З ЧАРАДЫ СУМНЕННЯЎ I РОСПАЧЫ


Няпроста ўсё ж пісаць пра кнігу Ренадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», хаця адначасова i цікава. Няпроста, бо «Гнязду для птушкі радасці» ўсяго годам раней папярэднічала «Пяшчота» — адна з лепшых кніг паэта, у якой былі сабраныя не толькі вершы пэўнага перыяду, аб'яднаныя чарговым уключэннем у выдавецкія планы, а вершы адной, свядома абранай тэмы — тэмы кахання, выяўленай адметна-лірычна i інтанацыйна-свежа, з падключэннем да пластыкі пачуццяў нечаканай думкі i разнастайных паэтычна-жыццёвых сітуацый: ці то досыць умоўных, ці то пераканаўча-рэальных.

Зразумела, што, разглядаючы новы зборнік паэта, немагчыма не параўноўваць яго з папярэднім, свядома альбо падсвядома шукаючы тое новае, што вылучае яго сярод іншых зборнікаў, i тое характэрнае, акрэсленае ў творчай манеры Генадзя Бураўкіна, што індывідуальна вылучае паэта сярод іншых творцаў. Але нават па ўзроўні не бывае ў пісьменніка дзвюх аднолькавых кніг, таму пры аналізе новага зборніка непазбежна спыняешся перад нялёгкай дылемай: прызнаць яго параўнальна далейшым у творчай эвалюцыі паэта ці (параўнальна) — дагматычна нерухомым, другасным. Безумоўна, вырашэнне такой дылемы зусім неабавязковае ў межах артыкула, але паколькі суб'ектыўна-псіхалагічна, па-за тэкстам яна так ці інакш вырашаецца, дык шмат у чым уплывае на грунтоўнасць i доказнасць аналізу, асабліва пры негатыўных высновах.

Адзначым адразу, што «Гняздо для птушкі радасці» ўключае ў сябе васемнаццаць вершаў пра каханне з «Пяшчоты», што сведчыць, з аднаго боку, аб цеснай блізкасці зборнікаў, дазваляе перанесці некаторыя характарыстыкі «Пяшчоты» на асобныя элементы новай кнігі, але, з другога боку, выклікае падазрэнні ў выпадковасці кампаноўкі кнігі i хаатычнасці яе структуры. Акрамя таго, некаторыя з гэтых вершаў ужо сталі песнямі, што падкрэслівае свядомую песеннасць i многіх вершаў новага зборніка, якая, зразумела, абумоўлівае асаблівасці ix кампазіцыі, рытмікі, інструментоўкі. Паколькі гэтыя вершы з «Пяшчоты» добра вядомыя чытачу (а некаторыя i слухачу), дастаткова разгледжаны ў крытычных працах,— засяроджваць на ix увагу немэтазгодна, таму ў пошуках ідэйна-тэматычнага ядра кнігі звернемся найперш да вершаў новых, крытычна непазначаных.

Пошукі ж гэтыя, хаця i не дэтэктыўныя, але зусім не такія простыя, як можа здацца на першы погляд. Нават на даўно абсвістанае i абсмяянае пытанне «пра што?» (ніжэйшы, напаўпрафесіны ўзровень крытычнага даследвання, на думку спецыялістаў) у адносінах да зборніка «Гняздо для птушкі радасці» спяшацца адказваць не будзем, хаця i возьмем пошукі гэтага адказу ледзь не за галоўную мэту, рызыкуючы раптам саграшыць прастатой i схематызмам.

Што заўсёды адзначалася ў паэзіі Генадзя Бураўкіна да «Пяшчоты»? Публіцыстычнасць яго вершаў i публіцыстычныя вершы. Бо публіцыстычнасць у шырокім сэнсе слова — гэта, безумоўна, не тэма, а ўласцівасць, гучанне вершаў самай рознай тэматыкі, інтымнай лірыкі нават. Але ў публіцыстычнасці як уласцівасці ёсць унутраная абавязковая ўласцівасць, згодна з якой публіцыстычны твор павінен распавядаць аб найбольш важным, самым галоўным, актуальным,— i таму зараз тэма вайны i міру — самая публіцыстычная, i ў такім жорстка скіраваным разуменні публіцыстычнасць — тэма.

Ёсць некалькі публіцыстычных вершаў i ў новым зборніку Генадзя Бураўкіна. У «Запісцы з палатачнага гарадка Грынэм-Коман», пабудаванай як разгорнутае пытанне «Каму гэта трэба?», аўтар на імгненне ўяўляе апакаліпсічны малюнак знішчэння, невядома каму патрэбнага i не патрэбнага нікому (ідэя верша), уяўляе зыходзячы не толькі з агульнага пратэсту ўсіх людзей планеты, але i з асабістага пратэсту, таму такія абгрунтавана мяккія, інтымныя фарбы вобразнага ўвасаблення ідэі:

Каб воблачкам шэрым

Растала дыханне каханай

I люлька пустая

Рыпела ўначы несціхана?..

Каму гэта трэба?

У «Песеньцы англійскага салдата» нечакана прагучалі нязнаныя для беларускай літаратуры олдрыджаўскія ноткі; вайна ў разуменні салдата выяўлена блізка да традыцый англа-амерыканскай паэзіі XX стагоддзя, з характэрнай для яе вонкавай легкаважкасцю i глыбокім псіхалагічным падтэкстам.

Але акрамя гэтых двух твораў, верша «Дэвальвацыя» з заўважным маральна-этычным ухілам i няверна акцэнтаванага верша «Каля Бона зноў затворам кляцае...», публіцыстычных вершаў у вузкім значэнні гэтага слова мы ў зборніку не знойдзем, таму, відавочна, не яны складаюць ідэйна-тэматычнае ядро кнігі.

Не ўтвараюць гэтага структурнага ядра i вершы пра радзіму, пра лёс народа i лёс мовы; ix параўнальна няшмат, хоць некаторыя з ix самі па сабе ўспрымаюцца глыбока суадчувальна i балюча-праўдзіва: «Наша песня...», «Слова наша роднае...», «Я не ганю землі чужыя...».

Асобна вылучым вершы «літаратуразнаўчыя», творы пра творцаў i творчасць: «Амаль сур'ёзнае пасланне маладзейшым калегам», «Не думаючы надта пра вякі», «Бяздумных вершаў чараду...», «Я славы не малю...», «Заўвагі на старонках адной літаратурнай дыскусіі», «Лісток альбома з XIX стагоддзя». Роздум пра ўласнае месца ў паэзіі, асабістае творчае крэда, пратэст супраць абмяшчаньвання i абпасаджвання літаратуры, абгрунтаваная прыхільнасць да пэўнага віду паэзіі — вось асноўныя матывы гэтых вершаў. Аўтар падкрэслівае прафесіяналізм i дакладнасць «пазнавальна-зрокавай», аб'ектыўна-нейтральнай паэзіі, але сэрцам аддае перавагу паэзіі суб'ектыўна-пачуццёвай, з адкрыта выяўленай ідэяй-думкай, блізкай асабістым перажыванням кожнага чалавека:

Лісток, расінка, матылёк

Размаляваны дасканала,

Анеты зблізку i здалёк,

А сэрцу ўсё ж чагосьці мала.

Навокал гулкі свет цячэ,

I ўсё ў ім — праўда i мастацтва.

A толькі хочацца яшчэ

Паплакаць i паспавядацца,

I сціснуць злосна кулакі,

I ў шчасці ўпасці на калені...

Дзе ж заблудзіўся верш такі

У правадоў i дрэў спляценні?..

Наяўнасць у зборніку самалітаратурнага аналізу — рыса характэрная, якая дазваляе нам лепш зразумець эстэтычную праграму паэта, але, зноў жа,— не вызначальная, не галоўная для кнігі.

А вось вершы «Дэвальвацыя», «Сябры, не адключайце тэлефон!..», «У звышсучаснай каламуці...», «Часамі нахлыне сумненне...» з узмоцненым маральна-этычным гучаннем, з імклівай пачуццёвасцю i пафасам найбольш цесна набліжаны да цэнтральнага кірунку зборніка, поўнасцю адпавядаюць аўтарскай задуме «Гнязда для птушкі радасці»: паказаць непаўторны, безабаронна-адкрыты, шматкаляровы, супярэчлівы, велічны свет пачуццяў чалавека i ў першую чаргу — свет пачуццяў, народжаных каханнем.

Падкрэсленая ўвага да экалогіі пачуццяў, экалогіі кахання чалавека яшчэ больш характэрная была для папярэдняй кнігі Генадзя Бураўкіна, «Гняздо для птушкі радасці» — водгук i свядомы працяг яе.

За будзённасцю i стэрэатыпнасцю ўзаемаадносін мы часам усцешана забываем, што каханне пры ўсёй сваёй зямной аснове i ўседапушчальнасці — цуд i талент незвычайныя, дадзеныя, як гэта ні парадаксальна, далёка не кожнаму (а хутчэй — не кожным узятыя). Каханне патрабуе пэўнага ўзроўню пачуццёвай арганізацыі, развітага ўяўлення i рашучасці не забіваць у сабе яго кволыя парасткі, не спрашчацца, баючыся сентыментальнасці i надуманасці. Менавіта супраць спрашчэння кахання, схематызацыі яго i звядзення да вядомага, раз i назаўсёды аднолькавага прымітыву змагаецца паэт:

Калі хто скажа,

што ў каханні ён

Усё спазнаў i вычарпаў дазвання,

Не верце.

Ён не знаў яшчэ кахання.

Ён яшчэ трапіць да яго ў палон.

Вершы Г. Бураўкіна пра каханне непадобна-разнастайныя па форме i зместу, па інтанацыі i філасофскім падыходзе; адлюстроўваючы шматлікія адценні пачуцця, аўтар шукае адметныя сітуацыі, псіхалагічныя ўзроўні, абурэнне i адчай змяняюцца пяшчотай i элементамі гульні, сур'ёзнасць суседнічае з жартам. Шмат чаго аўтар дасягае на гэтым шляху новымі, нечакана сканструяванымі падыходамі да звыклых, знівеліраваных уяўленняў i адносін, як, напрыклад, у вершы «Я ўсіх вас, закаханыя зямлі...», дзе лірычны герой небеспадстаўна ўяўляе сябе «братам па шчасцю» ўсіх закаханых зямлі i нахабным злодзеем, бо эгаістычна «схаваў» ад усіх, забраў толькі сабе самую прыгожую з дзяўчат на свеце. У глыбока інтымных вершах аўтар не саромеецца шчырасці i «грахоўнасці», але, адрынуўшы пурытанскі аскетызм у выяўленні, ён не ўпадае ў фрывольнасць, куртуазнасць апісальнасці i інтанацыі, яго лірычны герой дастаткова плоцевы i праўдападобна духоўны. Асабліва адбіліся частыя пераходы ад пяшчотнай мяккасці i жартаўлівасці да глыбокага чалавечага болю на інтанацыі вершаў; менавіта новая, свежая інтанацыя надае многім творам асаблівую пранікнёнасць i суадчувальнасць, індывідуальную каштоўнасць, як, напрыклад, вершу «Жанчын прыгожых трэба берагчы» з даўно знаёмай для паэзіі ідэяй, але асабіста прачутай i прыгожа выказанай аўтарам:

Жанчын прыгожых трэба берагчы

Ад пошласці, каварства i знявагі,

I ад мяшчанскай зайздрасці i звягі,

I ад залішняй ветласці i ўвагі,

I ад рукі нахабнай на плячы.

Яны прыйшлі на грэшную зямлю,

Як сны i летуценні залатыя,

Жаданыя i трошачкі святыя,

Нязнанага суладдзя панятыя,—

Святлом напоўніць вечнае «люблю».

У многіх вершах пра каханне гучаць ноткі яшчэ адной дамінуючай мелодыі зборніка — восеньскай мелодыі незваротнасці i няўмольнасці часу, усёразбуральнага i абыякавага ў сваёй адвечнай хадзе. I невыпадкова мелодыя гэтая нараджаецца менавіта ў вершах кахання, якое сведчыла заўсёды пра маладосць i жыццёвую сілу чалавека i якое найперш пакутуе ад імклівасці i няспыннасці плыні жыцця. Мелодыя адыходзячага часу напоўнена лёгкім смуткам i роспаччу па незваротным:

Не выхваляйся маладосцю,

Чужыя лічачы гады.

Яна ў цябе вясёлай госцяй

Не застанецца назаўжды...

Калі ўлічыць адзначаную вышэй прысутнасць у зборніку «Гняздо для птушкі радасці» яшчэ двух дзесяткаў вершаў з «Пяшчоты», галоўнай тэмай кнігі відавочна бачыцца тэма кахання i цесна звязаная з ёй тэма адналінейнай скіраванасці часу, крохкасці чалавечага жыцця, якое набывае таму асаблівую каштоўнасць i сэнс, дорыць узмоцненую асалоду пачуццяў i адчуванняў. Безумоўна, прысутнасць вершаў іншага плана ў нечым узбагачае тэматычную (і не толькі) палітру зборніка, больш рознабакова (хоць i не больш глыбока) выяўляе характар лірычнага героя.

Але найобльш прыдатны ключ для разумення аўтарскай задумы i яе ўвасаблення дае нам сам паэт у апошнім (i ці ні самым лепшым) вершы кнігі:

Я за жыццё сваё спасціг,

Што злосць — сястра злараднасці,

А сэрца, што ў грудзях маіх,—

Гняздо

для птушкі радасці.

Ды толькі вось а дна бяда,

Якую не агораю,—

Не прылятае да гнязда

Пяюння яснапёрая.

Затое ў дождж

i ў халады

Ляцяць,

прытулку просячы,

Другія птушкі —

з чарады

Сумнення,

Смутку,

Роспачы...

...Я i цяпер

Ix галасы

Лаўлю душою шчыраю

I веру:

блізяцца часы,

Што клікнуць ix да выраю.

I будзе свет —

як светлы дом,

Без подласці i зайздрасці.

I я аддам яму гняздо

Для звонкай птушкі радасці.

Верш гэты ўяўляецца восеньскім святам вобразнасці i інтанацыі, настолькі ён суадчувальна-просты i пранікнёна-лірычны — тут чалавечы боль i чалавечая радасць максімальна набліжаны паміж сабой, непарыўна пераплецены i злучаны ў чалавечым сэрцы — гняздзе для птушкі радасці, якое высакародна дае прытулак для ўласных i людскіх сумненняў i нягод. Менавіта ў гэтым i бачыцца найперш глыбокі змест i верша, i кнігі Генадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», i ўсяго чалавечага жыцця.


Загрузка...