8


Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою — доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца?

Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае:

— Счас, счас, родненькія… Счас…

Мы спускаемся па адхоне і, крыху цішэй праехаўшы кароценькую, абсаджаную вербамі грэблю, зварочваем у вуліцу. Аднак па вуліцы не праедзеш: наперадзе, даўжэзным кузавам перагарадзіўшы дарогу, гурчыць здаравенны «студэбекер». Шафёр, прыадчыніўшы дзверцы, напалову высоўваецца з кабіны і памалу здае назад. Ля плота спіной да нас завіхаецца нехта ў паўшубку і асіплым, знерваваным голасам камандуе:

— Лева руля! Лева! Яшчэ лева! Давай, давай!..

«Студэбекер» сунецца ў занадта вузкія для яго вароты, цяжкімі скатамі ўмінае снег, і раптам абмазаны глінай пляцень з хрустам кладзецца долу. Чалавек у паўкажушку ўскідвае кулакі.

— Куды даеш?! Куды даеш, сабачы сын! Дзе ў цябе вочы? Дзе вочы ў цябе, пытаюся?

Ён ад злосці падскоквае да кабіны, здаецца, вось-вось накінецца на шафёра. Але не кідаецца, і шафёр, надзіва спакойна для такой сітуацыі, басам адказвае:

— У лбе вочы, таварыш капітан.

— У лбе? — здзіўляецца капітан. — Хіба яны ў цябе ў лбе? Давай наперад!

— Стой! — кажу я, пад’ехаўшы.

Ездавы прытрымлівае коней. Каця саскоквае з перадка.

— Таварыш капітан!

Капітан не чуе ці не хоча чуць. Адступіўшы на крок, ён зноў камандуе шафёру:

— Упярод і права руля! Яшчэ, яшчэ права! Давай, давай!

— Капітан! У стэпе танкі! Каму далажыць?

Каця ўшчыльную падыходзіць да камандзіра.

Я злажу з падводы і на адной назе таксама скачу да яго.

— Таварыш капітан! Там нямецкія танкі! — спадзяюся я збянтэжыць яго гэтым паведамленнем.

Але капітан быццам і не чуе.

— Права! Яшчэ права! Так, так! — капітан прысядае, зазіраючы пад кузаў машыны.

«Студэбекер», вуркочучы, пачынае ўязджаць у двор.

— Што? Танкі? Многа? — і адразу ж да шафёра: — Давай, давай! Прайшло! — з палёгкай аб’яўляе ён і толькі тады нібы ўпершыню заўважае мяне з Кацяй.

— Танкі нямецкія! Вы чуеце? — крычыць Каця. — Вось турнуць, будзе вам тады «давай, давай».

— Што? — здзіўляецца капітан, і асіплы голас яго зноў робіцца сварлівы. — А што вы мне крычыцё! Я што — ІПТД[1]. Ідзіце ў артполк і дакладвайце. Мне загадана, я ДОП[2] разгружаю.

Ён разгружае ДОП! Гэтая яго нязрушнасць пачынае бянтэжыць мяне. Я імкнуся растлумачыць капітану, што навісла над яго ДОПам, але Каця меней цырымоніцца і апярэджвае мяне:

— Які к чорту ДОП! Вось яны як урэжуць да ранку — будзе тады і ДОП і поп.

— Таварыш капітан!

Каця махае рукой.

— Ды ну яго, младшой!

Яна ўскоквае ў перадок, я ўвальваюся ў фурманку. Ездавы агравае коней і, аб’ехаўшы «студэбекеры», мы імчым па начной вуліцы. А ў сяле так па-вячэрняму ўтульна і мірна, што мне аж робіцца страшна. Я ўжо прадбачу, чым можа скончыцца такая ідылія. Не, што б там ні стала, трэба знайсці камандзіраў ці штаб. У адным двары, дбайна прыціснуты да сцяны, стаіць «віліс», ля якога моўчкі поркаюцца двое, — мусіць, знімаюць сваё майно. Дзе «віліс», там заўжды начальства, і таму, згледзеўшы машыну, Каця адразу спыняе фурманку.

— Сядзі, младшой. Я сама.

Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі.

— Вось младшы лейтэнант наткнуўся… Камандзіра роты забілі, — кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека.

Я таксама ўзіраюся ў яго, — гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік.

— Вы дзе бачылі танкі? — спакойна звяртаецца ён да мяне.

— У стэпе, таварыш падпалкоўнік. — (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) — Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды.

— Вы думаеце, гэта нямецкія?

— Нямецкія, — кажу я. — Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным.

Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы.

— Так. Добра. Можаце ехаць, — памеркаваўшы, кажа камандзір.

Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы — мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся:

— А куды палоннага здаць?

— Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы.

— Дык тут усе параненыя, — кажа Каця. — Вазьміце вы немца.

— Не, адпраўляйце ў Іванаўку, — спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. — I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, — нечакана загадвае ён.

Вось табе і раз! Мы — ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку:

— Мусіць, трэба змывацца… Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі…

Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць — што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца:

— Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся — не праб’еш! Хоць каравул крычы!

— Паганяй! — крычу я на ездавога. — Паганяй!

Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць — чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу…

На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама — гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.

— Стой!

Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:

— Хто такія? Чыя павозка?

— Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, — адказвае Каця.

— Таварыш камандзір, — кажу я. — Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел… Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.

Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:

— Злезці ўсім!

— Ды вы што? — усхопліваецца на перадку Каця. — Вы што: тут цяжкапараненыя!..

— Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! — не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.

Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.

— Паўтараю: санінструктар, вы — з забінтаванай галавой, павозачны і вы, — ківае ён у бок немца, — хадземце за мной.

Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад.

— Марш у памяшканне!

Я думаю, што гэта бязглуздзіца — не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць:

— Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут.

Камандзір азіраецца.

— I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць…

— Ну, пайшлі, падумаеш! — са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.

За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.

Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.

— Прашу дакументы! — кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы — вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал — не меней… Столькі зацятае напускной строгасці!

— Пажалста! — з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.

Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары — суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым — немцу.

— Гэта немец, — кажу я. — Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.

Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.

— Дзе вы бачылі танкі? — пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.

— У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.

— Каму вы аб тым далажылі?

— Ды тут даложыш!.. — запальчыва апярэджвае мяне Каця. — Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.

Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.

— Двум чалавекам дакладвалі, — кажу я. — Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.

— Дык вось зарубіце сабе на носе, — строга кажа капітан. — Больш каб ні слова? Зразумелі? А то — паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! — заканчвае ён недарэчнай пагрозай.

— Пры чым тут паніка! — сварліва кажа Каця. — Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі — нікога не пройме…

Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:

— Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! — змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: — У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.

Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.

— А палоннага? — пытаюся я. — Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага…

— Я не канваір! — адказвае капітан.

Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.

Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.

— Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, — кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.


Загрузка...