ПА БАЯВОЙ ТРЫВОЗЕ


Зялёныя вуліцы ціхага Пінска крута збягаюць да берага Піны. За імклівай плынню рудаватай вады — бязмежныя лугі ў квецені рамонкаў і чабору, у пчаліным звоне і ў мядовым водары дзяцельніку. Па рацэ паважна паўзуць параходы і барат, гружаныя смольнымі круглякамі, з дробным стукам прабягаюць маторкі ў бурунах вясёлкавых пырскаў. Па пясчаных пляжах пабліскваюць маладыя загарэлыя спіны. Раніцаю ў нядзелю Васіль Захаравіч з пятнаццацігадовым сынам пайшоў на калектыўны гарод паліваць капусту.

Ён і ў выхадныя дні заўсёды ўставаў на світанні, і дзецям не дазваляў песціцца ў ложку — з маленства прывучаў да працы на зямлі.

— Бачыш, Лёня,— казаў ён сыну,— з зярняці такое дзіва вырасла. А палянуешся, не сагрэеш яго клопатам і ласкай, дзядоўнік з лебядою заб'юць, усе сокі высмакчуць, і зачэзне гэты срабрысты клубочак, што столькі сілы дае чалавеку. У капусце больш за ўсё вітамінаў. А ведаеш, што такое вітамін? Віта, па-нашаму, значыць жыццё.

— Татка, ты часам вершы не састаўляеш? — усміхнуўся Лёня.

— Куды мне... А чытаць люблю. Пушкіна і Купалу. А Якуб Колас у «Новай зямлі» нібыта пра мяне напісаў. Ён тут, побач, у Пінкавічах, настаўнічаў,— завіхаючыся, расказваў Васіль Захаравіч.— Вось пальём апошнюю баразёнку і ўцячом з табою на Піну, пасядзім з вудамі над тым чорным вірам.

Але ў гэтую нядзелю не суджана было Васілю Захаравічу пайсці на ціхі бераг.

Каля пад'езда настойліва сігналіла абкомаўская машына. Халадок трывогі кальнуў у сэрца. Не на прагулку ж яго запрашаюць. Па даўнейшай звычцы сунуў у кішэню пісталет, узяў дакументы, схапіў вайсковую фуражку і, пераскокваючы прыступкі, скаціўся па лесвіцы.

— У абком, Васіль Захаравіч,— расчыніў дзверцы шафёр, і ўжо ў машыне ўдакладніў: — Першы ўсіх склікае. Нібыта бамбілі Жабчыцкі аэрадром. Няўжо вайна?

— Не плявузгай абы-што,— абсек шафёра Корж.

У кабінеце Аўксенцій Малахавіча Мінчанкі ўжо было поўна людзей.

— Таварыш першы сакратар, загадчык гаспадарча-фінансавага сектара Корж па вашаму загаду з'явіўся,— адрапартаваў Васіль Захаравіч.

— Адразу відаць: вайсковы чалавек у баявых абставінах і дакладвае па-вайсковаму. Вучыцеся, таварышы.— Сакратар абкома даручыў Васілю Захаравічу праверыць стан аўтамабільнага парка і падрыхтаваць да эвакуацыі партыйны архіў.

Дакладнасці, дзелавітасці ў Каржа мог павучыцца кожны: ніякай мітусні і паспешлівасці. Разважлівасць, стрыманасць і знешні спакой забяспечвалі хуткае выкананне кожнага даручэння. Таму так усё і ладзілася ў гэтага каржакаватага, разважлівага і заўсёды далікатнага чалавека.

Пагрузіўшы архіў, Корж зноў прыйшоў да сакратара абкома і, калі выпала зручная хвіліна, сказаў:

— Вы, напэўна, ведаеце, што я былы партызан. Магчыма, і ў гэтай вайне нам не абысціся без партызанскай барацьбы. Дык я вось і думаю...

— Правільна думаеце, Васіль Захаравіч. А стварыць і ўзначаліць атрад возьмецеся? — уважліва паглядзеў у вочы сакратар.

— Вазьмуся. Толькі з адною ўмоваю: людзей буду падбіраць сам.

Мінчанка па тэлефоне папрасіў сакратара гаркома ўсяляк садзейнічаць таварышу Каржу, задаволіць яго просьбы, а будучаму камандзіру атрада пажадаў удачы і поспехаў.

— Толькі не варта пакуль што гучна зваць атрад партызанскім. Проста, будзем лічыць знішчальным атрадам. Але людзей на ўсялякі выпадак рыхтуйце і для партызанскай барацьбы,— удакладніў сакратар.

У прыёмнай Васіль Захаравіч сустрэў даўнейшых сяброў — стрыечнага брата Грышу Карасёва, інструктара абкома Веру Захараўну Харужую і яе мужа, загадчыка вайсковага аддзела гаркома Сяргея Карпілава і Фёдара Кунькова.

— Ну што, Васіль? — адразу падступіўся Карасёў.

Корж павольна абвёў усіх уважлівым поглядам. Былі самыя надзейныя і блізкія таварышы.

— Усё ў парадку. Будзем ствараць атрад.

— Лічыце мяне з мужам вашымі байцамі,— як у строй, стала побач з Каржом Вера Захараўна.

— А мы згодны і на левы фланг,— прымкнулі да яе Карасёў з Куньковым.

«Пра адвагу, мужнасць, канспіратыўны талент Веры Харужая у часе яе працы сакратаром ЦК камсамола Заходняй Беларусі хадзілі легенды. Карасёў і Кунькоў самі могуць узначаліць атрады. Карнілаў — чалавек вайсковы, як паветра, неабходны ў такой справе»,— думаў Корж, ідучы з сябрамі ў гарком. Там яму адразу вызвалілі пакой, звязалі з камсамолам, сакратары гаркома і ядро будучага атрада адразу пачалі падбіраць людзей.

З кожным Васіль Захаравіч гаварыў грунтоўна і шчыра, прасіў усё ўзважыць, падумаць, не спяшацца з адказам, расказваў пра небяспекі, цяжкасці і нягоды партызанскага жыцця.

З сотні запрошаных выбраў сорак. Дванаццаць чалавек падабралі Карасёў з Куньковым, Харужая з Карнілавым прывялі шасцёх надзейных хлопцаў.

Вось ужо, можна лічыць, і атрад падабраўся.

Усіх падзялілі на тры баявыя групы, раздалі зброю, і хлопцы пачалі несці ў горадзе каравульную службу.

Неўзабаве ў Пінску з'явіліся першыя бежанцы з Брэста. Абшарпаныя, згаладалыя людзі, відаць, ледзьве паспелі выскачыць з палаючага горада. Бацькі шукалі дзяцей, дзеці — бацькоў. У стомленых бяссоннем і спякотнаю дарогаю вачах застылі страх і адчай.

Паспешліва і блытана расказвалі яны пра зверствы гітлераўцаў, пра іх танкі і гарматы, казалі, што праз некалькі дзён фашысцкая армія можа ўваліцца сюды.

Бежанцы з Брэста спяшаліся на ўсход.

Трэба было тэрмінова адпраўляць каштоўнасці, важныя дакументы і сем'і партыйнага і савецкага актыву.

На выпадковы грузавік Васіль Захаравіч пасадзіў дачок Вольгу і Зіну, а Лёня заўпарціўся:

— Астануся з табою, татка, разам будзем біць фашыстаў.

Ледзьве ўгаварыў сына Васіль Захаравіч.

— Самая твая баявая задача, сынок, берагчы маці і сясцёр. Ты ж цяпер адзіны ў сям'і мужчына.— Абняў на развітанне. Пастаяў, пакуль сплыло за машынаю воблака пылу, і пайшоў да баявых сяброў.


* * *

У штаб абароны горада прыходзілі трывожныя весткі. На паўднёвы захад ад Пінска немцы занялі Драгічынскі і Іванаўскі раёны, на поўначы — Лагішынскі і Целяханскі.

Ужо 26 чэрвеня атрад Каржа высачыў і затрымаў фашысцкіх разведчыкаў-парашутыстаў, а 28-га каля Рабога моста партызаны падбілі два лёгкія танкі, разам з танкістамі забралі важныя дакументы.

Атраду Каржа было даручана затрымаць немцаў на паўночнай ускраіне, каб даць магчымасць насельніцтву эвакуіравацца з горада. У гэты ж дзень у Пінску пачулі мужны голас Масквы, дырэктыву партыі і Савецкага ўрада: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі арміі ворага, для распальвання партызанскай вайны ўсюды і скрозь, для ўзрыву мастоў, дарог, пашкоджання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі...»

Васіль Захаравіч разгарнуў тую самую карту, якую некалі паказваў парторгу Шахаву, калі збіраўся ў Беларусь. Выходзіць, ён не памыліўся — усё прадбачыў, усё ўлічыў. Арганізацыя атрада ў першы дзень вайны была своечасовай і неабходнай. Менавіта партызанскага. Так іх назвала партыя.

Адзначыў на карце пры дарозе на Целяханы колішні маёнтак Галёва і вырашыў замацавацца з атрадам на паўночнай ускраіне. За старым садам выкапалі акопы, выставілі дазоры, расставілі баявыя групы ў розных пунктах. Байцы адпачывалі, не спалася толькі камандзіру. Усыпанае зорамі неба нагадала далёкую Валенсію, іспанскіх сяброў, цяжкія баі з франкістамі, горныя партызанскія сцежкі, абліччы, вочы і галасы баявых сяброў. Успаміналіся паходы і адважныя рэйды тут, на Піншчыне, у атрадзе Арлоўскага, дрыготкія рукі і затуманены слязою Лёнеў погляд. Дзе яны цяпер, яго дзеці? Дзе Кірыла Пракопавіч? І ён жа не сядзіць склаўшы рукі.

Ноч мінула спакойна. На світанні туман заткаў кусты і малады ельнік, заслаў палі і дарогі. Камандзір прыпаў вухам да зямлі, прыслухоўваўся да кожнага гуку і шэпту. Калі туман сплыў у нізіны, разведка данесла: лесам едзе каля трыццаці коннікаў праціўніка. «Баявая ахова»,— вырашыў Корж і перадаў сваім групам прапусціць, пакуль не падцягнуцца асноўныя сілы. З лесу выехала не менш як два эскадроны фрыцаў. Яны імкліва набліжаюцца. Ужо выразна відаць постаці коннікаў, галовы і насцярожаныя вушы коней.

Раптам з могілак грымнуў дружны залп. Гэта група Сяргея Карпілава шчыльным агнём сустрэла фашыстаў. Коря; загадаў біць па асноўных сілах. Замітусіліся, узняліся на дыбкі, кінуліся ў розныя бакі коні, потарч паляцелі на зямлю коннікі. Па высокім жыце ашалелыя коні неслі дзесяткі два гітлераўцаў, абстраляных Каралавым. Спыніла іх дружным залпам група Каржа, у жыце знікла яшчэ некалькі коннікаў, але асноўныя варожыя сілы ўдарылі кулямётным агнём, на дарозе адна за другою сталі вухкаць міны. Фашысты апамяталіся і пачалі наступаць. Сілы былі няроўныя. Адстрэльваючыся, партызаны канавамі і лагчынамі адыходзілі на ўскраіну горада. Такі выявілася, што няма групы Карпілава. А каля могілак яшчэ не сціхаў бой. Камандзір паслаў сувязной. Неўзабаве з'явілася некалькі байцоў з групы Карпілава. Яны далажылі:

— Таварыш камандзір, Карнілаў цяжка паранены. Яго нясе Іван Чуклай.

— Эх, вы! Хто ж пакідае параненага камандзіра? — абурыўся Васіль Захаравіч і пабег да могілак. За ім кінулася некалькі байцоў.

Не данёс Чуклай свайго камандзіра: цяжка паранены Карнілаў сканаў на яго руках.

Гэта быў першы цяжкі бой і першая горкая страта. А горад тым часам пусцеў і нямеў. Зямля гула і калацілася ад блізкіх і далёкіх выбухаў. Камандзіру данесла разведка, што недзе з-пад Маларыты з баямі прарываецца з акружэння 75-я дывізія палкоўніка Няклюдава. Бой дакаціўся да ваколіц Пінска. Корж загадаў ударыць з фланга па фашыстах і адцягнуць увагу ад акружанай дывізіі. Ад неспадзеўных стрэлаў гітлераўцы разгубіліся, і ланцужок разамкнуўся. Пад прыкрыццём партызан дывізія палкоўніка Няклюдава выйшла з акружэння.

Па абязлюдзелых вуліцах атрад ішоў да ракі. На тым баку Піны яго чакаў сакратар абкома Шапавалаў, старшыня аблвыканкома Шараў і першы сакратар абкома камсамола Вольга Аляксандраўна Сысоева. На лузе стаялі чатыры грузавікі і легкавая машына.

— Ну, на конях, партызаны,— звярнуўся да Каржа сакратар абкома.— А здорава вы сустрэлі няпрошаных гасцей.

— Сустрэлі някепска, а вось Карпілава страцілі,— пахмура адказаў Коряг.— Язык не паварочваецца Веры Захараўне сказаць.

— Шкада. Цудоўны быў камуніст і таварыш,—

уздыхнуў Шапавалаў,— але дорага аддаў сваё жыццё: за дваццаць фрыцаў!

— Каб у нас было тры-чатыры кулямёты, мы б іх усіх там паклалі,— адказаў Корж.

Калі ўсе пераправіліся на той бок, партызаны падпалілі мост, паселі ў машыны і рушылі ў Столін. Там партызан першая сустрэла Вера Захараўна Харужая. Засыпала Каржа пытаннямі і між іншым спытала, як трымаўся ў баі Карнілаў.

— Па-геройску! Яго група якраз і забяспечыла поспех аперацыі,— павольна гаварыў Корж, а ў вочы зірнуць не адважваўся.

У трывожным маўчанні жанчыны адчувалася шчымлівая нецярплівасць. Стрымліваючы дрыготку ў голасе і адводзячы погляд, як мага спакайней, Корж працягваў:

— Сяргея мы пакінулі з некалькімі хлопцамі весці разведку ў раёне Пінска.

Гэта была, бадай, першая святая няпраўда, на якую адважыўся Корж. Вера Захараўна збіралася стаць маці, яе шанавалі і бераглі ўсе, асабліва цяпер, калі навалілася такое гора.

У гарадскі парк на нараду партыйна-камсамольскага актыву ішлі разам. Каб толькі не маўчаць, гаварылі пра розныя дробязі, але адчувалася, што думаюць яны зусім пра іншае, нешта тояць адно ад аднаго.

Камуністы і камсамольцы ў цывільнай і паўвайсковай адзежы, так-сяк узброеныя, сядзелі на траве, над шатамі старых ліп. Прадстаўнік Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі Пятро Андрэевіч Абрасімаў расказаў пра становішча ў першыя дні вайны і заклікаў бязлітасна біць ворага, арганізоўваць насельніцтва на барацьбу з фашызмам. З палымянаю прамоваю выступіла Вера Захараўна. Кожнае яе слова кранала душу, будзіла думку, умацоўвала веру ў перамозе над лютым ворагам»

Праз некаторы час Корж звярнуўся да Веры Захараўны:

— Ты вопытная падпольшчыца. Хто, як не ты, здолее перабрацца за лінію фронту? Неабходна звязацца з Цэнтральным Камітэтам, папрасіць зброю, боепрыпасы, медыкаменты. Перадаць вось гэтую штабную карту фашыстаў, захопленую ў першым баі. Так што збірайся, Вера Захараўна.

— Шкадуеш мяне, таварыш Корж? — пачырванела Харужая.

— Па-першае, болей няма ніякага Каржа. Па-другое, запомні, дзейнічае атрад Камарова.

— Канспірацыя. Гэта правільна,— памякчэла Вера Захараўна.— Разумею. Калі дазнаюцца сапраўднае імя камандзіра, ад тваіх хорастаўскіх Каржоў і крошак не збярэш. Загад выканаю, таварыш Камароў. Але ўсё роўна змагацца буду ў тыле.

— Толькі беражыся, Вера,— камандзір абняў вузкія плечы стомленай жанчыны.

Праз якія гушчары, якімі сцежкамі ішла і паўзла Вера Захараўна, вядома было толькі ёй. Колькі выпакутавала, каго абмінула, каго сустрэла, ведалі толькі палескія балоты і пушчы, абсмаленыя каласы на здратаваных палетках ды зорныя ночы, што бераглі і хавалі ад паганага вока мужную дачку зямлі Беларускай.

Амаль паўтара месяца праз агонь і пекла баёў нябачаным ценем дабіралася Вера Харужая да сваіх. Толькі ў жніўні пад Гомелем адшукала аператыўную групу ЦК КІІ (б) Б.

Ледзь трымаючыся на нагах, увайшла да сакратара ЦК Пятра Захаравіча Калініна і асунулася ў крэсла. Ён адразу не пазнаў даўно знаёмую палымяную Веру. Апрытомнеўшы, перадала просьбу пінскіх партызан і аператыўную карту, захопленую ў фашыстаў у баі каля Галёва. Сабе папрасіла — даць адказнае і складанае заданне.

Перахапіўшы спагадлівы позірк Калініна, адразу падхапілася:

— Бачыце, сотні кіламетраў праз смерць па варожых тылах прайшла, а заданне выканала. І цяпер пайду, куды загадаеце.

— Загадваю неадкладна ехаць у тыл, адпачыць і стаць...

— Ах, усё гэта не ў час і недарэчна! — перабіла Вера.— Усё роўна буду біць фашыстаў там, у тыле...

Яна стрымала слова.

Толькі што народжанага сына даручыла даглядаць сваякам, а сама праз лінію фронту дайшла ў захоплены ворагам Віцебск, адважна змагалася і гераічна загінула там.


Загрузка...