А неўгамонны горад шумеў. За акном тарахцелі на вуліцы колы цяжкіх павозак. Рытмічна цокалі па бруку падкаваныя конскія капыты, чуліся людскія галасы і залівісты спеў рэек і колаў старамоднай конкі на крутых паваротах. Усё гэта злівалася ў глухі несціханы шум. Пад гэты прыглушаны шум Лабановіч заснуў моцным сном. Але як толькі развіднела і заспявала конка, ён прачнуўся і некалькі часу ляжаў — спяшацца не было куды. Пачынаўся новы дзень з яго клопатамі і турботамі. У першую чаргу трэба было так ці іначай вырашыць пытанне аб тым, як і на якія грошы жыць у рэдакцыі. На рэдактарскіх траяках і пятаках далёка не заедзеш. Стась учора паведаміў, што для выдання газеты спецыяльных грошай няма, што супрацоўнікі газеты,— праўда, іх не так многа,— працуюць больш з-за ідэі, чым з-за ганарару, і сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй як можа.

Гадзін у дзесяць раніцы Стась першы завітаў у рэдакцыю. Ён ветла паздароўкаўся з Лабановічам.

— Як жа адпачывалі? — запытаўся Стась.

— Дзякую. Адпачываў, можна сказаць, не горш за губернатара: губернатар дрыжыць за сваё жыццё, ён баіцца тэрарыстаў. А мне чаго баяцца? Далей высылкі і астрога дарог для мяне няма,— жартам прамовіў Лабановіч.

— Няхай лепш у высылку і ў астрогі ідуць губернатары,— заўважыў Стась.

Яны разгаварыліся. Стась быў больш-менш знаёмы са справамі газеты і яе ўнутраным механізмам, але не ўсё выкладаў: можа, ён і не ўсё ведаў, а можа, проста не хацеў пра ўсё расказваць. Ад Стася даведаўся Лабановіч, што рэдактар Уласюк адыгрывае ў газеце другарадную ролю, з’яўляецца афіцыйнаю асобаю, прадстаўніком рэдакцыі, юрыдычным рэдактарам. Сапраўдныя ж кіраўнікі і заправілы газеты — браты Ліскоўскія, Стафан і Ясь. Фактычным рэдактарам з’яўляецца Стафан Ліскоўскі. Старэйшы брат, Ясь,— скарбнік газеты. Большую частку свае дзейнасці ён праводзіць далёка за межамі рэдакцыі, галоўным чынам у раз’ездах. Што гэта былі за раз’езды, Лабановіч даведаўся потым. Ясь Ліскоўскі паставіў сабе мэту — сабраць як мага болей беларускіх экспанатаў і адчыніць краявы музей. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Некаторыя экспанаты Ясь Ліскоўскі выменьваў на такія, якіх у яго не было, і пры гэтым з прыбыткам для сябе. Вандруючы па розных кутках Беларусі, па старажытных гарадах і мястэчках, ён не абмінаў кляштараў, касцёлаў і старых цэркваў, заглядаў у панскія двары, у шляхецкія фальваркі, рабіў свае справы і збіраў падпіску на беларускую газету. Ксяндзы, арандатары і фальваркоўцы бачылі ў газеце адзін са сродкаў, што можна выкарыстаць для пашырэння польскасці ў беларускім краі. А можа, на гэтую думку наводзіў іх сам збіральнік беларускай старасветчыны. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Адгэтуль стала ясна, чаму газету друкавалі некаторы час кірыліцай і лацінкай.

У свой строга вызначаны час прыйшоў рэдактар. Як і заўсёды, пышныя рэдактарскія вусы стаялі па-баявому на сваёй пазіцыі, не выходзячы за межы той формы, якую надалі ім навуснікі. I сам рэдактар быў, як і заўсёды, спакойны, ураўнаважаны, з тым жа выглядам незалежнага, вясёлага чалавека, які любіць пажартаваць і пасмяяцца.

— Ну, як адчуваеце сябе на новай кватэры і ў новай, пане мой, абстаноўцы? — запытаў рэдактар Лабановіча, павітаўшыся з ім і Стасем.

— Дзякую, Мікіта Аляксандравіч, адчуваў бы сябе зусім па-губернатарску, калі б у жываце кішкі не спявалі.

Рэдактар зарагатаў дабрадушна і раскоціста.

— Люблю беларусаў за тое, што яны не трацяць гумору і маюць апетыт запарожскіх казакоў, што? — азваўся рэдактар.— Я вам, пане мой, найду заробак,— казаў ён далей.— Ёсць у мяне ў кіраўніцтве палескай чыгункі знаёмы інжынер, Блок па прозвішчу. Я з ім перагавару. Ён дасць вам перапіску з добраю аплатаю.

— За гэта дзякую,— шчыра адказаў Лабановіч.

— Мы вас, пане мой, на ногі паставім і свет расчынім перад вамі,— не сунімаўся рэдактар,— а каб кішкі не трубілі, дык мы зараз закоцім баль на ўсю Завальную вуліцу.

Рэдактар даў Стасю некалькі медзякоў і паслаў яго купіць пару пляцак і абаранкаў. Сам жа ён выцягнуў з кутка прымус і з захапленнем узяўся тупаць каля яго.

— А ў гэты час, покі я буду гатаваць губернатарскае падмацаванне, вы перагледзьце карэспандэнцыю «Марціна з-за рэчкі» і, дзе трэба, папраўце. Чалавек здольны, толькі мова ў яго пакульгвае.

Рэдактар сунуў у рукі Лабановічу жмуток доўгенькіх паперачак, на якіх была напісана карэспандэнцыя, а сам завінуўся каля прымуса.

Лабановіч прысеў за столік, каб азнаёміцца грунтоўна з карэспандэнцыяй.

«Робяць мне экзамен,— падумаў ён.— Ну, што ж? або пан, або прапаў. І не святыя ж гаршкі лепяць»,— разважаў Лабановіч пад густы шум прымуса.



XXI


Зранку, на другі дзень пасля размовы з рэдактарам, Лабановіч надумаўся зайсці да яго і да братоў Ліскоўскіх. Усе яны былі нежанатыя, ці, як тады казалі, кавалеры, і жылі на адной кватэры. Ранні прыход незнаёмага і нечаканага госця здзівіў Стафана Ліскоўскага. З усіх трох кватарантаў ён устаў раней і прысеў за пісьмовы стол. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў:

— Хто там?

Лабановіч як умеў растлумачыў, хто ён такі і чаго прыйшоў. Дзверы расчыніліся. На парозе стаяў самы сапраўдны рэдактар беларускай газеты, малады, невысокі чалавек, з белым, даволі прыгожым тварам, з цёмна-шэрымі вачамі. Ён паціснуў руку Лабановічу і з прыемнай усмешкаю павёў яго ў кабінет.

— Ну, сядайце, калі ласка,— Стафан паказаў на крэсла, а сам сеў за стол. На стале было некалькі нумароў газеты, рукапісы, розныя артыкулы і карэспандэнцыя. Стафан апрацоўваў іх да чарговага нумара газеты. Сярод гэтых рукапісаў ляжала і карэспандэнцыя «Марціна з-за рэчкі», папраўленая ўчора Лабановічам. На стале быў поўны парадак: рукапісы і газеты акуратна пакладзены, і кожная рэч на сваім месцы. Лабановіч акінуў вокам кабінет. Ні ў якае параўнанне не ішоў ён з катухом у рэдакцыі, дзе асталяваўся Лабановіч і дзе стаяла яго «карыта». Параю дзвярэй кабінет быў злучаны з другімі пакоямі кватэры.

Стафан Ліскоўскі ўзяў са стала «Марціна з-за рэчкі», лагодна кіўнуў галавою налева і направа, як бы кладучы гэтым пачатак гутаркі.

— Зусім згодзен з вашымі папраўкамі,— сказаў ён Лабановічу.

— Вельмі рады чуць гэта,— азваўся абнадзеены Лабановіч.

— А як вам падабаецца газета наша? — запытаў Стафан.

— Пра мяне і гаварыць няма чаго: люблю яе. Люблю ўжо таму, што гэта першая беларуская газета. А самае важнае тое, што яе ахвотна чытаюць простыя людзі, для якіх яна прызначаецца.

Такі адказ Лабановіча выклікаў новую ўсмешку на губах Стафана.

— Вельмі, вельмі прыемна чуць гэта і асабліва ад вас,— прамовіў Стафан. У яго тоне Лабановічу пачулася нотка фальшу, але ён змаўчаў.

У гэты час дзверы, што былі насупраць, павольна адчыніліся, і адтуль выйшаў Ясь Ліскоўскі. Лабановіч паспеў убачыць на сцяне пакойчыка некалькі старасвецкіх шабель і пісталетаў. Але ўсё гэта толькі мільганулася ў вачах, бо дзверы зараз жа зачыніліся.

Ясь Ліскоўскі быў зусім не падобен да брата і на цэлую галаву вышэйшы за яго. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая.

— Пазнаёмся: новы супрацоўнік нашай газеты, таленавіты,— прадставіў Стафан Лабановіча.

Усмешка на Ясевым твары расплылася яшчэ шырэй і прыемней.

— Дужа, дужа рады бачыць вас у нашым асяроддзі,— салодка прамовіў Ясь.— Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Ведаеце, прафесія мая — вандроўніцтва. Я вандрую з аднаго кутка Беларусі ў другі, прыглядаюся да ўсяго, прыслухоўваюся, аб чым гамоняць людзі,— адным словам, шукаю ўсяго таго, што складае асаблівасць беларусаў. І аб вас я таксама шмат чаго чуў, разумеецца, добрага. А зараз вельмі рады, што бачу вас перад сабою.

Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. А Ясь казаў далей:

— Расце наша беларуская грамада, шырыцца і збіраецца вакол нашай газеты гурт свядомых беларусаў. Хутка мы аб’яднаем усе нашы лепшыя сілы.

Гаварыў Ясь з захапленнем. На губах з’яўлялася папераменна то салодкая, то хітрая ўсмешка. Якраз у самы разгар Ясевага ўзнёслага красамоўства з другіх дзвярэй высунуўся Мікіта Аляксандравіч, босы, у адной толькі ніжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала дзябёлую чыгунную тумбу. Нельга было без смеху глядзець на гэтую амаль зусім голую фігуру. Пад носам Уласюка красаваліся навуснікі, канцы якіх былі завязаны на патыліцы. Такі «ўрачысты» выхад рэдактара абразіў эстэтычны густ Яся Ліскоўскага. Нічога не кажучы, ён шпарка выйшаў у свой пакой, зняў са сцяны адну са старасвецкіх шабель. Не вымаючы клінка, пляснуў разоў пару ножнамі па рэдактарскаму заду. Рэдактар ніколечкі не пакрыўдзіўся і толькі сказаў:

— Не паненкі ж тут сядзяць! — Павярнуўся і пайшоў у свой пакой. Там у яго былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам.

Браты ж Ліскоўскія гаварылі многа, з вялікай перакананасцю, гаварылі так, як бы толькі ў іх адчынены вочы на ўсе праявы жыцця. І ўсё малявалі яны ў ружовых колерах. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі Элаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Лабановічу таксама не загароджана дарога ў Кракаўскі універсітэт.

— Вы ведаеце, шаноўны сябра Андрэй,— не сунімаўся Ясь Ліскоўскі,— культура ідзе да нас і далей на ўсход з захаду! — на апошнім слове ён зрабіў націск.

— А як акрэсліць межы гэтага захаду? — запытаў Лабановіч.

Ясь Ліскоўскі прабачліва ўсміхнуўся: які ж ты, браце, невук, калі ставіш такое пытанне!

— Захад — гэта Італія...

— З Рымскім Папам ці без Папы? — кінуў рэпліку «невук» Андрэй.

Ясь Ліскоўскі прапусціў яе міма вушэй і казаў далей:

— Нямеччына, Францыя і, калі хочаце, Польшча. Галоўным чынам культура з захаду ішла і ідзе да нас праз Польшчу.

— Ды Польшчы цяпер, як такой, няма. І калі праз яе ішоў шляхецкі «не пазвалям!» і рэакцыйны каталіцызм, і калі гэта называць культураю, дык такую «культуру» — сабаку пад хвост,— адрэзаў Лабановіч.

— Мы гэта і не лічым за культуру,— уставіў слова Стафан, а Ясь, трохі збянтэжаны, палажыў руку на плячо Лабановічу.

— Вы, шаноўны сябра, не зусім разбіраецеся ў тым, што ідзе да нас з захаду. Не з азіяцкай жа Расіі ідзе культура! Адразу заўважаецца на вас уплыў рускай школы і русіфікатарства, і ў гэтым ваша памылка.

— Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян,— лагодна заўважыў Лабановіч.— Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Русіфікатарства — гэта самаўладная царская нацыянальная палітыка. Не прызнаю яе, змагаюся супраць яе як умею. А руская школа для мяне — гэта Пушкін, Бялінскі, Грыбаедаў, Гогаль, Лермантаў, непаўторны Іван Андрэевіч Крылоў, якога я вельмі люблю. Вось мая руская школа.

Браты Ліскоўскія яшчэ шмат гаварылі пра культуру з захаду, гаварылі, як палітыкі-дыпламаты.

Выйшаў Лабановіч адтуль з неакрэсленым адчуваннем, з непрыведзенаю ў парадак мешанінай у галаве. У яго крыху адчыніліся вочы на ролю братоў Ліскоўскіх. Мяжа, што разлучала іх з Лабановічам, засталася непяройдзенай.

Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Дайсці да яго Лабановічу ўдалося толькі ў другую палавіну дня, і ўпусцілі яго ў кабінет інжынера не адразу. Нарэшце ўсё ж такі ён пераступіў парог кабінета, у якім на мяккім шырокім крэсле велічна, як цар на троне, сядзеў інжынер Блок, уткнуўшыся ў паперы. Ён толькі лыпнуў вачамі на наведвальніка, нічога не сказаў ды ізноў апусціў свой позірк у паперы.

Лабановіч, пачціва пакланіўшыся, стаяў каля дзвярэй, чакаючы, калі Блок звернецца да яго, і разглядаў важнага інжынера. Гэта быў пажылы чалавек інтэлігентнага выгляду, спакойны і салідны. Рэдактар казаў, што Блок — ліберал, кадэт па сваіх палітычных поглядах.

Кабінет быў светлы, прасторны, багата абсталяваны. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю, сваёй лысінаю на тры чвэрці галавы і пышнаю кароткаю, але шырокаю барадою, у якой прабіваліся срэбраныя ніці сівізны.

Праз некалькі хвілін інжынер адарваўся ад папер, падняў галаву, зірнуў на Лабановіча такім поглядам, нібы ўзважваў яго ў сваіх мыслях.

— Вы да мяне? — спытаў Блок.

— Так, гаспадзін інжынер. У мяне ёсць пісьмо да вас,— адказаў Лабановіч, падышоў бліжэй да стала і перадаў канверт, у якім ляжала запіска ад рэдактара.

Блок прачытаў запіску і ўжо болей уважліва, з зацікаўленасцю паглядзеў на Лабановіча.

— М-да,— неакрэслена мдакнуў інжынер і яшчэ раз зірнуў на наведвальніка.— Сказаць, такой падыходзячай для вас работы знайсці мне, м-да, труднавата.

Інжынер прымоўк, а Лабановіч усхвалявана чакаў выніку.

— А ўрэшце, бадай што, сёе-тое магу вам запрапанаваць,— сказаў Блок. Ён расчыніў шуфляду ў стале, выняў адтуль жмут папер. Перагарнуў некалькі аркушаў, выбраў адну паперыну памерам з квадратны аршын і другую з накіданымі на скорую руку лічбінамі.

— Вось, малады чалавек,— сказаў інжынер Блок,— тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перанесяце папраўленыя лічбы... Гэта так, на першых часах. Перанясіце акуратна лічбы з чарнавога на чысты і тады прыходзьце. Да таго часу, можа, знойдзецца для вас што-небудзь болей падыходзячае... Ну, усяго добрага!

Інжынер Блок досыць дэмакратычна падаў руку Лабановічу.

Выйшаў Лабановіч з сяміпавярховага дома кіраўніцтва чыгунак. Настрой у яго быў добры: жыць на свеце можна і безработнаму выгнанніку-агарку. У гэты ж вечар ён цвёрда пастанавіў напісаць вялікае пісьмо свайму другу Янку Тукалу. Уражанняў жа так многа, што пісаць ёсць пра што і напісаць можна вельмі цікава.

З такімі думкамі ішоў Лабановіч у свой прытулак, дзе чакала яго вядомае «карыта». Гэтую кватэру ён ахрысціць, пішучы пісьмо да прыяцеля, «вертэпам Венеры пахавальнай».



XXII


Тое, што спачатку ўяўлялася Лабановічу вялікаю радасцю, удачаю, потым сталася для яго крыніцаю вялікага клопату і згрызот.

Лабановіч сядзеў у сваім закутку, схіліўшыся над вялізнымі аркушамі разлінованай паперы. У гэтых аркушах было не меней як па сто клетачак, падобных адна да другое, як дзве кроплі вады. На чарнавым аркушы стаялі лічбы, часамі перакрэсленыя і папраўленыя. Іх трэба было перанесці на чысты аркуш у такім жа парадку. Як ні ўзіраўся Лабановіч у клеткі, якія толькі вылічэнні і зверкі ён ні рабіў, каб адна клетка супадала з адпаведнаю другою, але пры напісанні лічбін у чыставым аркушы яны не-не ды пападалі не ў адпаведную графу. Калі памылка выяўлялася, Лабановіч адчуваў непрыемнасць. Напісанае пяром прыходзілася выскрабаць ножыкам, бо сцірка не памагала. На месцы выскрабеных лічбін заставалася плямка, праз якую прасвечвала папера. Некалькі дзён марнаваўся няўдалы перапісчык над простаю, чыста механічнаю работаю і часта збіваўся з тропу. Адна памылка выклікала другую. Як жа ён будзе глядзець у вочы рэдактару? І як будзе здаваць такую работу інжынеру? Прыйшлося, як дарадзіў Стась, шукаць па аптэках такія кіслоты, што вытраўлялі сляды чарніла. Гэтыя кіслоты Стась называў «чарнільнаю смерцю». Калі праз тыдзень Лабановіч закончыў перапісванне лічбін у чыставы аркуш, дык гэты «чыставы» выглядаў горай за чарнавы. Цяпер толькі Лабановіч папікнуў самога сябе ў тым, што не папрасіў у Блока запаснога чыстага аркуша паперы. Але тады гэта справа паказалася яму лёгкаю. Або яшчэ лепей: трэба было наўперад лёгенька пісаць алоўкам, а потым, калі лічбіны пападалі не туды, куды трэба, проста сцерці іх і напісаць правільна. Тут Лабановічу прыгадалася польская прыказка: «Мондры поляк, ды па шкодзе». Глянуўшы на стракаты аркуш з павыскрабанымі плямамі, ён сказаў сам сабе: «Гэта табе, брат, не «Марцін з-за рэчкі».

З паніжаным настроем ішоў Лабановіч у кіраўніцтва палескіх чыгунак, каб здаць перапіску, так неахайна выкананую. Інжынер Блок сядзеў у тым жа крэсле, такі ж важны і спакойны. Лабановіч пакланіўся. Блок адказаў на паклон лёгкім, ледзь прыметным кіўком галавы.

— Ну, што — перапісалі? — запытаў Блок.

— Перапісаў, гаспадзін інжынер, ды толькі першы блін выйшаў камяком. Калі б вы былі ласкавы і далі мне аркуш чыстай паперы, дык я зрабіў бы гэта добра.

Інжынер нічога не адказаў, узяў скручаныя ў трубку аркушы. Ледзь прыметная ўсмешка адбілася на яго твары.

— М-да,— прамовіў ён.— Перапісчык-бухгалтар з вас няважны.

— Дайце мне чысты аркуш, я перапішу нанова. Я цяпер ведаю, у чым была мая памылка.

Блок нічога на гэта не сказаў, палажыў у стол аркушы, а потым выняў з кішэні бумажнік, даў Лабановічу дзесяцірублёўку і моўчкі кіўнуў галавою, даючы гэтым зразумець, што болей гаварыць няма аб чым і што работы болей не будзе.

«Прынізіў мяне кадэт,— разважаў Лабановіч, выходзячы з кіраўніцтва чыгунак, а на вуліцы сам сабе сказаў: — Дзесяць рублёў не ў яйцы пішчаць». І накіраваўся ў свой бярлог.

Выхад новага нумара газеты прыносіў ажыўленне ў рэдакцыю. Звычайна ў такі дзень пад вечар Стась браў возніка і ехаў у друкарню забіраць выдрукаваны нумар газеты. К гэтаму часу прыходзіў і сам рэдактар. А ў рэдакцыі ўжо было многа вучнёўскай моладзі: гімназісты, студэнты тэхнічнага вучылішча і проста маладыя людзі, якіх трудна было аднесці да якой-небудзь катэгорыі. Усе яны памагалі «фальцаваць» надрукаваныя аркушы газет. Работа часам зацягвалася за поўнач. Было шумна і весела. Рэдактар расказваў розныя байкі, сам смяяўся і другіх смяшыў. А прымус шумеў несціхана, падаграваючы адзін за другім закураныя чайнікі.

У такія вечары зрэдку паказваўся ў рэдакцыі і Стафан Ліскоўскі. Ён акідаў памяшканне і прысутных вокам строгага гаспадара, трымаўся падкрэслена важна і незалежна. З яго прыходам Мікіта Аляксандравіч рабіўся адразу болей сталым і не пускаўся ў гутаркі. Стафан прыязна ківаў таму-сяму галавою з лагоднай усмешкаю. Ён спыняўся, бегла пераглядаў некалькі нумароў газеты, а потым заходзіў за перагародку, дзе сядзеў Стась Гуляшак, і меў з ім сакрэтную размову, даваў інструкцыі і забіраў грошы, паступаўшыя ад продажу газет. Потым, таксама важна і велічна, выходзіў з рэдакцыі. Такім чынам навочна пацвярджаліся словы Стася аб тым, што сапраўдны рэдактар газеты ёсць Стафан Ліскоўскі.

На адным з такіх вечароў пазнаёміўся Лабановіч з панямонцам Міхалам Баўдзеем, амаль што сваім земляком. Сустрэцца з ім у Панямоні Лабановічу не давялося. Міхал Баўдзей зараз таксама быў безработным: яго зволілі са службы за ўдзел у забастоўцы чыгуначнікаў. Як у амаль што землякоў, у іх шмат чаго знайшлося для агульнай гутаркі.

Баўдзей гады на два быў старэйшы за Лабановіча. Ён вельмі ганарыўся тым, што таксама прымаў удзел у рэвалюцыі і страціў у сувязі з гэтым работу. Але ў роспач ён не ўпадаў: рана ці позна зноў прымуць назад, бо работнік з яго быў здольны. Ужо шмат каго са зволеных чыгуначнікаў варочаюць ізноў на старыя месцы.

Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Бадай што ўсіх ён высмейваў і ў шчырасць чалавечай натуры не верыў. Рэдактара Уласюка называў ён абмежаваным прасцяком, але куды болей чэсным, чым браты Ліскоўскія, бо яны проста — езуіты, са шляхецкаю афарбоўкаю. Іх трэба асцерагацца. Яны, як казаў ён, умеюць залезці чалавеку ў душу з тым, каб што-небудзь апаганіць у ёй. Баўдзей таксама адмоўна ставіўся і да выдання беларускай газеты: ці патрэбна яна, калі ёсць дасканалая, развітая руская мова, якую беларусы добра разумеюць? На гэтым грунце паміж ім і Лабановічам былі спрэчкі. Ніякіх разумных довадаў супраць існавання беларускай газеты Баўдзей не прыводзіў. Ён толькі высмейваў беларускія словы і тэксты, напісаныя гэтымі словамі, што вельмі абражала ў Лабановічу нацыянальнае пачуццё.

— Па-мойму, Міхал Кірылавіч, вы проста раскольнік, адшчапенец, калі так ставіцеся да свайго народа, да яго мовы і права на развіццё свае культуры,— са злосцю гаварыў Лабановіч.

Баўдзей зняважліва пасміхаўся.

— Што ж, і школу вы хочаце будаваць беларускую? — пытаў ён насмешліва.

— І школу, і тэатр, і ўсё, што патрэбна народу для культурнага жыцця.

Баўдзей недаверліва хіхікаў і выводзіў Лабановіча з цярпення.

— Такімі адносінамі да свайго народа, забітага, цёмнага, прыніжанага, вы, даруйце мне, выяўляеце сваё панямонскае баўдзейства! — ужо зусім у злосці сказаў Лабановіч і дадаў: — Нездарма ж зямляк ваш, Маргун, адкусіў палец аднаму з вашых аднафамільцаў, Сымону Баўдзею.

І гэтая спасылка на сапраўдны выпадак не вывела з раўнавагі Баўдзея. Ён толькі азваўся:

— Пятрусь Маргун — чалавек рашучы, але гэта нічога не даводзіць. Не,— крута павярнуў гутарку Баўдзей у другі бок,— нічога з вашых патуг не выйдзе — не на тым грунце вы стаіце. Вось вы, энтузіяст адраджэння беларускага народа, працуеце ў газеце, а што вы зарабляеце? Траяк ды пятак на дзень, а грошы кладуць у кішэню Ліскоўскія, вы нават не ведаеце колькі. Вам жа з рэдактарам — падстаўным, трэба сказаць,— гула асмаленая.

Міхала Баўдзея цяжка было збіць з пазіцыі. На колкія словы свайго супярэчніка ён не звяртаў ніякай увагі і ніколькі не крыўдзіўся. Наадварот, ён вельмі спачуваў яму.

— Вось вам спяваюць песні пра Кракаў,— пачаў гутарку Баўдзей,— але вы пабачыце гэты Кракаў тады, калі ўкусіце сябе за локаць. Вас проста, выбачайце, водзяць за нос, каб утрымаць пры сабе — вы для іх патрэбны чалавек. А вось вы паслухайце мяне, вашага не зусім блізкага земляка. Тут, на Новым Свеце,— гэта за чыгункаю — ёсць обер-кандуктар. Чалавек ён спрытны, збірае даніну з «зайцаў». У яго ёсць добры домік, набыты за грошы, заробленыя на «зайцах», агарод, старанная жонка і два сыны, якіх трэба падвучыць да паступлення ў гімназію. Я магу закінуць слова за вас, бо вы, мне здаецца, добры настаўнік і будзеце мець добры заработак. І калі вам суджана ад Ліскоўскіх паехаць у Кракаў,— іранічна заўважыў Баўдзей,— дык у вас будуць грошы на дарогу. Згодны?

Баўдзей хітра зірнуў на Лабановіча. А Лабановіч падумаў: «На свеце пажывеш, і Баўдзея другам назавеш».



ХХІІІ


З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет, дзе пераважна жылі чыгуначнікі, шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх тады называлі. Обер-кандуктар Эдуард Рымашэўскі збіраўся ў чарговы рэйс па Палескай чыгунцы. Гэта быў чалавек гадоў сарака, далікатны і абыходлівы. Нічога ў яго абліччы не кідалася ў вочы, усё было ў меру і на сваім месцы. Ён прачытаў запіску і зірнуў на Лабановіча.

— Вы знаёмы з панам Баўдзеем? — запытаў обер-кандуктар, каб пачаць гутарку.

— Ён амаль што мой зямляк, але пазнаёміўся я з ім тут, у Вільні.

— Вы былі настаўнікам у школе? — распытваў далей Рымашэўскі.

— Быў, але зараз я зволены.

— Не буду пытаць, за што вас зволілі. Мне важна, каб у маіх дзяцей быў добры настаўнік.

Обер-кандуктар паклікаў сваіх сыноў — Эдзіка і Юзафа.

— Вось вам дарэктар, а вы слухайце і вучыцеся старанна,— сказаў ён.— Асабліва ж Эдзік.

Хлопчыкі зірнулі на «дарэктара» і зараз жа апусцілі вочкі ў дол. Яны рабілі ўражанне выхаваных і дысцыплінаваных хлопчыкаў. Эдзіку было дзевяць гадоў, а Юзаф — на год маладзейшы.

— Калі з вашага боку перашкод не будзе, дык я прашу пачаць навучанне сягоння ж,— звярнуўся обер-кандуктар да Лабановіча.— Час заняткаў вызначце самі, як вам зручней.— А сынам зноў сказаў: — Вучыцеся, дзеткі, слухайце пана дарэктара. А з вамі, пане дарэктар, мы паразумеемся. Я буду плаціць вам пятнаццаць рублёў у месяц, а там будзе відней. Зараз жа я еду ў сваю дарогу.

Ён падаў руку Лабановічу, пацалаваў сыноў і, узяўшы дарожны чамаданчык, накіраваўся ў кухню развітацца з жонкаю і перакінуцца з ёю параю слоў. У часе гутаркі мужа з «дарэктарам» яна сюды не заходзіла.

Лабановіч паўзіраўся на сваіх вучняў. Яны здаліся яму сімпатычнымі хлопчыкамі.

— Дык што ж, арляняткі мае, будзем вучыцца? — спытаў ён.

Хлопчыкі маўчалі, а потым Юзаф ціха прамовіў:

— Будзем! — Ён нясмела зірнуў на настаўніка. Таксама зірнуў на яго і Эдзік, і гэта азначала, што ён згодзен з братам.

— А дзе мы будзем займацца? — звярнуўся да іх Лабановіч.

На гэты час увайшла гаспадыня. Яшчэ з парога яна ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах прыемную ўсмешку, уласцівую толькі жанчынам. Лабановіч устаў, пакланіўся.

— А мы вось тут дагаварваемся, дзе займацца,— сказаў Лабановіч, падышоўшы да гаспадыні.

Мальвіна Казіміраўна прыязна зірнула на сваіх хлопцаў, на Лабановіча. Ёй спадабалася, што настаўнік дамаўляецца з сынамі, якіх яна вельмі любіла.

— Калі пан дарэктар не мае нічога супраць, можна займацца і ў гэтым пакоі,— ветла заўважыла обер-кандуктарка, адданая маці для дзяцей, добрая жонка для мужа і дбалая гаспадыня ў доме.

— Лепшага пакоя для заняткаў і не трэба,— згадзіўся Лабановіч.

Сапраўды, пакой быў светлы, чысты, прасторны і ўтульны.

— Дык з вашага дазволу мы і прыступім да заняткаў.

— Калі ласка! — гаспадыня прыязна кіўнула галавою і з той жа добраю ўсмешкаю пакінула настаўніка і вучняў.

Лабановіч загадаў выхаванцам прынесці кнігі, сшыткі, якія ў іх ёсць, і ўсё, што патрэбна для навучання.

Наўперад хоць збольшага трэба было азнаёміцца з вучнямі, у якой меры яны падрыхтаваны.

— Вось, Эдзік,— звярнуўся Лабановіч да старэйшага вучня,— скажы, як многа ты можаш лічыць?

— Да тысячы і болей,— упэўнена адказаў Эдзік.

— Добра... Вось ты налічыў, скажам, пяцьсот дзевяноста восем. Як ты будзеш лічыць далей?

— Пяцьсот дзевяноста дзевяць, шэсцьсот...

— Маладзец, Эдзік! А цяпер папрабуй лічыць пяцёркамі. Пяць, прылажыць яшчэ пяць?..

— Дзесяць, пятнаццаць, дваццаць.

Выявілася, што Эдзік можа лічыць пяцёркамі і дзесяткамі. Юзаф, хоць яго настаўнік не пытаў, таксама адказваў разам з Эдзікам, часамі апярэджваў яго. Болей за гадзіну гутарыў Лабановіч з хлопчыкамі. Яны аказаліся здольнымі да навучання, умелі лічыць, разбіраліся ў чытанні, маглі напісаць паасобныя словы і просценькія сказы.

Настаўнік і вучні не заўважалі, як хутка праходзіў час. У дзвярах ізноў паказалася Мальвіна Казіміраўна. Яна несла на падносіку шклянку кавы, а на талерачцы некалькі піражкоў з мясам, тоўсценькіх, пухленькіх, яшчэ гарачых.

— Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак,— лагодна сказала гаспадыня.

— У нас, праўда, крыху зацягнулася лекцыя, хоць гэта яшчэ не сапраўдныя заняткі. Я проста знаёміўся з вашымі дзеткамі, наколькі яны падрыхтаваны.

— І якое ж уражанне ў пана дарэктара? — з некаторым неспакоем запытала Мальвіна Казіміраўна.

— Першае, што можна сказаць,— хлопчыкі здольныя. З імі можна займацца з поспехам. А што да Юзафа, дык мне здаецца, што ён можа абагнаць Эдзіка.

Мальвіна Казіміраўна зацвіла, як ружа: Юзаф быў яе любімы сын.

— Ну, то я не буду вам перашкаджаць,— з прыемнаю ўсмешкаю Мальвіна Казіміраўна выйшла з пакоя.

Лабановіч зараз жа прыступіў да падмацавання. Кава была салодкая, араматная, а піражкі самі раставалі ў роце.

«Эх, Янка!— сказаў ён сам сабе,— пакаштаваў бы ты такога піражка!.. Добра жывуць обер-кандуктары».

Пасля кароткага перапынку Лабановіч даў работу вучням для самастойных заняткаў і дамовіўся, у які час ён будзе хадзіць займацца з імі.

Не адзін раз успамінаў Лабановіч свайго амаль што земляка Міхала Баўдзея: ніхто лепей не паклапаціўся аб ім. Заняткі з малымі Рымашэўскімі прыносілі адно толькі задаваленне. Вучыліся яны старанна, былі паслушнымі, уважлівымі вучнямі. Кожны раз, калі Лабановіч прыходзіў на заняткі, хлопчыкі выбягалі яму насустрач. Адзін браў настаўніка за адну руку, другі за другую, і так усе разам уваходзілі ў свой пакой. Мальвіна Казіміраўна ўзяла за звычай кожны дзень частаваць «дарэктара» пахучаю каваю і смачнымі піражкамі. Пасля такіх падмацаванняў і на сэрцы было весялей. Сам жа Рымашэўскі, паэкзаменаваўшы потайкам сваіх сыноў, застаўся дужа задаволены.

— Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце іх,— прыязна сказаў ён Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне.

Адным словам, жыць можна было. Праўда, і работы хапала. Рэдактары загадалі Лабановічу весці ў газеце раздзел аб Дзяржаўнай думе. З усіх прамоў дэпутатаў думы ён выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Час ад часу трэба было таксама даць і сваю ацэнку прамоў розных маркавых і падобных ім «ісцінна-рускіх» зуброў. З работай сваёю Лабановіч спраўляўся. За гэта рэдактары аплачвалі абеды ў маці Стася Гуляшака. I жыццё такім чынам сяк-так наладзілася. Пад вясёлую хвіліну Лабановіч складаў песні пра тое, як беспрытульная галота разбурыць царскі трон, скіне цара, а з яго пазалочанай парфіры пашые сабе штаны.

Але нічога не вечна пад ясным месяцам. Не гадаў Лабановіч, што яго віленскаму дабрабыту прыйдзе нечаканы канец. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, смачна сплючы ў сваім «карыце», раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Лабановіч прачнуўся, прыслухаўся, у дзверы загрукалі яшчэ мацней. Не было сумнення, што кулак быў здаравенны і напрактыкаваны па часці груку ў дзверы познім начным часам.

Лабановіч нацягнуў нагавіцы, накінуў на плечы пільчак і пад барабанны бой кулака басанож падышоў да дзвярэй.

— Хто там? — упаўшым голасам запытаў Лабановіч.

— Адчыняй! — уладна пачуўся голас з-за дзвярэй.

— Я ж не ведаю, каму адчыняць, можа, вы якія грабежнікі.

— Адчыняй, кажуць табе!.. Не грабежнікі, а паліцыя!

У галаве Лабановіча мільганулася думка: што лепей — грабежнікі ці паліцыя? Ён адамкнуў дзверы, а сам падаўся ўбок. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Ён навёў ліхтар у твар Лабановічу.

— Ты што тут робіш? — грозна запытаў ротмістр.

— Служу,— адказаў Лабановіч.

— Пашпарт ёсць?

Лабановіч паказаў. Ротмістр перагартаў пашпарт, а потым зірнуў на Лабановіча. I ўжо болей чалавечна прамовіў:

— Дзе вашы рэчы?

Лабановіч расчыніў свой убогі чамаданчык, дзе ляжала запасная пара бялізны, лёгенькія шкарпэткі, некалькі пісем і спісаных аркушаў паперы. Жандарскі ротмістр усё гэта перагледзеў, вахмістр з гарадавымі пашворыліся ў рэдакцыі. Нічога не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Калі вобыск быў скончаны, ротмістр строга сказаў Лабановічу:

— Калі вы ў трохдзённы тэрмін не выедзеце самі, дык я вас арыштую і адашлю этапам да месца вашага пражывання.

Ротмістр завярнуўся і накіраваўся да дзвярэй. За ім пайшла і ўся яго капэлія.



ХХІV


Прыйшлі, панюхалі, пагаўкалі і зніклі... Добра, што хоць так абышлося. І ўсё ж клопату нарабілі шмат.

Спаць Лабановіч ужо не мог. Вырысоўваўся новы этап жыцця і новая праграма дзеяння. Нечаканы візіт жандараў і гарадавых разбурыў усе планы. Тры дні! За гэты час трэба ліквідаваць усе справы. Па-першае, паведаміць обер-кандуктару, каб ён шукаў для сваіх сыноў новага «дарэктара», і развітацца з яго домам. Па-другое, зайсці да рэдактараў. Можа, яны чым-небудзь памогуць. Ды спадзявацца на іх падтрыманне — марная справа. Меў рацыю Баўдзей, калі гаварыў, што ў Кракаў зямляк яго паедзе тады, калі ўкусіць свой локаць. Дык няхай хоць паклон перададуць свайму Кракаву. Іншыя думкі круціліся ў галаве: як зрабіць, каб ізноў вярнуцца ў Вільню? І раптам нечакана вырашыў: выкарыстаць орган віленскага генерал-губернатара «Виленский вестник» і пры яго дапамозе адхіліць перашкоды, што паўсталі на дарозе. А для гэтага трэба наведаць рэдакцыю, ды не з пустымі рукамі. Лабановіч сеў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам. Да дзесяці гадзін раніцы работа была скончана. Апавяданне спадабалася аўтару, ён падпісаўся «Іван Торба».

Захапіўшы рукапіс, Лабановіч накіраваўся ў рэдакцыю «Виленского вестника», якая змяшчалася ў шыкарным доме. Памяшканне было прасторнае і багата абсталяванае.

Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек.

— Сядайце! — паказаў ён на крэсла і дапытліва зірнуў на наведвальніка.

— Прашу прабачыць мне за ранні візіт,— сказаў пачціва Лабановіч.— Я еду ў правінцыю. Мне ж хочацца быць карэспандэнтам і наогул супрацоўнікам вашай газеты. На першы пачатак прынёс вам невялічкае апавяданне.

Сакратар узяў рукапіс, прагледзеў яго, зірнуў на подпіс.

— Гэта ваша сапраўднае прозвішча? — запытаў сакратар.

— Не, гэта мой псеўданім.

— Здорава гучыць,— усміхнуўся сакратар і дадаў: — Ваш расказец мне падабаецца. У чарговым нумары газеты будзе змешчан. Толькі напішыце ваша сапраўднае прозвішча і адрас. Яшчэ чым магу служыць?

Узрадаваны Лабановіч прамовіў:

— Мне хацелася б мець нейкі дакумент, скажам, карэспандэнцкі білет, у якім значылася б, што я — супрацоўнік або карэспандэнт «Виленского вестника». Гэта памагло б мне быць болей карысным для газеты супрацоўнікам.

— Гэта можна,— згадзіўся сакратар.

Хвілін праз пяць Лабановіч меў на руках акуратна напісаны на добрай цвёрдай паперы, з выразнаю пячаткаю, карэспандэнцкі білет ад «Виленского вестника». Гэтая ўдача акрыліла Лабановіча, але ён сам яшчэ не ўсведаміў у належнай ступені яе значэнне.

Рэдактары нібыта былі засмучаны вымушаным выездам Лабановіча. Яны паківалі галовамі, выказалі шмат спачуванняў.

— А калі б замест выезду на месца пражывання ўзяць ды махнуць у Кракаў? — з прытоеным насміханнем запытаў Лабановіч Стафана і Уласюка.

Стафан вінавата апусціў вочы, а Уласюк адвёў іх убок. Стафан прамовіў:

— Час яшчэ не прыйшоў.

Памаўчаўшы, ён дадаў, палажыўшы руку на плячо Лабановічу:

— Не трацьце надзеі!

Уласюк павярнуў твар да Лабановіча і даў такую дараду:

— Вось што, дзядзька Андрэй: зайдзіце ў Мінску да адваката Семіпалава. Ён свой чалавек і можа параіць вам што-колечы добрае. На тое ж ён і адвакат... Што?

Уласюка падтрымаў і Стафан. Яны далі Лабановічу пісьмо на імя адваката.

— Калі ж вы мяркуеце ехаць з Вільні? — пацікавіўся Стафан.

— Чым хутчэй, тым лепей. Можа, нават сягоння ўвечары. Даводзіць да таго, каб жандары павезлі, як арыштанта, не дужа прыемная рэч... А ўрэшце, можа, такім спосабам дабірацца дамоў выгадней: дарога нічога не будзе каштаваць,— сказаў Лабановіч з горкай усмешкай.

— На дарогу мы вам сёе-тое перакінем,— супакоіў Лабановіча Стафан.

Лабановіч нават не падзяліўся з рэдактарамі сваёю ўдачаю. Нашто? Ён цвёрда пастанавіў выехаць з Вільні ў гэты ж дзень. Зборы невялікія. Зайсці ж да обер-кандуктара, паведаміць аб усім і развітацца часу хопіць.

Гаспадар і жычлівая Мальвіна Казіміраўна шчыра пашкадавалі, што дзеці іх застаюцца без «дарэктара». Дый самі вучні былі засмучаны — яны прывыклі да свайго настаўніка. Обер-кандуктар сумленна разлічыўся з Лабановічам з накідкаю трох рублёў да пятнаццаці. А на развітанне сказаў:

— Калі б паехалі па Палескай чыгунцы, дык да Баранавіч я завёз бы вас бясплатна.

Лабановіч падзякаваў, ехаць на Баранавічы яму было не з рукі.

Развітаўся ён таксама і са Стасем Гуляшакам. Затым зайшоў у свой катушок, дзе стаяла «карыта», прыпыніўся каля яго. «Эх, карыта маё, карыта! — сказаў у думках Лабановіч.— Песціла ты мае мары аб Кракаве, ды ім не суджана здзейсніцца». Ён узяў свой чамаданчык і пехатой падаўся на вакзал.

Поезд з Вільні ў Мінск ішоў не болей шасці гадзін. На ўсходзе сонца Лабановіч прыбыў у Мінск. Сухое і не па часе халоднае надвор’е змянілася цёплымі начамі і гарачымі днямі. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Балоціч трымаўся старых правіл паводзін, з дарогі «добранадзейнага» чалавека не саступаў і рэвалюцыі не спачуваў, але старога прыяцеля сустрэў ветла, хоць і жартаваў з яго няўдачнага ўдзелу ў рэвалюцыі.

— Ты, брат, пастой смяяцца,— сказаў Лабановіч.— А вось што скажаш пра гэта? — Ён дастаў з кішэні карэспандэнцкі білет і паказаў сябру. Балоціч уважна разгледзеў білет, а потым перавёў вочы на прыяцеля.

— Значыць, адумаўся і над крамолаю паставіў крыж? — запытаў баском крыху здзіўлены Балоціч.

— Не, браце: крыж мяркую паставіць над дурнямі, але аб гэтым яшчэ рана гаварыць,— заўважыў Лабановіч.

Балоціч нібы крыху збянтэжыўся: на што ківае прыяцель?

— Як разумець твае словы? — запытаў ён Лабановіча.

— Калі б з намі быў Янка Тукала, дык ён адказаў бы табе якім-небудзь афарызмам.

Балоціч губляўся яшчэ болей.

— Нічога не разумею. Які афарызм сказаў бы ён?

Лабановіч развёў рукамі.

— Ход яго думак адгадаць не так-та лёгка. Ён мог бы сказаць нешта накшталт загадкі біблейскага Самсона, напрыклад: «Ад паядáючага выйшла тое, што можна есці, і ад дужага атрымалася салодкае».

Цяпер Балоціч развёў рукамі.

— Напускаеш ты мне нейкага туману: чым далей у лес, тым болей дроў. Адно можна сказаць,— усміхнуўся Балоціч,— ты — той заяц, за якім ганяюцца ганчакі, і ты закручваеш петлі, каб збіць іх з тропу.

— Во, во! — падхапіў Лабановіч.— Нарэшце і ты можаш напасці на след.

Яны трохі пасмяяліся.

— А што думаеш рабіць зараз?

— Сказаць табе праўду, і сам не ведаю. Жандары выгналі мяне з Вільні, бо я пад наглядам паліцыі. Дазволу на права жыць у Вільні я не маю. А там я меў сякія-такія заработкі.

— Дык ты зараз з Вільні?

— Адтуль, браце!

— А адгэтуль куды падасіся?

Лабановіч паглядзеў на яго.

— А што, калі ты прытуліш мяне на сваёй кватэры?

Балоціч зірнуў на Лабановіча.

— Што ж? Дзень-два пажыві ў мяне.

— А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам, з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне?

— Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Ведаеш, Андрэй, што: я прытуліў бы цябе і больш, але ці вядома табе, што пішуць аб вас, аб такіх, як ты, у «Минском голосе»?

— Гэта ў той газеце, дзе рэдактар чарнасоценец і здраднік радзімы Шмідт?

— Я не ведаю, хто ён такі, ведаю толькі, што ён — рэдактар «Минского голоса» і напісаў у газеце вось што.

Балоціч дастаў са стала, дзе ўсе паперачкі ляжалі кожная на сваім месцы і быў узорны парадак, нумар газеты «Минский голос» і паказаў нататку, у якой удзельнікі настаўніцкага сходу ў Мікуцічах шальмаваліся на ўсе лады.

Лабановіч наскора прагледзеў гэтую нататку і сказаў прыяцелю:

— Можаш даць мне гэты нумар?

— Для цябе я і хаваў яго,— адказаў Балоціч.



XXV


Падмацаваўшыся ў прыяцеля, Лабановіч падаўся ў горад: яму трэба было знайсці адваката Семіпалава і перадаць пісьмо ад рэдактараў. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Такім чынам надзеі на Семіпалава адпадалі. Дый што ён мог сказаць і якую даць параду? Напэўна, сказаў бы ехаць на месца пражывання і ад мясцовага паліцэйскага начальства прасіць дазволу жыць і працаваць у Вільні. «Але я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята»,— прыгадаў Лабановіч старую прыказку.

Ён павярнуў назад. У скверыку насупраць архірэйскага дома выбраў болей зацішнае месца, прысеў на лаўку і выняў з кішэні «Минский голос», у якім была змешчана злая нататка аб народных настаўніках пад назваю: «Без розуму і сумлення». Прачытаў і задумаўся. І тут прыйшла ў галаву думка — зайсці да рэдактара «Минского голоса», да чарнасоценца Шмідта і ў сувязі з нататкаю пагаварыць з ім у тым плане, у якім яны з Янкам Тукалам праводзілі рэпетыцыю допыту. Спачатку думка гэта здалася недарэчнаю, але чым болей разважаў, тым глыбей яна захапляла яго. І сапраўды: што ён траціць? Калі рэдактар нават не захоча гаварыць з ім — дык што за бяда! Пра Шмідта хадзілі гутаркі, што раней ён быў флоцкім афіцэрам, украў планы Кранштацкай крэпасці і перадаў іх нямецкай разведцы. Яму далі за гэта дзесяць гадоў катаржных работ, але цар Мікалай Другі зняў пакаранне і вярнуў рэдактару грамадзянскія правы. А зараз ён — самы адданы «истинно-русский» чалавек. Лабановіч канчаткова замацаваўся ў сваім намеры схадзіць да Шмідта. Хоць паглядзець, што гэта за чалавек, і папрабаваць завесці гутарку аб выгнаных настаўніках, якіх шальмавала газета.

У прыёмнай рэдактара «Минского голоса» сядзелі два чалавекі: поп і нейкі занядбаны чыноўнічак. Папа зараз жа запрасілі ў кабінет. Праз некалькі хвілін ён выйшаў адтуль у добрым гуморы. Ён кіўнуў чыноўнічку, даючы яму знак ісці разам. Лабановіч пачуў толькі словы папа ўжо ў дзвярах, сказаныя чыноўніку:

— Скажу табе, чалавеча, галава!

Яны зніклі.

— Як далажыць аб вас гаспадзіну рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд.

— Скажыце — карэспандэнт «Виленского вестника», газеты віленскага генерал-губернатара,— важна сказаў Лабановіч.

Прыслужнік з павагаю зірнуў на наведвальніка і нават пакланіўся. Лабановіч сам сабе заўважыў: «Клюе!»

Чалавек з рыжаватаю бародкаю ціхенька шуснуў у дзверы рэдактарскага кабінета і зараз жа вярнуўся.

— Калі ласка! — паказаў ён галавою на дзверы.

У прасторным крэсле за сталом, засланым зялёным сукном, сядзеў рэдактар, без пільчака. Гэта быў невысокі, карэнкаваты чалавек з шырокім тварам, з пранізлівымі выцвіўшымі вачамі, з кучмаю пасівелых валасоў. На ім была руская кашуля з расшпіленым каўняром, з якога выступала тоўстая, як у вала, шыя. На прывітанне Лабановіча ён толькі злёгку зварухнуўся ў сваім крэсле.

— Чым магу быць для вас карысным? — даволі сурова запытаў ён.

— Я хачу пагаварыць з вамі, гаспадзін рэдактар, не толькі аб сваёй справе, але і аб справе сваіх калег, настаўнікаў.

Рэдактар крыху шырэй расчыніў вочы, але маўчаў, нарыхтаваўшыся слухаць далей. Лабановіч зрабіў невялікую паўзу.

— Я вас слухаю,— ужо нецярпліва прамовіў рэдактар.

Лабановіч выняў з бакавой кішэні акуратна зложаны нумар «Минского голоса» і разгарнуў яго, знайшоў нататку «Без розуму і сумлення» і паказаў на яе рэдактару.

— Я, гаспадзін рэдактар, і ёсць адзін з тых, што ў нататцы вашай газеты значацца пад такім тытулам.

Рэдактар узяў з рук Лабановіча нумар газеты, зірнуў на нататку. Твар яго адразу змяніўся. У выцвіўшых вачах бліснуў злы агеньчык.

— Дык што вам трэба? — сярдзіта сказаў рэдактар, як бы перад ім быў не малады чалавек, а нейкі шкодны гад.

— Калі чалавека незаслужана абліваюць памыямі,— спакойна, з адценнем гарчэчы ў голасе адказаў Лабановіч,— дык зусім натуральна, гаспадзін рэдактар, што гэты чалавек хоча ачысціцца ад такога бруду.

Рэдактара, здалося Лабановічу, кранулі гэтыя словы.

— Я не разумею вас,— сказаў ён.

— Справа вось у чым, гаспадзін рэдактар: тое, што пішацца пра нас у вашай газеце, ні ў найменшай меры не адпавядае сапраўднасці.

Рэдактар недаўменна зірнуў на Лабановіча.

— Як жа гэта так? Але ж быў у вас недазволены, законам забаронены сход? Нават і пастанову напісалі вы! — запярэчыў рэдактар.

Лабановіч зірнуў рэдактару ў вочы.

— Шкада, што прыстаў, якому, вядома, хацелася выслужыцца, забраў адну толькі так званую пастанову. Але чаму ён не патурбаваўся далучыць да яе паўтара дзесятка пустых бутэлек ад гарэлкі? Тады было б зразумела, адкуль і як магла з’явіцца гэтая пастанова.

Рэдактар недаверліва паківаў галавою.

— Чым жа растлумачыць той факт, што ў адным сяле сабралася звыш двух дзесяткаў настаўнікаў?

— У гэтым сяле, гаспадзін рэдактар, іх болей трох дзесяткаў. Такое ўжо наша сяло Мікуцічы: скончыў настаўніцкую семінарыю адзін і паказаў дарогу дзесяці.

Як ні стараўся рэдактар падлавіць Лабановіча, яму гэта ніяк не ўдавалася. Усё, што гаварыў Лабановіч, здавалася праўдзівым і натуральным. Тады рэдактар паспрабаваў павесці атаку з другой пазіцыі.

— Скажыце, вы спецыяльна для таго зайшлі да мяне, каб абвергнуць выстаўленыя супраць вас абвінавачанні? — рубам паставіў ён пытанне.

— Паверце, гаспадзін рэдактар: я зайшоў да вас зусім выпадкова. Скажу вам праўду: я еду, і не па сваёй волі, з Вільні. Там я меў сякі-такі заработак — займаўся з дзецьмі аднаго чыгуначніка. Але пазаўчора мне жандарскі ротмістр катэгарычна заявіў, каб я пакінуў горад, калі не хачу быць высланым па этапу. Таксама зрэдку даваў я сякія-такія матэрыялы і ў орган віленскага генерал-губернатара, у газету «Виленский вестник».

Лабановіч убачыў, што на стале рэдактара якраз і ляжала гэтая газета. У пацвярджэнне таго, што было сказана, ён дастаў свой «талісман» — акуратна і прыгожа напісаны карэспандэнцкі білет. На вачах у Лабановіча з рэдактарам адбылася перамена: з суровага ён зрабіўся лагодным. Іншым тонам ён сказаў, падняўшы на Лабановіча выцвіўшыя вочы:

— Вось што. Пра ўсё тое, што вы расказалі мне аб настаўніцкім сходзе, напішыце ў «Минский голос», напішыце так, як было ў сапраўднасці. Я змяшчу гэта ў газеце... Думаю, малады чалавек, што гэта паслужыць на вашу карысць і на карысць вашых калег. Я...— не без гордасці заўважыў рэдактар, але перабудаваў свой сказ без «я»: — Да «Минского голоса» прыслухоўваюцца і лічацца з ім і яго прэвасхадзіцельства мінскі губернатар, і яго прэасвяшчэнства епіскап Мінскі і Тураўскі, і ўсе вышэйшыя чыноўнікі губерні.

Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта.

— Гаспадзін рэдактар! Мне давялося чытаць малавядомага пісьменніка Лейкіна. Адзін з яго герояў на банкеце сказаў: «Любили правду мы сызмальства и награждены за это от начальства». Я хачу сказаць, што і ваша любасць да праўды начальствам заўважана.

Рэдактар соладка ўсміхнуўся. Было відаць, што гэтыя словы прыйшліся яму даспадобы. А калі Лабановіч падзякаваў за гуманны прыём, рэдактар устаў са свайго шырокага крэсла і моцна паціснуў руку наведвальніку.

— Дык так, чакаю вашага артыкульчыка.

Калі Лабановіч ішоў з «Минского голоса», яму здавалася, што за плячамі разгарнуліся крыллі. Без дапамогі Ліскоўскага і Уласюка, без адваката Семіпалава ён сам патрапіў зрабіць справу на карысць сабе і таварышам. Не затрымліваючыся нідзе, ён шпарка ішоў на кватэру Балоціча: там ён наважыўся напісаць «артыкульчык».

За гэты час Балоціч упыніў свае справы, сядзеў у кабінеце, наводзіў парадак у пісьмовым стале, хоць гэты парадак быў і без таго на належнай вышыні. Калі Лабановіч увайшоў, Балоціч адразу заўважыў вясёлы, узбуджаны настрой свайго сябра.

— Ну, як, Андрэй? «С победой, Гришка, поздравляю и с расцарапанной щекой»? — спытаў ён.

— Вось што, Балоцімус-Балота. Дай мне пару-другую аркушаў паперы, і ты паглядзіш, што я на іх напішу, куды і для каго.

Балоціч шчыра і весела смяяўся, выслухаўшы апавяданне Лабановіча аб гутарцы з рэдактарам і аб выніках спаткання.

— Гэта называецца — правесці папа ў рэшаце,— жартліва заўважыў Балоціч. Ён выняў са стала з дзесятак аркушаў добрай, гладкай паперы.— Пішы колькі ўлезе,— не пераставаў жартаваць Балоціч.

Лабановіч выбраў спакойны куток у кватэры і сеў за работу.



XXVI


Артыкул Лабановіча пад назваю «Як яно было» быў надрукаваны праз дзень у «Минском голосе» за подпісам «Кудесник». Калі Балоціч прачытаў яго, то шырока расплюшчыў вочы і некаторы момант моўчкі пазіраў на прыяцеля.

— Вось папрабуй разабрацца, дзе праўда, а дзе хітрая выдумка! — у захапленні сказаў ён.

— Паміж праўдаю і выдумкаю, падобнаю да праўды, трудна, мой дружа, правесці мяжу,— заўважыў Лабановіч.— Канву ж для іх дае само жыццё.

— Завілавата гаворыш, мой браце. Не выпіўшы чаркі добрай настойкі, нічога не разбярэш.

Сказаўшы так, Балоціч падаўся да свайго даволі прыгожага і нават утульнага буфеціка, дастаў ёмкую пляшку і паставіў на стол.

— Гэта, браце мой, накшталт польскай старкі. Доўгі час я хаваў яе на ўрачысты выпадак.

— Гэтым самым, дарагі мой Балоцімус, ты даводзіш, што ты мой сапраўдны друг, якім быў і ў семінарыі.

Наліваючы настойку ў чаркі, Балоціч сур’ёзным тонам заўважыў:

— А ведаеш, Лабуня, гэты артыкул зробіць калі не пераварот, дык поўнае замяшанне ў галовах судовых чыноўнікаў, а таксама і ў паліцэйскіх, бо «Минский голос» — гэта іх сімвал веры.

— Што ж? — весела азваўся Лабановіч, падняўшы чарку.— Дай, Божа, нашаму цяляці воўка зваяваці!

Вечарам, сардэчна развітаўшыся з Балоцічам, Лабановіч накіраваўся да вакзала. Ён захапіў з сабою некалькі экземпляраў «Минского голоса», у якім быў выдрукаваны яго артыкул. Седзячы ў вагоне, ён думаў аб тым, як будуць здзіўлены сябры, зволеныя з настаўніцкіх пасад, калі раптам дачуюцца пра «Кудесника». Нікому і ў галаву не прыйдзе, што гэта напісана ім, Лабановічам. Яму было весела і разам з тым смешна. Ён думаў у першую чаргу пра свайго прыяцеля Янку Тукалу, думаў, як латвей апавядаць яму аб сваіх прыгодах.

У Стаўбуны поезд прыбываў каля адзінаццаці гадзін раніцы. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Ад вакзала да мястэчка было з паўвярсты. Як жа здзівіліся і ўзрадаваліся прыяцелі, калі, па шчаслівай выпадковасці, сустрэліся на дарозе, там, дзе яна крыжавалася з павароткаю на вакзал! Яны кінуліся адзін да аднаго.

— Янка!

— Андрэй!

Сябры моцна паціснулі адзін другому рукі і пацалаваліся.

— Як жа гэтак нечакана апынуўся тут? Адкуль ты ўзяўся? — пытаў з радасным недаўменнем Янка.

— Час майго вандроўніцтва нікім не лічаны, а дарогі мае толькі Богам ды жандарамі мераны,— урачыста адказаў Андрэй.

— Ты гаворыш, як нейкі старадаўні прарок,— засмяяўся Янка ў прадчуванні важных навін, аб якіх павінен паведаміць прыяцель.

Андрэй жа запытаў:

— Ты ж куды вандруеш?

— Не сам я вандрую: мае ногі нясуць чэрці,— у тон прыяцелю адказаў Янка.— Збіраўся ў Мінск, але калі пабачыў цябе, дык чэрці ад мяне адступіліся — па боку Мінск!

— Добра сказана!.. Ведаеш, Янка: я ўвесь час думаў, як бы не размінуцца нам. А мы ўзялі ды сустрэліся!

— Калі каму шанцуе, той і ў лапцях танцуе,— прыказкай пацвердзіў Янка.— Выкладай, браце, аб тваім, нікім не лічаным, часе.

Лабановіч абвёў поглядам наваколле і ціха сказаў:

— Кожнай агародніне свой час. Свой час ягадзе і свой час баравіку... Слухай, Янка: давай заскочым у мястэчка, возьмем на дарогу таго, што весяліць сэрца чалавеку. Адыдземся ад вуліц і ад сцен хат і там, у зацішным месцы, расчынім нашы душы і волю дамо нашым словам.

— Вось што значыць пабыць у рэдакцыі! Адразу відаць, што чалавек набраўся розуму! І дурань будзе той, хто стане супраць гэтага пярэчыць.

Прыяцелі накіраваліся ў шынок да цёткі Гені па падмацунак. На першым утульным месцы над Нёманам яны спыніліся.

— Вось тут мы і расчынім вусны нашы,— сказаў Лабановіч.— Садзіся, брат Янка!

Яны селі на зялёнай траўцы за пышным лазовым кустом, што раскінуў тонкія, гнуткія дубцы над самым Нёманам. Патрывожаная лугавая мята разліла навокал востры пах. Унізе, пад зрывістым берагам, несупынна гнала рака празрыстыя хвалі, нібы жывое срэбра.

— Што скажаш, Янка: хораша, утульна, спакойна тут! — сказаў, азіраючыся навакол, Лабановіч.

— Што хораша, то хораша, але не гэта я спадзяваўся пачуць ад цябе,— заўважыў Янка.— Выходзіць, з вялікага грому малы дождж!

Андрэй засмяяўся.

— Ведаеш, брат, я ўсё думаў: як пачаць расказваць пры спатканні з табою пра ўсё, што здарылася за гэты час. І нібы не знаходжу такога пачатку, які б задаволіў мяне і цябе.

— Тады адкаркоўвай пляшку, можа, яна развяжа табе язык,— рашуча сказаў Янка і дадаў: — Чуе маё сэрца, што скажаш нешта цікавае.

Лабановіч выцягнуў з кішэні кручок, загорнуты ў паперку кавалак каўбасы і хлеб. Янка ў чаканні не зводзіў вачэй з прыяцеля. Андрэй сказаў:

— Покі я буду накрываць «стол» і ўходжвацца каля яго, ты прачытай вось гэтую нататку.

У руках у Янкі апынуўся «Минский голос». Ён так і ўпіўся вачамі ў артыкульчык. Лабановіч рэзаў каўбасу і ўкрадкам сачыў за прыяцелем. А Янка, у меру таго як чытаў, мяняўся ў твары, збіваўся з тропу, некалькі разоў варочаўся да пачатку артыкула, глядзеў на подпіс, на назву. Нарэшце працёр вочы і доўгім позіркам паглядзеў на Андрэя.

— Што скажаш, Янка, на гэта? — спытаў Лабановіч.

— Браткі мае! Матухны і татухны! — ледзь не вар’яцеў Янка.— Ці дабачваюць мае вочы? Ці не аслеп я! Ці не чорт водзіць мяне ў лузе! — Янка весела перахрысціўся.— Што ж гэта значыць? — развёў ён рукамі і раптам ірвануўся да пляшкі.— Выпіць, выпіць за таго добрага чалавека, што падаў за бяздомных «агаркаў» голас у «Минском голосе»!

— Выпіць! — падтрымаў прыяцеля Андрэй.— А вось пра чарку мы забыліся. З чаго будзем піць?

— Як з чаго? Абыдземся без вяроўкі,— была б кароўка!

Янка перадаў пляшку Андрэю.

— Гарэлка твая і твая навіна! Благаславіся, ойча Андрэю! Палыкні! З горла ў горла!

Андрэй выбіў з пляшкі корак.

— Дык што, браце Янка: узрадуемся і ўзвесялімся. Няхай адступіцца ад нас ліха, а добра пачатае няхай дабром і скончыцца. Здароў будзь!

Гарэлка забулькала ў роце Лабановіча за частаколам зубоў. Добрую чарку ўліў ён у рот, глынуў.

— Столькі ж, браце, вазьмі і ты,— перадаў ён пляшку Янку і адмераў пазногцем на шкле, колькі таму належала выпіць.

Янка ўзяў пляшку, зірнуў у бок Панямоні і Стаўбуноў, потым павярнуўся тварам да Мікуціч, падняў вочы на Дзямянаў Гуз.

— Чуеце вы, мястэчкі і сяло, і ты, Дзямянаў Гуз, і вы, дарогі, па якіх мы хадзілі, ходзім і будзем хадзіць! Здаровы будзьце! Будзь здаровы і ты, добры чалавек, што закінуў за нас добрае слова ў «Минском голосе»! Няхай табе лёгка ікнецца ў гэты час!.. І ты, Нейгертава, будзь здарова!

Лабановіч пасміхнуўся. Янка глынуў у два захады сваю порцыю, крактануў, абцёр губы, пачухаў нос і заўважыў:

— Мусібыць, яшчэ вып’ем!

— Ды гарэлка яшчэ ёсць,— патрос Лабановіч пляшку.— Давай закусім!

Янка паглядзеў на пляшку, прыкінуў на вока, ці столькі ён выпіў, як было адмерана, і заявіў:

— Трошкі перабраў!.. Ведаеш, натура ўжо мая такая: пры рабоце не дабіраю меры, а пры выпіўцы — перабіраю!

— Ну, ты ўжо трохі клеплеш на сябе, Янка.

— Кляплю, бо мне весела, і гарэлка пачынае шаламіць.

Сябры сядзелі над ракою, пад кустом, закусвалі, жартавалі, прыкладаліся да пляшкі. А калі апаражнілі яе, Янка даў поўную волю сваім пачуццям.

— Ці ёсць на свеце такі вяльможа, якому я пазайздросціў бы сягоння! Ці ёсць такі замак або палац, якія памяняў бы я на гэты куст над Нёманам. Нічога падобнага няма! — Янка энергічна махнуў рукою.

— Адкуль жа ў цябе такое шчасце?

— З дзвюх крыніц: адна — артыкул, а другая — вось гэтая пляшка, на жаль, пустая.

— З пустой пляшкі можна зрабіць поўную. Але як жа ты ставішся да «Кудесника»? Якое, на тваё меркаванне, яго значэнне для нас?

— Ды гэта, браце, дождж у вялікую сухмень!..— выгукнуў Янка.— Ты вось паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Відаць, здарыўся і для нас нейкі спагадны паварот.

— Так прыблізна разважае і Косцік Балоціч. Ён сказаў нават болей: «Минский голос» для паліцэйскіх, для папоў і чыноўнікаў тое самае, што «сімвал веры» для прававерных хрысціян.

— Брава! — гукнуў Янка.

— Ведаеш, Янка,— павярнуў гутарку на другое Андрэй,— калі на тое пайшло, дык скокні да Моні — ён зараз жа тут за мостам, і вазьмі яшчэ кручок, тады я раскажу табе, як з’явіўся «Кудесник» у чарнасоценнай газеце і хто такі ён сам.

— На край свету пабягу дзеля гэтага!

Лабановіч хацеў даць грошы.

— Мая капейка таксама не шчарбатая,— адвёў руку прыяцеля Янка і памчаўся да Моні.

Пад тым жа лазовым кустом расказаў Лабановіч прыяцелю пра ўсе свае прыгоды — пра выгнанне з Вільні, пра візіт да рэдактара «Минского голоса» і пра вынік гэтага наведвання.

— Ведай, мой дружа Яне,— сказаў у заключэнне Андрэй.— Праўда, прыкрытая дзяружкаю, цікавей за голую праўду. І мне здаецца, што ты нават расчараваны гісторыяй «Кудесника». Наша рэпетыцыя не прапала дарма.

Янка сказаў у захапленні:

— «Кудесник», ты — хітры стары!



XXVII


Андрэй і Янка асталяваліся на няпэўны час у гумне дзядзькі Марціна. Гумно было прасторнае, і каб залажыць яго даверху збажыною і сенам, дык гэтага дабра хапіла б на такія тры гаспадаркі. У застаронні ляжала даволі ёмкая куча леташняй саломы, пагрызенай мышамі. Там, паслаўшы посцілкі і накрыўшыся даматканаю коўдраю, сябры спалі моцным сялянскім сном.

Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін: і над шырокімі варотамі і ўздоўж усяе страхі. З двух бакоў у шчытку былі нават парныя акенцы без шкла, праз якія ўляталі і выляталі ластаўкі: яны дужа любяць гняздзіцца ў гумнах. Трэба заўважыць, што гуменныя шчыліны, аднак, пакідалі з такім меркаваннем, каб не засякаў дождж, а зімою вецер не наганяў снегу.

Усходзіла сонца. Абуджалася ясная летняя раніца. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях.

— Трасцу што-небудзь падобнае бачыў калі цар,— сказаў, абудзіўшыся, Янка і залюбаваўся істужкамі яркіх праменняў, у якіх мітусіліся мільярды пылінак.— Ты чуеш, што я табе кажу? — спытаўся ён, не пачуўшы голасу прыяцеля.

Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крыльцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі.

— Вось ведаеш, Янка, я ніколі не бачыў, каб ластавачкі біліся паміж сабою,— заўважыў ён, прапусціўшы міма вушэй сябравы словы,— ён проста не чуў іх.

— Слаўныя птушэнцыі! — падхапіў Янка.— Калі яны пачнуць шчабятаць над гняздом, дык я прыгадваю маладзіц, што збяруцца часамі з вёдрамі каля калодзежа і на ўсе галасы разліваюцца, бо гэта ўжо іх такая патрэба.

У гумно даляталі і штодзённыя песні вясковай працы, і водгулле працоўнага сялянскага дня. Некалькі разоў бразнулі дзверы ў хаце, рыпнулі вароты ў хлеве — гэта маці пайшла даіць карову. Пасля зарыпеў журавель над калодзежам. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Потым пачуўся нездаволены голас Юзіка, другога Андрэевага брата: ён выганяў на пашу жывёлу, ды не даспаў, быў сярдзіты і сваю злосць спаганяў на каровах. Дзядзька Марцін спыніў Юзіка таксама сярдзітым вокрыкам:

— Што ты хвошчаш пугаю карову? Што яна табе зрабіла? Вось вазьму гэтую пугу ды пацягну па тваёй спіне.

Юзік маўчаў, покуль двор не застаўся ззаду, а тады агрызнуўся:

— Не дастанеш: рукі кароткія! А пуга — вось яна, у маіх руках.

— Глядзі, Дзюбок, каб яна не апынулася ў маіх!

Дзядзька Марцін сядзеў на плашцы і кляпаў касу.

Аднастайны стук малатка па жалезнай бабцы, забітай у калодку, уторыў ранішнім гукам, што разносіліся па двары. Да ўсіх ранейшых гукаў зараз далучаўся спеў гарластага пеўня.

Лабановіч успомніў, якая зараз гарачая пара: дзядзька Марцін ладзіў касу — надыходзіў час касьбы. Трэба было спяшацца, бо калі русінаўцы скосяць свае шнуры, дык яны адразу і коней пусцяць на пакошу. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Сумленне Лабановіча казала, што трэба памагчы Марціну.

Сябры моўчкі ляжалі. Кожны думаў сваё. І раптам Лабановіч перарваў маўчанне:

— Ведаеш, Янка, які афарызм скажу я табе?

— А-ну! — ажывіўся Янка, нібы прахапіўшыся.

— Усяму на свеце ёсць канец,— урачыста прамовіў Андрэй.

— Гэта праўда, як праўда і тое, што калі чалавек галодны, дык ён хоча есці,— падпусціў «жука» Янка.

— А калі праўда, дык годзе нам ляжаць. Давай падымацца!

— Падыманне не варта такога афарызма,— усё яшчэ жартаваў Янка, але вылез з-пад коўдры і сеў на саломе, сказаўшы: — І добра ж, брат, спаць тут! Не спіш, а боскае пітво п’еш!

— Гумно гэта — дача на дачы, рай, які не сніўся Адаму і Еве.

Сябры зараз жа адзеліся і пайшлі мыцца ў Нёман. На сцежцы, што была пратоптана каля гумна і вяла да ракі, сябры спыніліся і паздароўкаліся з дзядзькам Марцінам. Ён ссунуў з ілба на патыліцу «варшаўскую» шапку. Калісь Марцін насіў яе ў святочныя дні. Цяпер яна састарылася, страціла ранейшы панскі форс, форму і колер, але нават і ў такім выглядзе нагадвала шапкі, якія насілі фальваркоўцы.

— Ну, як спачывалі? — запытаў дзядзька прыяцеляў і смаркануў направа і налева, упёршыся кулаком спачатку ў адну ноздру, а потым у другую.

— Спалі як пшаніцу прадаўшы,— азваўся Янка.

Андрэй запытаў:

— Ёсць у дзядзькі запасныя косы?

— Чаму ж няма! Ёсць, і не адна.

— Дык наладзь іх харашэнька: пойдзем разам касіць. А русінаўцы няхай наматаюць сабе на вус: калі занадта ўлягуць у касьбу, то каб не былі ў іх пяты падрэзаны,— сказаў жартам Андрэй.

Дзядзька Марцін засмяяўся. Ён любіў Андрэя і як пляменніка і як выдатнага касца. І ён ведаў, што з такім памочнікам у хвасце не застанешся.

Досвіткам наступнага дня дзядзька Марцін і Андрэй, пабраўшы косы і прыхапіўшы малаток і бабку, пайшлі на касьбу ў Ёлава. Янка з Якубам павінны былі прынесці ім туды снеданне і ўзяць з сабою граблі: работы хопіць для ўсіх.

Андрэй з ранняга дзяцінства любіў Ёлава. Там было многа такіх магутных дубоў, што чатыры чалавекі ледзь-ледзь маглі абняць камель. Дубы пераважна стаялі над ракою, іх верхавіны чарнелі буслінымі гнёздамі. У глыбі лугу рос густы арэшнік, а Нёман так прыгожа павіваўся, утвараў такія лукі, што імі нельга было не залюбавацца.

У Ёлаве быў дужа добры луг, асабліва бліжэй да Нёмана. Луг і зямля, на якой знаходзілася сядзіба дзядзькі Марціна, належалі князю Радзівілу. Яе наўперад арандаваў Моўша Перац, які трымаў у Мікуцічах карчму. Калі Вітэ ўвёў манаполію на гарэлку, Моўша ліквідаваў свае справы і перабраўся ў Панямонь, а скарбовую зямлю заарандаваў дзядзька Марцін.

Ад хутарка дзядзькі Марціна да Ёлава лічылася чатыры вярсты. Нашы касцы прыйшлі на луг, калі з-за лесу ледзь-ледзь паказвалася сонца. Дзядзька Марцін не зводзіў часу. Ён убіў у дол касу, павесіў на кульку торбу, дзе ляжалі малаток і бабка, а сам пайшоў правяраць граніцы свайго шнура сенажаці. Агледзеў, ці на сваім месцы стаяць пáлі, а потым дробненькімі крокамі пайшоў ад пáлі да пáлі рабіць «брод», каб у часе касьбы не зрабіць перакосу. У людзей было так мала сенажаці, што яны калаціліся за кожную пядзю.

Дзядзька Марцін і Андрэй пастанавілі пачаць касьбу ад лесу, з нізіны, дзе луг быў перамешаны быдлячымі нагамі, сляды якіх заставаліся на доўгі час. У лагчыне дзе-нідзе было мокра, але затое і трава расла мяккая, хоць і нецікавая. Дзядзька Марцін правёў «брод» аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Гэты кавалак падзялілі на дзве часткі. Марцін узяў сабе горшую дзялянку. Намянцілі косы. Перш чым замахнуцца касою, дзядзька, не знімаючы шапкі, перахрысціўся і сказаў: «Госпадзі, благаславі!» Андрэй за гэты час управіўся спрытна махнуць касою разоў пару.

Трава была маладая, ранішняя раса рабіла яе вільготнаю і мяккаю. Добра наклёпаныя і наладжаныя косы толькі пасвіствалі. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы.

Касцы хоць і былі далекавата адзін ад другога, але стараліся ваўсю. Сонца паднялося ўгору і стала прыпякаць. Паскідалі шапкі. На лбе выступаў пот. Паскідалі і кашулі. Абодва былі мокрыя ад поту, але ніводзін не паддаваўся другому. Ужо заставаліся адны толькі шматкі няскошанай сенажаці, калі Андрэй, менцячы касу, заўважыў Янку, а з ім і Якуба. Углядацца доўга не было калі, бо дзядзька Марцін ужо дакошваў сваю дзялянку. Аднак Андрэй паспеў згледзець над галавой у Янкі сетку-таптуху, нібы шлем старадаўняга багатыра, і збан у руцэ, напэўна, з кіслым малаком — дзядзька Марцін любіў яго. Якуб нёс на плячах пару грабель, а ў руцэ ёмкую торбу з лігомінай, як называлі па-плытніцку харчы. Андрэй і сам не ведаў, чаму яму раптам стала весела.

Хвілін праз дзесяць грабцы падышлі да дзядзькі Марціна.

— Вось якраз у самы час прыйшлі. Малайцы, хлопцы!

Марцін падаўся разам з хлопцамі да Андрэя, які дабіваў астатні пракос. Дзядзька весела сказаў:

— Касі, каса, пакуль раса, раса далоў, касец дамоў!

Усёю грамадою, касцы і грабцы, падаліся пад дуб на бераг Нёмана.

— Вось добра, што ўзялі з сабою сетку! Дай, Божа, здароўя таму, у чыю галаву прыйшла такая выдатная думка,— азваўся Андрэй.

— Гэта Якуб распарадзіўся,— сказаў Янка.

— Якуб — золата, а не хлопец! — сказаў Андрэй.

Дзядзька Марцін дадаў:

— Вы яшчэ не ведаеце, што за галава на Якубавых плячах.

Марцін і сам быў рады, што Якуб дагадаўся захапіць сетку.



XXVIII


Для Якуба самаю вясёлаю і радаснаю парою года быў час сенакосу. Дый дзе столькі разгону для твае жвавасці, для твайго спрыту, для тваіх забавак, як не на касьбе! І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Чаго варты пахучыя хвалі скошанай і прывяўшай травы! Ды не аднымі забаўкамі захапляўся малы Якуб: якіх толькі відовішчаў не сустрэнеш на сенажаці! Работа захапляе цябе ўсяго з галавы да пят.

Якуб пільна прыглядаўся, як спрытна валодае касою дзядзька Марцін. Для хлопца гэта быў лепшы ў свеце касец. Цэлыя гадзіны сядзеў ён каля Марціна, калі той кляпаў касу, і не прапускаў ніводнага дзядзькавага руху. Дзядзька Марцін не заўсёды дагадваўся, што за ім сочыць так уважліва вока пляменніка. Неспадзявана Якуб часамі даваў такія гаспадарчыя дарады, што дзядзька толькі здзіўляўся. Часамі ў гэтакіх выпадках ён абнімаў пляменніка, цалаваў ды казаў:

— Ты, брат Якуб, залаты чалавек, і галава твая светлая.

Пакуль дзядзька Марцін і Андрэй падмацоўваліся пад дубам, які стаяў якраз на іх шнуры, Якуб не чакаў загаду, што трэба рабіць. Ён даў Янку граблі, а другія ўзяў сам.

— Пойдзем выграбаць сена з лагчыны і пазносім яго на груд; там яно бадай што да вечара высахне.

Янка не пярэчыў Якубу, бо той гаварыў праўду. Сушэйшага мурагу яны прынеслі па пярэберычу пад дуб: пасля падмацавання захочацца паляжаць на сене ў цяньку. Сам Янка не дагадаўся б зрабіць гэтага, у чым потым і прызнаўся.

Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам кулём угору. Дзядзька Марцін вельмі любіў лавіць рыбу наогул. А тут і месца добрае, і ніхто з рыбакоў яшчэ не патрывожыў прыбярэжных заток. Аб рыбе таксама думалі Андрэй і Якуб. Але ў першую чаргу трэба падагнаць работу. Адзін толькі Янка заставаўся абыякавым у дачыненні рыбы: ён не пазнаў яшчэ асалоды ў лоўлі сеткаю-таптухаю.

Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэблена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Другі шнур таксама быў скошан на вялікае задавальненне дзядзькі Марціна. Яшчэ дзень-другі пагоды — і сена будзе прыбрана з лугу і звезена ў гумно.

— Ну, як, хлопцы, пройдземся каля беражкоў з сеткаю? — весела запытаў Марцін сваю рабочую грамаду.

— Цяпер самы час паплюхацца,— стала прамовіў Якуб.

— Даўно пара,— падтрымаў яго Андрэй.

— Ну, то давайце пачнем! Ты, Якубок, будзеш насіць тытун і скручваць нам цыгаркі, бо калі ловіш рыбу, дык асабліва хочацца курыць.

— І асабліва тады, калі яна ловіцца,— заўважыў Андрэй.

Дзядзька аддаваў далейшую каманду:

— А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыйдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам,— зрабіў агаворку Марцін,— а з вока спускаць не трэба.

— Рад служыць агульнай справе! — як салдат, азваўся Янка.

Дзядзька Марцін узяў сетку і першы спусціўся ў Нёман. За ім падаўся і Андрэй. Абодва былі голыя, толькі ў адных шапках. Лазіць голаму па вадзе, па жорсткай траве — не дужа прыемная рэч. Зусім іншая справа была б, каб надзець рыбацкую адзежу. Але яе не ўзялі, бо нязручна было несці ўсё разам.

— Вось давай, брат, патрасём гэту завоінку,— сказаў Марцін.

Завоінай называлася паласа стаячай вады пры беразе. Звычайна яна зарастала розным зеллем, лотаццю, макрыцай, сітняком. З самага дна падымалася доўгая, на ўсю глыбіню, трава, нібы тонкія ніці. Выбіўшыся на паверхню, яна рассцілала на вадзе акруглыя белаватыя лісцікі. Трапляліся часамі пры беразе чароты і аер. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў.

У рыбацкай справе вёў рэй дзядзька Марцін, як самы сталы і спрактыкаваны па часці лоўлі рыбы. Ён узяўся за адзін бераг абруча сеткі, а памочнік яго — за другі, і абодва ціхенька-ціхенька пачалі выкрадацца да берага. Сетку лёгенька вялі бліжэй да берага ў вадзе. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку.

Дзядзька выбіраў месца, дзе магло што-небудзь злавіцца, і каманду свайму памочніку падаваў шэптам:

— Асцярожней, асцярожней! Ну, спускай сетку на дно ціхенька-ціхутка ды глядзі, каб яна не завісала на корані або на купіне, бо рыба пад ніз пойдзе. Ну, стаўляй!

Сетку шчыльна ставілі на дно ў адпаведным месцы. Андрэй стаяў нерухома каля краю сеткі, пакуль дзядзька Марцін, трымаючыся за абруч з процілеглага боку, не заносіў як мага далей нагу і не «замельваў» ёю, паволі гонячы рыбу. Калі такі рух быў зроблены, таксама заносіў нагу і боўтаў Андрэй, каб рыба не заставалася пры беразе. Тады ўдвух падымалі сетку, прычым падымаць трэба было хутка. Так адбываўся першы зачын.

Раптам пры першым зачыне, калі паднялі сетку, з куля бухнуў здаравенны шчупак, высока падскочыў угору, апісаў у паветры дугу і вось-вось быў гатовы пляснуцца ў ваду! Дзядзька Марцін рвануўся, як тыгр, і падставіў сетку, каб падхапіць яго. Збегліся Якуб, вартаўнік Янка. І якая гэта была агульная радасць, калі шчупак фунтаў з пяць пачаў біцца ў кулі сеткі!

— Не, брат, дудкі! — урачыста прамовіў Марцін.

Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Ладны шчупак, яшчэ, можа, большы, чым здалося адразу, доўга трапятаўся, падскокваў угору, пакуль не аслабеў.

— Ну і спрытняк вы, дзядзька Марцін! Каб не вы, плаваў бы шчупак у Нёмане! — у шчырым захапленні казаў Янка.

— Гэта, брат, рэдкі выпадак, проста пашанцавала,— заўважыў Марцін.— Але калі яму прызначана трапіць у гаршчок або на патэльню, дык тут ужо нічога не папішаш.— Дзядзька Марцін рэдка калі дазваляў сабе выхваляцца спрытам, хоць і быў чалавек дасціпны і спрытны. I ўсё ж пышны вус Марціна стаяў яшчэ доўгі час на пазіцыі шчаслівай усмешкі.

— Так, брат, і я зраблюся хутка рыбаком,— сказаў Янка.

Выпадак са шчупаком прынёс многа вясёлага ажыўлення. Дзядзька Марцін і Андрэй зараз жа зноў палезлі ў Нёман. Сонца яшчэ не зайшло, але яго вялізны чырвоны круг ужо апускаўся на паверхню зямлі. Завоіна ж была амаль уся наперадзе. Рыбакі яшчэ больш асцярожна пасоўваліся ўздоўж берага. Шапталіся, ставілі сетку і падымалі яе. Дзядзька Марцін ціха гаварыў Андрэю:

— Калі пачуеш, як у сетку таўхане што, дык хватай угору: гэта напэўна будзе шчупак.

Амаль у кожны заход траплялася сякая-такая дробная рыбка. Пападалася і ніштаватая. Трывогі рыбакам і наглядальнікам нагнаў язь. Праўда, ён быў фунты два, а лопату ў сетцы нарабіў фунтаў на чатыры. І тым не меней усе былі задаволены, тым болей што, апроч язя, у сетцы плюхаліся ніштаватыя ляшчы. Часта трапляліся плоткі, акуні, яльцы. Укаціўся ў сетку малавёрткі мянтуз і адзін дужа паважны і гультаяваты лінь. Ён ляжаў у сетцы так спакойна, што дзядзька Марцін спачатку не заўважыў і ледзь быў не выкінуў яго ў ваду.

Надыходзіў вечар, змяркалася. Трэба было вылазіць з вады, але Марцін, што б там ні стала, захацеў яшчэ раз паставіць сетку каля купінкі аеру. Прылаўчаліся доўга, асцярожна. Нарэшце дзядзька мяльнуў нагою. Патапталіся трохі. Марцін з вялікаю надзеяй падняў сетку. Рыбы не было, затое паважна сядзела дзябёлая зялёная жаба і са здзіўленнем пазірала на незнаёмую абстаноўку. Якуб так і паехаў са смеху.

— Злавілі плотку, што не лезе ў глотку! — рагатаў ён.

Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань на чыстай бягучай вадзе.

Рыбакі старанна вымыліся і палезлі на бераг адзявацца і падлічваць трафеі. Лоўля аказалася болей чым удачная. Дзядзьку ж Марціну прыйшла думка — буйнейшую рыбу занесці заўтра раненька або яшчэ лепей сягоння ў Панямонь. А заўтра якраз пятніца, вечарам заходзіць яўрэйскае свята — шабас. У такі час на рыбу надзвычайна вялікі попыт. Дзядзькаву думку падтрымалі. Дома рыбу перабралі. Драбнейшую пакінулі сабе, адборную ж Андрэй і Янка патарабанілі ў Панямонь. За парогам Янка сказаў:

— Плакаў, плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць, пачало шанцаваць.

— Мы трапілі ў добры струмень,— згадзіўся Лабановіч.— А што прынясе заўтрашні дзень, няхай яно таксама будзе радасным.

— Добра на лузе ў час сенакосу,— прызнаўся Янка.



XXIX


Часамі, як кажуць, чалавек трапляе ў шчаслівы струмень, што так лагодненька носіць цябе па хвалях жыцця. І ты моцна жадаеш, каб гэты струмень як мага даўжэй калыхаў і песціў, гойдаў цябе, нідзе не страсянуўшы, не падкінуўшы на выбоіне. Але так бывае вельмі рэдка і вельмі нядоўга. Струмень твой раптам расплывецца, развеецца, як лёгкі ранішні туман, і ты застанешся пры тым жа старым, разбітым карыце.

Андрэй і Янка захапіліся рыбацтвам. Ім спачатку шчасціла. На рыбе яны трохі падмацаваліся. Янка гаварыў часамі:

— Чорт яе бяры, настаўніцкую службу! Перавяду стрэлкі на рыбацтва!

Янка нават марыў набыць другую таптуху, бо калі адною сеткаю яны ў сярэднім лавілі па дзесяць фунтаў, дык у дзве зловяць паўпуда.

Андрэй з гэтай прычыны сказаў Янку:

— Аднойчы ішоў я праз мост у Панямонь. Пад мостам ляжала старое рэчышча — нямнішча, заросшае лотаццю і рознаю травою. Там было мелка і гразка. У гэтай азярыне тапталася з брадніком чарада жанчын. Калі яны захоплівалі рыбу, дык шумелі, крычалі, лямантавалі. Адна ўжо немаладая панямонская кабета, трымаючы ў зубах і смокчучы, як суслу, ёмкую папяросу, з захапленнем казала: «Вось налаўлю рыбы і, далібог, куплю каня!» Дык ці не падобен і ты да той жанчыны?

— І нашто ж ты разбіваеш мае, можа, самыя лепшыя мары? Няўжо ж чалавек не мае права хоць у думках пабыць шчаслівым? — сказаў Янка.

— І тая жанчына была шчаслівая ў сваіх думках; а вось ці купіла яна каня за налоўленую рыбу, не ведаю. Напэўна — не.

Касьба, шчаслівая пара, тым часам скончылася. Дзядзька Марцін сказаў аднойчы Андрэю:

— Сёлета з сенам у нас, браце, скупавата. Прыйдзецца цялушачку прадаць. А шкада! Удалая цялушка.

Андрэй адказаў:

— Ведаеш, дзядзька, а што, калі ўзараць кавалак поплаву каля агарода, дзе капуста, ды засеяць аўсом з вікаю, прыцярушыўшы гноем.

Дзядзька Марцін задумаўся.

— А што ты думаў? — сказаў ён.

Думка гэтая яму спадабалася.

Назаўтра Андрэй з Янкам, прыйшоўшы з рыбы, убачылі завораны поплаў, старанна выбаранаваны і нават прыгладжаны валікам. Андрэй употайку насіў на засеяную мясціну попел і не шкадуючы рассяваў яго, пакуль не пабачыў, як густа і зелена ўсходзілі авёс і віка.

Яшчэ ў часе касавіцы да Лабановіча прыйшло пісьмо ад Райскага, сакратара неіснуючага настаўніцкага бюро. Ён у вялікім захапленні пісаў: «Ці ведаеш, старына, якая важная навіна? І хто б мог паверыць! Шмідт, рэдактар «Минского голоса», адвёў месца ў сваёй газеце для артыкула аб нашым няўдачным сходзе, бярэ нас пад абарону! Што ж гэта ў лесе здохла? Вось табе і Шмідт! Выходзіць, калі не родны, дык хросны бацька!»

Андрэй і Янка весела пасмейваліся, чытаючы гэтае пісьмо, але раскрываць тайну з’яўлення артыкула палічылі непатрэбным і нават шкодным. Яны напісалі Райскаму, шмат выказвалі радасці, надзей на шчаслівы канец і накідаліся на нікчэмства ўсяе чыноўніцкай тармасні вакол настаўніцкага сходу. І ўсё ж такі дадалі евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: «Бойся Усявышняга і не гавары лішняга».

І вось тут шчаслівы струмень перастаў іскрыцца і насіць прыяцеляў па лагодных хвалях.

Новы панямонскі ўраднік — Кашчэй, відаць, падаўся ў адстаўку — прыехаў на добрым кані і на фарсістай брычцы на хутарок, дзе жылі Янка і Андрэй. Ураднік саскочыў з брычкі, прывязаў каня, а сам падаўся ў двор. Сябры сустрэлі яго каля весніц.

— Заходзьце, калі ласка,— сказаў Андрэй.

Ураднік паздароўкаўся, нават узяў пад казырок і паціснуў прыяцелям рукі.

— Ставоліч,— назваў ён сябе.— Вы мяне прабачце, але служба ёсць служба... Хто Андрэй Лабановіч? — запытаў ён, быстра акінуўшы позіркам сяброў.

— Я! — сказаў Лабановіч.

Ставоліч выняў з партфеля, такога ж фарсістага, як і сам ураднік, пакет з паважнаю пячаццю мінскага жандарскага кіраўніцтва.

— Папрашу вас распісацца,— сказаў Ставоліч, паказваючы ў спісе месца для подпісу.

Лабановіч распісаўся. Ураднік развітаўся, зноў узяўшы пад казырок, сеў у брычку і паехаў. Калі брычка схавалася на паваротцы за пышнымі кустамі ялоўцу, Лабановіч акуратненька абарваў вузенькую палоску з пакета. Янка стаяў і недаўменна пазіраў на Андрэя. Янку на момант пачулася, што між імі хтось праводзіць мяжу.

— Што піша ротмістр?

Замест адказу Андрэй перадаў Янку паперу. На адной лініі з подпісам ротмістра была прыбіта пячаць.

Жандарскі ротмістр пісаў:

«Гэтым прадпісваецца вам 12 жніўня 1907 г. з’явіцца ў г. Мінск, Падгорная, 16, для дачы паказання па справе настаўніцкага сходу, які адбыўся ў с. Мікуцічы 9 ліпеня 1906 г. У выпадку няяўкі вы будзеце арыштаваны і дастаўлены па этапу».

Подпіс быў невыразны: можна было чытаць і Салтанаў, і як Салтысанаў.

Сябры моўчкі пераглянуліся.

— А чаму ж не прывезлі пакета і мне? — крыху разгублена запытаў Янка. І выгляд меў такі, нібы яго пакрыўдзілі.

Андрэй ускінуў плячамі і рукі развёў, што азначала: «Не ведаю».

— Я толькі абегла заўважыў у спісе, дзе распісваюцца ў атрыманні пакетаў, сваё прозвішча, прозвішча Уладзіка Сальвэсева і нейкага незнаёмага мне Тургая. Болей нічога не было там.

Янка ў сваю чаргу паціснуў плячамі і ў поўным неўразуменні прамовіў:

— Дык што ж гэта значыць?

Лабановічу лезлі ў галаву розныя думкі, дагадкі, прыпушчэнні. Але перш чым выказаць іх, трэба было перадумаць, узважыць і ўжо тады гаварыць.

Каб развесяліць Янку, Андрэй расказаў пра адзін выпадак, які нібы меў месца ў практыцы студэнтаў. Прафесар на лекцыі паставіў нейкі дослед. Пасля гэтага, упэўнены, што апарат усё паказвае як належыць, урачыста запытаў: «І што ж мы бачым?» У апараце нічога не было відаць. Тады прафесар сказаў: «Мы бачым, што мы нічога не бачым, а чаму нічога не бачым, мы зараз пабачым». Дык і я магу сказаць,— дадаў Андрэй,— нічога невядома. А чаму невядома? А таму, што нічога невядома. Пасля допыту буду ведаць.— А потым прыняў паставу артыста на эстрадзе і прадэкламаваў, па-акторску падняўшы руку:


Кто снидет в глубину морскую,

Покрытую недвижно льдом?

Кто испытующим умом

Проникнет в бездну роковую

Души... жандармской?


«Жандармской» Андрэй ужыў замест «коварной».

— Ніякай загадкавай тайны няма ў жандарскай душы, бо яна голая, як калена, без ніводнага валаска. Уся ж сутнасць жандарская месціцца ў словах: «ташчыць і не пушчаць»,— сказаў Янка.

Андрэй палажыў руку на плячо Янку і прамовіў евангельска-царкоўным тонам:

— Няма нічога патайнага, што не стала б яўным, як казаў калісь дзяк Бацяноўскі. Пачакаю трохі: да дванаццатага жніўня застаецца не так ужо многа. А можа, і да гэтага часу што-небудзь адслоніцца.

— Эх, прападзі яны пропадам! І пажыць спакойна не даюць. А жылі мы з табою, як рыбка з вадою. І яшчэ можна было б палавіць — надвор’е, глядзі, якое добрае!

— Дык што ж? Давай апранёмся ў рыбацкую адзежу ды пойдзем патрасём азярыны.

Гутарка спынілася: падыходзіла Андрэева маці.

— Скажы, сынок, чаго прыязджаў ураднік? — запытала яна.— Які пакет ён табе прывёз?

— Ды ты, мама, не трывожся: проста трэба праз нейкі тыдзень заявіцца да прыстава: я ж пад наглядам паліцыі. Баіцца, каб не збег куды.

Маці ўздыхнула, нічога не сказала і пайшла пыніць сваю работу. Яна зусім заспакоілася, калі хлопцы апранулі рыбацкую адзежу і падаліся ў бок Нёмана.

— Ведаеш што? — сказаў Янка.— Калі будзе багаты наш улоў, дык гэта будзе азначаць, што нічога благога не здарыцца з табою ў жандарскага ротмістра.

— У пэўныя хвіліны мы любім цешыць сябе ўсялякім глупствам,— адказаў Андрэй.



XXX


Непрыметна праходзіў час.

Амаль кожны дзень Андрэй праводзіў у полі, вязаў ячмень, авёс, памагаў дзядзьку Марціну звозіць збажыну і складаць у гумне. Кожную раніцу або ў іншы вольны час зазіраў ён і на ўзораны поплаў. Авёс і віка раслі так буйна, што люба было паглядзець. Нават людзі, праходзячы ўскрай Нёмана, зварочвалі з дарогі, каб палюбавацца, як пышна і дружна падымаецца рунь, і самі сабе ківалі галовамі.

— Вось табе і сіняпёс! А такога аўса з вікаю і ў панскіх дварах не знойдзеш.

— А гэта, кажуць, Андрэй дарадзіў Марціну пасеяць тут авёс з вікаю. І падгнаілі пасеў дый попелам папасыпалі,— не без зайздрасці гаварылі людзі з Мікуціч.— На ўсё ўмельства трэба і практыка,— дадавалі яны глыбакадумна.

Сам дзядзька Марцін сяды-тады наведваўся на паплавец. Калі ён пазіраў на гонкі рост свайго засеву, дык дзядзькаў твар свяціўся, як месяц у поўню, а пышны вус сам сабою ставіўся на пазіцыю задавалення.

Кожную раніцу на досвітку, калі пачалі расці баравікі, Андрэй, захапіўшы кош, бег у хвайнякі па грыбы. Для яго не было болей прыемнага занятку, як хадзіць па баравінах і шукаць баравікі. Нідзе не было іх так многа, як у мікуціцкіх баравінах. Ды што за баравікі! А якое чыстае і звонкае паветра ў летнюю раніцу! Гукнеш, дык здаецца, што хвойкі пераклікаюцца адна з другою і кожная падае свой голас. А якая радасць для сапраўднага грыбніка, калі насунешся на мнагалікую сям’ю рознага ўзросту чорных, з адценнем срэбранага налёту на маладых пругкіх шапках, ладных, ні з чым не параўнаных баравікоў! Усё тады забываеш на свеце, нават жандарскага ротмістра.

У Янкі не было ахвоты цягацца з кашом па хвайняках, ён слаба арыентаваўся ў лесе дый вочы меў блізарукія. А таму ён лічыў за лепшае паспаць або проста паляжаць на свежым пахучым сене, падумаць ды паразважаць. Калі ж Янка перабіраўся ў свет сваіх мар, сваіх запаветных думак, тады ён быў да ўсяго глухі і нямы. Аб чым ён толькі не думаў, не марыў! Але гэта было святая святых, аб гэтым ён нікому не расказваў, нават Андрэю. Дый расказваць было трудна: хіба можна выказаць у словах тыя няўлоўныя лятункі і пачуцці, што напаўнялі яго сэрца і розум? Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць, і нічога ад іх не застанецца.

Адзін раз Андрэй, назбіраўшы поўны, пад самую ручку, кош дасканалых баравікоў, зайшоў па дарозе ў гумно праверыць — там Янка ці пацягнуўся куды. Прыяцель ляжаў на свежым пахучым сене.

— Янка, ты тут?

— Тут, браце,— азваўся Янка.

— Што ж ты качаешся, абібок ты! — па-прыяцельску папікнуў Андрэй.— Злазь, купацца пойдзем!

Янка борздзенька нацягнуў майткі і верхнюю кашулю, хадакі ўзяў у руку і спусціў на ток.

— Хоць бы ты пайшоў палавіў рыбы вудаю.

— Дай ты свет! — махнуў рукою Янка.— Тфу! Тфу! — плюнуў ён два разы.

— Што з табою здарылася? — запытаў Андрэй.

— Тфу! — плюнуў яшчэ раз Янка. Не відаць было, каб ён быў хворы. — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце.

— Што ж ты сніў?

— Сніў, браце, што хадзіў па лузе, збіраў горкі чэмер і еў.

Нельга было без смеху глядзець на Янкаву скрыўленую міну. Лабановіч аж клаўся са смеху, слухаючы прыгоды, што прысніліся яго прыяцелю.

— Можна сказаць, сон біблейскі.

Раздзеўшыся, Янка кінуўся ў Нёман, плыў, набіраў у рот ваду, паласкаў рот і адплёўваўся.

— Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон.

— Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго,— жартаваў Янка. А потым павярнуўся да Андрэя і сказаў:— А можа, і сапраўды пабагацею... Ведаеш, мой дзядзька Сымон, настаўнік Якшыцкай школы, прыслаў пісьмо, каб я прыехаў да яго. Кажа, добры заработак ёсць.

— Вось бачыш: сон табе ў руку. А калі атрымаў ты пісьмо?

— Нядаўна Якуб прынёс, пераслалі з Мікуціч. Як ты мне раіш, ехаць ці не ехаць?

— А чаму ж не паехаць? Вазьмі толькі дазвол ад паліцыі.

Праз дзень Янка сабраўся ў дарогу, а яшчэ праз дзень маці, дзядзька Марцін, Якуб з сёстрамі праводзілі і Андрэя за вароты двара. Дзядзька хацеў завезці яго да станцыі на падводзе. Андрэй катэгарычна адмовіўся.

— Не ўсё яшчэ сабрана з поля, нашто марнаваць час?

Маці доўга стаяла каля весніц і глядзела ўслед. У яе сэрцы была крыўда: Янка паехаў у вёску да дзядзькі на нейкія заработкі. А чаго ж Андрэя цягнуць у Мінск? Не на добрае гэта. Яна стаяла, пакуль Андрэй не перайшоў Сярэднюю гару і не знік з вачэй.

Нярадасна было на сэрцы і ў Лабановіча. Па-першае, яму шкада было пакідаць дом і родных. Ён ведаў, як смуткуе па ім маці і ўсе блізкія. Па-другое, непакоіла таксама і думка, чаму толькі яго і Уладзіка з усёй настаўніцкай грамады выклікаюць да жандарскага ротмістра? Гэты неспакой яшчэ болей павялічыўся, калі Андрэй даведаўся на станцыі Стаўбуны ад аднаго знаёмага аб тым, што Уладзіка Сальвэсева пасадзілі ў бабруйскую турму. Арыштавалі нібыта за пашырэнне пракламацый і нелегальнай літаратуры. А якая ж прычына для таго, каб выклікаць яго, Лабановіча? Можа, супрацоўніцтва ў беларускай газеце?

Дарога трохі заспакоіла. Лабановіч спакваля звыкаўся і з самою думкаю аб допыце ў жандарскага ротмістра. Цешыла яго і тое, што дзядзька Марцін і сям’я не будуць сядзець галоднымі, бо з поля ўсё сабралі. Нават і цялушачкі не прыйдзецца прадаваць. З такімі думкамі ехаў Андрэй у Мінск.

На Падгорнай вуліцы тагачаснага Мінска было болей дзервяных дамоў, чым цагляных. Домік, у якім змяшчалася канцылярыя і кватэра жандарскага ротмістра, стаяў ў глыбі двара. Накрыты, прасторны ганак-веранда амаль губляўся ў густой зелені дзікага вінаграду. На сцяне, на відным месцы, была прыбіта пафарбаваная бляшаная дошка з выразным нумарам дома. Разглядаючыся, Андрэй ціха ўзышоў на абвіты зелянінай ганак. Збоку на сцяне, пры ўваходзе ў жандарскае котлішча, вісела на тоўстым дроце ручка званка. Лабановіч пастаяў трохі, паразважаў, зірнуў на гадзіннік. Была палавіна адзінаццатай, час, калі чыноўнікі сядзяць ужо за сваімі сталамі. Лабановіч пацягнуў за ручку і стаў прыслухоўвацца. Неўзабаве пачуліся павольныя цяжкія крокі. Дзверы адчыніў здаравенны жандарскі вахмістр. Ён акінуў Лабановіча пранізлівымі сярдзітымі вачамі і сурова запытаў:

— Вам што трэба?

Лабановіч моўчкі падаў яму выклік да ротмістра з такім выглядам, нібы і сам ён — важная асоба. Вахмістр узяў пакет, паглядзеў на яго, потым на Лабановіча і яшчэ болей сурова буркнуў:

— Заходзьце!

Ён правёў Лабановіча ў прыёмную, паказаў на жорсткую дзервяную канапу.

— Чакайце тут! — а сам падаўся кудысьці ў глыб дома.

«Відаць, спіць або снедае»,— падумаў Лабановіч. Але хвілін праз пяць здалёку пачуўся звон шпораў, і зараз жа ўвайшоў ротмістр. Не прывітаўшыся, ён адчыніў свой кабінет і, кіўнуўшы галавою ў бок дзвярэй, спакойна сказаў:

— Ступайце за мною!

Ротмістр пайшоў паперадзе, за ім Лабановіч, а вахмістр замыкаў працэсію.

Ротмістр сеў за стол у крэсла. Цяпер Лабановіч разгледзеў яго зблізку. Гэта быў чалавек сярэдняга росту, яшчэ малады, шыракаплечы, акуратна апрануты ў форму афіцэра царскай арміі. Твар у яго быў прыгожы і нават сімпатычны. У кожным руху заўважалася ваенная выпраўка. Ён паказаў Лабановічу рукою на крэсла каля стала, а сам адамкнуў скрынку, дастаў даволі ёмкую папку, дзе ляжалі розныя паперы і дакументы. Знайшоўшы рукапісны аркуш, ён палажыў яго перад Лабановічам.

— Тут запісана паказанне аднаго з вашых калег. Можаце азнаёміцца з ім.— Затым ротмістр дастаў са стала аркуш чыстай паперы.— Напішыце коратка аб вашым удзеле ў настаўніцкім сходзе, што гэта быў за сход? Пастарайцеся ўкласціся ў адну гадзіну. Зможаце?

— Пастараюся.

Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю.

Перш чым брацца за справу, Лабановіч узяў «паказанне аднаго з калег». Уладзік Сальвэсеў пісаў па тым плане, што быў выпрацаваны Лабановічам і Янкам.

Прыём і паводзіны ротмістра дужа здзівілі Андрэя. Жандарскі вахмістр таксама выйшаў з кабінета, і Андрэй застаўся зусім адзін. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. «Напэўна, за мною сочаць з патайнога кутка. Трэба быць асцярожным».

Вызначаны тэрмін яшчэ далёка не сышоў, а сваё паказанне Андрэй напісаў, і напісаў акуратна. Пасля гэтага ён стаў разглядаць кабінет, не сыходзячы з месца. На пярэднім плане вісеў партрэт Мікалашкі Другога і яго царыцы. І болей нічога не было на сценах.

Заставалася ўжо мала часу да канца тэрміну. «Што ж далей будзе?» — гэта непакоіла Андрэя. Роўна праз гадзіну прыйшоў ротмістр. Відаць, ён падмацоўваўся — ад яго патыхала каньячком.

— Ну, што? — запытаў ён, сеўшы ў крэсла.

Лабановіч падаў аркуш моўчкі. «Чым меней гаварыць, тым лепей»,— зазначыў у думках Андрэй.

Ротмістр пільна прыглядаўся да напісанага. Здавалася, яго болей цікавіў почырк, чым змест.

— А прыгожы ў вас почырк,— сказаў ён.

— Настаўніку ўжо так паложана.

Ротмістр адамкнуў скрынку стала, узяў нейкі рукапісны аркуш, паўглядаўся, перавёў вочы на запіс Лабановіча, затым і на яго самога. Ротмістр пасміхнуўся і прамовіў:

— Я не прарок, а магу вам сказаць, што ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці... Можаце быць свабодным.— І ротмістр кіўнуў галавою, даючы знак, што Лабановіч можа ісці.



XXXI


Апынуўшыся на вуліцы і пераканаўшыся, што ззаду жандараў не відаць, Лабановіч адчуў сябе так, як бы з яго плячэй зваліўся цяжкі камень і сам ён другі раз нарадзіўся на свет. Усе страхі, што варушыліся ў свядомасці, развеяліся і расплыліся, як хмары ў сухмень. Але на змену страхам прыйшло пытанне: чаму жандарскі ротмістр так уважна ўглядаўся ў характар рукі Лабановіча? Праўда, гэта магла быць проста выпадковасць, тым болей што ён і ад сяброў чуў пра свой прыгожы почырк. І ўсё ж на гэтае пытанне дакладнага адказу не знаходзілася. Але ўжо добра адно тое, што ён вольна ходзіць па вуліцы, зліваецца з людзьмі, што шнуруюць туды і сюды па тратуарах. Як бы добра было пагутарыць зараз з Янкам! Ды Янка далёка, жыве дзесь на рэчцы Беразіне ў дзядзькі.

Болей блізкага знаёмага, як Балоціч, у Андрэя тут не было. Хвілін праз дзесяць ён пераступіў парог чысценькай кватэры былога сябра.

— А, гэта ты, крамольнік! Ну, рады бачыць цябе.— Такімі словамі, аздобленымі жартам, сустрэў Балоціч Андрэя.— Сядай! — сказаў ён госцю.— А ці ж скора вас будуць судзіць?

Пытанне, як і ўсе паводзіны Балоціча, не спадабалася Андрэю. Не падабалася яму прылізанасць і кватэры, і самога гаспадара яе, і падкрэслены парадак ва ўсім.

— Пра суд нам стане ведама тады, калі ўручаць павесткі. Хіба, можа, ты што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы,— даволі суха адказаў Лабановіч.

— А ты ўжо і надзьмуўся! — заўважыў Балоціч.— У «вышэйшых сферах», як ты кажаш, я не бываю. Дый само разуменне «вышэйшыя сферы» неакрэсленае. А вось ад пісарчука аднаго — не ведаю, з якіх ён... «сфераў»,— я чуў, што ўся ваша справа, дарэчы сказаць, бязглуздая, пойдзе на скасаванне.

— Што ты кажаш?

— Тое, што ты чуеш.

— Каб справа пайшла на скасаванне, гэта было б вельмі добра. Але чаму ж мяне выклікалі да жандарскага ротмістра для дачы паказання? Вось толькі што вырваўся адтуль!

Балоціч ускінуў плячамі.

— А пра што ў цябе дапытвалі?

— Па сутнасці, і допыту ніякага не было. Сказаў жандарскі ротмістр напісаць, як праходзіў настаўніцкі сход і што там было. І нават дазволіў пацікавіцца, што паказвалі мае сябры, даў мне цэлую бібулу папер.

Лабановіч расказаў, як ротмістр хваліў характар пісьма паддопытнага.

— Што ж, можа, мяркуе ўзяць у справаводы цябе,— заўважыў Балоціч.

— Эх, брат Балоціч! Табе смешкі ды жарты. Каб ты быў на маім месцы, так лёгка я не паставіўся б да цябе. І скажы, чаму наш сход называеш ты бязглуздзіцаю?

— Ды вельмі проста, у ім няма ніякага сэнсу.

— Чаму?

Балоціч іранічна пасміхнуўся, а потым ужо сур’ёзна, нават злосна адказаў:

— Дзяржаўны лад мануліся разбурыць, цара скінуць і замест аднаго паставіць тысячы цароў у асобе розных камітэтаў, муніцыпалітэтаў, камун, сябрын... І гэта ваша народапраўства?! Моські вы, што брэшаце на слана!

Лабановіч паглядзеў на Балоціча, як бы не даючы веры, што перад ім былы таварыш. Стрымліваючы вострую ўспышку абурэння, ён спакойна і з адценнем суму сказаў:

— Эх, Косцік! Як моцна засеў у цябе князь Мяшчэрскі і ўся закваска чыноўніцка-папоўскай семінарыі! Як усё перамяшалася ў тваёй галаве!

— Не ведаю, у каго болей перамяшалася,— агрызнуўся Балоціч. Відаць, ён быў не ў гуморы.

— Не будзем спрачацца, у чыёй галаве большая мешаніна,— спакойна адказаў Андрэй,— але нашто гаварыць тое, чаго ты не ведаеш і не разумееш? Пэўна ж, лягчэй, зручней і выгадней спяваць: «Боже, царя храни», чым заступацца за абяздоленых, галодных людзей і мець за гэта штурхялі жандараў і паліцыі ды косыя погляды чарнасоценцаў усіх масцей.

— Даволі я наслухаўся ўсякіх агітатараў і начытаўся розных пракламацый, дык ты мне такіх песень не спявай,— перапыніў Андрэя Балоціч.

Лабановіч паглядзеў на яго, памаўчаў. А потым ціха прамовіў:

— Прабач! Песні ў нас розныя, і нашы дарогі скірованы ў процілеглыя канцы. Ды хто ведае? Жыццё не стаіць на адным месцы. Адно толькі магу сказаць: па дарозе князёў мяшчэрскіх, дубровіных і гамзеяў гамзеявічаў я не пайду!

— Гэта твая справа. Чалавек есць хлеб траякі: белы, чорны і ніякі.

Лабановіч усміхнуўся.

— Мне здаецца, што ты любіш больш за ўсё белы хлеб.

— Гэта ўжо мая справа. Табе ж вось што скажу: тая дарога, па якой ты ідзеш, завядзе цябе не туды, куды ты хочаш.

Лабановіч падняўся, каб пакінуць кватэру былога сябра: шмат разоў чуў ён такія гутаркі. На памяць прыйшоў пісар Дулеба, з якім вялася гэткая ж спрэчка.

— Вось ты ўжо і надзьмуўся як мыш на крупы,— пагадліва сказаў Балоціч.— Пасядзі, перакусім!

— Дзякую! Мне трэба ехаць дамоў, зараз адыходзіць поезд,— адмовіўся Андрэй ад пачастунку.

Балоціч недаўменна пазіраў на былога друга, але не ўпрошваў яго застацца. Ужо стоячы на парозе, Лабановіч дакорліва ўсміхнуўся і нечакана для самога сябе сказаў:

— Ніводзін цар не ездзіў каранавацца верхам на свінні. Бывай!

З гэтымі словамі, не падаўшы рукі, Андрэй выйшаў за дзверы. Балоціч, застаўшыся адзін, кіўнуў сам сабе галавою.

— З глузду з’ехаў, ці што? Ці розум за розум зайшоў?



XXXII


Андрэй ішоў на станцыю. У галаве праносіліся розныя думкі. І недарэчны допыт у кабінеце жандарскага ротмістра, і размова з Балоцічам, якая па сутнасці была сваркаю.

Балоціч жа ў гэты час сядзеў за рабочым столікам, абапёршы галаву на рукі. Ён думаў аб тым, што несправядліва пакрыўдзіў Андрэя... На памяць прыйшло адно здарэнне, Балоціч прыгадаў выпадак у сваім жыцці. На семінарскіх канікулах, калі Балоціч быў ужо на апошнім курсе, ён пазнаёміўся з дачкою чыгуначнага інжынера, якая канчала гімназію. Балоціч моцна пакахаў Валю, а Валя яго. Гэтае першае, чыстае, нясмелае каханне захапіла Балоціча. Яму цяжка было захаваць пачуццё ў глыбіні свайго сэрца. Трэба было знайсці такога друга, якому ён мог бы даверыць каханне і падзяліцца сваімі пачуццямі. І лепшага ахоўніка сардэчнай пячаці ён не мог знайсці, апроч Лабановіча. Цэлую ноч, прылёгшы на адзін ложак з Андрэем, расказваў Балоціч пра Валю, якая яна мілая, прыгожая і як кахае яго. А назаўтра ўдзень паказаў дзяўчыніну фатаграфію, чытаў яе пісьмы. Лабановіч свята ахоўваў даручаную яму юнацкую тайну і прыняў удзел у сардэчных справах сябра. Часамі яны разам складалі пісьмы да Валі, гаварылі аб ёй. Усё гэта зблізіла сяброў і парадзіла паміж імі шчырую дружбу. З год перапісваўся Балоціч з Валяй. І вось аднойчы прыслаў Лабановічу пісьмо, поўнае роспачы і сардэчнага смутку: Валя знайшла сабе болей выгаднага і знатнага жаніха і выйшла замуж. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджваў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік?

Усё гэта зараз прыгадваў Балоціч. Яго давераная асоба свята ахоўвала тайну друга і ніколі нічым не абражала яе. Але ўсё адышло ўжо ў прошласць і забылася, як першая веснавая навальніца...

Лабановіч таксама адчуў і зразумеў, што Балоціч быў выпадковаю з’яваю ў жыцці, прыяцелем да пары. Дзяўчына адышла. Балоціч падаўся на іншую дарогу. І зараз дарогі іх скіраваны ў процілеглыя бакі. Дык не было падставы гараваць па страце друга, друга да першай крутой павароткі.

У Стаўбунах Лабановіч сышоў з поезда. Ён забег на пошту, апусціў у скрынку пісьмо да Янкі, падрыхтаванае ў дарозе. Андрэй паведамляў аб тым, як лёгка адрабіўся ён у жандарскага ротмістра. Не забыўся і пра тое, што найбольш цікавіла ротмістра ў паказаннях і што гэта з’яўляецца для Андрэя неразгаданаю загадкаю. На пошце было пісьмо і ад Янкі.

«Дарагі мой беспрытульны вандроўнік Андрэй! Кожную часіну думаю аб табе, малюся ветру, сонцу і хмарам, каб яны адганялі ад цябе напасці, якімі ўсеяны нашы дарогі. Сам жа я жыву, як вол на бровары: ёсць што есці і ёсць што піць. Маю сякія-такія заработкі. Коцяцца да мяне рублікі, а часамі траячкі і пяцёркі. Школа майго дзядзькі Сымона стаіць непадалёку ад Бярозы ў сяле Якшыцы. Слаўная гэта рэчка, хоць, можа, і не такая прыгожая, як наш Нёман. Каля берагоў трапляюцца цэлыя зараснікі розных лапухоў, вадзяной травы. А ў траве так і шворацца акуні, язі, голаватні. Шкада, што няма тут цябе: мы раздабылі б таптуху і налавілі б процьму рыбы. Я ж без цябе сам, як рыба, выкінутая на пясок,— ні чорту качарга ні богу свечка. Пішы мне, як і што з табою. Падмацуй маю душу крылатым словам. Свайму ж дзядзьку я не пара. Ён усё працуе, скардзіцца, сам сухі, нагадвае тарана, што нашы бацькі купляюць на Каляды для поснай верашчакі. Абнімаю цябе, цалую. Твой Янка».

Андрэй некалькі разоў прачытаў пісьмо. Хацелася адказаць адразу ж, ды лепш пачакаць: няхай прыйдзе адказ на тое, што паслаў ён, прыехаўшы ў Стаўбуны з Мінска.

Дні праз тры Андрэй, пакуль што вольны ў сваіх учынках і паводзінах, пайшоў на пошту ў надзеі атрымаць вестку ад Янкі. I сапраўды, пісьмо прыйшло. Як толькі Андрэй апынуўся адзін, ён распячатаў канверт. Янка пісаў:

«Друг мой сардэчны, таракан запечны! Ты — і радасць мая, ты — і смутак мой. Тое, што ты паведаміў, мяне трохі занепакоіла. Пісаць табе пра гэта няма патрэбы, бо тое, што легла табе на сэрца, ляжыць каменем і на маім. Я доўга не спаў — усё думаў ды гадаў. Нарэшце стрэліла ў галаву... Ці памятаеш ты, як аднойчы прыйшоў я ў тваю «школу»? Тады ж я сказаў адзін «афарызм»: «Смерць ёсць пачатак новага жыцця». Можа, я не зусім літаральна паўтараю яго, але сэнс такі. Нам чамусь не давялося пагутарыць пра гэта: ці афарызм быў няўдалы, ці нас адцягнулі іншыя думкі. Скажу проста, прыгадай нашу «скарбонку» і пакланіся карчу: ён скажа тое, што я табе сказаць хачу. Будзем простыя і лагодныя, як галубы, і мудрыя, як змеі, ды пальца нам у рот не кладзі. Ёсць мова, зразумелая для ўсіх, і ёсць мова, даступная для нямногіх...»

З Андрэевых вачэй нібы апала заслона: ён успомніў, як Янка прыносіў адозву ад невядомай групы настаўнікаў: яна пачыналася словамі: «Таварышы настаўнікі!» Аб гэтай адозве была ў сяброў грунтоўная гутарка. І нарэшце яе занеслі ў патайную скрынку пад выварат. Цяпер Лабановічу стала зразумела, чаму жандарскі ротмістр так пільна ўзіраўся ў почырк яго паказання і параўноўваў, звяраў потайкам з нейкім рукапісным лістком! Гэта ж і была тая настаўніцкая адозва, адзін экземпляр якой схавалі сябры. А значыць — на Лабановіча падае падазрэнне, што адозву напісаў ён!

Мінуўшы возера і млын, Андрэй раптам спыніўся: прыйшла новая думка — збочыць з дарогі і наведацца ў Смалярню. Перад вачамі паўстаў выварат, «скарбонка» і адозва ў асмаленай скрынцы. Гэта адозва набывала зараз для Лабановіча зусім іншы сэнс, хацелася самому паглядзець на яе з новага пункту гледжання і параўнаць той почырк са сваім. Ці ёсць жа падабенства?

Каб не сустракацца з людзьмі, Лабановіч ішоў хмызнякамі і зараснікамі, трымаючы кірунак на Смалярню. Нарэшце ён апынуўся ў Цёмных Лядах, абмінуў леснікову хату,— з братам зараз яму не хацелася сустракацца. Смалярня і пануры лес вакол яе выглядалі зараз яшчэ болей непрыветна, чым зімою, калі белае адзенне крыху аздабляла і весяліла гэтыя ціхія ваколіцы.

Ні сцежкі, ні нават следу, які б вёў пад запаветны выварат, тут не было, але Андрэй меў добрую зрокавую памяць і неўзабаве апынуўся на месцы. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі.

Лабановіч прыпыніўся. Ён зараз жа знайшоў канцы, за якія трэба ўзяцца, каб дабрацца да «скарбонкі». Яна стаяла ўсё ў тым жа месцы, як і паўгода назад. Андрэй выцягнуў яе з-пад выварата і мімаволі падаўся назад: на «скарбонцы» сядзела пухлая, агідная, на кароценькіх лапках, уся ў бародаўках, жаўтавата-шэрая жаба-рапуха!

— Ну ты, цётка, злазь адгэтуль! — сказаў Лабановіч, нахіліў «скарбонку» і строс жабу на зямлю. На вечка скрынкі няўзнакі нацярушыўся пясок і рознае смецце. У самой «скарбонцы» нічога не папсавалася, хоць трохі і паліняла ад часу. Тоненькія брашуркі і пракламацыі захаваліся добра. Сярод іх была і патрэбная адозва — самае важнае, што зараз найболей цікавіла Андрэя. Ён борздзенька акінуў яе вачамі. З першага погляду здавалася, што між характарам рукі, пісаўшай адозву, і почыркам Лабановіча небяспечнае падабенства нібы і было. Ён згарнуў адозву ў чатыры часткі, схаваў у кішэню, каб потым грунтоўна заняцца параўнаннем і зверкаю почыркаў.

Усё астатняе, што хавалася ў «скарбонцы», і сама скрынка цяпер былі ўжо непатрэбны. Лабановіч павыбіраў лісткі і брашуркі і падлажыў пад іх запалку. Папера загарэлася. Андрэй патрос яе ражончыкам, каб, апроч чорнага попелу, нічога не засталося. Непаваротная жаба смешна заварушыла кароценькімі лапкамі, уцякаючы далей ад агню. «Скарбонку» Андрэй не паліў, каб не нарабіць шмат дыму, а паламаў яе на шматочкі і параскідаў па лесе. Ён апошні раз паглядзеў на выварат, нібы для таго, каб развітацца з ім назаўсёды, а сам падаўся ў свой бок.

Не адзін раз, зашыўшыся ў патайны куточак, разглядаў Андрэй кожны радок і кожную літару адозвы. У выніку такіх разглядаў ён неаднойчы казаў сам сабе:

— Ну, дзе ж тут падабенства? Якому дурню магла ўзбрысці ў мазгаўню такая думка?

Але Лабановіч быў яшчэ маласпрактыкаваны і дасведчаны ў жыцці чалавек. Ды ўсё ж на памяць прыходзілі гутаркі старых людзей. Яны расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Нарэшце Лабановіч махнуў рукою: няма чаго гадаць ды забягаць наперад. Можа, гэта адны толькі страхі. У выніку такіх разважанняў Андрэй сеў за стол пісаць Янку.

«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты, адгукніся!» — Андрэй пачаў пісьмо словамі песні, як некалі ў Цельшыне.— «Слухай, дружа: я пакланіўся карчу, і ён даў мне тое, чаго мы не шукалі. Ды не мы шукаем бяду, а бяда шукае нас. Так было, напрыклад, з адным чалавекам, што прадаваў смятану. Да яго падышоў акалодачны. «Што продаеш?» — «Смятану». Акалодачны памачыў палец у смятану і аблізаў яго. «Што ж ты брэшаш? — накінуўся ён на чалавека.— Гэта не смятана, а маслянка!» У акалодачнага знайшліся сведкі, якія таксама паказалі, што чалавек прадае маслянку. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: «Калі ты будзеш стаяць на сваім, дык завяду ў акалодак!» І чалавек мусіў згадзіцца, што ён сапраўды прадае голую маслянку, і з гэтай прычыны смятана была канфіскавана. Усё гэта я кажу, каб ты ведаў, што ў пэўных выпадках адны рэчы пераходзяць у другія. Можна, скажам, давесці, што Пятрусь Маргун падобен з твару да архангела Міхаіла, што я — не я і хата не мая. Дык шкада, браце, што ты на Бярозе, а не тут са мною. Будзем жыць надзеяй, што сустрэнемся і станцуем танец «зялёнага асла».

Бывай здаровы!


Р. S. Пад вываратам засталася адна шурпатая жаба-рапуха! «Скарбонка» растрасла свае костачкі па лесе.

Твой Андрэй».



XXXIII


У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі. Другімі словамі сказаць: у чалавека ёсць жыццё яўнае і ёсць жыццё прыхованае, калі за цябе стараюцца пабочныя людзі, пераважна начальства. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Ён толькі ведаў, што вакол яго нешта накручваецца, як ніткі на верацяне, каб потым з верацяна перайсці ў клубок, а з клубка ў аснову кросен. І кросны звычайна вянчаюць канец, і гэты канец — нешта накшталт чацвёртага акта драмы або камедыі.

У сярэдзіне лета тысяча дзевяцьсот восьмага года ў мясцовых газетах было надрукована паведамленне, цікавае не для аднаго толькі Лабановіча, а і для цэлага рада яго таварышаў:

«Адміністрацыйна-распарадчае пасяджэнне выязной сесіі Віленскай судовай палаты пастанавіла:

1. Справу аб настаўніцкім сходзе ў сяле Мікуцічы спыніць і скасаваць.

2. Настаўнікі, падпісаўшыя так званы пратакол,— у пастанове яны пералічаліся — вызваляюцца ад суда і следства. Яны маюць права заняць настаўніцкія пасады па ўзгадненню з дырэкцыяй народных вучылішчаў Мінскай губерні.

3. Што ж датычыць Лявоніка Уладзімера Сальвэсева, Лабановіча Андрэя Пятрова і Тургая Сымона Якубава, дык памянёных вышэй асоб прыцягнуць да судовай адказнасці па 126 арт. крымінальнага кодэкса».

Паведамленне глыбока ўсхвалявала Андрэя. Па-першае, ён адчуваў маральнае задаваленне: яго артыкул, змешчаны ў «Минском голосе», бясспрэчна, зрабіў пералом у іх настаўніцкай справе. Па-другое, адчуваўся і нейкі лагодны смутак: таварышам памог, а сам застаўся перад невядомаю і, быць можа, трагічнаю павароткаю ў жыцці.

Што ж магло быць прычынаю таго, што Лабановіча ставяць перад судом ды яшчэ па такім артыкуле, які прадугледжвае пакаранне катаргаю за звяржэнне дзяржаўнага ладу? Абвінаваўчага акта Андрэю яшчэ не ўручылі. Заставалася думаць і пераконвацца ў тым, што адозва «Таварышы настаўнікі!» ёсць асноўная таму прычына. Лабановічу прыгадаліся словы жандарскага ротмістра: «Ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці».

Андрэй чакаў далейшага развіцця падзей. Дзіўным і незразумелым здавалася тое, што ў справу быў замешан нейкі Тургай. Андрэй ніколі не чуў пра яго і ніколі не бачыў у вочы. Як жа так магло стацца, каб у адну цялежку ўпрэглі такую тройку? Уладзіка арыштавалі і пасадзілі да суда ў бабруйскі астрог за пашырэнне пракламацый, забароненай літаратуры і за агітацыю супроць існуючага самадзяржаўнага ладу. Тургая, як неўзабаве даведаўся Лабановіч, злавілі ў Карэлічах на пошце і загналі ў навагрудскі астрог. Апроч усёй іншай «крамольнай» дзейнасці, Тургаю ставілі ў віну і агітацыю сярод вяскоўцаў, каб яны не хадзілі на работу ў панскія двары, бо ўсе маёнткі павінны належаць народу... Шмат было няяснага ў той павуціне, якую выткалі для іх трох царскія юрысты-павукі.

У чаканні падзей і таго ці іншага канца іх Андрэй жыў у сваіх родных на Нёмане. Адлучацца куды-небудзь з дому было зараз нязручна. Ён толькі хадзіў збіраць грыбы, а іх было многа. У лесе было так ціха і нішто не замінала думаць думкі, ствараць у галаве такія малюнкі, ад якіх рабілася весялей, але якія рэдка калі ажыццяўляюцца. Кожны дзень чакаў ён і пісем ад сваіх былых сяброў... Але яны маўчалі. Нават Янка, такі ўжо шчыры, адданы друг, і той не падаваў голасу. Хіба гэта не крыўдна? Не, крыўдзіцца няма чаго! Былыя сябры і самы блізкі з іх, Янка, зараз думаюць, як замацавацца ў якой-небудзь школе — восень не за гарамі. Дык што ім ён, Андрэй! Яны цяпер чыстыя, палітычна надзейныя. Дык навошта мець зносіны з крамольнікам, якога наперадзе чакае суд? Андрэй адчуў вялікую адзіноту, але не паддаваўся паныламу настрою. Проста было крыху смутна на сэрцы.

У гэту ноч Андрэю не спалася. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Вось па дарозе мякка прашумелі ў пяску колы сялянскай цялежкі. Хтось, запазніўшыся, павольна ехаў у свой двор, у свой дом. За Нёманам мілагучна свіснула нейкая таксама бяссонная птушка. З нізінкі па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. І гэтае крактанне злівалася ў адну аднастайную і нібы засмучоную песню жальбы... Як усё гэта блізка, знаёма з самага дзяцінства!

Заснуў ён толькі пад раніцу, калі сонца ледзь-ледзь прабівалася скрозь бліскучыя акенечкі недалёкага лесу. Першыя ж праменні сонца, завітаўшыя ў гумно, дзе звычайна праводзіў ноч Андрэй, пабудзілі яго. Заснуць болей ужо не мог, а варочацца з боку на бок не хацелася. Лепей даўжэй пабыць на прасторнай зямлі, дзе, аднак, людзям цесна пад ясным небам, якое таксама засцілаецца хмарамі і шуміць грознымі навальніцамі. Ці не будзе і сягоння навальніцы? Андрэй заўважыў, што перад навальнічнымі дажджамі яго наведвае бяссонне. Ды ён любіў навальніцы: няхай лепш недаспіцца, абы толькі была гучная навальніца. Ён падняўся са свае пахучай пасцелі на мяккім сене, борздзенька адзеўся і падаўся на Нёман, каб у свежай, чыстай, празрыстай вадзе сагнаць сляды стомленасці пасля маласоннай начы. І сапраўды, пасля купання Андрэю стала лёгка: цела нібы налілося новаю сілаю, і мускулы сталі пругкімі. Адзеўшыся, Андрэй прысеў на бераг. У добрае надвор’е ён любіў пабыць тут. Размераная плынь нёманскай вады заспакойвала, навявала такія лагодныя мары. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Толькі крыху лявей Мікуціч, на паўднёвым захадзе, паказалася тонкая даўгаватая хмарка, нібы нейкі мастак, збіраючыся напісаць малюнак, правёў упэўнена і смела першую цёмную палоску. На палосцы пачалі вынікаць вычварныя, белыя клубочкі, як гарохавінкі, вежы, розныя завітушкі. Яны то раслі, то раставалі, і на месцы растаўшых з’яўляліся новыя, яшчэ болей вычварныя.

Лабановіч сядзеў і любаваўся. Са сваіх назіранняў ён ведаў, што такія хмаркі з’яўляюцца на небе перад навальніцаю. У хуткім часе палоска знікла. Сонца паднялося вышэй. Дыхнуў вецярок, густы, цёплы. «Паўднёва-заходні, дажджавы»,— падумаў Лабановіч. Ён пайшоў у хату. Маці паставіла на стол снеданне.

— Ячмень ляжыць на просце нязвязаны. Ужо і высах. Каб часамі дождж не пайшоў — нешта прыпарвае,— сказала мімаходзь яна.

Андрэй успомніў, што дзядзька з Якубам паехалі раніцаю на Сямёнаўкі — там засталося з паўвоза сена.

Паснедаўшы, Андрэй узяў пару ёмкіх скруткаў перавясел, загатаваных загадзя, і пайшоў вязаць ячмень, скошаны на процілеглым канцы той палоскі зямлі, на якой стаяла іх сядзіба, непадалёку ад хвойніку. Гадзіны праз паўтары ячмень быў павязаны ў снапы. Андрэй акуратна паклаў іх у капу, на ўсякі выпадак умацаваў жэрдкамі, каб не разбурыў яе вецер у часе навальніцы. Наверх палажыў рэшту перавясел, а на іх — сноп-шапку, распраўлены накшталт парасона. Але гэта работа была лішняя: з двара выязджалі драбіны — дзядзька Марцін прывёз сена, а зараз ехаў разам з Якубам забіраць ячмень. Андрэй памог накласці воз, а сам пашыбаваў на Сярэднюю гару, якую любіў з самых юнацкіх дзён. Там было ціха, спакойна, утульна. Адзін схіл гары быў пакрыты жоўтым глыбокім пяском, сям-там пракідаліся чэзлыя кусцікі ялоўцу, убогія купінкі чабору і астраўкі белага баравога моху. Больш за ўсё падабалася Андрэю гара за тое, што з самага высокага пункта яе разгортваўся прыгожы краявід. Асабліва цікава было зірнуць у бок гасцінца, што ішоў праз Панямонь на Нясвіж. У полі каля гасцінца стаяла і тая чароўная хвоя, непадалёку ад якой, незадоўга да паездкі ў Вільню, праходзілі Андрэй з Янкам. Яна вельмі выразна ўзнімала з-за грэбеня занямонскіх узгоркаў кучаравую шапку-вяршаліну і дзве магутныя галіны, сіметрычна размешчаныя па абодва бакі. Здавалася, што гэта нейкая казачная жанчына ўвайшла па грудзі ў глыбокую рэчку, развёўшы ў бакі рукі, і вось-вось апусціцца ў ваду і паплыве.

Загрузка...