БУХТА ДАБРА I ВЕРЫ


«Ветразь надзеі» — так назвала Валянціна Хамчук свой першы зборнік. I першы верш кнігі разгортвае перад намі паэтычны змест гэтага словазлучэння. Не часта сустракаеш кнігу, якая пачыналася б з сапраўды праграмнага верша (маецца на ўвазе праграмнасць, прынамсі, у дачыненні да зместу кнігі):

Ім здалося —

усё снлыве:

i няўдачы, i гора.

He спыніцца, калі заве

покліч вечнасці —

голас мора

у той край без трывог i хмар,

тую бухту дабра i веры.

Белы ветразь нязбытых мар,

дзе твой бераг?

Гэта не перашкодзіла, аднак, маладой паэтцы заявіць праз старонку зусім адваротнае:

Мне ветразь не патрэбны —

Кірую супраць ветру.

I што не перашкодзіць, мусіць, чытачу згадзіцца з паэткай i ў першым, i ў другім выпадках, бо абодва сцвярджэнні абумоўлены паэтычным кантэкстам. Дзве супрацьлеглыя думкі ў суседніх вершах — не заўсёды памылка i недарэчнасць. А што, калі гэтае суседства — спроба паглядзець праз адно i тое ж шкельца з розных бакоў?

На першы погляд не вылучаецца разнастайнасцю тэматыка вершаў Валянціны Хамчук: усе яны раскрываюць уласна духоўнае жыццё асобы, усе яны амаль што аўтабіяграфічныя, але гэта — аўтабіяграфія эвалюцыі духоўнай, дзе матэрыяльныя рэчы i з'явы — больш прынады; асобныя падзеі жыцця ўнутранага пры канкрэтызацыі гіпербалізуюцца, выяўляюцца ў малюнкава-знешніх праявах:

Прастор, прымі маю вясну

I ранняй восені дажынкі.

Ружова-цёплыя ад сну

Вада раскрые мне абдымкі.

Хай глыбіня мой боль загоіць...

А човен лёгкі i пусты

Прыбой да берага прыгоніць.

Калі паставіць перад сабой банальную задачу — вызначыць, што галоўнае ў вершах Валянціны Хамчук, то трэба вылучыць перш за ўсё інтанацыю. Інтанацыйнымі адценнямі яна валодае добра, нават у апісаннях, што ў спалучэнні з някепскім уменнем ствараць малюнак i настрой дае жаданыя вынікі.

Зноў звяртаючыся да тэматыкі, трэба заўважыць, што ў вершах пра каханне не адчуваецца прысутнасці чытача. Вершы ў паэткі пабудаваны па мастаціх законах, нават каханне таксама калі-нікалі жыве ў ix па законах мастацтва, але, на шчасце,— прысутнасці чытача ў гэтых вершах пакуль што няма:

Ноч стуліць чорны парасон,

Плакатным шчасцем пырсне ранне.

Бязрадасны адступіць сон,

Кашмарны сон — тваё каханне.

Ёсць паэты, якія добра адшліфоўваюць паэтычны радок, ствараюць цікавыя вобразы, метафары, але шмат губляюць пры з'яднанні дэталяў у адзіную суцэльную канструкцыю. Іншым, наадварот, хоць i губляюць яны ў дэталях, у матэрыяле, больш шанцуе на агульнае адчуванне твора.

Нельга адзназначна назваць гэта недахопам, аднабаковасцю. Канешне, лепш за ўсё — гарманічнае спалучэнне гэтых магічных уласцівасцей, але такое здараецца не часта: звычайна за першае сплачваюць другім i наадварот.

Валянціна Хамчук належыць да другога тыпу паэтаў, i агульныя плюсы яе твораў затушоўваюць канкрэтныя мінусы слоў i вобразаў. Напрыклад:

Захінаюцца лозы ніцыя.

Слёзы-кропелькі, быццам боб.

Адгуляў Дняпро з навальніцаю,

успамінамі моршчыць лоб.

Можна параўнаць кроплі дажджу i боб, слезы-кропелькі i боб параўноўваць неабавязкова, а зыходзячы з агульнай танальнасці верша, агульнага малюнка— і не варта. Але гэтае васьмірадкоўе — не прыклад неахайнасді ці няўмельства, а прыклад ілюстрацыйны: яркі, зрокавы вобраз паслянавальнічнага Дняпра такая дробязь не псуе.

I ўсё ж... Нямала ў зборніку моўных хібаў, хапае русізмаў, ёсць стылёвыя i семантычныя неадпаведнасці (напрыклад, звычайнае слова «кіно» ну ніяк не ўлазіць у звычайны верш «Той куток здаецца раем...», тым больш крыўдна, што яно там зусім i непатрэбнае).

Нельга не сказаць некалькі слоў i пра паэму-паданне «Над возерам». Узяўшы за аснову рамантычную легенду пра каханне адной з Радзівільчанак да простага шляхціча (у паэме — увогуле конюха-смерда), В. Хамчук з чыста інтымнага сюжэта робіць невядома скуль узнікшыя патрыятычныя высновы пра народную мужнасць i нязломнасць, ледзь не рэвалюцыйнасць (спакушайце арыстакратак — будзеце слыць змагарамі за народ!). Твор — сам па сабе ў межах рамантычна-інтымнага — цікавы, з запамінальнымі вобразамі, але гэтай прэтэнзіяй на сацыяльна-патрыятычны змест псуецца, гармонія яго парушаецца; злоўлены ў час спаткання з каханкай юнак паспявае крыкнуць на астачу ні больш ні менш як наступнае:

Ты йшчэ адродзішся, Айчына!

Ды без мяне. Бывай навек!

Паэма «Над возерам» — агістарычная не таму, што ўзнікла з падання i арыентуецца на яго па форме. Агістарычная, «няўчасная» — сама канцэпцыя паэтэсы, яе падыход да адлюстравання i асэнсавання падзей мінулага. Паэма В. Хамчук — адзін з прыкладаў таго, што хоць зварот да гістарычнай тэматыкі ўжо сам па сабе — адна з праяў тэндэнцыі гістарызму ў сучаснай паэзіі, але вынік такога звароту часта, наадварот,— сведчанне супрацьлеглай з'явы — агістарычнасці, якая таксама калі-нікалі назіраецца.

Крыўдна бачыць такія памылкі таму, што сустракаюцца яны ў творах цікавай маладой паэткі. У Валянціны Хамчук хоць i вельмі яшчэ неакрэслена, але назіраецца крыху іншы, менш распаўюджаны шлях у высокую паэзію: у адрозненне ад папулярнай i плённай эвалюцыі праз пашырэнне, праз выхад на чытача, прамой размовы з ім i нават закліку, паэзія В. Хамчук накіравана перш за ўсё ўглыб, не распростваецца, набываючы прастор i губляючы канцэнтрацыю, а, наадварот, усё больш скручваецца, набываючы змест:

Ляжала на стале апоўдні

Люстэрка ў сонечным адбітку,

I круглы твар яго быў поўны

Праменняў вогненным здабыткам.

Сляпіла вочы, быццам з неба

Кавалак сонца адваліўся.

А проста ў шкельцы без патрэбы

Малы праменьчык заблудзіўся.

Неаднойчы даводзілася чытаць, што чытач шукае ў кнізе перш за ўсё адметнае, новае. Але неяк масавага чытача, які чытае кнігі з мэтай знайсці новае i адметнае,— ўяўляеш кепска. Хутчэй за ўсё чытач шукае цікавае. Цікавае ў шырокім сэнсе гэтага слова, i ў першую чаргу — займальнае. «Ветразь надзеі» — чытаецца цікава. Гэтаму спрыяе ўнутраная аб'яднанасць вершаў, элементы эпічнага (паданне «На возеры»), I яшчэ — філасофскі пачатак, не падзеі дзеля падзей, a падзеі дзеля пачуцця, адчування, мыслення:

Варажбіт-знахар,

лекар-чараўнік

з пранізлівымі вачыма

у сутнасць чалавечую пранік

пазнаннем зор

i сувязі прычынай.

Ён мне казаў:

твой лёс —

пакутных дум

умоўнасцю скаваная прастора.

Твая душа —

маркотны лёсу шум

i вечна неспакойны голас мора.

Такім жа «вечна неспакойным» павінен застацца i голас паэткі. Колькі разоў здаралася такое, што ўзровень першай кніжкі паэта аказваўся яго закончаным узроўнем; паэт не развіваўся, не выходзіў за межы аднойчы дасягнутага, корпаўся на месцы або развіваўся марудна ці аднабакова.

Ці пазбегне гэтага Валянціна Хамчук — адказ на гэтае пытанне ў яе новых творах.


Загрузка...