Васіль Быкаў Мёртвым не баліць

1


Звоніць тэлефон, і яна бярэ трубку.

Дванаццаць мужчын, аблёгшыся на адпаліраваны, шырокі, нібы прылавак, бар’ер, затойваюць дыханне. Нашыя вочы скіроўваюцца і нерухомеюць на яе прыпудраным заклапочаным твары. Мы прагнем яе позірку, які, адчуваем, вось-вось павінен або расчараваць, або ашчаслівіць. Наогул, мы гатовы да ўсяго, абы толькі было нешта пэўнае. Найгорш у жыцці няпэўнасць: яна адбірае волю да дзеяння. Але жанчына, нібы ўнікаючы адказу, заклапочана варушыць тонкімі падведзенымі броўкамі. Хвіліна тэлефоннай увагі, торопкія адзнакі ў бланках, што ляжаць перад ёй на шкле, скупыя прафесійныя перапыты ў трубку здаюцца надзвычай доўгімі. Урэшце яна адрывае ад вуха трубку.

— Таварышы, месцаў няма.

Над бар’ерам працяглы ўздых расчаравання. Прыкрасць на твары. Шоргат падэшваў унізе.

— I не будзе?

— Не магу сказаць.

Зноў няпэўнасць? Шкада.

А гасцініца шыкоўная. Самая лепшая ў горадзе. Лічы, у самым цэнтры. 3 асобнымі пакоямі. Белакафельнымі ваннамі. Люстранай жаўцізной паркету. Царскай шырыні ложкамі ў нумарах. У даўжэзных, на цэлую вуліцу, калідорах гэткія ж даўжэзныя мяккія дарожкі. Між паверхаў сноўдае ліфт. Ветлівыя цёткі-горнічныя першыя вітаюцца з жыльцамі. Такое запамінаецца. Асабліва правінцыялу, які раз у год трапляе сюды па справах службы. Праўда, трохі палохае цана. Да камандзіровачных даводзіцца прыкладваць свае. Але не часта можна сабе дазволіць і пераплаціць. Тым больш у гадавіну Перамогі. Да таго ж выбіраць не прыходзіцца — у іншых гасцініцах даўно ўжо ніводнага месца.

Вось толькі гэта чаканне…

Насупраць за круглым сталом незаняты стул, і я адыходжу ад бар’ера. Ззаду варушыцца мой сусёд — лысы, згорблены чалавек з «Известиями», — ён будзе пільнаваць чаргу. А мне стаяць ужо цяжкавата: ные нага. Здраднік — новы пратэз з першага ж кроку агідна рыпае. Сусед ззаду апускае газету. «Малады, а — глядзі ты! — калека…» — напэўна, думае ён цяпер. Я ўжо добра ўгадваю, што думаюць людзі, заўважаючы маё калецтва. I мне гэта, па-праўдзе, даволі-такі надакучыла. Да свайго невясёлага лёсу я ўжо прывык. Праўда, за дваццаць гадоў было рознае. Здаралася, і пакутаваў… Сапраўды, яшчэ хацелася бегаць за мячом, як стаў інвалідам. Мабыць, трохі зарана. Толькі людзям не загадаеш. Другі падумае ды і прамаўчыць. А іншы пачне лезці з роспытамі.

Стараюся ступаць як мага раўней. Здаецца, гэта выходзіць няблага. Ва ўсякім разе, прывычна. Але слізкі паркет, мусіць, выдае маю скутасць. I яшчэ — нутраны рып пратэза. Той жулікаваты з выгляду майстар, які мне яго ладзіў сёння, казаў, што абрыпіцца. Толькі штось не абрыпваецца.

За сталом малады хлопец у стракатым, акурат як і ў мяне, пінжаку таропка падбірае ногі.

— А вы б ёй дакументы паказалі. Навошта тырчаць у гэтай чарзе?

Як заўжды, ад чужой спагады робіцца няёмка, і я нешта мармычу вінавата-неразборлівае.

— Павінны знайсці. Ужо для інваліда вайны не знайсці аднаго месца!..

Ён кідае гэта мне і з хмурым тварам пачынае аглядаць пазногці. Я не дужа зграбна апускаюся ў крэсла. I адкуль яму вядома, што я — інвалід вайны? А можа, няшчасны выпадак? Парушэнне тэхнікі бяспекі? Хоць, вядома, выдае ўзрост. Маладзейшыя, яны вызначаюць беспамылкова. А старэйшыя часам яшчэ называюць маладым чалавекам. Сапраўды, з твару я маладжавы. Гэта і зводзіць у зман. Маладых жа не ашукаеш. На такія штукі ў іх занадта натрэніраванае вока. Мусіць, апроч маладжавасці, трэба яшчэ нешта, чым мы ўжо не валодаем. Прамінулі ў сваю маладосць.

Хлопец тым часам паводзіць сябе так, быццам болей мяне не заўважае. Усе ягоныя эмоцыі схаваны пад маскай халаднаватай замкнёнасці. Але я адчуваю: у яго да мяне прыязнасць. Толькі ён прытрымлівае яе. Таксама як і цікаўнасць. Чамусьці ў адносінах між мужчынамі так прынята. Нібы выказаць свае пачуцці — слабасць.

А мне хлопец чымсь падабаецца. Можа, менавіта вось гэтай незалежнай замкнёнасцю, якая заўжды прымушае падазраваць глыбіню і змястоўнасць. Хоць у маладосці, пэўна, болей вабіць адкрытасць. Глыбіня і характар прыходзяць з гадамі, а маладых аздабляе шчырасць. У гэтага ж засяроджаны, не дужа схільны да шчырасці позірк. Зграбная свежая канадка на галаве. На лацкане стракатага пінжака сіні эмалевы ромбік. Вядома, тэхнічная ВНУ. Відаць, нейкі інжынер, прыехаў здалёку па справах вытворчасці. Што ў ягоным жыцці? Напэўна, маладая жонка, малое дзіцё. Стандартная малагабарытная кватэра дзе-небудзь у новым квартале. I, вядома, найцікавейшая ў свеце галіна — электроніка або радыётэхніка. Цяпер гэта сфера захаплення многіх. На жаль, мы ў такім узросце займаліся іншым. Зрэшты, таму і засталіся ў жыцці недавучкамі. Але што зробіш: іншы быў час. Свет ваяваў. Кожны мужчына мераў свае вартасці салдацкаю мерай. Артылерыя, танкі, авіяцыя — думалася, гэта надоўга. Колькі яны адабралі сілы, замарозілі здольнасцей…

Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

— Курыце?

— Не, дзякуй.

— Кінулі ці не пачыналі?

— Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь — нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.

— Куды лезеце? Куды лезеце? Вы дзе стаялі?

— Ну, стаяў. Ну! Анягож! Каб жа не стаяў… Стаяў. Што я, хлусіць буду?

— Дзе, пакажыце, дзе вы стаялі? — злосна пыхае на яго таўстун.

Дзядзька, відаць па ўсім, нідзе не стаяў. Але ён, што б там ні стала, не хоча пакідаць месца, блізкае да адміністратара. Да таго ж ён паспеў прасунуць між мужчын руку і ўчапіцца за нікеляваны борцік бар’ера. Цяпер дзядзьку не зрушыць. Многацярплівую чаргу гэта абурае, і яна мноствам вачэй маўкліва ўпікае парушальніка гасцінічнай этыкі. 3-за бар’ера ў канфлікт уступае жанчына-адміністратар.

— Дзядзька, а ў вас пашпарт ёсць? — спрактыкавана трапляе яна ў самае небяспечнае дзядзькава месца. Дзядзька прыкідваецца глухаватым і перапытвае:

— Каго?

— Пашпарт, кажу, у вас ёсць?

Дзядзька, відаць, разумее ўсю складанасць свайго становішча і, мабыць, імкнецца выйграць час. Варушыцца, пацепвае плячом, лезе ў кішэнь, ссоўвае на патыліцу чорную кепку. Але адказваць, хочаш не хочаш, а трэба.

— Пашпарт? Дык гэта ж… Які пашпарт? Пашпарту няма.

— У нас строгі пашпартны рэжым. Мы вас не можам пусціць.

Дзядзька выслухоўвае ўсё з увагай. Голас адміністратара не злосны, нават са спачуваннем. Ашуканства быццам ніякага. I дзядзьку гэта бянтэжыць. На маршчыністым ілбе яго густа выступае пот. Хвіліну дзядзька мяркуе. Рукі, аднак, ад бар’ера не адрывае. На ўсякі выпадак,

— Вам жа рускім языком растлумачылі, — нервуецца тоўсты. — Вы што, не разумееце? Гэта нахабства!..

Аднак сапраўды падобна, што дзядзька не разумее. Ці, можа, не хоча разумець.

Тады з чаргі да яго падскоквае вельмі рухавы з выгляду чалавек. Зухаватым позіркам гасцінічнага доўгажыхара ён ва ўпор аглядае дзядзьку. Чорны, каляны плашч на яго плячах шархаціць, як бляшаны.

— Я зараз яму растлумачу. Ану, грамадзянін, трошкі ўбачок! Каб не мяшаць на праходзе, і так далей… Вы ж перашкаджаеце. I адпаведнага дакумента ў вас няма. Вы што ж думаеце? Вунь, зірніце, міліцыя. Ды не туды гледзіцё — вунь, ля швейцара. Бачыце? Ну, во! Варта далажыць, і… Разумееце?

Дзядзька заклапочана чухае пашчэнку, пазірае то на чалавека ў плашчы, то на міліцыянера ля ўвахода і слаба апраўдваецца:

— Ды я што?.. Я нічога. Я думаў…

— А вы не думайце! Вы выконвайце. Законы трэба выконваць. За парушэнне законаў і парадку — крымінальная адказнасць. То есць — суд, пракуратура. Як піць даць…

3 чаргі паблажліва назіраюць за гаваруном і дзядзькам. Гэта забаўляе. Некаторыя самі сабе ўсміхаюцца. Іш, «залівае»! «Залівае» сапраўды няблага. Відаць, спец па такога роду справах, бо дзядзька неўзабаве бокам падаецца сабе да выхаду.

— Цёмны народ. Не разумее, — цепае плячом чалавек і аблакочваецца на бар’ер. — Толькі і глядзіць, каб парушыць закон… Даводзіцца тлумачыць.

— Законнік!.. — кпліва ўздыхае мой сусед і выцягвае пад сталом ногі

«Законнік» зухаватым позіркам зверху ўніз акідвае адміністратара і аблягаецца грудзьмі на бар’ер. Праз хвіліну ён ужо сыпле там жартамі. Гэта ў яго выходзіць лёгка і проста. Паглядзіш, здаецца: вясёлы чалавек! Не тое што астатнія: надзьмуўшыся і апаныўшы, стаяць ля бар’ера. Нібы гэтая гасцініца — самае найважнейшае ў іх лёсе. А гэты, відаць, з катэгорыі людзей, якія нідзе не бянтэжацца. Яны ўсюды ўмеюць падысці, запытаць, дабіцца. I ўсё гэта з такой лёгкасцю, што самы заўзяты бюракрат не азлуецца. Самая знерваваная прадаўшчыца ці там касірша адразу лагодна заўсміхаецца на іх жарт. Галоўнае тон — зухаваты, лёгкі, ненавязчывы, без ценю заклапочанасці.

Мой сусед, аднак, мае іншую думку:

— Развялося брыдоты… Думаеце, ён так сабе завіхаецца?

— А што?

— Таксама хоча без чаргі ўлезці. Хіба не відаць?

Хто яго ведае… Магчыма, і так. Хвіліну я ўзіраюся, як ён там распінаецца перад адміністратарам. Але чарга маўчыць, нічога благога не падазраючы, і я адварочваюся.

Сусед адкідваецца на спінку крэсла.

— Прыстасаваліся, як мікробы да антыбіётыкаў. Ні крымінальным кодэксам, ні дружыннікамі, ні міліцыяй — нічым іх не возьмеш…

Гэта, вядома, так. Але мне неяк няёмка з незнаёмым чалавекам хаяць таго, каго зусім не ведаю. Хлопец, аднак, прысоўваецца бліжэй да стала.

— Скажыце, вось вы праваявалі вайну. Што, і там гэтаксама было? Ці, можа, там не дужа з такімі цацкаліся?

Мабыць, сапраўды на вайне было трохі прасцей. Подласць там была болей прыкметная: перад смерцю, вядома, маскіравацца цяжэй. Але гэткія тыпы прыстасоўваліся і на вайне. Хлопец з лёгкім недаверам выслухоўвае мяне і раптам скідае сваю маску адчужанасці.

— Зайздрошчу я вам…

Гэта ў яго вырываецца скорагаворкай, зусім па-хлапечы і так натуральна, што не пакідае ніякага сумнення ў шчырасці. I хоць я ўжо не першы раз чую падобнае, усё не магу не здзівіцца: чаму людзі зайздросцяць? Ці ведаюць яны тое, аб чым гавораць? Хлопец, аднак, неўзабаве тлумачыць:

— Вы калі ўжо рабілі што, дык на поўную сілу. Без крывадушша. Калі ўжо білі, дык размахнуўшыся — да абуха!

Часткова так, але на справе — усё было болей складана. На вайне не дужа крывадушнічалі, гэта праўда. Але ўдарыць на поўны ўзмах не заўжды ўдавалася. Былі прычыны, якія трымалі за руку.

Мой сусед курыць, праз дым пазіраючы на мяне. Я ж маўчу. Мабыць, трэба адказаць, але адной фразай не абыдзешся. Патрэбна доўгая размова, якая тут не да месца.


Загрузка...