Ранняя вясна падсушыла дарогі і лясныя сцежкі, зялёнай смугою ахутала гаі і ўзлессі, на маладых хвойках выпырхнулі ружаватыя, у слязінках смалы парасткі, зазелянелыя бары і дубровы зазвінелі, зацінькалі птушынымі галасамі.
Праз зялёную смугу клейкай лістоты пырснуў малінавы прамень сонца. Васіль Захаравіч устаў з яловага вецця, прыцярушанага леташнім сенам, нячутна абышоў суседа, прыслухаўся да мірнага птушынага шчэбету і на хвіліну здалося, што няма ні вайны, ні пакут — скрозь цішыня і спакой.
Прайшоўся па лагеры, прыкрыў шынялём соннага Чуклая, паглядзеў на спакойны твар Нордмана, спыніўся каля Ліфанцьева. Тады, у першы дзень у Пінску, ён без асаблівага энтузіязму браў іх у атрад: кволымі здаваліся хлапчукі. А якімі адважнымі байцамі сталі цяпер, якія надзейныя таварышы гэтыя «камеамаляты».
Праверыў пасты. Трахім Рудзеня далажыў, што непадалёк ад лагера дзве дзяўчыны пасуць чараду кароў.
— Яшчэ трава толькі праклюнулася, а яны пасвяць,— прабурчаў Корж.— Некалі пастухі мне шмат крыві папсавалі,— ён зноў успомніў казіны статак на гары Арначэс.— Вось што, Трахім, схадзі ты да іх, далікатна пагавары і скіруй куды-небудзь у другі бок, схлусі, што там трава гусцейшая. Хай гоняць туды.
Сунуўшы пісталет у кішэню, Рудзеня пайшоў. Корж назіраў, як ён, размахваючы рукамі, угаворвае дзяўчат з нейкімі дзіўнымі касмыкамі на галовах. Не ўтрымаўся, павесіў на грудзі аўтамат і падаўся да іх. Падышоўшы бліжэй, разгледзеў, што на галаве ў дзяўчат прывязаны пукі кудзелі, і яны спрытна круцяць на верацяно зрэбную нітку. Не адрываючыся ад работы, дзяўчаты адказалі на прывітанне.
— Гэта вас паны фашысты да прабабчынага рамяства прывучаюць? — спытаў Васіль Захаравіч.
Адна азірнулася і ціха адказала:
— А што рабіць? Голымі і босымі гэтыя вылюдкі пакінулі. Зімою афіцэры і тыя ў бабскія транты пазакручваліся. Мы да вайны і прасці не ўмелі. А навошта — бяры ў магазіне, што душы трэба.
З лесу падышлі Сцешыц з Шырыным. І ў гэты момант зусім побач, па дарозе на Ананчыцы, загрукатаў нямецкі абоз. Партызаны пападалі за зваленую сасну. Корж з папрокам зірнуў на сяброў, што прыйшлі без зброі, і ўзяў на мушку седакоў на першай фурманцы. Кароткая чарга збіла чатырох фрыцаў.
— Гранаты да бою! Акружаць ворагаў! Наперад за мною! — крычаў камандзір і бег да разгубленых фашыстаў.
Стрэлы і крыкі пачулі ў лесе, і партызаны кінуліся да дарогі з другога боку. Немцам, відаць, здалося, што трапілі ў пастку, і яны кінуліся наўцёкі. Тыя, што выратаваліся, доўга блукалі па лесе, па дрыгве, натыкаліся на партызанскія засады і гінулі адзін за адным.
Рудзеня, Сцешыц і Шырын балюча перажывалі сваю прамашку.
— Другі раз будзеце разумнейшыя,— казаў Корж.— На вайне нават на спатканне з дзяўчынаю трэба ісці з аўтаматам.
Партызаны дзівіліся рашучасці свайго камандзіра: «Гэта ж трэба, адзін пайшоў з аўтаматам на фашысцкі абоз. Перачакаў бы, пакуль праедуць. Усё адно ўсіх не пераб'еш».
— А яны якраз ехалі тваю жонку ці маці вешаць, вёску тваю паліць. Ты б чакаў, пакуль праедуць? Я, напрыклад, кожнага нашага чалавека кроўным родзічам лічу і абавязаны абараніць яго, а пра сябе думаць няма калі,— упікнуў Корж занадта асцярожнага байца. І растлумачыў: — Біць ворага трэба знянацку. Калі б яны нас першымі заўважылі і абстралялі, нам бы кепска было, а тут мы захапілі ініцыятыву, нагналі страху. Яны ж і ўявіць не маглі, што ў пас толькі адзін аўтамат. Ды і нам навука, як кажуць, не хадзі за хлеў без друка.
Пасля снедання Камароўцы рушылі на Чырвоную Слабаду, у тыя мясціны, дзе зімою прамчалася 300 партызанскіх фурманак, дзе быль і небыль пра гэты рэйд расказваюць яшчэ і цяпер.
Па набрынялай ад веснавога разводдзя дрыгве перабіраліся марудна і доўга. Ногі засмоктвала багна, у ботах чвякаў тарфяны жужаль, месцамі брылі ў сцюдзёнай іржавай вадзе і, вядома, пракліналі палескія балоты.
— Дарэмна лаеце, хлопцы. Гэта ж наша золата. Вось прагонім фрыцаў, пракапаем тут канавы, загудуць трактары, і на гэтых тарфяніках загамоніць пшаніца, як гай.
— А вы летуценнік, Васіль Захаравіч,— усміхнуўся Сцеіныц.
— А ты хіба не марыш пра будучае? Пра перамогу, напрыклад. Без мары, браце, нельга жыць і рабіць нічога нельга. Тут усе летуценнікі. Таму і падстаўляюць лабаціны пад фашысцкія кулі... Ворагі Уладзіміра Ільіча лічылі летуценнікам, а ён быў рэаліст... Д'ябал! Памажы выцерабіцца. Так і ў пекла не доўга шуснуць,— хапаючыся за кусты, прабурчаў Корж і ледзьве вылез з густога балотнага жужалю.
Нарэшце перайшлі балотнае разводдзе і рушылі па торнай сцежцы. У лесе іх ужо чакаў сувязны. Ён расказаў, што немцаў непакоіць мноства партызан у гэтым раёне і яны каля вёскі Салагошч зрабілі ўзмоцненую засаду.
Партызаны абышлі яе з тылу, уварваліся ў вёску, разбілі фашысцкі гарнізон, захапілі значныя трафеі і, не страціўшы ніводнага байца, пераправіліся цераз Случ, абмінулі Старобін і прайшлі па маршруту зімовага рэйду.
Вясной і летам перад камандаваннем злучэння стаяла адна задача: актыўна і ў розных месцах біць ворага, знішчаць эшалоны з жывой сілай і тэхнікай па дарозе на фронт. Па чыгуначных магістралях Піншчыны ішлі і ішлі вайсковыя эшалоны на ўсход. Хіба можна іх прапускаць далей? Неабходна ўзрываць цягнікі, разбураць чыгункі, узмацніць дыверсіі на станцыях і лясных дарогах. Але як? Толу, здабытага яшчэ ў Пінску, амаль не засталося, іншых сродкаў пакуль што няма.
Камандзір адшукаў Сяргея Некрашэвіча, адвёў яго ўбок і пачаў распытваць:
— Скажы ты віне, таварыш рабочы клас, як можна пусціць пад адхон цягнік?
— Гэта вельмі проста. Трэба адкруціць рэйкі, выцягнуць кастылі і... загрыміць як міленькі.
— Л яшчэ як? — пытаўся Корж.
— Падкапаць 24 шпалы. Паравоз ускочыць на іх, асядзе, вагоны і папаўзуць адзін у адзін, як тыя карабкі запалак.
— Не менш як 24, кажаш?
— Бачыце, паравоз якраз становіцца на 24 шпалы. Калі падкапаць меней, можа і праскочыць,— тлумачыў Сяргей.
— Дзякую за параду... Вось што... Збірайцеся з Іванам на адказнае заданне.
Праз два дні Іван Некрашэвіч узначаліў групу з 20-ці чалавек. Раздаў байцам сухі паёк і павёў іх на заданне: разабраць каля Жыткавіч чыгунку, па якой увесь час цягнікі вязуць танкі, салдат і афіцэраў на фронт. Тэхнічнае кіраўніцтва дыверсіяй было даручана Сяргею. Яго адзіным інструментам быў французскі ключ і рыдлёўка. У лесе групу дагнаў малодшы брат Некрашэвічаў — Міша. Як яго ні ўгаворвалі, як ні палохалі, хлапчук не здаваўся.
— Куды вы, туды і я. Сам жа казаў: «Аддзяленне Некрашэвічаў». Чым я горшы?
Так і не адстаў.
Ноччу выйшлі на чыгунку. Партызаны залеглі ў кюветах, а Сяргей з Іванам, змяняючы адзін аднаго, адкручвалі гайкі, выдзіралі кастылі, спрытна выграбалі з-пад шпалаў баласт і ўсё рабілі акуратна, каб ніхто не заўважыў слядоў іх працы.
На світанні адышлі ў лес адпачыць. Там Іван сустрэў меншага брата партызанскага камандзіра Лісовіча. Ён расказаў, што ў вёсцы Браніслаў жыве агент гестапа, які выдае партызанскія сем'і і былых савецкіх работнікаў. Група Некрашэвіча вырашыла абараніць вяскоўцаў ад прадажнага найміта і пакараць здрадніка. Толькі падняліся, чуюць — па рэйках прагрукацела дрызіна. Іван запытальна паглядзеў на Сяргея. Той паспяшаўся супакоіць брата:
— Так і павінна быць. Дрызіна праскочыць. Правяраюць. Значыць, хутка пойдзе цягнік. Сядзець нам тут няма чаго. Хадзем!
У Браніславе гестапаўскага агента ўзялі адразу. Закалаціўся, папоўз па падлозе, пачаў маліць літасці: «Я не вінаваты. Бярыце жандара. Ён усіх на шыбеніцу аддае. Ву-у-нь яго хата». Такое, відаць, нутро ў здраднікаў — гінуць весялей разам з такімі, як сам.
Жандар люта супраціўляўся. Каб не рызыкаваць жыццём сяброў, Некрашэвіч загадаў жонцы і дзецям здрадніка выйсці з хаты. Калі жандар застаўся адзін, хату запалілі. А ў гэты час на чыгунцы пачуўся страшэнны грукат і выбухі. Над лесам узнялося воблака жоўтага дыму, зноў загрымелі выбухі, шуганула зыркае полымя.
Надвячоркам адшукалі ў лесе таго самага пастушка Лісовіча, і ён расказаў, што зваліўся паравоз і вялізныя жалезныя скрыні. У іх доўга рваліся снарады. Немцы ачапілі гэтае месца і нікога не падпускаюць.
— Бронецягнік! — усміхнуўся Сяргей.
— А ўсё ж заданне Васіля Захаравіча не выканалі,— зажурыўся Іван.— Было загадана спусціць эшалон з жывою сілай, а тут загрымелі нейкія жалезныя скрыні. Не-е, хлопцы, з пустымі рукамі вяртацца нельга. Прыйдзецца папрацаваць яшчэ.
Група накіравалася да станцыі Старушкі. Тым жа спосабам падкапалі шпалы і раскруцілі рэйкі.
А Корж хваляваўся, чакаючы групу Некрашэвіча. Рэха выбухаў каля Браніслава дакацілася да атрада. Прайшлі ўсе тэрміны, а партызаны не вярталіся. Камандзір пасылаў разведчыкаў, але тыя нічога не маглі паведаміць.
Нарэшце стомленыя, агаладалыя «чыгуначнікі» з'явіліся зусім з другога боку.
— Усе цэлыя? — першы да Некрашэвіча падбег камандзір.
— Нават з прыбыткам. Выходзіла 20, вярнулася 21,— ласкава паляпаў па плячы малодшага брата Іван.
— Дзе ж вы прападалі?
— Адразу не ўдалося выканаць ваша заданне. Кульнуўся бронецягнік, грукату нарабіў шмат, а толку мала. Салдат у ім, можа, якія дзесяткі два было ўсяго. Вось і пайшлі цікаваць. Вы ж загадалі знішчыць эшалон з жывою сілаю. Цяпер парадак. Заданне выкапана, таварыш камандзір!
Пачуўшы такі рапарт, Корж рагатаў да слёз.
— А ты разумееш, садовая твая галава, што такое бронецягнік? Колькі тон смерці везлі на нашага брата! Цяпер фрыцам доўга разбіраць завал. Малайцы, хлопцы!
Пазней за гэтую аперацыю Іван Аляксеевіч Некрашэвіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
А ў дзённіку камандзіра з'явіўся такі запіс:
«8/VI-42 г. Шляхам раскручвання рэек зроблена крушэнне вайсковага эшалона, які ішоў па фронт, паміж Жыткавічамі і ст. Старушкі. Па вестках ад жыхароў, якія былі на месцы крушэння, знішчана 300 салдат і афіцэраў, шмат паранена».
Праз некалькі дзён да запісу Васіль Захаравіч Дадаў:
«Па больш дакладных вестках знішчана 600 гітлераўцаў».
А 26 чэрвеня ў старобінскіх лясах партызаны пачулі паведамленне Савінфармбюро, што ў Беларусі партызанскі атрад тав. К. арганізаваў крушэнне эшалона з боепрыпасамі і жывой сілай праціўніка. Пасля аднаўлення чыгункі партызаны пусцілі пад адхон яшчэ адзін вайсковы састаў.
— Браткі, пра нас ведае і гаворыць Масква! — аж захлыналіся ад шчасця Камароўцы і віншавалі групу Некрашэвіча.
— От каб нам хоць пудоў з пяць толу ды добрых запалаў, мы б ім не такі канцэрт наладзілі,— бедаваў Сяргей.— А гэта так, саматужніцтва.
Але і гэтае «саматужніцтва» рабіла сваю справу. На чэрвеньскіх старонках дзённіка В. З. Каржа шмат такіх запісаў:
«Расшылі шлях у тым жа месцы. Крушэнне адбылося ў 2 гадзіны ночы. Насельніцтва паведаміла, што шмат забіта і паранена немцаў».
«Паміж Жыткавічамі і Дзедаўкай у б гадзін раніцы пушчаны пад адхон цягнік. Колькасць забітых і параненых пакуль што не вядома».
Рэха выбухаў на палескіх магістралях даходзіла да Масквы. За дзейнасцю злучэння Каржа ўважліва сачыў Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі. Пра справы Пінскага злучэння паведамляла рацыя Мінскага падпольнага абкома партыі, які ўзначаліў В. І. Казлоў.
А партызаны дзейнічалі ўсё больш актыўна. Сотні нямецкіх снарадаў не дайшлі да фронту, мільёны варожых куль не вылецелі з руляў аўтаматаў, тысячы гітлераўскіх галаварэзаў засталіся на адхонах беларускіх чыгунак, не паспеўшы зрабіць ніводнага стрэлу. Колькі нашых салдат, жанчын і дзяцей абавязаны жыццём мужнасці і вынаходніцтву партызан!
У верасні 1942 года савецкія самалёты прарваліся ў глыбокі тыл і даставілі атрадам Піншчыны рацыю, шыфры і кваліфікаваных радыстаў, а неўзабаве з Вялікай зямлі прыбыў упаўнаважаны ЦК КП(б)Б А. Я. Кляшчоў і ўзначаліў Пінскі падпольны абком партыі. У склад абласнога камітэта быў уведзены камандзір злучэння, якое ўжо налічвала больш за 2 тысячы байцоў.
У пастанове ЦК КП(б)Б ад 25 жніўня 1942 года гаварылася: «Даручыць тт. Кляшчову і Каржу прыняць захады для наладжвання работы партыйнага падполля, па аднаўленню дзейнасці падпольных партыйных арганізацый у раёнах, з якімі страчана сувязь, узмацніць палітычную работу сярод насельніцтва, пашыраць партызанскі рух на тэрыторыі вобласці, актывізаваць дзейнасць існуючых атрадаў (ствараць новыя атрады, устанаўліваць з імі сувязь)».
У кожным атрадзе і брыгадзе разгортвалася дзейнасць партыйных арганізацый па выхаванню моладзі, у кожным вызваленым ад гітлераўцаў сяле камуністы адразу пасля бою праводзілі масавыя мітынгі, расказвалі пра падзеі на франтах, знаёмілі з важнейшымі партыйнымі дакументамі і зваротамі, стваралі падпольныя арганізацыі і групы, атрады папаўняліся адважнымі і сумленнымі патрыётамі. Голас Масквы натхняў партызан Палесся. Дапамогу і клопаты Радзімы яны адчувалі заўсёды.
Ужо не з французскім ключом і рыдлёўкаю хадзілі дыверсійныя групы на чыгункі — на ўсіх магістралях поўдня рэспублікі грымелі выбухі, ляцелі пад адхон саставы з жывою сілай і тэхнікай, ірваліся і гарэлі масты, на многія тыдні спыняўся рух на чыгунцы. Толькі паспеюць акупанты аднавіць дарогу, як зноў ад першых жа эшалонаў заставаліся груды металу і трэсак.
Цяжкі час арганізацыі, падбору, згуртавання, выхавання мужнасці народных заступнікаў і адважных мсціўцаў даўно прайшоў. За год атрад Каржа, у якім пад восень 1941 года заставалася 15 байцоў, вырас у магутнае партызанскае злучэнне Пінскай вобласці. Старобінскі, Чырвонаслабодскі, Ленінскі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны былі партызанскімі і жылі па савецкіх законах.
Кожная аперацыя брыгады, атрада, дыверсійнай групы вымагала вялікай рызыкі, патрабавала дакладнай стратэгічнай распрацоўкі, партызанскай кемлівасці, вытрымкі і мужнасці.
Чыгуначныя магістралі, масты і дарогі пільна ахоўвалі гітлераўцы. Партызаны навучыліся нячутна здымаць вартавых, так закладваць і маскаваць зарады толу, што нават кваліфікаваныя сапёры не маглі іх заўважыць.
З 8 на 9 жніўня 1943 года Камароўцы каля Лунінца падышлі да чыгункі, абстралялі ахову і ўзарвалі 1957 рэек. Выбухі на чыгунцы ў нямецкім гарнізоне палічылі за артылерыйскую кананаду і пачалі рыхтавацца да эвакуацыі. Магістраль не працавала каля месяца. Гітлераўцы тэрмінова пачалі рамантаваць дарогу — удзень і ўночы трамбавалі палатно, укладалі шпалы і рэйкі. 19 верасня камісія прыняла адрамантаваны ўчастак, паставілі ўзмоцненую варту, а ноччу 20 верасня выбухі зноў скаланулі суседнія лясы, паляцеў пад адхон паравоз, палезлі адзін на адзін вагоны. Магістраль, па якой везлі тысячы тон смяротнага грузу і апантаных галаварэзаў, зноў замерла больш як на месяц.
Беларускі штаб партызанскага руху вызначаў самыя важныя ўчасткі чыгуначных магістраляў, забяспечваў Пінскае злучэнне толам і запаламі. Нячутна падпаўзалі партызаны да адхонаў, калі трэба было, здымалі варту, і на чыгунках Палесся грымелі выбухі, ляцелі ў паветра эшалоны. 3 15 па 23 верасня 1943 года брыгада імя Будзённага ўзарвала 1500 рэек, брыгада імя Кірава — 1200, імя Леніна — 800. Чыгунка поўдня Беларусі замерла на доўгі час. Пасля выбухаў на паўночных чыгунках, у раёне Обалі, Полацка і Віцебска, фашысты вымушаны былі асноўныя смертаносныя грузы адпраўляць па дарогах Палесся, але і тут сотні эшалонаў траплялі ў партызанскія пасткі і ператвараліся ў груды металічнага лому і друзу.
Самаахвярная работа партызан Пінскага злучэння выратавала тысячы савецкіх воінаў, адвяла смерць ад тысяч сумленных людзей. 40-тысячную гітлераўскую армію скоўвалі партызаны, не давалі фашысцкім захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўночы, ратавалі савецкіх людзей ад выгнання ў фашысцкае рабства, бязлітасна каралі фашысцкіх катаў і іх памагатых.
Зімою 1943 года штаб і асноўныя сілы Пінскага злучэння размясціліся бліжэй да родных мясцін Васіля Захаравіча. Атрады занялі вёскі Хорастава, Гоцк, Гаўрыльчыцы, Беразняк!, Навіну і Варапаеў гару.
На вялікай паляне сярод лесу, каля Векарава, партызаны падрыхтавалі аэрадром. У змроку палалі сігнальныя вогнішчы. Да іх праз лінію фронту прарываліся нашы самалёты, выгружалі боепрыпасы, свежыя газеты, пасылкі і лісты ад родных і зусім незнаёмых сяброў і сябровак з далёкага тылу. Самалёт даставіў партатыўную друкарню. У спецыяльна абсталяванай зямлянцы нараджаліся маленькія лісткі вялікай выбуховай сілы — друкаваўся орган Пінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі «Палеская праўда». Па навакольных сёлах разляталіся сотні лістовак. Зводкі Савінфармбюро, інфармацыя пра баявы і працоўны гераізм савецкіх людзей, расказы пра подзвігі партызан натхнялі патрыётаў на барацьбу з фашызмам.
У вёскі, занятыя партызанамі, баяліся паткнуцца фашысты і іх паслугачы. Кожны вечар то ў Хораставе, то ў Рахавічах, то ў Чаланцы ў чыёй-небудзь прастарнейшай хаце звечара рыпаў гармонік, бухаў бубен. Збіраліся не толькі маладыя, прыходзілі сталыя і нават старыя кабеты і мужчыны: слухалі партызанскіх камандзіраў і палітрукоў, распытвалі, гаманілі, а на разыходзіны звычайна адрывалі польку-трасушку або грацыёзна-павольную кадрылю. IIa гэтых вечарынках чыталі ўголас «Палескую праўду», часам партызаны прыносілі хоць і запозненыя маскоўскія газеты. «Правда», «Красная звезда» пераходзілі з рук у рукі, многія прасілі: «Дай толькі патрымаць».
На гэтыя вечарынкі часта заходзіў Васіль Захаравіч — пагаварыць, параіцца з землякамі, паслухаць, хто што бачыў, дзе што чуў. На адной такой вечарынцы Васіль Захаравіч сустрэў маладую настаўніцу Ніну Пятроўну Грышчанка. Падсеў, распытаў, як жывецца, што думае рабіць далей.
— Куды вы, туды і я падамся. Хопіць хавацца ад гэтых чорных анёлаў смерці. Ведаю, нялёгка будзе: Алачцы маёй толькі гадок мінуў, але сярод сваіх і паміраць весялей.
— Навошта паміраць? Жыць трэба, змагацца за будучае вашай Алачкі... Вас у атрадзе якраз і не хапае — грамацей патрэбен нашай газеце.
Угаворваць Ніну Пятроўну не прыйшлося. Яна стала карэктарам «Палескай праўды».
— У нашу рэдакцыйную зямлянку часта заходзіў Васіль Захаравіч,— праз трыццаць гадоў успамінае Ніна Пятроўна.— Цікавіўся, ці не цячэ страха, ці не галодныя мы, ці хопіць паперы на наступны нумар газеты.
Паперу нам здабывалі партызаны ў разгромленых гарнізонах, у занятых вёсках раздавалі нашу газету, праз падпольшчыкаў перадавалі ў Пінск і ў Столін. Гэта даводзіла гітлераўцаў да шаленства.
У часе блакады Васіль Захаравіч у першую чаргу выводзіў у бяспечнае месца жанчын і дзяцей. Не толькі мая Алачка, сотні партызанскіх дзяцей абавязаны жыццём Васілю Захаравічу і яго злучэнню.
У кожным нумары газеты мы друкавалі зводкі з фронту і заклікі партыі да народа.
Восенню 1942 года пачаўся новы масавы прыліў насельніцтва ў партызанскія атрады. Прыходзілі групамі і па адным, з вінтоўкамі і аўтаматамі, здабытымі ў фашыстаў і іх служак. Нават два свяшчэннікі папрасіліся ў партызанскі атрад Камарова. Яны хадзілі ў разведку, удзельнічалі ў баях і заклікалі веруючых брацца за зброю, бязлітасна біць «пякельных ірадаў», каб абараніць родную зямлю ад крыважэрнай нечысці.
У адной вёсцы Хорастаўскага сельсавета партызаны забілі здрадніка. Але як пахаваць веруючым хрысціянам «убиенного», калі ва ўсім наваколлі не засталося ніводнага папа? Бацькі нябожчыка паслалі на партызанскую заставу свайго родзіча прасіць камандзіра, каб адпусціў на пахаванне бацюшку. Пасланец запэўніў, што ні з кога і волас не ўпадзе.
Васіль Захаравіч здзівіўся такой незвычайнай просьбе. Паклікаў абодвух «святых айцоў» — няхай вырашаюць самі. Айцец Аляксей адразу замахаў рукамі: «Ирода нечестивого» хаваць не буду.
— Я паеду. Нельга ж адправіць фашысцкага ваяку ў пекла без божага «напутствия»,— сказаў протаіерэй Раманушка. Ён ўзяў аблачэнне, крыж, кадзільніцу і з двума аўтаматчыкамі выехаў у суседнюю вёску. На могілкі сышлося ледзь не ўсё сяло. Кожнаму хацелася паслухаць, як гэта партызанскі нон будзе адпяваць фашысцкага нягодніка. Усё пачалося па рытуалу. Але замест «Рыдания надгробного» і «Упокой, господи, душу раба твоего», свяшчэннік заспяваў: «Анафема забойцу і адступніку, душагубу праведнай паствы гасподняй...» Закончыўшы адпяванне, нон заклікаў усіх прысутных «не шкадуючы «живота» свайго, бараніць родную зямлю ад паганай навалачы. А здрайцам усім праклён на векі вечныя! Нішто не ўратуе іх ад пякельных пакут на страшным божым судзе!».
Протаіерэй заклікаў усіх парафіян узняць карны меч справядлівасці супраць лютых ворагаў чалавецтва.
Спачатку знямеў, потым загайдаўся і загаманіў натоўп.
— Калі бацюшка ў партызаны падаўся, дык і нам пара боскую волю спаўняць,— казалі веруючыя і прасілі аўтаматчыкаў:
— Хлопчыкі, мы ж свае, вазьміце і нас. За святое дзела і загінуць не страшна.
З дзесятак мясцовых хлопцаў кінуліся да свірнаў. З падстрэшша, з застаронкаў выцягвалі здабытую зброю і станавіліся поплеч з партызанскімі аўтаматчыкамі. Раманушка і яго спадарожнікі прывялі ў штаб злучэння цэлы ўзвод новых байцоў.
Доўга потым смяяўся Васіль Захаравіч, слухаючы протаіерэя Аляксандра Тодаравіча Раманушку і яго спадарожнікаў, а айцец Аляксей зайздросціў свайму калегу і шкадаваў, што не ён правёў гэту «пахавальную аперацыю».
— Усе сумленныя сродкі ў справядлівай барацьбе падыходзяць, — разважаў камандзір і праз сувязных і падпольшчыкаў перадаў пінскаму архіепіскапу матэрыялы 3-га Усеславянскага мітынгу і свае парады, як лепей весці работу сярод веруючых супраць акупантаў.
Выбухі на чыгунках, знішчаныя саставы, ліквідаваныя фашысцкія гарнізоны, вызваленыя ад акупантаў сельсаветы і нават раёны мацавалі ў народзе веру ў хуткую перамогу над ворагам...
Актыўныя дзеянні партызан сур'ёзна непакоілі немцаў.
10 лютага 1943 года рэгулярныя войскі пачалі наступаць з Вялікага Рожава на атрады Пінскага злучэння. Першы ўдар прыняла брыгада Васільева і паспяхова адбіла варожыя атакі каля хутара Дубіца і вёсак Вейна і Гоцк.
Назаўтра на злучэнне рушылі ўсе фашысцкія рэзервы са Старобіна. Самалёты з чорнымі крыжамі бамбілі атрад імя Кірава. Партызаны замініравалі ўсе падыходы да лагера, занялі абарону і вырашылі трымацца да апошняга патрона. Нават цяжка параненыя не накідалі строй. Адна за адною захлыналіся фашысцкія атакі ў шквале партызанскага агню. У бой уступілі атрады Камарова, Шыша і імя Чапаева. Фашысты насядалі з розных бакоў. Партызанам прыходзілася весці толькі прыцэльны агонь, бо ў патранташах не вельмі было густа.
13 лютага атрады занялі абарону каля Хорастава і Чаланца. Нямецкія танкі пачалі акружаць атрад Шыша. Яны хацелі і астатнія атрады прыціснуць адзін да аднаго, акружыць і знішчыць.
План гітлераўцаў адразу разгадаў Васіль Захаравіч і непрыкметна, у начной цемры, праз Грычынавіцкія балоты пачаў выводзіць брыгады з акружэння. Апоўначы закруціла, заскавытала лютая мяцеліца. Атрад Шыша адзін утрымліваў пазіцыі, прыкрываючы адыход таварышаў. Супраціўленне партызан прыкметна слабела. Немцы адчулі сваю перавагу і пачалі замыкаць кальцо блакады. А праз вузкую гарлавіну з акружэння выходзіў апошні партызанскі заслон. За ноч па балотных купінах партызаны прайшлі больш за 40 кіламетраў. Завея зараўняла іх сляды.
На світанні 15 лютага немцы замкнулі кальцо і пачалі прачэсваць лес, але ніводнага партызана так і не знайшлі. Усе параненыя і забітыя таксама былі далёка ад гэтага месца.
Немцам нічога не заставалася, як далажыць начальству і абвясціць па ўсім наваколлі, што партызаны поўнасцю знішчаны.
А Палескае злучэнне пасля цяжкіх баёў і начнога пераходу на куп'істым балоце прыпынілася ў Лагішынскім раёне. Змораныя, схвастаныя завірухай партызаны адпачывалі ў цёплых хатах, перавязвалі параненых, рыхтавалі зброю да новых баёў і вялі разведку ў Целяханскім і Лагішынскім раёнах.
Толькі адпачынак білу кароткі. 21 лютага на атрад імя Шчорса з Лагішына напалі немцы і адціснулі камароўцаў да вёскі Рудня. Там знаходзіўся штаб злучэння і асноўныя партызанскія сілы. Зноў пачаліся баі з часцямі эсэсаўцаў. Партызаны адбілі некалькі атак і прымусілі гітлераўцаў адысці.
— Але, таварышы, захапляцца перамогай рана,— гаварыў Корж. — Немцы адышлі, каб сабраць сілы для новага ўдару. Хоць у гітлераўскай прапаганды ніяк не сыходзяцца канцы з канцамі: Старобінскі гарнізон абвясціў нас знішчанымі, а Лагішынскі не можа ўправіцца з намі. І мы павінны паказаць сваю моц — не абараняцца, а наступаць, выматваць варожыя сілы, манеўраваць з раёна ў раён. Няхай шукаюць нас, а мы заўсёды ведаем, дзе і каго біць, і будзем з'яўляцца нечакана і знікаць, не пакідаючы слядоў.
Корж вырашыў знішчыць нямецкі гарнізон у вёсцы Святая воля. Там умацавалася больш за 60 гітлераўцаў. Яны абкружылі вёску акопамі, злучанымі з чатырма дзотамі.
Досвіткам на гарнізон неспадзявана напалі атрады Шыша і імя Чапаева. Нялёгка было падавіць варожыя агнявыя кропкі. Бой не сціхаў сем гадзін. Пад шквалам кулямётнага агню партызаны не пакідалі сваіх пазіцый, знішчалі адно варожае гняздо за другім, паступова займалі акопы, і пад вечар гарнізон быў ліквідаваны. Як сваіх збавіцеляў сустракалі калгаснікі партызан, расказвалі пра лютасць гестапаўцаў, збіралі трафейную зброю і ўліваліся ў рады народных мсціўцаў.
Пасля разгрому гарнізона ў Святой волі Корж зразумеў, што ворагі пачнуць наступ на партызан, і старанна рыхтаваў брыгаду да будучых баёў.
Неўзабаве з Івацэвіч на Пінскае злучэнне было кіну та 1500 гітлераўцаў, з Целяхан паступала прыкладна столькі ж салдат і афіцэраў, плануючы блакіраваць і знішчыць партызан.
Камандаванне злучэння распрацавала дакладны план прарыву блакады, каб з найменшымі стратамі выйсці да Выганаўска^ возера. Каля вёскі Доўгае партызаны пайшлі на прарыў. Гітлераўцы не шкадавалі боепрыпасаў і сіл, каб толькі стачыць разарваны ланцуг, але гэта ім не ўдалося. Пад ударамі партызан прарыў пашыраўся. У гэтым баі загінулі мужны камандзір атрада Дамброўскі, начальнік штаба Баброў і палітрук Шырыш Немцы страцілі больш за 40 салдат і афіцэраў. Партызаны праз Агінскі канал выйшлі ў Лунінецкі і Ленінскі раёны.
На працягу месяца камандаванне двойчы вывела злучэнне з фашысцкіх пастак, зберагло асноўныя сілы і ўсё галасней і выразней заяўляла пра сваю магутнасць і непераможнасць выбухамі на чыгунках, разгромам гарнізонаў, вызваленнем савецкіх людзей, якіх гітлераўцы збіраліся адправіць у фашысцкае рабства.
У глыбокім тыле адзначаліся рэвалюцыйныя святы, у вёсках вывешваліся чырвоныя сцягі, а на чыгунках грымелі выбухі, ляцелі ў паветра варожыя эшалоны, на доўгі час перапынялася тэлеграфная і тэлефонная сувязь паміж штабамі і гарнізонамі.
Пра ўсе свае аперацыі і патрэбы, пра дыслакацыю і перамяшчэнне варожых войск кіраўнікі Пінскага злучэння дакладвалі штабу партызанскага руху і Цэнтральнаму Камітэту Кампартыі Беларусі, атрымлівалі ад яго неабходную дапамогу і парады.