7


Паштальёна ў сяле не было: кожны па пісьмы i пераводы заходзіў у вузкі i доўгі пакойчык пошты i з надзеяй пазіраў на Васіля Пракопавіча. Ён заўсёды памятаў, што каму прыйшло. Калі не было нічога, звычайна суцяшаў: «Усё яшчэ піша. До-оў-гае пісьмо. Заходзь другім разам». A калі пэўна ведаў, што нешта ёсць, усміхаўся, павольна гаварыў: «Паглядзім, можа, што i прыйшло». Накульгваючы, ішоў да доўгай скрыні, перабіраў не вельмі гнуткімі пальцамі трыкутнічкі i канверты, глядзеў на штэмпелі i падаваў пісьмо.

Ён ведаў, дзе хто служыць, дзе жыве, у якім шпіталі адлежваецца сын або муж. Бадай усе пісьмы даводзілася чытаць яму. Адны прасілі, бо недабачваюць, другія не разбіралі «дробны почырк». У Васіля Нракопавіча збіраліся ўсе селавыя навіны, а пра што няможна было ведаць староннім, i родная жонка не магла дапытацца.

Вярнуўся ён на другім годзе вайны без ступака. Сам выстругаў бярозавую падпорку пад калена i так налаўчыўся бегаць, што не кожны на дзвюх угоніцца. З Мішам Усцігавым яны разам раслі, a ў сілу ўвабраліся — у адной брыгадзе варочалі, i на прызыў разам пайшлі, таварышавалі i цяпер — адна бяда ў абодвух.

У дні выплаты пенсіі любіў Міша патаўчыся на пошце, павыскаляцца з Васілём, дазнацца навіны, газетку пагартаць, каб потым пераказваць Параньцы. Васіль Пракопавіч даў Мішу распісацца i пачаў угаиорваць, каб хоць пяцёрку паклаў на кніжку:

— ІІа-першае, процант расце, выгада,— ён загнуў яшчэ палец,— грошы не будуць без дзела ляжаць, а пойдуць у абарот: казне карысць. Выкананне плана па мабілізацыі сродкаў: мне плюс. Бачыш, колькі выгады ад твае пяцёркі. Давай, Міша, не туляйся.

— А хто туляецца?

— Дык давай!

— Калі ж бо гэтую хітрую кніжку баба хавае. Няхай другім разам.

— Грошы запішу ў картку, a ў кніжцы другім разам адзначу. Не верыш?

— Э-э-э, разумны! Ты ў кніжку цяпер упішы, а грошыкі другім разам возьмеш. А-а, баішся? Сам не верыш? А табе вер!

— Я ж дзяржаўная ўстанова. Пошта i ашчадкаса. Набярэцца патрэбная сума, касіра назначаць. А чаму ж i цябе не ўзяць? Работа якраз па табе: сядзі, паплёўвай на пальцы ды лічы купюры. Давай, Міша, кніжка ў цябе в-у-у-нь, з патайное кішэнькі тырчыць.

— Ну, скажы... праз кажух бачыць! I праўда, ліха на яе, тырчыць. Пішы. Дзесятку. Не думай, што Усцігаў несазнацельны.— Ён дастае з-за пазухі кніжку, i абодва смяюцца.

Зірнуць збоку — не іначай, сварацца, a даўнія сябры заўсёды пакепліваюць i пацяшаюцца адзін з аднаго. Міша далікатна разгладжвае ружовыя трыццаткі i чырвонцы, хавае за пазуху, насоўвае шапку, ямчэй иадмошчвае мыліцу i скача з прыступкі на прыступку. Ён з кожнай пенсіі купляе Феньцы «падушачкі», часам прыносіць Параньцы паркалёвую хустачку ці крамніны на кофту.

Толькі параўняўся Міша з сельсаветам, дай, думае, зайду, закіну старшыні пра касірства. Можа, i не зашкодзіць. Успомніць, калі дойдзе да таго, глядзіш — i пры дзеле буду.

Зайшоў, стаў у парозе, шапку падмасціў пад мыліцу — так мякчэй i рукі вольныя.

— Праходзь, садзіся,— прапанаваў старшыня.— Ну, як жывеш?

— Жыву, хлеб жую. Адно кепска — нудна без дзела. От каб работу якую па маёй сіле, весялей было б, i — глядзіш, да пенсіі капейчына набегла б.

— Якую ж табе работу?

— Васіль Пракопавіч казаў — яму касір хутка спатрэбіцца, дык я падышоў бы па ўсіх стаццях. Сам жа недаеш, як я некалі задачкі лузаў i табліцу зверху ўніз i знізу ўверх назубок помню. За мільёны не бяруся, а сотням дам рады.

— Васілю аднаму драмаць абрыдла, дык напарніка шукае.

— Кажа, не паложана ўсё ў адных руках трымаць.

— Калі тое будзе, можа, i цябе падтрымаем.

Старшыня сеў за стол, пабарабаніў пальцамі па краёчку, адсунуў шуфляду. Міхаіл прыгледзеўся, як ён зблажэў. Жыватом пакутуе чалавек. Таму i на фронт не ўзялі. Пасланяўся ў тылавых інтэнданцтвах, i адтуль спісалі па здароўі. Так усю вайну тут i камандаваў бабамі ды падлеткамі. Паглядзеў старшыня на Мішу i пытае:

— Скажы ты мне, Усцігаў, што за ён, гэты твой дружок, што ў школе заўхозам робіць?

— А што?

— Калі пытаюся, значыць, трэба.

— Мяне ж гэты, як яго там, ну, пракурораў пісьмавадзіцель пытаў.

— Стажор? Пушанкоў?

— Стажор, кажаш? А вантробы мудрэй за ніткі матае. Хацеў я паслаць яго... але прыкусіў язык, вось яго шануючы,— Міша паказаў на сцяг, што стаяў у куце.— Ты мяне ведаеш? Паручыцца можаш? Ці, можа, i я пераапранутьз фашыст? Га?

— Ну які з цябе фашыст? — зарагатаў старшыня, змераўшы поглядам Усцігава.

— От так i я за Ляксея галаву гатовы пакласці. А што ў цябе за клопат пра яго? Ты ж у пракурорах не служыш.

— Ты, Міхаіл, не вельмі хайлай за свайго дружка i галаву зазра не кладзі.— Абрамаў пакорпаўся ў шуфлядзе, выцягнуў самаробны канверт, пачухаў патыліцу.— Панімаеш, бумага прыйшла. Далжон я ёй ход даваць ці, па-твойму, пад сукно сунуць? Як бы ты зрабіў на маім месцы, га? Паслухай, што пішуць з яго стараны. Во, адсюль: «Як стала вядома, у вашай дзярэўні пражывае нехта Буевіч Аляксандра I. Сабшчаю, што вышэйуказаны Буевіч А. І. I. пры немцах служыў у Кльніцкай управе (БССР), насіў пры сабе пісталет i выдаў гестапу патрыётаў-падпольшчыкаў. Затым Буевіч уцёк за лінію фронту i хаваецца ў вас ад законнай кары.

Як сумленны савецкі грамадзянін даводжу да вашага ведама, каб перадалі гэтага Буевіча А. I. надежным савецкім органам на мястах.

К сяму савецкі патрыёт тав. ........


Абрамаў паднёс ліст да вачэй:

— Пад капірку пісана, a подпіс не разабраць: кручкоў i загагулін цэлы азярод. Упачатку ні то пэ, ні то нэ... Ну, што скажаш, яфрэйтар? От твой «святы»!

— А скажу, таварыш старшыня, блясна, а не жывец. Клюнеш i павіснеш на ёй: ні пракаўтнуць, ні выплюнуць. Хто пісаў, ведаеш?

— Лixa яго разбярэ.

— Адрас гэтага «сумленнага грамадзяніна» ёсць?

Старшыня так i гэтак агледзеў ліст i пакруціў галавою.

— На канверт паглядзі, што за пячатка на марцы.

Аляксандр Іванавіч уздзеў акуляры, каб разгледзець паштовы штэмпель.

— Сэтэ. Ла-за-в... а далей расплылося.

— Пакажы сюды.— Усцігаў скокнуў да стала.— Ну, канечне, Лазавая. Ведаеш, дзе гэта?

— Ну, дзе?

— У Данбасе. A Ельніца? У-га! Каля Мінска. Якая ж гэта яго старана? Падобна, што гэты самы «патрыёт» сам пяты падмазвае.

Старшыня задумаўся.

— А ты, Усцігаў, вушлы. Табе б не касірам быць.

— Я ў разведцы носам за вярсту чуў, чым вораг учора вячэраў. Тушонкаю i каваю ікае — афіцэра ўпалюю, a галетамі — салдат. Так што не сумлявайся: блясну закінуў... Ла-за-ва-я... Ах ты, гад, каб з цябе самога лазу дралі! Ты ўсякаеш, куды гне? Піша туды i сюды, бытта ix некалькі даносчыкаў, а гэта ж адна шэльма. Баіцца, каб самога не папуталі. Думае, хай ад цябе «сігнал» пойдзе. Сельсавет трывогу заб'е. Каб яго падучая біла.

Старшыня задумаўся i спахмурнеў.

— Што ж рабіць?

— Кінь у печ, i ўся работа.

— Не маю права: зарэгістравана ў кнізе ўхадзяшчых. Трэба даваць ход, a які — ліха яго ведае.

— Пісаць адказ няма каму: ні адраеа, ні прозвішча няма. Адна дарога — у печ, i нікому ні гу-гу. Каб толькі бабы на языкі не падхапілі. A Буевічу пра ўсё скажу. Ты нікому гэтую «фількіну грамату» не паказваў?

— Табе паказаў. Дай, думаю, распытаю. Ты ж яго прывёз сюды. Каму, як не табе, ведаць лепей? I свой ты чалавек, савецкі з галавы да пят. Наталлі Іванаўне паказаў. Яна ж школьнае начальства, як ні кажы.

— Тут прамашку даў. Ёй паказаць — што на слуп прыляпіць, Скажы — так i так, дзела сакрэтнае, каб не званіла. А паперку гэтую аднраў не ў раён, а каму трэба ў Мінск. Там на месцы разбяруцца, дакапаюцца, хто піша. A ў нас, у раёне, не дадуць рады. Хто ім што скажа? Напішы: паступіў гэты самы данос, а чалавек з вашае стараны, разбярыцеся i паведаміце. От «ухадзяшчае» стане «ісхадзяшчым», i клопату мала.

— Слухай, дзе ты так падкаваўся? Мудрэй за адваката сячэш!

— А ты думаў — Усцігаў вахлак вахлаком? Я, брат ты мой, франты прайшоў, самому генералу дакладаў, у асобым аддзеле каравульную службу нёс. Так што будзь спакойны, яфрэйтара таварыша Усцігава на пальцы не падсмажыш! Аднаго прашу: Аляксея не руш. I гэтай сакатусе скажы, каб хоць трохі памаўчала.

Міхаіл устаў, выцер шапкаю ўзмакрэлы твар.

— Ну, пайду, а ты, Аляксандра Іванавіч, рабі, як казаў. Лепей не прыдумаеш.

— Можа, у раён таварышу... гэтаму, Пушанкову, адаслаць. Няхай разбіраюцца.

— Адсюль разбірацца — што грузды, седзячы на печы, шукаць.— Усцігаў насунуў шапку, казырнуў на развітанне i паскакаў на мыліцы.

Дадому прыйшоў маўклівы i задуменны. Калі ўбегла Фенька, паманіў яе да ложка, даў «падушачак» i наказаў, каб дацікавала Аляксея i сказала, што конча патрэбен.

— Дзядзька Алёша ў завозні хамут перавязвае.

— Скокні, дачушка, пакліч.

Да змяркання прыслухоўваўся Міхаіл, калі рыпнуць весніцы i на ганку пачуецца знаёмы тупат, смаліў цыгарку за цыгаркай i пазіраў у акно.

Аляксей зайшоў, як добра звечарэла. Залубянелы на ветры i сцюжы твар пабурэў, зашэрхлі губы, а вочы іскрыліся ўсмешкаю. Ад яго пахла свежасцю i сырою бярозаваю карою. Ён пацешна казырнуў, ляснуў падборамі i адрапартаваў:

— Па вашаму загаду з'явіўся.

— Вольна. Сядай,— сур'ёзна адказаў Міхаіл i пачаў грэбціся на край ложка. Аляксей памог яму сесці, расшпіліў куфайку i хацеў прымасціцца побач.

— Распранайся. Справа ёсць.

— Ой, як сур'ёзна. Выкладай, што ў цябе.

Miшa марудна скручваў цыгарку з жоўтай паперы ад махорачнага пачка, доўга жмакаў краёчак, зацягнуўся, папыхкаў i запытаў:

— Адкуль цяпер возіш дровы?

— З павароткі на шостым кіламетры. А што?

— Сахатыя не пападаюцца?

— Увесь асіннік стаўклі. Ці не на паляванне збіраешся?

— Хто ж такою парою на сахатых пойдзе? От як улежыцца метровы снег ды заледзянее зверху пальцы ў тры, тады ідзі, не прамахнешея... Я, брат, сваё адхадзіў,— уздыхнуў Міша.— Даўней, калі ix ніхто не лічыў i забароны не было, i я не аднаго зваліў. Пасля каляд, туды пад вясну, ходзяць на ix. Днём сонца прыгрэе, снег растае, ноччу мароз ціскане, i ўсё ледзяною скарынкаю бярэцца: як шкло, чырым блішчыць, любога трымае. Але без лыжаў далека не зойдзеш. Падшытыя ласёваю шкураю лыжы як па вадзе плывуць — заяц i той не пачуе. А трэба замерці на месцы — тузанеш назад. Поўсць натапырыцца, i стаіш, дзе спыніўся... Думаў пра цябе.— I Міша расказаў усё, што было ў сельсавеце. Слова ў слова расказаў. Аляксей пакусваў ніжнюю губу, не перапытваў, не перабіваў. Даслухаўшы, загаварыў:

— Значыць, некаму замінаю. Ка-му ж? Робіць ход канём: капае не туды, куды трэба, ідзе абходным манеўрам: няхай сельсавет, афіцыйны орган улады, «сігнал» падасць, а ён i тут убаку. Значыць, недзе жыве юда, дрыжыць за сваю шкуру, замеет сябе другога хоча падаткнуць. Разумеет, Міша?

— Я адразу ўсёк i тое ж самае Абрамаву сказаў.

— Выходзіць, трэба ехаць. I так заседзеўся не на сваім седале. Можа, там дзе яго знайду. A знайсці абавязаны! — Аляксей прайшоўся па хаце. Фенька, высунуўшы язычок, пісала слупкі лічбаў.

— Дзядзя Лёша, а ў мяне правільна выходзіць?

— О, дык ты малайчына! Ага, так, так, усё правільна.

— A ў цябе ўсё няправільна, Аляксей,— азваўся Усцігаў.

— Чаму?

— Відаць, у гарачай вадзе маленькага купалі ці на чаране нарадзіўся. Ты паедзеш, а што падумае Абрамаў? Уцёк, сляды замятае. Значыць, вінаваты. I мне вочы пачнуць пароць: «Усцігаў хаваў». Можа, даганяць пачнуць. А мне тут лыпай. Ты пацярпі: сельсавет пашле туды, у вашае міністэрства, а там адразу разбяруцца. I сам напішы, не лянуйся. А то два разы паслаў i лапкі склаў. Так што, братце, на мой дурны розум, астынь, падумай. А цяпер давай вячэраць. Паранька, што там у цябе?

З сянец убегла з даёнкаю Паранька.

— Калі нагаварыліся, садзіся, Алёшачка, садзіся. Толькі працаджу. I дранікі з раніцы ў печы прэюць, хоць на алеі, але смачныя. I смятанка ёсць.

— Эх, дзе наша не прападала! Давай дранікі... Саламонава галава ў цябе, Міша. Як па пісаным сячэш. Ло-о-гіка! Каму ж замінаю? Трэба ўспомніць.

Фенька пасунулася на ражок. Паранька загрымела засланкаю.

Ад рэзкага сухога ветру трымцела i дзынкала шыба, недзе ў сцюдзёнай цемрадзі захлынуўся сабачы брэх.


Загрузка...