5


Туманная раніца густа прысыпала золкаю расою прымятыя травы i лапушыстае лісце дзядоўніку. Кропля за кропляю скочваліся з набурэлай рабіны i жоўтых вяргіняў. У туманным полі трывожна крычалі гусi. Можа, чулі ў высокім небе шэлест крылаў сваіх вольных родзічаў, трубную тугу жураўліных ключоў, што адплывалі ў вырай з таежных балацін i прырэчных плёсаў. Гусі лапаталі крыламі, a ў неба падняцца не маглі.

Асеннія туманныя раніцы заўсёды агортвалі Веру шчымлівай тугою па далёкім дзяцінстве, па цеплыні бацькоўскай хаты i матчынай ласцы. Здавалася, i яе клікалі гусi ў далёкі вырай, да мілых сяброў, што разляцеліся па свеце ў невядомыя вёскі i школы, хацелася вярнуцца да студэнцкай мітусні.

Вера хуценька адзела старэнькае сацінетавае плацце ў белы гарошак, завязала стракатую касыначку, абула гумовыя боцікі.

На ганку мякка затупалі чыркі Трахімаўны. Яна ніколі не стукалася. Наогул у сяле не было такой завядзёнкі — кожны заходзіў у суседаву хату, як у сваю. Трахімаўна стала на парозе, хукнула — з рота паплыло лёгенькае воблачка пары.

— Прапаліць трэба было звечара, а то адубела, мабыць?

— Не, нічога,— адказала Вера,— у халадку здаравей.

— Днём горача будзе. А з раніцы хапае за плечы. Дык во адзявай.— Трахімаўна паклала на табурэтку старэнькую, але чыстую целагрэйку.— Не глядзі на форс, абы цёпла было. А тут перакусіць табе.— На целагрэйку яна паклала маленькі клуначак у паркалёвай хусцінцы. Вера разгубілася, аж пачырванела ад такое ўвагі i клопату.

— Дзякуй, Трахімаўна. Не трэба. Дайду ў плашчы, на рабоце будзе горача.

— А дарогу ты знойдзеш? — Яна падышла да бакавога акна.— Онь, каля сяльпа павернеш на левую руку ў вулачку, пярэйдзеш масток, а за паскоцінаю бярыся ўправа. Узыдзеш на ўзгорак i ўбачыш амёты саломы. Там i ток. Ат, няма чаго рабіць гэтаму Малярэвічу...— бурчала старая.

— Чаму б у выхадны дзень i не размяцца трохі? — заступілася за старшыню Вера i пачала збірацца.

Яна спяшалася, каб не спазніцца.

Гаспадыня сілком накінула на плечы Хімчыну целагрэйку, сунула ў руку клуначак. Вера загарнула яго ў газету, узяла пад паху i выйшла з хаты.

На вуліцы з ёю віталіся старыя i малыя. Усе ведалі новую настаўніцу, бо ў кожнай хаце дзеці толькі i расказвалі, як яна апранута, як цікава вучыць.

За мастком Веру нагналі Паранька Усцігава i дзябёлая маладзіца з трохражкоізымі віламі на плячы.

— I вы малаціць? — павітаўшыся, запытала Паранька.— Сёння брыгадзір усіх павыпорваў ca сваіх баразён. Адны дзеці на гародах длубаюцца.

— Лаві дзень пагодны, каб год не быў галодны,— сказала бялявая жанчына ca скуластым тварам.

Вера глядзела на ix ладныя постаці. Мякка ступаюць зграбныя чырочкі з загнутымі вострымі насамі (успомнілася, што на Гомельшчыне ix называюць маршчакамі), на маладзейшай злінялы афіцэрскі кіцель шчыльна аблёг шырокія клубы, на галаве — блакітная паркалёвая хустачка, вочы сінія-сінія.

Яны ўзышлі на ўзгорак. У нізінах курыўся i раставаў туман. Ад нізкага асенняга сонца туман ружавеў i залаціўся. З узгорка адкрываліся прасторы зжатых палёў, стагі i доўгія амёты саломы, палоскі парудзелага лубіну, пажоўклыя бярозавыя гайкі. Хацелася нагбом піць халаднаватае прасрыстае паветра, слухаць звонкую цішыню асенніх палёў.

Аж сэрца заходзілася ад хараства i невыказнай тугі, ад пачудця адзіноты, ад жадання некаму адкрыць душу, расказачь усё, што думаеш i адчуваеш. Але каму? Успомнілася Ліна. Так дагэтуль i не напісала ёй. А што было пісаць? Толькі ўсталёўвалася, прыглядалася, i прыглядаліся да яе. Увечары вырашыла абавязкова напісаць у Троіцк.

Жанкі заўважылі, што наетаўніца задумалася, i змоўклі. Веру заўсёды здзіўлялі непасрэднасць i такт тутэйшых жанчын. Спачатку трохі бянтэжыла, што Трахімаўна не стукаючыся заходзіць у яе пакой, але мацярынскія клопаты гаспадыні, адчуванне, калі патрэбна яе ўвага, дапамога ці парада, суцяшалі i падтрымлівалі Веру. З Трахімаўнаю яна не адчувала сябе такою адзінокаю ў пустой хаце. Трэба нечым захапіцца, быць так занятай, каб не заставалася часу на адзіноту i сум.

Ішлі пакручастаю сцяжынаю над самаю рэчкаю. Зарослая непралазнымі кустамі ракітніку i глогу, яна недзе ўнізе плюскатала i булькала пад бервяном, перакінутым з берага на бераг; паміж вецця паблісквала халодная вада, a наўкол цьмелі ў туманнай смузе падпаленыя першымі асеннімі прымаразкамі бяскрайнія лясы.

Каля шырокага тарпа збажыны тупала некалькі чалавек, пыхкаў, пастрэльваў i не заводзіўся трактар.

— У-у, падла,— лаяўся маладзенькі трактарыст i з усяе сілы тузаў зверху ўніз ручку. Убачыўшы жанчын, ён выпрастаўся, тыльным бокам далоні правёў па змакрэлым ілбе. Паранька Усцігава весела зарагатала:

— Каб яшчэ табе, Гошка, хвост, ну — чысты чорт!

— Памажы, цётка Параска, цябе ён паслухае, а я газану.

Жанчына кінула граблі, паставіла ў салому торбачку з полуднем, расшпіліла палапленую целагрэйку, паплявала на далоні i ўзялася за ручку. Крутнула раз, другі, крыкнула Гошку: «Газані!» Трактар чмыхнуў чорным дымком, лена, а потым весялей замармытаў, здрыгануўся i засакатаў на малых абаротах.

— Злазь, лапавухі!

Паранька ўскочыла на Гошкава месца, патузала адзін, другі рычаг, трактар загуў спакойна i роўна.

— Няхай прагрэецца.

Вера глядзела на Параньку з нейкаю асабліваю павагаю i замілаваннем.

— Як гэта ў вас усё выходзіць? — здзівілася яна.

— Я на гэтым калеку ўсю вайну на полі сноўдалася. Дзень i ноч круцілася. Як ён др.сюль не рассыпаўся, сама дзіўлюся.

— Сазнацельны,— усміхнулася маладзіца ў кіцелі,— ведае, што няма каму цягнуць, от i слухаецца. Бабскую ласку i трактар любіць... Ты i свайго калеку часцей грэй, дык ён яшчэ...

— Сараматніца, хоць бы настаўніцы пастыдалася,— абурылася Паранька.

— Хіба ж не праўда? Жывому жывое наўме. А настаўніца хіба з другога цеста?

Вера пачырванела i адышлася. Па сцежцы ішлі жанчыны i некалькі мужчын. Здалёк яна пазнала дырэктара, у вылінялай гімнасцёрцы Аляксея Іванавіча i настаўніц.

Калі падышлі, Вера заўважыла, што няма толькі завуча. Хоць яна не баялася Наталлі Іванаўны, але адчувала кожны яе пагляд. З першай сустрэчы Вера адчула непрыязнасць ганарлівай жанчыны, што лічыла сябе ледзь не першай асобай не толькі ў школе, але i ў сяле. У яе маленькіх чорных вачах заўсёды паблісквалі агеньчыкі прытоенай злосці. Цяжка было яе ўявіць пяшчотнаю з мужам i дзецьмі. Часам Вера хацела пераканаць сябе, што памыляецца, што гэта першае зманнае ўражанне, хацела апраўдаць колкі характар Наталлі Іванаўны доўгай нервовай працай, асаблівасцямі яе нялёгкай пасады. I ўсё ж без яе было вальней, спакайней i лягчэй.

Настаўнікаў i некалькі калгасніц прывёў брыгадзір, высокі, як сланечнік. З-пад цеснай. ссунутай на патыліцу пехацінскай фуражкі выбіваўся залацісты чуб, шырокі бязбровы твар усыпаны рудымі вяснушкамі, свяціўся спакойнай дабратою.

— Здаровы, ударнікі! — весела ўсміхнуўся ён.— Што ж ты дарэмна газу пераводзіш, га? — накінуўся ён на трактарыста.

— Праграваю, а то ён, падла, не заводзіцца,— апраўдваўся Гошка.— Заглушыш, а тады да абеду шарманку круці. Вы ж яго характар ведаеце, Васіль Сцяпанавіч.

— Калі тут Паранька, не баісь. Яна не толькі трактару, любому дасць рады. Ну, давайце: раней пачнём, раней кончым. Аксення, станавіся каля цапоў,— звярнуўся ён да маладзіцы ў кіцелі.

— А мужчынам не брыдка будзе, што баба ix работу робіць? Калі ў сяле i штанамі не пахла, ламалі спіну, i цяпер падстаўляй... Бач ты ix, прывыклі за бабскімі гарбамі ацірацца,— тарахцела гучней за трактар Аксення.

— Гэтыя мужыкі, чаго добрага, пальцы паадмалочваюць, а мне адказвай. Давай, не ўпінайся.

— Не бойся, Васіль Сцяпанавіч, не паадмалочваем. Я стану каля цапоў. Сапраўды, работа не жаночая,— спакойна сказаў Аляксой.— Начнём.

Ён насунуў на лоб старую кепку, вышэй закасаў рукавы.

— Хто будзе разразаць перавяслы i падаваць на стол?

Памагаць Алякеею сталі Паранька з Аксенняю. Анатоль Паўлавіч з Акунёвым палезлі на торп, жанчыны разбіралі граблі i вілы — адкідаць салому. ТольKi Вера не ведала, што ёй рабіць.

На кола малатарні накінулі пас, i яна загула прарэзліва i звонка.

— А мне што рабіць? — спытала Вера ў брыгадзіра.

— Пакуль што каля рэчкі пазбірайце ажыну, а трохі намалоцяць — архаваць будзеце.

Як толькі малатарня глынула першы сноп i басавіта загула, Вера ўзялася за вілы i пачала адкідаць салому. Яна хацела быць разам з усімі, рабіць, што робяць яны. Хацелася ўзяцца за нешта цяжэйшае i адказнейшае — палёгкі i скідкі на яе няўменне i слабасць крыўдзілі яе.

Аляксей завіхаўся каля цапоў, нібы ўсэ жыццё толькі i рабіў гэтую работу. Цяжкі сноп, нібы пучок залацістых промняў, рассыпаўся пад яго рукамі i выліваўся з барабана градам буйных зярнят i дажджом зіхатлівай саломы. Зярняты глуха біліся аб вялікі залатаны брызент. З малатарні ляцела воблака пылу. Жанчыны завязвалі хусткі да самых вачэй, а густы пыл пакрываў шчокі i бровы. Туман даўно некуды сплыў, у спіну пачало прыпякаць сонца. Яно вісела ў злінялым небе, а белыя аблачынкі праплывалі побач не засцячы яго.

Вера крадком пазірала, як дырэктар шпурляе снапы адзін за адным, як ix спрытна хапае Аксення, а Паранька рэжа перавяслы. Самы доўгі пагляд спыняўся на Аляксею. Яго загарэлыя рукі роўна рассцілалі сноп на стале i падсоўвалі ў цапы. Засяроджаны, ладны, здавалася, ён усё ўмее, усё ведае, да ўсяго здатны. Вера лавіла сябе на тым, што ўсё часцей думае пра яго, пазірае на яго абветраны, загарэлы твар i добрыя светлыя вочы пад высмаленымі сонцам бровамі, разумее яго лепей, чым іншых, i ён для яе застаецца самаю неразгаданаю загадкай. А салома шапаціць, іскрыцца на сонцы зламанымі промнямі, пахне гаркаватымі вятрамі i недапечаным хлебам. Вера хапае пярэбірак на коўзкія вілы, а ён рассыпаецца i падае пад ногі. Адзін, другі навільнік — i налаўчылася, пацвярдзелі да трымцення рукі, расчырванеўся твар, па шыі пабеглі тонкія струменьчыкі.

Гурбу перамяшанай з мякінай калянай пшаніцы вёдрамі пераносяць да веялкі. Значыць, трэба ісці туды. Вера бярэцца за корбу, але спачатку круціць не ў той бок, мякіна струменьчыкам вылятае з каша. Соф'я Міхайлаўна становіцца побач, i яны разам круцяць доўгую, адпаліраваную далонямі корбу. Смачна чвакаюць зубцы масляністых шасцяронак, гул веялкі зліваецца з грукатам трактара i выццём малатарні.

Сонца па-летняму смаліць. Hi шолаху, ні ветрыку ў агіусцелым полі. Пачынаюць смылець далоні — відаць, павыскоквалі вадзяністыя пухіркі. Пыл вісіць слупом, асядае на твар i плечы, рукі пакрыліся залацістымі лусачкамі мякіны.

Мужчыны на тарпе паскідалі кашулі, змакрэлыя спіны льсняцца на сонцы. Сцірта пшаніцы асядае i шырэе, а каля веялкі становяцца ў рад тугія мяхі цёплага буйнога збожжа. Стомленасць змешваецца з пачуццём радасці суладнай працы. Вера ўпершыню бачыць, як з коласа выходзіць зерне, што неўзабаве стане духмяным боханам. Яна ўявіла, што Сібір усю вайну карміла фронт i тыл, аддавала горы хлеба воінам i сталяварам, у тайзе збірала саладкаватыя дудкі. Успомніліся расказы Трахімаўны, як жанкі i дзеці працавалі на полі ўсю вайну.

Вера заўсёды думала. У дзяцінстве яе фантазія будавала паветраныя палацы, насіла на лёгкіх воблаках у казачную «Краіну райскай птушкі», у юнацтве марыла пра незвычайнае, поўнае радасцей жыццё ў самым прыгожым горадзе. Тады таемна затевала першыя вершы ў запаветны сшытачак, i сэрца заходзілася ад салодкай шчымлівай тугі. Разам з аднакласнікамі хадзіла ў шпіталь — дэкламавала параненым вершы i тоненькім галаском спявала «На позицию девушка провожала бойца», бачыла, як вільгатнеюць вочы маладых i пасівелых байцоў у гіпсавых панцырах i белых марлевых фесках, як параненыя стараліся непрыкметна пакласці ў кішэньку яе фартушка драбочак рудаватага цукру.

Круціла корбу i думала, колькі яна тут прабудзе. Куды яшчэ занясе яе лес? З кім сустрэнецца? А недзе ж ёсць чалавек, што назаўсёды стане адзіным, неабходным i самым блізкім. Дзе ён? Які ён? Хоць бы прысніўся калі. Успомніўся суседскі цыбаты сарамяжы Колька. Ён на два класы быў старэй за яе. Але кожную раніцу тупаў каля свае брамкі, пакуль не выйдзе Вера, ішоў назіркам да школы, потым абганяў i першы ўзбягаў на ганак, нібы i не бачыў яе. Гэтая хітрасць здзіўляла Веру. Многія хлопчыкі i дзяўчынкі хадзілі разам, гаманілі, смяяліся, штурхаліся, кідаліся снежкамі. А Колька то цікаваў яе, то пазбягаў на людзях, нібы нечага баяўся, i чырванеў, калі яны выпадкова сустракаліся. I ў харавы гурток запісаўся толькі таму, што на спеўкі хадзіла Вера. Пасля заняткаў адразу знікаў і, як здань, з'яўляўся каля яе за першым ад школы паваротам. Успомнілася, як ён першы раз пацалаваў у шчаку кароткім вільготным пацалункам, пабег, нібы нешта ўкраў, i баяўся, каб не адабралі, а потым тры дні пазбягаў яе. Успомніла Вера, як праводзіла Кольку ў ваеннае вучылішча i крадком выцірала скупыя слязінкі. Вайна грымела на захадзе. Недзе на чужым полі падалі такія ж, як Колька, хлапчукі, a ў хаты пасёлка пахаронкі прыносілі галашэнне i слёзы.

Вера ішла з вакзала глухімі завулкамі i глытала даўкія цёплыя слёзы. Яна не ведала, ці кахае Кольку. Проста прывыкла: выходзіла i ведала, што ён ужо чакае яе, ідзе следам, пяшчотна дакранаецца да рукі i сарамліва маўчыць. Ці кахала яна наогул? Па-сапраўднаму, мабыць, не. Падабалася некалькі хлапчукоў, a знікалі — яна не нудзілася i не шукала.

Верыны думкі перапыніла цішыня. Трактар i малатарня раптам сціхлі. Жанчыны выбівалі хусткі i ацярэбліваліся ад пылу. Ад мякіннай пацярухі Аляксеева гімнасцёрка стала залаціста-рудая, пыл асеў на бровы i шчокі, мокрая чупрына пабялела. «А на каго падобна я?» — надумала Вера. Зияла хусцінку, каб выцерці распараны работаю i сонцам твар i сухія засмяглыя вусны.

— От даў копаці хадзяйственнік! Аж з кожнай валасінкі закапала,— выекалілася разапрэлая, як з лазHi, Аксення.

Вера павольна пайшла да рачулкі. Яна адчувала, што гумовыя боцікі хлюпаюць ад вільгаці, кофтачка прыліпла да цела, i так захацелася хоць трошкі ахалонуць каля рэчкі, апаласнуць твар i стомленыя ногі.

Спуск быў круты, густа зарослы ўчэпіетымі кустамі шыпшынніку i глогу. Вера інстынктыўна ўхапілася за галінкі i ледзь не закрычала ад болю: вострыя, нібы касцяныя, калючкі ўпіліся ў далонь, пакрытую шчымлівымі пабялелымі пухірамі. Яна высмактала i сплюнула саланаватыя крывінкі, заціснула ранкі запыленым пальчыкам i пачала асцярожна прадзірацца праз колкія гуетыя зараснікі. Каля ног віравала i булькала цемная вада, пахла свежай вільгаццю i завялым смародзінавым лістом, на мокрым пяску ляжалі даўно апалыя чорныя ягадзіны. Сярод пабурэлых лістоў Вера сарвала некалькі буйных смародзін, ад густога кіслага соку аж скрывілася, скінула боцікі i запыленыя панчохі. Падкацілася ласкавая хваля i прыемным халадком абдала стомленыя ногі. Вера да костачак увайшла ў рэчку, азірнулася і, зачарпнуўшы поўныя прыгаршчы іскрыстай вады, апаласнула запыленыя гарачыя шчокі i вусны, памыла шыю глыбей выразу на кофтачцы.

Вакол аголеных ног віравала настоеная на карэнні, аеры i травах рудаватая вада. Яна ўжо не здавалася такою халоднаю, як спачатку. Хацелася скінуць з сябе ўсё запыленае i прагхацелае i хоць на хвіліну ўскочыць у імклівую плынь гэтай маленькай буркатлівай рачулкі. Казалі, што па ўсім рэчышчы б'юць крыніцы, i яна не замярзае нават у самыя вялікія маразы. А за кіламетр ад сяла цячэ шырокая паўнаводная Тара ў крутых берагах, зарозлых лесам, тальніком, кустамі глогу. Рака, відаць, яшчэ не астыла пасля гарачага лета, i можна будзе пасля работы акунуцца ў яе хвалях.

Зверху чуліся гамана i смех. Вера ўзаткнула на босыя ногі боцікі і, хапаючыся за голле, палезла па стромкім беразе.

Усе сядзелі кружком на саломе. Аксення з хрумстам кусала салёны агурок. Убачыўшы Веру, Паранька яе запрасіла да сябе.

— Дзе гэта вы згубіліся? Хутка i паужын[2] кончыцца.

Вера ўзяла свой пакуначак i села побач. Паранька працягнула ёй свежую шаньгу з тварагом.

— Пакаштуйце нашага печыва.

Вера засаромелася, але пачастунак узяла i разгарнула хустачку з полуднем. Трахімаўна паклала кавалачак адваранай бараніны, дзве недаспелыя памідорыны i кавалачак падвяленага сыру сваёй работы.

— Частуйцеся, калі ласка,— падсунула Вера разасланую на саломе хустачку.— А нажа ў вас няма?

— Не бабскі гэта струмант,— усміхнулася Паранька.— Не трэба, я ўжо назбіралася трохі.

Аляксей ляжаў на саломе, падклаўшы пад галаву рукі i зажмурыўшыся ад сонца. Пачуўшы размову жанчын, ён падняўся, падышоў да ix i падаў Веры блішчасты сцізорык з касцянымі тронкамі. Яна ўсё пакроіла на тры роўныя часткі i. падала Параньцы i Аляксею.

— Дзякуй, Вера Рыгораўна, я ўжо наабедаўся, ды i нічога не абагуліў у ваш калгас,— адказаў ён з натуральнаю ўсмешкаю на сухім, засмаленым сонцам твары.

Вера зірнула на яго ласкавым паглядам, ад якога не адвернешся i не адыдзеш.

— Не ламайся, Аляксей, бяры шаньгі. Міша i на тваю долю паклаў,— адсунулася Паранька, даючы месца паміж сабою i Вераю.

Ён сеў насупраць, узяў шаньгу i кавалачак бурага, з зелянцою, памідора. Елі моўчкі. Аляксей час ад часу паглядаў, як далікатна адкусвала Вера шэрую шаньгу, заўважыў, якія ў яе тонкія i ласкавыя рукі, а пагляд задуменны i адсутны, утароплены ў палявую далеч. «Пра што яна думае? Што ўспамінае?» — хацелася дазнацца Аляксею. Але праўду кажуць: «Чужая душа — цёмны лес», тым болей — душа прыгожай i разумнай дзяўчыны.

Пад сціртаю саломы Аксення голасна заспявала:

Не вдова и не жена,


И сама не знаю:


Мужика взяла война,


Я по нем страдаю.


Жанкі падхапілі прыпеў:


Ох, страданье, ox, страданье,


Ты мое страдание,


Провались ты навсегда


С Гитлером, Германия.

У прыпеўках гучаў сум i боль спакутаванай жаночай душы. Галасы перапляталіся суладна, гучалі надрыўна i звонка. Але над усімі верхаводзіў высокі i моцны Аксеннін голас. Яна спявала без напружання, лёгка i натуральна, з тонкім адчуваннем сэнсу i настрою кожнага слова — то ўзнімаючы яго ў самы зеніт, то пераходзячы на шэпт.

Гэтая ніколі не чутая прыпеўка ўразіла Веру не столькі мелодыяй i простымі, часам не вельмі ўдалымі словамі, колькі шчымлівым болем выканання. Песня, нібы падбітая ластаўка, то ўзлятала ў вышыню, то прыпадала да самай зямлі.

Закончыла Аксення вясёлымі прыпеўкамі, устала, прытупнула на мяккай саломе.

— Канчай загараць, мужыкі! Заводзь сваю шарманку, Гошка! — гарэзна крыкнула яна.— Каб кончыць ды хутчэй дадому.

Зноў загудзела малатарня, зашастала салома; як град, пасыпалася з веялкі пшаніца. Вера адчула, што ныюць плечы i рукі, на твар асядае едкі пыл.

Сцірту дамалацілі, калі сонца павісла над лесам. Жанкі адразу заспяшаліся дадому: пераняць i падаіць карову, занесці сырадой на малаканку, зварыць вячэру, пакарміць дзяцей i парсюка. Хто не мае ні сям'і, ні гаспадаркі, засталіся затарваць намалочанае збожжа. Вера з дырэктарам трымалі мяхі, Аляксей спрытна насыпаў ix вялікім шуфлем.

Калі скончылі работу, сонца яшчэ кідала доўгія цені i вісела вялікім чырвоным кругам над вяршалінамі далёкага лесу. Вера збольшага ацерабілася ад пылу i падышла да Аляксея.

— А дзе тут Тара, Аляксей Іванавіч?

— Онь за тымі кустамі. Я якраз іду туды паглядзець, ці не распутаўся наш конь. А то заутра яго да паўдня не зловіш.

— Абавязкова праверце,— параіў дырэктар, — Заўтра зранку трэба прывезці вазы са два гліны. У калідоры ўмажам кацёл, каб на зіму была гарачая вада мыць падлогі. А вы хіба не стаміліся, Вера Рыгораўна? Ішлі б дадому.

— Стамілася i прапылілася. Хачу трохі апаласнуцца ў рэчцы. Бо тут мелка,— яна кіўнула на імклівую Біязінку,— i вада ледзяная. Бывайце здаровы, Анатоль Паўлавіч! — Перакінула на руку целагрэйку i легка пайшла па цвёрдай, зарослай запыленым трыпутнікам i рамонкамі сцежцы.

Аляксей яшчэ пагаварыў з дырэктарам пра гаспадарчыя справы i пайшоў следам. Нагнаўшы, спытаў, каб не маўчаць:

— Не баіцеся прастудзіцца? Бо тут гэта небяспечна. Бальніца толькі ў Тарску, а наш фельчар Ніна Пятроўна ўсе хваробы лечыць выключна вітамінамі: ад грыпу — жоўценькія, ад жывата — ружовенькія, ад галавы — зялёныя.

— Я загартаваная. Дома купалася з мая да самых замаразкаў... А вы часам бываеце злосны.

— Але пра Ніну Пятроўну гавару не ад злосці, а хутчэй ад спачування хворым i ёй. Веды ў яе, відаць, слабенькія, вопыту яшчэ не набыла. A вітаміны — надзейны сродак ад любой хваробы: калі не памогуць, дык i не нашкодзяць.

— Цікава, што вы скажаце пра мяне, калі давядзецца пачуць урок?

— Магу сказаць цяпер,— ён усміхнуўся i хітравата прыплюшчыў вочы.— Сказаць?

— Што вы можаце сказаць, нічога не ведаючы пра маю работу?

— Ведаю, што з вас выйдзе сапраўдны педагог, калі хопіць дабраты, цярплівасці i натхнення. Дзеці вас палюбілі з першага ўрока, паверылі вам, чакаюць вашага слова. Цяпер самае важнае — не патушыць ix веру, не расчараваць, не сарвацца. Такі «цяжкі» хлапчук, як Віця Тартынскі, хваліць вас. За што? За павагу да яго асобы. А кожнае дзіця — асоба, чалавек. Асабліва чулыя да дабраты дзеці вайны. Вы гэта заўважылі на першым уроку. Так?

—Адкуль вы ведаеце?

— Ад сваіх сяброў з дзіцячага дома. Дзіўна, праўда? Яны мне раеказваюць усё. Прыходзяць з радасцямі i горам.

Вера маўчала. Яны падышлі да крутога берага шырокай паўнаводнай ракі. Паміж густога кушчэўя тамсям працярэблены i пратаптаиы сцежкі, прырэчны пясок здратаваны вострымі авечымі капыткамі. Сонца закацілася за лес, i ў вадзе адбілася гарачая чырвань неба.

— Вось, калі ласка, i Тара. Толькі не заплывайце за тую луку. Там віры i поўна калод. Ну, шчасліва.— I Аляксей знік у надбярэжных зарасніках. Вера бачыла, як гойдаюцца верхавіны тальніку i чарэмшаніку — усё далей i далей цішэе i глухне яго спакойнае: «Коськось-кось!»

Вада здавалася нерухомаю, толькі каля берага варушыліся ад плыні травінкі i кружыліся апалыя лісты. Вера зайшла за вялізны куст, што навіс над ракою, агледзелася, прыслухалася і, азіраючыся, пачала распранацца. На збуцвелай калодзе ўбачыла маленькі змылачак. Каля берага было мелка. Яна ступіла ў ваду, халадок i гусіныя пупышкі пабеглі па целе. Акунулася i прысела, схаваўшыся ў вадзе па шыю. Ад мыла i пылу вада памутнела. Здавалася, сплывае стома з усяго цела. Адштурхнулася i паплыла, па-мужчынску, сажонкамі, дно знікла з-пад ног. Вярнулася i адчула, як імклівая i пруткая плынь гоніць на стрыжань, а ногі дакранаюцца да глыбіннага холаду. Нават зрабілася страшна, што можа скурчыць ногі i не хопіць сіл даплысці да берага. Ірванулася з усяе сілы, адштурхоўвалася нагамі, крута адграбалася ад стоенай плыні, пакуль не дакранулася да слізкага дна. Па мелкім дапаўзла на руках да берага, азірнулася, прыслухалася i толькі тады за бегла за разлапісты куст. Далонямі сцірала струменьчыкі вады з пахаладзелага цела, з рук i ног страсала кроплі, i яны, як буйныя дажджынкі, скочваліся на пясок. Па целе прабягалі дрыжыкі ад асенняй вады, ядранага надвячорку i імгненнага страху. Хуценька апранулася i пабегла на круты адхон берага. Спынілася i паглядзела на задуменную, таямнічую Тару, на гнуткае вецце тальніку, нахіленае да самай вады, на затканыя сіняватай смугою лясы.

У нізінах курыўся туманок, недзе недалёка ржалі i тупалі коні, на старой алешыне кігікала нэйкая вячэрняя птушка. Ад адзіноты зрабілася сумна. Падсвядома азірнулася на ўсе бакі, некага шукаючы. I зразумела, што шукае Аляксея. Зашпіліла целагрэйку, але дрыжыкі час ад часу пацепвалі плечы. Пайшла хутка, ледзь не подбежкам, i ўбачыла знаёмую постаць над кустамі лазняку. Убачыла, i затахкала сэрца. Нават спалохалася радасці: «Няўжо здурнела? А чаму?» — запярэчыла сама сабе. Ён ужо ішоў насустрач.

— Калі б з лазні, сказаў бы «з лёгкім парам»... Але ж вы дрыжыце.

Вера заўважыла яго мокры чуб, пасвяжэлы твар i вільготны каўнерык кашулі.

— Ану, пабеглі. Уцякайце, сагрэйцеся.— I ён, як хлапчук, затупаў на месцы.

— Я не змерзла. Трошкі спалохалася: ледзь справілася з плынню.— Глянула на Аляксея, усміхнулася i пабегла, а ён усё яшчэ тупаў на месцы, даючы ёй адбегчыся. Потым пабег следам, не скарачаючы дыстанцыю. Вера двойчы азірнулася i запаволіла бег, a калі зусім блізка пачула тупат, павярнулася Аляксею насустрач i весела засмяялася.

— Аж горача стала. Практычны вы чалавек. Заўсёды ведаеце, што рабіць.

— Каб жа так! Звычайна думаеш, што робіш найлепш, знаходзіш самы правільны крок, a выходзіць — памыліўся зноў. Добра, калі ў дробязі, калі можна выправіць памылку. A калі памылка каштуе жыцця, i не аднаго? Нават дробны пралік каштаваў вялікай крыві... Па сваёй дурасці страціў маці i сястру, а мог вывесці ў партызанскую зону... Яны мне сняцца, нібы папракаюць, што я жыву, а ix няма. Выратаваць наўрад ці здолеў бы, але i не ўсё зрабіў, каб папярэдзіць. Думаў, як лепш, а яно выйшла наадварот. А вы кажаце, заўсёды ведаю, што рабіць...

Вера слухала, апусціўшы галаву. Спынілася, паглядзела ў твар Аляксею.

— Ведаю, што вас нешта гняце.— Дакранулася да яго далоні: — О, якія ў вас цёплыя рукі!

— А вашы — як ледзяшы.— I ён пачаў хукаць на ружовыя, у пухірах далоні. Кроў абодвум ударыла ў скроні, яны спыніліся. Аляксей пяшчотна трымаў яе рукі i хукаў, хукаў, дакранаючыся вуснамі да тонкіх пальчыкаў. Вера глядзела вялікімі вачамі i неяк вшавата ўсміхалася. Поле ахутваў змрок. Толькі вузкая палоска журавіннай чырвані распаўзалася па небасхіле.


Загрузка...