Зноў да раніцы
не магу заснуць
на сваёй старой канапе.
Яна небясьпечна гайдаецца
на дзьвінскай строме,
яна прычальвае
ў плыткай затоцы —
каралеўстве смарагдавых стракозаў.
Яна цяжка наладаваная
школьнымі задачамі зь фізыкі
і эратычнымі снамі.
Яе борт у розны час
аздаблялі розныя імёны —
нязьменна жаночыя
і нязьменна зь літарай «л»,
як і цяпер.
Сярод альбомаў з маркамі
даўно няісных краінаў,
якіх чамусьці зусім не шкада,
унізе яшчэ шкрабецца,
чакаючы свайго дня,
тузін пакручастых сюжэтаў.
Варта заплюшчыць вочы,
як цёплай яшчаркаю
сьлізгане пад коўдру
смуглявая аднаклясьніца,
якая пасьля школьнае практыкі
працавала прастытуткай
на сваёй гістарычнай радзіме
і неяк прыслала мне ліст
з шасьціканцоваю зоркаю
на паштовай марцы.
Сьпяваюць штосьці настальгічнае
бывалыя спружыны,
шчодра абчапляныя пацеркамі
небясьпечных згадак і лятункаў.
Падушка з мамінага пасагу,
быццам прачнуўшыся,
пачынае п’янка пахнуць
маладым сенам і
бабуліным сьвятаяньнікам.
У льняной прасьціне
варушыцца ранішні ветрык.
Дзедаў гадзіньнік
ціха ганарыцца, што дайшоў
да новага тысячагодзьдзя.
Перад тым, як узьняцца
ў бязважкасьць сну,
усьцешана падумаю
пра гэтую вечную
полацкую
гравітацыю.