За акном уладарыць марозная ноч.
Часу між тым мінае нямала: ужо, мусіць, апоўначы. Я не сплю і пасля ўсяго, што адбылося тут, самотна гляджу ў печ. Агонь горача палае, ганяючы па тынкаванай сцяне над ложкам мільготкае зарава.
Ля печы тупаюць, шархацяць саломай санітары і Каця — яны вараць бульбу. Каця, — без паўшубка, расчырванелая, уся неяк па-добраму ажывелая ад гэтай хоць, відаць, і не дужа прывычнай для яе, але такой хатняй і жаночай работы, — спрытна лязгае па прыпечку казанамі. Сяржант, страціўшы ўжо цікавасць да немца, які сцішана сядзіць побач, перавешваецца грудзьмі цераз ложак і шырокімі сваімі лапішчамі ўсё імкнецца лішні раз ухапіць дзяўчыну. Тая ледзьве ўвільвае ад яго рук, часам не балюча ляскае сяржанта вілачнікам па плячах. Сяржант рагоча, стрымана ўхмыляецца немец. Дзядзькі-санітары не звяртаюць залішняй увагі на гарэзы маладых.
У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.
Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах — толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.
— Ой, што гэта?
Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.
— Дзе ты іх узяў? — здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода — сапраўды, рады былі бульбе, і раптам — трусяціна!
— Там, у сянёх, — ківае санітар. — Норы ого!
Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.
— На-ка абдзяры…
Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:
— Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць…
Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.
— О фройлян, іхь сделайт.
Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.
— Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!
— Ладна, ладна! Хай! — абрывае яе сяржант. — Давай, дзелай арбайт, Ганс.
— Няхай папэцкаецца, а што! — зазначае санітар. — Трымай фінку.
Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.
— Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.
Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта — надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:
— О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!
Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.
— Ага, глядзі ты! Маладзец! I тут майстар, — кажа нехта з кута.
— Рукасты.
— Рабацяга бо. Не тое, што вы, — кажа сяржант. — Во, глядзі, якую мне люльку падарыў. Ага!
3 блазенскаю ўсмешкай на нізкалобым шырокім твары ён прыўзнімае ў пальцах выгнуты адмысловы муншт з мефістофельскай галоўкай на канцы і пакручвае яго ўгары, каб усе бачылі. Падарыў — гэта занадта. Вядома, сяржант прыдбаў яго сам.
— Айн мамент, фройлян! — бадзёра прыгаворвае немец. — Дас іст карошый братэн. Жаркёя.
— Жаркое! Глядзі, разумее! — захапляюцца ў куце.
— А што ж ты думаў! Ці мала нашага дабра перасмажылі за тры гады!..
— Годзе, не бурчы. Ён добры.
— Ага, яны ўсе добрыя. Вось наляцяць пад ранак, дык адны галавешкі застануцца, — разважна кажа нехта ад перагародкі.
У куце ўскідваецца з саломы апяразаны бінтамі абгарэлы.
— Доктар! Доктар тут ёсць?
У хаце ўсе змаўкаюць і зважліва азіраюцца на невідушчага, нібы здань белага ад бінтоў, чалавека.
— Доктара няма, — кажа Каця. — Ён аперыруе. А вам што?
— Выбрацца з гэтага свінушніка. Колькі можна чакаць?
— Сказалі — уранні.
— Што значыць — уранні? — запальчыва раздражняецца абгарэлец. — Маёра дык адвячоркам павезлі
— Маёра ў авіяцыйны шпіталь. Ён лётчык, — кажа сяржант.
— Лётчык? А я таксама лётчык. Вы што — не бачыце? Я гарэў! Зараз жа адпраўляйце і мяне.
Усе змаўкаюць. Сапраўды, гэта не жарты, калі абгарэла гэтулькі скуры. Да таго ж лётчык. Лётчыкаў мы паважаем, было б на чым везці, напэўна, кожны ўступіў бы яму сваё месца.
— Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, — прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: — Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!
Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае — уся яго ўвага на працы. Бадай, ён — неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж — хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата — таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.