СОН ПРА РАМОНКАВАГА ХЛОПЧЫКА


Запомнілася з часоў спецкурса Варлена Бечыка па сучаснай паэзіі наступная думка: у кожнага паэта ёсць свая творчая манера, свой індывідуальны напрамак развіцця, якія рэалізуюцца ў адпаведных вершах i нават толькі вобразах, найбольш значных i выразных, характэрных, у сваю чаргу, для такой манеры, такога напрамку. Гэтыя «вызначальныя», «галоўныя» тэмы, вершы, вобразы найперш істотныя для разумення мастацкай сутнасці паэта, але не заўсёды ix дастаткова для поўнага разумення i не заўсёды чытач суб'ектыўна прыходзіць да творчасці паэта менавіта праз «цэнтральны» ўваход.

Вялікае значэнне другараднаму, няздзейсненаму ў літаратуры надаваў Юрый Тынянаў: другараднае, неразвітае ў творчасці папярэдніка часта кандэнсуе ў сабе галоўнае, плённае для творчасці нашчадка.

Няпраўда, што верш аднаго таленавітага паэта нельга зблытаць з вершамі іншага: варта толькі ўзяць верш не з галоўнай творчай магістралі, а з вузкай лугавой сцяжыны нераскрытага, прыхавана-другаснага. Як няпраўда i тое, што ў сапраўднага паэта нельга выкінуць альбо замяніць у структуры твора ні слова: Байран, калі не ўлічваць характар той эпохі i характар яго самога, у некаторых паэмах проста палохае сучаснага пісьменніка сваім няўменнем ці нежаданнем выкрэсліваць i скарачаць.

Калі ўпершыню звяртаешся да паэзіі Сцяпана Гаўрусёва, знаёмішся не толькі з творамі паэта, але i з шматлікімі (каля пяцідзесяці) рэцэнзіямі i артыкуламі, якія аб'ектыўна набліжаюць i суб'ектыўна аддаляюць ад нас сферу дзеяння яго паэзіі, ловіш сябе, як ні парадаксальна гэта гучыць, на думцы Варлена Бечыка.

Паэзія Гаўрусёва, асноўны тэматычны напрамак развіцця якой вызначаны (і слушна адзначаны крытыкай) яшчэ вершам «Я вырас пад гарматнымі стваламі», яркімі вобразамі грабянцоў з алюмінію збітых «юнкерсаў», конавак са снарадных гільз, пярсцёнкаў з медных пятакоў i іншых праўдзівых жыццёвых рэалій суровага пасляваеннага часу, паэзія аўтара па-юнацку ўзнёслага «Штодзённага лістапада», простых, непасрэдных вершаў пра чалавечую працу i паходныя будні салдата; гэта паэзія прыадчынілася раптам i наблізілася міфалагічнай мудрасцю, глыбокай філасофіяй элегічнага спасціжэння дзіўных, нехарактэрных, здавалася б, для паэта вершаў «Атлант», «З паветра коней ізваяў Мікула», «Грэкі — разумныя дзеці», «Над словам знемагаць i падаць», загадкавай прыцягальнасцю вобраза рамонкавага хлопчыка, сімвалічнасцю i эмблематычнасцю «птушыных» проціпастаўленняў; прыадчынілася i наблізілася з'явамі для сябе другаснымі i невызначальнымі ў параўнанні з агульным фонам большасці вершаў паэта.

I ўсё ж паспрабуем пакрочыць па гэтай вузенькай сцяжыне, магчыма, яна таксама вядзе да ісціны, як, не зважаючы ні на што, Сізіфа вядзе да ісціны яго камень...


* * *

Калі паспрабаваць вызначыць, з якім прыродным ландшафтам найчасцей звязана вобразнасць вершаў Сцяпана Гаўрусёва, няцяжка заўважыць, што такім пастаянным i невыпадковым ландшафтам з'яўляецца луг.

Своеасаблівая «паэтыка» i «эстэтыка» лугу скрозь дамінуе ў вершах «Звініць, звініць у лузе скошаным...», «Настроем сваім я зямлю афарбую...», «З галавою хаваюся ў чэрвеньскіх травах...», «Не напісаў я верша росам..», «Стараецца пчала...», у дзесятках іншых, выяўляецца праз спецыфіку вобразнасці ў творах самай рознай тэматыкі. У адным з вершаў незаўважаны людзьмі сланечнік дачакаецца зімовых халадоў (Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі), i яго самотная нежывая постаць доўга будзе тырчэць сярод белай пустэчы снягоў (Навек застыў ён на ільдзістай грудзе — Загадкавы упарты сілуэт...). Верш «Лівадзійскія чайкі» па сваёй тэме (каханне) i паэтычным рэквізіце (мора, чайкi) зусім далёкі ад «лугавых» матываў, але вобразы яго поўнасцю пабудаваны на суаднесенасці-паралельнасці з вобразамі роднай прыроды:

Як майскі луг, цвіла вада

Ля берагоў Лівадзіі.

I хваль, i воблакаў града

Паміж сабой не ладзілі.

Галубкі-воблакі плылі,

I выгляд іхні вонкавы

Быў цветам бацькаўскай зямлі

Ў яе разліў рамонкавы.

А як выразна i нечакана ўбачылася сонца: «I сонца душны кураслеп Свяціў з прастору шэрага».

Часта ў вершах зусім без пейзажа адбываецца «лугавая» праекцыя дэталяў на ўзроўні маральным, жыццёва-бытавым: «Рукою схопішся за скронь I — пахіснешся ненарокам, Нібыта ўдарыў цябе конь У лузе вольным i шырокім».

Але лугавы ландшафт у вершах Сцяпана Гаўрусёва цікавы для нас не сам па сабе, а як прыроднапаэтычны фон для функцыяніравання аднаго з самых загадкавых i шматпланавых вобразаў паэта — вобраза рамонкавага хлопчыка. Вобраз гэты — скразны ў творчасці паэта, ён набыў сваё адлюстраванне i развіццё ў многіх вершах, хаця выразыа-партрэтна выяўлены толькі ў адным з ix:

Рамонкавы хлопчык

У джунглевых травах па плечы,

Ты пырхаеш зранку

у красках накшталт матыля.

Спагадны да ўсіх,

ты яшчэ не баішся сінечы

I сочыш з увагай

за сытым гудзеннем чмяля.

Напіўшыся мёду,

глядзіш, як сярдзітыя восы

Пікіруюць дружна

на душны прыземлены сад.

Як джаляць пякуча яны!

А ёсць бамбавозы,

Што рокатам чорным

бацькоўскі хіснуць палісад...

I краскі счарнеюць,

ты чуеш планеты дрыжанне.

У свеце разгойданым —

тупат шалёны каня.

Праз попелу дым

i каня нелюдское іржанне,

Праз спалены луг

бяжыць столькі год хлапчаня...

Калі лугавая рэчаіснасць атаясамлівае сабой свет прыроды ў яе ідэальнай гармоніі i свет дзяцінства ў яго гарманічнай ідэальнасці (па-за знешнімі падзеямі), то вобраз рамонкавага хлопчыка таксама нясе гэткі цяжар i яшчэ большы, бо сутнасць яго не вызначаецца адназначна, вобраз узнік на скрыжаванні некалькіх метафар i з гэтага скрыжавання разыходзяцца, адпаведна, некалькі яго функцый i сэнсаў.

Рамонкавы хлопчык — гэта хлопчык белагаловы (Хлапчуком белагаловым Гаспадарыў я на лузе...), хлопчык сярод рамонкаў, маленькі хлопчык (травы i краскі яму па плечы). Вось ужо тры азначэнні i тры функцыі. Акрамя таго, рамонкавасць — гэта наіўнасць, бязвіннасць, душэўная чысціня, якія звычайна падкрэсліваюцца ўпадабненнем дзіцяці-кветцы (аналагічна, але крыху няўдала: Кладу руку на галаву дзіцяці — На лёгкі адуванчык залаты). А яшчэ за рэальным хлопчыкам далёка-далёка бачыцца нейкі міфалагічны персанаж накшталт майскага хлопчыка альпійскіх лугоў: вечна юнага, мудрага сваёй наіўнасцю i несапраўднасцю, магічна-ўсемагутнага ў сваім казачным сонным княстве кветак i бездапаможнага, па-дзіцячаму безабароннага па-за яго межамі.

Абагульнена-філасофскі i ў той жа час глыбока жыццёвы, нават аўтабіяграфічны ў нейкай ступені вобраз рамонкавага хлопчыка дазволіў паэту шматгранна i дакладна выявіць дзіцячую душу ў працэсе яе судакранання са знешнім асяроддзем, адлюстраваць у чалавеку надзвычайную ўспрымальнасць i ўражлівасць, ранімасць i крохкасць унутранага сусвету. Праз гэты вобраз выразна адлюстравана трагічнасць i ненатуральнасць вайны, што парушае i разбурае гармонію прыроднага «лугавага» ўлоння, якое ўяўляе сабой своеасаблівую мадэль планеты ўвогуле. «Тупат шалёны каня» — сімвал неспакою, небяспекі, разгайданасці сусвету, i якім бы ідылічным не было падчас існаванне лугавога кутка, дзесьці на другім плане мы заўсёды чуем гэты далёкі прыглушаны тупат, дзікае, нялюдскае іржанне, подых вайны i смерці (Да цёмных траў прыпаўшы ніц, Я разглядзеў таемным зрокам Рух чынгісханскіх кабыліц Пад небам гулкім i шырокім...).

Тэма дзяцінства выходзіць за межы аўтабіяграфізму, за межы вузкага фактаграфічна-ўспамінальнага рэчышча, звыклага i традыцыйнага для беларускай паэзіі, сягае ў вышыню філасофскага абагульнення i псіхалагічнага мадэліраваныя. Такі падыход дазваляе, выкарыстоўваючы асаблівасці дзіцячага светаўспрымання i спецыфіку рэагавання, вывяраць самыя розныя i складаныя з'явы жыцця, сутыкаць з ім супярэчлівыя i дарослыя, усечалавечыя праблемы рэчаіснасці, у тым ліку i праблему неспазнанасці лёсу, свабоды i наканаванасці, жыцця i смерці:

Ад дзіцячай радасці нямей —

Б'ецца ў высях папяровы змей.

I паветра золкага паток

Мкне яго, як восеньскі лісток.

I лунаў бы так, ды спадцішка

Берне яго чэрствая рука.

Нітка ад напружаиня звініць.

Чым чужую волю замяніць?

Ёсць рука на свеце, што мяне

На зямлю з нябёсаў шмаргане...

I калі ў вершах Сцяпана Гаўрусёва ў чарговы раз сустракаецца вобраз хлопчыка, пры ўсёй канкрэтнасці i індывідуальнасці яго ў кожным вершы,— гэта, па сваёй унутранай сутнасці i мастацкай задачы, усё той жа аднойчы названы рамонкавы хлопчык; вобраз яго развіваецца ў выніку самастойнай мастацкай эвалюцыі, непадуладна i незалежна ад паслядоўнасці з'яўлення твораў паэта, з'яўляецца адным з самых яркіх i запамінальных, рухомых i пластычных:

Табе нова ўсё i цікава,

I ўсё захапляе наўкруг.

Рамонак — вядомая справа —

З тваіх парываецца рук...

Пасланнік прадбачлівай веры,

У космаса душных цісках

Адчуеш, прайшоўшы бар'еры,

Прапелер рамонка ў руках!..


* * *

Паэзія Гаўрусёва надзвычай напоўнена шматлікімі галасамі птушак, якія ствараюць своеасаблівы дадатковы тэмбр гучання вершаў. Ластаўка, чаіца, сарока, дрозд, салавей, голуб, певень, гусь, воран, лебедзь, дзяцел, ястраб, сініца, журавель, зязюля, жаўрук, сокал, сава, груган, каршун, чароўная птушка фенікс — усё гэта звініць, заліваецца, свішча, шыпіць, курлыча, шчабеча, вуркоча, пішчыць, сакоча, варкуе, кукарэкае, квохча, каркае, гагоча, ціўкае, ляскоча, кугыча, кувае, трашчыць, стукае, вяшчае, утвараючы фантастычны гармідар гукаў розных дыяпазонаў, узмацняючы вершы гукавой вобразнасцю накшталт:

З дасвецця дзяцел кулямётны

Да слепаты

Паветра пругкія палотны

Рве на бінты.

Часам, праўда, вершы непатрэбна засмечаны птушкамі, асабліва зязюлямі i сарокамі, ворбазы якіх не заўсёды заглыблены ў структуру твора; часам паэт проста павярхоўна эксплуатуе народна-песенныя вобразы, альбо статычна паўтараецца сам у сабе.

Але ёсць у паэзіі Гаўрусёва фальклорны па сваім паходжанні матыў, які глыбока выяўлены выключна праз вобразы птушак. Гэта матыў паралельнага суіснавання супрацьлеглых альбо ўзмежкавых з'яў, уласцівасцей, якасцей (напрыклад, дабра i зла) у прыродзе i ў чалавеку.

Маленькая сініца, што ціўкнула ў шыбу i невядома якімі чарамі праз залацістае ранне i святлісты туман выклікала ў сне лірычнага героя вобраз яго далёкай маці, становіцца больш важнай i жаданай, чым усемагутны высоканябёсны журавель. Сініца — птушка цудадзейная i чаканая, бо далучана цяпер праз сваё дзеянне да самага роднага i святога i зараз сутнасць яе не абмежавана толькі спрадвечнымі прыроднымі функцыямі, а падключана да сутнасці ўсяго сусвету; маленькая сініца — знак, сімвал, фізічнае азначэнне таго вялікага, што адгукаецца на яе бяздумнае ціўканне ў душы i свядомасці чалавека («Хто ведае, хто не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга?» У. Караткевіч).

Лета, якое выпускае з аднаго рукава журавоў, а з другога ў скрусе выпускае гусей, як бы атрымоўвае паралельныя характарыстыкі фону i настрою, не супрацьлеглыя, a ўзмежкавыя: празрыстасць сінявы i згушчонасць цішыні.

Супрацьпастаўленне галубоў i ястрабаў ужо відавочнае, сімволіка тут бескампрамісна-палярная:

Галубы над хатато —

Згода i любоў.

Ястрабы зіркатыя

Сочаць галубоў.

Характарыстыка вельмі дакладная i лаканічная, бо калі галубы ўвасабляюць любоў i згоду, пра ястрабаў дастаткова сказаць толькі, што яны сочаць галубоў (сочаць любоў i згоду).

Але найбольшай сілы дасягае матыў проціпастаўлення дабра i зла як у знешнім жыцці, так i ў душы чалавека, матыў раздвоенасці i адвечнай барацьбы двух існасцей у вершы «Чорны воран, белы лебедзь»:

Чорны воран, белы лебедзь —

Вам далека да радні.

Ночы вочы мае слепяць,

Апраменьваюць ix дні.

Чорны воран, белы лебедзь —

Лёд нябыту, смеласць мар.

Адзін маску з мяне лепіць,

A другі — натхнёны твар.

Чорны воран, белы лебедзь —

Хто адоле з дваіх?

Першы рукі мне сашчэпіць,

A другі — разніме ix.

Чорны воран, белы лебедзь —

Гляну ўвысь i на жарству.

Мяне воран не зачэпіць,

Пакуль з лебедзем жыву.

Воран i лебедзь, ночы i дні, слепяць i апраменьваюць, маска i твар, сашчэпіць i разніме, увысь i на жарству — шчыльны рад сімвалаў дабра i зла (праз дзеянне i прадмет), няпраўды i ісціны, высокага i нізкага, змрочнага i светлага.

Душа чалавечая распростваецца паміж імі, раздзіраецца на кавалкі i адраджаецца ў адно цэлае, уваскрасаючы на вогнішчы чалавечай веры. «Мяне воран не зачэпіцьь. Пакуль з лебедзем жыву...»

Веры, якая вышэй за ўсё.


* * *

Рана ці позна, i звычайна рана, кожны паэт пачынае задумвацца над сэнсам i прызначэннем паэзіі, над роляй i месцам творцы сярод іншых людзей. Якой павінна быць паэзія, што сцвярджаць i што адмаўляць, у чым яе непераходная каштоўнасць i карысць для чалавека; дзе яе вытокі i дзе недасяжна-дасканалы зыход; пра што i як трэба пісаць паэту, каб жыццё ператваралася ў слова, а слова ў жыццё?

Пытанні нараджаюцца, непакояць, патрабуюць адказу, самааналізу, выяўляюцца ў тэарэтычных разважаннях i ў мастацкай творчасці.

Сцяпан Гаўрусёў спрабуе вырашыць для сябе гэтыя пытанні ў гістарычным аспекце, за рэдкім выключэннем («Не напісаў я верша росам...», напрыклад) творы з мастацкім самааналізам насычаны i міфалагічнымі матывамі, што дазваляе рабіць шырокія, абагульнена-філасофскія высновы. Нават верш «Атлант», які, здавалася б, зусім не закранае па свайму зместу «паэта-паэтычных» праблем, наводзіць на пэўныя супастаўленні прысвячэннем Міхасю Стральцову.

Гаўрусёў катэгарычны ў разуменні ўзаемаадносін паэзіі i жыцця, паэта i грамадства: паэзія — толькі частка жыцця, i паэт абавязаны да апошняга глытка паветра служыць народу, але калі ад яго шмат патрабуецца, то яму i шмат дадзена, бо «слова — прыцягнення зямнога аснова», паэзія — «імперыя, дзе сонца не заходзіць», i на самай справе «трыумфатары ўсіх эпох» — паэты, гэта пад вокнамі ix дамоў старажытныя грэкі клалі цыноўкі, «каб не пашкодзіў ix думам гром трыумфатарскіх калясніц».

Паэт павінен не пець, не гаварыць, а вяшчаць, ён адказны за кожнае сваё слова перад вечнасщо; але пра што яно, гэта слова, што нясе ў сабе з жыцця i для жыцця — задумваецца i тут жа спрабуе даць адказ у вершы «З паветра коней ізваяў Мікула...». Сцяпан Гаўрусёў:

З цаветра коней ізваяў Мікула,

Маланістымі жыламі напоўніў,

Бяссонніцай нятленнаю насыціў

I катаржным бяссмерцем падкаваў.

Нябёсы недапісаных старонак

Прашалясцяць над грэшнаю зямлёю,

I над яе дубровай густалістай —

Аддай жыццё i не крані лістка!

Калі надзелен словам чалавечым,

Вяшчаць павінен, што жыццё прыгожа

Пчалы стараннем, стомай пладаноснай,

А не халоднай мудрасцю змяі.

Верш, узвышаны міфалагічнымі матывамі, аднолькава глыбока адлюстроўвае i жыццё i творчасць, а таму магчымы як для разумення ў шырокажыццёвым кантэксце, так i ў вузкатворчым.

Але паэт-вяшчун — вобраз хутчэй збіральны, адцягнена-сімвалічны, змяшчае ў сабе абстрактную сутнасць творчасці i прызначэння паэта ўвогуле.

Сапраўды, рэальны паэт, у пэўным часе, з канкрэтнымі творамі, добрымі i благімі, не можа кожнадзённа ўяўляць сябе дэльфійскім аракулам альбо прарокам Іллёй, мудрым i заўсёдна беспамылковым. Пчалы старанне, пладаносная стома, халодная мудрасць змяі — усё гэта неяк не надта ёмка i арганічна ўпісваецца ў характарыстыку дзейнасці сучаснага пісьменніка побач з такімі «моднымі» паняццямі, як творчы крызіс, хадавая тэма, недакладная рыфмоўка, прахадны верш, банальны вобраз i г. д.

Цяжкая i не заўсёды плённая праца, бяссонніца, але без нятленнасці, катарга, але не бессмяротная: якія ўжо тут трыумфы, якія міфалагічныя паралелі — хіба што з вобразам Сізіфа!

Пад такім, відаць, настроем, што час ад часу апаноўвае кожнага пісьменніка, узнікла ў Гаўрусёва дзіўнае i мудрае сваёй праўдзівасцю чатырохрадкоўе:

Над словам знемагаць i падаць,

Каціць уверх ядро цяжкой задумы

I аступацца на няпэўных камнях —

Штодня мне сніцца гэта вышыня!

Таленавіты паэт, Сцяпан Гаўрусёў у сваёй творчасці даў на сённяшні дзень нямала ўзораў плённага выкарыстання тэм, вобразаў, рытму, інтанацыі, але — i нямала прыкладаў эксплуатацыі, павярхоўнага асваення тых жа самых тэм, вобразаў, рытму, інтанацыі; частыя самапаўтарэнні i перапевы ранейшага не такая ўжо рэдкая з'ява ў яго кнігах. Таму, пры відавочнай наяўнасці ў яго паэзіі «ядра цяжкой задумы», з'яўляюцца ўсё ж ва ўпартай працы над словам i няпэўныя камяні, на якіх аступаецца i сам паэт i, услед за ім, чытачы.

У антычнасці, сярэднявеччы ды i ў пазнейшыя часы вобраз Сізіфа i змест яго працы разумеліся як увасабленне вечнай пакуты, бяссэнсавасці i дарэмнасці дзеяння з недасяжным i немагчымым вынікам.

У сярэдзіне дваццатага стагоддзя з'явілася, аднак, i іншая трактоўка, па якой Сізіф — унутрана свабодны і, менавіта дзякуючы сваёй дзіўнай працы, шчаслівы чалавек.

Невядома, як у агульнафіласофскім плане, але на ўзроўні псіхалогіі творчасці другая думка ўяўляецца больш слушнай.

Штодня нам сніцца гэта вышыня.


Загрузка...