МАНАЛОГ АРКУША ПАПЕРЫ


З чаго пачынаецца звычайна паэтычны зборнік? Мы прывыклі задаваць сабе розныя рытарычныя пытанні, але сапраўды, з чаго пачынаецца паэтычная кніга, калі разумець гэтае пытанне ў прамым значэнні, а не з пункту гледжання мастацкіх i жыццёвых вытокаў творчасці?

Бясспрэчна, паэтычная кніга пачынаецца з верша, толькі зусім неабавязкова — з першага верша.

«Стрэчанне» Яўгена Крупенькі пачынаецца з верша «Маналог чыстага аркуша паперы», які надрукаваны якраз у сярэдзіне кнігі. I тым не менш пачатак яе — менавіта там. Чысты аркуш паперы параўноўваецца ў вершы з неўзараным полем, а чалавек, якому наканавана нешта на чыстым аркушы напісаць,— з аратым-сейбітам:

Дзе ты, араты-сейбіт?

Выкладзі думкі свае,

Прашу цябе,— разумееш?

Прашу цябе,— гэта важна,

Быць незасеяным — страшна.

Матыў неўзаранага, незасеянага поля праходзіць праз усю кнігу, праз усю кнігу праходзіць матыў сяўбы. Тым самым вобразу надаецца абагульнены сэнс.

«Стрэчанне» складаецца з трох раздзелаў: «Кніга жыцця», «Сцяблінка каласок трымае», «Па-над лугам, ярам...».

Першая частка вылучаецца сваёй прывязанасцю да часу i падзей, другая — да месца, да зямлі i прыроды ў сувязі з чалавекам, трэцяя — найбольш выразным фальклорным гучаннем. Падзел гэты — даволі ўмоўны. Да таго ж, другі раздзел, у сваю чаргу, мае дзве значныя групоўкі вершаў: «Вольныя рытмы» i «Роздум»; у першым раздзеле змешчаны вянок санетаў «Год», у трэцім —«Плач Яраслаўны».

Паэзіі нашай не хапае цэльных паэтычных кніг, звычайна з друку выходзяць зборнікі вершаў, аб'яднаныя толькі часам напісання. «Стрэчанне» — якраз спроба на шляху да ідэйна-тэматычнай цэласнасці, але, на жаль, спроба далека не дасканалая.

«Стрэчанне» мала звязана з канкрэтным часам, асабліва два апошнія раздзелы, дзе час прысутнічае толькі ў вобразе зязюлі. Месца дзеяння акрэслена больш выразна: Прыдняпроўе — радзіма паэта. Жыццё — звычайнае, штодзённае; прыгажосць, каханне — таксама ў межах звычайнага, штодзённага. Лірычны сусвет паэта характарызуецца прастатой, гарманічнай ураўнаважанасцю, вырашанасцю філасофскіх i жыццёвых пытанняў, пэўнай завершанасцю. Праблемы, якія пастаўлены ў кнізе, спрэчныя ўчынкі вырашаюцца i ацэньваюцца з пункту гледжання традыцыйнай народнай маралі. Тыя праблемы, якія патрабуюць новага, нечаканага, а магчыма, i памылковага падыходу, проста зусім не закранаюцца, прамінаюцца.

Лірычны герой вершаў Я. Крупенькі — звычайны чалавек, досыць стрыманы i досыць неўраўнаважаны, досыць разважлівы i досыць бяздумны — вызначаецца ўсё ж сваёй сталасцю. У вершах на тэму сяброўства найбольш, здаецца, пачуццяў — лірычны герой максімальна набліжаецца да асобы паэта, але, як гэта ні дзіўна, яго пачуцці, наадварот, абагульняюцца, універсалізуюцца. Вось канцоўка верша, прысвечанага Міхасю Стральцову:

Прарокі, што стаялі на віду,

саломіну не кінулі ў ваду.

Пасля ж усе разводзілі рукамі,

калі сябры на спрэчкі забывалі,

кідаліся на дно, i ратавалі,

i зноўку заставаліся сябрамі.

Вершы пра каханне вылучаюцца сваёй разнастайнасцю. З аднаго боку — сур'ёзныя, задумлівыя, з другога — жартаўлівыя, лёгкія. Шмат вершаў пра каханне напісана па фальклорных матывах, некаторыя з ix i па форме стылізаваны пад фальклор.

Увогуле, мастацкія асаблівасці вершаў у гэтай кнізе Я. Крупенькі абумоўліваюцца перш за ўсё сувязямі яго паэзіі з фальклорнымі традыцыямі, якія праяўляюцца ў тэматыцы вершаў, у вобразах, мастацкіх сродках, у светапоглядзе i характары лірычнага героя. Уяўляюць цікавасць некалькі вершаў, у якіх паэт запазычвае з народнай творчасці не песенныя традыцыі, а прыёмы (напрыклад, сінтаксічныя канструкцыі) празаічных жанраў (казак).

I ўсё ж звяртаюць на сябе ўвагу ў «Стрэчанні» шматлікія неахайнасці i недахопы. Прытым — недахопы старыя, «хранічныя», якія выявіліся яшчэ ў першых публікацыях паэта.

Шмат у якіх радках i цэлых вершах заўважаем мы бяздумнасць, павярхоўнасць, недарэчнасць з'яўлення некаторых вобразаў i асобных слоў. Напрыклад:

I стала неяк на душы трывожна,

Што восень так ступае асцярожна

I неўзабаве першы ліст сарве.

З першых двух радкоў даведваемся, што стала трывожна на душы, бо восень ступае асцярожна i, значыць, паціху. Атрымліваецца, аўтар жадае, каб яна ішла смялей (значыць — хутчэй). Але трэці радок супярэчыць такому разуменню аўтарскай думкі. Калі ж абапірацца на трэці радок, зусім недарэчным стане другі. I ў рэшце рэшт ca шкадаваннем разумееш, што ў гэткай недарэчнасці вінаватая ўсяго толькі рыфмоўка «асцярожна —трывожна».

Альбо працытуем такі верш:

Ад праліўнога ліўня

схаваў мяне стог сена,

у які я,

як мядзведзь у бярлог, залез,

сагрэўся i моцна заснуў.

Пах сена быў такі хмельны i цёплы,

нібы грудзі твае.

Тут адзін толькі вобраз з малазразумедым параўнаннем. Можна зразумець Анатоля Сербантовіча, які параўноўваў дзявочыя грудзі з антонаўкамі, але што агульнага паміж пахам сена i грудзьмі (заўважце, не ix пахам, a менавіта імі самімі), цяжка сказаць. I ўвогуле, для верлібра аднаго вобраза, адной ці то пейзажнай, ці то сюжэтнай замалёўкі мала. Думкі ж у вершы, здаецца, зусім няма ніякай.

У адным з вершаў паэт піша:

Загаманіла зноў вясна,

Пасталі краскі ў круг.

Скажы, плугар,

Дзе баразна,

Няўжо ты страціў плуг?

Хочацца калі-нікалі задаць гэтае пытанне i самому паэту. Тут дарэчы працытаваць таго ж Анатоля Сербантовіча, які яшчэ ў 1969 годзе пісаў пра Я. Крупеньку наступнае: «Аўтару трэба i далей развіваць лепшае, што праявілася ўжо ў многіх вершах, i — галоўнае! — хутчэй пазбаўляцца ад сваёй салаўінай бесклапотнасці».

У паэта ёсць пэўныя поспехі на шляху «пераадолення сваіх недахопаў», шляху супярэчлівым i цяжкім. Ён пазбавіўся ад пераймальніцтва, якое праяўлялася досыць часта ў яго ранейшых творах, у яго склаўся пэўны творчы воблік, не апошнюю ролю адыграла тут арыентацыя на фальклорныя традыцыі i творчае, аўтарскае ix асваенне. «Стрэчанне» — чарговая вяха на гэтым шляху. A галоўнае — гэта перш за ўсё кніжка, кніжка пра чалавека, які жыве сярод людзей на зямлі, любіць яе «любоўю земляроба» i вышэй за ўсё ставіць чалавечнасць.

Загрузка...