Да душы, перагарнуўшы апошнюю старонку зборніка Пятра Ламана «Зерне імгненняў», найперш хочацца сказаць некалькі добрых слоў аўтару.
Сапраўды, як сведчыць анатацыя, у кнізе «вядзецца гаворка аб роднай зямлі, яе прыгажосці, аб незабыўнай краіне дзяцінства». Выразна адчуваецца пазіцыя паэта, спрадвечныя асновы яго памкненняў, турбот за лёс роднай зямлі, народа, неспакой за стан прыроднага наваколля.
Тым больш што краіна гэта ўзнікае не на пустым месцы, такія вершы, як «Крутагор'е», «Мір», «Продкі...», «Па усёй Беларусі...» выяўляюць сувязь з гістарычным мінулым (праз роздум паэта) ад пракаветных часін да падзей апошняй вайны. У іншых па сваіх задачах i мэтах вершах («Бяроза», «Высокі бераг», «Старая хата», «Журавы») акрэсліваецца асабісты пачатак, месца лірычнага героя на гэтай зямлі, пункт гледжання i падыход да асноўнай тэмы кнігі: «Вяртаюцца рэкі да родных вытокаў. Магчыма, я таксама вяртаюся... Вяртаюся ў думках на родны парог». I яшчэ: «Басанож... Напрасткі... Уніз па схіле... Да калыскі свае — Сціплай вёскі...»
Дарэчы, у параўнанні з першай кніжнай публікацыяй паэта ў калектыўным зборніку «Нашчадкі», адносіны паэта да зямлі змяніліся: калі ў «Споведзі агню» на першым плане было праслаўленне чалавека, чалавека-героя i чалавека-гаспадара, які асвойвае i пераўтварае зямлю (трактары i камбайны былі ледзь не сімваламі ўлады чалавека i пакорнасці прыроды), то зараз паэт усю ўвагу засяроджвае хутчэй на этычных праявах тэхнізацыі, на зменах у чалавечай псіхіцы:
Па бульбянішчы ходзіць птах
I гняздоўе сваё шукае...
Разумею — нешта не так
З галавою, з душой, з вачамі.
Не пазнаеш свайго сяла...
Заараны сцяжынкі, гаці...
А з-пад сэрца, як з-пад крыла,
Клік журботнага жорава памяці.
Прычым гэты зварот насуперак ранейшым захапленням праяўляецца ў кнізе не столькі ў новым разглядзе суадносін чалавека з зямлёй у працэсе яе пераўтварэння, колькі ў адсутнасці старой тэмы ўвогуле, аўтар, наадварот, імкнецца браць прыроду ў яе чыстым выглядзе, якой яна існуе спакон вякоў:
У гэтым краі
Не растуць санаторныя гмахі.
На строме.
Імклівай як ветразь
Напоўнены ветрам,
Існуе прастора,
Неагляднасць прынёманскіх нетраў,
Лятучая сінь паднябесся,
Затканая золатам промняў.
Калі ж у верш знянацку ўрываецца чалавек, то ён таксама асэнсаваны гэтымі спрадвечнымі сувязямі з маці-Радзімай, маці-Зямлёй (у кірунку «Адвечнай песні» Янкі Купалы).
Прыемна, што край, які ўзнікае перад намі з вершаў П. Ламана, пазбаўлены ніштаватай абстрагаванасці i недамэтнай у дадзеным выпадку ўсеагульнасці, але не губляе адначасова патрэбных сумераў тыпізацыі. Прываблівае кніга i адсутнасцю многіх негатыўных якасцей, якімі звычайна характарызуюцца творы пра родную зямлю: празмернай эмацыянальнасці, неабгрунтаванай прыўзнятасці, якія ідуць ад бяздумнасці i няшчырасці звароту да такой адказнай тэмы.
У гэтых адносінах Пятро Ламана ўпікнуць няма за што, на працягу ўсёй кнігі ён ні разу не зрываецца на гарлівыя ноткі парожняй расчуленасці. На жаль, у зборніку «Зерне імгненняў» шмат заган іншага парадку.
Паходзяць яны ў першую чаргу ад нявызначанасці i блытаніны ў паэтычным мысленні паэта (не трэба атаясамліваць з наўмыснай супярэчлівасцю, канфліктнасцю ў паказе рэчаіснасці, што з'яўляецца добрай адзнакай кожнага таленавітага паэта) i ад беднасці, недастатковай развітасці сістэмы выяўленчых сродкаў.
У выніку слабай рытмізацыі i «спецыялізацыі» мова нярэдка зніжаецца да празаічнай, вершы атрымліваюцца малавыразныя, вадкія, млявыя i расцягнутыя (у першым зборніку ад гэтага ратаваў неяк зварот да ваеннай тэматыкі, якая надавала кнізе пэўную сюжэтную напружанасць, выбуховасць). Спробы ж неяк сціснуць задуму, канкрэтызаваць яе, на жаль, асаблівага поспеху не знайшлі; у лепшым выпадку верш ушчыльняўся па думцы i змесце i заставаўся незакончаным па форме, у горшым — не адбывалася i гэтага, што прывяло да фрагментарнасці, урыўкавасці, эпізадычнасці многіх твораў («Між пагоркаў крутых», «Каласістае лета...», «Галубіная ноч...» i інш.)
Назва кнігі — «Зерне імгненняў» — невыпадковая, а то i сапраўды праграмная, аб чым сведчаць многія вершы зборніка. У часавых каардынатах адбываюцца асноўныя філасофскія пошукі паэга, час,— галоўны рухавік, ён актыўна ўводзіцца амаль у кожны верш, хаця толькі ў двух творах прысутнічаюць звыклыя вымяральнікі, хранометры яго: зязюля і гадзіннік. Час у кнізе выступае ў дзвюх сваіх іпастасях: як вечнасць i як імгненне:
Хвіліны, што цякуць праз кроў маю,
Ніколі не вяртаюцца нанова...
Нараджэння ліста альбо цэлага дрэва —
Гэта толькі імгненне ў цякучай прасторы.
Ад лугу плуг вядзе загон.
Разгон увысь да паднябесся,
I пяць бліскучых лемяхоў
Пластаюць дол адвечнай песні.
Праз сон тысячагоддзяў
Радзіма па каменні
Плыве.
Пошукі ўзаемаадносін імгнення i бясконцасці — пошукі заканамерныя, але, пакідаючы рамкі традыцыйнага разумення вечнасці як непаўторнай змены імгненняў, паэт не знаходзіць свайго асвятлення гэтага пытання, нават не вызначае напрамку пошукаў. Таму i атрымліваецца блытаніна, імгненні то вяртаюцца, то не, жыццё героя то — імгненне, то — быццам імгненне, а то i ўвогуле — нешта адвечнае.
«Літаратура патрэбна для затрымання часу ў яго ўсёразбураючым бегу»,— пісаў калісьці Ян Парандоўскі. Недзе блізка ад гэтага выказвання i задума П. Ламана паказаць спрадвечнае, заўсёднае ў праявах штодзённага, імгненна-незваротнага, але «Зерне імгненняў» — спроба пакуль што далека не дасканалая. Праўда, у вершы «Каложа» аўтар вельмі блізка падышоў да цікавай «адваротнай» трактоўкі часавых суадносін (У кожнай хвілі Пануе вечнасць), але на гэтым i спыніўся, не пайшоў далей сцвярджэння.
Між тым паэт, жадае ён таго ці не, за магчымасць тварыць плаціць пэўнай тэатралізацыяй сваіх дзеянняў i ўчынкаў, якія перастаюць быць прыватнай уласнасцю паэта; паводзінам жа ў творчасці, дзеянням паэтычным увогуле наканавана існаваць як «непадзельнае каханне» i аўтара, i чытача. Расчараваўшы нас у сваіх сэнсавых пошуках, у філасофскай пабудове свайго сусвету, паэт, i ў іншых праявах свайго таленту, ставіць чытача на нейкі час у тупік, з якога той не заўсёды здолее выкараскацца, калі нават захоча. Сапраўды:
Праз дзікую пустэль расчаравання
Нам не прайсці,
Мы тут i застанемся,
Бо павярнуць назад ужо не зможам...
Назад павярнуць цяжка, таму, калі ўзіраешся ў найбольш ярка выражаныя ўласцівасці, характэрныя для паэтычнай манеры П. Ламана, таксама ўзнікае сумненне ў ix жыццядзейнасці i плённасці.
Малюнкі прыроды ў зборніку (ix мноства абумоўлена тэматыкай кнігі) носяць невыпадковы, аб'ектыўны характар; дакладныя ў апісаннях, псіхалагічна вывераныя, яны мала залежаць ад чалавека, сувязь з лірычным героем ажыццяўляецца, на жаль, толькі пры дапамозе асабовых i прыналежных займеннікаў, загаднага ладу ды яшчэ праз «модны» ў апошні час прыём канкрэтнага спалучэння ў вобразе абстрактнага паняцця i рэальнага прадмета, у выніку чаго з'яўляецца ці то матэрыялізаваная абстракцыя, ці то абстрагаваная матэрыя: кахання бурштын, пясок размовы, дзюны дзён, попел дробязных памылак i г. д. Дарэчы, гэты прыём шырока выкарыстоўваўся аўтарам яшчэ ў «Споведзі агню» (дождж успамінаў, каласочкі сну, спіраль надзей). Прыём, канешне, цікавы i плённы (напрыклад, у вершы «Над трупам забітага дня»), але толькі тады, калі прытрымлівацца разумнай меры, што не заўважаецца ў большасці вершаў, дзе ён выкарыстаны Н. Ламанам.
На гэтым уласна лірычныя памкненні аўтара спыняюцца (само па сабе тут нічога дрэннага няма, лірыкай паэзія не вычэрпваецца), мы мусім згадзіцца з думкай Яўгена Барычэўскага, што сапраўды «паўната, дакладнасць, дэтальнасць i пэўная аб'ектыўнасць апісання або апавядання спатыкаюцца толькі ў паэтаў нелірычных».
У «Зернях імгненняў» Пятро Ламан часам забывае, што абсалютна зразумелае, адчутае ім асабіста ПА-ЗА КНІГАЙ i не адлюстраванае, не ўведзенае належным чынам у вершы можа быць незразумелым, далёкім для чытача, які не прывабліваецца ў творах суб'ектыўнай нестандартнасцю,— замест гэтага даецца аб'ектыўна нічыйны малюнак, праўдзівы i дакладны, але занадта кананічны i недатыкальна правільны. Забываемся на парадокс: чым больш суб'ектыўны, асабісты будзе верш для аўтара, тым ён бліжэйшы i прывабнейшы для чытача.
...Кніга «Зерне імгненняў» выклікае пачуццё нейкай асабістай вінаватасці, няўдзячнасці. Ідзе да цябе сур'ёзны паэт, ідзе не з прыгожанькімі цацкамі i не з бліскучымі паперкамі, a ca шчырымі словамі пра родную зямлю, з блізкай усім нам трывогай i адказнасцю за яе лёс, з імкненнем паказаць яе веліч i хараство. Усё гэта разумееш, згаджаешся, у цябе не ўзнікае ніякіх сумненняў у слушнасці i важнасці такога намеру, але болей табе нічога ад паэта не хочацца, яго пасрэдніцтва ў пазнанні роднай зямлі цябе не задавальняе, не прываблівае: нічога асабліва новага табе не адкрываецца, a менавіта гэтага ты чакаеш ад любога паэта, які i адрозніваецца ад звычайнага смяротнага тым, што калі не лепш за цябе бачыць сусвет, то ва ўсякім разе глыбей яго разумее i, безумоўна, больш паспяхова адлюстроўвае, выказвае свае ўражанні i адчуванні.
Таму ў зборніку вылучаюцца найперш вершы далёкія ад асноўнага, магістральнага напрамку тэмы, такія, як «Зноў не спіцца...», «Жыццю майму наканавана жорсткасць...», «Над трупам забітага дня...», у якіх менш значнасці i велічнасці, але затое больш паэзіі.
«Песня плыве, палае»,— менавіта з гэтага радка з верша «Сосны пяюць баладу...» хацелася б распачаць калісьці гаворку пра наступны паэтычны зборнік Пятра Ламана. Што датычыцца «Зерня імгненняў», то тут песня яшчэ толькі плыве.