РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ


ДЗЯЛЬБА

Наш век наогул вельмі тлумны,

Мы з гэтым звыкліся даўно:

Футбол і бокс, і джаз бяздумны,

I п'янкі з сексам заадно.

Але такога крыку-гвалту,

Што цэлы дзень хістаў той дом,

Дзе не сабраў касцей гаўляйтар, —

Не чулі ў Мінску шмат гадоў.

Спачатку ціха паміж люду

Размовы-чуткі папаўзлі,

Што пад сады-гароды будуць

Даваць па лапіку зямлі.

Пасля, як заклік да атакі,

Як звон магутны вечавы,

Пранёсся кліч: "На сход, пісакі!

На сход, пісакі, хто жывы!"

"Дык значыць праўда, братцы? Дзеляць?"

I вось, штурхаючы народ,

Пабеглі аўтары і чэлядзь

У дом пісьменнікаў на сход.

Ляцелі жонкі, дочкі, цешчы,

Дзядзькі і дзядзіны, швагры,

I хто з бальніцы мог уцекчы —

Джгаў — не дагналі дактары.

Усім здавалася: хто першы

Падыме голас на дзяльбе —

Той і адхопіць кус найлепшы

I тым узвысіць ён сябе.

Яшчэ ж глыбока ў сэрцы кожны

Хаваў надзею ўсіх надзей,

Што абразаць пачнуць заможных —

I ўдасца з іх урваць надзел.

Куды лацвей схапіць не пустку,

А ўжо дагледжаны гарод:

I хрэн гатовы, і капустку,

I нават бубкі на кампот.

Шамякін, праўда, быў спакойны:

Яму паспелі ўжо сказаць —

Адтуль, з гары: "У вас ніколі

Мы не дазволім абразаць!"

Сёй-той жа быў і азадачан:

А што, як гэта галыцьба

Расшкуматае нашы дачы?

Якая ж будзе тут дзяльба?

Але ўладальнікі фальваркаў

Дарма дрыжэлі па дамах:

Ніхто не думаў біць па карку,

На іх дабро рабіць замах.

Паўнюткі дом гудзеў, як вулей,

I нецярпенне ўсё расло,

Пакуль нарэшце не пачулі

Святую праўду "вешчых" слоў.

Адкрыў прафорг Шушкевіч веча: —

— Сябры! Вы ведаеце, што?

Каля Заслаўя, на пустэчы,

Далі гародаў роўна сто!

Сябры! Паўстаў непераможны —

3-пад тоўшчы часу ў дзвесце год —

Кандзідаў лозунг: "Хай жа кожны

Капае сам свой агарод!.."

Тады ўскіпеў паэт з народа:

"Мне срам, потомку кузнецов:

Какие ж это огороды,

Коль без готовых огурцов?!"

Ды прыступілі ўсё ж да торгу,

Дзяльба пайшла сваёй чаргой,

I Валасевіч на прафорга

У наступ рушыў з качаргой:

— Дзялі, птамаць, сумленна й чэсна,

Бо калі будзеш махляваць —

Па голым чэрапе як трэсну —

Дык і пакоцішся, птамаць!..

Шушкевіч, глянуўшы з дакорам,

Парадак абвясціў такі:

— Спярша давайце пагаворым,

Пасля пацягнем жарабкі.

Антон Бялевіч, хоць і моргаў,

Рвануўся першы слова ўзяць

I на няшчаснага прафорга,

Рукой махнуўшы, крыкнуў: — Сядзь!

Я — не Шамякін і не Броўка!

Я не вазьму сабе грады!

Пакуль на свеце ёсць Дуброўка —

Яе пясняр я назаўжды!..

I так махнуў рукою бурна

I крутануўся так Антон,

Што па інерцыі з трыбуны

Пайшоў на публіку вінтом.

Ды ў той жа міг падняўся Ставер

(Ста-ры, іначай, вер-шаплёт).

Як кавялу, нагу адставіў

I даў фантазіі палёт:

— Ў мяне ў любым раёне грады,

У кожнай вёсцы — свой народ!

Куды прыеду — там і рады,

Там і вядуць мяне ў гарод.

Там рэдзьку з хрэнам ем ад пуза,

Турнэпсы ўволю храбашчу,

А як налопаецца Муза —

Да ночы вершамі трашчу!

У баразне й начую часам —

I сніцца розная херня:

То Скрыпка з Эвентавым разам,

То нейкі Чавускі-Вірня!..

Тут Дзеружынскага заела:

— Я ж першы ў спеўніках стаю!

Мне балбатня ўжо надаела —

Лепш я вам песню прапяю!..

Тады змяніўся з твару Вітка,

Нервова шкелачкі працёр,

Яму, напэўна, стала брыдка,

Бо выйшаў ціха ў калідор.

"Ну і актыўнасць, — думаў горка, —

Такая з роду не была.

О, каб і творчая гаворка

На ўздыме гэтакім ішла!.."

I Лупсякоў, якога жонка

Прывалакла сілком на сход,

I ён адчуў сябе няёмка

I плітануў праз чорны ход.

3 балючай скрухай на абліччы

Спыняў сустрэчных: — Слухай, брат!

Яны ж мяне вар'ятам лічаць,

А дзе — вар'яты? Хто — вар'ят?..

Між тым далёка ў заднім радзе

Сядзеў вядомы драматург,

I ясна ўсё было ў паглядзе,

Што думаў ён пра тлумны гурт.

"Чаго гавэнда гэта варта?

Увесь ваш крык — адна камедзь.

Такога хутара-фальварка,

Як мой — ніколі вам не мець!.."

Ды вось падняўся Хведаровіч —

Сівагаловы аксакал —

I песімістам нездаровым

Рэвалюцыйны даў запал:

— Прашу, таварышы, паверыць,

Што калектыў — адзіны шлях,

I я найду вам грады мераць

3 чырвоным бантам на грудзях!

Я ў тундры марыў, як аб цудзе,

Што прыйдзе гэтакі дзянёк.

А тут — такая закусь будзе!

Свая цыбулька! Свой часнок!..

Як заўжды, з месца Барадулін

Перагукнуўся думкай з ім:

— Да часнаку і да цыбулі

Патрэбен побач магазін!..

Ды гэту рэпліку паэта

Не ўчуў узнёслы Гаўрусёў:

— Мой агарод — мая планета!

А грады — глупства гэта ўсё!

Ну, каб узяў сабе Скапараў —

I я б адвёў калі душу.

А так — пакуль іх ускапаю,

Дык лепш паэму напішу!..

Макаль з Вярцінскім меркавалі:

"Спакусны ўвогуле раён!

I мы б не раз падначавалі,

Каб там адкрыўся пансіён..."

Тады падняўся ва ўсю веліч,

Пад пахай сціснуўшы саф'ян,

Паэт-вучоны Ніл Гілевіч —

Вялікі друг усіх славян.

— Мяне, браткі, хвалюе гэта

Не больш, чым Ставераў "сцішок",

Хоць для сям'і і я штолета

Здымаю ў Купе катушок.

Дык там жа Нарач нас купае,

Як маці дзетак-галышоў,

Ды і кампанія якая:

Сам Танк, Лынькоў і Куляшоў!

Я ж там і ў возеры, і ў лазні

Па голых класіках магу

Дакладна зверыць рост уласны

I на Алімп заняць чаргу.

А ў гэтым гамузе вялізным

Мяне й не ўбачаць і затруць.

Дый як жа будзе з камунізмам,

Калі ўсе грады пабяруць?..

Шушкевіч глянуў на гадзіннік:

Ці не даволі ўжо размоў? —

Сябры! Дык вывад наш адзіны:

Падзелім грады — і дамоў!..

I вось, штурхаючы ў гаворцы

Адзін другога пад бакі,

Наперад рынуліся творцы

Цягнуць на шчасце нумаркі.

Цягнулі творцы і не зналі,

Б'ючы пярэдніх у каршэнь,

Што ўжо найлепшае паклалі

Арганізатары ў кішэнь.

Што быў усцешаны ўжо досыць

Увесь часопіс "Беларусь":

Шаўня, Шыловіч, Гроднеў, Досін —

Магутны аўтарскі хаўрус!..

А ўвечар, позна да паўночы,

Навокал Лысае гары

Пісакі, вытрашчыўшы вочы,

Шукалі ўчасткаў нумары.

О, творчы пошук над гарою!

Калі б у гуле нашых дзён

Свайго станоўчага героя

Шукалі так — які б быў плён!

Загрузка...