Адчуванне маё то праясняецца, то знікае ў млосных правалах свядомасці. У галаве ўсё кружыцца, плыве і гойдаецца. Аднак я разумею, што мяне валакуць наўскасяк па адхоне ўгару. Пасля мая здаровая нага балюча выцінаецца аб рэйку. Я кранаюся ёй долу і пачынаю скакаць па заснежаных шпалах. Кожны рух суправаджаецца невымернай да атупення пакутай. Другая, мне ўжо непадуладная нага сутаргава падкорчваецца ад болю і ціхенька, аслабела калоціцца.
Усё маё цела ў ліпкім сцюдзёным поце. Часам я расплюшчваю вочы, і тады перад імі плывуць-гойдаюцца прысыпаныя снегам шпалы і дзве чорныя рэйкі з абодвух бакоў. Побач мільгаюць боты. З аднаго боку кірзавыя, пацёртыя на шчыкалатках — Сахновы, з другога тупаносыя скураныя — Энгеля. Ля гэтых скураных раз-пораз паказваецца чорны прыклад карабіна, і я здагадваюся: ім узброіўся мой штрафны канваір. Значыць, яго не расстраляюць. Гэта чамусьці адгукаецца ва мне задавальненнем, якое нараджае надзею: а раптам ён паможа. Калі толькі мне яшчэ можна чым-колечы памагчы.
Хутка, аднак, невыносная млявасць ад болю зноў туманіць мой зрок, і я перастаю бачыць. Цьмяна я адчуваю, што мяне вядуць у палон. Вядуць два чалавекі, якія тут менш за ўсіх падыходзяць для гэтага. Сапраўды, аднаго суткі назад я сам павінен быў здаць у палон, а другі… Не хочацца нават і думаць, хто гэты другі.
I вось цяпер яны — мае канваіры.
Але навошта я, такі скалечаны, спатрэбіўся немцам? Хіба, каб нешта ад мяне дазнацца раней, чым забіць? Тады чаму я іду? Хай забіваюць адразу. Праўда, я заўжды хацеў жыць. I цяпер таксама. Каб толькі не боль. Нават насуперак болю. Толькі чым мне абернецца якая лішняя гадзіна жыцця? Можа, горшым, чым сама смерць…
Галава мая тлумнее ад блытаных думак і неадольных для майго стану пытанняў. Нечага вельмі важнага я ніяк не магу даўмецца. Я толькі адчуваю, што сталася нешта жахлівае, непапраўнае і несправядлівае. Часам я забываюся, дзе я і куды іду. Міжвольна здаецца, што побач Каця. Нават чуецца дзесьці паблізу яе голас. Я не магу сабе ўявіць, што яе ўжо няма і ніколі не будзе… I што ніколі болей не будзе майго сябра Юркі. Здаецца, ці не сон гэта? Было ж колькі разоў у сне, што трапляў у рукі да немцаў, якія нават спрабавалі мяне забіць. Але затым наставала абуджэнне, і ўсё рабілася па-ранейшаму. Можа, і цяпер будзе так? Толькі вось нялюдскі, нясцерпны боль!
Трэба сабрацца, засяродзіцца і нешта зразумець, у нечым разабрацца. Я заўжды няблага разбіраўся ва ўсіх каверзах, што наблытвала перада мной жыццё. Дома, у школе, у вучылішчы. Праўда, тут вайна. Вялізная, лютая, небывалая на зямлі вайна. У ёй сам д’ябал з богам самым старанным чынам усё пераблыталі. Ніводная заканамернасць тут не з’яўляецца правілам. А самая недарэчная выпадковасць часам робіцца табе лёсам. Разбярыся, што тут надзейна і пастаянна? I нязменна?
Пэўна, я мог бы штось зразумець, каб не такія пакуты. Боль мне не дае ні аб чым думаць. Ён адбірае сілы. Слабасцю захлынаецца маё сэрца. Столькі трэніраванае на кросах, фізо і на зарадках сэрца. Здаецца, нікуды я не дайду. Я проста сканаю ў руках гэтых двух. На гэтай чыгунцы. У некалькіх кіламетрах ад Кіраваграда.
Так, я хачу сканаць. Я не хачу ісці ў палон. Я не буду даваць ім ніякіх звестак. Я не хачу і не магу болей пакутаваць. Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж і цяпер непадуладны для немцаў. Сілы над ім ужо ў іх няма. I смерць мне пачынае здавацца жаданым збавеннем. Толькі дзе яно, тое збавенне?
Я расплюшчваю вочы і дзіка пазіраю навокал. Паабапал стэпавая роўнядзь, чыгунка, тэлеграфныя слупы збоку. Мерна і настойліва гудуць правады. Наперадзе тупае немец. Каробка закінутага за спіну процівагаза лязгае па затворы яго карабіна. Я паднімаю галаву і бачу сашчэпленыя сківіцы Сахно. Ён усё не страляецца, не ўцякае. Няўжо ён пойдзе ў палон?
— Забі мяне!
Сахно, здаецца, ажно здрыгаецца. Зусім незнаёмымі вачыма пазірае ў мой твар. Мабыць, твар у мяне нялюдскі, бо ў глыбіні ягоных зрэнак — раптоўны спалох.
— Забі мяне! Будзь чалавекам!
Я і сам разумею бязглуздасць мае просьбы-енку. Але гэта енчыць мой боль. I маё спакутаванае цела. Яны самыя ўладарныя цяпер ва мне, і я ім падпарадкуюся. Адзіная мая нага падкошваецца, і я зусім вісну на чужых руках. Сахно тады моцна тузае за плячо і дыхае засцярожлівым шэптам:
— Калі што — ты мяне не ведаеш. Паняў?
Я праглынаю тугі крыўдны камяк. Ага, цяпер ён мяне ўгаворвае. Падобна, ужо ён перайначваецца. Астатніх панішчыў, а сам усё марудзіць. Можа, думае выжыць?
У роспачы я тузаюся з іх учэпістых рук. Энгель нешта незадаволена буркае і ямчэй падхоплівае мяне пад паху. Сахно ж аднаруч не вытрымлівае. Плячом я выцінаюся аб шпалу і ляжу, курчачыся ад болю. Ззаду раздаецца суровы гартанны крык. Сахно, палахліва зазіраючы мне ў вочы, тузае за рукаў.
— Ты што? Уставай!
— Не ўстану! Забівайце! Не ўстану.
У гэтым цяпер маё выйсце. Выйсце з жыцця ў нябыт. Іншага няма. Хай страляюць.
Але яны не страляюць.
Энгель некалькі разоў нязлосна тузае за руку, стараецца падхапіць за другую Сахно, але я настойліва ім не паддаюся. Тады насупраць з’яўляецца той, у касцы. Ягоны позірк крута ўпіраецца ў мяне дзесьці між броваў. Дужы ўдар ботам пад дых зацінае маё дыханне.
— Ауфштэген!
Не, ужо чорта вам, а не ауфштэген! Задыхаючыся, я хапаю ротам паветра і, на жаль, нічога не магу ім сказаць. Свет зноў правальваецца ў млосную імглістую прорву. Рэшткамі адчування я адзначаю, як яны хапаюць мяне за рукі, за нагу, за падраныя полы шыняля, і зямля пада мной знікае. Вірлівая дрыготкая гойданка падхоплівае мяне і ўносіць з свядомасці…
Ачынаюся таксама ад удару. Здаецца, нечым пякуча-сцюдзёным тупа выцінаюць па твары, і я ўраз апынаюся на скрыпучай нерухомай роўнядзі. Варухнуўшы рукамі, разумею, што яны мяне кінулі ніцма ў снег. Напэўна, зараз прыстрэляць. Нетаропка і вяла, ледзьве адольваючы знямогу, у якой раствараецца боль, паварочваю галаву. Пада мной утаптаная зімовая дарога, рудая наздраватая пляма ад конскай мачы, натрэсеныя ацяробкі сена і побач ногі. Шмат ног у ботах, чаравіках з кароценькімі скуранымі і брызентавымі крагамі. Двое ці болей у валёнках. Бліжэй за іншыя пазнаю выслізганыя ў снезе кірзачы Сахно. На іх скураных галоўках плямы крыві. Здаецца, гэта мая кроў. Аднак рэзкая нямецкая фраза прымушае мяне зірнуць далей, і мае вочы натрапляюць непадалёк на вузенькую, брудную падножку «опель-капітана». Адзін яе край аздоблены цьмянай палоскай нікелю. Канец прыгнуты нейкім ударам, а на сярэдзіне пацепвае падэшвай добра начышчаны хромавы бот.
З патугай я перасоўваю позірк вышэй, здагадваючыся ўжо, што гэта — начальства. I сапраўды, у машыне нейкі важны, самавітага выгляду афіцэр. Хударлявы і немалады. На галаве новая высокая фуражка. Пад выгаленым падбародкам ляжыць руды футровы каўнер скуранога рэглана. Вачэй, аднак, не відаць, замест іх пабліскваюць шкельцы пенснэ. Я першы раз бачу такога важнага немца, і ў іншых абставінах, мусіць, гэта было б цікава. Аднак цяпер ён мне абыякавы. Мне пляваць на ягоны высокі чын. Я яму зараз жа гэта і скажу. Разыкаваць мне ўжо няма чым.
Але чаго яны зноў усе маўчаць? Маўчыць чын. Маўчыць, «з’ядаючы» яго позіркам, знаёмы афіцэр у касцы. Вывернуўшы ад сябе локці, ён навыцяжку стаіць перад машынай. Можа, зараз яны вырашаюць наш лёс?
Аднак напружанне мае канчаецца. Я выдыхаю з грудзей паветра і заплюшчваю вочы. Зноў усё нада мной плыве і кружыцца. Вялікім намаганнем волі ўтрымліваючы сябе ў свядомасці, думаю: чаму я не сканаў па дарозе? Навошта я жыву? Я ведаю, што будуць дапрошваць. Ім патрэбна нешта дазнацца, і таму яны вядуць нас удвох. Другі для кантролю. Для таго яны прывалаклі мяне ў сяло. Гэта — вуліца. Я чую, як у марозным паветры пахне мешанінай дыму — бензінавага і ад саломы. Чуецца далёкая страляніна, гамана і тупат ног. Побач ідуць і бягуць салдаты. I ў гэтую калатнечу блізкіх, перамешаных гукаў урываецца настырны паветраны гул. Дык вось чаму яны змоўклі: у небе ідуць нашы. Гэта штурмавікі, нашы родныя «ІЛы». Яны ідуць сюды! Яны зробяць ім вялікі крывавы дзень.
Напружыўшыся ад вялікага болю, я перакочваюся на спіну. У вочы хлынае бледны высокі блакіт неба. Да болю ў вачах я шныпару позіркам па белесаватай смузе-навалачы. I дарма. Там пуста. Толькі побач унізе тычкі нерухомых галоў — у пілотках, шапках, у касках. Яны таксама ўставіліся ў неба. Самалётаў няма. Ёсць толькі гул. Гудзе недзе паблізу. I гэты гул напаўняе мяне незразумелаю ўпэўненасцю. Родныя мае! Дарагія! Біце іх! Паліце! Нішчыце! Я рады, што я яшчэ жыву. Я не хачу хутка паміраць. Я яшчэ пазмагаюся з імі. Я ім нічога не скажу. Не на такога напалі. Я плюну ў вочы гэтаму оберсту, ці як там яго велічаць. Няхай страляюць. Няхай пабачаць, як паміраюць рус-афіцэры.
Аднак гул хутка глухне. Мусіць, самалёты праходзяць міма. Некуды ў другі бок. Кароткая радасць мая мяняецца нямым унутраным крыкам. Роспач туманіць позірк, і я ледзьве заўважаю, як іхнія твары ўжо не задзіраюцца ў неба. Яны скіроўваюцца да легкавушкі. Немец у машыне скідае з сябе нерухомасць, хрускае партсігарам, дзелавіта прыкурвае ад запальнічкі. Худыя шчокі яго то правальваюцца, то зноў трохі поўняцца, і падбародак апускаецца на футра каўняра. Ён нешта загадвае.
— Яволь! Яволь! — ляскае абцасамі афіцэр і коратка аб нечым дакладвае.
Здаецца, гэта пра нас — (вас махен цвай русафіцірэн?). Вось калі ўсё вырашыцца… Позіркам я ўпіваюся ў голены, сцюдзёны твар. Зараз ён вызначыць нам кару. Загадае, чаго ад нас дабіцца і як расстраляць. Ці, можа, нават павесіць. Але ён чамусьці не спяшаецца загадаць. Тонкімі вуснамі ён сціскае цыгарэту і нядбайна махае рукой у шэрай пальчатцы.
Я не разумею. Што гэта значыць? Расстрэл? Ці, можа, весці далей па вуліцы? Відаць, чагось не разумее і афіцэр у касцы. Ва ўсякім разе я не чую ягонага «яволь». Я толькі бачу, як, сыпануўшы снегам, падхопліваецца ў каляіне кола. На хаду бразгаюць дзверцы.
Афіцэр крута павяртаецца да салдат і ўжо іншым тонам — злосна і рашуча — нешта загадвае. Паўхвіліны ўсе змрочна слухаюць. Пасля разам бяруцца за зброю і за сваё майно на ўзбочыне. Зноў лязгаюць-дзвенькаюць спражкі і зашчэпкі іх жоўта-зялёных скрынак. Гучна хрупае снег. Нехта дужай рукой хапае мяне за каршэнь і ніцма, як дохлага сабаку, валачэ ўпоперак вуліцы. Па снезе, цераз каляіны, разграбаючы маім целам мёрзлыя конскія круглякі. Кручок шыняля ўпіваецца ў горла, я задыхаюся. Я не ведаю, куды гэта? Але я не хачу тут памерці. Я хачу яшчэ пазмагацца з імі. Яны мяне асудзілі, але за мной яшчэ апошняе слова. Божа, дай мне яшчэ гадзіну жыцця! I сілы. Я ніколі не верыў у Бога, аднак цяпер ён патрэбны мне. Хоць сапраўдны, хоць выдуманы. I я малю яго памагчы мне.
Побач рыпяць на снезе закасцянелыя ад марозу скураныя боты, сунуцца міма пляцень, брамка, кінутая пустая каністра і прыхінуты да прызбы аўтамабільны скат. Ля яго растаптаны на снезе ахапак саломы, на які яны ўзвалокваюць мяне і кідаюць. Ударыўшыся галавой аб тугі гумавы бок ската, я не адразу расплюшчваю вочы. Ляжу, як пласт, ад болю закусіўшы вусны, і калачуся. Побач апускаецца на прызбу і таксама трасецца ад сцюжы Сахно.