11


На педсавет пазніліся дырэктар i выхавацельніцы дзіцячага дома.

Анатоль Паўлавіч смаліў махорачныя самакруткі i нешта выпісваў з класных журналаў. Настаўніцы за доўгім сталом правяралі сшыткі, Вера Рыгораўна прымасцілася ў куточку доўгай драўлянай канапы i засяроджана чытала «Раман-газету». Наталля Іванаўна нешта шаптала Соф'і Міхайлаўне, а тая ад здзіўлення толькі круціла галавою.

У калідоры пачуўся мяккі тупат валёнак.

— Ну, нарэшце ідуць,— узрадаваўся дырэктар i зірнуў на гадзіннік. Дзверы шырока расчыніліся. Васіль Сцяпанавіч у парозе пачаў праціраць запацелыя шкельцы акуляраў, расчырванелая Марына Раманаўна адразу падбегла да Веры i села побач.

— Ну, таварышы, пачнём,— падняўся дырэктар.— На парадку дня ў нас два пытанні: вынікі навучальнай чвэрці i стан выхаваўчай работы. Па першым пытанні слова мае Наталля Іванаўна.

Яна павольна паднялася за сваім маленькім столікам, што стаяў пры сцяне, рукою разгладзіла справаздачную ведамасць, уздыхнула i пачала:

— Радавацца нам няма чаго. Паспяховасць за мінулую чвэрць 78 працэнтаў, 22 працэнты двоек мы паставілі самі сабе. Кепска працавалі, таварышы. Найбольш адстаём па мове i матэматыцы...— i пайшла пералічаць па класах, колькі ў каго двоек. Яна распалялася з кожнаю хвілінаю, смуглявыя шчокі пакрыліся чырвонымі плямамі. Наталля Іванаўна папракала настаўнікаў i выхаваўцаў дзіцячага дома. Пра адных гаварыла рэзка, даўніх сваіх сябровак абыходзіла, не называючы прозвішчаў.

— Дзіўная рэч, па літаратуры амаль усе выдатнікі, а па мове — двойка на двойцы едзе i двойкаю паганяе. Можа, таварыш Барышава з Тартынаў хоча зрабіць Пушкіных ці Маякоўскіх, a правільна навучыць пісаць «коллективизация» не можа.

Вера памкнулася нешта сказаць, але Марына стрымала яе.

Свой даклад Наталля Іванаўна закончыла катэгарычна:

— Далей такога становішча цярпець нельга. Калі ў бліжэйшы час у працэнтных адносінах не будзе рэзкіх зрухаў, давядзецца рабіць арганізацыйныя вывады!

У настаўніцкай застыла прыгнечаная цішыня. Васіль Сцяпанавіч нешта чыркаў на прамакатцы. Міхась Іванавіч Акунёў разглядаў наскі сваіх пімаў, шыракатварая Варвара Іванаўна ўтаропілася вачамі ў завуча, глыбока ўздыхнула i спакойна спытала:

— З каго ж пачнеш разганяць, Наталля... Іванаўна? А?

— Вынікі наступнай чвэрці пакажуць...

I тут загаманілі ўсе разам:

— Ну, так можна ўсіх разагнаць...

— Захочуць пазбавіцца ад каторага i пачнуць хапаць двойкі.

— Трэба гультаёў прымусіць вучыцца.

— А як ты ix прымусіш?

— Цацкаемся залішне...

— Цішэй, таварышы, цішэй. Давайце па парадку. Хто хоча сказаць? — запытаў Анатоль Паўлавіч.

Нечакана для сябе паднялася Вера i загаварыла, ледзь стрымліваючы хваляванне.

— Тут больш за ўсё абвінавачванняў было мне.

— Гэта яшчэ не абвінавачванні,— перабіла яе Наталля Іванаўна.

— Ну, няхай будуць заўвагі ці папрокі. Сапраўды, атрымліваецца дзіўна: многія вучні, што летась паспявалі, за гэтую чвэрць атрымалі двойкі. Выходзіць, не навучыліся, a развучыліся правільна пісаць. А дайце ім сёння такі дыктант, які яны пісалі раней, усе напішуць на чацвёрку. Будзе ў ведамасці стопрацэнтная паспяховасць, толькі не будзе ведаў. Я знарок ставіла павышаныя патрабаванні, каб мабілізаваць увагу дзяцей, каб яны адчулі свае слабасці i вучыліся больш старанна. Не буду звальваць на некага віну, але мушу сказаць, што многіх прыходзіцца перавучваць. У ix агульныя памылкі, i вучні сцвярджаюць, што ix памылкамі не лічылі.

— Яны нагавораць... Слухай ix толькі,— азвалася Аўдоцця Мітрафанаўна i вінавата заморгала.

Вера не звярнула ўвагі на яе рэпліку i гаварыла далей з прыкметным хваляваннем:

— Тут прапанавалі больш жорстка патрабаваць з вучняў. Але жорсткасць заўсёды выклікае зацятае супраціўленне. Не прымушаць, a зацікавіць трэба дзіця. Каб кожны ўрок быў для яго радасцю адкрыцця нечага невядомага, новага, цікавага i светлага. Каб вучэнне было не пакутаю, а шчасцем.

— Па-мойму, замест прызнання сваіх недапрацовак, вы спрабуеце зваліць віну на некага i пачынаеце вопытным настаўнікам чытаць лекцыі па педагогіцы,— ускінулася на Веру завуч.

— Я думаю, Вера Рыгораўна вельмі правільна сказала. Зацікавіць дзяцей мы яшчэ не ўмеем, а яна ўмее,— спакойна i разважліва загаварыў Васіль Сцяпанавіч.— Я мяркую па нашых выхаванцах. Самыя непаслухмяныя цягнуцца да сваёй настаўніцы, слухаюцца i паважаюць. Толькі i чуеш: «Вера Рыгораўна сказала», «Вера Рыгораўна прасіла зрабіць»,— i спяшаюцца, каб не спазніцца на яе ўрок. А спектакль, які i мы з захапленнем глядзелі, хіба не заслуга Веры Рыгораўны? Вось тое выхаванне, якога не хапала ў нашай школе. I за двойкі на яе не крыўдзяцца. Ставіць яна ix ласкава, з вераю ў магчымасці вучня...

I тут усхапілася Наталля Іванаўна:

— Ну, пра ўсе «спектаклі» таварыш Кеменеў яшчэ не ведае. Не хацела гаварыць, але вымушана. Хто рабіў спектакль за спіною Барышавай, мы з вамі ведаем. I няма чаго ёй прыпісваць чужыя заслугі. Ды i рабілася гэта дзеля прыклёпу, каб зручней было сустракацца з гэтым... што некуды спешна выклікалі. Вось тут, у школе, у ix сапраўды былі «спектаклі». Калі на тое пайшло, раскажу. Тут усе свае...

— Наталля Іванаўна, не трэба выносіць плёткі,— перапыніў яе дырэктар.

— Плёткі-і-і? Гэта, па-вашаму, плёткі? Калі б сама не бачыла, не гаварыла б. I мая Жэнька ў артысткі падалася. Чакаю: 10 гадзін — няма, палова адзінаццатай — няма. Дай, думаю, схаджу паглядзець, дзе там яна. Дайшла да рогу, аж чую — ідуць, сакочуць. У адным класе святло гарыць. Пытаюся: «Чаму так позна?» — «Рэпеціравалі»,— адказваюць хорам. Я ix адправша, а сама падышла да варот. Стаю, чакаю. Агонь патух, а са школы ніхто не выходзіць. З паўгадзіны памерзла — нікога. Што ж, вы думаеце, яны ўпоцемках у даміно ці ў шахматы гулялі? I так кожны вечар. Я не раз бачыла, як яны каля Трахімішынай брамкі пакалываюцца i ў хату знікаюць. A ўжо апошнім часам i не хаваліся. Да раніцы гэты майстра на ўсе рукі прападаў у вашай хвалёнай настаўніцы. А пачалося гэта там, у хатцы на семнаццатым кіламетры, калі ўдваіх начавалі. Вось вам прыклад дзецям, вось вам маральнае аблічча i прынцыповасць камсамолкі Барышавай.

Усе прыціхлі, як аглушаныя. Кожны крадком пазіраў на скамянелую Веру Рыгораўну. Шчокі яе палалі, як у ліхаманцы, невідушчыя ад слёз вочы ўтаропіліся ў Наталлю Іванаўну. Усе маўчалі.

— Да-а, дзялы! — выдыхнула Варвара Іванаўна.— Можа, ты трохі i перахапіла, Наталля, але факт застаецца фактам. I факт непрыемны. Што скланяюць нас за нізкую паспяховаць, даўно прывыклі. А такога яшчэ не было.

— Дык i няма нічога такога,— ускочыла Марына Раманаўна.— Абвінавачванні Наталлі Іванаўны — толькі здагадкі, a фактаў няма...

— Чаго захацела! Фактаў. Не маленькая, сама ведаеш...

Старэйшыя настаўніцы заўсміхаліся. Хоць адносіны Веры з Аляксеем ні для кога не былі навіною, «па сакрэту» ix малолі па дарозе дадому, заходзячы адна да аднае, але ніхто не думаў выносіць ix на абмеркаванне. Ну — гуляюць, няхай гуляюць. А Наталля Іванаўна вунь як павярнула!

З канапы павольна ўстала Вера Рыгораўна. Усе заціхлі i павярнуліся да яе.

— Я дарослы чалавек i маю права на асабістае жыццё. Каго кахаць i каго ненавідзець, разбяруся сама, без абмеркавання на педсавеце. Усе абвінавачанні завуча — злосны паклёп хваравітай фантазіі. Здзіўляе i тое, адкуль у немаладой, вопытнай жанчыны столькі злосці i непрыязнасці. Гэта я адчула з першай сустрэчы з вамі, Наталля Іванаўна, але такога не чакала нават ад вас. Калі ў вас яшчэ ёсць сумленне... Цяпер, Анатоль Паўлавіч, дазвольце мне пайсці. Тут вельмі душна.

— Хвіліначку, Вера Рыгораўна,— падняўся ўзрушаны, расчырванелы дырэктар.— Тое, што сказала Наталля Хванаўна, яе асабістая справа, якая не мае нічога агульнага з адносінамі да вас калектыву, кіраўніцтва школы.

— А я што, прыйшла з вуліцы? — ускочыла Быкова.— Я не маю дачынення, па-вашаму, да кіраўніцтва? Хто адказвае за вучэбны працэс? Нізкая паспяховасць хіба не вынік бытавога разлажэння? Так што не вельмі абараняйце, Анатоль Паўлавіч.

Вера таропка накінула хустку, доўга не магла знайсці рукаў паліто i, нічога не сказаўшы, выскачыла з настаўніцкай. Марына Раманаўна папрасіла ў свайго дырэктара дазволу i пайшла следам за Вераю. На вуліцы волкі вецер гнаў i круціў лапушысты мокры снег. Марына ледзьве разгледзела Веру ў шэрай снежнай крутаверці. Дагнала, прасунула руку пад пашку:

— Верачка, супакойся, не трэба. Ну не плач...


Загрузка...