Мінуўшы старую карчму, Лабановіч прыпомніў фразу, якая зляцела з языка, калі ён выходзіў з кухні: «Іду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў». Якраз гэта і было месца, дзе, па словах бабкі, Міхалку налучыла тое здарэнне, пасля якога ён ледзь не памёр. Паставіўшы ўсё гэта ў звязак з тым фактам, што ён прыйшоў іменна сюды, не маючы гэтага ў мыслях, Лабановіч здзівіўся і зацікавіўся. «Куды ж я іду і чаго іду?» — спытаў ён сябе і спыніўся, азірнуўшыся вакол.

Было ціха, глуха і пуста, і толькі ў карчме быў відзен агонь. Лабановіч мімаволі пачуў нейкі страх. Яму прыпомнілася апавяданне бабкі. Разумеецца, гэта глупства. Міхалку мог напалохаць які-небудзь дзяцюк, помсцячыся за дзяўчыну, да якой хадзіў Міхалка. Але цікава, наогул, скуль бяруцца гэтыя страхі! Вось ён, настаўнік, не мае веры, што ёсць нейкая таемная варожая сіла, існуючая незалежна ад чалавека, але ён чуе ўплыў на сабе нейкага страху. Калі ён прыйдзе сюды ўдзень, гэтага ўплыву не будзе. Уся справа ў тым, што і другая ноч закрывае сваім змрокам яшчэ многа пытанняў, якія стаяць у звязку з псіхічнымі праяўленнямі чалавечага жыцця.

Нягледзячы на ўсе гэтыя разважанні, Лабановіч чуў, што яму страшна, што яму бракуе сілы павесці змаганне з гэтым страхам. «Пакліч да сябе нячыстую сілу»,— казала яму нейкая думка, але настаўнік прыкінуўся, што не чуе голасу гэтай думкі, і разам з гэтым пачуваў яшчэ большую жудасць. «Калі ў цябе не хапае на гэта смеласці, прыслухайся: ты штось пачуеш»,— прывязалася да яго гэта думка. «Ну, што ж? — прамовіў сабе Лабановіч.— I буду слухаць!» I ён унікліва стаў прыслухоўвацца. Тая ж самая ціш, тая ж глушыня. «Чэрці, чэрці! Пакажыцеся!» — ціхенька паклікаў ён і зноў стаў прыслухоўвацца. Усё было ціха, ніхто не аклікаўся, ніхто не паказваўся. Нервы настаўніка былі моцна напружаны, і ён чуў, што калі саступіць з нейкага пункта, на якім ён ледзь-ледзь трымаўся, то пападзе ў поўную абладу страхаў і пусціцца ўцякаць з гэтага месца. Ён павярнуў назад да карчмы і пайшоў, прыбаўляючы кроку. Каля карчмы затрымаўся, падумаў і павярнуў да старога Абрама. Там ён прысеў, папрасіў бутэльку піва і, крыху супакоіўшыся, пайшоў у школу.


XIV


Напярэдадні Міколы сабраўся Лабановіч да свайго сябра Турсевіча і пайшоў на раз’езд. Дзяжурыў якраз Сухавараў. Ён запэўніў настаўніка, што праз паўгадзіны прыйдзе таварны поезд, з якім і можна будзе паехаць. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. I тут жа пахваліўся, як гэтымі днямі залучыў ён да сябе адну маладзіцу. Лабановіч прыпомніў сваё не вельмі даўнае спатканне на вуліцы з незнаёмай жанчынай, і яму стала непрыемна слухаць усю гэтую брудную споведзь.

— Выбачайце,— спыніў яго Лабановіч,— нашто вы ўсё выкладаеце?

— А хіба вы не любіце слухаць такія рэчы?

— А што ж тут можа быць цікавага?

— Чаму? — спытаў Сухавараў і зірнуў на настаўніка сваімі шэрымі памаўзлівымі вачамі з выяўным насмяханнем.

Настаўнік у сваю чаргу паглядзеў яму ў вочы. Не падабаўся яму гэты твар самаздаволенага самца і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі.

— Як вам сказаць?.. Гадасць усё гэта, і пахваляцца гэтым чалавеку інтэлігентнаму ніяк не прыстала.

— Эх, вы: сарамяжлівая дзяўчына,— прамовіў Сухавараў крыху зняважліва.

Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Прыпыніўшы поезд, Сухавараў пасадзіў настаўніка ў цяплушку і развітаўся з ім. Лабановіч пачуў сябе лёгка, сядзеў і разважаў аб тым, як спаткае свайго сябра.

Як толькі поезд прыйшоў на станцыю, Лабановіч борздзенька выскачыў з цяплушкі, на ўсякі выпадак забег на станцыю, бо магло стацца так, што яго сябар зайшоў туды. Але сябра там не было, і Лабановіч пайшоў да вёскі па чыгунцы.

Вечар быў цёмны і ціхі. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз, ціха і роўна, нібы баючыся парушыць спакой лесу. Абложанае бялявымі хмарамі неба, здавалася, ніжэй навісла над зямлёй, і пухаўныя сняжынкі спакойна падалі на гэты высокі лес і дарогу. Было штось незвычайна прыемнае ў руху белых і чысцюткіх пушынак, і так далікатна лажыліся яны на зямлю, на шапку настаўніка. Чулае вуха, здавалася, само прыслухоўвалася да іх ціхусенечкага шолаху, як бы хацела ўцяміць мілую гутарку.

Лабановіч ішоў борзда. Яму было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі або ён сам быў яшчэ дзіця.

З правага боку дарогі лес скончыўся. Лабановіч ішоў і ўзіраўся ў цемру, каб не прамінуць гасцінца, бо дзесь тут ён павінен перасекчы чыгунку. А во гэты шлях, вось гэтыя старыя бярозы-прысады! На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Там змяшчалася школа, дзе жыў і вучыў дзяцей Турсевіч.

Лабановіч борзда прайшоў гэту вярсту, здалёк убачыўшы сіняваты блеск у акне свайго сябра. Каля самае кватэры ён прыпыніўся. Акно з боку вуліцы было завешана просценькаю занавескаю. Турсевіч хадзіў па пакоіку і меў такі выгляд, як бы ён сам сабе пераказваў лекцыю. Лабановіч ціхенька падышоў да аконца, пастукаў пальцам па шыбе і схаваўся.

Турсевіч адхіліў занавесачку і, засланіўшыся рукамі ад лямпы, стаў узірацца. Нікога няма. Як толькі ён адышоўся, Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў.

Турсевіч рашуча падышоў да акна і громка запытаў:

— Хто там?

Лабановіч не аклікаўся.

— Што за чорт? — пачуў Лабановіч нібы сярдзіты голас сябра.

Счакаўшы яшчэ з хвіліну, Лабановіч зноў пастукаў. Турсевіч сярдзіта сарваўся з месца і накіраваўся да дзвярэй. Лабановіч схаваўся за тоўстую бярозу. Турсевіч прыадчыніў дзверы, ледзь прасунуў галаву і стаў пазіраць. Нідзе нікога няма. Як толькі ён зачыніў дзверы і замкнуў іх на засаўку, Лабановіч — скок на ганак!

— Хто? — запытаў Турсевіч, не адчыняючы дзвярэй.

— Не скажу! — адказаў Лабановіч.

— Ах ты, мядзведзь цельшынскі! — крыкнуў радасна Турсевіч.— Ну, ідзі, ідзі, брат... Ах ты, фрукт гэтакі! — весела прамовіў ён і расчыніў насцеж дзверы ў сваю кватэру, каб было відно госцю.

Турсевіч крыху адышоўся ад дзвярэй і нарыхтаваўся спаткаць сябра, якому ён быў вельмі рад. Бойкія шэрыя вочы яго так і ўпіліся ў Лабановіча; з іх так і сыпаліся іскры смеху; разам з тым у іх адбівалася жывая мысль, нейкая станоўкасць і ўпартасць.

Лабановіч прыпыніўся каля дзвярэй.

Момант сябры азіралі адзін аднаго, а твары іх свяціліся вясёлым смехам.

— Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк! — важна і ўзвышальна прамовіў Лабановіч.

— Да не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце! — адказаў гаспадар.

Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.

Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.

— Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!

Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра:

— Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат! — спыніў Турсевіч самога сябе.— Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!

— Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе,— адказаў Лабановіч.— Адным словам, галава твая міністэрская!.. I дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак.

— Валяй!

Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:


Люблю я слухаць шум ад таркі —

Дзяруць картофлю на бліны,

У печы піск люблю ад скваркі —

Прынадна пахнуць мне яны.

Няхай злуе айцец духоўны,

Няхай суліць мне пекла ён,—

Люблю я больш, як звон царкоўны,

Скаварады аб прыпек звон.


— Ха-ха-ха! — зарагатаў Турсевіч.— Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:


Люблю я больш, як звон царкоўны,

Скаварады аб прыпек звон!


Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!

Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.

— А ведаеш, Лабанок,— таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас,— можа б, ты выпіў чарку?

— Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам — кудзеснік! — натхнёна прамовіў Лабановіч.— Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?

— Дык, кажаш, добра было б выпіць? — спытаў з нейкаю сур’ёзнасцю Турсевіч.

— А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?

— Дык няма ж, братка!

Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.

— Ха-ха! — аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.

— Абязвечыў ты мяне гэтым,— прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.

— На тое ж я кудзеснік,— не пераставаў смяяцца Турсевіч.

Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.

— Не журыся, брат! — сказаў ён і патрос паўбутэлькай.

Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.

— Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць? — спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.

— Затое ж мая бабка шаптаць умее.

— Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.

Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.

— Ну, закусвай, брат!

Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.

Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу.

Справа датыкалася аднаго кантроля, вельмі адданага служакі. Захацелася яму злавіць аднаго старасту на чыгунцы. А стараста, трэба сказаць, быў жулік: прыпісваў лішніх рабочых, каб іх плату палажыць сабе ў кішэню. Налятае гэты кантроль. Старасты пры рабочых не было — дзесь у будцы сядзеў. Пералічыў кантроль рабочых і хацеў знячэўку на старасту наляцець, каб праверыць яго кніжку. Але выпадкова была тут дачка старасты. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Кантролю тут і цюкнула. Ён за дзяўчынаю! Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, кантроль чэша. I дабеглі яны да будкі, праве, адначасна.

— Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа.— Я аддам цябе пад суд!

— Я на вас падам у суд,— спакойна адказаў стараста.— Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць.

Кантроль вырачыў вочы, як бы яго даўбешкаю агрэлі.

— I пабачым, каму ад гэтага будзе болей нясмачна,— казаў усё так жа спакойна стараста.— Я дзесяць сведак пастаўлю, і кожны пацвердзіць, чаго вы за дзяўчынаю ганяліся.


XV


Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху.

— У нас сёння дзень не прапаў дарма, бо ў гэты дзень мы многа смяяліся,— заўважыў Лабановіч,— Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў: «Той дзень, калі вы не смеяцеся, прападае для вас».

— У такім разе ў нас, брат, многа прападае дзён,— ужо сур’ёзна адказаў Турсевіч.— Бывала, увосень сядзіш адзін гэты доўгі вечар. За акно зірнеш — цемра. Дождж. А кроплі ўсё плюскацяць і плюскацяць пад капяжом, нібы там плача хто, і нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Заўваж, дружа, іменна асаблівыя думкі. Яны выходзяць як бы не з твайго мозгу, а табе іх насылае нехта, каго няма, але прысутнасць яго нібы адчуваецца. I вось уб’юцца ў галаву такія думкі і, Бог ведае, аб чым не гамоняць табе! А вось, як гэтыя бярозы каля хаты пачнуць шумець! Ведаеш, брат! Чалавек, скажам, прывыкае да жывёлы. Гаспадару часта шкада разлучыцца з канём, ці з кароўкаю, або з сабакам не затым, што яны для яго карысны, а проста па прывычцы. Але можна прывыкнуць не толькі да жывёлы, а і да дрэва, як я, напрыклад, прывык да гэтых старых бяроз, што стаяць на шляху каля хаты. I вось кажу, калі зашумяць яны сваім голым веццем, то я чую нейкі жаль. Мне здаецца, што яны чагось смуткуюць і аб чымсі скардзяцца і што яны таксама нешта пачуваюць, іменна пачуваюць. I ў такія вечары ўжо не засмяешся... I многа ў нас такіх вечароў! — Апошнія словы Турсевіч прамовіў у нейкім засмучэнні.

Лабановіч уважліва слухаў сябра і зацікавіўся ім. З гэтага боку, з боку такой тонкай чуласці і лёгкага містыцызму, ён бачыў яго першы раз, дасюль лічачы яго чалавекам пераважна рэалістычнага складу.

— Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Я хачу запытаць у цябе — ці думаў ты калі-небудзь над тым, або проста — ці кідаўся табе ў вочы той факт, што прырода вакол нас... Я не ведаю, як выказаць маю думку... Ну, што ў яе ёсць нейкае сваё свядомае жыццё? Якое яно, я не ведаю. Можа, гэта, як у мяне, напрыклад, ёсць перажытак дзяцінства. Але і цяпер я ніяк не магу вызваліцца ад гэтага пачуцця, што прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё. Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю, да якіх мяне не горне, я не магу з імі зжыцца, прывыкнуць да іх. Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дзе птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх.

— Ёсць, брат, штось такое,— сказаў Турсевіч.

— I вось, брат, як пачнеш на адзіноце думаць, чорт ведае да чаго дадумаешся. Накруціш свае нервы так, што пачынае цябе жудасць пашыбаць. I ўсе гэтыя таямніцы, можа, не больш і не менш як вынік туга накручаных струн-нерваў.

— Мы прывыклі, дружа,— мякка сказаў Турсевіч,— адбаярвацца агульнымі выразамі там, дзе наш розум не можа адолець, пераступіць нейкія парожкі, якія адгароджваюць ад яго тое, чаго мы не ведаем. I ў адных выпадках мы гаворым: «Гэта — нервы». У другіх: «Аб гэтым ужо і закон так кажа, значыцца, тут трэба спыніць свой розум»; або — «Гэта злучэнне акалічнасцей», «Пад такою планетаю радзіўся» і многа іншага глупства. I часта які-небудзь незразумелы факт мы тлумачым яшчэ больш незразумелымі злучэннямі слоў і думаем, што сказалі нешта надта разумнае, а другія згаджаюцца з гэтым і здавальняюцца. А між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця, і не даюць ёй ходу там, дзе трэба разгарнуць дзейнасць, каб дашукацца прычыны. I, такім чынам, праз сям’ю, а потым і праз школу наш розум прывучаецца пасіўна ўспрымаць такія з’явы, якія далёка не даследжаны і не растлумачаны. Дзяцей часта асякаюць старэйшыя ў сям’і, калі яны прыстаюць з запытаннямі, то вельмі наіўнымі, то часамі занадта замыславатымі. А несвядомыя настаўнікі ў школах таксама забіваюць у вучнях усё тое, што не ўкладаецца ў асадкі падручнікаў або выходзіць за межы знаўства саміх педагогаў. А гэта, усё разам узятае, вядзе да таго, што мы падпадаем пад абладу слоў і не маем волі для пратэсту супраць гвалтоўнасці над нашым розумам.

Лабановіч слухаў сябра, згаджаўся з ім, як бы Турсевіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу.

— Ведаеш, брат,— сказаў ён.— Вельмі добра хоць зрэдку сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвесці душу. А то жывеш у глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін. I думкі розныя бываюць; мігатнуцца ў тваёй галаве, як цень на зямлі ад лёгкай хмаркі, і забудуцца, як бы асуджаныя на зніштажэнне. А гэты дробны клопат штодзённага жыцця, нецікавага, часта пустога і нікчэмнага, прыніжае цябе, выціскае з цябе ўсё больш вартоўнае. I вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Чым болей я жыву там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне не хопіць сіл.

Лабановіч замоўк і задумаўся. Вочы яго сталі нерухлівымі і пазіралі ў адзін пункт. Перад ім устаў вобраз панны Ядвісі. «Не, брат: не ведаеш ты, чым мне мілая гэтая глуш, ды я табе пра гэта не скажу»,— думаў Лабановіч.

Турсевіч, залажыўшы за спіну рукі, хадзіў ад сцяны да сцяны і таксама аб чымсьці думаў.

— Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш,— прамовіў Турсевіч.— Вось ты вазьмі: якія-небудзь дваццаць вёрст раздзяляе нашы месцы, а якая розніца! Тут зусім іншае: не той выгляд прыроды. Мы заўтра пройдземся, паглядзім... Ніяк, брат, няможна раўняць Случчыны з Піншчынаю. I дзеці ў школе не тыя. У іх больш сардэчнасці, больш, ведаеш, гэтай чалавечнасці, а твае палешукі — проста звяркі.

Далёка за поўнач сядзелі сябры. Многа ўсякіх пытанняў было паднята і абмяркована імі. Усё, што думалася на адзіноце, што так ці іначай займала і цікавіла іх, усё гэта выявілася цяпер і давала многа матэрыялу для гаворкі. Але не хапіла і гэтай доўгай ночы, каб пагаварыць пра ўсё.

— Скажы ты мне, братка Максім,— пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасцелі.— Для чаго чалавек на свеце жыве? З некаторага часу мяне цікавіць гэта пытанне. Аб гэтым пытаў я нават і сваю бабку.

— Ну, для чаго ж жыве?.. А чорт яго ведае, для чаго ён жыве,— прамовіў Турсевіч.

Сябры громка засмяяліся.

— Тут ужо, брат, нейкая філасофія. I я думаю, што немцу, напрыклад, такое запытанне і ў галаву не прыйдзе.

— Чаму?

— А таму, што немец — чалавек практычны. Вырашэнне ж гэтага пытання не дае ніякага практычнага рэзультату.

— Значыцца, немец не ведае, чаго ён на свеце жыве? — запытаў Лабановіч.

— Ну, каб такі кілбаснік ды не ведаў!

Сябры зноў засмяяліся.

— Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых,— сказаў Турсевіч.

— Гэта, брат, ён так павінен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасць. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе.

— Пастой, брат, ты, здаецца, нясеш нейкую «ерась». Што ж, па-твойму, вывуджвае які-небудзь праўдзівы хрысціянін, што адрокся ад зямлі з усімі яе дарамі і дабротамі і ідзе ад людзей, каб заставацца на адзіноце з Богам? Як прыложыш ты да яго сваю мерку?

— О, хрысціяне — народ вельмі змыслы, і да іх яшчэ дакладней прыстае гэта мерка. Яны, бачыш, маюць вельмі шпаркі разгон і шырока расчыненую губу. Іх не здавальняе зямля і наогул гэты свет (хоць і зямлёю яны таксама не грэбуюць). Ім давай рай, вечнае збавенне, бясконцую радасць і дабрабыт. А на сваё жыццё на зямлі яны пазіраюць як на спосаб латвей дастасавацца да банкету на тым свеце.

— Ты занадта агаліў сэнс жыцця,— сказаў Турсевіч,— і тым самым зневажаеш чалавека. Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Тут ёсць нешта большае, чым асабістая выгада і вывуджванне карысці для сябе. I няможна выводзіць з аднаго прынцыпу дзейнасць якога-небудзь жуліка і дзейнасць чалавека, што працуе ўсё жыццё для іншых.

— Гэта толькі здаецца так на першы погляд,— стаяў на сваім Лабановіч,— а прынцып адзін для ўсіх. Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі ісці і як разумець гэты прынцып. Але каго ты ні возьмеш: ці то будзе вучоны, які вышуквае новыя законы жыцця і пракладае новыя дарогі, ці які-небудзь выдумшчык — Эдысон, ці паэт, ці мастак, ці прапаведнік новага вучэння, ці самаахвярны дзеяч, вечны служка выключна для другіх,— усе яны выходзяць з таго ж самага прынцыпу. Не трэба толькі змешваць мэту з тымі дарогамі, якімі гэтая мэта дасягаецца.

— А ўсё ж такі я з табою не згаджаюся,— адказаў Турсевіч.

— А калі ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, як аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, пачало ўжо развідняцца.


XVI


Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы, усё болей і болей зніжаліся яны, а потым зліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самімі, як бы ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.

Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! З якой незвычайнай сілай парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Якая ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? Ці не ён, гэты летапіс часаў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць цёмную ноч няволі, што звісла над краем? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сімваламі якіх з’яўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю невыразным хваляваннем і кліча яе зліцца з бяскрайнасцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездавалення людскога, таемны покліч да шукання іншых форм жыцця, несвядомае імкненне да лепшае долі? Ці то — парыванне душы разбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязмежныя прасторы яшчэ нідзе неіснуючай волі?

Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад?

— Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! — казаў Турсевіч сябру, паказваючы з ганка свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі.— Які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнка і колькі ў ім разнастайнасці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!

— Я аднаго не разумею,— сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы краявід.— У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. I нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расіі. Чым яна слаўная? Нічым. Вось балоты ёсць, ды яшчэ на ўвесь свет вядомая хвароба — каўтун. I мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! — Слова «стыдаемся» Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраз яго твару змяніўся, а ў вачах загарэўся агеньчык нейкай злосці. У ім абудзіўся цяпер, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, пратэст супраць зневажання і прыгнечання правоў народа, і ён, як сын гэтага народа, з якім чуў цесную сувязь, стаў на абарону яго правоў.

— Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я — англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць».

— Гэта — свінства! — адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю.— Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства.

Сябры некаторы час ішлі між прысад, а потым звярнулі на дарожку, гладка ўезджаную сялянскімі санямі, і пайшлі ў бок чыгункі.

— Я хачу паказаць табе даўнейшыя могілкі,— сказаў Турсевіч і павёў сябра ў невялічкі лясок на ўзгорку недалёка ад дарогі.

Дзе-нідзе на гэтых могілках тырчалі рэшткі крыжоў, панура нахіленых над зямлёю, і невялічкія гарбкі, закрытыя снегам. Між высокіх дрэў стаяла дзервяная каплічка з пабітымі вокнамі. Яна была пабудавана ў асобым стылі і мела арыгінальны выгляд. Яшчэ і цяпер па глухіх кутках Случчыны, напэўна, захаваліся такія каплічкі. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Дзервяны дашок яе прагніў і зяўраў чорнымі дзіркамі. Ухапіўшыся за выступ падваконня, Лабановіч зазірнуў у сярэдзіну каплічкі. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Усярэдзіне каплічка мела яшчэ досыць свежы выгляд, але ўсё ў ёй было пахмурным і страшным, і самі сцены, здавалася, сурова пыталі: «Чаго табе трэба тут, пустацікавец? Якое ты маеш права парушаць спакой гэтае святыні?»

— Каб я ўмеў маляваць,— сказаў Лабановіч,— я перанёс бы яе на паперу.

— Цікавая каплічка,— згадзіўся і Турсевіч.— Вось я і прывёў цябе сюды, каб паказаць яе. I ведаеш, якое было тут нядаўна здарэнне. Адзін тутэйшы абывацель з шляхты быў на паляванні. Сабака выгнаў ліса. Ліс схаваўся пад алтар каплічкі. Паляўнічы пачаў капацца і забіў ліска. Аб гэтым даведаўся бацюшка, падаў на суд за абразу святыні. Адным словам, завязалася цэлая громкая справа.

— А ведаеш, і мне не шкада, што гэтага паляўнічага на суд падалі,— адказаў Лабановіч.— Разумеецца, справа тут не ходзіць аб абразе, але сам па сабе гэты выпадак моцна скрабе сэрца: бедны звярок думаў знайсці сабе тут ратунак.

Сябры моўчкі ішлі з могілак. Відаць было, што кожнага паасобку займалі свае думкі. Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось не здавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш.

— Што, брат, прыціх? — запытаў яго Турсевіч.— Чаго зажурыўся?

— Не заўсёды ж і вясёлым быць,— адказаў Лабановіч.— Ведаеш, брат, як пабачыў я тваю школу, твае заняткі, то мая школа ў параўнанні з тваёю нікуды не гадзіцца.

— Ха-ха-ха! — засмяяўся Турсевіч.— Ніколі твая школа не будзе адставаць, раз ты ёю так моцна цікавішся і прымаеш блізка да сэрца. Гэта ў цябе яшчэ з непрывычкі, з першага года. А я пераконан, што твая школа шмат лепш стаіць за многія.

— Што я табе хацеў сказаць,— прамовіў Лабановіч,— давай вясною, як скончацца заняткі ў школах, паходзім па Беларусі, азнаёмімся з ёю бліжэй. А свае назіранні запішам, збяром багаты матэрыял. Прыцягнем яшчэ ў сваю кампанію якога-небудзь фатографа, здымкаў цікавых наробім... Апрача смеху... Гэты план, разумеецца, распрацаваць трэба. Я толькі думку падаю.

— А што ты думаеш? Гэта было б цікава. Аб гэтым, брат, трэба падумаць сур’ёзна, яй-права!

— Ты ведаеш,— з жарам падхапіў Лабановіч, пачуўшы падтрыманне сябра,— гэта была б цікавейшая рэч! Мы б абышлі шмат школ, бліжэй пазнаёміліся б з настаўніцтвам, абудзілі б цікавасць да свайго краю. А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі цесную школу і траціць час на карты і папойкі, што звычайна робіць наш брат, так жыць нельга, бо для гэтага трэба наўперад задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам.

— Вучыцца нам, брат, яшчэ трэба многа,— зазначыў Турсевіч.— Я, напрыклад, думаю ў інстытут падавацца.

— I я чую, што трэба вучыцца, але сэрца маё ніяк не ляжыць да інстытута. Бо што такое інстытут? Гэта тая ж самая казарма-семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб’е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка.

Лабановіч у глыбі душы пачуў нейкую непрыязнь да сябра, бо, як яму здалося, Турсевіч штось задумаў, нязгоднае з тымі поглядамі, у якіх, як увесь час лічыў Лабановіч, яны не разыходзяцца.

I ўжо да самае станцыі сябры ішлі моўчкі, замкнёныя ў сабе саміх. Развіталіся яны сардэчна.

— Не забывай жа мяне,— сказаў на развітанне Турсевіч.

— Цяпер, брат, твая чарга даведацца свайго старога месца і старога прыяцеля,— адказаў Лабановіч.


XVII


— Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча.

— Ой, бабка, добра гасцілася! «Было што піты і есты, але прынукі не было»,— адказаў настаўнік на паляшуцкі лад.

— У мяне, панічок, капуста ад абеду засталася, можа, вы хлебанулі б крыху?

— Не, бабка, есці я не хачу.

— То, мусіць, вас той паніч добра частаваў?

— А як жа, бабка! Дзякаваць Богу, пачаставаў на славу.

— Ну, то і добра, панічок!

Да бабкі хтосьці прыйшоў. Яна зараз жа выйшла ў кухню, а Лабановіч сеў за вучнёўскія сшыткі. Перагледзеўшы, палажыў іх на месца і колькі разоў прайшоўся па пакоіку. Усе гэтыя часы ён чуў, што яму як бы чагось не стае. Чаго? Рэч вядомая: яму трэба пабачыць панну Ядвісю. Не: гэта не так. Яму проста хочацца пабачыць яе. Якая ж тут патрэба? Хіба ён мае сказаць ёй што?.. А чаму ж не мае? Ці ж гэта не была б праўда, каб ён прыйшоў і сказаў да яе: «Я прыйшоў да цябе, бо хачу бачыць цябе, хачу чуць твой голас: ён гучыць для мяне, як вясна; хачу пачуць твой смех, бо ён, як промень сонца, асвятляе мне душу. Я прыйшоў да цябе, бо прывяло мяне сэрца».

«Не, дудкі, брат, ты гэтага не пасмееш сказаць ёй. Так можа сказаць Сухавараў, бо ў яго словы не ад сэрца і ні да чога яны не абавязваюць яго,— думаў Лабановіч.— Чым меней думаць, тым лепей. Проста захацеў пайсці і пайду».

Хвіліну ці дзве счакаўшы, Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Ніхто не ішоў адчыняць: або не чулі стуку, або не было дома.

Ён пастукаў мацней. Зараз жа пачуліся чыесь крокі. Дзверы бразнулі і адчыніліся.

— Ёсць хто дома? — спытаў настаўнік служанку пана падлоўчага.

— Пан з паняю паехалі ў Хатовічы, дома паненкі і Чэсь.

— Проша, проша! — падбегла Габрынька і папрасіла Лабановіча заходзіць далей.

Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Жывыя і бойкія вочкі яе так і свяціліся радасцю.

— Калі ласка, проша да пакоя!

Габрынька ўзяла лямпу і павяла госця ў прасторны пакой.

— Сядайце, калі ласка.

— Я, можа, не ў час зайшоў да вас і пашкодзіў вам у рабоце? — запытаўся Лабановіч.

— Барані Божа! Якая ж у нас работа?.. Вы так рэдка да нас заходзіце...

— Што маю права часамі і спыніць вашу работу, асабліва калі яна непрыемная?

— Работы, пане настаўніку, ніколі не пераробіш.

— Гэта праўда.

— Ці няможна ведаць, якая праўда? — вясёлым, маладым голасам прамовіла панна Ядвіся, падыходзячы да настаўніка. — Добры вечар, пане Лабановіч!

Ядвіся падала руку, ускінула на настаўніка свае чыстыя цёмныя вочы і затрымала на ім свой погляд, як бы штось чытаючы на яго твары.

— Што ж гэта вас не відаць нідзе? — прамовіла яна.— I да нас не заходзіце.

— Каб я да вас часта заходзіў, то, напэўна, не заўважыў бы, як вы пахарашэлі,— смеючыся, адказаў Лабановіч.

Ядвіся на міг апусціла вочы.

— Цяпер я вас разумею,— сказала яна.— Вы чакалі, покі я не пахарашэю, бо такую, якою вы сустракалі мяне першыя разы, вам непрыемна было бачыць? Праўда?

— А панна Габрыня за гэты час пастарэла,— не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч.

— Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся,— запратэставала маленькая Габрынька.— I татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце.

— А вы мне не адказалі,— стаяла на сваім Ядвіся.— Я ад вас не адступлюся, покі не адкажаце.

— Ну, то ў такім разе я ніколі не адкажу вам, бо мне вельмі будзе цяжка, калі вы адступіцеся ад мяне.

Ядвіся прыкінулася ўсерджанай і нецярпліва тупнула.

— З вамі ніяк нельга да праўды дайсці. А вось жа я адступлюся: хачу паглядзець, як вам будзе цяжка.

Панна Ядвіся адышлася і села на канапу.

Лабановіч перайшоў у цёмны куток пакоя.

— Куды ж вы схаваліся? — спыталася Габрынька.

— Я не хачу, каб ваша сястра бачыла, як мне цяжка.

Паненкі заліліся вясёлым смехам. Панна Ядвіся зняла з лямпы абажур і падышла да Лабановіча.

— Пакажыце, як вам цяжка?

— А цяпер мне зусім лёгка! — смяяўся Лабановіч.

— У вас сем пятніц на тыдні! — сказала Ядвіся і папрасіла яго бліжэй да лямпы.

Настаўнік і паненкі селі каля стала.

— Дзе ж вы былі і каго вы бачылі за гэты час, покі мы тут старэлі і харашэлі? — не вытрымала панна Ядвіся, каб не засмяяцца.

Лабановіч пазіраў на яе вясёлы і дапраўды пахарашэўшы твар, на гэтыя тонкія, прыгожа скругленыя бровы. Яму было прыемна ў кампаніі гэтых дзвюх мілых дзяўчынак.

— Перш-наперш прашу прабачэння, што не перадаў вам паклонаў ад Сухаварава і Турсевіча.

— Ну, як жыве пан Турсевіч?

— А чаму вы наўперад не запыталіся, як жыве Сухавараў? — запытаў Лабановіч і бачліва паглядзеў на Ядвісю.

Ядвіся і Габрыня пераглянуліся, усміхнуўшыся. Як відаць, у іх была гутарка аб Сухавараве, і яны знайшлі ў ім нешта такое, з чаго цяпер смяяліся.

— Вы не чулі, як пан Сухавараў грае на гітары? — спытала Габрыня, не вытрымала і залілася смехам.

Ядвіся стрымлівалася, паглядаючы на настаўніка. А потым і яна засмяялася, ды так заразліва, што і Лабановіч смяяўся, гледзячы на іх; нават малы Чэсь, які ўвесь час моўчкі сядзеў каля печы, мусіў смяяцца.

— Калі дазволіце, я скажу прычыну вашага смеху.

Сёстры адразу перасталі смяяцца.

— Ну, скажыце! — разам прамовілі яны.

— У вас была гутарка аб Сухавараве. Вы зацікавіліся — які выгляд мелі б губы пана Сухаварава ў той час, калі б ён граў на гітары і сам падпяваў бы.

Ядвіся апусціла галаву. Зірнуўшы на Габрыньку, яна не магла ўтрымацца ад смеху і дала яму поўную волю.

Лабановіч дагадаўся, што правільна зразумеў прычыну іх смеху.

— Што, праўда?

— Вы не аматар адгадваць,— адказала Ядвіся.— Усё гэта вы самі выдумалі.

— Панна Габрыня, напэўна, скажа праўду.

Габрыня зірнула на Лабановіча, потым на Ядвісю. Дзяўчаты зноў засмяяліся.

— Вы праўдзівы ці не? — нечакана запытала настаўніка Ядвіся.

— Чаму вы так пытаецеся? — здзівіўся крыху Лабановіч, пазіраючы ёй у вочы.

— Проста, мне цікава ведаць.

— Як бы я вам ні адказаў, усё роўна вы не паверыце.

— А чаму вы думаеце, што я вам не паверу?

— Каб вы мне паверылі, то, я думаю, вы не пыталіся б у мяне аб праўдзівасці.

— Але вы не ведаеце, ці веру я вам, ці не; не ведаеце, ці лічу вас праўдзівым. Мне проста хочацца ад вас пачуць, як вы думаеце пра сябе.

— Значыць, вы самі пра мяне ўжо думалі? — усміхнуўшыся, запытаў настаўнік.

Ядвіся крыху замяшалася, і ледзь прыметны румянец выступіў на яе шчоках.

— Калі вы спаткаеце чалавека, дык не можаце аб ім не падумаць,— сур’ёзна прамовіла яна.

Лабановіч на хвіліну задумаўся.

— Прызнацца, я ніколі не цікавіўся гэтым пытаннем. Тут, на Палессі, дзе людзей сустракаеш мала, можа, і задумаешся над кожным чалавекам, які ні пяройдзе перад тваімі вачамі. Але ў горадзе, дзе не паспяваеш больш-менш стала заўважыць твар кожнага стрэчнага, я думаю, што гэта проста немагчыма. Можа, дзе ў мазгах гэты працэс і выяўляецца, але ў нашай свядомасці ён дапраўды не адбіваецца.

— Я ў гарадах не была,— адказала панна Ядвіся, крыху нахмурыўшыся.

— Ах, Ядвіська! Што ж гэта мы: і не падзякавалі пану настаўніку за кнігі.

— Выбачайце, я і забылася. Вельмі дзякую вам,— прамовіла Ядвіся.

— А вы прачыталі іх?

— Даўно прачыталі,— адказалі дзяўчаты.

— Я яшчэ прынясу, калі кнігі вам спадабаліся.

Служанка прынесла самавар. Селі піць чай.

— Ну, а як жа спадабаліся вам кнігі? — пытаў Лабановіч паненак за чаем.

— Вельмі цікавыя кнігі! — сказала Габрынька.— Мы іх чыталі цэлымі вечарамі.

— Ці гэта ўсё была праўда, што там напісана? — спытала Ядвіся.

— Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. I кожная звычайная з’ява жыцця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму і асвятліць больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым яшчэ вызначыць тыя, часта непрыметныя пружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлоўліваюцца нашым вокам,— можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавядання. Хоць бы ўзяць для прыкладу вас. Можна б было,— каб знайшоўся такі, разумеецца, мастак,— цікава напісаць, як у глухім Палессі гадаваліся і раслі дзве красуні сястры. Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы і чаго хочаце. А ўжо справа самога пісьменніка дадаць тыя ці іншыя завязкі, узяць той ці другі тон, гледзячы па яго здольнасці... Для яго тут расчыняюцца шырокія магчымасці.

— Хоць бы ўжо вы не смяяліся з нас, пане Лабановіч,— засмучана адказала панна Ядвіся.

Лабановіч звярнуў увагу, што ён закрануў нейкія балючыя струны ў Ядвісі.

— А вы ўзялі б дый напісалі б аповесць аб дзвюх сёстрах,— сказала хітра Габрыня.— Напісалі б, што ў іх быў стары сабака Негрусь, у якога заўсёды цяклі з рота сліні...

Габрыня не магла гаварыць далей з-за смеху. Гэты смех перайшоў і на Ядвісю, і Лабановіча, бо Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на яго і наогул быў смешнаю псінаю.

— А я вам чагось не сказала,— гаварыла Ядвіся на развітанне настаўніку.

— Ну, скажыце!

— Не, скажу другім разам.


XVIII


Гэты вечар прайшоў вельмі хутка.

У тую хвіліну, калі Лабановіч вярнуўся ад пана падлоўчага, гадзіннік якраз збіраўся выбіваць час. Пашумеўшы і паскрыпеўшы, колькі яму было трэба, ён прабіў роўна поўнач. Настаўнік запаліў лямпу, узяў кнігу: ён меў звычай чытаць перад тым, як заснуць. Але з кожнага радка на яго пазірала панна Ядвіся, і чытаў ён зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок, ад слова на слова, а думаў пра Ядвісю.

«Не, з гэтага чытання нічога не выходзіць»,— схамянуўшыся, падумаў Лабановіч.

Ён закрыў кнігу і колькі хвілін ляжаў нерухліва. Спярша ён чуў, як нейкае задаваленне прыемна запаўняе яго ўсяго, бо ў гэты вечар прымеціў, што панна Ядвіся ім вельмі цікавіцца. Яе акруглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца, хвалюючы яго. Усе словы яе, сказаныя ў гэты вечар, цяпер прымалі асаблівае значэнне, здаваліся мнагазначнымі, яшчэ яскравей выяўлялі вобраз гэтае дзяўчыны і яшчэ з большаю сілай захаплялі маладога настаўніка...

Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай. Калі гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць, і ўсё сваё жыццё, тады што?

I перад ім пачалі вырысоўвацца іншыя вобразы, і думкі яго пайшлі ў другім кірунку. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляю малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы і тым самым адсеч сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе? Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. I вось на гэтай дарозе ўжо ўстала адна перашкода... Але ці так гэта? Чаму перашкода? Ці не ёсць гэта адна з тых жыццёвых прыгод, якія аздабляюць жыццё? Не ўсе з’явы жыцця вымагаюць такога падыходу, бо тады яны страчваюць сваё хараство, сваю цэльнасць і вартасць. Да іх трэба падыходзіць проста, беспасрэдна. Каб так разважала пчала, яна, можа, і не затрымалася б каля краскі. Не заўсёды можна разважаць над пытаннямі: а што з гэтага выйдзе? чым яно скончыцца? I ці не ёсць ва ўсіх гэтых прыгодах адзнака нейкага закону жыцця, агульнага і прыватнага, які пільна стаіць на варце інтарэсаў жыцця і строга сочыць за тым, каб не парушалася яго раўнаважнасць?

Гэтыя думкі крыху закалыхалі і заспакоілі настаўніка, а вобраз Ядвісі так і стаяў уваччу, як бы смеючыся з яго разважанняў.

Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага.

— Добрая душа гэта паненка,— казала бабка і ўздыхала.— Уся ў матку пайшла... Не даў ёй Бог яшчэ пажыць трошкі, дзетак падгадаваць.

— Чаго ж яна, бабка, так рана памерла? — пытаў бабку настаўнік.

— Памерла, панічок... На ўсё воля Божая.

Панізіўшы голас, як бы баючыся, каб яе хто не пачуў, бабка казала:

— Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў! У нябожчыцы пані былі пышныя валасы. Як распусціць, бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Сама я, панічыку, бачыла, як біў яе раз пан. Узяў за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў ужо ў пакоі, то людзі таго не бачылі.

— Завошта ж ён біў яе?

— Ой, панічыку, натура ў пана цяжкая! Ой, цяжкая натура! Калі ўжо ссунуцца бровы і вусы абвіснуць, ну тады дабра не спадзявайся. Як бы на яго што найдзе. А так чалавек ён не кепскі. I пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасмяецца. Папросіш чаго, ніколі не адмовіць. I ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Не даў Бог долі беднай пані. Старэйшай паненцы тады толькі дзесяты гадок пайшоў. А без маткі, панічок, самі ведаеце, цяжка жыць. Праз год ажаніўся пан другі раз. Добрая пані, што казаць, панічок, але для дзяцей — не родная матка.

Такія ўмовы сямейнага жыцця балюча адклікаліся на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі, але яна была дзяўчына сукрытая, мела характар замкнёны і не жалілася на сваю долю. Дый каму было тут жаліцца? I смутак дзяцінства яна глыбока затаіла ў сэрцы, каб аб ім нават не дагадваліся людзі, бо пры ўсёй мяккасці свае натуры панна Ядвіся была гордая дзяўчына. I толькі на адзіноце з сабою давала яна волю сваім невясёлым думкам. Аб чым тады думала яна? А пэўна былі ў яе тыя ж думкі, што бываюць і ў нявольніка за мураванымі сценамі, якому так прынадна ўсміхаецца воля. Розніца толькі ў тым, што гэта воля добра вядома яму, тады як жыццё за межамі гэтых панурых лясоў і зацятых у сваёй маўклівасці балот Палесся было для Ядвісі яшчэ не зусім ясным і, стала быць, яшчэ больш павабным і прыгожым.

Але як бы там ні было, панна Ядвіся часамі бегала на колькі хвілін да старой Мар’і, не затым, каб паскардзіцца на свой смутак, а проста пагутарыць з ёю. Забягала яна ў тыя часы, калі Лабановіч быў на лекцыях, і то ўкрадкам, з усімі перасцярогамі, каб не спаткацца з настаўнікам. Бабка была кабеціна добрая, чулая на чужое гора і ўмела знайсці тыя простыя жывыя словы, што ішлі да душы, гаілі і заспакойвалі яе. Гэтыя пабачэнні доўгі час адбываліся цішком ад настаўніка, і бабка, якая ні была яна гаваркая, ніколі не казала аб іх «панічу», хоць таксама была моцна аддана яму.

Што ж цягнула панну Ядвісю да гэтае простае кабеціны? Трэба сказаць, што старая паляшучка была бабка добрая, спагадная і сваім простым сэрцам разумела, чаго бракавала маладой дзяўчыне, так рана страціўшай родную матку. Водгук на чужое гора жыў у яе сэрцы, бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана застаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. I трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Скуль жа бяруцца гэтыя сілы, гэтыя ўласцівасці душы? Напэўна, з крыніц свайго гора і цяжкага змагання з жыццём за людскія правы, з гэтай цэльнасці наіўнай веры ў справядлівасць расплаты на тым свеце за ўсе пакуты на зямлі.

З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік, як ён часамі пакрыкваў на вучняў, сярдуючы на іх някемлівасць або праз меру падняты шум, каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. А тонкая сцяна між кухняю і школаю дазваляла чуць усё, што рабілася ў школе. Ядвіся часта прыпыняла гутарку са старожкаю і прыслухоўвалася. Як толькі канчалася лекцыя і школа адразу ўздыхала вальней сваім шумам, Ядвіся, даўшы бабцы знак маўчаць, як спуджаная дзікая птушка, кідалася ў дзверы і знікала між будынін свайго двара, адкуль часта чуўся яе малады сакавіты голас і звонкая песня. А бабка, гледзячы ёй услед, сама сабе ківала галавою і смяялася доўгім ціхім смехам.

— Смешная, вясёлая паненка! — зазначала бабка.

Апавяданне бабкі аб доме пана падлоўчага зрабіла моцнае ўражанне на маладога настаўніка. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленні, а дапытлівая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. I гэта трагедыя людскога жыцця авявала і вобраз панны Ядвісі, атуляла яго нейкай няяснай заслонай тайнасці цёмнай палескай глушы. I сама гэта глуш усё выяўней прымала своеасаблівы воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыццём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людскім лёсам.

Застаючыся на адзіноце з самім сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў думках. I гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і смяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта прыемнае ўліваецца ў душу і грэе яго сэрца. Але пры спатканні з Ядвісяю ён ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, не то нейкая асцярога стрымлівала сказаць ёй усё, што было на душы.


XIX


У хуткім часе пасля таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсевіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна здзіўлены, угледзеўшы на парозе высокую, сухарлявую фігуру хатовіцкага настаўніка. Перш-наперш ніяк не чакаў яго ў госці, асабліва ў будны дзень.

— Зд’ястуйце! — прамовіў Саханюк, прычым губы і вочы смяяліся вясёлым смехам.— Што, не чакалі мяне? — спытаў ён, павітаўшыся з калегам.

— Ніяк не чакаў,— здзіўлена адказаў Лабановіч,— ну, тым прыемней пабачыць вас тут. Заходзьце ж, калі ласка, у кватэру, а я зараз канчаю лекцыю і пушчу хлопцаў на абед... А можа, вам цікава пазнаёміцца з маёй школаю, то будзьце ласкавы.

Саханюк больш з далікатнасці прайшоўся між вучнёўскіх лавак, заглядаючы на грыфелевыя дошкі і на сшыткі вучняў, а потым прыпыніўся каля шафы з кнігамі і слухаў, як калега вёў работу і якія адказы давалі вучні.

Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Запытанні так і сыпаліся адно за другім, а следам за пытаннямі выклікаліся вучні. Яны давалі досыць добрыя адказы.

— Можа, паэкзаменуеце маіх вучняў? — спытаў Лабановіч Саханюка.

Саханюк махнуў рукою, даючы гэтым знаць, што ён не мае ніякіх запытанняў.

— Схавайце кнігі! — звярнуўся Лабановіч да вучняў.

Дзеці борзда пахавалі кнігі і дошкі.

— Малітву!

Школа хорам праспявала малітву прад абедам. З шумам рынуліся дзеці на вуліцу і запоўнілі яе сваімі звонкімі галасамі.

— Ну, як вам падабаецца мая школа?

— А нічога, добра! Добра!.. Вы, відаць, многа працуеце?

— Працаваць-то прыходзіцца. Толькі мне ўсё здаецца, што ў маёй працы чагось не стае і што я раблю не так, як трэба.

Настаўнікі ўвайшлі ў пакойчык.

— Э, плюньце вы на гэта,— прамовіў Саханюк.— Навучылі чытаць, пісаць і задачы развязваць і — шабаш! Вы думаеце, медалёў заслужыце? Або свет гэтым перавернеце? Інспектар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй.

— А як вы сваю школу пакінулі?

— А дзе яна дзенецца? У лес не пабяжыць,— адказаў, смеючыся, Саханюк.

«Відаць, брат, ты не так сюды прыехаў»,— падумаў Лабановіч.

— Мусіць, у вас нейкая важная справа, калі так. Можа, часамі ў сваты прыехалі да каго? — мяняючы тон размовы, жартліва запытаў яго Лабановіч.

— А што ж? Сватайце. Гуляць будзем.

— Дык бачыце, я кепскі сват. Каб часамі з-за дзяўчыны не пасварыліся.

— Каб з-за дзяўчыны ды яшчэ сварыцца! Ці мала гэтага дабра на свеце? Хопіць на наш век!.. Паміж іншым, вамі цікавіцца адна паненка.

— Паненка? Якая?

— Такая, што ўсё аддай — і мала!

— Ну, хто ж такая?

— Кажа: хацела б пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.

— Можа, завітанская чараўніца?

— Яна, калега, яна! Як гэта вы адгадалі?

— А ў мяне бабка — знахарка; я ў яе лекцыі па знахарству бяру.

— А ўсё ж такі цікава, чаму вы дагадаліся, што гэта яна?

— А вельмі проста: усе кавалеры — сем пар вінных і сем пар нявінных і вы ў тым ліку — закахаліся ў панну Людмілу. У яе аж галава закружылася ад радасці і дух заняўся. Але яе засмучае адно: чаму не ўсе кавалеры нясуць падатак яе хараству? Я, калі хочаце, той гарбач у казцы «Царэўна — чырвоная краска», які не пакланіўся царэўне. I не буду ёй кланяцца.

— Вось вы які! — сказаў Саханюк і засмяяўся.

— А што ж вы думалі!

— I не пазнаёміцеся з ёю?

— Ва ўсякім разе сам да яе не пайду.

— Чаму?

— Проста не пайду, і ўсё.

Саханюк гаварыў, часамі смяяўся, але Лабановічу здавалася, што чагось самага галоўнага яго калега не кажа, бо не можа быць, каб ён прыехаў сюды толькі дзеля таго, каб паведаміць, што дачка каморніка хоча пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.

— Выбачайце, я зараз вярнуся.

Лабановіч выбег у кухню.

— На табе, бабка, пяцьдзесятку, прынясі гарэлкі.

— Вы яго, панічок, частавацімеце? — шэптам спыталася бабка.

— А што?

— Не варта, панічыку! Гэта ж ён, панічок, прыехаў гарцы збіраць!

— Якія гарцы?

— Ссыпку з нашага вобчаства на школу!

— Каму ссыпку?

— Сабе, панічыку!

Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння.

Лабановіч пазіраў на яе і дзівіўся. Уся гэта справа для яго была незразумелаю, хоць у значнай меры пралівала святло на прыезд Саханюка.

— Ну, бабка, прынясі гарэлкі; вып’ем, тады, можа, да сэнсу прыйдзем.

Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача.

Лабановіч вярнуўся да госця. Яшчэ нічога не разумеючы, ён зірнуў на Саханюка.

— Ведаеце, што кажа мая бабка: быццам вы прыехалі збіраць нейкую ссыпку. Што вы на гэта скажаце?

Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу.

— Так, мне належыць ссыпка ад вашага сяла,— прамовіў ён спакойна.

— Вы не жартуеце? — здзівіўся Лабановіч.

— Не, кажу зусім сур’ёзна.

— Ха-ха-ха! — Лабановіч так і паехаў ад смеху.

Саханюк пазіраў на калегу, таксама ўсміхаючыся.

— Што вы знаходзіце тут смешнага? — спытаў ён.

— Ну, як жа не смяяцца? Вы прыехалі да мяне адбіраць мой хлеб. Я буду вучыць, а вы толькі будзеце гарцы браць.

— Чакайце! — загарачыўся Саханюк.— На валасным сходзе была зроблена пастанова, каб на хатовіцкую школу давалі ссыпку. Ад вашага сяла мне належыць дванаццаць пудоў трыццаць фунтаў жыта. Ну? Я і маю поўнае права ўзяць сваё.

— Выбачайце. А калі была зроблена такая пастанова? Напэўна, тады, калі Цельшына не мела свае школы? А раз гэта школа цяпер ёсць, то было б па меншай меры смешна браць ссыпку ад свае школы і даваць у чужую. I наогул гэта справа такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання.

Саханюк ніколечкі не пакрыўдзіўся.

— Я грунтуюся на цыркулярах дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку.

— Але вы яе не атрымаеце.

— Вазьму!

— Не, не возьмеце!

Колькі хвілін Лабановіч узіраўся ў Саханюка. Саханюк таксама глядзеў на калегу. У яго жаўтаватых вачах блукаў нявінны смех.

— Ведаеце што,— прамовіў Лабановіч.— Мне не шкада гэтае ссыпкі, Бог з ёю. Аднак, калі пайшло ўжо на рызыку, магу вас не толькі запэўніць, але і перазапэўніць, што вы адгэтуль не возьмеце ні аднюсенькага зярнятка.

— Ну, пабачым,— сказаў Саханюк.

— Нічога вы не пабачыце!

У самы разгар спрэчкі рыпнулі дзверы з кухні. Старожка прасунула галаву.

— Вось, панічыку, вам грошы: нідзе не дастала! Была і ў Лявона, і ў Губаровых — няма.

— Ну, то давай будзем абедаць.

Саханюк адмовіўся абедаць. Ён прыехаў сюды з Дубейкам і ўмовіўся з ім па дарозе заехаць на пачастунак. Куды, Саханюк не сказаў. Цяпер жа ён мусіць ехаць, бо Дубейка ў старасты яго напэўна ўжо чакае.

Саханюк развітаўся з калегам, заклікаючы яго да сябе ў госці.

— Дзякую,— сказаў Лабановіч,— але, калега, майце на ўвазе, што ссыпкі вы не атрымаеце.

— Буду судзіцца,— не адступаўся Саханюк.— Вось прыеду і земскаму жалабу падам на вашага старасту.

Пад вечар таго ж самага дня стараста сабраў гарцы і прывёз іх Лабановічу.

— Што, панічок, звар’яцеў ён, ці што? Як-то мы аддамо яму ссыпку, калі ў нас ёсць свой настаўнік!

У старасты быў важны начальніцкі выгляд і пачуццё выпаўненага абавязку перад школай і настаўнікам.

— Хоць бы ён пасаромеўся,— абурліва гаварыла бабка.— Як гэта можна забраць ссыпку з чужое школы?

Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў.


XX


Панна Ядвіся была ў незвычайна вясёлым настроі. Яна і малая Габрынька пойдуць заўтра на раз’езд, сядуць на машыну і паедуць у госці. У Гродзеншчыне ў іх былі сваякі, і татка дазволіў паехаць туды тыдні на два пагасцяваць. Габрынька кружылася каля мачыхі, жартавала, смяялася такім вясёлым дзіцячым смехам, што нават пераважна смутная і заклапочаная пані падлоўчая не магла захаваць свой звычайны настрой і таксама смяялася.

— Адстань, адстань: ты ўжо не дзіця.

Пані падлоўчай, здавалася, было крыху нялоўка, што панна Габрынька так дурэе пры чужым чалавеку. А гэты чужы чалавек быў Лабановіч.

Але Габрынька не зварачала на гэта ўвагі. Яна выдумала кароценькі вершык і раз-пораз дэкламавала яго сваёй мачысе:


Мама така слічна,

Слепа, дыхавічна.


— От распуста,— ківала галавою пані падлоўчая, зварачаючыся да настаўніка.

— Я буду пісьменніцай. Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла,— смяялася Габрынька.

— А што з гэтага выйшла? — пацікавіўся Лабановіч.

— Выйшла тое, чаго ніхто не спадзяваўся! Гэтыя дзве красуні пакахалі аднаго маладога паніча і кінуліся яму на шыю. А ён, небарака, з гора пайшоў і ўтапіўся ў Целяшовым Дубе.

— Габрынька, устыдзься! — прамовіла пані падлоўчая.

А Габрынька ўся хадзіла ад смеху. Таксама смяялася і панна Ядвіся, крыху засаромеўшыся такой непасрэднасці, прастаты і смеласці жартаў свае сястры.

— У вас, як бачна, ёсць здольнасці пісьменніцы,— смяяўся і Лабановіч.— Але чаго ж ён, гэты ваш паніч, тапіцца пайшоў?

Габрынька хітра зірнула на сястру. Ядвіся, відавочна, зацікавілася яе жартам і, смеючыся, адказала за сястру:

— Мусіць, той паніч спалохаўся свайго шчасця.

Немаведама чаго сёстры пераглядаліся і перасмейваліся. Проста ім было весела, іх цешыла і радавала гэта паездка, змена ўражанняў, новыя месцы, новыя знаёмствы.

Лабановіч пачуў нейкае засмучэнне. Скуль яно, ён не ведаў і сам. Ці не з таго, што панна Ядвіся так радуецца? Як відаць, яе нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца, бо сэрца яе было вольнае, а можа, шукала другога сэрца, каб забіцца яму ў адзін тон? А можа, гэта сэрца было ўжо там?

I пачуванне адзіноты закралася ў душу настаўніка: ён тут — чужы і лішні. I смешнымі цяпер здаліся тыя думкі, якія яшчэ так нядаўна цешылі яго маладое сэрца.

Пані падлоўчая выйшла. У пакоі засталіся адны дзяўчаты. Каля печы пад канапаю ляжаў стары Негрусь і зрэдку павільваў хвастом, калі міма яго праходзіла панна Ядвіся.

— Я ні разу не бачыў вас у такім добрым гуморы,— сказаў да яе Лабановіч.— Вы сёння такая вясёлая, як ніколі.

— А вы хацелі б, каб я плакала? — спытала яна.

— Не, я гэтага зусім не хацеў бы. Але, як я заўважаю, у вас тут няма нічога такога, аб чым вы маглі б пашкадаваць. I калі б вам напаткалася такое здарэнне, што вы маглі б ніколі сюды не варочацца, вы і ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі б.

— О, не! — прамовіла панна Ядвіся.

На хвілінку яна як бы аб чымсі задумалася. Твар яе стаў сур’ёзны. Але ў момант вока выраз яе перамяніўся, уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці.

— О, не! Вы памыляецеся! — сказала яна.— У мяне тут ёсць нехта такі, каго мне вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца маё сэрца.

Лабановіч замёр у салодкім і разам трывожным чаканні. Панна Ядвіся акінула яго бачлівым поглядам. Яна раптоўна ўсхапілася і накіравалася да Негруся.

— Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала яна і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку.— Мы разлучымся з табою на цэлыя два тыдні!

— Тым прыемней будзе часіна спаткання пасля разлукі,— сказаў Лабановіч і ўстаў.— Ну, зычу вам усяго найлепшага: шчасліва заехаць, весела гуляць і лёгка перанесці разлуку з тым, аб кім так непакоіцца ваша сэрца.

Гаворачы гэта, Лабановіч чуў нейкую крыўду, і, як ні сіліўся захаваць яе, гэта крыўда вызначалася на яго твары.

— Куды ж вы? — спытала Ядвіся.

— У мяне, бачыце, ёсць адна работа. Вам жа трэба збірацца ў дарогу — не буду вам замінаць... Бывайце здаровы!

Ядвіся нічога не сказала. Яна толькі вінавата і як бы пужліва заглядала яму ў вочы. Можа, яна каялася ў сваім апошнім, праўда, грубаватым жарце, але прызнацца ў гэтым чамусь не хацела.

— А можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз’езд? — спытала Лабановіча Габрынька.

— Нашто турбаваць пана настаўніка? — прамовіла Ядвіся.— Татка заўсёды пасылае з намі лесніка Грыгора.

Што гэта? Новая абраза ці панна Ядвіся проста не хоча яго кампаніі? А можа, яна не хоча мець сведку свайго спаткання з Сухаваравым?

Вясёлы настрой пакінуў Ядвісю, і яна засталася маўкліваю, замкнёнаю.

— Зразумела,— сказаў Лабановіч,— панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя.

Пачуўшы сваё імя, Негрусь у здавальненні колькі разоў вільнуў хвастом.

Лабановіч развітаўся і выйшаў. На душы ў яго было цяжка і смутна. Ясна, што Ядвіся насміхаецца з яго. А калі і зварачала на яго ўвагу, то толькі з тае прычыны, што тут — глуш, жывога чалавека няма. А ён, як неразумнае дзіця, не бачыць нічога. Ён сам наводзіў на сябе прыемны туман самазманства, ён сам закалыхваў сябе ружовымі думкамі і салодкім летуценнем. Ну, што ж? Трэба глыбей увайсці ў сябе і там шукаць крыніц радасці і здаровага пачуцця. I трэба, наогул, узяць сябе ў рукі. Пара яму выкінуць усё гэта з галавы і сэрца, пакуль вобраз дзяўчыны яшчэ не засеў там настолькі глыбока, што з ім будзе трудна змагацца. Няхай не падумае яна, што яму без яе свет зачынен.

Колькі разоў прайшоўся Лабановіч па сваім пакоіку.

«Не,— думаў ён,— гэтак далей жыць нельга. Апрача школы і чыста асабістых інтарэсаў, ёсць яшчэ і другія — чыста грамадзянскія абавязкі. Трэба бліжэй стаць да народа, прыгледзецца, як ён жыве і чым ён жыве. Трэба пашырыць рамкі свае работы, трэба вынесці гэту работу за межы чыста школьных пытанняў».

Лабановіч накіраваўся ў школу, падышоў да кніжнае шафы. На адной палічцы стаяла колькі дзесяткаў тоненькіх кніжачак спецыяльна для народа. Выданні гэтыя былі шчупленькія і наогул пустыя. Тут пераважна былі кніжачкі, выданыя рознымі камітэтамі і гурткамі цвярозасці, або сінодскія выданні. Разгледзеўшы гэту кніжніцу, Лабановіч нічога не знайшоў у ёй цікавага, асабліва для тутэйшага насельніцтва, і вырашыў выбраць больш цікавую, на яго погляд, тэму для гутаркі з палешукамі. Аб чым жа гутарыць? Трэба звярнуць увагу на сялянскі побыт, паказаць сялянам, як жывуць другія людзі і як яны дайшлі да лепшага стану жыцця.

Лабановіч усё больш і больш захопліваўся сваёю тэмаю. У галаве складаўся план прамовы, і вынікалі ў яго ўяўленні ўсё новыя і новыя факты. Ён зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы.

На гэты час увайшла бабка.

— А вы, панічок, усё пішаце.

— Пішу, бабка.

— А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас?

— Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць?

Лабановіч задумаўся. Яму стала чагось шкада. Нейкая адзінота ахапіла яго, і гэты цесны краявід, здавалася, яшчэ звузіўся і стаў больш цесным.

— Нелады ў іх з дарожным майстрам,— растлумачыла старожка прычыну выезду Курульчука.


XXI


Прайшоў нейкі час.

Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах. Але гэтыя гутаркі не выходзілі за межы тых пытанняў, якія закранаў сам настаўнік, бо палешукі — людзі паважныя, сталыя, асцярожныя, не адразу і не кожнаму расчыняюць сваю душу, бо ўжо, мусіць, сама прырода Палесся палажыла на іх сваю адзнаку. Бясконцыя балоты вучылі іх мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу, бо так лёгка тут напаткаць небяспеку: на звера натрапіць, згубіць дарогу або папасціся ў рукі сярдзітым леснікам графа Патоцкага. I толькі выпадкова ўдавалася пачуць якое-небудзь няўмысля ўроненае сакавітае слова, прыказку або цікавае параўнанне. Старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі дзяды, жывыя летапісы цельшынскай гісторыі на працягу многіх дзесяткаў гадоў, да душы падабаліся Лабановічу. Гэта былі тыя слупы, тыя падмуркі, на якіх трымаліся традыцыі сялянскай старажытнасці. Гэта былі самавукі-аграномы, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Яны ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою на поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну. Ім досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай — высокі вырасце і авёс. Кожны такі дзед меў свой асаблівы, выразны твар.

Вось хоць бы гэты дзед Мікіта. Сівы, як голуб. Востры погляд, калючыя вочы, гатовыя пранізаць. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Але што за дока быў дзед Мікіта ў маладыя гады! I не было ў сяле роўнага яму. Такія штукі выкідваў дзед Мікіта, якіх цяпер ніхто не патрапіць, бо хіба цяпер такі народ? Ды што маладыя гады? Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў ім яго маладая бунтоўная кроў — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. I цяпер яшчэ баяцца дзеда Мікіты, бо ён — знахар-чараўнік, хоць знахарствам не займаецца; але калі што ўгневіць дзеда, тады пазнае ён сілу дзедавых чараў. Мікіта — чалавек нелюдзімы, удзень яго бадай што і не спаткаеш на людзях, і жыве ён адзін, як воўк, даўно пахаваўшы сваю старую і адбіўшыся ад дзяцей.

Дзед Мікіта і іншыя роданачальнікі Цельшына дабрахоць уступілі свае правы больш маладым і здаровым, самі ж ужо стаялі збоку ад грамадскіх спраў. Першае: яны ўжо ўнеслі свае падаткі грамадскаму будаўніцтву; другое: як ні ціха, як ні маларухома было вясковае жыццё, але старыя прадстаўнікі яго, дзяды-палешукі, знаходзілі ў ім цяпер многа чаго такога, што не адпавядала іх поглядам. I толькі ўжо ў незвычайна важных выпадках прымалі яны ўдзел.

Вось тады, калі вынікала якая заблытаная справа агульнавясковага характару, злазіў з печы зусім стары ўжо дзед Мікодым, выходзіў на вуліцу і голасна зазначаў:

— Вы не думайце таго — праўда не скварка, з кашаю не з’ясі. Выйдзе наверх яна, родная, бо ўжо сама зямля прысягала небу не пускаць адгэтуль цёмнай, заблытанай праявы.

Звычайна ж дзяды сядзелі больш дома або на двары корпаліся. У царкву яны бадай што ніколі не хадзілі, ды царквы ў Цельшыне, апрача каплічкі на могілках, не было. А дома маліцца Богу не выпадала — больш награшыш, чым намолішся. Апрача таго, маліцца іх не вучылі. I наогул, ніхто ў Цельшыне не ўмеў маліцца як трэба. Кожны маліўся так, як зносіў яго розум. Адзін раз у год, на Благавешчанне, прыязджаў сюды бацюшка з Малевіч. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п’яніца і лаяльнік. Напэўна, за гэта і пакараў святы Ілья малевіцкую царкву, пабіўшы перуном яе вежу. А можа, і другі грэх а. Мадэста мог пацягнуць за сабою такую кару, бо ён сушыў жыта за царскімі дзвярамі, а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы з рыбаю сваіх парафіян. Раз, ходзячы па балоце, уваліўся ён дзесь у апарыну па самы пояс. Царкоўны стараста, які таксама хадзіў разам з бацькам на раздабыткі, стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног.

— Чаго пазіраеш, падла пранцаватая? Цягні мяне!

Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста.

У гэту нядзельку а. Мадэст зрабіў забастоўку і не пайшоў служыць абедню.

— Што, бацюшка, можа, час званіць на абедню? — пытаў яго дома стараста.

— А ні дзлэнг! — крыкнуў а. Мадэст.— Як Бог да мяне, так і я да Бога!

I ўсё ж такі, нягледзячы на ўсё гэта, цельшынцы адчувалі нейкую патрэбу так ці іначай мець сувязь з небам і царкоўнасцю, хоць гэта сувязь была больш фармальная і павярхоўная.

Лабановіч доўга не мог забыць аднаго здарэння, калі рэлігійныя патрэбы вызначыліся асабліва самабытна. Настаўнік яшчэ спаў салодкім сном. Была раніца, толькі што разднела. У кухні, поруч з пакоікам настаўніка, дзе ён спаў, стаяў глухі шум ад галасоў цельшынскага жыхарства. Гэты шум часамі гусцеў і павялічваўся, але голас бабкі спыняў яго, бо бабка не хацела трывожыць «паніча». Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Дзверы з двара то адчыняліся, то зачыняліся. У кухні тупалі, штоўхаліся; грукалі збаны, глякі і бутэлькі, а ўвесь гэты шум пакрываўся і заглушаўся шумам вады. Вада лілася з вёдзер у цэбар. Настаўнік адзеўся. Адчыніўшы дзверы, ён убачыў поўную кухню палешукоў і паляшучак, дзяўчат, маладых і старых кабет. Усе яны праціскаліся да цэбра і бралі адтуль ваду. Старожка кіравала ўсёю гэтаю справаю і падлівала ў цэбар ваду. Убачыўшы настаўніка, усё гэтае зборышча спаткала яго вельмі прыветнымі ўсмешкамі.

— Што гэта, бабка, тут робіш?

— Ваду, панічок, свянцоную даю.

— Ах, праўда! — прамовіў настаўнік.— Сёння ж Вадохрышчы. Хіба бацюшка свянціў?

— Не, панічыку. Памятаеце, прыязджаў бацюшка хатовіцкі служыць малебен у школе? Вось засталася ад малебна вада. Я пераліла яе ў бутэлечку, а цяпер, бачыце, мы разбавілі яе, і людзі бяруць свянцоную ваду.

— Дык гэта ж трэба да царквы паехаць ды на Іардань пайсці і адтуль вады набраць.

— Далёка, панічыку, ездзіць,— важна і аўтарытэтна прамовіў стараста.

— Усё роўна,— махнуў рукою Сцяпан Рылка, той самы, што калісь вазіў настаўніка да воласці.

На працягу гадзіны часу ўсё сяло набрала сабе свянцонай вады. Бабка ў гэты дзень адчувала сябе найважнейшаю асобаю ў сяле.

Колькі разоў заклікаў Лабановіч цельшынцаў да школы. Ва ўсе хаты разносілі вучні весткі аб тым, што вось у такі вечар настаўнік запрашае жыхароў у школу, дзе ён будзе гаварыць і чытаць. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Як-ніяк, гэта ўсё ж такі было цікава для палешукоў. Палешукі, галоўным чынам сталыя людзі, важна селі на лаўках, а дзяўчаты і маладыя хлопцы збіліся каля дзвярэй, пашчыпваючы адны другіх і перасмейваючыся.

Калі ўсе сабраліся і пазаймалі месцы, прыйшоў настаўнік. У кароткіх словах ён выясніў слухачам, дзеля якое мэты сабраў іх сюды, і ў аснову свае прамовы палажыў тую думку, што чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае, якім чынам можа паляпшацца яно, як трэба ісці чалавеку, каб гэта паляпшэнне было сапраўдным і значным. Ён стараўся зацікавіць слухачоў, прыводзіў жывыя прыклады з іх жыцця, праўдзівыя, простыя і зразумелыя. Ён добра падгатаваўся да прамовы, гаварыў гладка, часамі з натхненнем. Але яго вельмі здзівіла, што дзяўчаты зусім не слухалі і больш цікавіліся сваімі кавалерамі, чым яго прамоваю. Старыя палешукі хоць і слухалі, але то той, то другі шырока расчынялі сківіцы і пазяхалі. А ў канцы прамовы Максім Цялушка зазначыў:

— Усё гэта праўда, панічок. Але куды ўжо нам вучыцца? Няхай хіба яны вучацца, а мы ўжо так дажывём.

Пры слове «яны» Максім паказаў рукою на вучняў.


XXII


Зрабіўшы яшчэ адну ці дзве такія спробы і заўважыўшы, што з кожным разам лік слухачоў памяншаецца, Лабановіч махнуў рукою. Але што было рабіць і чым яму заняцца? У будныя дні з ранку да вечара ён быў у школе. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Ён садзіўся за чытанне, зубрыў на ўсякі выпадак розныя падручнікі, пісаў лісты да сяброў, таксама закінутых у глухія куткі Беларусі; нават паспрабаваў весці дзённік, куды запісваў свае думкі, настроі і перажыванні. Спярша гэты дзённік яго моцна захапіў, і Лабановіч сядзеў над ім цэлымі гадзінамі. Разумеецца, у дзённіку самае важнае месца адводзілася адной дзяўчыне. Боязь, каб дзённік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала шукаць адмысловыя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі. Але праз тыдзень пісанне было закінута, бо самому аўтару яно здалося вельмі наіўным і смешным.

А што ж гэта дзяўчына, якая так моцна парушыла спакой маладога настаўніка, што думала яна? А яна загасцілася ў Гродзеншчыне і, як відаць, не вельмі спяшалася дадому. Такая няўвага з боку Ядвісі крыўдзіла і абражала яго. Лабановічу хацелася, каб яна хутчэй вярнулася сюды, не з тае прычыны, што ён зараз жа збярэцца і пабяжыць да яе. Не, зусім не. Ён проста хоча паказаць ёй поўную няўважнасць да яе асобы. Ён нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Ён толькі нацешыцца сваёю помстаю, але нічога не скажа аб гэтым.

У святочныя дні было яшчэ горай, бо яшчэ больш было вольнага часу. Лабановіча цягнула ў людзі, але ён цвёрда пастанавіў нікуды не хадзіць. Дый куды, сказаўшы праўду, пойдзеш? Курульчука няма, на Прыпяць перабраўся. Лабановічу вельмі шкада было Курульчукоў. Аб Марыне асталіся адны толькі чыстыя і прыемныя ўспаміны. Часамі малады настаўнік наракаў сам на сябе, чаму бліжэй не пазнаёміўся з ёю. Такая была мілая і слаўная дзяўчына, і, напэўна, было ў яе найлепшае сэрца. Што ж замінала яму бліжэй стаць да Марыны?.. «Эх,— сказаў ён сам сабе,— так лепей». Да пана падлоўчага таксама не хацелася цяпер заходзіць, хоць ён, праўда, заклікае, і Лабановіч раней ні разу не адмовіўся сесці з ім за стол, каб добра выпіць і закусіць знамянітымі літоўскімі калдунамі.

Падвыпіўшы, падлоўчы быў у гуморы; ён успамінаў тады свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак.

— Я не ведаю, што цяпер за кавалеры,— казаў зневажальна пан Баранкевіч,— ні рыба ні мяса. Я, бывала, на галаве хадзіў! Падыдзеш да паненкі і так і гэтак. Бывала, у морду табе дасць — ну, і нічога. Хіба гэта абраза для кавалера, калі часамі заробіш ад паненкі па мордзе?.. Не, трэба табе, пане прафесару, з паннаю Людмілаю пазнаёміцца. А то сядзіш ты тут, як пень на дарозе... Калі-небудзь мы паедзем з панам да Завітанак, трэба ж крыху разварушыцца ды павучыцца, як каля паненак ходзіць.

— Куды ж ужо мне патыкацца да завітанскае красуні,— сказаў Лабановіч,— каля яе ўжо вельмі завозна.

— То што?.. Гэ! Бывала, толькі і сунешся туды, дзе кавалеры кішаць. Вось тут-та і ўся цікавасць, каб іх паадціскаць, насы ім усім нацягнуць і да сябе паненку прывабіць.

Падлоўчы не прамінаў здарэння навесці апавяданне на гэтакую тэму, дзе яму самому прыходзілася выступаць у якасці шчаслівага кавалера, які браў верх над усімі іншымі.

Пані падлоўчая, давольная і шчаслівая, слухала гэтыя выдатнасці свайго грознага мужа і, нібыта не верачы, казала:

— Ну, ты ўжо скажаш.

— А мне што? — важна зазначаў Баранкевіч. Ён быў глыбока пераконаны ў праўдзе ўсяго расказанага і ў правільнасці свайго кірунку ў гэтых справах.— Я не любіў каля паненак кісялём сядзець.

Потым падлоўчы падыходзіў да музычнае скрыначкі, заводзіў тыя кружкі, якія яму асабліва падабаліся, і падпяваў басам, у такт мелодыі памахваючы рукою. Другія кружкі заводзіліся спецыяльна для таго, каб аддацца смутным успамінам далёкага мінулага. Пан падлоўчы тады сядзеў нахмураны, цяжка соп носам і думаў. Пасядзеўшы крыху такім чынам, ён падымаўся з месца і ішоў у свой пакой на супачынак.

Лабановіч звычайна сядзеў яшчэ колькі хвілін і слухаў паню падлоўчую. Яна парывалася сказаць вельмі многа, яна хацела расчыніць сваю душу, выліць з яе ўсю тугу, увесь смутак свой, але словы ўпыняліся, не адпавядалі думкам, што імкнуліся знайсці найболей дакладную форму і не знаходзілі. Колькі разоў падкрэслівала пані падлоўчая, што яна вельмі паважае пана Лабановіча і лічыць яго як бы за роднага. Няскладна і перарывіста зазначала яна непаслушэнства і свавольства Чэся, зварачаючы ўвагу на тое, што ёй, як мачысе, вельмі трудна з ім справіцца, але яна цярпліва нясе свой крыж і незаслужана церпіць з-за хлопца.

Гаварыла пані падлоўчая ціха, задыхаючыся і кідаючы баязлівыя погляды ў той бок, куды пайшоў Баранкевіч. У няскладных, балючых і палахлівых словах было многа недаказу; у іх чуўся страх і сорам гэтага спавядання перад чужым чалавекам; адчувалася мітусенне яе душы, неадпаведнасць таго становішча, якое яна займае ў сям’і пана падлоўчага, з тым, на якое давала ёй права паходжанне і выхаванне.

Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі, бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё, а гэтага яму не хацелася. З другога боку, таксама і шкада было паню падлоўчую: відочна, ёй было тут цяжка. Але разам з гэтым і нейкае варожае пачуццё супраць пані падлоўчай падымалася ў Лабановіча. Для яго было незразумела, як яна так пакорна, без усякага змагання, пагадзілася са сваёю доляю і не мае сілы скінуць з сябе гэты крыж жыцця.

— А скажыце, калі ласка,— не ўтрымаўся раз Лабановіч,— што звязвае вас з сям’ёю пана падлоўчага? Вы тут — чалавек вольны. Цяжка вам, вы чуеце несправядлівасць,— што ж вас можа ўтрымаць ад таго, каб кінуць гэта жыццё і стаць вольным чалавекам?

На твары пані падлоўчай адбіўся жах. Гэта думка, як відаць, ні разу не прыходзіла ў яе галаву. Нерухомая і маўклівая, сядзела яна за сталом, сціснуўшы рукамі галаву. Потым пані ўсміхалася нейкаю кіслаю ўсмешкаю, як бы хочучы сказаць, што ўсё гэта — глупства і што аб гэтым не варта было і гаворку пачынаць, а жыць на свеце наогул цяжка і наогул трэба пагадзіцца са сваёй доляю. Лабановіч сказаў тады ёй нешта такое, што так ці іначай магло палепшыць настрой, развітаўся і пайшоў з дому Баранкевіча.

Яшчэ адно здарэнне прыпомнілася цяпер настаўніку. Неяк на гэтых днях, па часе размовы з паняй падлоўчай, зайшла яна вечарам да яго. Пані была моцна ўсхваляваная і заплаканая.

— Выбачайце, калі ласка, што я зайшла да вас,— прамовіла яна,— але я вас вельмі паважаю і лічу вас за роднага... Божа мой! Што мне рабіць? Што рабіць мне? Няма сілы больш цярпець!

Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру, але не распытваўся аб гэтым, і сама пані падлоўчая чамусь не гаварыла, не вінаваціла свайго мужа, а толькі казала, як ёй цяжка наогул.

— Што ж вам можна параіць? — запытаў Лабановіч.— Калі маеце куды паехаць, то што ж? Паедзьце. Я б на вашым месцы не пагадзіўся б з такім жыццём. Якое ж гэта жыццё?

— Вы ведаеце натуру пана падлоўчага?

— Я чуў. Ну, што ж паробіш, калі ў чалавека такая натура?

— Ох, мой паночку! Як трудна яму ўнаравіць! Ну, няхай я нягодная, але ж ён і першую жонку ў магілу ўвагнаў і мяне ўгоніць.— Пані падлоўчая плакала.— I ўсё я вінавата. Чэсь кепска трымае сябе — я ў адказе. То робіш не так, то ходзіш не гэтак! Што б ні выйшла, усё я вінавата.

Лабановіч не ведаў, што сказаць, якую даць параду. Пані падлоўчая выплакалася, вылажыла з душы ўвесь свой смутак і гора і крыху заспакоілася. Усміхаючыся скрозь слёзы, прасіла яна Лабановіча нічога нікому не казаць. Яна яшчэ раз сказала, што толькі з ім пагаманіла аб гэтым, бо лічыць яго вельмі добрым, зусім родным чалавекам, развіталася і выйшла, просячы прабачэння.

Лабановіч пачуўся лягчэй, бо яму вельмі цяжка было слухаць гэту споведзь, тым болей што ён тут не мог даць ніякае дапамогі. Апрача таго, яму наогул было прыкра слухаць усе гэтыя згрызоты ці ўмешвацца ў чужое жыццё.

«I вось жа будзе цярпець і нікуды не паедзе,— думаў Лабановіч пра паню падлоўчую.— А што, напраўду, прымацоўвае яе тут?»

Лабановіч задумаўся. I была ж у людзей маладосць, былі ў іх светлыя надзеі на жыццё. Па сваім гусце будавалі яны шчасце, перажывалі пачатак нейкай прыгожай казкі, і чым скончылася гэта казка? I ці не складае часамі і ён, Лабановіч, цяпер сваю казку?

Ізноў успомнілася панна Ядвіся. Яму стала цяпер ясным і зразумелым, чаму яна так ірвалася адгэтуль хоць на колькі тыдняў, абы хоць забыць і адысціся ад гэтага бруду жыцця, ад атруты дамашніх праяў.


XXIII


У гэты вечар Лабановіч быў у нейкім асаблівым настроі. З чаго складаўся гэты настрой, ён і сам не мог сабе вытлумачыць. Нейкае нездаваленне, няяснае адчуванне бяссэнснасці такога жыцця, якім жыве ён, пачуццё адзіноты пачынала закрадацца ў душу. Настаўнік чуў, што яму чагось не стае, чуў, што яму трэба нешта зрабіць, чымся заняцца. Чым? Ён думаў, разважаў, але добрага адказу на гэта пытанне, які мог бы задаволіць яго, не знаходзіў.

Не! Трэба куды-небудзь пайсці, проста зняцца з месца і ісці. Але куды пайсці? Зайсці да каго? Настаўнік перабраў у памяці сваіх тутэйшых знаёмых. Ну, усё роўна, куды ні накіравацца! Ён узяў табачніцу, падлажыў тытуну, каб закурыць у часе вандравання, і стаў збірацца, не ведаючы, куды пойдзе. Добра было б даведацца да якой блізшае школы, але бліжэй як за пятнаццаць вёрст нідзе не было тут школы. Ён ужо адзеўся і сабраўся як мае быць.

— Вам ліст, панічок, прынеслі ад старасты! — прамовіла бабка, увайшоўшы ў пакойчык.

Зірнуўшы на канверт, на добра знаёмы характар рукі свайго блізкага сябра, Лабановіч распрануўся і пачаў чытаць.

Бабка стаяла, падпёршы рукою шчаку, і назірала за выразам твару настаўніка. Паміж іншым, сябар пісаў, як яго падпаілі і хацелі ажаніць з адною дзяўчынаю, сваячкаю нейкага дыякана, і як яму прыходзілася выратоўваць незалежнасць свае асобы, для чаго ён збег самым нечаканым чынам і ў самую рашучую хвіліну.

Вясёлая ўсмешка асвятляла твар Лабановіча. Гледзячы на яго, смяялася і бабка.

— Ад каго ж, панічыку, такі ліст? — запытала цікавая бабка.

— А гэта, бабка, піша адна паненка. Піша, што калі прыеду да яе ў сваты, то пойдзе за мяне адразу,— адказаў ён.

— А што ж, панічыку, думаць? Абы дзяўчына была добрая,— крыху пакрыўдзіўшыся, заўважыла бабка.

У канцы ліста сябар зрабіў прыпіску. Ён паведамляў аб смерці сябра, што разам з імі скончыў семінарыю. Гэта вестка моцна ўразіла Лабановіча. Няўжо гэта праўда? Андрэй Лабузька, той самы Лабузька, чыё прозвішча так блізка стаяла да яго прозвішча ў спісе, няўжо ён памёр? Ці можа гэта быць?

I вобраз маладога хлопца, сакаўнога, поўнага жыцця, сілы, устаў, як жывы, перад Лабановічам. Успомніўся яму цяпер адзін пусты, нязначны выпадак, калі ён, жартліва праракаючы лёс сваіх сяброў, сказаў вясною мінулага года:

— Ты, Лабузька, нядоўга пажывеш на свеце!

Гэта гаварылася дзеля смеху, бо вельмі трудна вязалася думка аб смерці Лабузькі з самім Лабузькам, так многа было ў ім здароўя і жыцця!

Лабановіч апусціў галаву і сядзеў нерухліва. Нядаўні смутна-няясны настрой цяпер забыўся. Зусім іншыя думкі выклікала ў ім гэта вестка аб смерці Андрэя. Няпэўнасць і нязначнасць людскога лёсу і гэта смерць, смерць усёмагутная і неадхільная, як злая здань, пачынала трывожыць яго і зноў ахапіла ўсю істоту.

Лабановіч уставіўся ў адзін пункт і колькі хвілін пазіраў, не міргаючы вачамі. Патрывожанае ўяўленне вельмі жыва намалявала яму вобраз мёртвага Андрэя. Нерухлівы. Скрозь сіняватую плеўку вечка вытыркаюцца пагаслыя вочы. Губы цесна зацяты, і смерць адбіла на іх пячаць сваю. Мярцвячая бледнасць і жаўцізна разліты на твары... Гэта — чалавек! Гэта — тая неспакойная форма, у якой так часта змяняецца змест! Нейкі гаспадар пакінуў яе. Яна перш называлася чалавек. Андрэй Лабузька, а цяпер — труп!.. Дзе ж гэтыя парыванні-імкненні? Дзе яны? I куды дзеўся сам гаспадар? Што ёсць там, па другі бок?..

Лабановіч жахнуўся. Ён як бы пачуў, што нехта неадхільны, грозны і няўмольны замахнуўся над ім цяжкаю булавою і вось-вось апусціць яе на галаву. А ён такі мізэрны, такі нікчэмны, што нават голас пратэсту, нават голас просьбы не можа сарвацца.

Бабка пазірала на настаўніка. Яе таксама ахапіў нейкі страх; такая відочная змена зрабілася раптоўна з «панічом», і выгляд у яго нейкі дзіўны.

Яна павольненька адступіла на крок, бліжэй да дзвярэй, не зводзячы з яго вачэй. Крыху пастаяўшы, яна паківала сама сабе галавой і ціхенька выйшла з пакойчыка. Стоячы за дзвярамі ў кухні, яна колькі хвілін прыслухоўвалася. Але настаўнік трымаўся ціха. Бабка крыху заспакоілася.

Лабановіч устаў і прайшоўся па пакоіку. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго і засела ў мазгах.

«Калі б я сказаў каму: асцерагайцеся мяне — я нашу ў сабе смерць, напэўна, на мяне паглядзелі б, як на вар’ята, і ва ўсякім разе спужаліся б,— падумаў Лабановіч.— I тым не меней гэта так. Але чаму ж людзі аб гэтым не думаюць?.. А можа, і думаюць, і напэўна многа думаюць, толькі думкі гэтыя трымаюць пры сабе, бо што казаць пра іх таму, хто і сам мае такую ж долю?»

Ранейшыя думкі аб смерці зноў прыйшлі цяпер яму ў галаву. Часамі ідзеш у дарозе. Дарога трудная, ногі баляць, а дадому яшчэ далёка. I думае падарожны: «Будзе ж такі момант, калі я ступлю на парог свайго дома, і скончыцца мая дарога». «Таксама будзе,— разважаў Лабановіч,— такі момант, калі я ступлю апошні крок майго жыцця, апошні момант, а там — смерць, там — канец!.. А далей што? Далей — цёмная і жудасная ноч нябыту. А калі гэта так, то ці варта наогул жыць? Жыць, каб памерці?»

Паставіўшы такое пытанне, Лабановіч задумаўся. Ён ніяк не мог пагадзіцца з думкаю аб смерці. У гэты момант яна была для яго найбольшым ворагам на свеце і як бы засланіла сабою ўсё, здушыла яго, замкнула ў нейкі цёмны і цесны круг.

Ніхто не хоча паміраць, ніхто. Тут яму ўспомнілася панна Ядвіся. Колькі разоў чуў ён ад яе, што яна вельмі хацела б памерці. Лабановіч ніколі не даваў ёй у гэтым веры, бо цвёрда быў пераконаны ў тым, што кожнаму хочацца жыць, як бы яму цяжка ні жылося на свеце. Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. I сказанні народа пацвярджаюць гэта. Як вядома са Святога Пісання, Матусал жыў больш за ўсіх на свеце. У часе сканання з’явіўся яму Бог і спытаў:

— Вось ты меў доўгі век. Скажы ж мне, як здоўжылася табе жыццё?

— Мне здаецца, што я ўвайшоў у дзверы аднаго дома, прайшоў праз яго і выйшаў у другія — так уяўляецца даўжыня майго жыцця.

— Ну, а ці хацеў бы ты яшчэ жыць?

— Хацеў бы, Божачка.

Падумаўшы, Матусал запытаў:

— Божа! А ці трэба ўміраць другі раз?

— Трэба,— адказаў Бог.

— У такім разе я не хачу жыць болей.

Людская мудрасць, такім чынам, зазначае, што страх смерці мацней жыцця, мацней самое смерці. А самагубцы? Жыццё дае многа прыкладаў, калі людзі самі накладаюць на сябе рукі. Як зразумець гэта?

Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства? Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.

Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства — адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. I яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».

Нечакана для самога сябе Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.

«А што такое смерць? Момант — і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе»,— разважаў ён.

Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.

Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.

«Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку,— і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».

Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца і прычаравалі яго да свайго страшнага круга.

Ён зноў узяў рэвальвер. I цікава: нейкую ўладу меў цяпер гэты рэвальвер над настаўнікам. Яго прыцягала і гэта кулька, што выглядала з рулі, як галоўка нейкага гада. Ужо колькі разоў пазіраў ён на яе. Але раптоўна нейкі промень асвятлення бліснуў у галаве. Ён адкінуў ад сябе рэвальвер. Халодны пот выступіў на лбе. Цяпер толькі заўважыў Лабановіч, што рукі яго трэсліся, як бы па яго душы прабег нейкі віхор, усё засцілалася нейкім туманам. Ён пачуў вялікую палёгку, нібы пасля цяжкае хваробы, а ўсё тое, што пранеслася так нядаўна перад ім, здавалася нейкім сном.

— Панічыку! — пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка.— Мусіць, вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі?

Настаўнік моцна здзівіўся.

— Чаму ты, бабка, так пытаеш?

— Відаць было, панічыку, па вас,— прамовіла яна, акінуўшы яго бачлівым поглядам.— I ведаеце, панічыку,— таемна прамовіла бабка,— я ізноў вам шаптала! Шаптала, далібог, шаптала! Вы любіце шуткаваць з мяне і з маіх шэптаў, а я ўсё ж шаптала вам, бо мне стала вас шкада.

— А проці чаго ты мне шаптала? — запытаў зацікаўлены настаўнік.

Бабка глядзела на яго колькі хвілін.

— Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі,— ціха прамовіла бабка, гледзячы настаўніку ў вочы; яна як бы хацела штось адгадаць у іх.

Лабановіч пачуўся так, як бы яго злавілі ў чымсі непрыемным. Непрыемна было і тое, што бабка ў гэты момант мела над ім перавагу.

«Цікава»,— падумаў настаўнік.

Цяпер нябожчык Андрэй як бы адышоўся ад яго, а разам з ім адышліся і думкі аб смерці.

«На свеце, мусібыць, усё робіцца шмат прасцей, як гэта нам здаецца»,— заключыў ён свае думкі аб смерці.


XXIV


Златаіскрыя вобразы, як усмех вясны, момантамі ўставалі ў памяці Лабановіча, хвалявалі яго, асыпалі праменнямі радасці і разгортвалі прад ім малюнкі не так даўно мінулага дзяцінства. Яны прыходзілі самі, аб чымсі гаманілі і кудысь клікалі, пакідалі ў душы лёгкі след засмучэння. Аб чым? Аб нейкай страце, аб тым, што не вернеш і што складае скарб, дарагі скарб памяці. Ён бачыў дубы на беразе Нёмана, крэпкія, пышныя дубы з развіслымі вярхамі. На жаралістых камлях гэтых дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часоў. Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў — гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!

Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.

«Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры,— падумаў Лабановіч.— Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка — а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.

У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла — бо гэта была яна — зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. I гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.

«Напэўна, думае, што я шукаю спаткання»,— падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.

— Выбачайце! — прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.

«Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта,— разважаў сам з сабою Лабановіч.— Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. I яна, напэўна, смяецца з мяне. I другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з’явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.

Выйшаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў незвычайны крык і лаянку. Супраць стараставай хаты стаяла грамада палешукоў. У сярэдзіне яе метушыліся два палешукі, пабраўшыся загрудкі. I па меры таго як пасуваліся байцы, расступалася і грамада палешукоў, даючы ім месца. Зацікаўлены Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першы кінуўся яму тут у вочы Лявон Шкурат. Ён быў бледны, без шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрыечнага брата старасты. Тут жа ў якасці наглядальніка стаяў і сам стараста.

— Як вам не брыдка, мужчыны,— звярнуўся Лабановіч да грамады.— Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх!

Некаторыя з палешукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не звярнулі на настаўніка ніякай увагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго і не знайся. Стараста, як і ўсе іншыя, таксама трымаў строгі нейтралітэт.

— Стараста! Які ж вы начальнік? — напаў Лабановіч на Рамана.— Як жа вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога?

Стараста правёў рукавом па носе, састроіў сваю звычайную кіслую міну і важна прамовіў:

— Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца — самі разыдуцца. Умяшайся — горш будзе.

— Госпадзі! Што вы за людзі такія!

Лабановіч, праціснуўшыся скрозь грамаду, апынуўся побач з байцамі.

— Што вы робіце, дурні?! — крыкнуў ён раз’яраным байцам і стаў паміж імі.

— Ён маю юшку ўкраў, чорт каравы, ды яшчэ біцца са мною будзе?! — крычаў Лявон Шкурат.

— Ты мяне злодзеем называеш, дзяркач ты смярдзючы?! Адыдзіся, паніч!

Кандрат Кукса замахнуўся. Лабановіч і сам пачуў нейкую злосць і таўхануў яго ў грамаду, а сам схапіў Лявона і борздзенька адвёў яго ў другі бок. Палешукі ўзварухнуліся, прытрымалі Кандрата.

— Завошта вы біліся, Лявон? — спытаў настаўнік.

— Юшку маю забраў.

— Якая гэта твая юшка? Калі хочаш ведаць, дык гэта казённая юшка: ты яе са школы ўзяў, як школа будавалася,— казаў усё яшчэ сярдзіты Кукса.

— А каб яна ж згарэла была, гэтая праклятая юшка,— сказаў Лабановіч.— Ну, падумайце, паварушыце мазгамі: ці варта гэта юшка, каб з-за яе так калаціцца? Ну, колькі яна каштуе?

— Рубель я заплаціў за яе,— адказаў Лявон.

— Украў ты яе, а не рубель заплаціў!

— Ну, на табе рубель, супакойся і ідзі дадому. Ляж на печ і ляжы, покі не астыне твая кроў.

Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону.

Лявон узяў рубель і пашыбаваў у сваю хату.

— Бярэ рубель,— з зайздрасцю прамовіў Кукса,— а каб цябе, гад, за жывот узяло.

Лабановіч таксама пайшоў да сябе ў школу, думаючы, што ён зрабіў вельмі добра, і нават ганарыўся сваім учынкам.

Вечарам таго ж самага дня, калі ўжо было цёмна, з вуліцы зноў пачуўся крык і лямант. Бабы плакалі і галасілі, як па нябожчыку.

— Лявона забілі, панічыку! — сказала бабка, ускочыўшы ў пакой.

— Хто забіў?!

— Кукса. Узяў аскабалак і каравуліў Лявона. Як толькі той паказаўся, цопнуў па галаве,— нават не пікнуў.

Лабановіч выскачыў на вуліцу. Там былі людзі. Сярод вуліцы на брудным снезе ляжаў нерухомы Лявон. Над ім галасілі бабы.

— Не трэба было, панічыку, мяшацца,— аўтарытэтна зазначыў стараста,— у нас гэта не першыня, паб’юцца і разыдуцца. Набярэцца паганая кроў, трэба ж яе выпусціць, і тады ўсё ціха і лагодна.

Лявон, праўда, быў толькі аглушан, паляшуцкі чэрап быў яшчэ досыць крэпкі, каб Лявон не мог ачухацца і падняцца на ногі.


XXV


Выходзіла так, што стараста казаў праўду. Гэтага здання, напэўна, трымалася і ўсё цельшынскае насельніцтва... I які чорт падбіў яго прыткнуць і свае тры грошы? Каб не гэты паганы рубель, нічога такога і не выйшла б. Добра яшчэ, што ўсё гэта так скончылася. А мог Лявон і не падняцца. I так яго на руках у хату занеслі.

Лабановіч хадзіў па пакоіку і разважаў над гэтым здарэннем. Яму было крыўдна тое, што сам ён — мужык, а не ведаў мужыцкіх звычаяў і зрабіў па прыказцы: «Уткні мяне, Божа, куды мяне не трэба». I, наогул, трэба зазначыць, што ён не ўмее трымаць сябе з людзьмі. Узяць хоць бы яго сустрэчу з паннай Людмілай... Яму сорамна стала перад самім сабою. Ён нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. «Дурань ты, брат, дрэнь! Думаеш, што ты разумны, а ўся цана табе — шчарбаты грош... Кавалер!.. Тфу!» З гэтымі думкамі ён прыпыніўся каля люстэрачка. На яго пазіраў другі Лабановіч, надзьмуты і зняважаны. «Ух, рыла!» — прамовіў Лабановіч свайму адбітку і адышоўся. Прыпыніўшыся другі раз каля люстэрка, ён ужо глянуў крыху ласкавей на сябе і спагадна прамовіў: «Нічога, брат, не наракай на мяне: як-небудзь будзем жыць на свеце». Яму тут прыпомніўся адзін чалавек, якога ён ведаў, калі быў яшчэ малы. Гэты чалавек меў звычай размаўляць з сабою самім. Ён гаварыў: «Эх, Паўлючок! Кінь ты ўжо гэтыя згрызоты. Ці ты адзін такі на свеце?» Думкі яго пайшлі ў другім кірунку, і непрыметна настаўнік зноў пагадзіўся сам з сабою. Да яго зноў вярнуўся добры настрой, і, стоячы каля люстэрачка, ён сам сабе строіў міны, сам сабе падсмейваўся. Каб хто пабачыў збоку, то, напэўна, падумаў бы, што настаўнік крануўся з розуму.

У гэты момант дзверы з кухні адчыніліся і ў пакой увайшла бабка.

— Што, бабка, добрага скажаш?

— А нічога, панічыку... Ажыў Лявон.

— Ну, дзякаваць Богу, а то ён мяне вельмі напалохаў. Думаў, што не ўстане.

— Гэ, панічыку, ці так яшчэ біліся! Бывала, даўней як завядзецца бойка — усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. А гэта, панічыку, глупства!

— З чаго ж гэта бойка паўставала?

— Панапіваюцца, панічыку, і б’юцца. Ну, вядома — мужыкі. Зімою работы мала, абрыдне так сядзець, і пачнуць біцца. Проста калы аб галовы ламаліся...— Бабка змоўкла і другім голасам сказала: — Прыехалі нашы паненкі. Толькі што з раз’езда прыйшлі.

Відаць было, што дзеля гэтае навіны бабка і прыйшла сюды.

— А я, бабка, заўтра раненька-раненька ў воласць пайду.

— А можа б, вам стараста падводу даў?

— Не, бабка, пайду памалу. Цяпер Масленіца, часу ёсць, можа, і падначую там.

— А што ж, панічыку, прайдзіцеся. Толькі ж ножак вашых шкада.

Пайсці ў Хатовічы Лабановіч надумаўся раптоўна. Яму трэба было так ці іначай адгукнуцца на бабчыну навіну, і ён проста адказаў, што пойдзе ў воласць, бо, сказаць праўду, вестка аб тым, што вярнуліся суседкі, яго такі ўсхвалявала. Настаўніку было і прыемна, што Ядвіся тут, блізка, каля яго, але ён не хацеў паказаць гэтага. З другога ж боку, яму таксама трэба паказаць Ядвісі і нават бабцы, дый сабе самому, калі ўжо на тое пайшло, што панна Ядвіся яго ўжо і не так цікавіць. Апрача гэтага, ён яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Але трэба сказаць, што гэта крыўда цяпер жыла толькі ў памяці, а не ў сэрцы яго. Хіба можна так доўга трымаць крыўду на Ядвісю? I якая гэта крыўда, каб хто запытаўся? Хіба Ядвіся сказала гэта сумыслу, каб абразіць яго? Але ж трэба і характар паказаць, і выявіць станоўкасць і цвёрдасць сваю.

Не! Гэта ён добра прыдумаў: што б там ні было, а ў Хатовічы ён пойдзе.

На гэтай думцы Лабановіч затрымаўся канчаткова.

Вось толькі пытанне: як рана ён пойдзе ў дарогу? Ці не лепш пайсці крыху пазней і гэтым даць магчымасць Ядвісі пераканацца, што ён ужо напэўна ведае аб яе прыездзе і тым не меней ідзе ад яе. Ён нават пастараецца пайсці тады, калі яна будзе стаяць каля акна або выйдзе на двор, а ён пройдзе з такім выглядам, нібы гэта стаіць не яна, а якая-небудзь Параска, да якой яму вельмі мала справы. А калі прыйдзецца і спаткацца з ёю, то што ж? Ён скажа: «Дзень добры!» Нават і пагаворыць з ёю аб самых звычайных драбніцах. Так, толькі так!.. Яму стала нават чагось весела.

Назаўтра, як толькі разднела, Лабановіч быў ужо на нагах. Ён колькі разоў паглядаў на дом пана падлоўчага, але там было ўсё яшчэ ціха. Настаўнік хадзіў нецярпліва па сваім пакоіку і курыў адну папяросу за другою, прыслухоўваючыся да гукаў, што ішлі са двара пана падлоўчага. Ён ужо як мае быць нарыхтаваўся ў дарогу: сабраў курэцкія прылады, паставіў у куток свой кій і, выбраўшы зручны момант, выйшаў з дому.

Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў да сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіроты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы ў іх была адна доля. Лабановіч выйшаў на прасторную вуліцу. Па правую руку да вуліцы падыходзіў частакол двара пана падлоўчага. У куточку дворыка, каля самае вуліцы, стаяла студня. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. З вядзерцам у руцэ яна скоранька ішла да студні. Нейкая дрыготка прабегла па яго жылах, а сэрца ў грудзях застукала мацней. Як пахарашэла яна за гэтыя тры тыдні. Ён чуў, што яго моцна цягнула да яе. Але ён стараўся быць спакойным і не выказваць ёй таго, што адчуваў у гэту хвіліну.

Радасць, праўдзівая радасць адбівалася на твары Ядвісі; гэта радасць свяцілася ў яе цёмных вачах, яна снавалася на яе губках, такіх мілых, такіх прыветных!.. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата, і годзе!

Але Лабановіч узяў сябе ў рукі. Нават і ценю радасці не паказаў ён, што ўбачыў дзяўчыну. Параўняўшыся з ёю — а Ядвіся стаяла і чакала яго,— ён досыць прыветна сказаў:

— Дзень добры!

Панна Ядвіся адказала яшчэ прыветней на яго прывітанне.

— Ну, як жа вам гасцілася? — запытаў Лабановіч, але запытаў так, як пытаюць тады, калі трэба сказаць хоць што-небудзь: без усякага пачуцця і цікавасці да таго, аб чым пытаўся.

— Ох, як было весела! — адказала Ядвіся. Яна хацела яшчэ штось сказаць, але ўтрымалася.— А як вы тут жылі?

— Жыў вельмі добра: чытаў, пісаў, вучыў, сам вучыўся, хадзіў гуляць і пачуваўся як не трэба лепей.

— А куды ж вы сабраліся?

— Надумаўся да воласці даведацца.

— I нічога тут не шкада вам пакідаць? — спытала Ядвіся, і вочы яе засмяяліся хітраю ўсмешкаю.

Сэнс гэтага пытання быў ясны для іх абаіх.

Лабановіч на момант апусціў вочы, потым паглядзеў на Ядвісю:

— Вас мне шкада пакідаць,— адказаў ён не то праўдзіва, не то з насмешкаю — разумей, як хочаш.

Яму нават зусім не хацелася цяпер ісці ў Хатовічы, але варочацца назад ужо не было як.

— Ну, бывайце здаровы! — пакланіўся ён і пайшоў.

— А вы скора думаеце вярнуцца? — спытала Ядвіся.

— I сам добра не ведаю. Пабачу там,— адказаў Лабановіч, ужо адышоўшыся на колькі крокаў. Ён яшчэ раз пакланіўся і зачасціў так шпарка, як бы хацеў паказаць гэтым, што яму няма калі размаўляць з ёю.

Увесь час размовы з Ядвісяю Лабановіч чуў, што робіць нейкую гвалтоўнасць над сабою, што гаворыць зусім не тое, што думае і што пачувае сапраўды.

«Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей? — думаў, ідучы вуліцаю, настаўнік.— Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе. I праўда: чаго я так віляю, нашто замятаю свае сляды, збіваю яе з тропу? Нашто гэта лганнё? Няўжо так робяць і іншыя? Проста няма ў мяне смеласці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу... А ўсё ж такі гэта каханне ёсць нейкая хвароба, боль і пакута. Яно захапляе ўсяго, не дае спакою, параджае нейкія няясныя парыванні і вялікі смутак».

У лесе было ціха і спакойна. Гэты спакой паволі сходзіў і на падарожнага. Ён ішоў, мінаў засыпаныя снегам грэблі і балоты і ўсё думаў аб Ядвісі. Як жывы, вобраз яе стаяў у яго ваччу.

Панна Ядвіся прымеціла, што настаўнік за гэты час як бы асунуўся і пахудзеў. У яго вачах яна расчытала нейкія новыя для яе думкі і нейкую затоеную тугу. I сама яна задумалася, і цень засмучэння пралёг на яе маладым і свежым твары.

Аб Андрэю так многа думала яна ўсе гэтыя дні, да яго так моцна рвалася яе думка.


XXVI


— А! Вось і вы! Міласці просім! — спаткаў а. Кірыл Лабановіча.

Айцец Кірыл, як заўважыў настаўнік, неяк асунуўся, толькі вочы яго былі яшчэ больш жывыя, больш неспакойныя.

— Што ж гэта вы, вучыцелька, так закапаліся ў вашай глушы? — пытала яго вясёлая, румяная матушка.— Ну, як жа вам жывецца?

— Дзякую, матушка. Жыву памаленьку ды паціхеньку.

— Ну, кажыце: у каго вы там закахаліся?

— Чаму вы думаеце, што закахаўся?

— Ну, як жа гэта можа быць, каб малады хлопец быў не закаханы?.. Ой, вы ўсё хітруеце! — пастрашыла матушка пальцам.— Там дзесь, у Цельшыне, знайшлі вы сабе мілую... Не гаварыце мне: па вачах бачу.

— Праўда, матушка, вы не памыліліся...

— А што! — падхапіла матушка.— Хто ж ваша мілая? Ну, скажыце!

— Старасціха Алена,— прамовіў Лабановіч.

Айцец Кірыл і сама матушка громка засмяяліся.

— А я думаю, ці не дачка пана падлоўчага? Што ж вы вочы апусцілі?

— Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму,— сказаў Лабановіч.

— Вазьміце, вазьміце! Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Вы незнаёмы з дачкою каморніка?

— Гэта з паннаю Людмілаю? Не, незнаёмы.

— Яна цяпер тут у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Хоць нашаму настаўніку сэрца пераешце.

— Э, матушка! Панна Людміла мае столькі кавалераў, што ў мяне і адвагі няма рабіць да яе залёты.

— Эх, вучыцелька, нічога вы не разумееце. Яна так зацікаўлена вамі, што будзе вельмі рада, калі звернеце на яе ўвагу.

— Што ж? Дай, Божа, нашаму гароху ў гаршчок панскі папасці,— усміхнуўся Лабановіч.

— Вас сяляне хваляць,— сказаў а. Кірыл.— Вы патрапілі заняць належнае становішча.

— А за што ім хваліць мяне або ганіць? — спытаў Лабановіч.— У іх свая справа, у мяне свая. Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават.

— Вы — сукромны чалавек, і гэта робіць вам чэсць,— адказаў а. Кірыл.— Не, трэба сказаць праўду: Цельшыну шанцуе на добрых настаўнікаў. Толькі што глуш там, як і наогул гэта Палессе.

— Жаніцца трэба,— сказала матушка.— Тады і глуш не такая страшная будзе.

— Што жаніцца! — махнуў рукою а. Кірыл.— Жаніцца кожны патрапіць, але што з гэтае жаніцьбы?

Тым часам маладая служанка а. Кірыла, чырванашчокая паляшучка, прынесла самавар. Селі піць чай. Матушка ўвесь час гаварыла, перадавала вясковыя навіны і розныя плёткі, да якіх яна мела вялікую ахвоту. Паміж іншым, распачала апавяданне аб змаганні за панну Людмілу паміж Саханюком і Дубейкам. Але апавяданне не было даведзена да канца, бо якраз на гэты момант прыйшоў і сам Саханюк.

На гэты раз Саханюк быў выфранчаны незвычайна, чыста пабрыты, манішка, гальштук, манкеты — усё на ім ззяла і зіхацела.

— Майму супарату і калегу ніжэйшае шанаванне! — звярнуўся да Саханюка Лабановіч.

— Вось маладзец цельшынскі вучыцель! — пахваліла матушка Лабановіча.— Адразу робіць выклік нашаму настаўніку.

— Вы не так мяне зразумелі,— заўважыў Лабановіч.— Калега — мой супарат зусім другога парадку. Мы змагаемся з ім за гарцы.

Айцец Кірыл зацікавіўся гэтым змаганнем, і Лабановіч расказаў, якое было ў іх змаганне.

Айцец Кірыл смяяўся, смяяўся і сам Саханюк.

— Наш настаўнік — гаспадар. Мае кабанка і кароўку,— заўважыла матушка.

— Толькі гаспадыні не стае,— дадаў Лабановіч.— Так і быць, калега, жаніцеся — зраблю ўжо вам такі падарунак к вяселлю, аддам сваю ссыпку.

— I добра зробіце,— смяяўся Саханюк.— Я чалавек практычны і адкідаць тое, што ідзе на патрэбу чалавеку, лічу неразумным. Калі жыць, дык жыць са смакам, а раскідаць рублі дзеля таго, каб пагадзіць двух буянаў-мужыкоў, не бачу сэнсу.

Саханюк кіўнуў у бок Лабановіча і засмяяўся. Гісторыя з юшкаю была ўжо тут вядома. Лабановіч не знайшоўся што сказаць; ён крыху засаромеўся.

— Так,— пацвердзіў і а. Кірыл,— наш настаўнік умее жыць.— Але спогадзь і спачуванне яго былі на баку цельшынскага настаўніка.

— Вось што, калега,— звярнуўся Саханюк да Лабановіча,— вас прасілі на вечар да пісара, і мне выпаў такі гонар паведаміць вам аб тым. Нават і запіску вам перадалі.

— Хто ж гэта звярнуў на мяне такую ўвагу? — пытаў Лабановіч, беручы запіску.

— А каморнічанка там будзе? — запыталася матушка.

— Н-не ведаю,— не зразу адказаў Саханюк.

— Ідзіце, ідзіце, вучыцелька,— падганяла матушка.— Там паненкі будуць і, напэўна, панна Людміла.

— Не хочацца мне туды ісці,— прамовіў Лабановіч.— Не люблю ў вялікай кампаніі быць.

— Больш любіце быць у кампаніі аднае? — пажартавала матушка.

Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца — так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.

Ён падганяў пісара:

— Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!

Але пісар не спяшаўся. Ён доўга ўглядаўся ў свае козыры, і здавалася, вось-вось чыхне.

Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці ад такой маруднасці пісара.

— Не пары гарачкі, бо так астанешся без аднае, а будзеш гарачку пароць, без дзвюх астанешся.

Максім, сын фельчара Гарошкі, лятаў, як матыль, ад аднае паненкі да другой. Як відаць, у гэтай дзейнасці ён быў дужа напрактыкаваны. Лабановіч нямала быў здзіўлены, убачыўшы тут пана падлоўчага, бо ён крыху пагарджаў пісарскаю кампаніяй. Дубейка, заціснуўшы шыю ў накрухмалены цесны каўнерык, вельмі павабна і вельмі прыгожа, як яму здавалася самому, ківаў сваёю птушынаю галавою то да аднае, то да другое паненкі.

Загрузка...