Фашысты лютавалі ў гарадах і сёлах: на плошчах чарнелі шыбеніцы, варушылася зямля пасля масавых расстрэлаў, маладых і дужых гналі ў рабства на Захад. Гітлераўская машына працавала на знішчэнне.
Вось толькі некалькі радкоў са справаздачы камандзіра батальёна, маёра ахоўнай паліцыі Голінга ад 30 верасня 1942 года:
«Батальёну з падпарадкаванымі яму падраздзяленнямі і даданым 16-м жандарскім мотаўзводам было даручана 23 верасня 1942 г. знішчыць на паўночным усходзе ад Макран вёскі Барысаўну, Баркі і Забалоцце...
У адпаведнасці з загадам вёскі былі спалены. Пасля адбору надзейных сем'яў было расстраляна: у Барысаўцы — 169 чалавек, у Барках — 705 чалавек, у Забалоць — 289 чалавек. Жывёла, інвентар, збожжа, вазы і машыны канфіскаваны са згоды адпаведных раённых упаўнаважаных па сельскай гаспадарцы».
Такія «справаздачы» пасылаліся з большасці ўпраў і раёнаў. Калі такое чаўплося на роднай зямлі, хіба ж маглі заставацца спакойнымі партызаны? Камандаванне атрадам клапацілася пра пашырэнне сваіх радоў, старалася здабыць дасканалую аўтаматычную зброю і забяспечыць партызан боепрыпасамі. Неабходна было больш дзейсна бараніць насельніцтва ад знішчэння і здзекаў, узмацніць удары па ворагу, адцягнуць і скаваць у тыле найбольшую колькасць фашысцкіх войскаў, бязлітасна помсціць захопнікам і катам.
Ствараць новыя атрады даручылі вопытным партызанам і здольным прапагандыстам Р. Карасёву, Ф. Лісовічу і А. Савіцкаму. Праз сувязных яны заклікалі вясковую моладзь ісці ў лес. Хлопцы адбівалі зброю ў немцаў і паліцаяў і групамі ішлі да партызан. З іх вясною 1942 года быў створаны атрад Пятровіча (А. П, Савецкага) , які хутка вырас у брыгаду імя Кірава.
Дачуўся Васіль Захаравіч, што каля Чырвонай Слабады з'явіўся невядомы раней партызанскі атрад. На сувязь з ім Корж паслаў свайго стрыечнага брата Рыгора Карасёва.
Партызанскі «пасол» абуў лапці, падперазаў вераўчынаю старую світку, узяў доўгі кій, схаваў два пісталеты, гранату і па лясных сцяжынках, пераскокваючы з купіны на купіну, боўтаючыся ў халоднай веснавой вадзе, падаўся ў чырвонаслабодскія лясы.
У гушчары яго затрымаў вартавы і пераправіў да камандзіра. Гэта быў высокі сінявокі капітан Чырвонай Арміі Васіль Аляксеевіч Васільеў. Да затрыманага падышоў і камісар атрада, былы старшы сержант Іван Васільевіч Зібараў.
Карасёў распароў у шапцы падкладку і падаў Васілёву маленькую пісульку ад Камарова. Камандзір і камісар чулі пра аперацыі адважных камароўцаў, але цяжка было паверыць сувязному такога неваяўнічага выгляду. А што, калі правакацыя? Можа, немцы заманьваюць у пастку?
Доўга раіліся камандзір з камісарам, узважвалі ўсе акалічнасці і магчымыя варыянты. Яны разумелі, як неабходна ўстанавіць сувязь з суседнім атрадам. І рызыкоўна было трапіць у абдымкі да ворагаў. Нарэшце ўзялі з сабою двух аўтаматчыкаў і пайшлі ўслед за Карасёвым. А ён спрытна пятляў са сцяжынкі на сцяжынку, пераскокваў балотныя калюжыны, знаходзіў толькі яму вядомыя кладкі праз дрыгву і надвячоркам прывёў Васільева і Зібарава ў свой штаб.
Камароў гасцінна сустрэў камандзіраў, пачаў распытваць, хто яны і адкуль. Капітан Васільеў родам з Уладзіміршчыны. Зібараў — сібірак з Краснаярска. Разам служылі ў Беластоку, у 23-м аператыўным спецпалку. Адыходзячы з баямі, атрымалі загад злучыцца з 10-й арміяй у раёне Баранавіч. Пакуль дайшлі да Случчыны, Баранавічы апынуліся ў далёкім тыле.
— Пераапрануты ў цывільнае,— расказваў Васільеў,— сам пайшоў разведваць дарогу. Толькі выткнуўся з алешніку, адразу чую «хальт!». Рукі скруцілі два здаравенныя немцы. На допыце ўдалося пераканаць, што вызвалены з турмы і дабіраюся дадому. Праўда, паверылі настолькі, каб адразу не расстраляць, і адправілі пад Беласток біць камень. Вытрываў толькі тыдзень. Адшукаў сярод нявольнікаў былога лейтэнанта Фёдарава. Адразу зразумелі адзін аднаго з паўслова. Здабылі сякі-такі інструмент, перарэзалі калючы дрот і ўцяклі. Некалькі дзён паблукалі па лесе, выйшлі на дарогу, спыталі ў нейкага тыпуса, ці няма наперадзе немцаў. Ён запэўніў, што молена ісці спакойна. А толькі ўзышлі на масток, як зноў нас схапілі і прыгналі ў лагер ваеннапалонных. На кухні сустрэлася добрая жанчына. Разгаварыліся. Муж яе — камандзір Чырвонай Арміі, недзе ваюе на фронце. Яна і дапамагла нам уцячы зноў. Неўзабаве ўдалося знайсці сваіх таварышаў. Каля Крынак сабралася група чырвонаармейцаў, адрэзаных ад сваіх часцей. Усе яны былі добра ўзброеныя і спрабавалі прабіцца да сваіх, каб уліцца ў рады Чырвонай Арміі.
Цяпер у атрадзе больш за паўсотні байцоў, верных вайсковаму абавязку. Усе імкнуцца біць фашыстаў у радах рэгулярных войск. Таму і кіруемся ўвесь час на ўсход,— расказаў Васільеў.
— А вы ведаеце, да чаго заклікала партыя народ у першыя дні вайны? — дапытліва паглядзеў Корж і выразна, адсякаючы кожнае слова, працытаваў: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды, для ўзрываў мастоў, дарог, пашкоджання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі... У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, знаходзіць іх і знішчаць на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы». Як вы лічыце, вас гэта датычыцца?.. Дзе цяпер праходзіць лінія фронту, вы ўяўляеце? — і Корж па карце правёў рысу далёкіх вогненных рубяжоў вайны.— Пакуль будзеце прабівацца, страціце нямала людзей і куды дойдзеце, яшчэ невядома. А тут кожны партызан варты цэлага ўзвода. Мы павінны затрымаць як мага больш варожых сіл, каб лягчэй было там,— ён паказаў рукою на ўсход.— Пакуль саюзнікі адкрыюць другі фронт, мы яго ўжо адкрылі тут. Збяром сілы і будзем на ўсіх дарогах знішчаць жывую сілу і тэхніку, каб яна не дайшла да фронту.
— Ваяваць мы гатовы і ўмеем. Нават збольшага авалодалі метадамі партызанскай барацьбы, але вернасць прысязе патрабуе змагацца ў дзеючай арміі,— не так ужо рашуча запярэчыў Васільеў.
— А хіба ж мы бяздзейнічаем? Вунь колькі фрыцаў і іх памагатых патаўклі за гэты час, колькі выратавалі савецкіх людзей! Хіба гэта не вернасць вайсковаму абавязку? Ваш страявы, мой партызанскі вопыт памножаць нашы сілы. Будзем разам ставіць і вырашаць складаныя задачы. Мне ж не толькі ў дваццатыя гады, але і ў Іспаніі давялося партызаніць.
Васільеў і Зібараў з даверам і павагай слухалі ўпэўненага чалавека з шырокім стомленым тварам і маладымі яснымі вачыма. Пра баі ў Іспаніі яны ведалі толькі з газет, а тут сустрэлі ўдзельніка падзей, за якімі сачыў увесь свет.
— Та-ак,— уздыхнуў Корж,— у партызанскай барацьбе няма статутных правіл пазіцыйнага бою. Кожная хвіліна рыхтуе непрадбачаныя нечаканасці, прымаць рашэнне і дзейнічаць трэба імгненна. У нас не бывае аднаго бою, падобнага на другі... Памятаю, у горадзе Кастуэра падрыхтаваў я інтэрнацыянальную групу падрыўнікоў. Чалавек сорак. Былі ў ёй іспанцы, чэхі, югаславы і мой перакладчык Аляксей. Я ўжо нашым хлопцам расказваў пра яго. Цікавы чалавек быў. Дык вось, выправіліся мы з транспартам зброі ў тыл франкістам, а вяртаючыся назад, трэба было зрабіць завалы на горных дарогах. Зброю ўсклалі на 12 мулаў. Абуўся я ў альпаргаты, у такія брызентовыя чаравікі на вяроўчанай падэшве, каб не коўзка было на камяністых сцежках. Выйшлі мы з Кастуэра на змярканні. Горы кантралявалі фашысты, і нам прыйшлося на ноч схавацца ў дзвюх зарослых кустамі пячорах. У адной паставілі мулаў, другую занялі самі...
Да вогнішча паціху падыходзілі партызаны. Нехта сказаў: «Васіль Захаравіч пра Іспанію расказвае»,— і пацягнуліся адзін за адным. А ён працягваў:
— Спяць мае змораныя байцы, а я вачэй не магу заплюшчыць: усё прыпомнілася і перадумалася пад зорным іспанскім небам. Задрамаў толькі пад раніцу, а на світанні чую — недзе на горным схіле блямкаюць званочкі. Пабудзіў свайго камісара Хуана і загадаў, каб затрымаў пастухоў з казіным статкам, што пазвоньвае непадалёк. «Мы ж не фашысты,— запярэчыў ён.— Што скажуць пасля гэтага людзі пра сваіх абаронцаў? Не бойцеся, таварыш камандзір, бедныя пастухі нам не зробяць шкоды». Падумаў я, памеркаваў і згадзіўся з камісарам — ён жа лепей ведае нораў і характар сваіх землякоў. Згадзіўся, а потым пашкадаваў. З тае пары заўсёды ў час аперацыі затрымліваю кожную фурманку і любога падарожніка. Так яно спакайней.
— Што ж было далей? — пацікавіўся Васільеў.
— Не прайшла і гадзіна, як на схіле з'явіліся ўзброеныя франкісты, зараўлі машыны. Тут ужо доўга думаць не прыходзілася. Загадваю рыхтавацца да бою. Хуценька з камення складаем барыкады, робім кулямётныя гнёзды, умацоўваем хады і пячоры. А на нас паўзуць і паўзуць фалангісты. Гляджу, многія мае байцы ледзьве стрымліваюцца, каб не націснуць на курок. Папярэджваю: «Без каманды не страляць!» А фашысты падпаўзаюць бліжэй і бліжэй, ужо і твары выразна відаць. Застаецца меней за сто метраў. Камандую «Агонь!». Трапныя стрэлы скасілі дзесятак фашыстаў, астатнія пруцца наперад. Некалькі падпаўзло зусім блізка, бачу — бяруць на мушку мяне, але мой перакладчык Аляксей забіў аднаго, потым другога.
Біліся да змяркання. Сем атак адбіла наша маленькая група. Схіл гары ўкрыўся трупамі фашыстаў. Хоць мы і перамаглі, але было зразумела, што зброю даставіць нам не ўдасца. Калі адкаціліся апошнія фалангісты, нашы байцы вырашылі зволіць камісара за яго памылку. Ён быў прыгнечаны. Акрыленыя першай перамогай, байцы памякчэлі і згадзіліся дараваць Хуану. У нас страт не было, але і заданне выканаць пе ўдалося. Вось што значыць «дробязь» у партызанскай вайне. Выходзіць, і пастухі розныя бываюць,— скончыў Корж і кіёчкам паварушыў вогнішча.
— Кажуць, Васіль Захаравіч, вас узнагародзілі за баі ў Іспаніі? — пацікавіўся Зібараў.
— Ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. А да ордэнаў былі цяжкія баі ў Валенсіі і на Арагонскім фронце. Каля Бельчыта быў паранены ў руку, але поля бою не пакінуў, пакуль не акружылі і не ўзялі ў палон двухтысячную групоўку франкістаў. Вось тады і разгледзеў фашысцкае аблічча, і нянавісць запяклася ў сэрцы на ўсё жыццё.
Корж устаў, размяў здранцвелыя ногі, прыжмурыўшы вочы, паглядзеў на Васільева і Зібарава.
— Ну дык як, хлопцы, разам ці паасобку? Вы ж ведаеце байку пра венік: па пруточку і дзіця пераламае, а звязаны і асілак не сагне.— Памаўчаўшы, дадаў: — Мой прынцып такі: не зможаш знішчыць ворага, выратуй з бяды нашага чалавека.
— Давайце разам, Васіль Захаравіч. Будзем чакаць вашага загаду,— па-вайсковаму адказаў Васільеў.
— Загады загадамі, але і сам варушы мазгамі, смялей дзейнічай і глядзі пільна,— па праву старэйшага Корж перайшоў на «ты».
Васільеў запомніў гэту параду камандзіра. Дачуўся неяк, што ў Чырвонай Слабадзе лютуе нямецкі гарнізон, і пачаў рыхтаваць адказную і дзёрзкую аперацыю. Разведка паведаміла, дзе размешчана ахова і асноўныя варожыя сілы.
Калі ўсё было гатова, у тры гадзіны ночы атрад Васільева выйшаў з Малога Рожана на Чырвоную Слабаду. На дасвецці партызаны нячутна знялі варту каля ўправы і паліцэйскага ўчастка, у памяшканне кінулі некалькі гранат. Разбуджаныя выбухамі немцы і паліцаі выскаквалі з суседніх дамоў у адных сподніках, адстрэльваючыся, уцякалі з мястэчка.
Атрад Васільева захапіў 18 аўтамашын, шмат зброі і патронаў, партызаны асядлалі каля двух дзесяткаў заараных у немцаў коней.
Увечары ў клубе партызаны правялі ўрачысты сход, прысвечаны 25-й гадавіне Кастрычніка. Расказвалі пра становішча на фронце, заклікалі чырвонаслабодцаў да актыўнай барацьбы з фашыстамі. Вечар закончыўся песнямі і танцамі. За поўнач партызаны разыходзіліся з мясцовымі хлопцамі.
Назаўтра разам з атрадам у лес пайшло каля пяцідзесяці ўзброеных юнакоў. Хутка атрад Васільева перарос у буйную партызанскую брыгаду, якая ўзяла пад кантроль Чырвонаслабодекі і Ганцавіцкі раёны. Данясенні «аб праробленай рабоце» ў штаб Камарова перадаваліся «па ланцужку» ад сувязнога да сувязной. Тым жа шляхам ішлі і заданні камандзіра.
Дзеянні камароўцаў выклікалі давер і любоў навакольнага насельніцтва. Да атрада далучаліся невялікія ўзброеныя групкі акружэнцаў, падлячыўшы раны, знаходзілі сцежкі да партызан так званыя «прымакі», ішла моладзь і сталыя людзі. З кожным з іх гутарыў, кожнага правяраў сам камандзір. І ніколі не памыляўся.
Прыбіўся неяк да атрада салідны чалавек. Назваў сябе савецкім палкоўнікам Раеўскім, пералічыў нумары палкоў, у якіх служыў, назваў прозвішчы камандзіраў. Доўга прыглядаўся да яго Васіль Захаравіч і засумняваўся ў шчырасці гаваркога і мілага з выгляду прыблуды. Праверка пацвердзіла яго сумненні. Фашысцкі лазутчык, хітра замаскіраваны шпіён. Прыціснуты фактамі, «Раеўскі» вымушаны быў прызнацца, каяўся, прасіў літасці. Але хіба можна быць літасцівым да здраднікаў і перавертняў?
...Аднойчы прывёў Іван Некрашэвіч свайго брата, якому ўдалося з Асіповіч прабрацца ў сваю апусцелую хату ў Баравой. Браты сустрэліся ноччу. «Што збіраешся рабіць, Сяргей?» — спытаў старэйшы брат.
«Я чалавек рабочы, які-небудзь занятак сабе знайду».
«Не, браце, выбар у цябе адзін: з намі ці супраць пас. Калі часам надумаешся працаваць на фашыстаў, судзіць цябе будзем і прысуд выканаем самі»,— папярэдзіў Іван.
«Куды я без вас дзенуся? Дарога ў нас адна. Вядзі!» — згадзіўся Сяргей.
Усю размову з братам Некрашэвіч пераказаў камандзіру: ведаў, змоўчаць або схлусіць яму нельга.
— Мы цябе, Сяргей, даўно чакалі,— папракнуў Васіль Захаравіч.— Твая спецыяльнасць якраз нам і патрэбна.
Неўзабаве Сяргей Некрашэвіч зрабіўся майстрам дыверсій на чыгунцы, пусціў пад адхон не адзін варожы эшалон, быў адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.
Да пачатку 1943 года атрад Камарова вырас у магутнае партызанскае злучэнне. У яго ўваходзілі брыгады Васільева, Герасімава, атрад імя Чапаева, на чале з Нранягіпым, атрады Дамброўскага і імя Шчорса. У брыгадах і атрадах працавалі партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Толькі ў атрадзе Камарова было 79 камуністаў. Члены партыі і камсамольцы вялі вялікую выхаваўчую работу. Самыя рызыкоўныя і адказныя заданні выконвалі камуністы. Яны трымалі цесную сувязь з насельніцтвам і з падпольнымі групамі ў мястэчках і сёлах.
Ленінскі, Лунінецкі і Ганцавіцкі раёны былі ў руках партызан. У бязлесных Драгічынскім, Іванаўскім і Жабчыцкім раёнах яшчэ трымаліся немцы. Яны павялічылі гарнізоны і ўмацаваліся ў раённых цэнтрах, каб планамерна і бязлітасна знішчаць мірнае насельніцтва. Камандаванне злучэннем накіравала ў Іванаўскі раён мясцовых жыхароў Кунькова, Прахацкага і Міхайлоўскага для работы з насельніцтвам. У хуткім часе з патрыётаў раёна арганізаваліся тры атрады, якія адразу пачалі граміць фашысцкія гарнізоны, ірваць і паліць масты на магістралях, якія вялі на ўсход.
Разведка паведаміла Васілю Захаравічу, што ў пасёлку Леніна гітлераўцы знішчылі каля дзвюх тысяч савецкіх грамадзян і трымаюць у турме яшчэ паўсотні смяротнікаў.
Глыбока ўражаны гэтаю весткаю, задумаўся камандзір. Падабраў самых здатных і кемлівых разведчыкаў, пачаў распрацоўваць аперацыю. Стала дакладна вядома размяшчэнне варожых агнявых гнёздаў, размяшчэнне гарнізона, вывучаны падыходы да турмы і да фашысцкіх устаноў.
Камандзіры прадумалі і ўлічылі ўсе акалічнасці, прадугледзелі самыя нечаканыя варыянты і сітуацыі. Як толькі ўсё было падрыхтавана, 150 партызан атрадаў Камарова, Пятровіча і Шыша, узброеныя ручнымі кулямётамі і аўтаматамі на світанні ўвайшлі ў раённы цэнтр. Адразу захлынуліся б кулямётных гнёздаў, партызаны ўзарвалі тры фашысцкія ўстановы, узялі шмат зброі і патронаў, з турмы вызвалілі 48 патрыётаў. Уся аперацыя заняла не больш гадзіны.
Яшчэ адзін раён стаў партызанскім. Праз некалькі дзён ліквідавалі гарнізон на станцыі Сянкевічы, узарвалі мост праз Лань, спалілі эшалон з боепрыпасамі, які ішоў на фронт, знішчылі 75 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
Па 21 дзень быў спынены рух на чыгунцы.