ПАРТРЭТ ШКЛА


...Пад шкляным купалам у садзе мастака вырасла дзівосная кветка. «Гэта сапраўдны цуд», — захапляліся ёй людзі i кожны дзень прыходзілі любавацца. Стары мастак, выпраўляючы сваіх вучняў маляваць кветку, так i загадваў: «Намалюйце цуд». Але ішлі гады, i людзі ўжо забыліся на дзівосную кветку, бо ў кожнага з ix было шмат яе малюнкаў, зробленых вучнямі мастака, бо за гэты час з'явілася мноства новых кветак, яшчэ прыгажэйшых. A вучні мастака па-ранейшаму паслухмяна малявалі «цуд» i прыносілі свае працы на суд настаўніка. I калі да старога мастака прыйшоў новы вучань, то таксама атрымаў загад маляваць цуд. Вучань пайшоў у сад i намаляваў шкло, пад якім расла кветка. «Што ты намаляваў?!» — жахнуўся мастак. «Цуд».

Ці не ў гэтым цудзе — сутнасцъ i змест паэзіі, сутнасць законаў яе развіцця i бясконцага абнаўлення? У аснове ўспрыняцця чалавекам прыгажосці заўсёды ж прысутнічае пэўная доля здзіўленасці i нечаканасці хараства.

Калі паспрабаваць у некалькіх словах адказаць на пытанне: адкуль пачынаецца паэзія Галіны Булыка, адным з верагодных адказаў будзе наступны: ад здзіўнення шклу. I калі б трэба было ахарактарызаваць яе кнігу «Сінтэз» толькі праз адзін вобраз — такім вобразам мог бы паспяхова стаць вобраз шкла. У найбольш шырокім значэнні шкло ў вершах Галіны Булыка — знак, сімвал усяго складанага i незвычайнага, што знаходзіцца з намі побач i не ўспрымаецца, не ўсведамляецца, зацемненае нашай звыкласцю i абыякавасцю.

Распаленае шкло — агонь чырвоны,

Бурштынны бляск, павольны i густы,—

Гарачай кропляй падае без звону,

Каб цудам стаць i ў цудзе тым застыць.

«Гартаванне шкла»

У найбольш вузкім, прыкладным значэнні шкло (мокрае шкло) — прасцейшая мадэль тэхнікі выяўлення ў жывапісе i ў паэзіі, калі ўсё: i рухі, i лініі, i час — мякка размытыя, неакрэсленыя, як бы пакрысе плывуць, сцякаюць, не губляючы рэальнай перспектывы:

Цякла вада, струменьчыкі цягнуліся,

I шэры цень ўстрывожана радзеў.

Размытая па шкле, дрыжала вуліца,

Нібы адлюстраванне на вадзе.

«Мыццё акна»

У маленстве, не пазбаўленыя яшчэ першабытнага паэтычнага ўспрыняцця, мы шчыра здзіўляемся той простай ісціне, што шкло зроблена з пяску, i ўпарта шукаем у яго празрыстасці хаця б слабы напамін пра ранейшую яго структуру. Потым не здзіўляемся нават таму, што аконнае шкло, аказваецца, цячэ, няхай сабе i незаўважна для чалавека. Цячэ шкло, цякуць па ім кроплі дажджу, цячэ жыццё. Цячэ час, чалавек падрастае i бачыць, здараецца, прыгажосць толькі за шклом: за аконным шклом, пад музейным шклом, праз шкло акуляраў. Але чамусьці не заўсёды бачыць яе ў самім шкле i проста побач з сабой, у звыклых, паўсядзённых з'явах, рэчах...

Аднак хаця шкло ў найбольш шырокім значэнні выконвае ў паэзіі Г. Булыка функцыю універсальнага сімвала, знака, «Сінтэз» — кніга, якая аб'ядноўвае творы вельмі розныя i па тэматыцы, i па канкрэтнаму зместу, i па манеры выяўлення (таму характарыстыку кнігі немагчыма даць праз адзінкавы вобраз, хаця асноўную яе тэндэнцыю i эстэтычную задачу аўтаркі «цудоўнае шкло» адлюстроўвае).

Вершы гістарычныя, урбаністычныя, вершы пра навуку, пра фізічныя і хімічныя з'явы прыроды, пра рэчы i рэчывы, вершы пра мастацтва, пра каханне, падарожныя вершы, «вершы-ф'южн» — няпоўнае тэматычнае кола «Сінтэзу». Тэматычна зборнік свядома шматпланавы; не з'яўляецца ён цэласным i стылёва (звязана гэта з пошукамі, эксперыментамі аўтаркі ў галіне зместу i формы): вытрыманы, спакойны стыль гістарычных вершаў суседнічае з эмацыянальным пісьмом у вершах пра каханне, рацыянальна-выбуховы стыль вершаў пра навуку i агніста-цвёрды склад твораў накшталт «Гліны», «Ёду» мяжуе з наўмысна спрошчанай, раскавана-кідкай манерай выканання вершаў «Алегра», «Фрагмент турысцкай паездкі», «Універмаг», «Чаканне аўтобуса», «Курорт»; надзвычай цікавы стыль вершаў пра мастацтва з спробамі судакранання-стылізацыі паэтычнага твора пад канкрэтную манеру канкрэтнага мастака ў жывапісе...

Такая тэматычна-стылёвая разнастайнасць выклікана ўсё той жа вечнай задачай літаратуры: паказаць чалавека i Сусвет у ix еднасці i ўзаемапранікненні, паказаць свет чалавека ва ўсёй яго складанасці i супярэчлівасці, ва ўсім яго багацці i ў тэндэнцыі да развіцця.

Паэтычны сусвет — адлюстраванне сусвету рэальнага, i ў гэтых адносінах паэтычны сусвет «Сінтэзу» надзвычай багаты i прадметна напоўнены, не абмяжоўваецца толькі пачуццямі i эмоцыямі чалавека ды агульналітаратурнымі малюнкамі прыроды. Аўтарка ўводзіць у сферу дзеяння паэзіі, здавалася б, зусім не паэтычныя з'явы i прадметы, асвойвае ix эмацыянальна i эстэтычна.

У гісторыі Г. Булыка бачыць перш за ўсё не гісторыю войнаў, дзяржаў, відовішчных бітваў, a гісторыю чалавечай працы, культуры, навукі, гісторыю чалавечых ведаў i майстэрства (вершы «Гліняны хлеб...», «Драўляны век», «Шавец», «Камень», «Гарт», «Аднадрэўкі», «Кальчугі»). Не канкрэтныя падзеі, даты гісторыі, a гісторыя ўвогуле цікавіць паэтку, i таму ў яе вершах амаль няма дакладных дат.

Вершы пра горад радуюць сваёй натуральнасцю, арганічнасцю: гарадская рэчаіснасць успрымаецца не як нешта варожае i да гэтага часу экзатычнае, а як звычайнае, з усімі радасцямі i бедамі, месца жыцця лірычнай гераіні. Аўтарку цікавіць мінулае горада, яго архітэктурнае развіццё, уплыў на псіхалогію чалавека, яна мае здольнасць вылучаць характэрныя рэаліі гарадскога жыцця (напрыклад, ва «Успамінах аб парадных пад'ездах»), падмячаць каларытныя дэталі:

Сціплы маленькі кіёск на рагу

Тыдні гартае, як пачак газетны.

«Прахадны двор»

Калісьці славуты Паўлаў сказаў, што прырода спазнае сябе праз чалавека i ў гэтым сэнс жыцця i сусвету. Менавіта незаспакоенасць, заўсёдную прагу ведаў у чалавеку як галоўную рухаючую сілу прагрэсу падкрэслівае паэтка ў вершах пра навуку, пра псіхалогію навуковых доследаў i адкрыццяў. У «Матэматычным трыпціху» ўпершыню ў беларускай паэзіі зроблена спроба паказаць паэзію матэматыкі («Локан Аньезі»), своеасаблівую сувязь яе з чалавечымі ўзаемаадносінамі. I наадварот — спроба насыціць паэзію вобразнасцю матэматычных тэрмінаў (локан Аньезі, стужка Мёбіуса, камбінаторыка). Праўда, вобраз стужкі Мёбіуса, які здаўна прыцягвае да сябе ўвагу філасофскай лірыкі, метафарызаваны ў аднабакова маральным плане, а тым самым — філасофскі звужаны, збеднены.

Значна слабей за іншыя выяўлена ў кнізе тэма кахання, магчыма, гэта асабліва заўважна на фоне наватарскага ўвасаблення Г. Булыка іншых тэм. Як бы там ні было, вершы пра каханне, за выключэннем асобных твораў («Post scriptum», «Гэта дробязі — рэўнасць, злосць...»), адпавядаюць сярэдняму ўзроўню беларускай паэзіі i пакуль што не ўзнімаюцца вышэй яго.

З усіх відаў мастацтва на паэзію Г. Булыка найбольшы ўплыў відавочна аказвае жывапіс: i на ўзроўні светаўспрымання i на ўзроўні светавыяўлення. Своеасаблівы цыкл вершаў, прысвечаных палотнам Пабла Пікаса, Эдгара Дэга, Рокуэла Кента, Юрыя Піменава, адлюстраваў не толькі глыбокае разуменне i адчуванне аўтаркай жывапісу, але i здольнасць яе у новай, паэтычнай структуры захоўваць рэшткі мастацкай структуры, дакладна перакладаць з мовы мастацтва на мову паэзіі, заўважаць не толькі галоўнае, але i дэталі, стылізаваць канкрэтны верш пад канкрэтную жывапісную манеру, палатно. Як, напрыклад, выразна i амаль без упаміну колеру перададзена манера лепшых малюнкаў Юрыя Піменава:

Цяжэюць кроплі на акне,

Нібыта фарбы, што сцякаюць

I не сцякуць

На палатне.

Люстэрка водбліск, шкла празрыстасць,

Спавіны дыму i імжы,

Дамоў размытыя абрысы.

Няма дажджоў,

Ідуць дажджы...

...Плыве асфальт ракою чорнан,

I я, нібы ў акно, гляджу

На палатно —

Накрыла горад

У кроплях шкло

Пасля дажджу.

«Палотны Юрыя Піменава»

Цэнтральнае месца ў кнізе займаюць такія вершы, як «Горны лён», «Лазурыт», «Бурштын», «Гіпс», «Свінец», «Золата», «Агонь», «Гліна», «Ёд» i інш. Яны вызначаюць аблічча кнігі, найбольш поўна акрэсліваюць тое новае, што ўносіць у беларускую паэзію Г. Булыка. У кожным вершы паэткі прысутнічае чалавек, не выключэнне i гэтыя «рэчыўныя» вершы, але прысутнасць у ix чалавека часам толькі праглядваецца, цьменіцца праз іншы, суседні аб'ект. Вершы такога плану для беларускай паэзіі нязвыклыя, пункцірныя сімптомы ix з'яўлення назіраліся ў творчасці А. Вярцінскага i М. Стральцова. Гэта зусім не «хімічныя» вершы, хоць веданне хіміі, безумоўна, дапамагло ix стваральніцы, — гэта вершы чыста філасофскія, «штойныя» (Дж. Джойс) па зместу.

Не стала глебай—

засталася глінай.

Hi кветак не ўзрасціла, ні травы...

Пад коўзкай цінай

Каля рэчкі плыннай

Ляжала цяжкім скарбам нежывым.

Ёй не было ні страшна, ні балюча,

Калі яна тушыла бляск ляза

Рыдлёўкі

I агонь прыручвала,

А той удзячна твар яе лізаў.

Не стала глебай.

Засталася глінай.

Жыцця ніводнай кветцы не дала...

Гліняны глячык з роўнядзі стала

Глядзіць у свет

Вачамі кветак сініх.

«Гліна»

Твор завершаны сам у сабе, без дыдактычна-рытарычных прымусаў, без павярхоўных сцвярджэнняў, з глыбокім i, што асабліва істотна, неаднапланавым, шматгранным сэнсам. Пра што гэты верш? Пра гліну? Пра мастацтва (карыснае i прыгожае)? Пра чалавека, складанасць яго лёсу? Пра сэнс жыцця? Пзўна, пра ўсё разам, i ўсё ж — пра гліну. Колькі няздзейсненасці, заклятасці, болю: не стала, не ўзрасціла, не жывым, не было, не дала жыцця, зноў не стала! I — як збавенне, дараванне ўсяго — нечаканы эквівалент: глядзець у свет вачамі кветак сініх. Аўтарка тут амаль не выкарыстоўвае прыёму адухаўлення (акрамя слоў «глядзіць», «твар», «вочы»), ва ўсякім разе пазбягае яго банальна-спрошчанага варыянту, па якому дрэвы звычайна пагражаюць браканьеру сваімі рукамі-галінамі, а мядзведзь пры гэтым ледзь не мацюкаецца. Усе дзеянні, працэсы максімальна набліжаны да фізічна магчымых, рэальных для рэчыва i ў той жа час маюць далёкую паралель з рухамі, дзеяннямі чалавека, нечакана i натуральна наказана ўсеагульная еднасць i ўзаемапранікненне матэрыі ў сусвеце: ва ўнутранай сутнасці чалавека ёсць драбок сутнасці гліны, i наадварот, гліна валодае ўласцівасцямі адпаведна паводзіць сябе пад уздзеяннем знешніх працэсаў, выяўляючы агульныя заканамернасці сусвету (гліна, як i вада, i камень, валодае магчымасцю захоўваць інфармацыю, своеасаблівай памяццю).

На гэтай жа філасофскай аснове ўзнік, напрыклад, верш «Агонь», але створаны ён з большай ступенню адухаўлення; прыпадабненне агню да чалавека максімальна магчымае пры захоўванні паралелі з фізічнахімічнымі прадэсамі:

Агню даслалі ліст:

Тугі

I гладкі папяровы скрутак,

Шаўковай стужкай абвінуты,

Пячаткай сцяты за paгi.

Вось вестку пальцы прынялі.

Імгненна пачарнела стужка,

Пакуль рукой дрыготкай гушкаў

Агонь

Доўгачаканы ліст.

Малюнак «плодева-асязальны» (Р. Барадулін), прадэс вывераны сваёй паслядоўнасцю ў часе, сэнс верша зноў жа неаднапланавы, кодава заглыблены ў структуры твора. Трагічнасць i недарэчнасць дзеяння чалавека адлюстравана праз натуральнасць, халодную незваротнасць прыроднай з'явы:

Твар ад натугі зыркім стаў,

Дрыжалі вусны ў хваляванні.

Што там — адмовы ці прызнанне —

У белай глыбіні ліста?

«Я так чакаў пісьма здалёк.

Святла, каб прачытаць, мне хопіць...»

Ен скрутак разгарнуў — i попел

Гарачы твар яго апёк.

Галіна Булыка стварае свой мастацкі свет з арыгінальнай вобразнасцю, шмат у чым не падобны на мастацкі свет іншых паэтаў.

«Сінтэз» — з'ява новая, арыгінальная ў беларускай паэзіі; аўтарка выбрала сабе нялёгкі, але плённы шлях пошуку, эксперыменту, сустракаюцца на гэтым шляху i цяжкасці, пераадолець якія дапаможа творчая вучоба ў папярэднікаў i далейшае мастацкае самаўдасканаленне.

Мастак Юрый Піменаў на адным са сваіх палотнаў намаляваў своеасаблівы цуд — партрэт шкла пад дажджом. Партрэт шкла як філасофска-эстэтычнага сімвала выявіла ў паэзіі Галіна Булыка. Але паэзія не спыняецца ні на імгненне, развіваецца ў самых нечаканых напрамках. Што наступны раз стане цудам? Можа, кветка? Верыцца, што ў такім разе яна будзе таксама незвычайная, нікім дагэтуль не намаляваная.


Загрузка...