ТАК I ЗАЖЫЛІ
I вось — пасёлак як пасёлак:
Гароды, вуліцы, дамы,
Сям-там драты у восем столак...
А як жа пішуцца тамы?
Пакуль змагу падкаравуліць,
Ці творыць хто, скажу вам так:
Я і па першых назвах вуліц
Адчуў фантазію пісак.
Гучалі назвы вельмі ёмка:
Астрэйкаў пляц, Ласіны рог,
Завулак Цвіркі, Няхаёўка
I Пракурорскі хутарок!
Але засведчу тут сумленна,
Што хоць ад цэнтра і ўбаку —
Было найболей ажыўлення
У Калачынскім тупіку.
Жыццё ішло сваім парадкам:
Хто на калёсцах пёр ваду,
Хто з жонкай корпаўся на градках —
Палоў драсён і лебяду.
Хто паліваў растворам дрэўцы,
Хто падстрыгаў-раўняў кусты,
А хто на сонцы лежма грэўся,
Жывот падціснуўшы пусты.
Пра славу марыў і пра дзевак
3 пакутнай думай на ілбе, —
Пакуль са станцыі вандзэлак
Прыцягне жонка на сабе.
О, тыя з горада візіты!
Як іх чакалі мужыкі!
А як прасілі: "Прывязі ты
Хоць недапітачак які!.."
Сябры прывозілі звычайна
Напханы пляшкамі бавул,
I жонкі ў роспачы-адчаі
Крычалі "Гвалт!" і "Каравул!"
У гмаху Звонака піялы
Звінелі так, што чулі ўсе:
Не чай зялёны аксакалы
Смакталі ўслодыч пакрысе!
I ў будане лясным Астрэйкі
Не моўкла позна гамана.
На закусь там, як сімвал нейкі,
Была цыбуліна адна!
I ў Няхая на Няхаёуцы
3 гаспадаровых рук штодзень
Сцяг паэтычны бралі хлопцы
I спалі ўпокат абы-дзе...
Таму Валоўшчынская крама
Амаль заўжды была пустой:
Пітва ніякага ні грама —
Хоць трупам ляж, хоць слупам стой!
Дык у сяле не без прычыны
Бурчалі злосна мужыкі:
"Ці не адпэндзіць нам, мужчыны,
Адсюль піцьменнікаў такіх?"
Ды і валоўшчынскія цёткі
Клялі іх, зведаўшы бяду:
"Не напаіць з балотца цёлкі —
Пісакі выбралі ваду!.."
Жыццё ж і дачніц турбавала.
Бывае, рана-ранічкой
Імчыць кабета з самазвала,
Уся — парыў і неспакой.
Суседка з хаты ёй насустрач —
Яшчэ спрасонку ў негліжэ:
— Чаго ты прэшся гэтак шустра?
Які кадук цябе глыжэ?
— Хачу зваліцца неўспадзеўку:
Адзін начуе мой стары,
Дык мо прыцёг якую дзеўку,
Каб іх цягалі дактары!
— Ну, калі мой прыпрэ дурніцу
На гэту Лысую гару —
Я падпалю на ёй спадніцу
I як жабоцьку раздзяру!..
Былі й паслугі для пісакаў,
Тут Янка Кучар — казначэй —
Збіраў узносы і не плакаў:
Усе на месцы, дык лягчэй.
I доктар Нэйфах, хоць і рэдка,
На соткі ўласныя імчаў,
Дзе толькі ўслон быў — раскірэка,
Як той у клініцы тапчан.
Ён у пісак пытаў з дакорам:
— Часнок і хрэн на градах ёсць,
А дзе жэнь-шэнь? Дзе гэны корань,
Што вам прадоўжыць маладосць?
Ён клаў масцітых уздоўж лаўкі,
А немасцітых — на зямлі,
I сам насіў з балотца п'яўкі,
Каб кроў нядобрую пілі...
Турбот хапала лысагорцам!
Ішлі ў гарод і ў дзве рукі —
У пальцах — з гонарам і форсам —
Пераціралі камякі.
О, калі б так пераціралі
Свае радкі, свой кожны сказ —
Якія б плёны вырасталі
На творчым зябліве у нас!
А то прывыклі, марнатраўцы,
Паперу крэмзаць, абы з рук.
Не ганарару б ім, а трасцы
За той "цяп-ляп", што пруць у друк!
Але нашто ім дбаць пра творы?
Сядзі ды моркаўку грызі.
Гуркі, трускалкі, памідоры —
Хоць ты на выстаўку вязі!
3ірнеш — дык здзівішся: дарэмна
Такім ударнікам палёў
Дасюль не выдалі ні прэмій,
Ні лаўрэацкіх медалёў.
Дарэчы, з прэміямі — туга.
Дайсці няпроста да вянца:
Па зачарованаму кругу
Яны ўсё ходзяць без канца.
Пакуль разы са два, не меней,
Яны абыдуць гэты круг,
Дык будзь ты, браце, тройчы геній —
Не дачакаўшы, спусціш дух!
Пытанне гэтае — не жарты.
Вазміце рэч, што пад рукой:
Вось гэты твор — што, ён не варты
Саліднай прэміі якой?
Ён можа больш сказаць народу,
Чым іншы збор у шмат тамоў.
Ды не хачу я ўзнагароду!
Мне б хоць жывым прыйсці дамоў!..
Хацеў, гавораць, паміж іншым,
Пытанне высветліць Няхай,
Чаму напхалі ў гурт чужынцаў
I хто зрабіў гэты пхай-пхай.
Магчыма, быў зямлёю гандаль
За кошт абдураных пісак?
Бо ці ж дакажаш розным гадам,
Што грэх за соткі браць ясак?
Былы рэдактар "ЛіМа" Горцаў
(Яму ўсё рэзаць тэкст карціць),
Як згледзеў зброд між лысагорцаў —
Рэзюмаваў: "Подсократить!"
Але падняўся новы вэрхал:
Усіх зваліла навіна,
Што нібы ёсць папера зверху —
I дачам з соткамі — хана!
Забедавалі небаракі:
— А мо хто выдумаў на злосць?
— А хто сказаў? — Ды сам Бураўкін!
— Ну, гэны знае ўсё як ёсць!..
Адных адкрыта выклікалі
I прапаноўвалі аддаць,
Другім празрыста намякалі,
Каб адмаўляліся ад дач.
Ды зблытаць базіс з надбудовай
Ніхто з дасведчаных не мог.
Куды прасцей ад роднай мовы
Было б адмовіцца, дальбог!
Ужо ж не раз раўло мяшчанства:
"Пара камісію ствараць
Па ліквідацыі няшчаснай,
Што ўсё не хоча паміраць!"
Яны даўно былі гатовы
Ажыццявіць "святы" парыў —
Ліквідаваць дарэшты мову,
Якой Купала гаварыў.
Але назло іх крыку: "Знішчыць!"
3 глыбінь народнага жыцця
Увысь ірвалася Янішчыц —
Палесся мілае дзіця.