НА ТРАПЕЦЫІ


I ўсё ж паўстае пытанне: ці раўназначна імкненне верша быць суцэльнай метафарай імкненню паэта тварыць верш на суцэльных метафарах; тоесныя ці ў чымсьці супрацьлеглыя паняцці «верш-метафара» i «верш з метафарамі»? Метафары лучаць мастацкі твор у гарманічную еднасць альбо разбіваюць яго на асобныя асклепкі, ізаляваныя i адарваныя ад агульнага зместу?

Кніга паэзіі Валянціны Коўтун «Метраном» пацвердзіла наяўнасць такой няпростай альтэрнатывы i адлюстравала ўсю няпростасць, супярэчлівасць адказу на яе, выбару, шмат у чым абумоўленага, папершае, пачуццём меры аўтара ў кожным канкрэтным выпадку i ўвогуле, а па-другое, залежнага ад такіх, здавалася б, далёкіх метафарычнасці рэчаў, як паэтычны рэквізіт, лірычны этыкет, інтанацыя.

Безумоўна, зусім не ў гэтым галоўная вартасць i паэтычная сутнасць кнігі, безумоўна, аўтарка яе, Валянціна Коўтун,— прыхільніца ў паэзіі адметна метафарычнага стылю ў працы над кнігай з вобразамі Янкі Куналы i Цёткі, менш за ўсё адшурхоўвалася ад другасных i супярэчлівых пытанняў паэтыкі.

Але ж мы — паспрабуем адштурхнуцца. Бо змястоўнасць i абаяльнасць такіх вершаў, як «Аповесць гутаперчавага хлопчыка», «Мілы наш сучасны дрывасек...», «Майстры, майстры», надзвычай вялікая прыцягальнасць i ўнутраны энергетызм верша «Ты помніш, Эванс, Крыт?» (аднаго з самых раскаваных i глыбокіх вершаў паэтэсы) непасрэдна звязаны з метафарычнасцю стылю, з гарманічным выкарыстаннем гарманічных метафар, як i наадварот: ix няўдалае i празмернае выкарыстанне, несуладнае з асноўнай кампазіцыяй верша, абумовіла з'яўленне такога хаатычнага i няроўнага, разапнутага на шматлікіх паасобных метафарах твора, як «Балада чорнага золата».

Што ёсць, напрыклад, у невялікім вершы «Мілы наш сучасны дрывасек...» i чаго ў ім, на шчасце, няма?

Мілы наш сучасны дрывасек,

Ваш тапор маю бярозу ссек.

Ваш тапор бяжыць, як факстэр'ер,

Языком залізвае старанна

Свежыя пянькі на тых палянах,

Дзе да хмар аж высіўся давер.

Паглядзі, наш мудры дрывасек,—

Вунь гняздо, што напал ты рассек.

Для чаго звілі яго? Калі?

Што пытаць... Во бор ужо ўспаролі

Факстэр'еры металічнай волі...

Ix сляпцы пусцілі па зямлі.

Бор мы садзім. Там, дзе быў стары.

Чуеце, як брэшуць тапары?!

Ёсць рухомы вобраз-малюнак, свой інтанацыйны падыход да тэмы, дзіўнае спалучэнне болю i іроніі, металічная жорсткасць прароцтва, ёсць думка. Няма экалагічных заклікаў i залішняй пафаснасці, пустых ці перапоўненых радкоў, праметафарычных аздоб i нявывераных трукаў. Ёсць пачатасць i завершанасць твора, сэнсавая суцэльнасць усіх яго асобных радкоў.

У гэтых адносінах «Балада чорнага золата», напрыклад, якая аб'ядноўвае ў сабе чатыры вершы i кангламеруе таму значна больш радкоў;—твор хісткі, раз'яднаны i па сэнсе i па кампазіцыі, дзе бліскучая метафара суседнічае з неахайным словазлучэннем, патэтычнасць, зробленая з пап'е-машэ, перабіваецца шчырым ускрыкам душы. Метафары блытаюць i цьменяць метафару, думкі — думку, радкі — верш. Цікава i нечакана мерыдыяны i паралелі ўспрымаюцца як жылы планеты, набрынялыя чорыай крывёю-нафтай:

Палыхаюць паўсюль акіяны,

Гэта жылы планеты парваны,

Гэта выпекла чорная кроў

У святое нутро, нібы ў роў.

Як на каштоўныя жарынкі трапляеш на радкі: «Я кахаю жыццё, я малая слязінка прагрэсу...», «Я люблю вас, паэты, з маладымі ад болю вачамі...». I зусім побач неўразумела пакрыўджана сустракаеш пыхлівую штучную канструкцыю накшталт: «Па дзяржаве страсцей маіх пойдзе раўнівая раць», «наватарскі» зварот: «Прэзідэнты i лэдзі, вы ведалі,— ціша міне!», павярхоўна-бяздумныя радкі: «Ёсць у нас, у зямлян, светлы радасны род Праметэяў, Да вяршыняў прыкуты за грэшных людзей i агонь». (Божухна, які ж ён светла-радасны, ix прыкуты да скалы род, з вечным, неўміручым аж да прыходу Геракла болем-арлом?!)

Кніга Валянціны Коўтун «Метраном» складаецца з дзвюх частак, і, безумоўна, другая частка — «Партрэты» — больш важкая i больш значная для аўтаркі: змяшчае акрамя трох вершаў драматычную паэму, маналог i містэрыю. Гэтая ж частка вызначае ў асноўным твар кнігі і яе высокі ўзровень. Але вершы першай часткі, пры ўсім другарадным характары ix з'яўлення, акрэсліваюць твар кнігі ў параўнанні з папярэднімі зборнікамі, характарызуюць творчую манеру паэтэсы, прычым больш адкрыта i неасюжэтавана, дапамагаюць лепш зразумець мастацкія асаблівасці i вартасці «Партрэтаў».

Верш «Аповесць гутаперчавага хлопчыка» — болевы нерв усёй кнігі, як паэма «Суд Алаізы» — яе душа. Ад гэтага верша снуюцца ніці да ўсіх астатніх твораў: i на ўзроўні канкрэтнай эстэтычнай устаноўкі, i на ўзроўні паэтычнага этыкету i рэквізіту, на ўзроўні светаўспрымання лірычнага героя. Працытуем пачатак верша:

Я не загінуў, хоць i ўпаў, мадам,

У тым далёкім цыркавым сусвеце.

Няхай па мне не плачуць вашы дзеці...

Узненавідзім феерычнасць драм.

Я не загінуў,

Я зляцеў, як змог,

З таго шаста, пакручанага лёсам,

Пражэктарным абліты купаросам,—

Пад аняменне публік i эпох.

На гістарычным хісткім вастрыі

У балагане войнаў i патопаў...

У іншых вершах сустракаем: «О клоун славы ў смокінгу любві...», «Удар хлыста. Усмешка ці бар'ер?..», «Зрабіцца дэльфінарам ці паэтам...», «Ілюз'яністы стрэсаў i маны, Ваш век мінае...» i г. д.

Цыркавая рэчаіснасць наскрозь пранізвае рэчаіснасць жыццёвую i паэтычную ўмоўнасць. I сутнасць такога пранікнення не ў экзатычнасці лексікі, не ва ўплыве на стылёвую форму, на «манеру трымацца» (паэтэса шчырая ў сваім жаданні ўзненавідзець феерычнасць драм, але прыкметы феерыі ў лепшых яе якасцях адчуваюцца i ў містэрыі «Шлях Арыёна», i ў асобных раздзелах драматычнай паэмы «Суд Алаізы», i ў многіх вершах). Ісціная сутнасць такога пранікнення ў тым, што ўсе падзеі i пачуцці ў вершах i паэмах сапраўды праяўляюцца «пад аняменне публік i эпох», «на гістарычным хісткім вастрыі», «у балагане войнаў i патопаў». Адсюль i заўсёдная пражэктарная праекцыя на сучаснасць, але адсюль жа i пэўная перагружанасць вершаў «прагрэсамі» i «эпохамі». Акаляючы лірычных герояў сусвет у многіх сваіх праявах успрымаецца як цыркавы балаган, але, калі бліскучая відовішчнасць, рызыкоўная гульня над купалам жыцця i смерці арганічна прымаецца лірычнымі героямі, другаснасць, несапраўднасць такога сусвету выклікае ў ix пратэст i непрыманне.

I яшчэ: пры ўсім непадабенстве светапоглядаў лірычных герояў розных вершаў i паэм кнігі, гэтыя светапогляды шмат у чым блізкія; i нават хутчэй не светапогляды, a «светазнаходжанні», «светапалажэнні», месца ў сусвеце i ў адносінах да сусвету: «З таго шаста, пакручанага лёсам». Так, менавіта з шаста, дакладней — з умоўнай філасофскай трапецыі пад купалам цырка бачаць свет лірычныя героі «Метранома», i ў кожнага з ix ёсць штосьці ад бессмяротнага гутаперчавага хлопчыка, ёсць рызыка, палёт — падзенне ў абдымкі вечнасці пад жывёльнае аняменне натоўпу хуткаплыннасці i імгненнасці. I натоўп гэты заўсёды прысутнічае яўна альбо на другім, часта так i не асветленым плане твора. Ды i сам сусвет — не статычны, ён таксама пагрозліва гайдаецца, ляціць, ці то ў сапраўднасці, ці то ў суб'ектыўным успрыманні чалавечай істоты на хісткай трапецыі. Таму i ў вершах, i ў цаэмах падзенне, палёт — матывы пастаянныя, выразна акрэсленыя: «I шалёная тая карэта Раптам, глянь, з вышыні ды ў прыбой...», «Ляціць над векам хата, Як мадонна з вечнага кастра...», «I неба, разгайданае, уніз, У позірк мой, сарвецца назаўсёды...» i г. д. I, канешне ж, «негутаперчавы» гутаперчавы хлопчык:

О, як ляцеў я на жыццё назад

З-пад купала,

з-пад веку,

з-пад айчыны!..

Другая, i асноўная, частка кнігі прысвечана вобразам Паэтаў (у прыватнасці — беларускіх: Купалы, Цёткі), i вобразу вучонага-археолага Эванса. У з'яўленні твораў, прысвечаных пісьменнікам, нічога дзіўнага i нечаканага няма, хіба што ўпершыню, мусіць, такія творы склалі амаль усю паэтычную кнігу. Успомнім хаця б вершы Я. Купалы i М. Багдановіча на смерць Сяргея Палуяна, у 60-70-я гады — паэмы А. Куляшова, А. Бачылы, А. Бялевіча, П. Прыходзькі пра Каліноўскага, Багдановіча, Коласа, Твардоўскага, Чорнага, Таўлая; скразнымі вобразамі ў паэзіі Куляшова сталі трагічныя постаці Ю. Таўбіна i Зм. Астапенкі; вершы, прысвечаныя класікам нашай літаратуры Я. Купалу i Я. Коласу, ёсць, пэўна, у кожнага з паэтаў любога пакалення i ўзросту. Але толькi ў апошнія гады, пачынаючы з канца 70-х, такая тэндэнцыя набыла масавы характар, самі па сабе вартыя ўласцівасці, пашырылася ў выбары галоўных герояў i па сваіх колькасна-якасных паказчыках заняла адно з вядучых месцаў сярод іншых тэндэнцый сучаснай паэзіі.

У першай палове 80-х гадоў найбольш глыбокае развіццё «біяграфічна-імённы» напрамак атрымаў ў творчасці такіх розных паміж сабой паэтаў, як Д. Бічэль-Загнетава, А. Разанаў, С. Панізнік, В. Коўтун. Калі раней (60-70-я гады) у поле зроку паэтаў траплялі звычайна класікі альбо асабіста блізкія ім пісьменнікі (з якімі даводзілася сутыкацца ў жыцці) , то зараз літаратурная «персаналія» пашырылася перш за ўсё з-за пільнай увагі да трагічнага лёсу песыяроў дваццатых-трыццатых гадоў, да незаслужана забытай i цяпер вернутай нанова да шырокага ўжытку творчасці многіх цісьменнікаў пачатку стагоддзя.

Памнажаючы традыцыю У. Караткевіча, Д. Бічэль-Загнетава, А. Разанаў, С. Панізнік, В. Іпатава i некаторыя іншыя паэты пішуць своеасаблівую мастацкую гісторыю беларускай літаратуры i культуры, тым самым ствараецца нацыянальная гісторыя народа, ад пункцірнага акрэсу лёсам аднаго чалавека — да шырокага філасофска-этнічнага абагульнення. Працягваецца гэтая традыцыя i ў творчасці маладзейшых беларускіх паэтаў (варта ўзгадаць хаця б паэму Л. Дранько-Майсюка «Кола», прысвечаную Уладзіміру Дубоўку), як i ў ix старэйшых таварышаў, яна — найперш адгалінаванне агульнай тэндэнцыі гістарызму ў сучаснай беларускай паэзіі.

Усвядоміць свой пісьменніцкі пачатак i існы працяг, каб зразумець потым вытокі i існы працяг усяго народа, стварыць мастацкую гісторыю літаратуры як частку гісторыі ўвогуле, убачыць праз асобу, індывід — народ, масу, а не мадэліраваць безаблічны сацыяльны натоўп — вось мэта, якая нараджае такія творы Разанава, Панізніка, Коўтун, іншых паэтаў.

Паэмы Валянціны Коўтун «На зломе маланкі» i «Суд Алаізы», прысвечаныя Цётцы, вершы Цётцы, Караткевічу, Мележу, Танку, Лось з новай i ранейшых кніг, «Паэма пераадолення» i «Паэма каментарыю» Алеся Разанава, прысвечаныя Цётцы i Багушэвічу, пры ўсім непадабенстве ix па форме i манеры выкладу, вызначаюцца гэтым жа імкненнем: адкрыць, адшукаць сябе як беларускага паэта (ад Багушэвіча, Цёткі i раней), каб зразумець сваіх суайчыннікаў як беларускі народ. У А. Разанава такое шуканне неяк глыбей, трагічней, у святле яго агульнага трывожна-адчайнага ўспрымання Сусвету, у В. Коўтун — па-баладнаму прасцей, натуральней, але разам з тым у гэтай тэме i зусім розныя па мастацкай сутнасці аўтары найбольш падобныя, набліжаюцца адзін да аднаго ў набліжэнні да адзінай мэты.

Драматычная паэма «Суд Алаізы» — драматычная па форме i па характарах, па сюжэце. Паколькі пісьменнік на аснове жыццёвай праўды мае права ствараць праўду мастацкую i стварае такую, менавіта яна — прадмет крытычнага разгляду. Мастацкая праўда ў паэме не парушаецца, за выключэннем рэдкіх псіхалагічных недакладнасцей у паводзінах герояў (напрыклад, занадта хуткая міралюбівая перамена ў адносінах афектаванага Кайлюнаса да Алаізы пасля цьмяна-сімвалічнага прызнання Зосі, што зразумелае чытачу, толькі з папярэдніх старонак, змест якіх Кайлюнасу, у адрозненне ад нас, невядомы). Паэма сведчыць, што В. Коўтун паспяхова звяртаецца да вобраза Цёткі (вобраза невычэрпнага) услед за празаічнымі творамі Лідзіі Арабей; звяртаецца не ў першы раз i не апошні.

Але сам па сабе зварот паэтаў да вобраза Купалы, напрыклад, калі ён не пацверджаны істотнай задумай i мастацкім узроўнем, можа толькі засмуціць i выклікаць думкі пра спекуляцыю тэмы, свядомую ці падсвядомую i своеасаблівую мікракан'юнктуру, няхай сабе толькі ў душы творцы.

Зварот В. Коўтун да вобразаў рэальных гістарычных асоб — абгрунтаваны i асабіста перакананы. Каб убачыць гэта — дастаткова прачытаць хаця б містэрыю «Шлях Арыёна», якая — сапраўды шлях, шлях пакутлівага роздуму, пошуку адказу, i праходзіць гэты шлях разам з Дж. Байранам i аўтарка, i чытач. У містэрыі адсутнічае павярхоўная дыдактычнасць, няма загадзя вырашаных пытанняў i жорсткіх адназначных адказаў толькі на адно з пытанняў; «здрада альбо смерць (i смерць каханай)» герой адказвае адназначна, хоць i нялёгка яму даецца гэтая немагчымасць выбраць штосьці трэцяе, якое б не патрабавала смерці іншых людзей, a толькі ўласнай...

На трапецыі, пад купалам, на трапецыі гісторыі... A гісторыя — яна i ў кожным асабістым лёсе чалавека, у яго справе, прызначэнні, крэда. Як прызначэнне i сэнс жыцця вучонага-археолага Эванса:

Пісьмёны разгадаць,

як разгарнуць нябёсы.

Няхай праступіць кроў праз муміі эпох...

Пра верш «Ты помніш, Эванс, Крыт?» можна было б напісаць асобную рэцэнзію: пра экспрэсіўнасць думкі i інтанацыі, пра абагульненасць i індывідуальнасць лёсу героя, пра надзвычай моцную пранікнёнасць настрою, пра сугучча ў ім мінулага i сучаснага, пра вечнасць i імгненнасць, i яшчэ пра штосьці, што цяжка выказаць, перавесці з мовы паэзіі на мову звычайную:

— Ты помніш, Эванс, Крыт?

— Я помню...

Жах... Пылюка...

Вярблюжы каларыт раскопан на гарбе.

Я адказаў тады:

«Мая любоў — навука.

А ты, грачанка,— грэх.

Я выбраў не цябе...»

I ўпрогся ў міражы.

Пайшоў на штурм вяршыняў,

Дзе мроя не газель,

a родзічка вала.

Яна была ў мяне слухмянаю рабыняй,

Ніколі i нідзе каханкай не была...

Можна было б напісаць пра пачуццё меры i гармоніі ў гэтым творы...

I, магчыма, адказаць урэшце на пастаўленае ў самым пачатку пытанне: ці раўназначна ўсё ж імкненне верша быць суцэльнай метафарай імкненню паэта ствараць верш на суцэльных метафарах?..

Загрузка...