СУМКА РАДАСЦІ


І мая 1943 года Беларускі штаб партызанскага руху выклікаў Васіля Захаравіча ў Маскву. Кіраўніцтва злучэннем Корж перадаў сакратару Пінскага абкома КІІ (б) Б Аляксею Яўхімавічу Кляшчову і начальніку штаба Мікалаю Сцяпанавічу Фядотаву.

Палявая сумка Васіля Захаравіча была набіта лістамі, паштоўкамі родным і блізкім баявых таварышаў, запісамі адрасоў сем'яў партызан, якія з першага дня вайны нічога не ведалі пра лёс сваіх сыноў, мужоў і бацькоў. «Сумкаю радасці» называў яе Корж.

Камандзіры атрадаў і брыгад прасілі запісаць іх просьбы: «Падкінуць больш аўтаматаў», «Не шкадаваць толу і запалаў», радысты прасілі прыслаць электрабатарэй, рэдактар «Палескай праўды» — паперы і друкарскай фарбы, урач Мікалай Іванавіч Варановіч надаў заяўку на медыкаменты, бінты і хірургічныя інструменты.

Корж стаяў каля крыла маленькага самалёта, даваў апошнія нарады баявым таварышам і запісваў іх просьбы.

Пагойдваючыся, прабегла па лясной палянцы двухкрылая машына, адарвалася ад зямлі і знікла ў смузе вячэрняга неба. Узяў Васіль Захаравіч свой дзённік з пералікам найбольш значных аперацый злучэння. На апошняй старонцы запісана 28 прозвішчаў найбольш адважных партызан, якіх камандзір лічыў патрэбным прадставіць да ўрадавых узнагарод: І. Чуклай І. І. — ордэн Леніна, 2. Шырын Ф. І. — Леніна, 3. Меркуль В. М. — Леніна, 4. ІІордман Э. Б. — Чырвонага Сцяга, 5. Некрашэвіч І. А.— Чырвонага Сцяга... Не было ў спісе толькі прозвішча камандзіра злучэння.

Паплылі пад крылом сінія бары і бярозавыя пералескі, коміны спаленых вёсак, руіны беларускіх гарадоў і паселішчаў.

«Колькі прыйдзецца пакласці працы і сілы, каб зноў расцвіла гэтая скалечаная зямля. Як толькі даб'ём ворага, закаласяцца палі, узнімем з руін новыя сёлы і гарады. Толькі не прыйдуць на свята нашай Перамогі баявыя таварышы Бандаравец, Дамброўскі, Баброў. Не зведаўшы ўсіх радасцей жыцця, аддалі сваё жыццё за шчасце нашчадкаў, за родную зямлю. Не, і яны будуць на свяце Перамогі. Толькі б нікога не забыць». Думкі Васіля Захаравіча перапыніла нейкае пстрыканне за бортам самалёта. Зірнуў туды — беленькімі парашуцікамі разрываюцца зенітныя снарады, а пілот кідае машыну то ўніз, то ўгару, то ўлева, то ўправа, пятляе паміж разрывамі. Усё змоўкла раптоўна, як і пачалося. Корж убачыў вясёлы твар пілота: «Парадак! Праскочылі!» — зразумеў ён па руху засмяглых вуснаў.

Паказаліся падмаскоўныя лясы, дачныя пасёлкі, лініі леташняй абароны.

З падмаскоўнага аэрадрома адразу паехаў Васіль Захаравіч у Беларускі штаб партызанскага руху. Знаёмыя дамы сталіцы былі ў стракатых плямах камуфляжу, па вуліцах спяшаліся людзі ў кіцелях і гімнасцёрках. Здавалася, уся краіна апранулася ў вайсковую вопратку.

Начальнік штаба Пятро Захаравіч Калінін уважліва слухаў расказ Каржа пра найбольш значныя аперацыі, запісваў усе патрэбы злучэння, удакладняў і адзначаў на карце пункты дыслакацыі брыгад і штаба, распытваў пра настрой насельніцтва, цікавіўся, як партызаны звязаны з мясцовымі падпольшчыкамі, прасіў расказаць пра работу партыйных і камсамольскіх арганізацый.

Корж часам зазіраў у прыгожую запісную кніжку з бронзаваю зашчапкаю, удакладняў лічбы, прозвішчы і даты. Калінін звярнуў увагу на камандзірскі дзённік, а калі пачуў, як ён трапіў да Васіля Захаравіча, весела ўсміхаючыся, сказаў:

— Гэта вельмі знамянальна: партызанскі камандзір запісвае ў дзённік фашысцкага афіцэра баявыя справы свайго злучэння. Беражы яго, Васіль Захаравіч, гэта ўжо гістарычны дакумент. Адпачнеш, акрыяеш трохі і прыйдзецца паездзіць па краіне, расказаць рабочым пра гераізм і цяжкасці партызанскай барацьбы.

Са штаба Корж адразу зайшоў на паштамт і апаражніў сваю сумку. Лісты, паштоўкі і тэлеграмы ў Краснадар, Чыстапаль, Горкі, Гусь-Хрустальны — у сотні адрасоў панеслі радасныя весткі родным баявых сяброў.

Калі збольшага адышоў, ачысціўся і адмыўся, пачаліся вандроўкі па краіне, выступленні ў цэхах уральскіх і сібірскіх заводаў, на прадпрыемствах Масквы і Горкага.

«Сем'і сваіх таварышаў знаходжу то там, то тут, а дзе мае дачушкі і Лёня — нічога не ведаю»,— усё часцей думаў Васіль Захаравіч. Ён узяўся настойліва шукаць іх сляды. Развітваючыся з дзецьмі ў Пінску, параіў ехаць у саўгас «Крапоткінскі». Там яго ўсе ведалі, памяталі і прытулілі б дзяцей. Але і там, у прыдонскіх стэпах, яшчэ грымелі баі. Куды ж іх закінула вайна? Куды завезлі выпадковыя эшалоны? І раптам успомніў адрас сям'і даўняга друга па грамадзянскай вайне і па баях у Іспаніі. Васіль Захаравіч завярнуў у знаёмы завулак, спадзеючыся што-небудзь дазнацца пра сваіх. І не памыліўся.

Сустрэла здзіўленая жонка прыяцеля. «Адкуль? Якім чынам?» Засыпала пытаннямі. «Ці не сустракаў майго? Ён жа партызаніць недзе ў баранавіцкіх лясах». Васіль Захаравіч расказваў, а самому карцела хутчэй дазнацца пра сваіх.

«А твае дзяўчаты... Ну, сарві-галовы, ваююць». Жанчына пакорпалася ў шкатулцы і паклала перад Васілём Захаравічам некалькі франтавых трохкутнічкаў з нумарамі палявой пошты. Вольга, Зіна і Лёня на ўсякі выпадак напісалі маскоўскай знаёмай і прыслалі свае адрасы.

Вольга паведамляла, што, вяртаючыся з санаторыя ў Анапе, заехала ў «Крапоткінскі» і сустрэлася там з Зінай. А з саўгаса якраз адпраўлялі на Паўночна-Каўказскі фронт трактары і цягачы. Дзяўчаты прымасціліся на платформе і наехалі бліжэй да вайны. У Нальчыку так дапяклі ваенкому, што той нарэшце залічыў надакучлівых сясцёр у 4-ы кавалерыйскі корпус генерала Пліева.

Зіна ўжо старшыііа-саніііструктар. Лёня да паўналецця ўзначальваў у саўгасе трактарную брыгаду, а цяпер вучыцца ў танкавым вучылішчы і вось-вось паедзе на фронт.

Корж уважліва перачытваў лісты сваіх дзяцей, хацеў уявіць іх пасталелымі ў пекле вайны і не мог — усё бачыліся такімі ж дзецьмі, як пры апошнім развітанні.

Жанчына паглядзела на Васіля Захаравіча і спагадліва сказала:

— Ну, Лёню я разумею. Хлопец. А дзяўчат чаго панесла на фронт?

— Вайна ж усенародная,— думаючы пра нешта сваё, адказаў Корж.— І ў дзяўчат наш, каржоўскі, характар — ніколі не быць убаку.

— А барані божа што здарыцца? Што тады скажаш?

— Не бойся, мы загавораныя. Каржоў кулі не бяруць. Вось пабачыш, перамогу ўсе разам святкаваць будзем,— Васіль Захаравіч хітра ўсміхнуўся, схаваў у сумку лісты сваіх дзяцей, усцешаны і шчаслівы развітаўся з даўняй знаёмай.

Наперадзе было яшчэ шмат клопатаў, баёў і трывог.


* * *

У Беларускім штабе партызанскага руху рэгулярна перадавалі Васілю Захаравічу навіны і лісты з яго злучэння, дастаўленыя самалётамі праз лінію фронту. Цяпер паветраны мост паміж Масквою і партызанскім аэрадромам сярод Хорастаўскіх лясоў быў сталы і надзейны.

На дзвюх паштоўках начальнік штаба злучэння М. С. Фядотаў пісаў камандзіру: «17/VI-43 г.

Дарагі Васіль Захаравіч!

Прывітанне Вам з далёкага вострава. Жыццё наша цячэ без асаблівых змен,— працуем, як належыць, настрой бадзёры, хоць метэаралагічныя ўмовы гэтым летам кепскія — увесь час ідуць дажджы. Нашы астравы так размоклі, што, здаецца, зямля вось-вось ператворыцца ў рэдзенькую кашу.

...У наша суровае партызанскае жыццё ўліўся свежы, новы для нас струмень — прылёт самалётаў. Праўда, іх пакуль што было не вельмі многа, але яны надзвычай узнялі дух усіх партызан і мясцовых жыхароў, ад якіх немагчыма ўтаіць прылёт самалётаў. Зараз зноў чакаем іх.

Васіль Захаравіч, мы з дня на дзень чакаем Вас у наш куточак, не надта ўтульны, але затое густа населены партызанамі.

Мы часта ўспамінаем Вас і ўяўляем, як Вы ходзіце па Краснай плошчы, як выступаеце на сходах і г. д. Нашы агульныя сябры жывыя і здаровыя ўсе. Вялікае прывітанне ад Аляксея Яўхімавіча, Паўла, Парыса Сымонавіча, Гаўрылы, Некрашэвіча і інш. Карацей, прывітанне ад усіх партызан злучэння. Усе чакаюць Вас і часта пра Вас пытаюць.

Жадаю поспехаў і хутчэйшага Вашага звароту.

З прывітаннем М. Ф я д о т а ў.

P. S. Вельмі прашу, В. З., дазнацца пра маю сям'ю. Адрас: Масква, шаша Энтузіястаў, гарадок ВІА, каля завода «Пражэктар», дом 13, кв. 5. Фядотава Еўдакія Іванаўна».

Пра асабістае, пра сям'ю толькі ў постскрыптуме.

Хадзіў і ездзіў Васіль Захаравіч па розных адрасах. У штабе афармляў дакументы і пасылаў грашовыя атэстаты жонкам і маці партызан, у лістах і паштоўках пісаў пра мужнасць іх блізкіх. А калі здаралася, што дарогі яго камандзіровак праходзілі непадалёк ад гарадкоў і сёл, дзе жылі родныя яго партызан, адшукваў у блакноце іх адрасы і завітваў хоць на некалькі хвілін, каб суцешыць і расказаць пра баявыя справы сына, мужа ці бацькі.

На мітынгах Васіль Захаравіч натхнёна гаварыў рабочым пра адвагу і нязломнасць палескіх партызан, пра цяжкасці і нягоды іх ляснога жыцця, пра бяссонныя ночы ў завейных пушчах, пра галодныя паходы і прарывы з блакіраваных балот.

Расказы пра партызанскую кемлівасць і прыгоды баявога жыцця рабочыя сустракалі бурнымі воплескамі, а часам і вясёлым смехам.

— Тут пыталіся, як нам удаецца граміць лепш узброеныя за нас варожыя гарнізоны. Усяляк, таварышы, даводзіцца. Нялёгка бывае, але б'ём,— расказваў каржакаваты, з шырокім сялянскім тварам партызанскі камандзір.— Вось, калі хочаце, адзін выпадак: у вёсцы Ярэмічы Кобрынскага раёна стаяў дужа ўмацаваны нямецкі гарнізон і раззваніў на ўсё наваколле, што ўшчэнт разграміў партызан, і след іх даўно прастыў. Сваё котлішча гітлераўцы абкружылі дотамі і бетаніраванымі акопамі, на ўсе бакі выставілі кулямёты. Нашы спробы ўзяць Ярэмічы штурмам кожны раз правальваліся. Не падступіцца. А ўзяць трэба. Неабходна абараніць насельніцтва ад здзекаў і ліквідаваць апорны пункт акупантаў. Думалі-думалі і нарэшце дадумаліся. Запрэглі дзесяць параконных фурманак, у конскія грывы ўплялі каснікі і папяровыя кветкі, на дугі навешалі званочкаў і розных шамочкаў. Як трэба прыбралі «жаніха», фату і вяночак здабылі «нявесце», «шафераў» з «шаферкамі» насадзілі на вазы, а на пярэднім «сват» і «сваха» абраз багародзіцы з дзіцяткам на руках трымаюць. Ну і, вядома, «п'янаваты» гарманіст польку рэжа і прыпеўкамі сыпле.

Вось такое «вяселле» і ўляцела ў Ярэмічы. Павыскаквалі немцы на дзіва паглядзець. Рагочуць, фотаапаратамі пстрыкаюць. Цікаўныя і з дотаў павылазілі. Чалавек 40 сабралася. Коні спыніліся каля казармы. «Жаніх» на вышываным ручніку паднёс афіцэру бутлю самагону і нізка пакланіўся. А той ад радасці ззяе, як велікодны самавар: «Шнапс, шнапс. Данне Піён», і пачаў частаваць сваю хеўру.

У гэты момант «маладая» з-пад шырокай спадніцы выхапіла аўтамат, з фурманак грымнуў залп. 32 фашысты засталіся ляжаць на месцы, пяцёра курчыліся і стагналі ад ран, астатнія, як зайцы, лупянулі ў алешнік.

Так мы разграмілі самы люты гарнізон, а па наваколлі пайшла пагалоска пра адвагу і кемлівасць партызан.

Стары рабочы ў замасленай кепачцы крыкнуў:

— Такое вяселле некалі ў кіно паказвалі.

— Але, паказвалі. Бачыў і я,— пацвердзіў Корж.— А хіба забаронена карыстацца вопытам грамадзянскай вайны? Для барацьбы з ворагам усё падыходзіць... Але каб біць фашыстаў, не хапае нам, таварышы рабочыя, зброі, патронаў і толу. Праўда, у апошні час трохі нам падкідаюць з Масквы, а асноўнае здабываем у ворагаў, але ўсё роўна мала: атрады і брыгады растуць з кожным днём, людзей трэба ўзбройваць, а чым? Прыйшлося ў лесе абсталяваць сваю майстэрню. Нашы ўмельцы Якаў Цемякоў, Іван Сямак і Васіль Слагада робяць такія аўтаматы, што любы майстра пазайздросціць. Калгасныя механізатары нам нават такарныя станкі прывезлі, да іх ручныя прыводы змайстравалі. Але колькі такая майстэрня можа нарабіць тых аўтаматаў?

Я гэта да таго кажу, таварышы рабочыя, каб вы, куючы зброю для арміі, не забываліся пра партызан, каб звыш плана рабілі і для нас.

І рабочыя з новаю энергіяй і сілай браліся за работу.

У штабе партызанскага руху камандзіру Пінскага злучэння Васілю Захаравічу Каржу прачыталі Указ аб прысваенні яму звання генерал-маёра. Усхваляваны і расчулены партызанскі камандзір пачаў прасіць, каб яго хутчэй адправілі, як ён любіў казаць, «на ранейшае месца працы».

— Справы ў злучэнні ідуць добра, а табе трэба яшчэ тут папрацаваць,— угаворваў Пятро Захаравіч Калінін.— Пасля тваіх выступленняў рабочыя працуюць з асаблівым уздымам. А зброі трэба ўсё больш і больш. Чытаў пра пераход войск Бранскага і Заходняга Франтоў у наступленне супраць Арлоўскай групоўкі? А хутка такое пачнецца, што ахнеш.

Вось яшчэ што. Раскажы, Васіль Захаравіч, як вам удалося перацягнуць на свой бок 10-ы казачы полк. Дакладная надта сціслая, а падрабязнасці нам вельмі патрэбны.

— Калі патрэбны, раскажу. Значыць, так. У студзені гэтага года ў Лунінец прыбыў полк, сфарміраваны з ваеннапалонных казакоў. Адзін дывізіён заняў Дзятлавічы. Старастам у гэтай вёсцы быў наш разведчык Алесь Бунгала. Па-нямецку чэша, як рэпу грызе. Фрыцаў так пераканаў у сваёй адданасці, што яны яму, як сабе, давяралі. Прыгледзеўся Бушыла да казакоў: маркотныя ходзяць, людзей саромеюцца, туляюцца па завуголлю. І прыйшоў «стараста» да разведчыка атрада «За Радзіму» Аляксандра Аляксеевіча Світцова. Расказаў пра ўсё і раіць: «Сустрэцца табе трэба з камандзірам дывізіёна, былым маёрам Чарнышковым. Немцаў ненавідзіць лютай нянавісцю, а нашым людзям стараецца памагчы».

У прызначаны дзень Аляксандр Аляксеевіч Світцоў і група партызан прайшлі кіламетраў трыццаць. Хлопцаў пакінуў пад сцяною, а сам шмыгануў у стараставу хату. За сталом ужо сядзелі двое ў нямецкіх афіцэрскіх мундзірах. Адразу ўскочылі і далажылі: «Маёр Чарнышкоў!», «Лейтэнант Арлоў!»

Яны расказалі пра жахі ў лагеры для ваеннапалонных, дзе загінула больш за 50 тысяч чалавек, пра тое, як вырашылі выратавацца, атрымаць зброю і павярнуць яе супраць ворагаў.

«Як толькі кінулі нас сюды,— расказваў Чарнышоў,— на партызан, адразу пачалі шукаць сувязь са сваімі. Палкоўнік Сысоеў таксама надзейны: загадвае страляць, заплюшчыўшы абодва вокі.

Світцоў з Чарнышковым адразу дамовіліся і распрацавалі план сумесных дзеянняў.

Корж зірнуў у запісную кніжку:

— Як толькі змеркла, 16 студзеня Світцоў з Чарнышкова™ абяззброілі ахову, увайшлі ў памяшканне школы, дзе размяшчаўся дывізіён, і пастроілі ўсіх казакоў. Світцоў прывітаўся: Не палохайцеся, таварышы, мы партызаны. Прыйшлі да вас, каб выратаваць ад ганьбы і злачынства, на якое штурхаюць вас фашысты».

Потым разведчык расказаў пра апошнія падзеі на франтах, а паведамленне пра разгром гітлераўцаў пад Сталінградам казакі сустрэлі крыкамі «ўра!» і воплескамі.

Чарнышкоў звярнуўся да строю: «Хто хоча служыць немцам, два крокі наперад!» Ніводзін казак не варухнуўся. «Дзякую, браткі! Тады ўсім збірацца ў дарогу. Яна ў нас адна — з нашым народам бараніць Радзіму».

Апоўначы на трыццаць фурманак пагрузілі зброю, боепрыпасы, амуніцыю і харчы, строем прайшлі па Дзятлавічах. Да рання па лясных сцежках дабраліся да базы атрада «За Радзіму».

— А як немцы абышліся з вашым старастам? — пацікавіўся Калінін.

— Узнагародзілі за «верную службу»,— хітра ўсміхнуўся Коря«.— Мы загадалі старасту верхам ехаць у Лунінец і паведаміць, што дывізіён пайшоў у лес. Каб пераканаць немцаў, што ён ледзьве уцёк ад партызан, Бушыла гранатаю падарваў вугал свае хаты, а каля Лунінца скінуў і схаваў валёнкі і паўкажушок, а сам у адных анучах ускочыў да начальства. Ну як было не аддзячыць такога «адданага служаку»?

Як толькі палкоўнік Сысоеў дазнаўся, што здарылася ў Дзятлавічах, ён разам са штабам перайшоў да партызан. Рэшткі палка немцы расфарміравалі.

На століку зазваніў адзін з тэлефонаў. Калінін уважліва слухаў, падтакваў, абяцаў падумаць, пашукаць. Раптам спахапіўся:

— Хвіліначку... Тух у мяне якраз камандзір Пінскага партызанскага злучэння таварыш Корж... Ага. Той самы. Параюся з ім і адразу ж пазваню.— Паклаў трубку і звярнуўся да Васіля Захаравіча:

— Каля Разані фарміруецца першая польская дывізія імя Тадэуша Касцюшкі. Палякі хочуць разам з нашымі войскамі вызваляць сваю радзіму. Па традыцыі ім патрэбен капелан. Ну-у, па-нашаму, ксёндз. Ці не знойдзецца часам у тваім злучэнні і такога спецыяліста?

Корж памаўчаў, падумаў, хітра ўсміхнуўся:

— Ёсць. Але самім во як патрэбен.

— Вы што, можа, набажэнствы там спраўляеце? — здзівіўся Калінін.

— А чаму не? Нават паліцаяў па ўсіх правілах хаваем, з папом і кадзілам. А што да ксяндза, дык ён выдатны зубны доктар. З бормашынаю і ўсім начыннем з вёскі Пузічаў прыйшоў у наш атрад. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Вось і вандруе са сваёю катрынкаю Францішак Купш з атрада ў атрад. Лічыцца ён у брыгадзе Васільева, а абслугоўвае ўсё злучэнне. Наогул добры таварыш і патрыёт надзейны. А якія пропаведзі перад веруючымі гаворыць, заслухаешся. І людзі ідуць за ім... у партызаны.

— Як, кажаш, прозвішча?

— Кунін, а завуць Францішак.

Калінін зняў тэлефонную трубку.


* * *

Калі закончыліся паездкі камандзіра злучэння па заводах краіны і самалёт Героя Савецкага Саюза П. А. Тарана даставіў Васіля Захаравіча ў Векарава на партызанскі аэрадром, ён адразу і не пазнаў знаёмую палянку: узлётная паласа была добра ўтрамбавана, пастаўлены сігнальныя знакі, выкапана зямлянка для аэрадромнай службы. Першымі да самалёта падбеглі начальнік аэрадрома Трахім Рудзеня і яго намеснік Віктар Ліфанцьеў.

Вызваліўшыся ад гарачых абдымкаў, Васіль Захаравіч усклікнуў:

— Ды ў вас не горш, як у Туршыне, хоць ты авіяцыйныя парады праводзь.

— Ініцыятыва таварыша Кляшчова. Усе хлопцы ў вольны час шчыравалі, як мурашкі,— тлумачыў Рудзеня.

Партызаны, убачыўшы каля самалёта нейкага генерала, падышлі бліжэй. Як жа ўсе ўзрадаваліся, калі пазналі свайго камандзіра. А ён шчодра частаваў «Беламорам» і «Казбекам», перадаваў прывітанні і лісты, якія атрымліваў для сваіх партызан у Маскве.

Усю ноч прагаварылі ў зямлянцы. Корж расказваў пра Маскву, пра першы салют у гонар вызвалення Арла і Белгарада, пра свае паездкі і сустрэчы з рабочымі, пра іх нястомнасць і працоўныя подзвігі. А партызаны дакладвалі камандзіру пра дыверсіі на чыгунках, пра знішчаныя варожыя гарнізоны. Між іншым, успомнілі Францішка Купша. Пабедавалі, што няма цяпер каму падлячыць зубы, дый наогул быў добры хлопец гэты «святы айцец» — адважны партызан і надзейны разведчык.

— Я да аэрадрома яго праводзіў,— расказваў Віктар Ліфанцьеў.— Як толькі дазнаўся бедны Францішак, што за ім спецыяльны самалёт прыслалі, закалаціўся ад страху: ніяк не мог уцяміць, каму і навошта ён спатрэбіўся ў Маскве. Хуценька сабраўся, развітаўся з хлопцамі, і рушылі мы з ім ляснымі дарогамі на аэрадром. Ехалі доўга. Нa карэннях ды выбоінах ледзь душу не вытрасла, і адважыліся мы завярнуць у маленькую глухую вёсачку, каб хоць трохі перадыхнуць.

Папрасіліся ў хату. Гаспадыня сустрэла нас не вельмі ветліва. Заікнуліся перакусіць — кажа: «Усё да шэлега забралі». А сама спадылба назірае на нас, відаць, думае, хто мы — свае ці, можа, часам «бобікі».

Калі ж Францішак зняў плашч, і жанчына ўбачыла ў яго на грудзях крыж, заўсміхалася, замітусілася каля печы, паслала кужэльны абрус, засквірчэла яечня, з'явіліся на стале заткнутая кудзеляю пляшка, вяндліна і шаткаванка. Шапнула нешта гаспадыня дачушцы, і тая адразу некуды збегла. Я затрывожыўся і бліжэй падцягнуў аўтамат. Неўзабаве адна за адною пайшлі ў хату жанчыны з малымі і большанькімі дзецьмі і давай прасіць: «Пахрысці, святы айцец. Усю вайну нехрысцямі жывуць». Спачатку ўпінаўся Купш. Кажа: «Я ж каталіцкі ксёндз, а вы праваслаўныя, ды і крапідла пры сабе няма і ў купелю гэтыя бэйбусы не ўлезуць».

«Нічога,— просяць.— Хрысці, як выйдзе».

І запусцілі мы з Францішкам канвеер: ён хрысціць, я падаянні прымаю — у торбу складаю кавалкі сала, сушаныя сыры, грошы бяру, якія ў каго ёсць. Ахрысцілі ўсіх, расказалі бабам, як Чырвоная Армія і партызаны б'юць фашыстаў, развіталіся і рушылі на свой аэрадром.

Там ужо чакаў Францішка самалёт. Хацеў я на дарогу аддаць яму грошы, дык дзе там — ні капейкі не ўзяў. «Харчы, кажа, параненым і хворым аддай, а грошы — у фонд абароны». Пісталет мне свой пакінуў, перахрысціў і наляцеў.

Васіль Захаравіч расказаў, што не так даўно Францішак Купш прымаў прысягу ў байцоў Першай польскай дывізіі.

— Пакуль ты там ездзіў, мы тут стварылі цэлую польскую армію,— пажартаваў Аляксей Яўхімавіч Кляшчоў.— Колькі цяпер у іх атрадзе, таварыш начштаба?

— Больш за пяцьсот чалавек,— адказаў Фядотаў.

— Чуеш, больш за паўтысячы! І ўсё баявыя хлопцы. Нездарма атрад носіць імя Тадэуша Касцюшкі. Узначаліў польскіх патрыётаў былы афіцэр Чэслаў Клім, а камісарам у яго вельмі талковы і адважны таварыш, Вацлаў Клімашэўскі... Дакладвай далей, таварыш начальнік штаба.

І Фядотаў расказаў, што касцюшкаўцы ўжо знішчылі каля дзесятка варожых эшалонаў, некалькі грузавікоў з ваеннай тэхнікай і салдатамі, узарвалі паўсотні рэек, выключную адвагу і дакладны тактычны разлік паказалі ў баі каля палескага сяла Нобель.

Атрад імя Касцюшкі ўвайшоў у добра арганізаваную і ўзброеную пінскую брыгаду Івана ПІубітыдзе. Ён, былы палонны савецкі камандзір, здолеў вырвацца з загатаванага вагона па дарозе ў Германію. Сабраў групу ўцекачоў з палону, падабраў надзейных польскіх патрыётаў і пачаў дзейнічаць у нрыбугскіх лясах. У атрад Шубітыдзе ўліліся патрыёты з навакольных вёсак і палескіх гарадкоў. І неўзабаве ў ваколіцах Пінска з'явілася грозная партызанская брыгада. Яна гаспадарыць у Драгічынскім, Іванаўскім, Маларыцкім раёнах і ўзяла над сваю апеку суседнія раёны Украіны.

Асабліва ўзрадавала Васіля Захаравіча, што брыгада Шубітыдзе ўстанавіла цесную сувязь з падпольшчыкамі Пінска.


Загрузка...