ДАДАТКІ ДА ПАЭМЫ


1. Хто адкрые аўтара

Як толькі «Сказ» мой паявіўся -

Тады ж вучоных легіён

На пошук аўтара пусціўся:

«Вядзьмак? Не чулі. Што за ён?

Няўжо зялёны пачатковец

Сягнуў да гэткай вышыні?

Ну, не! Такая выпадковасць

Неверагодна ў нашы дні!

Дык што ж выходзіць? Дзед старэчы

Пісакам крыкнуў «Каравул!»?

Панове! Творца гэтай рэчы -

Ні аксакал, ні саксаул.

Адкрыцця аўтара не зробіць -

Хоць зад натрэ да мазалёў -

Ні крот Сцяпан Александровіч,

Ні кротус Генус Кісялёў!

І толькі ёсць адзін даследчык,

Які нідзе не спасаваў -

Сваю вучонасць так засведчыў,

Што ўсіх свяціл закасаваў:

Узяўшыся самааддана,

Зняў фігавы лісток з Адама,

На яйцы пасадзіў Сцяпана,

Уткнуў Івану кацатыг,

Генадзю выгнаў матыліцу,

З Рагойшы выкруціў сырыцу,

Пад нуль Майхровіча пастрыг,

Лазарука падсек пад корань,

Уздзеў Ісідара на шворан,

Расшкуматаў Юльяна ў пух,

Прыпёр Івашына да сценкі,

Спусціў кальсоны з Каваленкі

І земляку прамыў каўбух

І нават з Лойкі выбіў дух!

Вось калі ён не пройдзе міма,

Дык нейкіх год праз дваццаць сем

Раскажа ўсё, як пра Яфіма,

Тварца праслаўленых паэм.

1975


2. Першае папярэджанне падробшчыкам

Прабеглі дні, мінулі тыдні,

Няўгледна месяцы імчаць,

А нашы крытыкі, як злыдні,

Пра мой праўдзівы сказ маўчаць.

Вунь непісьменнага Аверку

Дык неразумнай пахвалой

Ужо засыпалі даверху -

Ужо схаваўся з галавой.

А што чакаць ад марнатраўцаў?

Не знойдзеш праўды ні на грош -

Ні ў тым, што пэцкае Кудраўцаў,

Ні ў тым, што квэцае Ярош.

Зацішша, сумнае зацішша!

Пісакаў - пэўна, сотні тры.

Але ці шмат з іх час запіша

Хоць кандыдатамі ў майстры?

О, Муза, Муза! Клёцкі ціскаць -

Хіба на гэта трэба дар?

Дакуль жа будзеш ты нам тыцкаць

Пяцікапеечны тавар?

Тварыць маштабна, моцна, ярка

Табе ўжо сілы не стае.

Ты - як базарная гандлярка,

Што ўкроп пучкамі прадае.

Я - паўтарацца не аматар,

Але і змоўчаць не магу:

Фальсіфікатар-плагіятар

Рашыў падставіць мне нагу.

Заўчора стала мне вядома,

Што нейкі пэцкаль-абармот

(Янкоўскі скажа: «Пустадомак!»)

Пусціў свае падробкі ў ход.

Нікчэмнай зайздрасцю натхнёны,

Пад стыль падладзіўшыся мой,

Ён бэсціць добрыя імёны

Бездапаможнаю хлуснёй.

Катэгарычна пратэстую!

Пакуль жыву на свеце сам -

Я праўду чыстую, святую

На глум паскудніку не дам!

Няўжо ён думае, зламыснік,

Што ў зман грамадскасць увядзе?

Ды трыста раз ён дробна дрысне,

А гэткай рэчы не складзе!..

Го, колькі ёсць іх, тарбахватаў,

Таўстых кішкой, пустых душой, -

Уласнай славы малавата,

Дык смоллю ліпнуць да чужой.

Ад гэткіх праўды не чакайце!

Таму я вам і гавару:

Чытайце, з розумам чытайце

Мой «Сказ пра Лысую гару»!

1973


3. Другое і апошняе папярэджанне падробшчыкам

Літаратуру і мастацтва,

Што ўзносяць сэрцы да вышынь,

Тысячаногі спрут мяшчанства

У петлях хоча задушыць.

А я ў камуны сімвал веру,

Якому век не змізарнець,

І тому спруту-ненажэру

Я аб'явіў вайну на смерць.

Вайна на смерць!.. А нейкі пэцкаль

Пустыя смешыкі свае

З дзяшовай прымессю эстэцкай

За сказ мой гнеўны выдае.

Таму хачу я папярэдзіць

Апошні раз: канчай, махляр,

Мазгі падробкамі вярэдзіць -

Набудзь у працы ўласны твар!

А ўсім даследчыкам я раю:

Сядзіце, гніды падшчамя,

І дайце дзякуй, што хаваю

Сваё сапраўднае імя.

Бо як на грудзі перад вамі

Павешу ўвесь іканастас

Ды калі бразну медалямі -

Дык і кандрашка хопіць вас!..

А чытачам замест «бывайце»,

Як і раней, я гавару:

- Чытайце, з розумам чытайце

Мой «Сказ пра Лысую гару»!

1975

Загрузка...