ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Ну, вось і ўсё маё сказанне,
І кропку ставіць мне пара.
Пара сказаць на развітанне:
Бывай жа, Лысая гара!
Але магчыма, што нашчадкі,
Як прачытаюць гэты сказ,
Не змогуць вырашыць загадкі:
А што за век быў? Што за час?..
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі, наеўшыся ў адвал,
Сёй-той прыкінуў, што панчоха -
Зусім не кепскі ідэал;
Калі арлы ляцелі ў космас -
Ім крылы зорамі пякло,
А кажаны з руціны коснай
Насілі харч сабе ў дупло;
Калі здрабнелі нават блазны
І ўжо ніякі скамарох
Не мог дзвярыма ў гневе бразнуць
І маску зняць з сябе не мог;
Калі ў кампаніі парою
Не зразумець было, хоць плач,
Хто лезе чокацца з табою:
Ці лепшы сябар, ці стукач.
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі гадаў інтэлігент:
Чаму стандартны выпівоха
Вылазіць часам на прэзент?
Калі сёй-той крычаў пра брацтва,
А сам ірваўся з капытоў,
Каб як мага вышэй прабрацца -
Далей ад шэранькіх братоў;
Калі ў сталіцы беларускай
Культурна-сыты мешчанін
Лічыў грамадскаю нагрузкай
Язык «тутэйшым» прышчаміць;
Калі другі артыст народны
Не знаў і двух народных слоў,
Затое меў тут харч нязводны
І ўволю цешыўся з аслоў.
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі, засвоіўшы «сю-сю»,
Дыпламаваная цыцоха
За «модай» гналася ва ўсю.
Калі й пісьменніцкія жонкі
Ад «моды» праглі не адстаць,
А іх «рабяты і рабёнкі»
Бацькоў не ўмелі прачытаць;
Калі й тэатр падупалы
Даніну «модзе» аддаваў,
А цень вялікага Купалы
З труны тым часам уставаў,
Хадзіў-блукаў ля падаконння,
Прасіў: «Браток! Хоць у начы,
Хоць ад кашмару, хоць спрасоння
На роднай мове закрычы!..»
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі без культаўскіх гужоў
Настала ў думках «суматоха» -
І сніўся Модэлю Яжоў!
Калі звалілі з трона Броўку,
А цераз нейкі год-другі
Вярнуць на трон хацелі б зноўку -
Нанова выбраць у багі;
Калі не ўмелі дэталёва
У справу ўнікнуць і рашыць,
Таму з брандсбойта Кавалёва
Узяліся «Полымя» тушыць;
У наступ рынуліся пешкі,
Лілі ваду за чанам чан -
І задымілі галавешкі
У вочы бедным чытачам...
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі ў СП сакратароў
Хоць і было залішне троха,
Ды кіравалі - будзь здароў!
Калі ў бюро па прапагандзе
Дзеяч, збаёдаўшы літфонд,
Наладзіў выездамі гандаль,
Каб мець штодзённа выпівон;
Калі з сваім радком паршывым
Сапселы Скрыпка ўсюды лез,
А графаман-бядак Вяршынін
Ішоў яму наперарэз;
Калі да Прокшы «ЛіМ» даехаў,
Але ніхто не гараваў,
І Ул.Няхамкін, ён жа Мехаў,
Адзін газетай кіраваў;
Пасля і Прокша ў лібералы
Па прастаце сваёй уліп,
І Ваня з Федзем паднабралі
П'янчуг і невукаў у «ЛіМ»...
Ды паспрабуй ты праўду ляпнуць -
Цябе стаўкуць на груцу ўраз!
Як кажа Ставер: «Тамбу-ламбу,
Глядзіш - і спёкся папуас!»
Аднак жа хопіць! Больш ні слова,
Мне адпачыць даўно пара.
Бывай жа, брація, здарова!
Да стрэчы, Лысая гара!
А хто пісаў паэму гэту,
І дзе тварыў ён, і калі -
Навечна канула у Лету -
І толькі бурбалкі пайшлі!