Звярыула на сябе ўвагу нізка вершаў на гістарычную тэматыку паэта Міколы Пракаповіча, змешчаная аднойчы ў штотыднёвіку «Літаратура i мастацтва». Запомнілася i невялічкая прадмова аўтара, якая пацвердзіла праграмнасць звароту паэта да тэмы мінулага: «Адчуць сябе часцінкай, звяном у бясконцым ланцугу пакаленняў, усвядоміць сваю еднасць з зямлёю, на якой нарадзіўся, немагчыма без разумення той ісціны, што ў гісторыі ўсё звязана адзінай повяззю: лёс чалавека i лёс народа, мінулае роднай вёскі i Бацькаўшчыны...»
На жаль, паэтычны зборнік М. Пракаповіча «На кругі свае», які з'явіўся ў кнігарнях крыху пазней i вершы якога напісаны крыху раней, шмат у чым не задаволіў i ў параўнанні з лімаўскай падборкай расчараваў. Расчараваў найперш таму, што сярод мноства звыклых для чытача рэквізітных купальскіх агнёў, якія нязменна вандруюць са зборніка ў зборнік многіх нашых паэтаў, відавочна не хапала агню жывога, неспазнана-таямнічага i мудрага, якім у сапраўднасці i цепліцца паэзія. A калі не хапае гэтага агню, то нават i эмацыянальны запал кнігі не выратуе становішча, як не выратуе яго i няўдалае «графічнае» «крыжаэксперыментатарства» накшталт верша «Марыя».
Да зусім слабых кніг «На кругі свае» не адносіцца i па многіх параметрах заслугоўвае добрых слоў: нельга не адзначыць трывалую народную аснову творчасці паэта, шчырасць яго любові да Бацькаўшчыны.
Але вось ці знойдзецца сярод крытыкаў такі, які ўсур'ёз, не пакрывіўшы душой, пакажа, чым зборнік М. Пракаповіча «На кругі свае» (1986) істотна адрозніваецца ад зборніка М. Пракаповіча «Неад'емнае» (1982), у чым ён пераўзыходзіць яго, развівае?
Наўрад ці, бо цяжка пераканаць у тым, чаго, на жаль, няма.
I што новага, значнага ў паэме «На кругі свае» ў параўнанні з паэмай «Неад'емнае», акрамя большага памеру? Тая ж пабудова як бы з асобных вершаў, тыя ж фальклорныя стылізацыі, той жа матыў вяртання i замкнёнае ідэйна-тэматычнае кола, выхаду за якое — няма. Праўда, у пазнейшай паэме ёсць пэўныя гістарычныя матывы, дакладней, матывы абагульнена-легендарнага мінулага: стандартнае пралітаратурнае паданне пра чорнае i змрочнае Князь-возера:
Як вока, Князь-возера там ляжыць,
Вада, бы смала, густая,
Ніводзін звер туды не бяжыць,
Птушка не залятае.
Канешне ж, некалі на беразе возера высіўся да аблокаў палац,
I правіў палацам i краем тым
Магутны князь зпакаміты.
Няўмольны быў i, як тур, круты,
Ворагамі не біты.
На Купалле з'явіліся «неагляднай чорнай хмарай» татары, паланілі князёўну-прыгажуню:
Кіпіць, бунтуецца рака.
А шыю, гордую, бы ў лані,
Ca свістам перацяў аркан.
Татары ў смяротным баі знішчылі большую частку абаронцаў палаца, над астатнімі i самім князем навісла пагроза палону. I вось тады
Раз'юшана пярун ударыў,
Палац затросся, нібы гляк,
Шалёна ўздыбіліся коні,
I раскалолася зямля...
Тры дні імчалася пагоня,
Вятры грывастыя раўлі,
Ляцела рэха ў гулкай шыры,
I слаўся стэп —
На ўсе чатыры,
Хадзілі морам кавылі.
Так, усе загінулі, а пагоня імчалася i на трэці(!) дзень дасягнула стэпу. I далей, князёўна нявольніцай у хана, сярод агорклых ненавісных юрт:
А недзе за стэпам,
За шумам бароў
Радзіма —
Далёка-далёка.
Чужая гаворка,
Чужая рака,
I стромкі,
Скалою,
Бераг...
Ахова кінулася шукаць,
Ды толькі човен маладзіка
Хусцінку на хвалях гушкаў.
I «скалою бераг», i ахова, якая не ахоўвае, але ж кідаецца шукаць — яшчэ не самае горшае. Горш, што сам прынцып наіўнай стылізацыі пад народнае паданне ўжываецца ў сваім ненайлепшым варыянце ў сучаснага паэта. Ды нават калі ўжо браць народнае паданне, то чаму б не адметна беларускае, чаму абавязкова звязваць матыў палаца, горада на беразе возера, у ім i знікшага,— з татарамі, набліжаючыся тым самым да зместу славутага «Сказання аб градзе Кіцежы»? Паданне — адна са слабейшых частак паэмы «На кругі свае», напісанай шчыра, эмацыянальна, але на звычайным сярэднепаэтычным узроўні, які ламаецца, прабіваецца да свежасці i чысціні хіба толькі ў асобных невялікіх урыўках:
З няспетых песень,
З невядомых святаў,
З нябачаных світанкавых праяў
Непадуладна,
Лёгка
I крылата
Ляцела птушка белая мая.
Альбо:
Адзін у полі — не воін,
Калі гэта поле чужое.
Устану ў полі
Адзін я,
Калі гэта поле —
Радзіма.
У заключным раздзеле паэмы («Вяртанне») ёсць такія сімвалічныя радкі пра сімвалічную, святую белую птушку:
Знаёма i загадкава палалі
Пад крыламі купальскія агні.
Калі дазволіць сабе грэх пераасэнсавання, радкі гэтыя лаканічна i дакладна перадаюць змест паэмы, уражанне ад яе i месца на агульным фоне беларускай паэзіі, вось толькі купальскія агні — знаёмыя, але не загадкавыя ў паэме, якая займае палову кнігі.
Другая палова кнігі — вершы. У першым жа з ix паэт слушна сцвярджае:
Тады падымаецца крона,
Калі беражэш карані.
Ісціна бясспрэчная, шматзначная i асабліва важная ў наш час — час паслаблення народных, нацыянальных каранёў, жыццёва неабходных i крэўных каранёў Бацькаўшчыны. Так:
У кожным лісціку жыве яе дыханне,
У кожным дрэве — тайна каранёў.
Прыгледзішся — i ў сполахах агнёў
Забытая гісторыя паўстане.
Пастаянны матыў вершаў Міколы Пракаповіча — матыў вяртання: вяртання дадому, да вытокаў, да каранёў, i калі ў кнізе часта сустракаецца вобраз дарогі, усе гэтыя дарогі вядуць назад, вяртаюць часам ужо з назвы вершаў: «Радавод», «Вяртанне дадому», «Вяртанне Міхала Агінскага».
I хаця зрэдку сустракаюцца ў паэта спробы пераканаць сябе i чытача ў тым, што
Ды выстаіш ты i паверыш сам —
Наперад вядзе дарога,
гэтыя няўпэўненыя жаданні i парыванні не пераконваюць (акрамя верша «Гара»), бо куды часцей i выразней гучаць радкі накшталт:
I будуць дарогі вяртацца
У той незабыўны куток,
Дзе ў квецені белых акацый
Жыцця твайго чысты выток.
Такая ідэйна-тэматычная накіраванасць характэрна i для папярэдніх зборнікаў М. Пракаповіча. I само па сабе нічога ў гэтым няма благога, каб не тэндэнцыя да статычнасці, нерухомасці гэтай тэмы, а часам, пры адсутнасці сапраўдных, а не графічных пошукаў у галіне формы,— i да несвядомай, ненаўмыснай эксплуатацыі яе паэтам. Замест ісцінага, глыбокага мастацкага пошуку заўважаюцца пэўныя намаганні i поспехі ў «мастацтве» рабіць вершы i нават падрабляць ix, калі пісаць бывае няма пра што, a пісаць i трэба, i хочацца, магчыма, ад чыстага сэрца. I няхай сабе назіраюцца нават толькі рэцэдывы такой з'явы, а не сама з'ява, але яны ўяўляюцца вельмі небяспечнымі для далейшага творчага сталення М. Пракаповіча, улічваючы, што з узростам i павелічэннем колькасці кніг паэты звычайна ўсё больш выходзяць са сферы ўздзеяння крытыкі i самакрытыкі.
Так, крона падымаецца толькі тады, калі беражэш карані. Але, у сваю чаргу, для таго, каб зберагліся, мацнелі карані, трэба, каб падымалася, узрастала крона. Пагляд жа на сучаснасць у аўтара «На кругі свае» даволі невыразны, i не дзіўна таму, што трывалая народная мараль «усё растрэсвае да асноў» у хісткім, неакрэсленым светапоглядзе лірычнага героя-сучасніка. Сувязь сучаснасці з мінулым, як адна з праяў сучаснасці, акрэслена аўтарам даволі выразна, але ўсе астатнія праявы сучаснасці, калі сыходзіць са зместу кнігі М. Пракаповіча, зводзяцца да кахання, сяброўства i зрэдку — да трывожнага стуку галінкі ў акно (вобраз дамесны i яркі ў вершы «Змірыцца з тым, што больш нічога...», i штучны, зроблены ва ўсіх астатніх вершах кнігі).
Вершы пра каханне хутчэй можна ахарактарызаваць як вершы пра закаханасць (па манеры выкладу, па ўспрыманні), але гуллівасць i цацачнасць, характэрныя для многіх з ix, зусім не перакрэсліваюць шчырасць i натуральнасць лепшых з такіх вершаў, бо своеасабліва i жыццёва-натуральна (парадокс?) выяўляюць характар лірычнага героя («Начная электрычка...», «Вечар...», «Калі ўжо сказаны ўсе словы...»). Каханне паказваецца ў яго імгненнасці, неспадзяванасці, сучасных супярэчлівасцях і, як ні дзіўна, дзе элемент «гульні» ў выкладзе верша прысутнічае,— там ён утрымоўвае аўтара ад літаратуршчыны i банальнасці накшталт:
Трэба ўсё забыць,
усё закрэсліць,—
Паміж намі спалены масты...
А каханне з попелу ўваскрэсла,
Яркай птушкай з чорнай нематы.
Прыкметы «вершаўмельства» i «вершазробленасці», банальнасці i павярхоўнасці трапляюцца, на жаль, у зборніку М. Пракаповіча не так ужо рэдка: i ў паэме, i ў раздзеле вершаў пра каханне «Вуліца згоды», i ў асноўным раздзеле «Паходжанне».
Разгледзім для прыкладу верш «У клопатах, у шумнай мітусні...», эпіграфам да якога ўзяты радок Уладзіміра Жылкі: «Зацвілі твае вочы між тлуму...» Радок гэты варты цэлага верша, калі ні паэмы, i калі сказаць, што ён самы выдатны ў кнізе «На кругі свае» — нічога крыўднага для яе аўтара ў тым не будзе, бо i ў самога Жылкі — паэта надзвычай вобразнага, глыбокага, філасофскага, гэты радок — як найкаштоўнейшы дыямент. Існуюць пэўныя законы суіснавання эпіграфа i асноўнага тэксту, на гэту тэму варта б напісаць асобнае даследаванне, але, паколькі нас цікавіць канкрэтны прыклад, адзначым толькi, што мы маем перад сабой характэрны выпадак забойства аўтарам свайго верша пры дапамозе эпіграфа. На папярэднім радку верш пачынаецца, на ім псіхалагічна ўспрымальна i заканчваецца, настолькі той моцны i яркі, вобразны. Астатняя i фармальна-асноўная частка верша — аморфны прыдатак, хаця самі па сабе гэтыя тры страфы не пазбаўлены цікавай думкі, праўда, як i не пазбаўлены наступных «філасофскіх» высноў:
Заўсёды светла ў светлай галаве,
Удачы, як прылівы i адлівы.
Цяжка вінаваціць паэта за яркі эпіграф да верша, але прамінуць такую з'яву, пакінуць яе без увагі — нядобрасумленна, хаця б таму, што яна характэрна i для іншых вершаў паэта (напрыклад, верш «Плёшча» таксама не вытрымлівае важкасці i цяжару свайго эпіграфа)...
А вось у вершы «Гара» эпіграф i верш знаходзяцца ў гарманічным суладдзі, ідэйна-тэматычным, вобразным сугуччы:
Што чакае за крутой гарой —
Выявіцца толькі на вяршыні.
Вось яна, гара!
А што за ёй?
А за ёю — бездань i пустэча...
Над зялёнай цёплаю зямлёй
Росны i туманны вечар.
Там,
унізе,—
людзі i трава.
Тут — снягоў халоднае свячэнне.
Як імкнуўся, як хацеў парваць
Ты зямлі утульнай прыцягненне!
I карэнне, што яднала вас,
Адсякаў спляча, з усмешкай гордай.
...Шлях назад — святлом заліты горад,
Шлях наперад — вызначае час,
Чуеш, як ён тахкае ў грудзях:
Крок у бездань — a ці стане сілы?
У мацнейшых — прарастаюць крылы,
Хто слабейшы — бог таму суддзя.
Што сустрэнеш: вечнасць ці зару
У чаканні, як страла, напяты?
...Над табой праносяцца крылата
Душы тых, хто перамог гару.
Магчыма, каб не было гэтага i некалькіх іншых вершаў у кнізе «На кругі свае», не было нядаўніх цікавых публікацый гістарычных вершаў Міколы Пракаповіча, якія даюць спадзяванні на плён гэтага артыкула, магчыма,— артыкула i ўвогуле б не было.
Але нельга вярнуцца не пайшоўшы: так i ў паэзіі, i ў жыцці...