РАЗДЗЕЛ СЁМЫ


ВЯЛІКІ РУХ

Так, толькі ён - Алесь Яскевіч,

Спасцігшы эры нашай дух,

Сумеў дадумацца і скеміць,

Як разгарнуць вялікі рух.

Хадзіў ён неяк на дасвецці

Сярод сядзіб сяброў сваіх

І хоць упоцемку - прыкмеціў:

Як добра хрэн расце ва ўсіх!

І праняла яго здагадка:

А што, каб творчасці ўзамен,

З усёй энергіяй на градках

Мы пачалі разводзіць хрэн?

Былі б на выручку надзеі:

Той хрэн вазілі б прадаваць,

Хто піша ў нас не для ідэі,

А каб капейчыну ўварваць.

Каб рух такі мы разгарнулі

І ўсе адчулі ў хрэне смак -

Мы б гэтым самым адвярнулі

Ад пісаніны шмат пісак!..

Сваю ідэю ён назаўтра

У штаб пісьменнікаў занёс.

Там ухапіліся з азартам -

Адзінадушна і ўсур'ёз.

- Склікайце пленум, - буркнуў лідэр,

Хай гуртам вырашыць актыў...

Мужык учэпісты Дайліда

«Мыслю» падаў у калектыў:

- Каб зацікавіць лепей хрэнам

І новай справе даць размах -

Я раю вам правесці пленум

У лысагорцаў у гасцях.

- Цудоўна! Пленум на прыродзе!

На выязным і п'ецца лепш!..

І вось праз тыдзень па дарозе

Няспешна рухаўся картэж.

У галаве - чатыры «волгі»,

За імі - рафікі ўпадскок,

А замыкаў картэж той доўгі

Сакратароў бранявічок...

На традыцыйную палянку,

Дзе ладзіць сходкі Гарулёў,

Як старажыл, вясёлы зранку,

Праўленцаў гурт Няхай прывёў.

Кароткі ўступ зрабіў намеснік:

- Мы дапусцілі ў працы крэн.

Нам трэба ўрэзаць прозу, песні

І частку сіл пусціць на хрэн.

Раней, чым прымем пастанову,

Узгоднім думкі ў добры час.

Давай, Змітро, пачні размову:

Ты самы смелы сярод нас.

Змітрок рыўком прайшоў наперад,

Адкашляў хрыпку на хаду

І з развароту, без паперак,

Абрынуў шквал на грамаду:

- Ну, што скажу я? Хрэн у вершах

І хрэн у прозе - хрэн адзін.

А ў манаграфіях навейшых

Мы і такога не дадзім.

І калі мусім мы заняцца

Праблемай хрэнаразвіцця,

Дык гэта - скажам шчыра, братцы, -

Не ад вясёлага жыцця.

Зайдзіце самі ў дзень суботні

З кнігарні прама на базар

І параўнайце, што ахвотней

Бяруць: ці хрэн, ці наш тавар?

Ахвотней хрэн купляюць жонкі!

Хрэн проста з рук ірвуць яны,

А калі корань тоўсты, ёмкі -

Дык не пытаючы цаны!..

Таму я згодзен з прапановай:

Чым кніжкі дохлыя тварыць,

Дык лепш з плантацыі хрэновай

Даваць хоць нейкую карысць...

І тут жа ўстаў Арочка з кульбай,

Усхвалявана сапучы:

- А калі ўвесь надзел пад бульбай?

І паўкаша ў адным карчы?

Кароткай рэплікай Дзюбайла

Ссадзіў Арочку з капытоў:

- І так, бульбянікі, нядбайна

Нагадавалі жыватоў!

- Ты на каго намёкі робіш? -

Зірнуў Сцяпан з-пад акуляр.

- Вядома, хрэн - зусім не дробязь,

Але ж і талент - божы дар.

Калі ўжо трэба гэта мера -

Ёсць выйсце іншае яшчэ:

Паслаць на хрэн пенсіянераў -

Усіх, хто выпісаўся ўшчэнт!..

Тут узарваўся Асіпенка:

- Сматря якей пенсіянер!

Другі - як ссохлая апенька,

А ў пісанні даець прымер!..

Тады з радоў, з канца аднекуль,

Падняўся рыжы здаравяк,

Падобны вельмі на Дайнеку,

А на Дайліду - аніяк.

Паколькі быў ён незнаёмы,

Усе рашылі: прадстаўнік.

І стала ціха-ціха ўмомант:

Ну, як жа ён у справу ўнік?

І гаркнуў рыжы: - Пустадомкі!

Спыніце гэту балбатню!

Бо як вазьму цурбэлак ёмкі -

Як пацукоў вас разганю!

Пакуль пустою гаварыльняй

Вас тлумяць лекары навук -

Няздары з п'янай камарылляй

Свае тамы здаюць у друк!..

Сказаў - і тут жа з касагору

Спакойна рушыў у сасняк.

Нібы прыбіты громам, форум

Не мог апомніцца ніяк.

Намеснік зекрыў на Ляксея

І мармытаў: - Адна Вярба,

Адна Вярба ў нас так умее...

Рух праваліўся - нам труба!

Ляксей уставіўся ў Гамолку:

- Хто гэта збэсціў нас, скажы?

Ты знаеш нашу ўсю суполку:

Ці ён пісьменнік, ці чужы?

Устаў Гамолка, дзядзька порсткі,

І ўсіх, як доўбняй, аглушыў:

- Паэт Францішак Лысагорскі!

Калі хлушу - каб я так жыў!

- Вядзьмак?! - жахнуліся праўленцы.

- Вядзьмак?! - азваліся кусты.

Ва ўсіх затрэсліся каленцы,

Ва ўсіх раскрыліся раты.

Народ знямеў. Але праз хвілю:

- Дагнаць! Дагнаць! - узняўся крык.

- Злавіць і збегаць па Марылю:

Хай зробіць гаду чык-чырык!..

- Дагнаць і ўзяць пад ногаць гніду! -

Намеснік грукнуў кулаком.

- Даверым місію Дайліду:

Вярнуцца толькі з Ведзьмаком!

- А дзе вы бачыце Дайліду? -

Гукнуў нясвіжскі пасланец.

- А той вунь, чырванню наліты?

- Во гэны? Гэна ж Мыслівец!

Намеснік зіркнуў на Гамолку

І тут жа коршунам уссеў:

- Ты што ў Саюз нагроб без толку?

Як на адзін капыл усе!..

- А дзе Дайліда? - Бачыў сведка,

Як сёння ўранку, сам не свой,

Без чаравікаў, у шкарпэтках,

Ён пёр на Слуцак пехатой.

- Гардзіцкі ёсць? - У хрэнаводаў

Для кніжкі інтэрв'ю бярэ.

- Ну, а Рыбак? - На агародах

Дзесь выступае па Бюрэ.

- Заві хоць Ставера-халеру!

- Няма таксама, як на грэх:

Пакавыляў мяняць кватэру,

Каб барыша ўзяць за паверх.

Намеснік вылаяўся з гора:

- Ну, і работнічкі ў мяне!

Які ты з імі рух разгорнеш?

І тут правал па іх віне!..

І ён зрабіўся сумны-сумны:

- Цяпер пракляты той Вядзьмак

З усіх нас выцягне гізунды,

Ох, і паздзекуецца ўсмак!..

Чыгрынаў чмыхнуў раззлавана:

- Не разумею - што за страх?

Пішыце добрыя раманы -

Ні чорт не ўшчуне, ні алах!

Пасля чамусьці глянуў раптам

На фотамайстара Крука:

- Ці ты хоць пстрыкнуў апаратам?

Схапіў на плёнку Ведзьмака?

- Ды не, таварышы праўленцы, -

Сказаў, збянтэжыўшыся, Крук.

І ў гэты момант Татур лейцы

У кіраўніцтва вырваў з рук.

- Хоць праваліўся рух ганебна,

Ды ў гонар сходкі выязной

Нам дзербануць усё ж патрэбна.

Прашу, таварышы, за мной!..

І з крэктам, стогнучы, з адышкай,

Усе палезлі на гару,

Дзе між кустоў, пад самай вышкай,

Быў разасланы ўжо абрус.

І хоць з гары амаль да Мінска

Былі відаць шанхаі дач -

Ім асляпіла вочы «Пліска»,

Бо кожны з іх быў закладач.

Як зазірнулі дружна ў шклянку -

За хрэн схапіліся скарэй.

- Ах, гэткі рух звялі на п'янку! -

Сказаў, смакуючы, Андрэй.

- Пазбавіць закусон прыправы -

Што з песні выкінуць рэфрэн.

Для нашай справы, як для стравы,

Патрэбны перац, соль і хрэн!..

- Сачы за гэным, за нясвіжскім, -

Шапнуў суседу гаспадар, -

Каб ён не свіснуў пляшку «Пліскі»,

Як у Нясвіжы - «Сонцадар».

- Я, проша пана, не для варты:

Я - на будоўлі інжынер!

- Ты естась гіцаль, ніц не варты!

Ты - фуражыр і кватар'ер!

- Но, но, пся крэў, не надто глосьно!

Не велькі пан ты тутай сам!..

Сп'яна прамовіў хтосьці злосна:

- А ўсё ж Вядзьмак патрэбен нам!..

Тут Караткевіч рухам звыклым

Насупраць сонца ўзняў бакал:

- Дык і давайце, хлопцы, лыкнем

Мы за здароўе Ведзьмака!

Вядома, праўда вочы коле,

Ды без яе, скажу вам я,

Нічога людскага ніколі

Не выйдзе з нашага рая.

Пакуль не станем як належыць

Цаніць сумленнасць у сабе -

Вядзьмак не кіне нас драпежыць:

Не гэты - іншы дадзяўбе!..

Калі й апошні высах келіх,

Не давяраючы нагам,

З гары, як дзеці на партфелях,

З'язджалі ўсе пад шум і гам.

Сукі калолі ў бок, як пікі,

Сухія шышкі дралі брух...

І гэта быў хоць не вялікі,

І хоць уніз - а ўсё-ткі рух!

Загрузка...