Але нельга было ўстояць перад спакусаю — пакупацца ў Нёмане. Адчувалася патрэба асвяжыцца, падтрымаць абяссілеўшае за бяссонную ноч стомленае цела, апаласнуць пачырванеўшыя ад зморы вочы.

Лабановіч, Нічыпар, Гулік і Лапаткевіч накіраваліся на станцыю, каб ехаць у сваю аселасць. Садовіч, Тадорык, Тукала, Райскі, Уладзік Сальвэсяў і Дзед Хрушч праводзілі іх.

Ужо сонца праглядвала праз вяршаліны хвой і пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калі настаўнікі падышлі да балота, дзе ўначы так выразна і голасна разыходзілася рэха. Цяжкая ноч і прыкрая праява, што напаткала настаўнікаў, паклалі на іх свой адбітак. Прыгнятала і вестка, якую пачулі яны сягоння, аб разгоне Дзяржаўнай думы. Неспакойна было на сэрцы. На дне душы варушыўся і патайны страх, што паліцыя адумаецца і возьмецца за арышты ўдзельнікаў крамольнага сходу. Вось чаму не так шумна і весела набліжаліся настаўнікі да станцыі, як ішлі яны пазаўчора адтуль у Мікуцічы. Заставалася шмат часу да адыходу поезда. Замест таго каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Нічыпар Янкавец увесь час маўчаў, думаў нейкую сваю думку, але не лічыў патрэбным падзяліцца ёю з сябрамі.

— Як вы думаеце, хлопцы, што будзе з намі далей? — запытаў Уладзік Сальвэсяў.

Гэта пытанне займала ўсіх. Толькі Дзед Хрушч прылёг на зялёны машок у цяньку і зараз жа моцна заснуў.

— Гэта вядома аднаму толькі начальству,— адказаў Райскі.

— А можа, нас у лепшыя школы перавядуць, каб не бунтаваліся,— пажартаваў Янка Тукала.

— Калі разважаць цвяроза і глядзець смела праўдзе ў вочы,— сказаў Лабановіч,— дык перш за ўсё, сябры мае мілыя, праз тыдзень або праз некалькі дзён усіх, падпісаўшых пратакол, пазвальняюць з настаўніцкіх пасад і, напэўна, аддадуць пад суд. Паліцыя і ўсё начальства на чале з губернатарам да нашага сходу паставяцца вельмі сурова. Як так, каб на Беларусі, на ўскрайку царскай імперыі, адбываліся такія справы! Пакараць так, каб другім было ў навуку.

— Аракул, не гавары так злавесна! — перапыніў Лабановіча Тадорык.

— А ён кажа праўду,— згадзіўся Садовіч,— нам жа, мне, Міколу і Янку, як членам бюро не мінуць пакарання напэўна. Тым болей мне, бо сход адбываўся ў маёй школе. Паліцыя ж даўно паглядае на мяне неласкавым вокам.

— Калі нас будуць судзіць, дык будуць і дапытваць,— заўважыў практычны Уладзік.— А таму нам трэба дагаварыцца загадзя, як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў.

— Табе трэба адвакатам быць,— пахваліў Уладзіка Янка Тукала і дадаў: — На мой дурны розум, нам трэба напіраць вось на што: ні на якую крамолу-забастоўку мы не важыліся. Сабраліся для таго, каб справіць маёўку, а на маёўцы падпілі. Аб гэтым сведчыць пяць кварт — пустых бутэлек. А падпіўшым людзям і мора па калена. Вось і вырашылі, аддаючы даніну часу, арганізаваць настаўніцкі саюз.

— Складна гаворыш,— сказаў Іван Тадорык.— А можа, да гэтага і не дойдзе, а калі дойдзе, дык сапраўды ў цябе неблагая думка. I ведаеце, хлопцы, што? Мы вельмі зрабілі добра, што паправілі «змагацца з царскім ладам» на «змагацца з царскім рэжымам».

— А! — махнуў рукою Нічыпар.— Ёсць прыказка: «Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла». Тое самае і тут. Лад, рэжым — адзін чорт.

— Ну, не, брат, выбачай! — запярэчыў Тадорык.— Лад — адно, рэжым — другое. Лад — гэта сістэма, палітычная накіраванасць, нешта агульнае, а рэжым — толькі частка агульнага, прыватнае.

— Я талмудыстам ніколі не быў і ў такія тонкасці не ўдаюся. I следчы не будзе праводзіць мяжы паміж выразамі «царскі лад» і «царскі рэжым»,— адказаў Нічыпар.

— Усё-такі «рэжым» у некаторай ступені змякчае першы і самы небяспечны для нас пункт пастановы, запісанай у пратаколе,— падтрымаў Тадорыка Лабановіч.— Але ў цэлым ён рэкамендуе нас як «крамольнікаў». Ну, ды ладна!.. Вось што, хлопцы,— перавёў Лабановіч гутарку на іншае,— усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Мой поезд адыходзіць на паўгадзіны раней за ваш,— звярнуўся ён да Янкаўца, Лапаткевіча і Гуліка,— вось я адзін і падыбаю, вазьму білет і паеду, а потым вы. Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя, як божыя ягняткі: іх подпісы не стаяць пад пратаколам.

«Божым ягняткам» не зусім прыемна было слухаць гэта, але ў думках сваіх яны былі рады, што сухімі выйшлі з завірухі.

Настаўнікі згадзіліся з Лабановічам. Пабудзіўшы Дзеда Хрушча, яны прайшліся са сваім сябрам пад самае возера, адкуль ужо была блізка станцыя, і развіталіся з ім. Нічыпар Янкавец на станцыю зусім не пайшоў. Ён узяў пад руку Садовіча і сказаў яму:

— Ведаеш, Бас: давай пройдземся ў Панямонь.

У Янкаўца злажыўся ў дарозе свой план. Калі яны засталіся адны з Садовічам, Нічыпар сказаў:

— Дабром уся гэта квэстыя не скончыцца. Табе ж прыйдзецца горш, як іншым. Ты даўно на падазрэнні ў паліцыі, і начальства глядзіць на цябе, як мачыха. Паліцыя ведае і пра лісткі, што вы раскідалі ў ваколіцы Мікуціч. А тое, што нас накрылі ў тваёй школе, яшчэ болей узмоцніць тваю адказнасць. Дык вось што я надумаўся: давай махнём у Амерыку. Грошы ў мяне трохі ёсць, рахманага агента мы знойдзем. Раздабудзе нам пашпарты, і мы рушым за добрае надвор’е, узяўшы ўсю віну за настаўніцкі з’езд на сябе, аб чым і паведамім паліцыі.

Садовіч быў хлопец гарачы. Аднак ён трохі пахістаўся.

— Чорт яго, брат, ведае. Ніколі аб гэтым не думаў,— прызнаўся ён.

— А ты падумай. Лепш ветру ў чыстым полі, чым за высокімі агароджамі.

Садовіч крыху памаўчаў, падумаў, а потым рашуча і з захапленнем вымавіў:

— Згодзен! Чым чорт не араў, тым і сеяць не стаў. Хоць свету пабачым.

Сваю змову яны трымалі ў строгім сакрэце. I толькі месяцы праз два, ужо з-за граніцы, прыслалі бліжэйшым сябрам вестку аб сваёй эміграцыі.



XXIX


Лабановіч застаўся адзін. У першыя хвіліны яго ахапіў жаль да сваіх сяброў, з якімі ён нядаўна развітаўся. Асабліва шкада было Янку Тукалу і Алеся Садовіча. Чатыры гады прабылі яны ў настаўніцкай семінарыі як землякі і найлепшыя дружбакі. Многа малюнкаў і нічым не зганьбаваных перажыванняў засталося ў мінулым. Аб гэтым зараз можна толькі з прыемнасцю ўспамінаць.

Янка Тукала правёў Лабановіча да самай чыгункі. Тут яны спыніліся. Янка надумаўся пайсці ў сваю школу, перагледзець на ўсякі выпадак кнігі і брашуры. А потым ён ізноў вернецца ў Мікуцічы да Садовіча або да бацькоў.

— Ну, Андрэйка,— прамовіў урачыста Янка, трымаючы руку сябра ў сваёй.— Няхай будзе над табою благаславенне святой гары!

— Бывай, Янка! Не смуткуй, браток, і не падстаўляй спіны ветру, калі ён падзьме на цябе, а ідзі насустрач яму,— так гаворыць табе верханскі Заратустра. Пішы мне, а я цябе пісьмамі не пакрыўджу.

Народу на вакзале было мала. Лабановіч узяў білет, акінуў вокам станцыю. Нічога небяспечнага ні тут, ні на пероне ён не заўважыў. Але прыказка гаворыць: хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць. Часу да прыходу поезда заставалася хвілін дваццаць. Лабановіч падышоў да буфета, узяў бутэльку піва і закускі. Выбраўшы зацішны куток, прысеў за столік. Выпіў адну шклянку і другую. Дзве бяссонныя ночы стамілі яго. За ўвесь гэты час ён ні разу нават не прылёг. Выпітая бутэлька піва зашаламіла галаву. Салодка-журботны настрой авалодаў ім. Ён успомніў сваю маці, братоў, сясцёр, дзядзьку Марціна. Меўся праведаць іх. Але сход скончыўся так, што паказвацца ў сваім родным вогнішчы было цяжка. Што скажа ён дома? Там жа, напэўна, і зараз ужо вядома, што іх Андрэй быў у Мікуцічах, вядома, чым усё скончылася. Яго зразумеюць і хоць, можа, трохі пакрыўдзяцца, але злавацца не будуць.

Ужо заходзячы ў вагон, Лабановіч успомніў і Янку Тукалу як апошнюю нітку, што звязвала яго з тутэйшымі дарогамі і сябрамі. Дзе цяпер Янка? Сунецца дзесь адзін у сваю Ячонку і напэўна адчувае адзіноцтва, страх і трывогу перад невядомымі праявамі наступных дзён... Як хацелася яшчэ раз паглядзець на свайго разважлівага друга, паціснуць руку і сказаць:

— Янка, трымайся! Не апускай галавы! Ідзі смела насустрач заўтрашняму дню!

Без малога ў поўдзень прыбыў Лабановіч на сваю станцыю. Здаралася і фурманка, але настаўнік пашкадаваў рубля, бо невядома, што будзе далей, і патрапаў пехатою дахаты. Ён выбраў другую дарогу, што значна спрошчвала адлегласць да Верхані і пакідала ўбаку хутар Антаніны Міхайлаўны. Хацелася хутчэй дайсці да свае школы ды адпачыць, бо ўжо трэцюю пару не спаў, застаючыся ўвесь час на нагах. Адчувалася такая стомленасць, што нават трудна было сабраць мыслі, абмеркаваць усё, што здарылася за апошнія тры дні.

Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупраць яе. Як узрадуецца пісар Васількевіч, калі даведаецца аб правале свайго нязноснага суседа!

— Вярнуўся мой вандроўнічак! — радасна сустрэла бабка Параска настаўніка.— Ну, як жа вам ездзілася?

— I ездзілася, і хадзілася, і вось вярнуўся.

— Ну, і дзякуй Богу!

Бабка Параска пайшла ў кухню збіраць абед. Турсевіч быў дома, сядзеў за сталом, аблажыўшыся падручнікамі. Ён парывіста ўскочыў, шумна сустрэў прыяцеля, моцна патрос яму руку.

— Явіхся есі? — на царкоўнаславянскі лад запытаў вандроўніка і, паглядзеўшы на яго, дадаў:— Ды нешта ж ты, брат, зблажэў!

— Эх, друг ты мой сардэчны, таракан запечны! Дай Божа ніколі не з’яўляцца табе дадому, як я!

Уся прыўзнятасць Турсевіча раптам апала. Ён яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі, і ўжо іншым голасам запытаў:

— А што здарылася?

Лабановіч без усякіх хітрыкаў, проста і праўдзіва, расказаў аб усім, што адбылося ў Мікуцічах.

Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Цяжка было ў яго на душы. Не хваліў ён у мыслях маладых настаўнікаў, але нічога пра гэта не казаў. Калі Лабановіч скончыў невясёлае апавяданне, Турсевіч журботна паківаў галавою.

— Та-ак! — працягла прамовіў ён.— Справа, брат... гм! не таго!

Увайшла бабка Параска, хуценька накрыла стол. Пры яе з’яўленні настаўнікі змоўклі, але яна зразу заўважыла, што «манашак» прыехаў з нядобрымі навінамі, ды распытвацца зараз пры госцю лічыла нязручным. Бабка выйшла з пакоя і зараз жа вярнулася, паставіўшы на стол хлеб і халаднік. Яна ведала, чым дагадзіць свайму настаўніку.

— Вось дзякую, бабка, за халаднік! — сказаў Лабановіч, падсаджваючыся да стравы.

Бабка Параска зірнула на яго, уздыхнула.

— Ну, то ешце на здароўе! — і выйшла з пакоіка.

Турсевіч паабедаў ужо. Ён сядзеў, маўчаў і штось думаў.

— Ну, што ж, брат,— сказаў, папалуднаваўшы, Лабановіч.— Пайду спаць. Вось як выйшаў тады, дык і не клаўся. Адпачну, а заўтра відней будзе.— Ён зірнуў на Турсевіча і дадаў: — Пагуляў казак на волі, трэба і адпачыць.

Турсевіч чмокнуў, журботна паківаў галавою:

— Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш.

Лабановіч спыніўся ў дзвярах бакавушкі і сказаў:

— Перамелецца, мука будзе.

— Можа, мукá, а можа, і мýка,— заўважыў Турсевіч.

— А што такое мýка? — запытаў Лабановіч і сам адказаў: — Мýка — гэта ўсё тое, што прычыняе нам боль і непрыемнасць. Вось нас павыганяюць са школы з воўчым білетам, аддадуць пад суд, пасадзяць, можа, і ў астрог або вышлюць, і мы будзем мучыцца. А хіба такіх мала? А хіба мільёны простых людзей не мучацца пад пятою царскіх сатрапаў, памешчыкаў і тысяч іншых абдзіралаў?.. Ды для мяне зараз даражэй за ўсё на свеце — сон.

Лабановіч прысеў на пасцелі, зняў хадакі, пільчак, палажыў галаву на падушку і зараз жа заснуў.

Турсевіч застаўся адзін за сталом. Спакой яго быў парушаны. Яму шкада было прыяцеля. А горш за ўсё дык гэта тое, што сам чалавек вінаваты ў сваім няшчасці. Як дапаможаш яму, і што ён гэтым давёў? Было ўжо раз папярэджанне, дык не: нічому яно не навучыла яго. А яшчэ і казырыцца, нібы ён учыніў вялікі подзвіг... Эх, брат, жыццё пражыць — не поле перайсці!

Некалькі разоў Турсевіч ціхенька прайшоўся па пакоіку. Асцярожна зазірнуў у бакавушку. Лабановіч ляжаў спакойна на правым баку, падпёршы плячом падушку. Сон авалодаў ім так моцна, што нават трудна было заўважыць дыханне. Турсевіч нахіліўся над сябрам: «Вось цяпер ты шчаслівы, бо нічога не думаеш»,— падумаў ён, адыходзячы.

Новая думка мільганула ў свядомасці Турсевіча і адагнала ўсе іншыя: а ці добра заставацца цяпер у школе небяспечнага ў палітычным сэнсе настаўніка? Ці не пашкодзіць гэта акалічнасць яму, Турсевічу? I нібы ў падмацаванне яго разваг на памяць прыйшлі выразы: «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся», «Скажы, з кім ты сябруеш, я скажу, хто ты».

Яшчэ большы неспакой агарнуў Турсевіча. Цяпер Лабановіч у яго думках адышоў на задні план. Прыхапіўшы з сабою падручнік, Турсевіч выйшаў з кватэры, каб на вольным паветры абмеркаваць усё і прыняць нейкае пэўнае рашэнне.

Сказаць праўду, разважаў Турсевіч, усё, што паложана праграмаю, ён даўно праштудзіраваў, бо не сягоння ж прыйшла яму думка паступаць у інстытут. А часу засталося не так ужо і многа. Пакуль заедзе ў сваю школу ды прывядзе ў парадак хатнія і школьныя справы, дык не за гарамі і той час, калі трэба падавацца ў Вільню, трымаць экзамены. I зноў жа — прыехаць туды трэба таксама загадзя.

Думкі Турсевіча пайшлі па той лініі, якая казала, што заставацца тут доўга няма ніякай патрэбы. Такое было прынята і рашэнне.

Пад вечар Турсевіч вярнуўся з пагулянкі. Ён меркаваў, што прыяцель, якога ён, напалоханы, збіраўся пакінуць, ужо абудзіўся і яны па шчырасці пагавораць аб сваіх справах. Але Лабановіч не абуджаўся, ляжаў у той жа паставе. Не прачнуўся ён і ўночы і назаўтра раніцаю. Толькі пасля паўдня, каля таго часу, калі ён лёг спаць, Лабановіч расплюшчыў вочы.

Загрузка...