3


Гаспадары ўсёю сям'ю спалі на вялікай, разасланай на падлозе кашме. На чыстай палавіне хаты стаяў драўляны ложак, засланы стракатаю саматканаю посцілкаю з высокаю пірамідаю падбітых падушак. Але на ложку ніхто не спаў. Пакуль цёпла, слаліся на падлозе, a ў вялікія маразы лезлі на палаці. Аляксеева месца было на шырокай лаве каля дзвярэй. Клаліся, як толькі змеркне, бо скупа было з газаю, a ў такую далеч па бездаражы не навозішся, ды не вельмі яе i выстарчала тады.

Аляксей толькі ўмасціўся на сенніку, заплюшчыў вочы, каб заснуць, як нехта пастукаў у дзверы. Ён падхапіўся, выскачыў у сенцы.

— Буевіча ў сельсавет,— адказаў жаночы голас.

— А хто выклікае, цётка Настасся? — па голасу назнаў Аляксей суседку.

У сельсавеце начамі дзяжурылі па чарзе: выклікалі, хто быў патрэбен, адказвалі па телефоне, а часцей драмалі над сталом да рання.

— З раёна нейкі новенькі. Загадаў, каб сей мінут быў,— i патупала па рыплівых прыступках ганка.

Аляксей, не спяшаючыся, апрануўся, скруціў на дарогу цыгарку i ціха выйшаў за дзверы. Была ядраная ноч. Вялікія зоры ўсыпалі цёмнае неба, наўскаеяк светлаю паласою працягнуўся Млечны Шлях, недзе на другім канцы, падвываючы, брахаў сабака. На цёмнай вуліцы там-сям мільгаў слабы дрыготкі агеньчык, i толькі з вокан Верынага пакоя яркае святло кідала цень ад аконнай рамы на гразкую дарогу. Пахла вялым, гаркавата-салодкім бульбоўнікам i кропам, свежае, аж колкае, паветра казытала ў носе i халадком абдзімала шчокі. Аляксей цаляў ступаць па тугой вузкай сцяжынцы, каб не ўцерабіцца ў гразь, а душу смактала прадчуванне чарговай непрыемнасці. Ён ведаў, што вакол яго снуюць нейкія плёткі. I сапраўды, дзіўна — адукаваны чалавек круціць быкам хвасты, возіць дровы недавучкам. Даўно трэба было плюнуць на ўсё, паехаць дадому, хоць дома таго i няма, напэўна, засталіся людзі, якія помняць i ведаюць яго. Што яго тут трымала? Міша Усцігаў. Яго бяда, жаданне памагчы таварышу трохі агледзецца. Спадзяваўся папрацаваць, каб збольшага акрыяць, стаць на ногі i вярнуцца ў свой зруйнаваны раён.

Святло з вокан сельсавета падала на пажоўклыя кусты ў гародчыку. Дзверы на ганку расчынены насцеж, у пярэднім пакоі каля жоўтай скрынкі тэлефона за маленькім столікам сядзела цётка Настасся i драўляным кручком спрытна вязала тоўстую рукавіцу. Аляксей аж зажмурыўся пасля цемнаты, агледзеўся i толькі хацеў спытаць, каму ён патрэбен, як дзверы ў пакой старшыні адчыніліся, з ix выткнуўся тонкі, зусім яшчэ маладзенькі чалавек. На ім тапырыўся, відаць з чужога пляча, кіцель, з шырокіх кірзавых халяваў выдзімаліся шырокія галіфэ. Дробныя рысачкі твару адразу i не запомніш.

На Аляксеева прывітанне ён адказаў папрокам:

— Колькі ж можна чакаць? Ну i дысцыплінка! Заходзь.

У пакоі прыезджы падкруціў кнот у лямпе, прысунуў шэры мармуровы прыбор, сеў за стол, Аляксею паказаў на табурэтку каля дзвярэй. Памаўчаў. Адсунуў шуфлядку, пагартаў у ёй нейкія паперкі, выцягнуў чысты аркуш, падумаў, увагнуўся i даволі доўга нешта пісаў.

— Назавіце ваша прозвішча, імя i па бацьку.

— Раз выклікалі, значыць, ведаеце. А хто вы? I навошта я вам ноччу спатрэбіўся?

— Памочнік райпракурора Пушанкоў. А цяпер адказвайце на пытанне.

— Ну, Буевіч Аляксей Іванавіч.

— Без «ну». Год i месца нараджэння?

— 1918, веска Заполле, Ельніцкага раёна, БССР.

— Дзе вас, Буевіч, захапіла Вялікая Айчынная вайна?

— Там жа, у Ельніцы працаваў настаўнікам.

— I да немцаў на службу адразу пайшлі?

— Ах, вось вы аб чым? — павесялеў Аляксей.— Не, не адразу. Толькі праз месяц па загаду падпольнага райкома. Уласна кажучы, чым выкліканы ваш інтарэс?

— Пытанні задаю я. Ваш абавязак адказваць i гаварыць толькі праўду,— пачырванеў Пушанкоў.— А якое задание вам далі, калі перакінулі ў Савецкую Армію?

— Не шкадуючы сіл i жыцця змагацца з нямецкімі захопнікамі,— спакойна адказаў Аляксей.

— Тут не цырк! Не прыкідвайцеся дурнем! Немцы якое задание далі?

Аляксей сціснуў кулакі i прашыпеў:

— Вы хоць трохі думайце, што гаворыце. Я выконваў задание партызанскай брыгады. Райком загадаў улезці ў нямецкую ўправу, даваць не толькі весткі, але i перапраўляць бланкі «аўсвайсаў» i іншых неабходных дакументаў.

— Што гэта за «асвайцы»? — перабіў следчы.

— Пашпарты нямецкія. У нас было моцнае маладзёжнае падполле, a калі гестапа натрапіла на след, па загаду камандавання брыгады я ўліўся ў атрад. Рвалі чыгунку каля Барысава i Смалявіч. У чэрвені 42 года асколкам авіябомбы мне прабіла плячо,— Аляксей дакрануўся да яго рукою.— Самалётам перакінулі пад Маскву, у ваены шпіталь. A калі трохі ачухаўся, з забінтаванаю рукою папрасіўся на фронт.

Пушанкоў папярэдзіў, каб гаварыў павальней, i ўсё запісваў.

— А чаму не вярнуўся назад у партызанскую брыгаду? — перабіў ён.

— Цягнікі туды не хадзілі, аэрафлот не абслугоўваў, а пехатою далекавата,— злосна пажартаваў Аляксей.

— А дзе вы вучыліся да вайны? — нібы не пачуўшы адказу, запытаў Пушанкоў.

— У Мінскім вышэйшым пецінстытуце. Скончыў у саракавым i год працаваў выкладчыкам у Ельніцкай сярэдняй школе.

— А чаму адразу не пайшлі ў армію?

— Раён быў адрэзаны на пятыя суткі вайны. Мяне выклікаў першы сакратар райкома таварыш Сямашка i загадаў астацца на месцы. Пакінулі i загадчыка ашчадкасы. Ціхага i адданага чалавека.

— Каму адданага? — нерабіў следчы.

— Вядома, не немцам. Мужнасці i вынаходлівасці гэтага чалавека хапіла б на дзесяцярых. Яго прызначылі старастам управы, а потым ён мяне ўзяў сакратаром. Доўга цягнуў, адмаўляўся для прыклёпу, прыкідваўся, што правярае.

— Як яго прозвішча?

— Якаў Спірыдонавіч Самцэвіч,— адказаў Аляксей.

— Дзе ён цяпер?

— У брацкай магіле каля вёскі Хвасцінічы. Гестапа схапіла яго на ганку ўправы, мучылі гарачым жалезам, а потым яго i яшчэ трох падпольшчыкаў павесілі на іЙіошчы. Сярод ix была дзяўчына. Разумееце, калі ён мне загадаў у лес уцякаць, я ўпрошваў i яго ісці разам. Не паслухаў, спадзяваўся паспець выканаць задание. Самае важнае. Думаў, пратрымаецца. Аж нейкі гад выдаў. Мы здагадваліся хто, але пэўна не ўстанавілі.

— Хопіць байкі расказваць, Буевіч. Гаварыце па сутнасці,— перабіў Пушанкоў. Ён то абсмыкваў кіцель, то расшпільваў i зашпільваў каўнер.

— Гэтыя «байкі» напісаны крывёю! — бліснуў вачыма Аляксей.— Пытайцеся. Але помніце, байкі, якую вы хочаце пачуць ад мяне, не будзе. Дзіўна. Вы паверылі нейкаму паклёпніку, можа, нават затоенаму ворагу, а не верыце франтавіку i людзям, з якімі я ваяваў,— амаль крычаў Аляксей.

— Лепш раскажыце, як правалілі падполле i з якім заданнем перакінулі немцы.

— Вы што ж, хочаце з мяне зрабіць нямецкага шпіёна? Няўжо ў вас няма больш сур'ёзнага занятку, таварыш памочнік пракурора? — ужо спакойна спытаў Аляксей.

— Таварыш вам шэры воўк,— папярэдзіў Пушанкоў.— А чым займацца, самі ведаем.

— Прабачце, хоць я i не арыштаваны, але таварышам абяцаю вас больш не называць.

— Арыштоўваць пакуль што няма патрэбы. Ды i куды вы дзенецеся? На поўнач — тайга i непраходная дрыгва, у Тарск i з раёна адзіная дарога. Тут кожны чалавек, як на сподачку.— Пушанкоў уздыхнуў i безнадзейна развёў рукамі.— А сведак, што вас пакінулі выконваць спецзадание, няма. Разумееце, ня-ма. Факты ўпартая рэч, Буевіч.— Пушанкоў абмакнуў пяро i пачаў пісаць. Потым прачытаў:—Пытанне: чаму вы ca шпіталю не паехалі дадому?

— Зноў скажаце, што расказваю байкі. Вы ж у вайну, мабыць, у пяты клас хадзілі. Адкуль вам ведаць, што такое франтавое брацтва i дружба, чым пахне порах i кроў, змешаная з зямлёю i талым снегам? — з болем загаварыў Аляксей. Пушанкоў памкнуўся ўскочыць. Аляксей перапыніў яго рухам рукі, што азначала: «Сядайце, памаўчыце», i працягваў: —А па сутнасці... запісвайце. На фарміраванні ў горадзе Кімры я трапіў у 284 сібірскі стралковы полк. Адбівалі немцаў пад Масквой i гналі на захад. У нашым узводзе служыў ціхі, але адважны хлопец Міша Усцігаў. З першага дня спалі побач i пасябравалі з ім, a ў баі пад Смольняю снайперская куля мне прабіла правае лёгкае. Я страціў прытомнасць. Як апынуўся ў палявым медсанбаце, хто вынес з поля бою, доўга не ведаў. ТольKi калі адпраўлялі ў тыл, знаёмы санітар сказаў, што падабраў мяне Міша Усцігаў. Сустрэць яго калі-небудзь я ўжо i не марыў. Але давялося-такі. Убачыліся зімою сорак пятага ў Новасібірскім шпіталі. Ён ляжаў з прастрэленай рукою i разбітым правым бядром. Я ўжо быў хадзячы i стаў яго, можна сказаць, персанальным санітарам, хоць i сам яшчэ кашляў крывёю...

Пушанкоў яго перабіў:

— Я пытаюся, чаму прыехалі іменна сюды, а вы ўхіляецеея ад прамога адказу, пятляеце, як заяц, i зноў расказваеце пра вайну i пра бамбёжку.

— Добра,— дзёрзка адказаў Аляксей.— Пішыце. Праводзіў са шпіталю цяжка параненага франтавога таварыша Міхаіла Усцігава. Застаўся на некаторы час, каб дапамагчы яго сям'і ўправіцца з прысядзібным участкам. Калі даведаўся, што мая вёска дашчэнту спалена i нікога з радні не засталося, вырашыў часова пабыць тут, папрацаваць, падтрымаць баявога таварыша. I самому хоць трохі адысці пасля ўсяго перажытага.

— Вы сцвярджаеце, што маеце вышэйшую асвету, а чаму пры вострай нястачы настаўнікаў працуеце заўхозам?

— Я адсюль звяртаўся ў сваё аблана з просьбай прыслаць мой дыплом. Нядаўна зноў адказалі, што ўсе архівы аблана i інстытута загінулі ў часе акупацыі. Людзі там цяпер новыя i пакуль што нічым памагчы не могуць.— Аляксей дастаў з кішэнькі кароценькае паведамленне i падаў Пушанкову. Той толькі зірнуў i адсунуў убок.

— Гаворыце вы складна, Буевіч, а вось з работай на немцаў няўвязачка: сведкі вашы або нябожчыкі, або неіснуючыя асобы. Дзе той ваш...— ён зірнуў у пратакол,— Сямашка? Хто можа яшчэ пацвердзіць, што вы служылі ва ўправе па заданні райкома?

— Начальнік разведкі брыгады былы ўпаўнаважаны райаддзела НКВД Піліп Васільевіч Юркевіч.

— Дзе ён цяпер?

— Каб жа я ведаў! Вайна раскідала людзей па свеце. Калі жывы, напэўна, недзе працуе.

— Па-шш-укаем, па-шш-укаем,— прамармытаў Пушанкоў i запісаў прозвішча.— Канечне, каб вы прызналіся ва ўсім, было б лягчэй i вам i нам,— уздыхнуў ён.— Службу ў немцаў вы не адмаўляеце, правал падпольнай арганізацыі таксама. Што ж выходзіць? Чатырох павесілі, а з вас i валасок не зваліўся. А? Лепш не круціце, Буевіч. Чыстасардэчнае прызнанне змяншае меру пакарання,— мякка ўгаворваў следчы.

Аляксей ускочыў з табурэткі.

— Гаварыце ды не загаварвайцеся! Каго вы хочаце абвінаваціць? Вы ніколі не нюхалі пораху, не ведаеце, што такое вайна i акупацыя. Толькі такі i можа паверыць паклёпу нейкага замаскіраванага ворага. Пакажыце мне гэты данос.

— Сядзьце! — ускрыкнуў Пушанкоў i ўстаў сам.— Бач ты, чаго захацеў! Пакажы яму... i не данос, а заяву сумленнага савецкага чалавека. Вось...— ён патрос пакамечаным канвертам.

— Калі так, паедзем i ўсё высветлім на месцы. Толькі вам будзе вельмі сорамна.

— Мы i самі разбяромся. Падпішыце пратакол.

Аляксей узяў два доўгія лісты, пачаў чытаць пытанні i свае адказы. Па сутнасці яны былі правільныя, хоць i не такія катэгарычныя, як даваў Аляксей. Следчы ў пачатку адказу звычайна пісаў «Гр-н Буевіч сцвярджае...» Настаўніцкая звычка сачыць за арфаграфіяй i тут не пакідала Аляксея. Ён тактоўна заўважыў: «Филипп» пішацца праз два «п», a ў слове «фашистский» суфікс «ст». Вось тут трэба коска». Пушанкоў пачырванеў i апраўдаўся: «Гэта дробязь, апіскі», акуратна папраўляў ix. Паклаў пратакол у папку i сказаў:

— Ідзіце i падумайце. Будзе вам i мне лягчэй.

— Вам, можа, i лягчэй, а я ў гэтай камедыі не ўдзельнік.

Аляксей ляпнуў дзвярыма i, не развітаўшыся, выбег з пакоя. Сяло даўно спала. Схіліўшыся над сталом, драмала цётка Настасся. Вецер варушыў пажоўклую чарэмшыну пад акиом. Сцежка пацвярдзела ад начнога прымаразку.

«Дурань бесхрыбетны»,— лаяў сябе Аляксей. Упэўнены ў сваёй невінаватасці, унутрана ён быў спакойны, ведаў, што разбяруцца, можа, нават дадуць па хвасце гэтаму порсткаму юнаку. Але хто б мог прыслаць гэты паклёп? Вядома, нехта знаёмы. Але хто? Чаму? За што?

Аляксей уяўляў, як усё магло атрымацца: ён некалькі разоў пасылаў запросы ў раён i ў сельсавет. Там іпукалі яго радию. Напэўна, калі прыйшло пісьмо, нехта дазнаўся, дзе ён, i вырашыў «накапаць». Але наношта? Каб пазбавіцца ад яго, каб не вярнуўся дадому. Значыць, яго нехта баіцца. А можа, напісаў занадта «нільны» чалавек, які бачыў яго ва ўправе, але i не ўяўляў, хто туды паслаў маладога настаўніка, дзе ён быў пасля. Або так? Або гэтак? Але ж яго не арыштоўваюць. Значыць, няма падстаў. Прыйшла заява, а заяву трэба разглядаць. Вось i стараецца гэты маладзён, але не разабрацца, a толькі абвінаваціць. Што б рабіў я на яго месцы?

Аляксей ведаў, што ўсе з раёна заязджаюць да Наталлі Іванаўны. Яна першая дае ўсім характарыстыкі i інфармацыю. Відаць, i Пушанкоў з ёю паспеў пагаварыць.

Аляксея Наталля Іванаўна ўзненавідзела з першых дзён яго работы ў школе: за ім талакою хадзілі дзетдомаўскія самыя «адорвы» i слухаліся яго, як не слухаліся нікога. Лавілі яму «Смажанага», падмазвалі колы, разам ездзілі па сена. Заўхоз ім расказваў пра партызанаў i пра вайну, пра кніжкі, якіх прачытаў, мабыць, тысячы. На ўроках хлапчукі задавалі настаўніцы такія пытанні, падкідалі такія задачкі, што не кожная магла адказаць i рашыць.

Вось i ўз'елася на Аляксея Наталля Іванаўна. «Падбухторваеце дзетдомаўскіх хуліганаў. Падсоўваеце ім правакацыйныя пытанні i задачкі, каб падарваць аўтарытэт выкладчыкаў!» Ён звычайна адказваў, што аўтарытэт нельга ні падняць, ні падарваць. Ён залежыць ад настаўніка. A дзеці вельмі дапытлівыя, яны ўсё хочуць ведаць, ва ўсім разабрацца i з нявырашанымі пытаннямі прыходзяць да яго. Аднойчы параіў быць да ix больш уважлівымі i ласкавейшымі.

«Вы лепш прывязіце дроў Аўдоцці Мітрафанаўне, а з выхаваннем мы самі ўправімся»,— адсекла яна. У тоне Пушанкова яму чуліся інтанацыі Наталлі Іванаўны. Відаць, па сакрэту ўжо сказала сяброўкам, што ім зацікавілася пракуратура, i папаўзлі па сяле шэпты: заўхоз служыў немцам, схаваўся ад кары ў ix глухім сяле, але яго i тут знайшлі.

Пакуль ішоў дадому, усё гэта прамільгнула ў Аляксеевай памяці. Начны халадок астудзіў лоб i шчокі. У дварах лена пабрэхвалі сабакі, пазяхалі i адыходзілі ад варот. Толькі ў адной хаце яшчэ гарэла лямпа. Не спала Вера Рыгораўна.

Аляксей прамінуў свае весніцы i праз вуліцу паглядзеў у яе акно. На сцяну падаў яе павялічаны цень. Вера ўстала, прайшлася па хаце, нагнулася, відаць, рассцілала пасцель. У завешаным газетаю акне паказаўся яе профіль, рукі высмыкнулі заколкі з пышных валасоў, крутнула галавою, i на плечы рассыпаліся пакручастыя пасмы. Лямпа патухла.

Аляксей пастаяў яшчэ некалькі хвілін, ціха шапнуў: «Дабранач» і паволі паплёўся на свой тапчан.

У сельсавеце яшчэ доўга свяцілася акно. Пушанкоў быў незадаволены размоваю з Буевічам. I пратакол складаў так, дзеля большай важнасці. Пракурор даручыў пагаварыць, а не дапытваць, але як тут утрымаешся, калі чалавек не адмаўляе сваю працу ў немцаў. Многае супадае з заяваю. Ён яшчэ раз выцягнуў яе, прачытаў, прыгледзеўся да канверта — ні адраса, ні прозвішча аўтара няма, i штэмпель не Ельніцы, а зусім другога горада. Можа, баяўся помсты? Але ж факт ёсць, значыць, трэба высвятляць. Ён усю дарогу сюды пераконваў сябе, што на пасадзе школьнага заўхоза хаваецца фашысцкі паслугач, вырашыў «раскалоць» яго i здзівіць пракурора, які не вельмі давяраў ананімшчыкам.

Пушанкоў закурыў, прайшоўся па пакоі, паклікаў дзяжурную i загадаў схадзіць па Міхаіла Усцігава.

— Не ведаю, як небарака даграбецца па такой багне. І днём ён ледзьве клыпае. A ў гэткую цемень сунецца ў канаву, i костачкі не збярэш. Ён жа ўвесь з кавалачкаў злеплены.

— А ты прывядзі яго. Адна нага тут, другая — там!

— От, каб вы маладыя ногі пазычылі,— ляпнула дзвярыма кабета.

Настасся ледзьве дастукалася да Усцігавых. Паранька запаліла бляшаны смаркачык, затуліла рукамі абвіслыя пад кашуляю грудзі i з трывогаю паглядзела на дзяжурную.

— Уставай, Мішачка, нейкаму начальніку спатрэбіўся,— у парозе ўздыхнула Настасся.

— Ці дня яму мала? Ноччу калеку цягае! Скажы — няздолее... Хворы, бязногі. За прыгон i то жонка водзіць,— запрычытала Паранька.,

— Што яму трэба? — Сеў на ложку ўскудлачаны, худы, аж сіні, гаспадар. Толькі блішчалі глыбока запалыя вочы ды ўздрыгвалі тонкія ноздры.

— Хіба ж ён скажа? Прывядзі, i ўсё тут,— прыперлася да вушака Настасся.— Дык чакаць ці ісці? — і, памаўчаўшы, дадала: — На дружка твайго, Ляксея, усё нешта крычаў, а цяпер кажа Усцігава падавай.

Міхал рвануў коўдру i пагробся на край ложка, зняў з біла зацухмоленыя штаны. «Э, не, брат, хоць ты i начальнік, Аляксея не чапай»,— аж заскрыгатаў зубамі. Паранька памагла нацягнуць ватнікі i мяккія старыя бродні. Міша накінуў целагрэйку, задам наперад уздзеў салдацкую шапку, спрытна падаткнуў пад паху мыліцу.

— Хадзем, Настасся. А ты, Паранька, кладзіся паспі яшчэ,— ляпнуў дзвярыма i пачыкільгаў.

У пакой Усцігаў увайшоў без стуку.

— Выклікалі?

— Садзіцеся, таварыш Усцігаў,— далікатна запрасіў Пушанкоў.

— Мне толькі стаяць або ляжаць. Сядзець, зараза, не дае,— паляпаў разбіты клуб.

— Пагаварыць з вамі хацеў...

— Калі да дня не церпіцца, пагаворым,— буркнуў Міхаіл.— Пытайцеся,— закінуў нагу на нагу, абапёрся на мыліцу i павіс, як на плоце.

Пушанкоў пабарабаніў пальцамі па стале, думаючы, як пачаць далікатней, але доўга трымаць стоячы пашчапанага франтавіка не выпадала.

— Дзе вы пазнаёміліся з Буевічам?

— Вайна пазнаёміла i душу, як панчоху, вывернула. Адразу скажу, таварыш... як вас там... Аляксея не чапайце. Ведаю, як самога сябе. З жонкай бывае век у адной пасцелі пракачаешся, а яна вазьмі ды байструка прынясі, а на вайне ні галаву, ні душу не схаваеш. Калі б усе ваявалі, як Буевіч, ардзяноў не хапіла б. А тое, што партызанам быў, не сумнявайцеся. Усе даведкі — у яго на целе. Няхай раздзенецца, паглядзіце — пячатка на пячатцы. Я яго каля мястэчка Смольня нежывога вынес. Думаў, хоць у зацішку закапаю ды магілку прымечу. А ён вазьмі ды замармычы, сказаць нешта сіліцца, але крывёю захлынаецца. Бачу, не ў хвойнік, a ў медсанбат трэба. Не думаў, што пабачымся калі. Аж не, шчасце ў няшчасці звяло: у Новасібірскім лазарэце сустрэліся, i цяпер ужо ніяк не разлучыцца. Ён жа вучаны-перавучаны. Дзве галавы складзі — проці яго аднае не дакажуць. А ён мяне, сівалапага чалдона, як малое дзіця, у хату прынес, Параньку суцешыў. Соткі ўзараў i пасеяў, Феньку няньчыў, казкі ёй расказваў i мяне пелянаў, пакуль сукравіцаю сыходзіў. Кажа: «Міша, друг, не пакіну, пакуль «Падгорную» не ўрэжаш». I не кідае. А ты такога чалавека — памыямі. За што? Скажы, ты сібірак?

— Алтайскі,— нехаця адказаў атарапелы Пушанкоў.

— Што ён падумае пра нас, сібіракоў, калі ні за што ні пра што ў чыстую душу плюнеш?

Усцігаў расчырванеўся, вочы гарэлі дзікім бляскам, па разорах апалых шчок цуркамі сцякаў пот. Ён выцер твар шапкаю i заківаў галавой.

— Эх ты, сысунок. Ага, сысунок. Я цябе не баюся. Я ўвесь тут,— i ён расхінуў худую, рабрыстую грудзіну...

Пушанкоў закіпеў, але стрымаўся.

— Прашу не абражаць пры выкананні абавязкаў... — i кінуў свой галоўны козыр: — А вам вядома, што Буевіч быў прыслужнікам у фашыстаў, сам схаваўся, a падпольшчыкаў павесілі? А? Што вы на гэта скажаце, Усцігаў?

Следчы спадзяваўся аглавушыць заступніка нечаканай навіной, а той зарагатаў:

— А як жа, ведаю. Увесь наш узвод ведае, як ён немцаў за нос вадзіў, як дакументы партызанам перадаваў. Ці раз расказваў! I ў смершы пра гэта ведалі. У самую хітрую разведку толькі яго i пасылалі. Прыкінецца, што ні адзін арціст не дакажа.

— Во, во, сапраўды артыст. Ён i цяпер прыкідваецца, а ты i вушы развесіў. Дакументы ў нас ёсць на яго.

— Часам не па-нямецку пісаныя?

— Не разумею,— паціснуў плячыма i развёў рукамi Пушанкоў.

— Дзе-е табе! Відаць, непанятлівы. А яшчэ ўпаўнамочаны,— расцягнуў апошняе слова Усцігаў.— Варажына нейкая падкінула той дакуменцік, а ты i клюнуў, абы за лытку пашкуматаць. Ці мала яго шкуматалі! Адчапіся. Так i скажы начальству. Калі ёсць за ім хоць от такая парушынка,— ён вялікім пальцам ткнуў у кончык мезенца,— скажы, Усцігаў на сябе ўсё бярэ. Толькі прашу, адступіся!

— Супакойцеся, таварыш Усцігаў. Вы франтавік, i вам трэба быць больш прынцыповым. Буевіча ведаеце нядаўна. Пра яго дзейнасць пры немцах мяркуеце толькі з яго слоў. Так? А сведак няма. Не хвалюйцеся. Разбяромся, усё высветлім, i калі не вінаваты ваш Буевіч, няхай жыве на здароўе, a калі праўда, што пішуць, i ваша істэрыка не паможа.— Памаўчаўшы, спытаў: — Значыць, сцвярджаеце, што Буевіч Аляксей Іванавіч згадзіўся даставіць вас дадому i памагчы абрабіць прысядзібны ўчастак? Так я вас зразумеў?

— Так. Чалавеку няма куды галаву прыхінуць. Вы ведаеце, што там засталося пасля немцаў? Каміны ды галавешкі. Я бачыў. A ў яго ні хаткі, ні маткі. Хай тут трохі акрыяе на малацэ ды на бульбе. А там яшчэ i прафесарам стане.

Пушанкоў устаў з-за стала i хацеў правесці Усцігава з ганка.

— Я сам. Не трэба,— крутнуў рукою, абы-як накінуў шапку, хітра ўсміхнуўся.— Добрай раніцы вам,— i застукаў мыліцаю па ўсходцах.


Загрузка...