НЕРУШ 1966

ВЕЧНАСЦЬ


Мне ясным сонцам лес наканаваны —

Не ведаць змрочных лёхаў нематы.

З табою кожным нервам знітаваны,

Не, Вечнасць, я ў цябе не наняты!

Зязюлямі гадоў пракукаваны,

Бор галавы маёй аснежыш ты

i ўладна пакладзеш на лоб круты

Зямныя, ўпартыя мерыдыяны,—

Мяне не ўстрашыць захад залаты.

Да зор скірую думак караваны,

Арлы іх прывітаюць, як браты.

Не знікну так, як цень, як гук пусты.

Не адцвітуць вачэй маіх паляны,

Прабіўшы жвіру мокрага пласты.

ВЕРАСОВАЧКА


Іду, Лагчынка перасохлая

Ледзь папярхнулася расой.

Ці прымеш госця,

Верасовачка —

Дачка вясёлых верасоў?

Тут, помніш,

Нам ва ўсім паверыўшы,

Жылі суседзямі лясы.

Цвілі у бацы-сі вочы верасам

Ад слова ранішняга —

«сын».

Прыйшла пад хату грушка дзікая,

Ледзь я свой год другі сустрэў.

А ходзікі на сценцы цікалі,

І падалі дажджы са стрэх.

Тут, як у казцы, ў лядах восенню

Карову пасвіў кот Мірон,

Лісіца пеўня з дому зносіла

I вечар глух ад камароў.

Мяне купалі у ліповачках,

У бацькаў торкалі рукаў.

Калыску маладзік да поўначы

На вострых рожках калыхаў.

Ноч, як малога, хутар хутала

Аўчынай жнівеньскай імжы.

...А сёння грушына без хутара

Стаіць бабылкай на мяжы.

А сёння зацвіла ігрушына

За трыццаць год упершыню...

Чым гэта вока запарушана?

Хто там парушыў цішыню?..

Схіляю галаву з пашанаю,

Адсюль нясу ў трывожны шлях

На кожнай далані па жаўранку

I па хмурынцы

на плячах...

ГОД

Анатолю Вялюгіну

I

Заспаныя прачнуліся грымоты —

І кнігаўкай спявае лазіна,

Самлелая ад леташняй спякоты,

Абложная дыміцца баразна.

Шчэ гнёзды стылыя, пустыя соты,

А ўжо ад слоў хмялее да відна

І ні пра што не думае вясна —

Дачка гарачай ласкі і пяшчоты.

У вочы зазірні — не ўбачыш дна.

Далёка недзе прыпар i турботы.

Гуляе дзеўчына, пакуль адна...

Цяжарнее калоссем цаліна.

З гнязда глядзіць пухнацік жаўтароты

Клапоты ад цямна і да цямна.

З далёкага цяплыньскага павета,

Пакінуўшы ржавець з'араны плуг,

Спатнелае, расхрыстанае лета

Прыйшло — i луг ад конікаў аглух.

Смугою ахінулася планета.

Займае дых гарачы кменны дух.

Дзе воблачка, дзе дзьмухаўцовы пух?

I просінь просіць шырыні ў прасвета.

Ад завірух калючых пацярух

Наскрозь дарога ўезджаная ўгрэта.

Шчырэе летні дзень адзін за двух.

Пал воч вясновых чыстых не патух,

Нібы агонь далёкіх зор Сусвета.

Падлетак над стагамі робіць круг.

ІІІ

У Белавежы — лосьна, язьна ў Шчарі

З лясной крыніцы агнявы глыток.

Узважлівая яснасць дзёрзкай мары

І стрыманасці першы халадок.

Сігае ястраб думкі праз гушчары

Над зброснелаю зацішшу заток.

Перакідае восень жоўты ўток

I, па традыцыі, згушчае хмары.

Разблытаць хоча бліскавіц маток

Рабінавая ноч. Рабін стажары.

Лядком на лузе шкліцца капыток.

Сівее ржэўе. Звонка стыне ток.

Пяро раняе вырай на абшары.

Рунь прагавіта цягне зябкі сок.

ІV

Зажмурылася смачна аканіца.

Спіць на пярынах белых цішыня.

А сіверу ссінелая сініца

Ніяк не можа дачакацца дня.

Рацэ, як рыбаку старому, сніцца

Прыцмок саміны, стылы лёд ліня.

У дуба-ведуна з-пад караня

Прабілася бруістая крыніца.

Ляціць адліжны каркат варання

З яліны, што стаіць, нібы званіца.

Сядлае ўсход гарачага каня,

Штораз вышэе ў сонца вышыня.

I першапутак неба рэжа ніца

Палосак рэактыўных палазня.

МАЯ MOВA


Сцвярджаюць гісторыкі i мовазнаўцы,

Што паступова сціраюцца грані нацый

І, нібыта як перажытак,

аджыць павінна абавязкова

Мова маці маёй — беларуская мова,

Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,

Што па жылах маіх цячэ

і сонным Сажом і Нёманам.

Я чакаю часіну сябрыны людской,

Але не згаджуся, што родныя мовы луской

Былі на рыбіне чалавецтва,

Якая ў вечнасць плыве акіянам вечнасці.

Галеюць увосень гаі-касмачы,

Па вясне расціскаюць лісты

Свае кулачкі маладыя.

I калі нават мова мая замаўчыць,

То не зробіцца мёртвай латынню.

Словы, дзе кожны гук

Азяблай сініцай цінькае,

Не стануць тэрмінамі медыцынскімі.

Гэтыя словы

Павінны вывучыць будуць нанова,

Каб даведацца,

Як Русь мая, белая

Ад вясновай наквеці

І касцей няпрошанай набрыдзі

З-пад чарапастых свастык,

Вольнай воляй сваёй даражыла,

Як з братамі і сёстрамі

Шчыра дружыла.

Калі мова мая

Уліецца ў агульны людскі акіян,—

Пацячэ ў ім, стрыманая,

Цёплым Гальфстрымам.

i будзе мне сэрца грэць

Кожным ашчаджаным словам,

Мая спрадвечная

Беларуская мова!

ЛЯСНАЯ ДАРОГА


А лес туманом затоплены.

Не дужа спяшаецца дзень.

Рэха ў мяккіх пантопліках

Падмоклым мохам ідзе.

Рабынечка-арабіначка,

Нібы з падлёднага тхла,

З заглушы летняй прабілася,

Вырвалася да святла.

Сівер здалёку дыхае,

Ашчэрыў сто дваццаць зяп.

Стынуць выбоіны ціхія,

I ліст перажоўклы азяб.

Дарога знянацку заломіцца,

Выгнецца палазком,—

Дрыжыць на яловай далоні

Саломінка

З абмалочаным каласком...

* * *


Я, малада, не ведала,

Ці было лета, ці не было?..

З народнай песні

Ліст высах, ззалелы,—

Бляшаны скрогат.

Бабіна лета,

Белыя скроні.

Kacy на атаву

Памалу клепяць —

Касьба не тая.

Бабіна лета.

Застылая кропля

Ліпнёвага воску —

Лета кароткае,

Лета — ўвосень.

Далёка ліўні,

Шаленства залевы.

З жалем шчымлівым

Маміна лета...

ЛІСТОК УШАЦКАЙ ВОСЕНІ


Раўчук заспаны вёў лагчынкай,

Залелі камянькі на дне.

Павесялеў мой шлях.

Ляшчыннік

Заднеў у сінім тумане.

Расой, раскідзісты, апырскаў —

Злую.

Ды тут, як сябруку,

Лісток

цялячай мокрай пыскай

З даверам торкнуўся ў руку.

Раўчук

ужо звініць рачулкай,

Дарую мокрым верасам.

Так па-цялячаму

расчулены,

Што замычу, здаецца,

сам...

БЕЛЫЯ НОЧЫ


I

Пошчак ушчэнт пашкуматаў

Сонную млявасць спакою.

Коннік скача наўскапыта —

Кохкаюць лёгка падковы.

Мядзведзь абнюхвае

чалавечы след,

Ашчэрана пашча

багны іржавай.

Коннік спяшаецца

апавясціць свет

Пра маладую дзяржаву,

Зямлі не кранаюцца

капыты —

Вякоў абагналі многа.

Коннік,

хачу папрасіць,

каб ты

На міг суняў

варанога...

ІІ

Атланты —

інваліды

Вялікай Айчыннай вайны

Аднарукія,

аднаногія.

Даўно

на заробкі ў горад

прыйшлі яны

З-пад Полацка,

з-пад Ноўгарада.

У кружалах

развязвалі торбы цішком,

Вячэралі

прадубленай саланінай.

Шукалі работы

самай цяжкой

Ільновалосыя

Селянінавічы.

Аднавяскоўцы

касілі густы мурог,

А яны

ў маўклівай згодзе

Падставілі плечы

пад глыбы муроў

У тысяча сямісот

далёкім годзе.

Паспрабуй

на плячах

горад трымаць.

Не дачакалі падмены.

Каменная

не адпускае турма,

Самі сталі

каменныя.

Маўкліва церпяць

парабкі вякоў —

Ні продыху, ні адхлання.

Я пазнаю

сваіх землякоў.

Ну хто ix назваў

атлантамі?

ІІІ

Чэрвень

баіцца ступіць

на пракосы,

Зламаныя падымае званочкі.

Дзяўчаты на Белай Русі

чэшуць русыя косы.

У Ленінградзе

Белыя ночы!

Белыя ночы!

Беглі ногі,

Пакуль

масты не разведзены.

Ад любага

шлях дадому

доўгі —

Дабраліся ледзьве...

Белыя ночы,—

ці гэта блукае

Белы мядзведзь

на полюсе?

А можа святло вачэй,

што патухлі ў блакаду,

Асвяціла раптоўна

Марсава поле?..

Ты не спяшайся,

румяны ранак!

А летняй ночанькі

не надточыш,.

Вачэй каханай

сіняе ззянне.

Белыя ночы,

белыя ночы...

* * *


«На Беларусі

Пчолы, як гусі»,—

Прыгадваў зямляк

у выраі.

Зоры спелі,

зоры гаслі,

Мох зязюльчын

рос на вываратнях.

«Ем сырую зайчыну

Ды люблю Айчыну!» —

Прысягаў паўстанец

нябёсам.

Дзверы

дню маладому

расчынены —

Расой ішла песня босая:

«Я здыму парчу,

Ножкі абвярчу...

Песню азяблую

Сагрэць хачу...»

Торкнецца ў крыгу

лыч карасіны,

Сонную роўнядзь успеніць.

Згару я

на вейцы тваёй

расінкай,

Беларусь —

мая мова

і песня.

ШАПКА


Усю зіму з апраткаю забытай,

Як у глухім бярлагу, ў шафе спіць —

Не маладая ўжо аладка-шапка,

Саперніцу вушанку ненавідзячы.

І толькі аднаго яна баіцца,

Каб гаспадар вясною не надумаўся

Аддаць яе вароне на гняздо,—

Не паўтарыць бы сумны лес бабулі.

...Зайшоў з марозам гаспадар у хату

І моўчкі, стомлены, за стол садзіцца.

Калі, бывала, летам ён палуднаваў,

Ляжала на краі шырокай лавы,

А гаспадарскі сын яе прымерваў.

З-пад доўгага брылька ружовашчокі

Глядзеў малы, як яблык з-пад лістка.

Свяціўся бацька ўсмешкаю шчаслівай.

Чаму брылёк так напал надламаны?

На золку гаспадар устаў, каб сеяць.

Шчырэў уночы дождж—І, як вашчыны,

У соты ўсю раллю парашаціў.

Было на ўскоце сонца. У кішэню

Яе паклаў таропка гаспадар

I прывітаў з пашанаю Ярылу

Ды папрасіў, каб ярыне спрыяў ён.

А што вушанка? Апусціўшы вушы,

Усю зіму праходзіць. Незайздросна!

Лютуе Люты, сцюжыць Студзень. Снежань

І той гады ў рады бывае ціхі...

Зух-Сакавік яе цярпець не можа,

Хоць ён падыме вушы гэтай соні.

Ледзь сонца ласкавейшым вокам гляне,

Аладку-шапку ўсторкне на хапку.

Ну, а ў Красавіка па-кавалерску

Яна ляжыць—на чубе і на вуху.

Май ветраны—штоноч чакай у хаце,

Пакуль яму кудлаціць чуб каханка,

...Выходзіць гаспадар, і дзверы ціўкаюць.

Ну, як не ўспомніць Чэрвень загарэлы!

Дакошвае лугі — знаходзіць гнёзды,

Кладзе ў яе цяплюткіх птушанят.

Брылёк

сасмяглы Ліпень перакручвае

І нагінаецца крыніцу выпіць.

Не спіць у шапку, носіць яе радасны

Вусаты Жнівень ледзь не на патыліцы.

Праводзячы вачыма вырай сумны,

Яе рукой прытрымлівае Верасень,

Нідзе не забываецца Кастрычнік,

Нацягвае на вушы Лістапад,

Яна прапахла вапнай і зямлёю.

Зрабілася ад ліўняў і ад сонца

Якраз як сівагракава крыло...

Што апроч снегу бачыла вушанка?

Апошні раз ішлі з гаспадаром

І на яе лісток чырванацыбы

Апаў, як той падлётак на буслянку,

Азяблы, кволы і такі дурненькі...

Апрыкла ўсё, хутчэй бы Сакавік,

І, безумоўна, ён па даўняй дружбе

Гаспадару напомніць пра яе.

Якія ж дні ў вушанцы непаваротлівыя!

ДЗЯТЛІНКА

Уладзіміру Караткевічу

Дасвецце займаецца ціхае.

На лістах раса халодае

Узбегла на ўзмежак,

задыхалася

Дзятлінка белагаловая —

Пляменніца дзятла белагрудага,

Унучка завеі ўскудлачанай.

Сукню, што зелянеецца рутаю,

З канюшынай купіла ў складчыну.

Ля дзяўчынанькі шчырэюць з раніцы

Чмялі —

сваты басавітыя.

Адвячоркам туман стараецца

Ногі ўхутаць світкаю...

Навальніца прасторы вымые —

І дзятлінка зноўку клявае.

На чужыне асветліць сны мае

Сваёй галавой бяляваю.

Дзятлінка снежнарутая,

Я к сляза па Радзіме,

чыстая...

Таксама i Беларусь мая

На ўзмежках цвіла

i выстаяла.

СТАРЫ ЛЯСНІК


Не прачнуўся бор. Залачае.

Песні дрэмлюць пад цёплым крылом.

Мох паклычан лычамі —

У шкоду дзікі ішлі напралом.

Стары,

увесь як ячмень пераспелы,

Ляснік сонца будзіць брыдзе.

Следам туман —

белы-белы,

Заблытаўся ў белай барадзе.

Рукі старога

дрэвы гаілі,

Як пеўня,

за глотку бралі агонь,—

Тысячарука

сосен галіны

Паўтарылі рукі яго.

Калыханку спяваў сасёнкам.

Хутаў немаўлят у халады.

Зеленакрона i сёння

Шуміць

голас яго малады...

Грыбы пайшлі. Жыве з аброку.

Сінеецца верасовы сум.

Яму пакажа неруш па-сяброўску

Апошні ў бары лясун...

* * *


Птушкамі колісь былі цыганы,

Лёталі ў вырай,

Ды воллі

Неяк наелі,

I ў неба яны

Узняцца не здолелі болей.

Ах, цыганы...

Вогнішчы, таганы,

Перамяняныя коні.

Толькі грывастыя табуны

Скачуць па снах неспакойных.

Да скону бясконцы

Шляхоў сувой.

Зялёная хата — дуброва.

Толькі цыганскае

Над галавой

Вечнае сонца вандровак.

Дзе ні прыстаў — абжывайся наноў

I зноў

За стары занятак.

Калі не пакрыўдзіў бог цыганоў,

Дык гэта на цыганятак.

Ад вогнішчаў смуглыя, як жалуды,

Сняць яны цёплы кухан.

Вырай курлыча пра халады

Небу на самае вуха.

I цыганам,

Сынам зямным,

Боязна сытых волляў.

Колішнім птушкам,

Дорагі ім

песня,

дарога,

воля...

* * *


Ішла над ціхім лесам поўня.

Расы чакалі верасы.

Пад вербамі ў нагрэтым чоўне

Дзяўчына мыла валасы.

Яшчэ худзенькімі рукамі

Вязала, мокрыя, вузлом.

Усмешка на вадзе блукала.

Хмурынкі возера вязло,

Прасілася у косы стрыжка.

Шаптала з берагам карма.

А косак не хапала крышку,

Каб дзве лілеі утрымаць.

Ледзь-ледзь хавалі зайздрасць хвалі,

Аж закіпелі у трысці,—

Мяне i човен падмывалі

ДалЁка з юнай заплысці...

ЗЯМЛЯ


Люблю твой нораў, сцішаны і грозны.

Таксама промню кожнаму жадзён.

Ты павядзеш плячом — шчабечуць вёсны,

Другім — завеі капыцяць загон.

Сама спаткала поўдзень высакосны

І мне паслала шчодры вырай дзён.

Хай будзе на лугах тваіх відзён,

Дыміць не аддыміцца след мой росны.

Я слухаю з табой пчаліны звон.

Дзевятым валам узняла барозны

І сына сейбіта ўзяла ў палон.

Абрусам руні маладой здавён

Заслана ты, як круглы стол шырозны,—

Для ўсіх павінен быць не цесным ён!

* * *


Шыбы рады

ад выбухаў мірных звінець.

Плынь закутая глуха ные.

Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне —

Падпіраюць неба слупы ледзяныя.

Узроўі чуюць

на вострых хрыбтах траву:

З аголенымі мячамі

наступае зялёнае войска.

Прачынайцеся,

слухайце —

Лёд ірвуць!

Паплыве ён

Застылым воскам.

Дрэва ракі задрыжала

ад вяршаліны да камля.

Трэснула кара ледзяная

ад нізу да верху.

Лёд ірвуць!

Неўзабаве зноў

загаворыць Зямля

На зялёнай мове лістоў,

поўнай шчырасці i даверу!

АРЦЕЛЬ ІНВАЛІДАЎ


Нож спатыкаецца. Малаток картавіць.

У пярэстрыкі ходзіць дратва.

Арцель інвалідаў у кожным квартале

Перавышае графік.

Прысмерклі вочы. Скручэлі пальцы.

Некалі сумаваць за работай.

Успаміны казіную ножку прыпальваюць,

Выціраюць слязіну ўпотай.

За вокнамі ходзяць цыбатыя ліўні,

Град буйнакаліберны шчапае гонту.

Прыхваткамі шые бацька шчаслівы

На абедзве нагі

сыну

Новыя боты.

ПАРТЫЗАНСКІЯ КОТЛІШЧЫ


Тут пагоркі шалямі вагала.

І трымаюць счахлае вугалле

У зямлі,

як скарб апошні колішні,

Сем'яў партызан

старыя котлішчы.

Пыхнулі з вугалля іскры зоркамі,

Партызанам ззялі ў ночы золкія.

Не спазнаўшы месяца мядовага,

Яблынькі прачнуліся ўдовымі,

Доляй падзяліліся з рабінамі —

Дзічкамі агорклымі зрабіліся.

ЛЯСНЫЯ КЛАДЫ


Галін старэчыя рухі.

Глушэюць у лесе клады.

Крыжы распасцерлі рукі —

Заўчасна не пусцяць сюды.

Павук нешта тчэ на кроснах.

Маўчыць цішыня штодня.

І толькі ў борцях на соснах

Прамыслых пчол сумятня...

НЕРУШ


Неруш ранішні —

роднае слова,

Мне шукаць цябе, покуль гляджў,

Пад зялёным крылом верасовак,

Пад крысом i спякоты й дажджу.

Слова,

што як нарог для ратая,

Як для ластаўкі —

стромы вільчак,

Ад якога на небе світае,

Ад якога яснее ў вачах.

A пашчасціць — натрапіцца неруш,

Зазвіняць недзе промні наўзбоч.

Неруш свой панясу я аберуч,

Як слязіну з матуліных воч.

Ад абразы, ад позірку злога,

Шлях заблытаўшы для наслання,

Неруш ранішні —

матчына слова,

Мне, як бору,

цябе засланяць!

МАЯ БАЦЬКАЎШЧЫНА


З суседзямі падзелішся скарынкаю.

Адно не ўмееш з торбаю прасіць.

Як ластаўка,

з падстрэшша рук Скарынавых

Тваё крыляла слова па Русі.

Ты бласлаўляла даланёй кляноваю

Сваіх сыноў.

Слязамі дабяла

Бяліла лён на світку Каліноўскаму

I ў сны Урублеўскага ты Нёманам плыла...

Зеленакосымі, тугімі сеткамі

Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.

Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,

Але вяснянкі не забыў тваёй...

З-пад Магілёва дзед пабег бярэзнічкам,

Бабульку аж пад Віцебскам дагнаў,—

Цярэжылі цярэжку,

а Цярэжкаву

Дачку сасватаў віцязь Яраслаў.

Люблю цябе я ў веснавых праталінах,

У белай хустцы маладых снягоў.

Як на грыбы,

багата ты на таленты —

Пільней глядзі i нерушы знаходзь!

Радзі, зямля,

ты — шчодрая i сціплая.

Каб толькі маразоў не знала рунь!

Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве —

Сівых стагоддзяў рэха:

— Бе-ла-русь!..

ПАЭМА ЖЫТНЯЙ СКІБЕ


I

Мой дзед

рыжанін Галвіньш,

Механік па млынах,

На грошы быў не галы

I выпіць —

не манах.

Яго прываражылі

Азёры

ці ільны?

Зрабіўся старажылам

Ушацкай стараны.

Прынамсі,

не малая

Заслуга той

адной,

Якую зваў

Маланкай

З касою ільняной...

ІІ

Кугікала малое —

Мне большала радні.

А камяні малолі,

Спявалі камяні.

Каціўся верасамі

Вясельны каравай:

— Ой, дзеўка,

абрусамі

Застолле накрывай!,.

Ішоў праснак

у прымы

Да бульбы нацянькі.

Андрэева чупрына

Бялела ад мукі.

А на млыны куліўся

Коўш зорны з-за сяла.

Вясёлая Кулінка

«Латышачкай»

была...

ІІІ

Радні i год нямала

Забыўся наш парог.

Адно

«латышкай» маму

Яшчэ завуць парой.

IV

Латышскі стол гасцінны

Наноў

сяброў сабраў,

Як на старым гасцінцы,

Завочна тут ад страў.

Бі,

піва,

п'янай пенай,

Крышы дубовы склеп.

Кляновым лістам,

кменам

Запах уладна хлеб.

...Над ціхаю сядзібай

Сярпок маладзіка.

Чаму ж ты

з жытняй скібай

Дрыжыш, мая рука?..

V

Над ціхаю ракою

З далёкай цішыні

Забыты млын грукоча,

Спяваюць

камяні...

ЛЕСНІЧОЎКА ВЭЛДЗІС


А пад вясёлкай-восілкай,

Як баравая пчолка,

У ясеневай восені

Зблудзіла леснічоўка.

Галіны па-над сцежкамі

Па сажаню ў размаху.

У леснічоўкі ўцешнае

Імя —

«Прагоніш смагу».

На тое воля восені

І залатой завеі,

Што Ручайком —

Авоціньшам

І гаспадар завецца.

Каля гасцей расчуленых

Ды каля песні ціхай

Плыве-плыве рачулкаю

Шчыруха-леснічыха.

А ручаінкай з возера

Іскрыцца леснічоўна,—

За ёю нашы позіркі,

Як Даўгаваю чоўны...

Тут студня знакамітая

І ўсім вада да смаку,

Ды болей акавітаю

Мы праганяем смагу...

Выходжу ў ноч спакойную,

Ваду знаходжу неяк.

На дне халоднай конаўкі

Травінка зелянее...

Падушкі ўзбіла белыя,

Жадала:

— Лабу накты! [2]

Мне ж, як салдату бегламу,

Не спіцца доўга надта.

А леснічоўне хораша

На мурагу на вышках.

Мне ў хаце нешта горача,

Я зноў да студні выйшаў.

Сябе я пераконваю,

Тут нечая правіннасць:

Тры ў небе поўні — конаўкі,

На дне па тры травінкі...

Гайдалася—

гайдалася

Вядро —

i ў студню села.

Чаму ж не здагадалася

Паслаць i мне на сене?..

Не яблынька лясовая —

Ты злая асачынка...

Мяне старымі совэмі

Тры поўні асачыла.

Іду сабе бяссоннікам,

Не знаю сам кудою,

Сасоннікам, сасоннікам,

Палянкай маладою.

Дах туманоў залатаны

Змакрэлым, жоўтым лістам,

I просяць пеўні Латвіі

У неба дзень нямглісты.

Пацягваецца соладка

Дня маладога пахмур.

На золаку,

на золаку

Мурог трывожна пахне...

Да ясеневай восені

Я не забуду следу.

Налета да Авоціньша

Касіць мурог прыеду.

Я ж не такі няўдаліца,

Не зломкава насенне.

Няўжо не здагадаецца

Тады паслаць на сене?..

* * *

Віктару Ліўземніеку

Удары перуна —

perkona grandi [3].

Пярун —

persona grata [4],

сапраўды:

Taго й чакай,

Што з неба рангам гракне,

Страсе маланкі з рыжай барады.

Ваколле —

дом сасновы, рудастволы.

Над прорвай непагадзі ходзіць дом.

Стараецца пярун — мяхі з жарствою

З плячэй скідае, крэкчучы, на дол.

Аберуч

«Газік» працірае вочы.

Ані душы.

Усё нібы праз сон.

Падчас плыве у забыццё абочын

Кажан распяты — чорны парасон.

Над Латвіяй рабінавыя ночы.

Гараць кляноў чырвоныя стагі.

I Даўгаву трасе ад золкай ношы,

Пад намі б'ецца ў берагі з тугі.

А мы ляцім вышэй, пад люты лівень,

Мы зараз адарвёмся ад зямлі.

I вось тугія ліўневыя ліны

Нас, як наняты ветразь, узнялі.

Сузор'яў спелых трапяткія бліскі

Трасіруюць халодны змрок, шкляны.

Мы ў вечнасці ў гасцях, i рай нам блізкі.

Далёкімі пажарамі — кляны.

I так шкада зямлі, вясёлай, грэшнай.

Што ў вечнасці, што у раі рабіць?

Ды з прорвы вырываемся, нарэшце,

У гарачую Галактыку

Рабін...

ЧАЛОМ ТАБЕ, ЕНІСЕЮ!


У руках не калыша вятрэц галышы,

Замёр.

Ліст не варушыцца...

Шафёр,

Матор заглушы.

Шушанскае...

Ціха...

Насцярожылася маўклівасць пільная.

Ці гэта

Ільічова хаціна,

ці ільменка,

якая толькі што слухала

Елісеевай хвалі ўсхліп

i цяпер пад зялёнай паветкай ліп

сушыцца.

Не адказвае

Шушанскае...

Першы пажоўклы ліст

ліпа на ганак стрэсла...

Чакаюць, падагнуўшы калені, крэслы.

Адпачывае лямпа,

Што Крупская колісь прывезла...

Немаўлячы мезенец

на столі настылай сібірскіх снягоў

мог бы засланіць трапяткую плямку

ад гэтай лямпы.

Святло было мірным зусім.

I ў падумку не браў, што на ім

падсмаліць

сваё, даўно не густое, пер'е

двухбезгаловы арол імперыі...

Як ціхі прыстанак,

спакушае спакоем

альтанка

з хмелю ляснога

дзікага,

Гадзіннік цікае...

Хвіліны апошнія

лічыў ён свету старому.

На стале —

Ільічова пошта...

На «ясна» барометр,..

А ён навальніцу паказваў,

калі апускаў Енісей

свае плечы пакатыя.

І снегавыя падушкі для Енісея

азяблымі пальцамі ўзбівалі завеі.

А ў галавах ледзяной пасцелі

стаць разам усе маразы хацелі...

Енісей,

на ўспамін

лёгкі ты

уздыхнуў

i лісты

дзікага хмелю

зашапталіся, зашумелі...

Здымаю ўдзякі шалом

перад табою з пашанай —

Чалом

табе, Енісею,

чалом,

што ты Ільіча адведаць спяшаўся,

ды выбегла

шустрая Шуш

насустрач.

Чалом

за твой крыгалом,

які Ільіча на дасвецці будзіў

i доўга па сцежках таежных

рэха вадзіў.

Чалом,

што ты ахінаў Ільічовы думы

выраевым крылом.

Чайкі ўзляталі з твайго пляча.

З далёкага выраю

ты клікаў выраем

Ільіча.

Чалом,

што па табе веславала паволі,

як колісь па Волзе,

вясёлкі вясёлым вяслом

надзея.

Чалом,

Енісею!..

КАРГЫРАА [5]


Уласны голас гучыць незнаёма —

Боязна рэху ў гарах начаваць,

Чуваць,

Блукае

са стромы

на строму...

Мядзведзю старому,

Як грузнаму ламу,

Нязручна ступаць па ламу —

Яшчэ заколеш лапу

На сваю галаву.

Пасварыўся, відаць, з сябрукамі.

Рыкае...

Ля абрыву лёг

На спякоце.

У гулкі лёх

Камяні коціць.

Пацягне лапай,

Звесіць вуха —

водгулле доўга вухкае...

Настылымі грукаючы кіямі,

Здалёку ідзе,

Пакланіўшыся акіяну,

сівы сівер...

Цішыня.

Чую,

Як у падхмарным чуме

Зайчаняткі грызуць

Верхавінкі тальніка...

— Я песню так зразумеў? —

Пытаюся.

Суседка вясёла глянула,

Ад усмешкі не тоіць вачэй.

— А песня простая:

«Ехаў-ехаў,

Шлёпнуў буланага

I паехаў хутчэй...»

МАРАЛУ ЗРАЗАЮЦЬ ПАНТЫ


Дрыжыкі па целе,

Марал пацее

У тры паты.

Панты

Зразаюць

Нажоўкай.

Капыты

Б'юцца на жоўклай

Траве...

Трывае...

Рэжце ж!

Ці нажоўка тупая?!

Нарэшце!..

На свежым пяньку выступав

Жывіца чырвоная...

Выпусцілі

З загона!

Грукнулі

Усе закладзіны суха.

Рвануўся...

Замёр...

Прыслухаўся...

Страх яшчэ казыча

Пахвіны.

Трасянуў галавой па звычцы,

Што рогі там быць павінны,—

Няма ix!

На міг

Нямая

Цішыня.

Толькі кедры шумяць.

Больш

Не суняць!

Раскручваецца пружынай

напятай

Увесь балючы,

Безабаронны,

Лабаты...

Ад абразы заб'ецца

Пад кедры густыя.

I покуль

Боль не

Астыне —

Не зварухнецца, не тропнецца,

Каб не ўпала

На свежы пянёк ані кроплі...

Адстоіцца

Сум у вачах,

Як змрок у цесных прагалах.

Нават пысы гарачай

Не астудзіць вадою крыніц...

А побач

Яго сябры

З маладымі

Рагамі

будуць гнаць маладых аляніц...

АДАМ I ЕВА


Пакуль далёка спіць залева

І сопкі песцяцца ў смузе,

Яны ўдваіх,

Адам і Ева,

Капаюць бульбу

у тайзе.

Конь пасвіцца,

бялее грыва

З перастаялае травы.

Спрадвечны сум

апаў тужліва —

Лятуць у вырай журавы.

Услед махаюць крыллем кволым

Кусты, лімонніцы, чмялі.

Спрадвечных дрэў

спрадвечны кворум,

Спакой спрадвечны на зямлі.

На момант

сэрца ён асіліць,

I здасца,

што няма трывог,

Што з недалёкай Хірасімы

Не паскубуць вятры мурог,

а толькі ціхія павевы

Хвалююць ільмакі ў тузе.

Яны ўдваіх,

Адам i Ева,

Капаюць бульбу

у тайзе.

*

Сюды,

ў дажджы,

ў мароз сіберны,

Аратаі i кавалі,

З-пад Вільні,

з Віцебскай губерні

Гадамі

землякі брылі.

Над імі

выраі ляцелі

Дамоў,

да веснавых грамоў,

I хмаркі плавалі,

як цені

Дымоў

з астылых каміноў.

Ад роднага стала,

ад бульбы

Дарогі розныя вялі:

Адных —

даўгі рубель

i булкі

Завабілі на край зямлі.

Тых —

залатая ліхаманка

Занесла ў непралазь пургі.

Не горача пад лахманамі

Было ад вогнішчаў тайгі.

Ну а каму саболі пасвіць

Давер'е аказаў урад.

Пёс —

конь натурлівы —

да шчасця

Не вёз:

быў час, як канакрад.

*

А раніцай

туман над сопкай —

Густая пара

над катлом:

Знаёма пахла

бульбай сопкай,

Сялом,

пакінутым жытлом.

Там

на страсе пяе салома,

Як чарацінка ў крыгаход.

I песня родная

i слова

Былі раднейшыя штогод.

Вякі...

Прыморскія размахі...

Забыўся чорны хлеб,

але,

Як незабыўныя прысмакі,

Гасціла

бульба на стале.

I зазімкам,

калі на тоні

Ішло дасвецце ў туманах,

Яна

згрубелыя далоні

Кабетам халадзіла ў снах.

Хаціны,

што ў лясных паветах

Замёў каторы ліставей,—

На шчодрай далані планеты

Былі

ад бульбінак драбней...

*

Не хвалімся

часінай тою,

Калі яе —

усім на страх —

Палілі

з прастатой святою,

Як ерэтычку,

на кастрах.

Ды ў прыску

бульбу ўгледзеў продак,

Калі карчы зглыдаў агонь,

I, нібы ўзважваў самародак,

З далоні кідаў на далонь.

Яна —

не майце бульбу ўлегцы—

З усімі стравамі

на «ты».

Гурок,

каб з ёю поплеч легчы,

Дае нырца ў расол круты.

І смагне селядзец у леку,

І ў лютай пары

млее кроп.

Яна сюды прыйшла здалёку —

У баразне

па трыццаць коп...

Дыміся бульбай,

край маленства.

Яе стварала спакваля

Па вобразу i падабенству

Свайму

карміцелька-зямля.

*

Крычу на ўсё Прымор'е:

— Бульба!

Прымі паклон

ад земляка.

Расці,

з гарачых снежак гурба,

Што маці сыпле

з саганка.

Ні дождж,

ні град цябе не песціць,

Надзейны хлеб

маёй зямлі.

Не грэбвалі

табой i песняй —

З сабою землякі ўзялі.

А покуль

недзе спіць залева.

Тайфун

вятры ў мяхах вязе,

Яны ўдваіх,

Адам i Ева,

Капаюць бульбу

ў тайзе...

ПОРТ


Уладзівастоцкія нявесты

Сустрэнуць ветла

i няветла;

Ты не рыбак,

не кітабой,

Праходзь спакойна, сам сабой;

Паплаваў досыць

у «загранцы»,

Хай не хапаеш з неба зор,—

Пяшчотай позіркі ўзгарацца,

Ідзі на ix,

як на касцёр.

Год палюляла

у Брыстолі —

Жаніх ужо зусім прыстойны.

Ці кітабой ты,

ці рыбак,

Спяшайся заказаць

«кабак» —

Тут рэстаран завецца так,

Прывыклі дзверы да атак —

Гуляй, рыбак,

куляй, рыбак,

Шыкуй,

шчырэй кладзі «на бак»

Забудзь на час

тугу кают,

Тваёй ашчаднасці —

каюк!

... Упарта

познія

нявесты

Чакаюць

норда,

оста,

веста.

Усе вятры

з усіх шляхоў

Для іх прыносяць жаніхоў.

Не з карабля —

дык топай міма,

Хоць паравозам галасі.

... Глядзяць

зялёнымі вачыма,

Як незанятыя таксі...

УРАДЖАЙ


Яшчэ нямая

хвіліна адна...

Трал падымаюць

са дна марскога.

Лябёдкі жаласны скогат...

Кухталі—

Костачкі прыгаршчаў трала,

шкляныя,

балюча занылі:

рабрыну борта лічыць пачалі.

Тралмайстра — імгненным рухам! —

хапае крукам...

Льецца вады блакіт.

Бы загарпунены кіт,

сейнер кідаецца ў бакі.

I —

рыбакі

дыханне перавялі шчасліва.

Над палубай хмара парыпвае

з ліўнем

рыбным...

Вока ў пулятага мянтая,

нібыта

планета жаху,

сыходзіць з арбіты...

Шчэлепамі разбітымі

пакутліва кратае

камбала бездапаможна пляскатая.

Як яна глянуць хоча,

ды

перабеглі на спіну вочы.

Рот замалы — не спытацца,

ліха адкуль...

Акунь

падласы

на ўвесь акіян бы зароў,

ды —

папярхнуўся уласным

пузыром.

Злязае,

сыплецца расплюхнутымі слязамі

непатрэбная болей луска.

У адчаі траска

сківіцы,

быццам рукі, заломвае.

Сівеюць косы

ціны зялёнай.

Чапляецца неба

за водарасці, карчы.

Нема

рыба крычыць...

ДОМ НА СОПЦЫ


На сопку

сцежка крутая,

На сопцы —

дом камунальны.

Ля вокан ручай картавіць.

Вятры ў камінах канаюць.

Чарнявая маладзіца

Дадому рака прыходзіць.

Падоўгу ў люстэрка глядзіцца,

Ёй хочацца быць прыгожай.

Ды як жа не маладзіцца:

На ганку —

бабіна лета,

Відаць,

не растаць ільдзінцы —

Пад сэрцам,

вострая, легла...

...Ён прыйдзе, як уцямнее,

І засаўку ўнепрыкметку

Галінкай адсуне неяк —

Не ўчуе нават суседка.

Агонь разальецца па шчоках,

Туга —

ў сарамлівым паглядзе.

Нясмела просіць пяшчоты,

Як нешта чужое крадзе.

Шапне,

што дачка заснула,

Ды густа распусціць косы.

Пра мужа пытаўся,

махнула:

— Aт, сена сабакам косіць...

Мякчэй узаб'е падушку,

Дыханнем абдасць, як варам.

Калі на пасцелі душна —

Спусціся,

паспі на хмары.

I пеўні з захмарных тронаў

Разбудзяць,

як даўняга сябра.

Сівінка пуху на скронях...

Сівее палын азяблы...

Даюць туманы дарогу,

Спакойныя старажылы.

Шумяць ручаі

ля парога —

Змываюць

сляды чужыя...

ДЗЕД I МОРА


Пахне далонь

Залатога Рога

Нафтай,

далёкімі катастрофамі.

Змоўк акіяна насмешлівы рогат.

Цішыня тут,

як дзеўка-пярэстарак,

строгая.

Быццам на кухні агульнай,

грызуцца

Хвалі —

таксама з племя жаночага.

Глянеш:

Нептун пасівелы

з трохзубцам

Выйшаў на бераг,

гнецца пад ношаю,—

Гэта ловіць багром аскабалкі

Дзед,

што разлучаны з морам знямогаю.

Ўсё ж каля мора

старому забава.

Цягне дадому дровы намоклыя...

Дошкі цяжкія,

мачтаў абломкі,

Будуць трашчаць яны

ноччу завейнаю.

Спусцяцца нізка

ўспамінаў аблокі,

Дні маладыя

на момант вернуцца.

Зноўку тайфунам

насунуцца бровы,

Борт затрашчыць —

грукне хваля шалёная...

Салёныя дровы...

Слязіна салёная...

ТАНЦУЕ ТАДЖЫЧКА


Пад чорнымі вясёлкамі

Спеюць ночы.

Прызнацца —

не анёлкамі

За імі сочым.

Мы сталі нарачонымі,

Мы ўсе раўнуем —

Пад чорнымі,

пад чорнымі

Вясёлкамі руйнуем

Паветраныя замкі

Сямейнага спакою.

Адданасць

верных самых

Змывае,

як ракою.

Аж трыццаць тры

маланкі

Чор-

ны-

я!

I ноч была б малая...

Чур,

не

я! —

Падумаў пра такое,

Што добра б

трыццаць тры

Расплятаць рукою

Трапяткою

Да зары.

I сэрца Сценьку Разіну

Не па-добраму,

Пэўна, уразіла

На яе падобная...

Спякотная,

як тропікі,

То ўся, як міг рыўка,

Няўлоўная, таропкая

Горная рака.

Каб сто абвалаў

з грукатам

Праляцела —

Не ўчулі б мы,

мы слухаем

Песню цела.

Мы ўсе, як шпагі

ў ножнах,—

Развагі

рвецца ніць.

Спалохана-трывожна

Кроў звініць...

* * *


Надта доўга з люстэркам не раяцца

Маладыя жанчыны

раніцай.

На вуснах смага,

Пад вачыма —

смуга.

Маладыя каханкі,

абранніцы,

Іхняя зразумела туга...

Ходзяць сцішаныя,

заспаныя.

На дасвецці ж яшчэ былі

Недзе ў небе

капрызнымі паннамі,

Ну, прынамсі,

не на зямлі!

Выгіналіся лозамі ніцымі,

Свой салодкі палон ірвучы.

У акно залатымі начніцамі

Зоркі біліся

уначы.

Азярынай. знямогі

Лёгкія

Адплывалі паромы сноў.

Дзень пагрукаў

няпрошаным лёкаем,

Непадступныя панны

зноў

Сталі хатнімі гаспадынямі —

Трэба ім

гатаваць, цыраваць,

Над каструлямі дымнымі

Цараваць...

У блакітныя шыбы раніцы

Б'ецца клопатаў мітульга.

І туманіцца,

не адтуманіцца

Пад вачыма смуга...

ЦІХІ АКІЯН


I

З салёнай пенай на губах

Яго Шаленства

Ціхі,

То зложыць крылы —

кволы птах,

То б'ецца парадзіхай.

Шпурляе ў бераг якары

І конскія падковы.

То,

вязень,

пад граніт гары

Пачне рабіць падкопы.

Прыдрэмле —

ўзбудзяць свежакі,

Забудзе на пакуты.

Ён —

Праметэй,

на ўсе вякі

Да голых скал прыкуты.

Арліць,

клякоча

ураган —

Ляціць далёка клёкат.

Бурліць,

клякоча

Акіян,

Пакуль хапае клёку.

ІІ

Сябе самога расцвяліў—

Бунтар змаўкае горда.

Адчаю ўпартага прыліў

Падкочваецца к горлу.

ІІІ

У ракаўках маіх вушэй

Табе не ціхнуць,

Ціхі.

Клубі, дзевяты вал, вышэй —

Кадык з зялёнай ціны.

Бі чарапах

па чарапах,

Звіні струной прамою.

Тваім дыханнем

край прапах

Салёнае Прымор'е.

Цябе,

калі спакой багоў

Ты дзёрзкасцю парушыш

I выйдзеш з вечных берагоў,

Бяру я

на парукі!

БУЗКАШЫ


Ты не бачыў аніколі

Бузкашы?

Ты таджыку пра такое

Не кажы!

Не застольная бяседа —

Бузкашы:

Захапі казла ў суседа

I скачы.

Не зважаюць на начальства.

На радню,

Капыцяць і рвуць на часткі

Цішыню.

І чыны й пасады зніклі,

Зло — на злом!

Галава адно панікла

Над казлом.

Гэты козлік адпушчэння

Два пуды,

Не схаваеш у кішэні —

Паўбяды!

Жарабца хлапец асмуглы

Закасіў.

Сам бізун, як тыя цуглі,

Закусіў.

Горды дзед

белагаловы,

Як Памір,

Б'е галопам, б'е галопам

Жоўты жвір.

Зашчаміў казла нагою,

Вецер — друг.

Мчыць пагоня, не нагоніць —

Блізка круг.

Не відаць у тлуме, ў гуле

Ну ані —

На казле ляціць дзядуля?..

На кані?..

Кінуў чорнага i крэкча,

Перамок.

Мо ў апошні раз старэча

Перамог.

Раздзімаюць горны-храпы

Скакуны.

Тут не возьмеце нахрапам,

Крыкуны.

Мы ў даліне ўтульнай спеем,

Бы ў кашы.

Не да працы, не да спеваў —

Бузкашы!

Валам валяць людзі звыкла

З кішлакоў,

Заганяюць матацыклы,

Ішакоў.

Піялу з зялёным чаем

Асушы —

І прыпомніш ты з адчаем

Бузкашы.

У прэзідыумах млеюць —

Бузкашы,

На паважных асамблеях —

Бузкашы.

I на зборышчах паэтаў —

Бузкашы.

Ды таджыку ты пра гэта

Не кажы!..

ДЗІВОСНАЕ ІМГНЕННЕ

...радасць галавой да неба

даставала.

Амар Хайям

На поўнач лячу,

на поўнач —

Штоміг

ад цябе далей.

Мяне, завіруха, напоўні,

Лютуй ува мне,

шалей!

Аблогі

перамятае,

Аблокі

перамяло.

Няўжо

і хвіліна тая,

І ты —

гэта ўсё было?..

За бортам зіма неспакойна

Сярдзітай суседкай сапе.

Вязу я на поўнач

спякоту,

Нібы кантрабанду, ў сабе.

Спякоту тваю мне можна

Правезці —

хай снег растае,—

Паветраныя таможні

Ніколі не знойдуць яе.

Да холаду белы,

курыцца

Ад снежнага полымя дым.

Агонь гарачэй не ўгарыцца,

Не зойдзецца дымам густым...

Ідзе на зніжэнне —

на поўнач.

Маўчання настылага сум.

Я клічу цябе на помач,

Я выдыхаю:

— Ханум...

* * *


Яшчэ гетэры старажытнай Грэцыі,

З начнога промыслу прыйшоўшы ўранні,

Хацелі ціхай калыханкай грэцца,

Хоць трошкі хатняга хацелі раю.

О мацярынства мацярык нязнаны:

Як ці гукай — ніхто не адгукнецца.

Яго заўсёды адкрываюць занава,

Калі пад сэрцам нешта зварухнецца,

А ў сэрцы страх і слодыч тлеюць вугалем —

Усходзіцца пажар з малой іскрынкі.

У млоснасці саскі цяжэюць, смуглыя,

Гатовыя пупышкамі раскрыцца.

І зацвілі пралескі вачанят,

Зазелянела лісце ручанят...

О мацярынства мацярык нязнаны.

Яго заўсёды адкрываюць занава.

* * *


Ад

«не трэба, не трэба»

Да

«святло патушы»,

Як да сёмага неба,

Як да шчырай душы,

Як ад бліску маланкі

Да абложных грымот...

З вераснёвай палянкі

Хмеліць вераснем мёд.

Ліўнем стомленым стыну

На захмарнай градзе...

Прага

смаглай пустыні,

Спёка

спелых грудзей.

Толькі змроку густога

Захмялелы мурог,

Толькі светлая стома,

Толькі месячка рог...

Ціха досвітак глянуў —

Стой,

імгненне,

замры!

Не спяшайся, бяглянка,

Мы адны на зямлі.

Можа, дзень пачакае.

Маладзік,

пасвяці...

Ноч бывае такая

Толькі раз у жыцці...

Знелюбелы, нямілы

Дзень з-за мора ўстае.

Мне б вякоў не хапіла

Слухаць вочы твае...

* * *


Угаманіўся бор.

Туга нязвыклая.

Бору свой боль

Не выказаць.

Ані скалыхні —

Туга навокала.

У цішыні

Вавёрка зацокала.

Знайду твой клад —

Нідзе не падзенешся!

Узнімаю пагляд —

Аж дзве, маладзенькія.

Сядзяць на суку,

Ускідваюць хвосцікі,

Нібы на палку

Хвашчынкамі хвошчуцца.

Востраць кіпцюркі

Аб кару кволую,

І — лятуць языкі

Рыжага полымя.

Не ўгледзеў, куды

Ласухі скочылі...

Такой бяды ім,

Што сосны падсочаны!

* * *


Ты —

мой трывожны успамін,

Шчыміш і не даеш спакою,

Нібыта ўдар тугіх галін,

Адпушчаных чужой рукою.

Наноў не зашумець лясам,

Туга на лядах гаспадарыць.

Я дрэвы ўсе павысек сам —

Галіны больш

не ўдараць.

Загрузка...