TAGEBUCH [1]


У першым баі каля Пінска сярод баявых трафеяў у маладзенькага афіцэра была знойдзена запісная кніжка. На скураной вокладцы золатам адціснута Tagebuch. Бронзавая зашчапка з замочкам і залочаны абрэз прыцягнулі ўвагу партызан: «А раптам у ёй важныя запісы».

На першай старонцы прыгожым жаночым почыркам было напісана. «На ўспамін ад тваёй фройляйн Марыі. Запісвай пра свае перажыванні і добрыя, прыгожыя дні».

Дзённік аддалі камандзіру.

— Дзякую, хлопцы. Спатрэбіцца,— Васіль Захаравіч пагартаў чыстыя старонкі.— Не паспеў афіцэры!« запісаць свае злачынствы. Тады мы будзем запісваць свае перамогі,— і схаваў прыгожую кніжачку ў кірзавую палявую сумку. А на прывале сеў на пянёк і на чыстай старонцы запісаў:

На закате ходит парень

Возле дома моего,

Поморгает мне глазами

И не скажет ничего.

И кто его знает,

Чего он моргает (3 разы).

Новую лірычную песню партызанскі камандзір узяў на ўзбраенне. Яе паціху спявалі каля паходных вогнішчаў, успамінаючы сваіх каханых і барвовыя надвячоркі за родным сялом, учарашняе мірнае жыццё.

За яго цяпер трэба біцца, магчыма, памерці...

Трафейнага Tagebuch Васілю Захаравічу хапіла да канца 1943 года. На кожнай старонцы тры-чатыры лаканічныя запісы:

«4/VII-41. Абарона гор. Пінска. Сустрэча з варожай конніцай. Завязаўся бой. Наш загінуў адзін і паранена трое. Немцаў было забіта чалавек 15-20».

«5/VIII-41. Працавалі з групаю на дарозе Леніна — Жыткавічы, на поўдзень ад Пясчанкі. Узялі адну пяцітонную машыну, 2 матацыклы, 10 вінтовак, знішчана 15 фрыцаў».

Сапраўды, для Каржа і яго атрада гэта была праца, праца па абароне роднай зямлі, па выратаванню савецкіх людзей, землякоў і ўсяго, створанага іх намаганнямі і натхненнем.

Як непадобны першыя і заключныя старонкі гэтага унікальнага дзённіка. У пачатку — гарката і пакуты страт, галоднае бадзянне па лясах і балотах, недахват зброі і боепрыпасаў, хваробы і раны. На апошніх — пералік разгромленых варожых гарнізонаў, кіламетраў узарванага чыгуначнага палатна, баявых трафеяў, рэцэпты і формулы выбуховых сродкаў, спісы партызан, прадстаўленых да ўзнагароды баявымі ордэнамі, адрасы мацярок і жонак сяброў па зброі, якім трэба дапамагчы ў далёкім тыле. Пра ўсё думаў, пра ўсё дбаў і клапаціўся ўваяглівы і чулы Васіль Захаравіч, нязломны і грозны для ворагаў партызанскі камандзір Камароў. Ён заўсёды памятаў, што партызаны — гэта пасланцы партыі і Савецкай улады ў акупіраваных раёнах, абаронцы сумленных людзей, што трапілі ў фашысцкую няволю.

— Наша апора і надзея — тутэйшыя людзі,— заўсёды гаварыў партызанам камандзір.— Галодны — далікатна папрасі, апошнім падзеляцца, сілком возьмеш, ніколі не даруюць.

І гэта зрабілася няпісаным законам для ўсіх Камароўку.

У атрад прыходзілі новыя партызаны, намячаліся сур'ёзныя аперацыі па разгрому нямецкіх гарнізонаў, але не хапала ні зброі, ні патронаў.

Таму Васіль Захаравіч вымушаны быў са сваімі хлопцамі часцей выходзіць на «паляванне».

Ранічкаю пятага жніўня пятнаццаць партызан залегла ў лазняку пры дарозе. У Пагосце быў бровар, і немцы вельмі ж унадзіліся туды «на запраўку». Прыслухоўваецца Васіль Захаравіч: на дарозе спакойна, але за спіною шамаціць трава, і нехта паціху гаворыць. Азірнуўся: ідуць два падлеткі з косамі. Сталі. Відаць, і яны прыкмецілі партызан. Камандзір запыніў іх, распытаў, куды ідуць, што чуваць у сяле.

Хлопцы расказалі, як здзекуюцца немцы і паліцаі з былых калгасных актывістаў і з жонкі старшыні Таццяны Рыгораўны Страх, расказалі пра здрадніка Бараноўская і хацелі ўжо ісці.

— Не, хлопчыкі, прыйдзецца вам трохі пабыць з намі. Зробім, што трэба, тады адпусцім... Чаму, пытаецеся? А раптам спаткаюць вас фрыцы, застрашаць, можа, і бізуном перацягнуць, а вы возьмеце ды раскажаце, дзе мы. Тады нам крышка. Так што, хлопчыкі, не гневайцеся. І нам і вам спакайней будзе.

Па дарозе на захад пайшлі машыны з параненымі. А Каржу трэба не гэтыя недабіткі, а зброя і прыпасы. Раптам загулі маторы, і насустрач калоне санітарных машын пайшлі грузавікі з салдатамі.

«Значыць, едуць на фронт»,— падумаў Корж і загадаў партызанам разбіцца на тры групкі, па пяць чалавек.

Як толькі першая машына параўнялася з засадаю, Васіль Захаравіч кінуў пад колы гранату, стрэлам з вінтоўкі зняў шафёра. Машына папаўзла ў кювет, па астатніх машынах грымнуў залп, знячэўку спалоханыя немцы выскаквалі з кузаваў у кусты, некалькі заляглі за коламі грузавікоў і пачалі адстрэльвацца. Корж трапным стрэлам забіў афіцэра, гітлераўцы кінуліся хто куды, партызанскія кулі даганялі ўцекачоў.

За некалькі хвілін было забіта 15 фашыстаў. Партызаны сабралі шмат зброі, патронаў і прадуктаў. Пасярод дарогі дагаралі грузавікі.

— Вось і ўсё, хлопцы,— звярнуўся Корж да затрыманых касцоў, пачаставаў іх трафейным шакаладам і папрасіў, каб правялі карацейшаю дарогаю да вёскі Пясчанкі.— А што бачылі нас, забудзьцеся і нікому не кажыце.

Следам за маладзенькімі касцамі партызаны зніклі ў лесе.

Жнівень пачаўся спякотай. Зашамацелі пад нагамі пасохлы мох і апалая ігліца, перасохлі лясныя копанкі, прыходзілася працэджваць і піць іржавы балотны жужаль. Некалькі дзён не было чаго есці. Партызаны надкопвалі дробную бульбяную завязь на калгасных палях. А праз некалькі дзён у атрадзе пачалася дызентэрыя.

6 жніўня 1941 года Васіль Захаравіч запісаў: «Два чалавекі захварэлі крываўкай. Адзін у паходзе зваліўся. Дваім прыйшлося яго весці».

«7/VІІІ. Захварэў сам. Есці не хочацца і няма чаго. Дзед-пастух з суседняй вёскі прынёс аўсяных круп. П'ём па дзве шклянкі на дзень».

Партызаны, якія л шло трымаліся на нагах, на закінутай пасецы знайшлі трохі мёду, сабралі чарніц для хворых. Але хутка і гэтыя прыпасы кончыліся. Зноў людзі чэзлі ад голаду і крываўкі. Няўжо ж ляжаць на лапніку і чакаць пагібелі? Не, трэба нешта рабіць!

І змарнелы, знясілены Васіль Захаравіч ледзьве даклыпаў да рыбгаса «Белае». У хатцы на ўзлессі жыла жонка камандзіра-пагранічніка Надзея Аляксандраўна Рыбчынская (Балабіна) з маленечкім сынам. Да вайны яна загадвала саўгаснай сталоўкай, і была пакінута дапамагаць вайсковым часцям, бежанцам і партызанам. Праз суседскага хлопчыка Корж выклікаў у хвойнік Надзею Аляксандраўну. Як жа ён узрадаваўся, калі пазнаў у ёй дачку свайго колішняга прыяцеля з вёскі Доўгае Старобінскага раёна. Расказаў, у якім цяжкім становішчы апынуўся атрад і напрасіў дапамагчы знясіленым хваробаю партызанам.

Штодня ў лагер камароўцаў Надзея Аляксандраўна адпраўляла аўсяны адвар, даставала лекі. Як толькі хворыя акрыялі, разам з рабочым саўгаса Паддубіцкім адправіла партызанам цэлую свіную тушу.

А неўзабаве Надзея Аляксандраўна са сваёю сяброўкаю Ганнаю Багінскай стала баявою разведчыцаю атрада Камарова. То, прыкінуўшыся багамолкаю, хадзіла яна з царквы ў царкву, з набажэнства на набажэнства, а па дарозе паспявала палічыць варолшя машыны і гарматы, запомніць, дзе знаходзіцца ўправа СД. То садзілася з сяброўкаю на лавачцы, лузала гарбузікі, нібыта нешта пляткарыла, а сама запамінала колькасць гітлераўскіх салдат, што ішлі па вуліцы, танкетак і аўтамабіляў, вызначала, у які бок яны ідуць і пра ўсё пераказвала Камарову.

Але фашыстам удалося высачыць адважную разведчыцу. Раз'юшаныя вылюдкі ўламаліся ў яе хацінку на ўзлессі. На порхаўку збілі маладую жанчыну, а яна толькі шчыльней туліла да сябе дзіця, галавой засланяла яго ад удараў. Хату надпалілі, а гаспадыню навялі па сельскай вуліцы на расстрэл: «Няхай глядзяць і дрыжаць ад жаху аднавяскоўцы». Прывялі да акопа на беразе зарослага чаротам возера.

— Страх прапаў,— успамінае цяпер Надзея Аляксандраўна,— памятаю толькі, што ўсё мацней прыціскала да грудзей сына. Спадзявалася засланіць ад кулі, верылася, а можа, падбяруць добрыя людзі, і неяк выкідаецца сірацінка. Раптам у апошняе імгненне бліснула думка: агідна пакорна паміраць, хай застрэляць на бягу, моя«а, лягчэй будзе. Падумала і кінулася ў зараснікі чароту. Грымелі стрэлы, каля вуха дзвынкалі кулі, а я расхінала сцябліны чароту і бегла, бегла...

Потым прытаілася, каб апамятацца. А хлопчык мой ні разу не пікнуў, нібы чуў сваю пагібель. Страляніна змоўкла. Відаць, падумалі, што забітыя мы. Так цудам і выратаваліся. Партызаны пераправілі сына да сваякоў у Доўгае, а я пайшла ў лес і партызаніла да саменькага канца вайны. Цяпер мой Эдзік — выкладчык музычнай школы ў Салігорску. А я так і ясыву ў Пінску, на радзіме нашага злучэння.

Пасля Надзеі Аляксандраўны ў рыбгасе засталася надзейная разведчыца Ганна Васільеўна Багінская. На сустрэчы ў канаве за сялом вяла вядомая толькі ёй і Каржу сцяжынка. Васіль Захаравіч часцей прыходзіў сам, каб дазнацца пра ўсе навіны ад кемлівай разведчыцы. А яна то цялушку вяла пасвіць, то ішла з сякераю і вяроўкаю ў лес па ламачча, знікала ў канаве і паспешліва расказвала:

— У Жыткавічах хавалі пабітых партызанамі немцаў, з вайсковаю пашанаю хавалі. А ў Людзяневічах сагналі і ўзялі пад ахову ўсё яўрэйскае насельніцтва. Па шляху сёння не прайшло ніводнай машыны. Напэўна, напалохалі іх нашы засады. А Надзю высачыў, ды і ўсіх актывістаў выдае новы стараста... Якаў Шур.

— Што яшчэ новага?

— У вёску Баравая прыйшоў а акружэння чырвонаармеец Іван Некрашэвіч. Усё дапытваецца ў меншага брата, як знайсці партызан, а той, нібы вады ў рот набраў, маўчыць.

— А чаму гэты маўчун павінен ведаць, дзе партызаны?

— Хоць малы, але востры хлапчук. У першыя дні адступлення ён па надзейнай дарозе вывеў нашу танкавую калону. Мішам яго завуць. І ў вас ён таксама быў за правадніка.

— Гэта такі бялявы і ў рабацінні, як сланечнік? — пацікавіўся Васіль Захаравіч.

— Але, ён самы... А роднаму брату не прызнаецца.

— Малайчына. Правільна робіць. І гэтага Івана вы маглі б прывесці, Ганна Васільеўна? Хоць бы і цяпер.

— Чаму ж, прывесці можна. Толькі не сюды.

— Вядома, не сюды. Чакаю вас за ўзгоркам пад зламанаю асінаю. Да сустрэчы.

Ганна Васільеўна пайшла лясною сцежкаю, а неўзабаве і Корж з Чуклаем зніклі ў яловым гушчары.

Многае перадумаў Васіль Захаравіч, чакаючы Багінскую з Некрашэвічам: машыны не ідуць па шляху, напэўна, пачалася перагрупіроўка часцей праціўніка, ізаляцыя яўрэйскага насельніцтва,— не іначай падрыхтоўка да расісцкіх акцый. Трэба было б паспрабаваць выратаваць іх, але што ты зробіш з такімі сіламі і зброяй супроць цэлага гарнізона? А вось ад здрадніка Шура трэба пазбавіць насельніцтва.

Неўзабаве трэснула галінка, тройчы пракукавала «зязюля» і з'явілася Ганна Васільеўна з рослым русявым хлопцам. Ён далажыў па-вайсковаму.

— А дзе ваша вінтоўка, таварыш баец?

— Іх у мяне, таварыш камандзір, аж дзве. Схаваны ў надзейным месцы. Са мною прабіваўся з акружэння яшчэ адзін хлопец. Ён пераапрануўся ў цывільнае, а зброю пакінуў мне.

— Якая ў вас сям'я?

— Тры браты і сястра Вера. Серадольшага, Сяргея, пры нас няма. Ён робіць на чыгунцы ў Асіповічах. Спадзяюся, дабярэцца дадому і будзе разам з намі.

— Чыгуначнік, кажаш? — перапытаў Корж.— Спецыяльнасць патрэбная. А маці з бацькам пакідаеце?

— Маці памерла... А бацька... бацька, разумееце,— разгубіўся і пачырванеў Іван,— як вам сказаць? Бацька сядзіць...

— За што сядзіць?

— Быў старшынёй калгаса. У нечым заблыталі яго. Ну, і засудзілі.

— А ты за бацьку не ў крыўдзе? — жорстка спытаў Корж.— Мопса, знарок хочаш да нас пратачыцца. Тады сцеражыся, хлопча.

— Што вы, Васіль Захаравіч! Я іх сям'ю змалку ведаю. Камсамольцы ўсе. Не толькі па білетах. Па душы камсамольцы. Галаву гатова пакласці за іх,— заступілася Ганна Васільеўна.

— Галава ў цябе адна і дорага каштуе. Не надта раскідайся ёю,— памякчэў камандзір.— Што ж, калі адказваеш за іх, возьмем. Только ведай, хлопец, як цябе, Іван?..

— Але, Іван Некрашэвіч.

— Ведай, Іван, праверым цябе на самым адказным заданні.

— Вазьміце і сястру з братамі. Дома іх пакідаць нельга. Шур адразу выкажа.

— Бяром. Вось і будзе аддзяленне Некрашэвічаў,— усміхнуўся Корж.— А чыгуначнік твой нам асабліва патрэбен.

Неўзабаве ўся сям'я Некрашэвічаў была ў атрадзе. Увішную бялявую Веру паслалі рабіць на кухню, Міша, ужо знаёмы партызанам шустры хлапчук, стаў адважным і кемлівым разведчыкам, а Іван выдатна выканаў сваё першае заданне. Разам з Нордманам і Чуклаем прыйшоў ён на світанні ў вёску Юркевічы і пастукаўся ў хату да Шура. Той пазнаў Некрашэвічаў голас і адчыніў дзверы. А як толькі ўгледзеў узброеных людзей, кінуўся назад і зашыўся пад ложак. Калі выцягнулі і звязалі здрадніка, жонка яму сказала ў вочы; «І ні колечкі цябе, юду, не шкада. Крыўдна толькі, што загнюсіў сваёю здрадаю дзяцей і мяне, няшчасную. Цяпер, можа, людзі хоць вітацца з намі пачнуць». У лесе Якаў Шур прызнаўся, што наняўся сачыць за ўсімі аднавяскоўцамі і рабочымі рыбгаса, вербаваць у паліцыю, падбіраць солтысаў, даносіць Жыткавіцкаму СД, дзе знаходзяцца і куды кіруюцца партызаны.

— Ах ты, змей падкалодны! Колькі ж ты нявінных душачак загубіў? — ускінуўся самы рахманы ў атрадзе чалавек — дзед Ігнат Дубіцкі. Ён быў кухарам, і калі якая цётка давала партызанам кураня, прасіў каго-небудзь з хлопцаў, каб прырэзаў. А тут ухапіў аўтамат:

— Дайце мне яго, хлопчыкі. Па даўнейшаму знаёмству разлічуся з гэтым гадам.

І павёў здрадніка ў густы ельнік.


* * *

Палескія лясы змрочныя і таямнічыя. На світанні яны звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і вуркатаннем дзікіх галубоў. Начную цішыню трывожыць савіны плач. Разыходзяцца і знікаюць у гушчары воўчыя сцежкі, трухлявеюць вываратні, прывіднымі агеньчыкамі пабліскваюць спарахнелыя пні. То раптам у нетрах засвеціцца блакітная азярынка, ласкавая і зіхатлівая, як дзіцячая казка, то раптам захлопае, зазыбаецца пад нагамі замшэлая дрыгва.

Добраму чалавеку лес — гасцінны прытулак і найлепшы абаронца. Ліхому — жах і пагібель. Таму фрыцы і баяліся лясоў, прымушалі выразаць іх ўздоўж дарог, нават ахоўныя елачкі высякалі каля чыгункі.

Атрад Камарова пятляў ляснымі сцежкамі па раёнах, занятых немцамі. Мясціны гэтыя камандзір ведаў з часоў грамадзянскай вайны. Але ведаў Васіль Захаравіч і іншае: у Заходняй Беларусі менш чым два гады была Савецкая ўлада і, вядома, у вёсках і мястэчках затаіліся былыя паслугачы пілсудчыкаў, асаднікі і розная крымінальная навалач, гатовая служыць новым гаспадарам, абы быць сытай, рабаваць і здзекавацца з людзей. Гэтыя акалічнасці патрабавалі асаблівай асцярожнасці і пільнасці. Ад актыўных дзеянняў атрад устрымліваўся — не хапала зброі і патронаў.

«Хоць бы мець некалькі кулямётаў, трохі патронаў і толу,— марылі партызаны.— А дзе іх узяць? Адзіная надзея — здабываць у ворага».

Добра, што ў першыя дні вайны ўдалося выпрасіць у камандуючага Пінскай флатыліяй віцэ-адмірала Рагачова трохі толу, бікфордава шнура з капсулямі. Два мяхі галет ён сам «звыш нормы» падкінуў партызанам.

— Калі будзе зусім нявыкрутка, галеты можаце кінуць,— павучаў сваіх хлопцаў камандзір,— а тол з капсулямі беражыце мудрэй вока!

І бераглі, памятаючы, што гэта партызанскі хлеб, а ворагу — пагібель.

Камандзір часта думаў пра лёс сваіх партызан. Хто з іх дойдзе да Перамогі? Хто назаўжды застанецца ў лясных нетрах або на прыдарожных узгорках? А кожнага ж з іх чакае маці, жонка, сын ці дачка. Успомніліся і свае. Куды іх закінуў лёс? Дзе цяпер Оля, Зіна і Лёня?

І зноў з трывогаю і спагадаю паглядаў на сваіх байцоў, да шчымлівага болю адчуваючы сваю адказнасць за кожнага з іх. Бадай, усе яны яшчэ як след не нюхалі пораху. Што зробіш — маладзенькія! Адзін Грыша Карасёў вопытны партызан, надзейны паплечнік яшчэ па грамадзянскай вайне, родзіч і друг з маленства. Але дысцыпліну ведае — нават не прызнаецца, што з аднае вёскі. Вопытны і загартаваны баец павінен цягнуць за дваіх. І астатнія — надзейныя хлопцы, гарачыя, адданыя камсамольцы, але не маюць ніякага вопыту. Вось дбай пра кожнага і думай за сябе і за іх.

Збіраючыся начаваць у лесе пад Мікашэвічамі, не КОМІНЫ здагадаўся падаслаць яловых лапак. Дзе стаялі, там і пазвальваліся. Вядома, змораныя. Камандзір тлумачыў, паказваў, як лепей паслацца.

Пад елкамі і соснамі спяць партызаны трывожным сном. Цяпер лес — іх родны дом, абаронца і карміцель: на купінах буяюць даспелыя чарніцы, багуннік пераплёўся з шызымі, сакавітымі буякамі, з-пад елак і дубоў вытыркаюцца крамяныя баравікі. Вось табе прыварак і ласунак. Прэлаю вільгаццю пахне грыбніца і будзіць далёкія мірныя ўспаміны: сцеягкі на роснай траве, радасць знаходак і поўныя кошыкі баравікоў.

Сон не бярэ Васіля Захаравіча. Тройчы сам правяраў дазоры, нячутнай хадою абышоў лагер, углядаўся у амаль дзіцячыя твары сваіх змораных байцоў: салодка спіць сакратар гаркома камсамола Саша Бярковіч, разумны, дасведчаны хлопец, вялікі радыёаматар. Здабыць бы дзе-небудзь прыёмнік. Побач — загадчык аддзела райкома камсамола, васемнаццацігадовы Эдзік Норд мац. Зусім хлапчук. Але трохі гергеча па-нямецку. Гэта можа і спатрэбіцца. На купіне задаволена сане слесар суднарамонтнага завода Віктар Ліфанцьеў. А нязграбны цыбаты дзесяцікласнік, піянерважаты Ваня Чуклай скруціўся абаранкам. У атрад яго бралі неахвотна, а ў баі каля Галёва паказаў сябе адважным байцом — вынес параненага камандзіра. Значыць, не пра сябе дбае, пра іншых клапоціцца. Такія якраз і патрэбны цяпер.

Задрамаў Васіль Захаравіч толькі на досвітку. Апаўдні дазорныя далажылі: да іх лагера падкрадаецца група ўзброеных людзей. Абвясцілі трывогу, занялі пазіцыі, гатовыя да бою ці то з пераапранутымі немцамі, ці то з нейкаю байдаю. А магчыма, гэта і свае. Васіль Захаравіч папярэдзіў — без яго каманды не вытыркацца і не страляць.

Узброеныя незнаёмцы падыходзілі асцярожна: туліліся за хвоямі, пазіралі з-пад кустоў — напэўна, адчулі, што ў лесе нехта ёсць. Насцярожыліся і Камароўцы. Некаторыя ледзьве стрымліваліся, каб не націснуць на курок.

Раптам камандзір атрада апусціў аўтамат і ўстаў на ўвесь рост:

— Адставіць, хлопцы! — і зрабіў крок насустрач незнаёмым.— Таварыш Сахараў!..

Да Каржа бег сакратар Ленінскага райкома. Злінялая потная гімнасцёрка прыцярушана ігліцай і пылам, а змакрэлы твар радасна ўсміхаўся.

Многія партызаны абодвух атрадаў ведалі адзін аднаго, частавалі самасадам, распытвалі і расказвалі, дзе хто што чуў ці бачыў.

Камандзіры адышлі ўбок, і Сахараў расказаў Васілю Захаравічу, што яны толькі-толькі выйшлі з бою і ледзьве адарваліся ад ворага. Не, не ад гітлераўцаў. Банды былых пілсудчыкаў і рознай крымінальнай навалачы ўзброіліся, распраўляюцца з насельніцтвам і нападаюць на партызан.

— Вось і спраўдзіліся мае трывогі,— сказаў Корж.— Даходзілі да мяне чуткі, што тут лютуюць панскія недабіткі, расцягваюць калгасы, выдаюць гітлераўцам камуністаў і іх сем'і, а самі ахвотна наймаюцца ў паслугачы да новых гаспадароў. Давай будзем разам граміць фашысцкую навалач і гэтых вылюдкаў.

Сахараў маўчаў, нібы не чуў прапановы Каржа.

— Ну дык як? Разам будзем ваяваць? — Маўчанне зацягвалася.— Адным пальцам і перца не паднімеш, а двума — пуд возьмеш.

— Калі ж, ліха на яго, вельмі цяжкі гэты пуд, Васіль Захаравіч. У фашыстаў аўтаматы і танкі, артылерыя і боепрыпасаў навалам, а ў нас вінтоўка на дваіх, патроны «па картках» выдаём. Я лічу, ды і ўсе нашы так думаюць,— трэба прабівацца на ўсход да сваіх, злучыцца з Чырвонай Арміяй.

— Без цябе армія не справіцца, а з'явішся з тузінам старобінцаў, і фашысты адразу да Берліна адскочаць,— горка накпіў Корж.— Эх, дарагі ты мой, пакуль да сваіх дабярэшся, гэтыя галаварэзы з закасанымі рукавамі ды з чарапамі на шапках палову нашых людзей перавешаюць... Хіба ж указанні партыі — разгортваць усенародную партызанскую барацьбу, ствараць невыносныя ўмовы для ворагаў — табе не закон? Чырвонай Арміі дапамагаць трэба тут. А як? Разгортваць масавую барацьбу, каб як мага болей варожых салдат затрымаць тут, у тыле, не дапусціць да фронту, знішчаць іх на кожнай вярсце, на кожнай сцежцы, не даваць ім адхлання ні днём ні ноччу... Памыляешся, таварыш Сахараў,— сурова сказаў Корж і заўважыў, што яго хлопцаў у нечым горача пераконваюць сахараўцы.

— Камароўцы, сюды! — загадаў камандзір.

Хлопцы павольна пачалі падыходзіць.

— Васіль Захаравіч, вунь яны прабіваюцца да фронту.

— Ведаю. Чуў! — адсек Корж.

— Можа б, і нам падацца? А то чаго добрага зімою пазагінаемся ў лесе.

— Блізка відаць, ды далёка дыбаць,— нібыта сам сабе сказаў Корж.— Хто спалохаўся і на сябе не спадзяецца, можа ісці. Усе пойдзеце — адзін застануся. Знойдуцца адважныя, сумленныя людзі і будуць граміць фашыстаў тут, іх жа зброяй,— камандзір паглядзеў на кожнага свайго партызана.

Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Некаторых камароўцаў апанавалі разгубленасць і сумненні. Праз пару дзён дзесяць партызан з атрада Каржа таксама пайшлі да лініі фронту: камандзіры запаса даводзілі, што абавязаны выканаць воінскую прысягу, некаторыя спасылаліся на хваробы. Корж не ўтрымліваў іх. Ведаў, што толькі перакананыя ў поспеху партызанскай барацьбы таварышы сцерпяць усе нягоды і пакажуць сапраўдны гераізм. Але іх трэба захапіць баявымі дзеяннямі, здабыць зброю і боепрыпасы.

Васілю Захаравічу было крыўдна, што не здолеў пераканаць баявых таварышаў. Вайна толькі разгортвалася, а ўжо давялося столькі разам папакутаваць. Але ж былі, хоць і невялікія, удачы і перамогі. Настрой у гэтыя дні ў Каржа быў трохі маркотны і нават лірычны. У той самай Tagebuch ён занатаваў: «Сам узяў адзінаццаць чалавек і на лодцы пераплылі ў другі раён, астатнія засталіся на месцы, бо лодка не магла ўсіх змясціць. Фурманку пакінулі дзеду. Прыбылі ў другі раён. Урочышча Бейкава горка. Ноч ціхая. Крычалі жураўлі».

Камандзір глядзеў у асенняе зорнае неба, слухаў трывожны жураўліны крык і думаў пра заўтрашні дзень: які ён будзе? Што прынясе?

Васіль Захаравіч вырашыў узяць пад кантроль дарогу на Жыткавічы. Адну групу ўзначаліў сам, другую — Рыгор Карасёў. Залёгшы ў прыдарожных кустах, здымалі матацыклістаў, абстрэльвалі машыны, на якіх ехалі салдаты і афіцэры, здабывалі зброю, патроны і гранаты. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Нейкі гарачы хлопец наступіў на крысо аднаго — хацеў падраць на парцянкі.

— Не чапай! — закрычаў Корж,— Усё пачысціць, схаваць, каб і парушынка не прыліпла.

Не маглі ўцяміць партызаны, навошта камандзіру спатрэбілася гэтая ненавісная форма.

Праз разведчыц з рыбгаса «Белае» ўдалося здабыць радыёпрыёмнік. Яго ў свой час схавалі і ахвотна перадалі атраду Якаў Васільевіч і Стэфанія Васільеўна Карпукі,

— Гэтая зброя будзе біць не горш за аўтаматы і кулямёты,— радаваўся Корж, а Саша Бярковіч ужо корпаўся ў батарэях, круціў ручкі настройкі. Блізарукі, не вельмі спрытны, сам узлез на сасну і замацаваў антэну. Праз некалькі хвілін у лясным гушчары партызаны пачулі: «Гаворыць Масква. Ад Савецкага Інфармбюро...»

Радасці не было межаў, хлопцы падкідвалі шапкі, абдымаліся, штурхалі адзін аднаго: «Масква гаворыць! Чуеш, Мас-ква!»

— Цішэй вы! Сціхніце,— сунімалі больш стрыманыя. А Саша Бярковіч круціў ручкі, каб абмінуць старонні шум і папіскванне нейкіх недалёкіх рацый.

— От каб яшчэ здабыць перадатчык,— марыў Саша.

— А ты ў ім што-небудзь разумееш?

— Разбяруся.

— Пацярпі, Саша. Хутка будзем Маскве дакладваць пра свае справы,— ласкава паляпаў па плячы Васіль Захаравіч былога камсамольскага важака.

Трохі агледзеўшыся, Корж з групаю коннікаў праехаў па вёсках Жыткавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У некаторых паселішчах фашысты спрабавалі стварыць паліцыю, але дарэмна — жадаючых не знайшлося, а на каго вельмі насядалі, тыя ўцякалі ў лес, хаваліся, шукалі сцежак да партызан.

Удзельнікаў партызанскага рэйда радасна сустракалі старыя і малыя, распытвалі, дзе ідуць баі, пераконваліся, што немцы брэшуць пра поўны разгром Чырвонай Арміі, што яны ўжо занялі Маскву. Сустрэчы з партызанамі ператвараліся ў сапраўдныя мітынгі: Корж зачытваў апошнія зводкі Савецкага Інфармбюро, зварот Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Людзі бачылі сілу партызан, верылі, што недзе побач, у лясных нетрах жывуць і ваююць іх абаронцы, прадстаўнікі Савецкай улады.

Корж проста, на зразумелай кожнаму палешуку мове, заклікаў дапамагаць Чырвонай Арміі і партызанам, не даваць ворагу ні каліва, ні бульбіны, ісці ў лес і разам змагацца за хутчэйшае вызваленне. І папярэджваў — кожнага здрадніка чакае суровая, заслужаная кара.

Жанчыны прыносілі партызанам хлеб, гладышы малака, бялізну, кужэльныя паскі: «Барані божа каторага параніць, дык хоць будзе чым перавязацца».

А ў Ляхавічах два дзяды прызналіся, што трымаюць у лесе 130 калгасных кароў і збожжа хаваюць у лясных спратах. Расказалі, як адшукаць іх лагер, і запрасілі партызан у госці. Часцяком завітвалі Камароўцы да добраахвотных ахоўнікаў калгаснага дабра Рыгора Антонавіча Мусіка і Рыгора Пятровіча Давідовіча. Дзяды ведалі кожную лясную сцежку, што вяла да бітых гасцінцаў, расказвалі, куды і колькі прайшло варожых салдат, чым узброеныя, дзе спыніліся.

— Толькі старайцеся, хлопчыкі, біць фрыцаў далей ад вёсак,— папярэджваў Рыгор Антонавіч,— Бо за кожны стрэл каля сяла гэтыя нелюдзі нішчаць усіх чыста. Наздзекуюцца, пастраляюць і куродымам усё пускаюць.

Камандзір атрада думаў, як засцерагчы людзей ад здзекаў і знішчэння. Таму для кожнай аперацыі выбіралі найбольш бязлюднае месца, далёкае ад вёсак і хутароў.

З лагера Мусіка і Давідовіча партызаны прайшлі 26 кіламетраў і зрабілі прывал каля дарогі з Лунінца на Жыткавічы.

16 верасня Васіль Захаравіч занатаваў у сваім дзённіку:

«На досвітку наша група падрэзала слупы дазорнай вышкі. Таму, што з яе далёка відаць, немцы назіралі адтуль за ўсім наваколлем. Людзі слупы і дошкі з тае вышкі расцягнулі на дровы, а ямкі зараўнялі, каб і знаку не было».

Аператыўныя групы вялі разведку ў нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонах, высочвалі фашысцкіх паслугачоў, і яны непрыкметна знікалі. А камандзір ездзіў у суседні атрад дамаўляцца пра сумесныя баявыя дзеянні. Ён разумеў, што толькі буйнымі сіламі можна наносіць сур'ёзныя ўдары ворагу.

«Канчаткова дамовіўшыся пра сумесныя дзеянні, увечары паехаў у свой атрад. Прыбыў на месца ў гадзіну ночы»,— запісаў Васіль Захаравіч у сваім дзённіку 30 верасня 1941 года.

Рэха партызанскіх стрэлаў кацілася з сяла ў сяло. Людзі расказвалі, што партызаны з'яўляюцца неспадзявана там, дзе захочуць, што іх у тутэйшых лясах вялікая сіла. Гэта разумна і спрытна манеўрыравала група Камарова, караючы ворагаў і абнадзейваючы людзей.

Вялікія атрады карнікаў прачэсвалі жыткавіцкія лясы, а партызаны тым часам абышлі іх звярынымі сцежкамі і з'явіліся ў Мікашэвічах, адкуль толькі што выступілі ўсе эсэсаўцы і паліцаі лавіць камароўцаў.

У Мікашэвічах партызаны забралі ў начальніка паліцыі пячаткі, розныя бланкі і дакладную вышэйшаму камандаванню аб барацьбе з партызанамі, а ў дадатак забралі і самога начальніка.


Загрузка...