БУДАЎНІЦТВА
І грады ёсць, і прыбіральні,
I ўжо на градах узышло,
Але і ў позні час, і ў ранні
Спакою творцам не было.
Ну, скажам, вырасце радыска,
А дзе гарантый плот і дрот,
Што сам з'ясі? Сусед жа блізка:
Залезе ў творчы агарод!
Ці ж прывыкаць да плагіяту
Хапугам розным уначы?
I калі ты не зробіш хату,
Дык як жа грады сцерагчы?
Сабаку й то патрэбна будка,
Каб ён не мок і не калеў.
I вось на ўчастку кожным хутка
Закрасаваў часовы хлеў.
Але ў часовым — надта ж мулка!
Вунь колісь быў Часовы ўрад —
I той застаўся без прытулка,
Як далі выспятка пад зад.
Наш век суровы пэўнасць любіць,
А пэўнасць — гэта не хляўчук.
I дом з бярвенняў тут не зрубіш,
Бо адбяруць сякеру з рук.
Таму і кожны лысагорац
Пачаў мазгамі варушыць,
Каб як аполкаў дзе агораць,
Зляпіць хаціну і зажыць.
I неўзабаве стала ясна,
Што ўсе цюхцяі-цельпукі,
Калі датычыць справы ўласнай —
Ого, якія спрытнякі!
Здзівіла ўсіх актыўнасць Цвіркі:
Займеўшы ўласны чарназём,
Адолеў лёгка закавыркі
I самы першы згрукаў дом.
За ім услед маўчун Арочка
Падважваў плашкі пакрысе.
О, як ён важна, без сарочкі,
Выглёндаў з кульбай на страсе!
Няхай з Кірэенкам глядзелі
На гэтых выскачак маўчком,
I ў Няхая душонка ў целе
Аж закруцілася ваўчком.
I ён, як зух-ініцыятар
Ва ўсякай "творчай" барацьбе,
Зусім аднолькавыя хаты
Дастаў суседу і сабе.
Але сусед падумаў сціпла:
"Зраўняцца хатай — проста жах!"
I набакір, у стылі "сцірта",
Ён заламаў фацэтна дах.
Тым часам Хомчанка змікіціў,
Што маху даў, не ўзяўшы град.
Адзеў свой пракурорскі кіцель —
I зразу ўсё пайшло на лад.
Ён прыхапіў дзялянку хмызу
(Някепска знаць законаў дух!)
I дом — з падмурка да карнізу —
Урваў па часці бытпаслуг.
Здаўна не любячы дарэмшчын,
Рукамі ўласнымі, як маг,
Стары сталяр-чырвонадрэўшчык,
Адляскаў Звонак звонкі гмах.
Александровіч дом, як пуню,
Зрабіў з паветкай заадно,
А каб выходзіў дым — прасунуў
Трубу, як гаўбіцу, ў акно.
I Бугаёў, хоць быў вядомы
Як апантаны кнігаед,
Аднак не меншую стадолу
На ўскрайку выстукаў услед.
А Куляшоў, мудрэц-прафесар,
Каб сотку лішнюю займець,
Прыгарадзіў кавалак лесу
I ў ім паставіў дом і клець.
Ды ўсе прафесары й дацэнты
Перад Навуменкам адным
Былі, як дробязныя цэнты
Перад далярам залатым.
Другі маштаб — другая марка:
Калі яму стаўлялі дом —
Тры дні вішчэла цыркулярка,
Чатыры дні звінела чарка,
I цэлых пяць сквірчэла скварка,
I кожны дзень вялася сварка —
Былі Гамора і Садом!
Астрэйка, той, што ў сотнях песняў
Уславіў некалі будан,
За кожнай кроквай клікаў цесляў:
— Ну, злазьце, хлопцы, кроплю дам!
Стары празаік Аляксееў —
Ён генерал сапраўдны быў:
Не ставіў хаты, град не сеяў —
Склеп-бомбасховішча зрабіў.
Святоша-праведнік Аўрамчык
Якіхсьці хлопцаў прывалок —
Яны не дом яму, а храмчык
За тыдзень склалі да аблок.
Будаўнікоў тых незнаёмых —
Без намаганняў і турбот —
Ён адкрываў пасля імёны
У "Маладосці" цэлы год.
Калі свой церам Жычка ставіў,
Дык, як нявольнікі-рабы,
Цягалі дошкі Чэрня й Ставер,
У крук згінаючы гарбы.
А Семяжон, прыдбаўшы ўчастак,
Апошні ўзяўся будаваць:
"Мая ж такая доля-шчасце:
Я ж і жаніўся ў сорак пяць..."
Ва ўсіх дамы, ва ўсіх палеткі,
I толькі ў беднай Палтаран
Стаяў хляўчук, сядзелі кветкі,
Ляжаў нявораны дзірван.