ПУДЗІЛЫ
Усім вядома, што няроўна
На свеце ласку дзеліць бог:
У Змітрака ў гародзе - поўна,
А ў Васіля - пустыр-аблог.
Яно й не кожны адналькова
На ласку божую глядзіць:
Васіль усцешан і куколем,
Што на аблозе тым сядзіць.
Мацней за ўсіх аграрнік Міша
Маліўся клубню на градзе.
(А ўсе мы знаем, як ён піша
І як на службе рэй вядзе!)
Яшчэ раса ляжыць на травах -
Сахор у рукі ён бярэ
І ў модных чунях-гаўнадавах
Кампост рыхтуе на дварэ.
Напрацаваўшыся да млосці,
Ён адпраўляецца ў абход
І аж заходзіцца ад злосці,
Як зазірне ў чужы гарод.
«Ну, вось, ты бачыш: у Арочкі,
Хоць вершы кволыя пляце,
А гарбузы ляжаць, як бочкі,
Як на дражджах усё расце!
І ў Жоры вунь качан, як цэбар,
Як Мысліўцова галава.
А тут ад крыўды плакаць трэба:
Ссячэш качанчык - фунты два!..»
О, як бы шчыра быў ён рады,
Калі б ва ўсіх, каму «дано»,
Пасохлі й выпетралі грады,
А з імі й творчасць заадно!..
Вось так і вучанаму Яську
І ў думках мроіцца і ў сне,
Што ён адзіны варты бляску
«За дасягненні ў галіне...»
Таму калег з саней агульных
Ён выштурхоўвае плячом
І едзе гэтакім культурным
Інтэлігентным дзеячом!
А каб ідэй яго зыходных
Ніхто не здолеў агаліць -
Давай на «ўсходніх» і «заходніх»
Адзінакроўны гурт дзяліць...
Ах, Яські, Яські! І калі вы
Паразумнееце, дальбог?
Калі замест культурнай нівы
Наўсцяж раскінецца аблог?
Калі ўзбуяе пустазелле,
Як на гародзе ў Васіля?
Ах, Яські, помніце: пахмелле
Вам будзе страшнае пасля!..
Аднак жа вернемся на соткі.
Цяпер я сцісла раскажу,
Як на чацвёрты год усё-ткі
Кроў пралілася за мяжу.
Так, так, не думайце, што жартам.
Аднойчы жонка песняра
Успёрла свой «масквіч» азадкам
На край суседняга двара.
А двор з вагончыкам-прычэпам
(Не ўсе ў харомінах жывуць!)
Належаў майстру таго цэха,
Што белетрыстыкай завуць.
Была на дачы толькі цешча -
Яна і крыкнула ў акно:
- Ты што па ягадах таўчэшся,
Каб табе кішкі патаўкло!
- Заткніся, пудзіла, не шастай,
А то вагончык падчаплю -
Перацягну на свой участак
І прыбіральняю зраблю!
Старая куляй на падворак:
- Ты - матля, матля без мазгоў!
Прыедзе з Мінску зяць мой скора -
Не сабярэш тады зубоў!
- Мне злічыць зубы твой рахітык?
Збаюся я падкілаша?
Як ушчамлю яго між лытак -
Дык тут жа й вылезе душа!..
Ніякай цешчы немагчыма
У гэткім выпадку стрываць.
- А твой здыхляк хіба мужчына?
Праз храпы лёгкія відаць!
Узвыла матля: - Ах, пачвара! -
І кіпцюрастай пяцярнёй
Так распісалася на твары,
Як бы прайшлася бараной.
- Вось так ляпей, старая торба!
І я - пісьменніца цяпер.
А каб прызналі мой аўтограф -
Бяжы да доктара - завер!..
Старая ўзлезла на падножку
І, каб свой гонар апраўдаць,
Як Галілей, гукнула зноўку:
- А ўсё-ткі лёгкія відаць!..
Без сведак быў ужо закончан
Іх дыялог вясновым днём:
Трасло з сярэдзіны вагончык
Так, што хадзіў ён ханянём...
Ах, май, чытач, спагаду ў сэрцы
І вельмі строга не судзі,
Калі суседка ды суседцы
Зняла заўчасна бігудзі.
Бо хоць вось так жывуць парнасцы
І ўжо клянуць патроху лёс,
Аднак жа гэтай самай трасцы
Другому хочацца да слёз.
Нашто ўжо вунь Калеснік Янка -
І той да ісціны дапёр:
Калі ў нутро ўлятала шклянка -
Па градах плакаў, як бабёр.
Дзівак! Яму з ягоным ростам
Ляпей бяды не набываць:
Ён не падумаў, як няпроста
Гарод уласны вартаваць.
Каб ад таго, што добра ўродзіць,
Зладзюгаў розных адвучыць -
Там ледзь не ў кожнага ў гародзе
Страшыдла-пудзіла тырчыць.
Па гэтых пудзілах, дарэчы,
Зусім не цяжка распазнаць,
Хто, дзе, калі і што на плечы
Любіў ці мусіў апранаць.
І хто апратку чым забрудзіў,
І нават чым пасля змываў,
Хто сам калісьці добра пудзіў
«Злачынцам» спуску не даваў...
Канешне, мала знойдзеш грозных
Цяпер на пудзілах адзнак.
Часцей за ўсё - у латках розных
Лірычна скроены пінжак.
Калі б па пудзілах сказалі
Характар творчасці адчуць -
Амаль усе ўвесь век пісалі
Рамансы, сумныя чуць-чуць.
І ўсё ж хоць пудзілы на градах
Не вельмі страшныя былі,
А рыфмахвата-тэмакрада
Злавіць аднойчы памаглі.
Ён позна вечарам п'яненькі
Пасёлкам сунуўся сваім
І раптам бачыць: волат нейкі
Стаіць у цемры перад ім.
Хоць быў і п'яны лысагорац,
Але ад страху скамянеў.
- Гэй, ты чаго? - падаў ён голас, -
- За што ты хочаш біць мяне?
Між тэмакрадаў я не горшы,
Я злодзей рангу вераб'я:
Калі мне вельмі трэба грошы,
Я не клюю буйней рубля.
Ты б паглядзеў, якія страты
Дзяржаве чыняць «каршуны»:
У дактары і ў кандыдаты
Пралазяць з крадзеным яны!
А што я рыфму спёр ва Уладзькі,
Дык ён і сам іх недзе ўкраў!
Адзін жабрак павесіў лапці
Сушыць на плот - другі забраў...
Ну, што ж, відаць, пра гэта ўбоства
Пара аформіць рэзюме:
Страшней няма самазабойства,
Чым вось такое - на дзярме.
Калі, таварыш Грыша-Міша,
Мяне ты ў госці пазавеш -
Я не спытаю: што ты пішаш?
Я запытаю: чым жывеш?
Ты зубы мне не загаворыш.
Ёсць дыялектыкі закон:
Дзярмом жывеш - дзярмо і творыш.
(А натварыў - дык выкінь вон!)
Бяда не ў тым, што ты не промах
Напхацца бручкай неўпамер,
А ў тым, што ў Музы у вантробах
Завёўся страшны салітэр.
Памрэ - і пудзілам у трантах
Паставяць дзеці на граду.
Уся бяда у тым, што сам ты
Не лічыш гэта за бяду.