Паэты, празаікі, драматургі крытыку не любяць. Не любяць не ў тым значэнні, што адносяцца да яе варожа, a ў тым — што не адчуваюць да яе асаблівай зацікаўленасці i павагі. Нават крытыку не ў значэнні «крытыкаваць» — «выкрываць недахопы», а проста як разнавіднасць літаратуры. Нават тую, якая — пра іншых, альбо ўвогуле — пра сябе. Няшмат прыпамінаецца за апошнія гады артыкулаў паэтаў i празаікаў пра стан i праблемы сучаснай крытыкі, пра «вялікую яе ролю ў развіцці літаратуры» i пільную патрэбу яе для гэтай літаратуры. Падобныя сцвярджэнні ўласцівыя, на жаль, выключна самім прадстаўнікам крытычнага цэха i таму ўспрымаюцца чытачом досыць падазрона, як i сцвярджэнне пра асаблівую таленавітасць крытыка.
A менавіта з веры ўсё i пачынаецца: калі вераць табе, а ты верыш у патрэбнасць i карыснасць сваей справы для іншых.
Праблемы, пытанні... Зусім непадобныя ў розных пакаленняў i тыя, што ўзнікаюць на нейкім этапе перад кожным, раней ці пазней. Літаратурная крытыка прыцягвае сваімі магчымасцямі i адштурхоўвае пэўнай няздатнасцю; ад цвёрдай перакананасці ў яе дзейснасці, карыснасці для іншых жанраў літаратуры кідае часам у блюзнерства наконт яе малапатрэбнасці i нават шкоднасці.
Не веру ў крытыкаў, якія ніколі не пакутвалі падобнымі думкамі, для якіх з самага пачатку i да канца ўсё было проста, вызначана, бясспрэчна: вельмі ўжо ix упэўненасць нагадвае ўпэўненасць чалавека, які баіцца знайсці негатыўны адказ адносна сэнсу i прызначэння сваёй працы, а таму ўвогуле вырашыў нічога не шукаць, бо так спакайней i сабе i іншым.
Пакутліва шукаў правільнага адказу, шукаў усім сваім жыццём, усёй творчасцю Варлен Бечык; ён верьў у сваю справу той верай, пра якую пісаў калісьці Самерсэт Моэм: каб прысвяціць сваё жыццё літаратурнай крытыцы, неабходна цвёрда верыць, што літаратура — адзін з галоўных відаў дзейнасці чалавека. Невыпадкова гэтае выказванне англійскага пісьменніка прыгадаў аднойчы ў сваім артыкуле Віктар Каваленка, невыпадкова, пішучы пра В. Каваленку, узнавіў цытату Варлен Бечык. Напісаны Варленам Бечыкам артыкул пра В. Каваленку ўспрымаецца разам з тым i як аўтабіяграфічны, універсальна-безасабовы: пра чалавека, які «зрабіўся літаратарам не ў выніку збегу абставін (бывае i так: інстытут, аспірантура, дысертацыя — i пайшлі артыкулы i кнігі, якія нехта чытае хіба што па неабходнасці), а па душэўнай патрэбе, па асаблівай адоранасці, якая вызначае мэту i сэнс жыцця». Менавіта такога крытыка адольваюць у цяжкую часіну сумненні ў высокай вартасці i неабходнасці сваёй справы, яму трэба пастаянна пераконвацца ў слушнасці свайго шляху, самасцвярджацца, пакутваць, бо толькі так магчыма знаходзіць, ствараць каштоўнасці сапраўдныя, а не ўяўныя.
У Варлене Бечыку здзіўляла i захапляла ягоная любоў да паэзіі, як ні банальна гэта гучыць. I як гэта ні гучыць парадаксальна, менавіта любоў да паэзіі вылучала яго сярод іншых таленавітых крытыкаў: любоў да кожнага сапраўднага верша, радасць ад яго з'яўлення ў любога паэта, непасрэднае чытацкае ўспрыманне, вытанчанае, але не забітае прафесіяналізмам. Многія з крытыкаў успрымаюць i любяць мастацкую літаратуру перадусім як прадмет сваёй працы, аддаючы перавагу ў пачуццях самой крытыцы, i нічога асабліва ненармальнага i заганнага ў тым няма. Усведамляю, напрыклад, што пачаў пісаць пра паэзію выключна з-за цікавасці да крытыкі i напачатку асобныя зборнікі ўспрымаў хутчэй як бліскучы альбо, наадварот, зусім непрыдатны матэрыял для своеасаблівага перакладу ix на мову іншага мастацтва. Але вельмі ўдзячны Варлену Бечыку, які ў спецкурсе па сучаснай паэзіі i па-за спецкурсам навучыў па-сапраўднаму разумець i любіць верш не дзеля чагосьці наступнага, а дзеля самога верша, атрымоўваць эстэтычную асалоду ад звычайнага чытання, без аналізу i вобразна-сімвалічнага пераўвасаблення ў новы тэкст, дастаткова тэрміналагізаваны i дастаткова чытэльны па змесце i манеры выкладу.
Крытыка, безумоўна,— другасная разнавіднасць літаратуры, хоць i не прыкладная, не выключна службовая: мае пэўную самастойнасць, права на ўласнае самаразвіццё, на пошукі новых форм аналізу i выяўлення.
Праўда, i ў гэтым драбку самастойнасці крытыцы часта маўкліва адмаўляюць, часам з абыякавай згоды саміх крытыкаў, ствараючы яшчэ адну праблему сучаснай крытыкі ўвогуле i галоўную праблему, што паўстае неадольнай сцяной на пачатку творчага шляху маладых літаратараў (дарэчы, паняцце «малады» ў крытыцы яшчэ больш умоўнае i супярэчліва-парожняе, чым дзесьці ў прозе: успамінаецца адна «маладая» парада, у якой студэнты баязліва туліліся побач з выкладчыкамі, а на Алу Кабаковіч, аўтарку трох цікавых кніг, але не члена СП, з недаўменнем пазіралі віноўцы выпадковых рэцэнзій).
Уявім сабе «ўмоўнага» маладога чалавека, які напісаў першую рэцэнзію, адчуў асалоду творчага аналізу i вырашыў у далейшым злучыць свой лёс з літаратурнай крытыкай. Далібог, гэта вельмі цікава ўяўляць хаця б таму, што з першых крокаў малады чалавек пачынае адкрываць для сябе безліч не вядомых яму раней рэчаў: прыемных, не зусім i зусім непрыемных. Калі ён «пачынаў сваё жыццё» з вершаў ці апавяданняў, ён сутыкнецца з шырока распаўсюджаным меркаваннем, што крытыкі — у мінулым няўдалыя пісьменнікі, якія не здолелі пісаць самі i таму ўсялякімі сродкамі перашкаджаюць рабіць гэта іншым. Таму няхай ён усё ж адразу пачне з крытыкі i будзе прыемна ўражаны, даведаўшыся, што рэцэнзіі нават заказваюць, на зайздрасць пачынаючым паэтам, першых вершаў якіх у рэдакцыях наўрад ці з нецярпеннем чакаюць.
Пачынаючаму крытыку не зусім усё роўна, пра якую i чыю кнігу пісаць, але магчыма напачатку не так ужо i важна: захапляе сам працэс аналізу i наступнага выяўлення (амаль што радасць неафіта).
I вось ён ужо разумее, што калі аб'ектыўныя крытэрыі ацэнкі твора існуюць, дык яны вельмі неакрэсленыя i неасязальныя, працуюць разам з інтуіцыяй, эстэтычным адчуваннем яшчэ да напісання рэцэнзіі i цьмяна ў ёй адлюстроўваюцца, бо тым ці іншым падборам цытат можна даць зусім процілеглыя ўяўленні пра кнігу, ускладніць паэта альбо спрасціць яго, а таму ўсё залежыць ад уласнага густу i ўласнага сумлення.
Можа, вы заўважылі, што рэцэнзіі маладых нярэдка цікавей i змястоўней, чым у салідных, вопытных крытыкаў? Справа тут не заўсёды ў таленце; проста салідны крытык піша кнігі, даследаванні, артыкулы i толькі потым ужо рэцэнзіі, а для пачаткоўца рэцэнзія — адзіна магчымае «ўсё разам», таму i энергіі, i думак, i часу ён укладае ў яе значна больш, кампенсуючы недахоп вопыту. Але ці не да тых толькі гадоў, калі сам пачне пісаць даследаванні i кнігі?
Вялікае значэнне мае першая ненадрукаваная рэцэнзія. Чаму ненадрукаваная? Ды па самых розных прычынах. Лепш за ўсё, калі праца проста не ўдалася: пачатковец альбо не зразумеў пісьменніка, альбо не змог выказаць сваё разуменне ў адпаведнай форме, альбо тое i другое разам. На няўдачах вучацца, асабліва калі ёсць каму гэтыя няўдачы не пусціць у друк i разумна, дэталёва растлумачыць прычыны, тыцнуць у памылкі. Горш, калі рэцэнзія не пайшла па вузкакан'юнктурных прычынах: ад боязі кагосьці пакрыўдзіць, ад непрымання зместу ці формы рэцэнзіі, ад нязгоды ў ацэнках. Тады пачатковец азіраецца i ca здзіўленыем заўважае, што вакол яго буяе кампліментарная крытыка, што не заўсёды i не пра кожнага можна пісаць аб'ектыўна. Існуюць нават стабільныя, назаўсёдныя ацэнкі творчасці пісьменніка незалежна ад канкрэтнага ўзроўню канкрэтнай кнігі. Паэты i празаікі займаюць, аказваецца, нейкія пасады, працуюць часта ў тых жа рэдакцыях (альбо ў суседніх), куды меў няшчасце напісаць пра ix завельмі аб'ектыўную рэцэнзію неразумны юнак.
Спадзяемся, што яму хопіць сумленнасці i ўпартасці, любові да літаратуры i веры ў сваю, няхай сабе мізэрную, патрэбнасць ёй, каб не паддацца на ваблівы покліч кан'юнктуры. Тым больш што кан'юнктура ацэнак — не паўсюдная з'ява i не вызначае яна аблічча беларускай крытыкі, не перакрэслівае вартасцей i дасягненняў яе.
Безумоўна, як i кожнаму пісьменніку, крытыку неабходная не толькі элементарная ўнутраная прыстойнасць, але i мужнасць, бо нельга апраўдвацца неэтычнымі паводзінамі іншых i патураць сабе. Літаратурнае жыццё непарыўна звязана з жыццём літаратараў, толькі не кожны добры хлопец — добры празаік, i неабавязкова прыгожая дзяўчына — таленавітая паэтэса, таму нельга атаясамліваць творчыя адносіны з адносінамі ў жыцці.
Вернемся, аднак, да нашага ўяўнага маладога чалавека. Магчыма, акрамя рэцэнзій ён пачаў пісаць i артыкулы, шукаць нейкія новыя формы выяўлення, спалучаць навуковасць i чытэльнасць, элементы структурнага аналізу з імпрэсіяністычнымі замалёўкамі, чаргаваць разбор канкрэтнага твора з тэарэтычнымі разважаннямі, змяняючы філасофскія супастаўленні вобразнымі экспрэсіямі, імкнуцца, як тое належыць, спалучаць у крытыцы навуку i мастацтва. Бо кожны сапраўдны крытык робіць штосьці i для развіцця самой крытыкі.
Не хачу сказаць, каб у нас прызвычаіліся да стандарту, але навацыі ў галіне формы («дзе — у крытыцы?») успрымаюцца неўразумела i падазрона, адпаведна з агульным прынцыпам адносін да творчых пошукаў моладзі, сапраўды як у тым іранічным жарце: «Там шукай i вось там шукай, а там — не-не, не трэба!»
Ці ёсць яна ўвогуле, форма, у крытыцы?
Але ў чым жа тады рэалізуецца змест?
Магчыма, у маладога чалавека з'явіцца пасля некалькіх год рэцэнзавання нават параўнанне крытыкі з шлюбам у загсе: i там, i там патрабуюць адказваць, па сутнасці, толькі адно: «так?» ці «не?». Шмат хто бачыць задачу крытыка выключна ў падтрымцы здольных аўтараў i ў прымітыўна-службовым абслугоўванні патрэб мастацкай літаратуры. Якія ўжо тут пошукі, самаразвіццё i самаўдасканаленне! Атрымоўваецца нават так, што чым больш хто шукае, ускладняецца, тым больш стварае сабе будучых перашкод для надрукавання ды i часу затрачвае завельмі, а «крытык» — гэта не прафесія.
Яшчэ адна дылема: як ацэньваць літаратурныя творы — патрабавальна ці «параўнальна»? Здавалася б, ад параўнальнасці i зыходзіць патрабавальнасць, а высокая ступень патрабавальнасці гарантуе адпаведны ўзровень параўнання. Але на практыцы ўсё значна складаней. У аднаго крытыка слушныя патрабаванні да пісьменніка на ўзроўні класікі, у другога — на ўзроўні рэгіянальных падгруп, у трэцяга — на ўзроўні ранейшай творчасці самога пісьменніка, у чацвёртага — увогуле ніякіх патрабаванняў. Адзін улічвае агульнасусветны літаратурны кантэкст, другі — агульнасаюзны ці агульнанацыянальны, трэці — кантэкст творчасці «маладых», «пачынаючых», чацвёрты — ... (бывае i такое). Уявіце сабе, што рэцэнзіі гэтых чатырох крытыкаў апублікаваны ў адным нумары газеты альбо часопіса. Што зразумее чытач, незнаёмы з ix творчымі прынцыпамі? Ды навошта ўяўляць, успомніце хаця б рэцэнзію Анатоля Сідарэвіча ў «ЛіМе» па кнігу Алега Мінкіна «Сурма», цікавую рэцэнзію на адну з арыгінальнейшых кніг у беларускай паэзіі апошніх гадоў. Вышэйшы ўзровень патрабавальнасці да паэта, чым у гэтай рэцэнзіі ўявіць літаральна немагчыма, у двух словах прызнаўшы бясспрэчную таленавітасць паэта i значенне яго зборніка, крытык скіраваў усю ўвагу найперш на спрэчныя моманты i заўважаныя ім недахопы, аж да адзінкава-рэдкіх моўных хібаў. Само па сабе нічога заганнага ў тым не было, каб не было б у тым жа нумары газеты рэцэнзій іншых аўтараў на іншых маладых паэтаў... Што ж зразумеў з усяго гэтага чытач? Куды там Алегу Мінкіну да Людмілы Паўлікавай i Марыі Баравік! У яго ж моўныя хібы i толькі кветка паэзіі кволіцца, a ў ix колас жыцця рунее i ніякіх хібаў не адзначаецца!
Вось i думай, пачынаючы крытык, чым кіравацца: патрабавальнасцю ці «параўнальнасцю» — ды яшчэ ўлічы пры гэтым не надта высокую культуру творчых узаемаадносін, аб чым пісалі колькі год назад В. Бечык, В. Каваленка, А. Станюта i аб чым з той жа надзённасцю можна пісаць i зараз. Ты ўжо ведаеш пра пісьменнікаў, увогуле непадуладных сферы ўздзеяння крытыкі, але, дзякуй богу, пішуць пра ix старэйшыя, табе ж пагражае падобная небяспека толькі у будучым, ад сяброў i равеснікаў, сённяшніх маладых паэтаў i празаікаў. Падрыхтуйся, надрукаваўшы (!) адмоўную рэцэнзію на якогась аўтара, адказаць на непазбежныя пытанні: «Чаму ты пра мяне так, а той гэтак; i чаму пра кнігу куды слабейшага аўтара пішуць станоўча?» Бо з'яўленне адмоўнага водгуку ў нас — выпадак, недарэчнасць, падзея, i ўспрымаецца такі водгук «як замглёнае літаратурнай тэматыкай сутыкненне асабістых непрыхільнасцей» (С. Дубавец), ледзь не як асабістая абраза.
Як жа быць тады са слушнымі патрабаваннямі да крытыкі, каб яна вучыла лепш разумець літаратуру не толькі чытача, але ў чымсьці i самога пісьменніка? Аўтарытэт i павага да крытыкі немагчымая, пакуль загадзя вядома, што i пра каго яна скажа i што, пра каго не скажа ніколі.
Кожны літаратар мае права выказаць свае крытычныя заўвагі, нязгоднасць, калі ў яго ёсць на гэта нейкія абгрунтаваныя мастацкія перакананні, якімі вытлумачваюцца нязгоднасць i крытычнае стаўленне. Адным словам, калі ёсць не прыватныя, а творчыя падставы крытыкі, тады гэтая крытыка заўсёды патрэбная i карысная, хаця неабавязкова канчатковая i знічтажальная.
З якой прычыны камусьці крыўдаваць на Тамару Чабан за папрокі ў суб'ектыўнасці i безапеляцыйнасці, гарачлівасці i «выказванні спрэчных меркаванняў як неабвержаных ісцін», калі сама яна імкнецца ў сваёй творчасці менавіта да аб'ектыўнасці, аргументаванасці i стрыманасці выказванняў? Ці магла яна ў такім разе не заўважыць побач з сабой нейкія іншыя памкненні, не да «шчырай i ціхай размовы», не да «адчування асабістай віны»?
Іншая справа, што з ёй можна не в a ўсім згадзіцца, зноў жа з пункту гледжання іншых мастацкіх перакананняў, іншай сістэмы вымярэнняў. Бо ненатуральна ў маладосці не мець драбок гарачлівасці i свядомай суб'ектыўнасці, а валодаць выверанай сістэмай ацэнак (калі яна ўвогуле магчымая) i імкнуцца да ціхай размовы. А як пазбавіцца ад выказвання спрэчных меркаванняў як неабвержных ісцін? Толькі суцэльным манаграфічным цытаваннем, выказваннем няспрэчных меркаванняў, а лепш за ўсё — увогуле маўчаннем. Альбо выказваць, выказваць праз увесь артыкул нейкія i нечыя меркаванні i ісціны, a ў двух-трох уласных месцах пазначыць «зноскай»: на маю думку, мне здаецца; ці, яшчэ лепш: толькі на маю думку, толькі мне здаецца i г. д.
A колькі ў нас у літаратуразнаўстве i крытыцы пішацца бясспрэчнага i неабвержнага, з чым не хочацца ні спрачацца, ні абвяргаць, ні згаджацца ды i чытаць не хочацца: усё беспрадметна-правільна, сумна, нецікава.
Але клопат i трывога Тамары Чабан зразумелыя i небеспадстаўныя: наша літаратура занадта шмат заплаціла калісьці за безапеляцыйнасць i валюнтарызм у крытыцы.
Каб скончыць тэму «крыўдзіцеляў i пакрыўджаных», думаю, не будзе памылкаю запэўніць чытача, што сама Тамара Чабан таксама не пакрыўдзіцца, калі, напрыклад, заўважыць ёй, што «жаданне С. Дубаўца знайсці ў жанры эсэ лекі ад усіх крытычных хвароб» яна ўспрыняла аднабакова i спрошчана. Не прапаноўваў С. Дубавец эсэ як «універсальны жанр», размова ішла хутчэй пра эсэізацыю стылю крытыкі: стылю артыкулаў, інтэрв'ю, рэцэнзій i г. д. Дарэчы, гэтая эсэізацыя стылю ўсё заўважней праяўляецца ў беларускай крытыцы апошніх гадоў як аб'ектыўны, незалежны ні ад чыіх парад працэс. I (ці не парадаксальна?) адзін з яскравых прыкладаў таму i ўзораў — рэцэнзія Т. Чабан «Дыялог з юнацтвам» на зборнікі «Маладыя галасы» i «Вусны».
...А паэты i празаікі, сябры i равеснікі маладога чалавека выдалі між тым свае першыя зборнікі ў серыі «Першая кніга празаіка» альбо «Першая кніга паэта», самыя маладзейшыя змясцілі свае творы ў калектыўных зборніках. I зараз да ix адчування ўпэўненасці ў вартасці i патрэбнасці сваёй справы далучылася адчуванне канкрэтнасці i матэрыялізаванасці зробленага, скампанаванасці i аформленасці яго. Ім таксама прыйшлося сутыкнуцца, акрамя літаратурных праблем, з праблемамі калялітаратурнымі, але зусім не ў такой ступені, як маладому крытыку, які рызыкуе трапіць у ix палон пажыццёва.
I паўстане, акрамя небяспекі аб'ектыўнага, знешняга характару, перад ім яшчэ небяспека ўнутраная, суб'ектыўная, якая зыходзіць ад яго самога i пераадолена можа быць таксама толькі яго ўласнымі сіламі i розумам. Гэта — клейкая небяспека творчага застою, статычнасці навукова-мастацкага руху, стылёвая самаізаляцыя i трафарэтнасць мыслення i выяўлення. Вось ты, здольны, а магчыма, i таленавіты, шмат пішаш, друкуешся i няшчадна эксплуатуеш свае прыродныя здольнасці: яны здаюцца табе невычэрпнымі i дастатковымі для таго, каб трымацца на належным узроўні сучаснай крытыкі. I ты ні пра што не задумваешся, бо для гэтага трэба спыніцца i нейкі час памаўчаць, ты ні пра што не клапоцішся акрамя дня i сябе сённяшняга i паступова спісваешся, «здумваешся». Багдановіч, Гарэцкі, Бабарэка, Замоцін, Барычэўскі так i не прыцягнулі да сябе тваю лянотную i бяздзейсную ўвагу, непатрэбным табе ўбачыўся нацыянальны i агульнасусветны крытычны вопыт, i ты спяшаешся бяздумна згадзіцца з цалкам негатыўнай ацэнкай структуралізму i «новай крытыкі», напрыклад, бо табе нязручна i дарэмыа шукаць там нейкія станоўчыя, дзейсныя моманты, рацыянальнае зерне.
«Сястрой ці служкай даводзіцца крытыка мастацкай літаратуры?» — для цябе такога пытання ніколі не існавала, ніколі ты над ім не задумваўся, бо ты сам — служка сваей абмежаванасці i ўхваленай іншымі самазадаволенасці.
Дык ці не мы самі ператвараем крытыку з сястры літаратуры ў яе старанную i недалёкую служку?