Праходзіць, мусіць, нямала часу, пакуль я, прытрываўшыся да болю, раскрываю вочы.
У двары гамана.
Хата, на падворку якой мы апынуліся, мусіць, пакінутая. У выбітых шыбах акна з рэшткамі шкла — чарната. Дзверы — насцеж. Таму немцы ўсе ў двары. У полах шынялёў яны прыносяць аднекуль сухі паёк і ладзяць падвячорак. На састаўленых разам скрынках дзеляць галеты і асобна кансервы. Кінуўшы нас без аніякай увагі, усе стоўпліваюцца на падворку і ўраз расхопліваюць свае порцыі. Энгель таксама там. Як роўны з роўнымі, і ніхто яму, здаецца, нічога не кажа. Быццам і не было ў яго ні палону, ні кантакту з рускімі. Быццам і ён такі ж шчыры служака фюрэра, як і ўсе яны тут. Ён зграбае са скрынкі свае галеты, і ўдвух з рудым, што вывалак мяне з трубы, адной лыжкай па чарзе пачынаюць вышкрэбваць з банкі. Сахно, скурчыўшыся на завалінцы, пільна сочыць за імі спадылба і штохвіліны глытае слінку. I ўсё дрыжыць. А я ўжо не дрыжу. Здаецца, я марудна і няўхільна замярзаю. Ног сваіх я ўжо не адчуваю. Чужыя мне і рукі, на якіх даўно ўжо няма рукавіц. I яшчэ нясцерпна хочацца піць. Ад страты крыві ўнутры ў мяне ўсё сохне і паліць агнём. «Ну дзе ж яно, дзе іх начальства? Няўжо ж нікому мы тут не патрэбны?» — паныла думаю я і чакаю, калі хто-небудзь да нас падыдзе.
I адзін падыходзіць. Малады зусім, сімпатычны на выгляд салдат з яснымі прыгожымі вачыма. Ён ступае тры крокі ад гурту ля скрынак і, дажоўваючы галету, расхінае полы шыняля. Робячы сваю справу ў двух метрах ад прызбы, немец сустракае мой позірк. Я чакаю нянавісці, крыку, а можа, і стрэлу, а ён усміхаецца і па-блазенску віхляе задам. Рудая паска перакрэслівае побач снег, дробным лопатам прабягае па маёй спіне раз і другі. Немчык задаволена ржэ, зашпільваецца і адразу адварочваецца, папраўляючы на плячы аўтамат.
Мабыць, першы раз я стагну. Ад пакут іншага роду, чым тыя, што дапякалі мяне раней. Гэта нясцерпныя пакуты. Іх нельга зразумець, не стрываўшы. У роспачы прыпамінаюцца ўсе мае франтавыя няўдачы. Калі я страляў з «дзегцяра», не паставіўшы на планцы прыцэл, з дзесятак немцаў паспела схавацца ў траншэі. I як мы прамарудзілі з атакай і далі іх машынам выскачыць з сяла. I той вечар, калі мой узвод захапіў шасцярых палонных. У хлопцаў былі мокрыя валёнкі, але я не дазволіў ім разуць немцаў, абутых у спраўныя боты. Каб тады ведаць, што чакае мяне! Мне крыўдна, што я мала забіў іх на фронце.
Але, відаць, усе мае пакуты дарэмныя. Ніводнага з іх я ўжо не заб’ю і нічога ім не зраблю. На мяне ім напляваць. Яны адыходзяць. Дажоўваючы хрумсткія галеты, ямчэй ладзяць на спінах сумкі, процівагазы, закідваюць на плечы зброю, і адзін за адным выходзяць на вуліцу. На нас нават не зірне ні адзін. У двары, аднак, застаюцца знаёмыя скрынкі. I ля іх трое. Наш Энгель, малады акулярык, што вывалак мяне з трубы, і яшчэ адзін новы. Ён паджары, ладна складзены, з уедлівымі цёмнымі вачыма і яфрэйтарскім шаўронам на рукаве. Гледзячы па ўсім, гэты тут будзе за старшага.
Я ўжо не ведаю, што і думаць. Страшна крыўдна сканаць, як канае падстрэлены сабака. Мабыць, да ночы мне ўжо не дажыць. А яна зусім блізка. Сонца ў небе ўжо не відаць. У празрыстае сіняе сутонне марудна апускаецца дол. Пад стрэхамі гусцее і ўстойваецца змрок. Усё настойлівей пячэ твар і рукі мароз. Пэўна, ноч будзе зорная і месячная, як і ўчора. Толькі мне яе ўжо не ўбачыць.
Немцы, пасеўшы на скрынках, кураць. I маўчаць. Бачу — чуйна ўслухоўваюцца ў гукі, якіх шмат далятае, плыве і коціцца з шырокіх ваколіц сяла. Аднак тых, што гэтыя трое чакаюць, пэўна, няма. На вуліцы робіцца пуста. Мусіць, немцы ўжо выехалі адсюль. Чаго тады чакаюць гэтыя трое?
I тут у мяне з’яўляецца апантаная думка: а можа, яны чакаюць нашых? Каб здацца! I ўратаваць нас!.. Праз секунду радаснага знямення я, аднак, разумею: дурная надзея. Не для таго яны тут пакінуты. Ды і той Энгель, падлюга, нават не падыдзе ні разу. Ні разу не зірне нават, нібы баіцца. Але раней не вельмі баяўся. А я так хачу папрасіць у яго вады… Здаецца б, толькі напіцца, а там можна і памерці. Затое Сахно неяк ненатуральна ажыўляецца. Нібы ўрэшце перамагае ў сабе шок, які валодаў ім з трубы. Ён дазваляе сабе ўстаць з прызбы і пачынае часта прысядаць — грэцца. I яго не лаюць. Толькі акулярык нешта буркае, але яфрэйтар маўчыць, тады і ён змаўкае. Сахно, сеўшы, тупае ботамі. Зямля гулка грукаціць пад ім і болем аддаецца ва ўсім маім целе.
Адубелы і знямоглы, я не адразу заўважаю, як з гэтым грукатам зліваецца далёкі знаёмы трэскат. Я толькі бачу, як усе трое немцаў ураз паварочваюць галовы. Чарга паўтараецца раз, другі, трэці. Немцы ўскокваюць. Двое пазіраюць на яфрэйтара, і зноў усе ўтрох слухаюць.
Няўжо нашы? Я не магу ў тое паверыць. Няўжо яшчэ магчымы які паратунак? Сахно зноў знерухомлівае, сцяўшы на пераноссі бровы. Мне здаецца — гэта «максім». Не, бадай, болей падобны на танкавы. Толькі якога танка? Чэргі, аднак, змаўкаюць. Немцы яшчэ слухаюць. Пасля яфрэйтар сцішана лаецца і дастае з кішэні круглую, нібы яйка, з паскай упоперак, гранату. Пакратаўшы чаку, планкай чапляе гранату за рамень.
– Іх коме бальд![13]
Ён кудысьці таропка выходзіць са двара. Энгель і акулярык зноў садзяцца ля скрынкі. Энгель, апанурыўшы галаву, пачынае калупаць прыкладам у снезе. Акулярык то ўзіраецца ў гароды з вішаннікам, то ў вуліцу. Відаць, ён пабойваецца. Сахно зноў асцярожна пачынае размінку.
Я ўжо не магу трываць. Смага, здаецца, даканае мяне раней за раны і мароз.
— Энгель, — кажу я і не пазнаю свайго аслабелага голасу. — Энгель, вассэр! Трынкен вассэр!
Энгель ледзь не са спалохам ускідвае на мяне голаў.
— Вассэр! Фарштэйн? Вассэр!
— Швейгт! Вассэр нікс![14] — кажа акулярысты.
Энгель, аднак, бачу, у раздумнай нерашучасці глядзіць на мяне. На фоне вячэрняга неба выраз ягонага твару ад прызбы амаль ужо не праглядваецца.
— Вунь жа калодзеж. Дай вады, калі ты чалавек! — паказваю я на вуліцу. Там над заснежанай страхой задзірае шыю калодзежны журавель.
Энгель устае і ў нерашучасці топчацца ля скрынак. Азіраецца. Услухоўваецца. На адной скрынцы сумка, і ля яе плоскі кацялок — мусіць, таго, яфрэйтара. Энгель урэшце адшпільвае яго і, яшчэ раз услухаўшыся, ідзе да варотцаў. Карабін ён трымае пад пахай. Акулярысты, седзячы на скрынцы, павяртаецца да нас усім целам і з лязгатам тузае затвор аўтамата.
— Швейгг!
Сахно сядае. Ціха сам сабе лаецца. Немец на тое не зважае. Ён слухае. Я ўслухоўваюся таксама.
Навокал усё ціха. Але зводдаль усё ж даносяцца гукі. Іх не адразу і зразумееш нават. Не то крыкі, не то тупат мноства ног. Коні ці людзі? Але стрэлаў няма. Бахае недзе артылерыя. Толькі гэта ў іншым баку і далёка. А гэты перапалох дзесьці за сялом. Праз кіламетр-два.
Разліваючы з кацялка ваду, у двор уваходзіць Энгель. Значыць, усё ж чалавек, думаю я. Маё ўяўленне аб немцах трохі пахіснута. Я ўжо згодны думаць, што сярод іх бываюць розныя. I так сабе. I нішто. I сволачы. Зрэшты, як і ў нас. I, мусіць, як і ўсюды. Людзі ёсць людзі. У агульнай масе сваёй не благія і не добрыя — розныя. Ён працягвае мне кацялок. Я прыўзнімаюся. Адной рукой сціскаю яго за бок. У галаве шалёная хісткая карусель.
I тут за спіной — цяжкі змораны тупат. Нешта здарылася, але я не зважаю. П’ю. Хоць бы выбух — раней, чым памерці, я ўсё ж нап’юся. Але раздаецца нямецкая лаянка. Шалёны ўдар ботам выбівае ў мяне кацялок. З бразгатам той коціцца па падворку. Другі ўдар, у вуха, атрымлівае Энгель. У двары шалее яфрэйтар. Захлынаючыся словамі, ён лаецца.
Гняўліва-крыўдная хмара засцілае маю свядомасць. Я хачу піць. Але, здаецца, ужо не нап’ешся. Энгель вінавата лыпае падслепаватымі вачыма. Яфрэйтар нешта крычыць, размахваючы перад ім кулаком. Акулярык бярэцца за скрынку. Сэрца маё рвецца з грудзей: я адчуваю — зараз нешта адбудзецца.
Неўзабаве яны ўсе хапаюцца за рамяні скрынак. Яфрэйтар, лаючыся, трухае да хлеўчыка за сваім кацялком. Акулярык адну скрынку ўзвальвае на спіну, другую — прадаўгаватую і меншую — бярэ за почапку. Самай вялікай нагружаецца Энгель. Таропка чапляе на сябе амаль кубовую зялёную яфрэйтар. Але на снезе застаецца яшчэ дзве. Яфрэйтар запыхана азіраецца на нас. I тады — о, цуд і подласць! — з прызбы падхопліваецца Сахно. Я нават не разумею, куды? Мабыць, не разумеюць гэта і немцы. А ён без адзінага слова хапае скрынку, другую і абедзве ўскідвае за рамяні на сваё правае, здаровае плячо. Яфрэйтар збянтэжана разяўляе рот, а пасля з сілай ляпае па гэтым яго ўгнутым ад рамня плячы. — Гут, капітан! ―I рагоча.
А я выдыхаю ўсё, што ў мяне было ў лёгкіх, і пераводжу позірк угору. Я не здзіўляюся і не абураюся. Мае пачуцці ўжо мала што ўспрымаюць. Я ўжо ўсё перажыў. Я толькі гляджу ў неба.
Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка. Яна, мабыць, якраз над Кіраваградам, у які я не дайшоў. Як не дайшлі многія. Цікава, колькі тысяч жыхароў у тым горадзе? Ці атрымаецца хоць па адным на забітага? Было б здорава хоць на хвілінку зірнуць на яго вуліцы. Напэўна, калі-небудзь там будуць цвісці кветкі, зелянець таполі і акацыі. I хадзіць хлопцы з дзяўчатамі. Людзі будуць глядзець кіно, піць піва і есці марожанае. Зорка ў небе гойдаецца і расколваецца на дзве і тры. Смугой зацягвае позірк. Гэта мароз. Ён, здаецца, мяне дабівае. Мабыць, хутка мяне не стане. А той будзе жыць. Будзе. Ён пераадолеў ужо свой шок. I я думаю: недарма кажуць, што вайна любіць кемлівасць. Хто раней здагадаецца, той і пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.
Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.
Здаецца, немцы мяне пакідаюць.
Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.
Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.
Але чаму Энгель?
На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.
— Ты?
Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:
— Эс тут мір зэр ляйт.
Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?
— Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль![15]
Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.
Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.
— Бэайльт айх![16] — крычыць з вуліцы яфрэйтар.
Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.
— I ты мяне заб’еш? — крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. — Ты ў мяне стрэліш?
У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?
На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.
– Іх габе бефёль, — дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.
Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.
Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой — дуг-дуг-дуг… Я не ведаю, што гэта — ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.