ПАДАРОЖЖА У АГУЛЬНЫМ ВАГОНЕ


Сучасную паэзію часта папракаюць за недастатковую сувязь з жыццём, за ўнутраную замкнёнасць, за самапрычыннасць узнікнення i развіцця верша. Папрокі гэтыя маюць пад сабой пэўную глебу: шмат сустракаецца паэтаў, якія ўмеюць надаць свайму твору адпаведную форму, аквеціць верш вобразамі i арыгінальнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, але вось жыццёвай асновы, пазалітаратурнай мэты, выхаду за межы прыватна-паэтычнага свету ім бракуе.

У гэтых адносінах кніга Анатоля Аўруціна «Поворотный круг», здавалася б, прыемна адрозніваецца ад зборнікаў такога свядома ці несвядома (па жаданні ці няўмельстве) выбранага напрамку. I хаця аўтар піша больш пра мінулае, пра сваё пасляваеннае дзяцінства ды i вершы пра сучаснасць маюць характар адкрыта нявызначанага параўнання з тым, што было «тады», рэчаіснасць, якую паказвае нам паэт,— не прыдуманая. Гэта не тая забытая, а затым штучна ўзноўленая рэчаіснасць нястрачаных яшчэ ідэалаў, маральных вартасцяў i шчырых пачуццяў, якую безліч дэманструюць нам некаторыя творцы з мэтай пазбавіцца ад аналізу рэчаіснасці сапраўднай, з яе сённяшнімі праблемамі i супярэчнасцямі. Гэта рэчаіснасць непрыдуманая, дакладна-магчымая: з вакзаламі, з вірлівымі гурбамі людзей у залах чакання, з жанчынай, якая паліць «Беламор», са знерваваным супрацоўнікам рэдакцыі, нават усё больш папулярны спорт знайшоў сабе тут належнае месца. Адным словам, жыцця хапае, i яно ўзята ў даволі значных i характэрных сваіх праявах.

I вось з усімі гэтымі вартасцямі i асаблівасцямі кніга A. Аўруціна «Поворотный круг» атрымалася даволі-такі шэрай i невыразнай. Чаму? Ды таму, што на прыкладзе гэтага зборніка мы сустракаемся з супрацьлеглай з'явай: не хапае Паэзіі. А без гэтай таямнічай i свавольнай асобы, нягледзячы на ўсе нашы шматлікія намаганні i хітрыкі, не абыдзецца ніводная кніга, i пра што б мы ні пісалі, якую б важную праблему ні ўзнімалі, якімі б высакароднымі мэтамі ні кіраваліся ў сваім крэмзанні безабароннай паперы, але без яе прысутнасці ўсе нашы намаганні — марныя i небеззавадныя. Як паэзія без жыцця, так i жыццё без паэзіі кожнае паасобку еднасці душ паэта i чытача ў вершах не ствараюць:

Плохая книга, как недобрый дом,

Где нету для гостей гостеприимства.

Раздельных душ внезапное единство

Не озарит вас в хмуром доме том.

Дарэчы, А. Аўруцін адчувае ўсё ж калі-нікалі сваю слабасць i пэўную бездапаможнасць, i вось менавіта на гэтым адчуванні ўзнікла некалькі цікавых вершаў («Всё так быстро, так скоро», «Плохая книга, как недобрый дом», «А вдруг мы тоже не поэты?»). Сустракаецца некалькі неблагіх вершаў i іншага характару, i мы не можам адпінацца ад ix, але ўсё ж такі наша задача: даць агульны разгляд зборніка «Поворотный круг» i звярнуць увагу ў першую чаргу на тое, што перашкодзіла аўтару данесці свае думкі i ўражанні да чытача, чаму шматлікія абрынутыя на яго з'явы i падзеі жыцця не зрабіліся, аднак, паэзіяй...

Вершы «Общие вагоны» i «Alter ego» выклікаюць з гэтага боку асаблівую цікавасць. Спынімся пакуль што на першым. У ім гаварыцца пра тое, што вось раней лірычны герой ездзіў у агульным бітма набітым людзьмі вагоне, апісваюцца абставіны гэтых паездак, разам з цеснатой i няўтульнасцю паказваюцца ix перавагі: сувязь з людзьмі, лепшае ix разуменне. Затым герой паведамляе, што зараз ён вымушаны часцей карыстацца паслугамі купэ, такім чынам, мы ўспрымаем верш як філасофскую алегорыю, а яго ідэю — як прысуд адчужэнню i замкнёнасці людзей у сучасным жыцці, бо, калі ўспрымаць верш канкрэтна-непасрэдна, узнікае справядлівае меркаванне, што ніхто не забараняе аўтару i яго герою ездзіць у агульным вагоне i зараз.

Вось менавіта гэтыя два спосабы не толькі падарожжа, a i спосабы глядзець на сусвет, думаць, ствараць, з ix перавагамі i недахопамі, узгадваюцца, калі чытаеш зборнік. Спачатку згаджаешся з паэтам i на карысць агульнаму вагону «адмаўляешся» ад купэ як ад увасаблення адзіноты i свядомай ізаляванасці ад людзей у імкненні да ўласнага спакою i абасобленасці (своеасаблівая вежа са слановай косці).

Але вось адкрываеш першую старонку зборніка «Поворотный круг», i пачынаецца гэтае падарожжа ў агульным вагоне, якое інакш як жудасным не назавеш. Першая частка мае назву «Со второго взгляда...». Між тым калі-нікалі здаецца, што не было i першага.

Як i ўступны верш «Пока живу тревогами людскими...», першы верш i некалькі наступных вылучаюцца імкненнем аўтара ўзяць высокую, урачыстую ноту любові да Радзімы. Мэта пачэсная, але, на жаль, яна застаецца толькі мэтай. Усе звароты аўтара да Радзімы, падыход да яе праз канкрэтныя вобразы i тэмы час ад часу нагадваюць звычайнае агульнае базыканне; верш «Эти светлые названья...» сваёй зацягненасцю пераўтвараецца ў самамэтнае абыгрыванне назваў беларускіх вёсак i мястэчкаў, якое больш было б да твару вершу жартаўліваму, лёгкаму. Увогуле, пра край, дзе ён жыве, паэт піша няўдала, у вершах не адчуваецца адпаведнай гармоніі паміж душой паэта i душой прыроды, зямлі, хоць спробы ўсвядоміць сувязь з ёй, сувязь з продкамі сустракаюцца: верш «Комок земли в ладони подержав...», а ў першую чаргу — «Бревенчатая Русь. Исторические мотивы...» — жанрава не вызначаная аўтарам рэч, нешта накшталт трыпціха, i тое, што эпіграфам узяты радок М. Цвятаевай, не робіць менш прыкметным падабенства з Ю. Кузняцовым. Праўда, трэба адзначыць, што падабенства гэтае — зусім невялікае, у чым пераконвае нас нейкае бязладдзе сэнсу i непрадуманасць вобразаў, уласцівае твору A. Аўруціна. Як, дарэчы, i вершу «Зеленый край... Щемящие слова...», дзе з малазразумелай мэтай выкарыстоўваюцца беларускія словы, у выніку атрымліваецца моўная мутацыя: «луч-прамень», «судьба» i «лёс», «аист» i «бусел». Зноў — абыгрыванне слоў, мова, не стаўшы беларускай, страчваецца як руская, зваротам «О Родина! О русский мой язык!» (у вершы пра беларускі край) лагічна завяршаецца гэты гармідар слоў i эмоцый, думак тут няма.

Вершы пейзажныя, колькасць якіх у зборніку невялікая, таксама не прывабліваюць, адчуваецца, што на прыроду паэт сапраўды глядзіць з акна агульнага вагона i таму «Поле зрения» (так называецца другая частка кнігі) аказваецца вельмі звужаным, за смугой хуткасці i няўважлівасці.

Большую ж частку кнігі займаюць вершы сюжэтныя, у прыватнасці вершы ваеннай тэматыкі. I зноў мы як бы ў вантробах агульнага вагона:

Сержант Егоров брал автомат,

На быстрых лыжах спешил в разведку.

И в ночь безлунную наугад

Палили немцы в тумане едком.

Або:

На пригорке, утром рано,

Я нашел ее в кустах.

Это гильза от нагана

Неопасна и пуста.

Далей — у тым жа напрамку, прычым кідаецца ў вочы нейкая павярхоўнасць, непрадуманасць тэмы i канкрэтных эпізодаў, а то i проста звычайная пустая рыфмоўка, кранаюць не самі вершы, а статычна ўзятыя падзеі, з'явы (калецтва, смерць).

Але цэнтральны, магістральны напрамак «Поворотного круга» звязаны ўсё ж з матывам падарожжа па чыгунцы («Зал ожидания», «Магистраль», «Стоянка...», «Командировка» i т. д.). Аўтар выкарыстоўвае адпаведны стыль i лексічны пласт, але на тым ўсё i спыняецца, хоць паэт i лічыць, што

Ехать — не на боку валяться,

В этом тоже работа есть.

Вернемся зноў да нашых, можа, крыху штучных разважанняў пра агульныя i купэйныя вагоны (верш «Агульны вагон»). Мы ўпэўнена адрынулі «купэйныя» вершыкі, але чым больш чытаем А. Аўруціна, тым больш здаецца, што ў яго «агульных вагонах» мы пераможна ўрываемся ў агульную паэзію, у «агульшчыну». Уражанні i назіранні мала асэнсоўваюцца, у вершы трапляе сыры, неадпакутаваны матэрыял, a калі ўлічыць, што культура творчасці i паэтычнае майстэрства аўтара знаходзіцца таксама не на самым высокім узроўні, то якраз у дадзеным выпадку некалькі сеансаў уласна паэтычнага купэ не перашкодзіла б.

Але вось што цікава: агульны вагон, у якім мы знаходзімся на працягу чытання ўсёй кнігі, таксама нейкі дзіўны: ён — пусты.

Засталіся цесната i няўтульнасць, бясконцы гул i шум, а тых, хто гэтую цеснату i шум павінны ствараць,— няма. Няма людзей. Але гэта яшчэ не ўсё. Самае жахлівае i фантастычнае — вагон увогуле пусты, паэта ў ім таксама няма, яму проста хацелася б там быць, вось ён i выдаў жаданае за сапраўднае, а мы, чытачы, заведзеныя ў зман, успрымаем падарожжа не праз душу i сэрца паэта, а як відарыс на шкле вагонных акон. Калісьці Яўген Барычэўскі назваў такую паэзію лірыкай знадворкавых уражанняў.

Паўстае неабходнасць разабрацца ў самой асобе паэта, у дадзеным выпадку — у яго alter ego — другім «я», якое найбольш праяўляе сябе ў асабістай тэматыцы, у лірыцы кахання (у адносінах да «Поворотного круга» яе лепш назваць проста лірыкай пра жанчын).

Па-першае, уражвае нейкая бяздумнасць, падсвядомае жаданне паэта нічога не вырашаць, узмоцненае ў вершах словамі дзеля запаўнення радка i кепскім адчуваннем гэтага радка:

У тетки Марьи была кроме сына

Еще и пятнадцатилетняя дочка.

А мне было восемь... Влюбился... Точка.

Далей, у тым жа вершы:

И я ее целовал глазами.

Все остальпое поймете сами...

Гэта мы маем перад сабой, так сказаць, светлае, рамантычнае дзіцячае каханне. А вось герой падрастае, i каго толькі мы не бачым побач з ім: «прозрачную женщину с татарщиной в глазах» i «женщину лет сорока» «в гуле трамвайном» «страхом глаза полны», «женщина у стены», сябру якой лірычны герой гаворыць: «Да пошел ты...», не пазбаўленую нашага спачуваиня ўдаву i жанчыну, якая на развітанне кідае фразу: «Кто не любит — тот не человек!..» Асоба паэта ў гэтых вершах праяўляецца або неяк наўмысна пасіўна, або наадварот — бесшабашна адкрыта i плакатна, у адрозненне, напрыклад, ад верша «Девочка плачет, девочка плачет...» — хаця i кепска зробленага, але з цікавым вобразам, цікавай думкай. З усіх пералічаных вершаў (акрамя апошняга) цяжка зрабіць якія-небудзь высновы наконт прысутнасці паэтычнага светаўспрымання ў асобе паэта. Вось i атрымліваецца нешта накшталт:

Говорили: «Ха,

Мужику не верь! —

После дождика

Он придет в четверг...»

А она: «Придет! —

Только снег пройдет».

Па-другое, заўважаецца ў паэта нейкая незапраграмаваная жорсткасць, паспешлівая прысуднасць, напрыклад, у такіх вершах, як «Четыре секунды», «Холодно. Нет мыла. Дует в щели...», «Курит женщина в коридоре». Жорсткасць, якой зусім не хацеў аўтар, якая ўзнікае сама па сабе з-за недастатковай увагі да ўсіх без выключэння слоў верша (яны неяк падзелены на асноўныя i другарадныя, для запаўнення»), з-за імкнення хутчэй завяршыць твор, не ўлічваючы складанасць, крохкасць тэмы.

Па-трэцяе, ад гэтага ж імкнення менш думаць, хутчэй скончыць, на адным пачатковым вобразе «вывезці» ўвесь верш ідзе i ўяўная філасафічнасць, на якую прэтэндуюць многія вершы паэта («Моторная лодка», «Рамка», «Старый календарь», «Сентябрит» i інш.). Такая прыземленая i банальная філасофія не прынесла паэту нічога карыснага, у вершы ж «Alter ego» ўяўнасць думкі без усведамлення важкасці кожнага канкрэтнага слова дасягнула свайго лагічнага апагею. Другое «я» ў аўтарскім разуменні выконвае функцыю сумлення, адчування ўласнай чалавечай годнасці, яно надае чалавеку мужнасці i цвёрдасці:

Под пулей грубый горячий наст

Грудь мою ушибет с разбега.

Струшу... Руки поднять не даст

Alter ego.

Але вось нягоды i беды адышлі на задні план, засталіся недзе далёка i атрымліваецца, што больш гэтыя якасці чалавеку ўжо непатрэбныя:

Когда ж меня вознесет в полет

Шальное счастье шального века,

Неслышно в сторону отойдет

Alter ego.

Такое вырашэнне пытання, такая логіка развіцця думкі характэрныя i для некаторых іншых вершаў паэта, узнікае нейкая раздвоенасць, быццам аднаго лірычнага героя стваралі два паэты, i той, хто пачынаў, рабіў гэта значна лепш. Паэта відавочна не хапае на ўвесь верш, на ўвесь зборнік.

Вось i атрымалася кніга слабая, вось i падарожнічае чытач у пустым вагоне, абыякавы i да «второго взгляда» i да «поля зрения», таму што няма, няма еднасці душ паэта i чытача, еднасці паэзіі i жыцця, i толькі калі-нікалі, крадком, быццам баючыся свайго гаспадара, яго прынцыпаў i правіл, з'яўляецца да нас сярод падарожнага тлуму таямнічае i трывожнае ў сваім разуменні сусвету alter ego паэта. Яно не маўчыць, яно крычыць, яно плача. I тады толькі ўзнікае верш:

А вдруг мы тоже не поэты? —

Мы лишь печатаем стихи,

Совсем немножечко задеты

Не самой легкой из стихий.

При ней мы вместо мелких служек.

Статьи о нас — для простаков.

А где-то шлепает по лужам

Поэт, не пишущий стихов.

И, может, кулаком ударив

Доску с невинным чертежом,

Он думае:

— Как я бездарен!

— Как я нелеп!

— Как я смешон.


Загрузка...