41

У рэдакцыі даведаліся, што Гушчынскі хворы, у той жа дзень. Пазваніла яго жонка і сказала, што ён вяртаўся з адпачынку, яго знялі з самалёта на насілках. Не завозячы дадому, адправілі ў бальніцу.

Замяшчаць загадчыка стаў Маскалевіч, хоць да гэтага месяц быў Нагорны. Чаму такія перастаноўкі, ніхто не ведаў. Звычайна калі Гушчынскі ехаў куды-небудзь у камандзіроўку або ішоў у адпачынак, яго замяшчаў Нагорны. Яны сябравалі даўно, адразу пасля вайны сталі тут працаваць, а Гушчынскі пачынаў працу тут яшчэ ў вайну, калі выдавецтва размяшчалася ў Маскве. Яго, параненага ў партызанскім атрадзе, на самалёце перакінулі ў Маскву, вылечылі і накіравалі, як былога настаўніка, у выдавецтва. Затое калі Гушчынскі выбываў куды нечакана, стыхійна, начальства ахвотней прызначала Маскалевіча, бо дзелавыя іх якасці былі трохі розныя. Нагорны вызначаўся павольнасцю, быў тугадум, а Маскалевіч рашаў усё з ходу, хутка, быў галасісты, напорысты, ніколі не чырванеў, усіх, нават дзядоў з бародамі, праз пяць хвілін пасля знаёмства называў на «ты».

А гэты раз усе ўбачылі непрыхаваную тэндэнцыю. Нібыта таму, што Нагорны ідзе ў адпачынак (хоць той яшчэ не збіраўся), яго змясцілі з часовай пасады, а на яго месца паставілі Маскалевіча.

І рэдактары тут жа адчулі зусім другую руку. Як Нагорны быў мяккі і абыходлівы з людзьмі, так Маскалевіч не адступаўся ад кожнага, выбіваючы, выціскаючы з кожнага «план». План, аднак, не так лёгка было «выціснуць». Дапусцім, рукапіс па графіку планаваўся на гэты месяц, але, узяўшыся за работу, рэдактар убачыў, што заграз па вушы: рукапіс намнога сырэйшы, чым ён лічыў.

Работа зацягваецца, аўтар не згаджаецца з многімі заўвагамі, стаіць на сваім — што ў яго ўсё добра, што з яго ў рэдакцыі здзекуюцца. Аднак, астыўшы, агледзеўшыся, аўтар згаджаецца, што кнігу трэба дапрацаваць (а мо яшчэ і таму, што адчувае: супраць сілы не папрэш).

А час ідзе. Па плану трэба ўжо здаваць, а рукапіс яшчэ ў аўтара. У гэты месяц не паспявае...

А ў наступным, калі ўжо ўсё зроблена і даведзена да ладу, яшчэ захацела пачытаць начальства — галоўны рэдактар ці сам дырэктар. А ім, як правіла, ніколі няма часу, яны чытаюць памалу, і тое, што рэдактар месяц рэдагуе, яны могуць гэтулькі чытаць. Ну, пасля заўсёды бываюць заўвагі — часам вялікія, часам малыя. Зноў трэба патраціць тыдзень-два, покуль усё ўтрасецца,— і зноў кніга выскачыла з графіка наступнага месяца. Загадчык Гушчынскі, ды і Нагорны, успрымалі такі факт як непазбежнасць: у выдавецкай справе нечаканасцяў не абярэшся. Урэшце, з іх за гэта спаганялі, яны неяк выкручваліся перад начальствам, замянялі нешта нечым, перастаўлялі, знаходзілі нейкія рэзервы — і машына круцілася, а ў рэдакцыі нават не ведалі, што Гушчынскаму за зрыў графіка зноў уляцела.

А Маскалевіч не хацеў, каб з-за некага лаялі яго самога. Раз ты паставіў рукапіс у графік, то ляж касцьмі, а дай яго ў тэрмін. І ён ужо не злазіў з карка ў таго, чый рукапіс быў пад пагрозай.

Тут яны часта сутыкаліся з Нагорным, бо той, як правіла, ніколі не спяшаўся.

Новая спрэчка ўспыхнула зусім нечакана.

Маскалевіч зайшоў у другі пакой з графікам у руках. Мо гэты графік быў яму і не патрэбны, але з графіка лягчэй пачынаць.

— Слухайце, хлопцы і дзяўчаты,— як пратрубіў у рог, загарланіў Маскалевіч.— Сёння дзесятага, а ніхто яшчэ нічога не здаў! Ты, Пракурат, здасі?

— Здам,— пазяхаючы, сказаў Пракурат.— Можаш спаць спакойна. У мяне там семнаццатага.

— А ты, Драгун?

— На якое там у мяне?

— На дваццатага...

Думаю, што здам. Могуць толькі падвесці мастакі. Мы забракавалі афармленне, робяць новае.

— Трэба было ўлічыць. На тое ты рэдактар!

Я рэдактар, а не афарміцель. У іх свае тэмпы, я ім не загадаю.

— Далажы дырэктару!

— Даложыш і ты...

— І далажу! Бо рэдактар першы адказвае за зрыў графіка.

— А чаму рэдактар? А навошта і другія ставяць свае подпісы?

— Па інерцыі. Рэдактар — асноўная фігура ў выдавецтве.

— Не фігура, а громаадвод... Каб адказваць за ўсё,— уставіў Пракурат.

— Хоць бы для гэтага... Цяпер Роўба...

— Чытае начальства, я даўно здала.

— Я сам пагавару з дырэктарам,— паабяцаў Маскалевіч.

— Прыцісні яго, прыцісні, як ён нас цісне,— пажартаваў Нагорны.

— А што? І прыцісну,— сур’ёзна адказаў Маскалевіч.— Нікому не дазволена зрываць графік... Цяпер ты, Лявон... Чаму не здаеш? Сёння апошні тэрмін.

— Тэрмін! — адразу ўскіпеў Нагорны.— Яшчэ пяць тэрмінаў будзе... Адказная праца! Не магу я, нічога не разгледзеўшы, здаваць у набор. Акадэмікі вывяраюць тэксты. Тут не схопіш, трэба кожную літару праверыць.

— Кінь ты! Няўжо класіку перавыдаваць цяжэй, чым выдаваць арыгінальнае? Гавары каму хочаш, толькі не такому, як сам, рэдактару.

— Што ты разумееш у класіцы? — зазлаваў Нагорны.

— Ну, праўда, мо меней, як ты, бо я выдаю арыгінальныя кніжкі, з класікай мала сутыкаўся. Але лічу, што Якуба Коласа лягчэй перавыдаваць, чым рэдагаваць якога-небудзь Каралевіча.

— Ха! — пагардліва хмыкнуў Нагорны.— Ты паспрабуй!

Маскалевіч пачырванеў.

— Не замазвай мне вачэй! — голас яго набыў яшчэ большую сілу.— Я сам бачыў, як ты выдаваў і рыхтаваў класіку. Прыносяць твае «акадэмікі», ты чытаеш пасля іх, робіш заўвагі, яны яшчэ раз вывяраюць — і ты падпісваеш у набор. А потым ідзе на вычытку да карэктараў. І ты нават пытанняў з карэктарамі не здымаеш, а адсылаеш іх да «акадэмікаў» або тых выклікаеш да карэктараў. Так ці не? А ты кажаш — цяжка вывяраць, звяраць, правяраць! Кінь прыкідвацца! Хіба мы не бачым, як ты рэдагуеш?

— Як я рэдагую? — усхапіўся з-за стала Нагорны.— А хто за мяне выконвае план? Ты? Думаеш, я не ведаю, як ты рэдагуеш? Паправіш адно слова на старонцы, а з аўтара бярэш ганарар за літапрацоўку, яшчэ і на тытуле сваё прозвішча ставіш. Гэта, па-твойму, сумленна?

Маскалевіч пабялеў і падышоў да Нагорнага, спыніўся перад яго сталом.

— Каб мы былі адны і не ў рэдакцыі, то я табе паказаў бы, што такое сумленне і з чым яго ядуць, але адкладзём гэта на другі раз. І прашу цябе, пра сумленне менш гавары, гэта шкодна.

— Для каго шкодна?

— Для таго, хто менціць языком і разносіць усялякія плёткі. Проста несалідна з твайго боку, Нагорны, паўтараць за другімі розную лухту.

— Якую лухту? Што ты бярэш хабар? Я ж пра гэта табе не казаў. Аднак цябе выклікалі куды трэба, праўда?

Усе чакалі, што Маскалевіч не вытрымае гэтай плюхі і сарвецца. Але ён толькі роблена-весела засмяяўся, прымяў полымя.

— Ты як старая баба, што з табою гаварыць. Я ж не веру ў тое, што ты ў аднаго аўтара, як гавораць плёткі, забраў некалькі карцін — таму што яны табе спадабаліся. Спадзяюся, ты ведаеш, пра што ідзе гутарка.

Умяшаўся Пракурат, падняў угору рукі, закрычаў:

— Хлопцы, мне брыдка ўсё гэта слухаць. Даволі абліваць адзін аднаго памыямі... Не мяшайце працаваць, інакш...

Абодва гарачыя апаненты замоўклі.

— Ладна,— сказаў урэшце Маскалевіч.— У нас была гаворка пра графік... Скажы, Лявон, калі падпішаш том у набор? — Маскалевіч гаварыў з Нагорным так, нібы ранейшай гутаркі з ім не было.

— Хоць заўтра! — Нагорны яшчэ не астыў.— Толькі не збірайся праехаць у рай на чужых гарбах.

— Як гэта разумець? — Маскалевіч бліснуў вачыма на Нагорнага.

— Як хочаш.

Маскалевіч толькі паківаў галавою, зрабіў на твары пагардлівую грымасу і выйшаў.

— Начальнік знайшоўся! — праводзіў яго Нагорны.— Ідзі сваёю жонкай камандуй, а не тут.

— Яго хлебам не кармі, а дай пакамандаваць. Каб толькі яго воля, ён усё ў казармы перарабіў бы, а нас — у салдат. На работу ганяў бы строем, пад маршавую песню. А што норму, то даводзілася б выціскаць самую ўрапатрыятычную,— бубніў сам сабе Пракурат, хоць нядаўна сам патрабаваў цішыні.

У рэдакцыі пасмейваліся з гэтай сваркі, бо чулі яе не першы раз, і факты, якімі казыралі абодва апаненты, таксама былі не новыя для ўсіх. Ведалі яны яшчэ і болей, толькі кожны пра сябе ведае, як правіла, зусім мала. І толькі вось калі адбываюцца такія сутычкі, тады праціўнікі выкладваюць усе козыры, часам вельмі нечаканыя для абодвух. Рэдактары ў большасці спачувалі Нагорнаму, хоць Маскалевіч і казаў праўду пра тое, як ён рэдагуе класіку. Што казаць, у кожнага чалавека ёсць свае грахі, аднак рэдактарам прыемна было чуць, як Нагорны адбрыў Маскалевіча. Пракурат, Жывіца, Роўба ці той жа Драгун або Малышка не вельмі маглі б так паставіцца да Маскалевіча, каб і была вунь якая крыўда, як гэта зрабіў Нагорны, які адчуваў вялікую падтрымку ад загадчыка рэдакцыі, што сам ужо трохі пакаштаваў начальніцкага хлеба і ведаў яго смак. Усе разумелі таксама, што гутарка ці, праўдзівей, сварка, адразу стане вядома дырэктару — ды з усімі дэталямі і фактамі, якія будуць павернуты як супраць рэдакцыі, але што супраць Нагорнага — то ў гэтым усе былі ўпэўнены. А дырэктар не палянуецца склікаць вытворчую нараду пра ўзаемаадносіны ў рэдакцыі літаратуры на прыкладзе Нагорнага і Маскалевіча. А такія сур’ёзныя закіды ў адзін і другі бок наўрад ці пройдуць без следу. Гаварыць такое — трэба мець нейкія доказы, іначай — маўчаць.

Нагорны прынёс у рэдакцыю трывожную навіну. Ён гаварыў па тэлефоне з Гушчынскім.

Гушчынскаму стала трохі лепей, яго ўжо выпісалі з бальніцы, і ён ляжыць дома. Але ўчора з ім ледзь не здарыўся сардэчны прыступ. Прычына — пазваніў дырэктар Важнік. Нагорны перадаваў усю гутарку ў асобах, асабліва націскаючы на дырэктара праз меру мяккае вымаўленне шыпячых.

Важнік. Привет, Гушшинский, как ты там?

Гушчынскі. Дзякую, Павел Іванавіч, трохі лепш.

Важнік. Брось, Гушшинский, не трохай, а давай поправляйся, а то я вынужден буду искать на твое место шеловека.

Гушчынскі (у замяшанні, заікаючыся). Павел Іванавіч, як жа гэта?.. Хваробе ж не загадаеш... Папраўлюся... тады...

Важнік (груба). Брось, Гушшинский, не прикидывайся, берись, за работу. В редакции беспорядок, графики трещат, дисциплины нет, редакторы между собой грызутся, ставят один другому палки в колеса. Это не дело. Так что давай, не медли, а то будет поздно...

І дырэктар павесіў трубку. Здаровы чалавек і то пасля такога «прывітання» мог бы злегчы, а што казаць пра хворага? Гушчынскаму стала кепска, зноў выклікалі «хуткую дапамогу». Крыху адсопшыся, ён пазваніў сяму-таму са сваіх сяброў, каб дазнацца, што азначае такі званок і такі ход гутаркі з дырэктарам. І ўстанавіў, што ў дырэктара даўно сядзіць у галаве план: зняць Гушчынскага з пасады загадчыка рэдакцыі за беспрынцыпнасць і мяккасць. І што на прыкмеце ён ужо мае некалькі кандыдатур, хоць яшчэ невядома, хто мае болей шанцаў.

Расказ Нагорнага адразу знізіў тонус ва ўсіх рэдактараў. Многія павесілі насы. Пракурат адразу пабег у магазін. Людзі адарваліся ад работы, сядзелі, разваліўшыся, на сваіх крэслах, думалі ўслых, разважалі, курылі ў пакоі, што ўвогуле дазвалялася толькі гасцям, ды і то не ўсім. Нават Нагорны закурыў, хоць ён быў самы яры праціўнік усякіх наркотыкаў.

Калі Гушчынскі трывала сядзеў за сваім загадчыцкім сталом, рэдактары часам пасмейваліся з яго неарганізаванасці, неахайнасці ў рабоце і зігзагападобнасці яго лініі ў адносінах з начальствам і аўтарамі. Гушчынскі быў выдатны амартызатар — ён змякчаў удары абодвух бакоў, многае прымаў на сваю галаву, але ў яго была добрая звычка не вешаць носа, не звальваць на другіх чужой віны і смяяцца, жартаваць тады, калі другі на яго месцы плакаў бы. Напрыклад, калі рэдакцыя правальвала графік, а ён рабіў справаздачу за месяц у дырэктара, то звычайна гаварыў так, нібы рэдакцыю ўзнагародзілі ордэнам ці сама мала прагрэсіўкай. Выразным дыктарскім голасам, узнёсла, як Левітан, націскаючы на «р», ён гаварыў прыблізна так: «Наша рэдакцыя ў гэтым месяцы, як ніколі, вызначылася сваімі паказчыкамі. Мы выканалі план ажно на... 56 працэнтаў! Гэта, таварышы, вялікі поспех! Асабліва вызначыліся рэдактары (тут ён назваў некалькі прозвішчаў). Яны далі ажно 3 працэнты плана, хоць абяцалі даць усяго 32. Хіба ж гэта не поспех?»

І так да канца! Як толькі ў яго хапала цярпення і штучнага пафасу? Гэта многіх смяшыла, а дырэктар сядзеў як на іголках. Жартаваць над такой рэччу, як план, было не ў яго характары. І ўжо калі ён браў слова, то Гушчынскаму даставалася болей за ўсіх. Дырэктар у гэтых справах быў мастак, ён ведаў, калі і на каго націснуць. А апошні час з Гушчынскага ён не злазіў. Усё, што ні рабіла рэдакцыя, было або мала, або кепска. І Гушчынскі атрымліваў усё новыя кухталі. У адпачынак ён ішоў ужо з паніжаным настроем, нібы адчуваў, што яго крэсла-трон захістаўся.

Цяпер усе — а лепей сказаць большасць рэдактараў — глянулі на свайго начальніка па-іншаму. Самае вартае ў ім — гэта што ён ніколі не аддзяляўся ад масы, а прымаў разам з ёю аднолькавы лёс, хоць у яго было ў запасе сто спосабаў, каб выгарадзіць сябе, а ўсю віну звярнуць на некага, як гэта звычайна робяць начальнікі-службісты. Гэты трымаў руку масы, за што начальства і лічыла яго беспрынцыпным і мяккацелым. Ён не мог свядома пакрыўдзіць чалавека, а калі і рабіў гэта, то або пад вялікім націскам, або не ўяўляючы, што з гэтага выйдзе.

Пэўна ж, у яго былі свае сімпатыі і антыпатыі, да адных аўтараў ён падыходзіў чула, з павагай, з другімі быў паблажлівы ці часам рэзкі, адных ён мог абараняць перад начальствам, да лёсу другіх мог паставіцца абыякава. Але ва ўсім гэтым не было злога намеру, знарочыстай злосці і жадання падставіць нагу ці адпомсціць за крыўду. Здаецца, што ў ім не было пачуцця зайздрасці, якое так прыкметна ў большасці людзей, а калі яно і было, то ён умеў яго хаваць глыбока і не даваў яму волі. На першым месцы ў яго стаяла шчырае жаданне памагчы чалавеку.

А Драгуну вельмі падабалася ў Гушчынскім тое, што ў яго не было начальніцкай пыхі, ён з кожным мог стаць на роўную нагу, не камандаваў, а нібы прасіў, раіўся ці раіў. Адным словам, ён верыў чалавеку, і гэтую яго веру кожны стараўся не падвясці, а апраўдаць. Праўда, іншы раз ён злаваў, калі хто-небудзь ужо вельмі падводзіў яго пад дурнога хату, лаяўся, але хутка астываў і праз колькі часу, здавалася, зусім забываўся пра сутычку — зноў быў роўны, прыветлівы і жартаўлівы. Галоўнае, ён не стараўся навязваць чалавеку свае думкі, яго можна было пераканаць, чаго ніколі не скажаш пра галоўнага рэдактара Быліну, які не пасаваў нават перад самымі важкімі довадамі.

...Драгуну спатрэбіліся канверты, і ён пайшоў на «сваю» пошту — у падвале суседняга дома, злучанага са старым Домам друку пераходам на трэцім паверсе, было паштовае аддзяленне. Якраз на пераходзе Драгун спаткаў свайго аўтара — некалькі год назад рэдагаваў яго аповесць — Птушко. Яны павіталіся, сталі ля акна. Птушко быў высокі, тонкі, цыганаваты, з цёмнымі жывымі вачыма. А скроні ў чорных, трохі кучаравістых валасах ужо зусім пабялелі.

— Што, братка, невясёлы? — заўважыў адразу Птушко.

— Ды так,— ухіліўся ад прамога адказу Драгун.— Усялякія дробязі.

— А як у рэдакцыі?

У гэтым пытанні адчувалася прыхаваная цікаўнасць. Падумалася, што Птушко нешта ведае.

— Невясёлыя чуткі... Гушчынскі быў сур’ёзна хворы.

— Чуў... Нічога, ужо ж папраўляецца. Мо хутка на работу выйдзе?

— Мо і хутка, ды што тут прыемнага? Яго збіраюцца спіхнуць... Прышлюць якога чорта лысага...

Птушко, здавалася, нічуць не здзівіўся такой навіне, і ўжо аднаго гэтага было даволі, каб Драгун насцярожыўся.

— А каго мецяць да вас, якога чорта лысага?

— Хто іх ведае. Хіба ж яны скажуць? Ці спытаюць у нас?

— Гэта праўда. Яны бяруць для сябе, а не для вас.

— А Гушчынскі якраз хіліўся болей да масы, чым да начальства.

— Таму яго і спісваюць... А ўсё ж — гэта цвёрда?

— Яшчэ невядома... Кажуць, што дырэктар нават самому Гушчынскаму пра гэта намякнуў. І той чуць дуба не даў...

— Навіна не вельмі вясёлая,— паспачуваў Птушко.— Ну, бывай, мо хутка ўбачымся...— Ён загадкава ўсміхнуўся і падаў Драгуну доўгую, касцістую руку.

Птушко выклікаў у Драгуна дваістае пачуццё. Да яго цягнула і адштурхоўвала, давер і падазронасць змянялі адно другое. За яго такой натуральнай і простай шчырасцю адчувалася яшчэ нешта прыхаванае, нешта сакрэтнае і таямнічае. У іх адносінах засталася нейкая нябачная мяжа, якую яны так і не пераступілі: Драгун застаўся для Птушко проста рэдактарам, Птушко для Драгуна — проста аўтарам. І цяпер, пасля сустрэчы, Драгун ішоў на пошту і думаў, што вось добры чалавек гэты Птушко, а ёсць у ім нешта такое, што насцярожвае, не дае раскрыць душу, хоць Птушко робіць усё, каб чалавек перад ім быў шчыры. І гэтыя яго намёкі, недагаворкі, загадкавыя ўсмешкі...

Але што гэта ўрэшце для Драгуна? З Птушко яны сустракаюцца раз у год. Такіх знаёмых у Драгуна многа, і жыць яны яму не мяшаюць, як і ён ім. А калі напіша новую рэч, то могуць зноў сысціся іх дарогі, але таксама ненадоўга — на якіх месяц ці два, пакуль рэдагуецца кніжка.

Ды не думаў ніколі Драгун, што можа здарыцца такое: праз два тыдні пасля той сустрэчы Птушко прыйшоў да іх у рэдакцыю... загадчыкам. А Гушчынскі, які пасля хваробы толькі што сеў за свой загадчыцкі стол, быў пераведзены ў звычайныя старшыя рэдактары, як Нагорны, Маскалевіч, Пракурат.

А яшчэ праз два тыдні Гушчынскі падаў заяву аб звальненні. Ён ішоў працаваць загадчыкам рэдакцыі ў толькі што арганізаванае выдавецтва «Полымя».


Загрузка...