9

Праз якую гадзіну пакоя нельга было пазнаць: працёртая свежая падлога, стол, засланы свежаю паперай, стаў у новым месцы, зрабілася прастарней; кніжкі і карэктуры складзены парадкам, на пліце гатуецца бульбяны суп; стала цяплей і ўтульней.

— Бачу, чаго цяпер тут не хапала.— Драгун выстаўляў на стол пакункі.— Ну, зараз мы адзначым гэтую падзею.

— Якую падзею?

— Ваш прыход у гэту манашаскую келлю, у якую ніколі не заглядвала сонца.

Раптам у дзверы нехта пастукаў.

— Некага ж нясе нялёгкая,— сказаў сам сабе Драгун і падышоў да дзвярэй.— Зайдзіце!

Ён адчыніў. На парозе стаяла яго сястра, яго родная сястра!

— Каця?! Як ты тут апынулася?

Каця нясмела стала ля парога, паставіла даволі ёмкі чамадан, абвязаны вяроўкай — як у вялікую дарогу.

— Добры дзень вам!.. Добры дзень, браток.

Яны абняліся, пацалаваліся, сястра змахнула слязу.

— Дык ты проста са свайго Казахстана?

— Не з Казахстана, а з дому... Зноў у Казахстан...

— І мне ні слова не напісала! — папракнуў ён сястру, хоць звычайна першы па паўгода не адказваў на яе пісьмы.

— Не хацела турбаваць цябе...

— Ах, якая ты стала далікатная... Ага! То знаёмцеся.— Драгун падвёў сястру да Веры Выдзерскай.— Гэта Вера... мая знаёмая.

Сястра акінула Веру ўважлівым позіркам, ацэньваючы, відаць, чаго яна вартая як жанчына, глянула на накрыты стол і ўсміхнулася:

— Знаёмая, кажаш? А мо... трохі болей?

— Што ты! — збянтэжыўся Драгун.— Мы яшчэ на «вы»...

— Добра, неяк разбяромся.— Было відаць, што яна не паверыла.— Але я не адна. Мяне мама праводзіць. Яна засталася на вакзале, з рэчамі, бо мы ўсяго не забралі б.

Драгун адразу схамянуўся, спахмурнеў. Ён страшэнна не любіў, калі тое, што намячалася, трэба ламаць. Але тут нічога не зробіш — не часта здараецца праводзіць сястру ў Казахстан.

— Дык што ж ты адразу не сказала? Распранайся, сядай за стол, а мы зараз паедзем...

Сястру ён не бачыў гады тры, яна прыкметна пастарэла, распаўнела, стала болей падобная да бацькі. У роце ўжо не хапала зубоў, яна шапялявіла, гаварыла неяк з прысвістам і на такой мешаніне рускіх і беларускіх слоў, што хоць вушы затыкай.

— Мо і я з вамі, там гэтулькі клункаў...

— Перастань, справімся.— Драгун памог апрануцца Веры, потым апрануўся сам. Акінуў вокам застаўлены стол і праглынуў сліну.— Калі галодная, дык перакусі што-небудзь, не саромейся, мы зараз.

Пачынала вечарэць, на дварэ была адліга — у дрэвах па-вясенняму шумеў вецер. Снег раз’язджаўся пад нагамі, і яны ішлі, як п’яныя. Драгун трымаў Веру пад руку, і яна часам моцна апіралася на яго.

Драгун думаў, што не шкодзіла б захапіць па дарозе таксі, хоць, прызнацца, гэты від транспарту ў яго быў неаб’езджаны. Нават які-небудзь тралейбус ці трамвай тут, у горадзе, ён лічыў раскошай, бо ўсё сваё жыццё, як навучыўся хадзіць, быў на нагах — і яны, можна сказаць, вывелі яго ў людзі. Справа тут была не ў грашах, а ў звычцы.

Яны селі і тралейбусам прыехалі на вакзал.

Сярод мноства пасажыраў, якія сядзелі на лаўках і проста на падлозе на сваіх чамаданах ці клунках, Драгун усё ж вельмі хутка знайшоў сваю маці — ён пазнаў бы яе ў тысячным натоўпе. Яна сядзела на клунку, апранутая ў паўшубак, вялікі на яе, няйначай, бацькаў, на галаве была вялікая, у клетку, мультановая хустка, на нагах — растаптаныя старыя валёнкі: зімовы сялянскі ўбор. Вельмі часта, жывучы ў горадзе, Драгун, калі бачыў вось так апранутую цётку невысокага росту, заўсёды азіраўся і заглядваў жанчыне ў твар: яму здавалася, што гэта яго маці.

— Мама! — Драгун злёгку дакрануўся да яе пляча.

Маці ўздрыгнула, узняла галаву — і твар яе раптоўна прасвятлеў. Усхапілася з клунка, абняла сына і пацалавала.

— А хто ж гэта з табою?

— Як вам сказаць...— Драгун замяўся: казаць, што знаёмая — мо пакрыўдзіцца Вера, а сказаць што большае — будзе няпраўда.

— Мо мая нявестка? — апярэдзіла яго маці.

Драгун глянуў на Веру і засмяяўся:

— А што, чым кепская нявестка?

— Ты праўду кажаш ці смяешся? — перапытала маці.

Адступаць ужо не было куды, і ён сказаў так, як кажуць пра нешта звычайнае і даўно вырашанае:

— Пэўна ж, праўду. Вы даўно хацелі мець нявестку.

Цяжка было ўявіць, што думала ў гэты час Вера: яе тут запісваюць у чужую сям’ю, запісваюць у жонкі і ў нявесткі, нават не спытаўшыся ў яе згоды. Аднак яна прамаўчала. І калі Драгунова маці падышла да яе, яны абняліся і пацалаваліся, як родныя.

— Ах, дачушка мая...— сказала маці, выціраючы слёзы.— Хай вам бог дае шчасця...

Драгуну здалося, што Вера з папрокам зірнула на яго. Але ён па-ранейшаму заставаўся ўзбуджана-вясёлым, і гэты жарт, які яны разыгралі тут з маткаю, здаваўся яму не так забаўны, як прарочы.

Забралі ўсе мяшкі і клункі і пайшлі на тралейбус. На сваім прыпынку ледзьве паспелі ўсё вымчаць. Драгун вырываў апошні мяшок з зачыненых дзвярэй, як у воўка з зубоў. Сталі размяркоўваць, каму што несці. Сам Драгун узяў два найбольшыя клункі — адзін перавязаны дзяружкаю, не вельмі цяжкі, але вялізны — няйначай, падушкі і коўдры.

Веры дастаўся хоць невялікі, але цяжкі мяшок — мусіць, сала ці мяса, а маці ўзяла тое, што засталося — невялікі клуначак і гаспадарчую сумку. Ісці ім трэба было з кіламетр да свае кватэры, і Драгун недзе на сярэдзіне дарогі адчуў, што пачынае слабець: галоўнае, разгіналіся пальцы на руках, і клункі гатовы былі ўпасці. Маці ледзь паспявала ззаду са сваімі пакункамі, а Вера нясла свой мяшок надзіва лёгка. Глянуўшы на яе танклявую фігуру, ніколі не падумаў бы, што яна дужая ці больш таго — цягавітая. І гэта скрытая ад яго дагэтуль Верына якасць міжволі ўмацавала ў яго сэрцы сімпатыю. Драгун, як памятае сябе, не любіў беларучак і распешчаных. Яму падабаліся людзі такога складу, як ён сам: каб умелі ўсё рабіць, каб не баяліся мазаля, умелі і маглі вынесці на плячах любы груз: ці мяшок з бульбай, ці вялікае гора — і не сагнуцца, не ўпасці пасярод дарогі.

Некалькі разоў спыняліся перадыхнуць, Вера ўвесь час хацела забраць ад маці яшчэ сумку ці пакунак, але тая не аддавала.

— Што ты, дачушка! Мне і самой не цяжка, толькі ногі так хутка ўжо не могуць хадзіць, як вашы. Адхадзілі сваё. А некалі і я магла, так, як цяпер вы — з клункам пяцьдзесят вёрст у дзень зрабіць: з дому да маткі і назад. Ногі былі ўвішныя, ды цяпер ужо ледзь трымаюць... Ну, то пойдзем, бо там Каця недзе прачакалася.

І яна зноў брала сваю ношу.

Калі дабраліся дадому, было ўжо каля дзесяці гадзін. Драгун, глянуўшы на стол, успомніў, што ён цэлы дзень не еў.

— Давайце за стол, бо і мяне ўжо ногі не трымаюць,— сказаў ён, выціраючы рукі.— Каця, Вера, мама! Во колькі ў мяне сёння жаночага люду. За стол!

Чацвёртаму, самому Драгуну, не хапіла крэсла, і ён сеў на чамадан, як на вакзале.

— Нічога, не ўпаду, напівацца не будзем,— супакоіў ён матку, якая аддавала яму сваё крэсла.

Маці з сумкі дастала пляшку самагонкі, паставіла на стол. А Каця ўжо даўно нарыхтавала сялянскае закусі — кілбасы, вяндліны, сала.

Стол адным бокам быў прытулены да сцяны. Насупраць сцяны сядзеў Драгун з Верай, маці і Каця сядзелі ў іх па баках.

— За што ж будзем піць? — спытаў Драгун, наліваючы ў чаркі пярцоўку.

— Як за што? — здзівілася Каця.— За здароўе маладых!

Вера зарагатала, глянула шматзначна на Драгуна. Ён падміргнуў ёй і таксама зарагатаў.

— Чаго вы, дзеці? — сур’ёзна, трохі пакрыўджана спыталася маці.— Смешкамі тут не адбудзеш. Чаго гэта ты, сынок, маўчаў і нам ні слова не напісаў пра гэта?

Драгун апусціў галаву. Ён не хацеў апраўдвацца.

— Пагаворым потым, чаму я не пісаў. Давайце вып’ем за сустрэчу. Ну! — ён узняў чарку, чокнуўся з Верай, з маткай, з сястрой.

Маці, расчуленая да слёз, сказала:

— За ваша здароўе, дзеці мае, за ваша шчасце. Хай вам бог дае дабра і весялосці на ўсё ваша жыццё.

— Дзякуем, мама...— зусім сур’ёзна адказала Вера.

Яны выпілі, сталі закусваць.

— Нейкая ж ваша гарэлка горкая,— сказала маці, і нельга было зразумець адразу, ці тут які намёк, ці толькі прызнанне факта.

— Ды і закуска таксама,— у тон ёй сказала Каця.

Драгун з Верай пераглянуліся.

— Пярцоўка, таму і горкая, як перац,— жартам адказаў Драгун,— а закуска — бо доўга нас чакала.

— Ой, мусіць, не таму! Тут прычына другая,— заспрачалася маці.

— А якая ж яшчэ? — наіўна спытала Вера.

— Не салоджана... Трэба пасаладзіць...

— Трэба, трэба, а то я ўцякаю з-за стала,— патрабавала Каця.

Драгун пачырванеў. Іх прымушалі цалавацца. Ён глянуў скоса, цераз плячо, на Веру. Тая апусціла галаву, сарамяжлівая ўсмешка блукала ў яе на вуснах.

— То што, пасалодзім дарагім гасцям? — спытаў у яе Драгун. Яна ледзь прыкметна кіўнула.

Яны ўсталі і пацалаваліся.

Драгун заўважыў, што маці, ды і сястра, прыглядаюцца да свае «нявесткі», вывучаюць яе вачыма, слухаюць, што яна гаворыць. І хоць ім няёмка распытваць, яны хочуць ведаць, хто яна, з якіх бацькоў, з якога роду, дзе працуе.

З выгляду яна не кідалася ў вочы ні хараством, ні фігурай, ні нават вопраткай: звычайная дзяўчына, якіх многа. Мо толькі занадта сур’ёзна, удумліва пазіраюць яе цёмна-шэрыя вочы. Вопратка недарагая, але акуратная, чыстая, дагледжаная. Здаецца, нічога сабе кабета. Абы чалавек з душою, з галавою... Слова «аспірантура» было для маці, ды і для сястры зусім чужое, незнаёмае, і Драгун тлумачыў ім, што аспірант — гэта чалавек, які збіраецца стаць вучоным, ідзе ў навуку, стане называцца кандыдатам навук і будзе мець добрую зарплату — у разы два большую, чым маюць звычайныя людзі.

Для маці апошняе, відаць, было важней за ўсё, і яна з прыкметнай павагай стала пазіраць на нявестку, адразу пачала называць яе на «вы».

Гаварыла Вера многа, не так, як сын, які ўсё болей маўчаў, і гаварыла складна, гладка, ды яшчэ па-гарадскому, па-руску — і маці, ды і сястра былі прыемна здзіўлены, што ёсць такія разумныя дзяўчаты, такія сур’ёзныя, што не баяцца трудзіць мазгоў, ідуць у навуку, каб мець не тое, што ўсе маюць, а нешта большае. І пэўна ж, у душы маці радавалася за сына, які знайшоў сабе такога разумнага чалавека, з якім не брыдка паказацца ў людзях, які будзе аздабленнем любое кампаніі, ды і сям’і. А што яна небагата апранута — не такая ўжо вялікая бяда. Скончыць вучобу — абжывецца. Вось яе сын колькі ўжо год, як працуе, а ўсё не вельмі шыкуе, носіць касцюм за пяцьсот рублёў, паліто недарагое, абутак таксама не модны. Так што будуць жыць...

Калі агледзеліся — было ўжо за дванаццаць. Прыбралі трохі са стала, зрабілі парадак у пакоі.

— Цяпер давайце думаць, дзе каму спаць,— сказаў Драгун.— Калі вы згодны, то зробім так: вы, мама і Каця, заставайцеся тут. Я правяду Веру і зайду ў інтэрнат да свайго таварыша, Місюка. У іх заўсёды ёсць месца.

— А куды ж Вера пойдзе? Хіба вы не разам? — здзівілася маці.

Драгун засмяяўся.

— Да гэтага яшчэ далёка.

Маці з недаверам паглядзела на сына.

— А я думала...

Драгун і Вера сталі збірацца ў дарогу.

— Памажы мне, кавалер,— падала яму Вера сваё рыжаватае, з коцікавым каўняром паліто.

— Прабач, ніяк не магу прывыкнуць да культуры,— ён патрымаў паліто, памог ёй апрануцца.

— Прывыкай. Ты ж у сталіцы, а не ў сяле.

— Праўду кажаце, Верачка,— падхапіла маці.— Дакуль можна быць такім мядзведзем? Хопіць таго, што твой бацька ніколі не меў спагады да нас, бабаў, думаў, што мы каменныя і ўсё можам. А цяпер час не той і людзі не тыя.

Драгуна гэта трохі ўкалола. «Бач ты іх, адна за другую цягнуць. Як цыганкі».

— Добра, добра, мама, другі раз улічу.

З душнага пакоя прыемна было выйсці на двор, дыхнуць свежым паветрам... Адразу пасвяжэла галава.

— Як добра тут! — Драгун узяў Веру пад руку.— Я мог бы прахадзіць так усю ноч. Ціш якая! Нават наш Лагойскі тракт заснуў. А ён зусім мала спіць...

Вера маўчала, толькі хуталася ў каўнер паліто.

— Табе холадна?

— Не, нічога. Трохі стамілася.

— Пройдзе. Мо што незнаёмыя людзі?

— Чаму незнаёмыя?.. Ты вельмі падобны да маткі. І з твару, і характарам, відаць, таксама. Толькі яна гаваркая.

— А ты спадабалася нашым. А матцы — дык куды там!

— Адкуль ты ведаеш?

— Па іх відаць было.

— Дык гэта добра ці не?

— Яна яшчэ пытае!..

Драгун падхапіў Веру на рукі, закруціўся з ёю па снезе. Яна абхапіла яго за шыю, прытулілася да твару.

— Пусці, яшчэ кінеш...

— Не бойся!


Загрузка...