Мусіць, неўпрыцям задрамаўшы, я зноў ачынаюся, бо гамана ў хаце раптам здорава ўрываецца ў вушы, неяк ажно палохае. Знячывелі, здаецца, быццам штось здарылася, чаго я не магу зразумець. Але ў хаце, відаць, усё па-ранейшаму. Толькі ў печы ўжо не палае, па прыпечку — змрок з іскрамі ў чорнай саламянай трусе. Смачна пахне бульбай і мясам. Каця, сагнуўшыся над казанамі, раскладвае бульбу — у кацялкі, міскі і нават у пустую каску, якую, прысеўшы, трымае перад ёю нізенькі, шыракатвары баец-узбек. Насупраць на падлозе з выглядам пакрыўджанага родзіча сядзіць немец. Кухарская праца ля печы скончылася, патрэбы ў палонным тут болей няма, і ён, відаць па ўсім, адчувае сябе лішнім.
У гэты час за нахіленай Кацінай спіной адчыняюцца дзверы, і ў воблаку сцюжы цераз парог імкліва пераступае нехта ў густа заінелым шынялі.
— Прывет! — весела кідае чалавек ад дзвярэй.
Зусім малады твар яго чырвоны ад сцюжы, голас таксама выдае зусім яшчэ хлапечы ўзрост. Ён паранены і правую руку трымае ля грудзей на бінце-падвязцы.
— О, тут і фрыцы! — радасна здзіўляецца хлопец, згледзеўшы немца. — Гут абенд, фрыц!
Немец ускоквае з падлогі і цвёрда ляскае абцасамі.
— Гутэн абэнд, гер офіцыр!
— Вольна! — усміхаецца афіцэр.
I тут мне штось здаецца знаёмае ў гэтай заінелай постаці. У голасе, паставе, смеху прабіваецца штось зусім нядаўна і зноў жа невядома дзе чутае і бачанае. Пастой, ды гэта ж…
— Стралкоў! Юрка! — крычу я са змроку, стараючыся ўстаць ля сцяны.
Хлопец кідае ў мой бок амаль збянтэжаны позірк і ад разгубленасці на момант разяўляе рот. Ён не пазнае. Ды і ці можна тут пазнаць каго, у гэтай цемры, якую ледзьве разрэджвае адна мігалка на прыпечку (другая патухла ўжо — скончылася гаручка). I ўсё ж хлопец здагадваецца:
— Васілевіч?
— Я самы! Давай сюды!
Сапраўды, гэта Юрка, і я на хвіліну забываюся на ўсе мае беды, няўдачы і нават боль у назе. I як не забыцца, калі гэта — Юры Стралкоў, мой аднакашнік, сябар, малодшы лейтэнант, пехацінец, з якім мы паўгода назад скончылі адно вучылішча і пасля доўгага падарожжа ў таварняку трапілі ў адну армію. Пасля тае пахмурнае раніцы пад Харкавам, дзе нас разлучылі кадравікі, я, папраўдзе, ужо і не спадзяваўся ўбачыць яго. I цяпер вось такая сустрэча!
Шырока стаўляючы між людзей заснежаныя валёнкі, Юрка паспешліва лезе да мяне, хапае адной левай рукой мае пальцы і трасе, трасе.
— Лёнька! Ты жывы, Лёнька!
— Ды вось жыву. А ты? — недарэчна пытаюся я.
Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, — перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?
Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы — тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.
— Ой, які ты абвязаны, не пазнаць!
— Ерунда! Бінтоў накруцілі. А ў цябе што — рука? — пытаюся я ў сябра.
— Ды, разумееш, падляцеў ненарокам.
— Лёгка?
— Драпіна. Вось толькі страляць замінае. А так… Ну, але ведаеш, мы адыграліся! — Юрка раптам радасна ажыўляецца, вочы яго блішчаць. — Ось ужо адыграліся, каб ты толькі ведаў! Зрабілі пабоішча не горш за Лядовае…
— Ты сядай! Во, на салому.
Юрка адразу апускаецца пад сцяну са мной побач. Хлопцы адусюль пазіраюць на яго — такога заснежанага, гаманліва-ажыўленага. А ён, здаецца, безуважны да ўсяго тут, поўніцца чымсьці сваім — вялікім і радасным.
— Ты разумееш! Ты разумееш — я ж толькі са стэпу! Во гадзіну назад! От жа мы іх ушчушылі! Ды так спрытна, без стрэлу, без гуку падпусцілі на пяцьдзесят метраў… Камбат у гэты раз ну проста маладчага!..
— Пастой, пастой!.. Ты дзе? Я нават не ведаю, у якой ты дывізіі служыш. У Церахава, ага?
— У якога табе Церахава! — гатовы раззлавацца Юрка за такое маё меркаванне. — У палкоўніка Калюжнага. Гвардыя!
— Так, так…
— Ты разумееш! За дзесяць хвілін мы зрабілі з іх мясакамбінат. Ураз як ударылі з усяе зброі!.. Дзевяць станочкаў, дзве саракапяткі. Ты б паглядзеў, што там рабілася!..
Я і так рады, што там здарылася. Яшчэ не ведаючы, што і як, але гатовы зайздросціць Юркавай ратнай удачы. Ды я ўжо і зайздрошчу. Што і казаць, пяхоце не часта выпадаюць на фронце хвіліны, накшталт толькі што перажытых Юркам, калі грудзі распіраюцца ад хмельнага шчасця ўдачы. Нам болей прывычны шэрыя будні вайны — сцюжа, мокрыя ногі, крывавыя бінты на нямытым целе, знішчальны нямецкі агонь і, як узнагарода, — кароткі трывожны сон дзе-небудзь на засланай саломай падлозе. У яго ж здарылася нешта зусім іншае, нешта агромніста-ўдалае, і я рады. Я слухаю і на ўсе вочы пільна гляджу на нядаўняга свайго сябрука-курсанта. Шынялёк на Юрку салдацкі, алс акуратна прыгнаны па росту (на гэта ён быў мастак і ў вучылішчы, бо трошкі фарсун і акураціст). На каўняры роўненька прышытыя пятліцы, наўкось цераз грудзі — партупея, вядома не ў ОВС[3] атрыманая, а, пэўна ж, сумленна здабытая на полі бою. Юрка, я вельмі, вельмі рады, што ты жывы, што ты ўрэшце сустрэўся мне, ды яшчэ такі ўзнёсла ўзрадаваны!
— Панімаеш, цэлую калону, чалавек трыста з артылерыяй! Ты разумееш ці не? — тармосіць ён мяне за рукаў.
— Разумею, разумею, Юрка. Але давай спярша падмацуемся. Эй, ты! — крычу я на немца. — Ану, падай кацялочак! На двох!
Немец ахвотна падае нам плоскі кацялок, поўны бульбяное таптухі. Пасля на пагнутае вечка Каця кладзе кавалачак трусяціны.
— Вот вам і ножка, таварышы камандзіры, — кажа санітар, перадаючы вечка цераз галовы іншых.
Юрка чуйнымі ноздрамі прагна нюхае паветра і дзівіцца:
— Што? Мяса? Ось гэта да! Ну, раз так, то… Трымай!
Ён рашуча адшпільвае ад рамяня нямецкую фляжку і працягвае яе санітару. Той, не разумеючы, круціць яе ў руках. Але тут над яго плячом мільгае ўхопістая рука сяржанта, і фляжка апынаецца на ложку.
— Ану, ану…
У хаце лёгкая збянтэжанасць, усе паварочваюцца да парога. Сяржант жа, надаўшы страшэнна глыбакадумны выраз свайму хітраму твару, даследуе фляжку. Для гэтага ён спярша боўтае яе і прыслухоўваецца.
— Шнапс?
— Нешта ў гэтым родзе! — жыва адказвае Юрка. — Трафеі нашых войск.
Сяржант важна адкручвае пробку, грымаснічаючы, нюхае рыльца і выразна хакае ад асалоды. Нехта з кута крычыць:
— Хопіць камедыяннічаць! Разлівай!
Сяржант акругляе вочы.
— А калі атручана? Трэба пробу.
– Ідзі ты! Якая яшчэ проба!
Ну, вядома ж, пробу ён бярэ сам. Задзірае галаву і гучна глытае, зрэшты, па-боску — адзін толькі раз. Усе, не адрываючыся, сочаць за яго тварам, а сяржант на хвіліну знерухомлівае, як дэгустатар, вызначаючы смак гарэлкі. Пасля рашуча аб’яўляе:
— Люкс! Ану, давай тару! Младшой, ад імя службы табе благадарнасць!
— Служу савецкаму народу, старшыне і памкамузводу! — смяецца Юрка і зараз жа да мяне: — Ты разумееш, я сам спаражніў шэсць стужак. Шэсць стужак — ты разумееш! «Максім», як самавар, распаліўся. Пятнаццаць хвілін, і на снезе тры сотні трупаў!..
Нечаканае трывожнае меркаванне прымушае мяне схамянуцца.
— Стой! Гэта дзе? Ці не каля Аляксееўкі?
— Ага. Непадалёк. Відаць, прарываліся на захад, да сваіх.
— Пяхота?
— Пяхота, ага. I артылерыя.
— А танкі?
— Што?
— Танкаў не было там?
— Не, танкаў не было. Пяхота. Глядзім: ідуць да кукурузы, расцягнуліся, як кішка. Ну, камбат паклаў усіх, камандуе: замры. Так удала падпусцілі, месяц свеціць, ужо гузікі на шынялях відаць сталі. I як урэзалі! — захапляецца Юрка і крыху цішэй паведамляе: — На мяне наградны напісалі. Проста ў полі. На «Айчынную»… Другой ступені.
«Айчынная» — гэта здорава. Трэба б павіншаваць. Але я не віншую — я засяроджана пазіраю ў расчырванелы твар сябра, і ягоныя словы пачынаюць аддаляцца, глухнуць у маіх устрывожаных думках. Сапраўды, гэта адыходзіла пяхота. А дзе ж танкі? Значыць, танкі засталіся. Яны на прыкрыццё. Пяхота, вядома, выйшла раней, падцягвалася да Аляксееўкі, а танкі… Танкі, выходзіць, нацэліліся на нас.
Чорт, мне зноў робіцца кепска. Нейкая нервовая дрыготка скаланае цела, мімаволі мая ўвага скіроўваецца на панадворак: ці не чуваць? Не, здаецца, гулу не чуваць, толькі здалёк праржаў конь ды нехта, прарыпаўшы снегам, прайшоў каля хаты.
У вёсцы пакрысе ўсталёўваецца начная цішыня.
А ў хаце тым часам ажыўленая, без ладу, гамана.
— Ну, будзьма здаровы!
— Каб хутчэй дзіркі загойваліся.
— Кацюша, не адмаўляцца. Ну, хоць трошачкі. За разведчыкаў.
— За пяхоту-матухну.
— А фрыцу? Хлопцы, фрыцу налілі? — непакоіцца нехта ў куце.
— Не, цябе чакалі, — прастуджаным басам адгукаецца сяржант і з поўнаю алюмініевай шклянкай для галення павяртаецца да немца.
— Ганс!
Немец з крыху празмернай паспешнасцю падхопліваецца ад печы і шчоўкае абцасамі:
— Яволь!
— Трымай!
Сяржант перадае ў немцавы рукі шкляначку. Твару таго, павернутага ад святла, добра не відаць, але, здаецца мне, на ім — задаволеная, дабрадушная ўхмылка. Зрэшты, можа, гэта мне здаецца так у прыцемках. Немец трошачкі прыўзнімае шклянку і абвяшчае ў паўпаклоне:
— Гітлер капут!
— Давай, давай! — адабраюць наўкола.
— Ну, паехалі, рабяты! За перамогу.
Я таксама паднімаю вялікую, на паўлітра, луджаную кварту, на дне якой трохі плёскаецца вадкасці — гэта нам з Юркам. Здаецца, мы п’ём з ім першы раз у жыцці, хоць амаль год прабылі ў вучылішчы разам. Але тады было не да выпіўкі — тады марылі абы досыту пад’есці. Вядома, напаўгалодныя тылавыя блазнюкі. Цяпер вось мы паваявалі ўжо і абодва паранены і таму п’ём, як сталыя. А што ж, хіба не заслужылі такое права? Мы забівалі ворагаў і пралілі сваю кроў, колькі разоў ганялася за намі пагібель, але мы абхітрылі яе і жывём. Хіба гэта мала на вайне?
Перш чым выпіць, я трошкі вагаюся і ўлюблёнымі вачыма пазіраю на Юрку.
— Юрка, дружа! Халера! Як добра, што мы спаткаліся!..
Юрка бесклапотна смяецца.
— Ну, давай! Да дна.
Не, да дна нельга. Тры глыткі пякучае вадкасці, пасля — зацятае дыханне, здрадніцкі кашаль з горла. Ого, мусіць, гэта не шнапс — падобна, што спірт! Ну, але тут — гарачую бульбіну ў рот і пасмачку валакністага белага мяса. Пасля мяне, таксама папярхнуўшыся, з кварты дапівае Юрка.
А нішто сабе — і выпіўка і гарачая бульба (каб яшчэ да яе хлеба). Паспешліва, з лёгкім шумам у галаве, ямо. А з душы ўжо хлынае, ірвецца разам перажытае, тое, што адышло ў нябыт ды раптам уваскрэсла для мяне разам з прыходам Юркі.
— Слухай, а ты Драздоўскага не сустракаў?
— Драздоўскі ж загінуў. Яшчэ на Дняпры. Пад бамбёжку трапіў.
— Глядзі ты! Такі асцярожны. А дзе гэта памстаршына наш, Адзінокаў?
— Го, Адзінокаў! Адзінокаў камбатам быў стаў.
— Камбатам?
— Ну. Ды ненадоўга. Ногі адарвала. Нядаўна, пад Пяціхаткай.
— Шкада трохі. А наогул, паскуда ён.
— Паскуда, праўда, — згаджаецца Юрка.
— А не ведаеш, куды Кузняцоў Валька папаў?
— Кузняцоў? Разумееш, не ведаю нават, дзе ён і ваяваў. У яго ж бацька генерал. Памятаеш, ехалі на фронт, — усё кпілі з яго: Кузняцоў, маўляў, да бацькі ад’ютантам пойдзе. А я неяк аднаго разу, — пагадзі ты, не ведаю ўжо, дзе гэта і было, — неяк адышоўся ад дарогі ў бок, да магілкі. Гляджу — таблічка. Чытаю: малодшы лейтэнант Кузняцоў вэ эс… Точна. Наш Валька. Вось табе і ад’ютант…
— Да-а… Ну, ты еш. Бяры во гэтую костку.
— Не, костку ўжо ты бяры. Я бульбу.
Бульбу мы ямо дружна, костка на вечку застаецца — яе не падзеліш. Чорт з імі — танкамі, я ўжо іх не баюся! Урэшце, нічога яны нам не зробяць. Ротмістраўцы з пятай танкавай ужо, мусіць, акружылі Кіраваград. Мы наступаем, наша перамагае. Пляваць нам на тыя танкі, хай сабе дратуюць у стэпе кукурузу. Заўтра падваляць «ІЛы», зробяць ім Сталінград…
Мне робіцца добра, лёгка, нават весела. Я люблю Юрку, Кацю, гэтага арапістага сяржанта ў дэсантнай куртцы. Тых вунь санітараў, што з блажэннымі ўсмешкамі на зашчаціненых тварах падпіраюць плячыма печ. I нават немца. О, як ён мірна і старанна выскрэбвае бульбу з кацялочка — любата глядзець!..
Гамана ў хаце большае, ажыўленне расце. Ужо не-не ды раздасца смех. Параненыя забыліся на свой боль. I ўсё Юркава фляжка!
У куце сярод воблака махорачнага дыму нехта разважліва, са стоеным жаданнем уразіць сваёй удачлівасцю, нетаропка, смакуючы цыгарку расказвае:
— Да-а. Я гэта даўно запрыкмеціў. Душа, яна пачуццё сваё мае. Яна, брат, таксама кіруе. Надоечы ляжу пад плотам — во там сяло бралі, не ведаю, як і завецца. Ляжу гэта, зацішна, кулі верхам ідуць. Здаецца, ляжаць бы ды ляжаць. Чым не схованка. Ды нехта мяне бы штурхае — ану, Пятро, перабягай! Не хочацца ўставаць, кулі свішчуць. Але неяк устаў і — цераз плот, бліжэй да хаты. I толькі гэта ўпаў, ззаду як ірване. Увакурат на тым самым месцы, дзе я ляжаў.
У другім баку, ля перагародкі, напэўна, сабраліся бывалыя, і ў іх ужо іншая тэма.
— Куля што! Куля акуратная. Цюкне і — маленькая дзірачка…
— Асабліва калі навылёт.
— Бы камар укусіць. Месяц, і ўсё гатова.
— Ну, не кажыце. Бывае з рыкашэта каторая, тожа рве добра.
— Куля, куля! Асколак, во хто калечыць…
— Асколак, яно канешне.
— На чвэрць разварочвае. Ды яшчэ дактары на дзве чвэрці распаласуюць.
— Ага. Рассячэнне гэта называецца. Я ведаю. Ужо чацвёрты раз трапляе.
— Ну. Во тады паякочаш. На квартал, не меней.
А аднекуль, са змроку, між людской гаманы прабіваецца ціхі, раздумны голас чалавека, у якога, відаць, набалела на душы, ные і патрабуе падзяліцца. Але не з усімі наўкола, а, пэўна, з адным, тым, хто зразумее і не абсмяе, не пакпіць.
— Панімаеш, прыйшоў… А яна ля мяне ўвіваецца… Кажу, як жывеш, Глафіра?.. Так спакойна, але гляджу, мяльцешыцца ў вачах. А знаеш, людзі мне ўжо што-колечы шапнулі… Сцерва, кажу, каму ізмяняеш? Савецкаму байцу ізмяняеш… Панятнае дзела, рамень ён хоць і брызентавы, ды каляны… Ну, завязаў вешчмяшок і — на станцыю… Капітан кажа: «Ты што, Сакольнікаў, дасрочна?» Дасрочна, кажу, жалаю хутчэй врагоў біць… «Маладзец, — кажа, — патрыёт. Бярыце прыклад з радавога Сакольнікава».
Накінуўшы на сябе паўшубак, цераз людскія ногі да нас пералазіць Каця.
— Ану, пасунься…
— Калі ласка, сястра, — кажа Юрка і паслужліва адсоўваецца, даючы ёй месца ля сцяны. Каця моўчкі садзіцца, захінуўшы калені палой паўшубка.
На ложку з п’яным задавальненнем на твары асклабліваецца сяржант.
— Ганс, ком!
Немец з выдрэсіраванай гатоўнасцю ўскоквае з падлогі.
— Ты за каго? Ану, скажы! Каб усе чулі.
Палонны стараецца зразумець, але гэта яму не ўдаецца, і ён пакутліва лыпае вачыма. Сяржант растлумачвае:
— Ну, хто ты? Буржуй? Рабочы? Фашыст?
– Іх бін дойч лерэр! — урэшце здагадаўшыся, аб’яўляе немец.
Але байцы наўрад ці разумеюць яго і няўцямна глядзяць з куткоў, з лаўкі, з падлогі. Яны пакуль што адваявалі сваё і цяпер добрыя. У вачах задаволенасць і спакой. I хоць бялеюць у змроку забінтаваныя рукі, ногі, галовы, але тое ўспрымаецца цяпер не як бяда, а амаль як удача, бо галоўнае — жывыя. I калі ўсё ж баліць дзе, дык хіба ў тым віна гэтага вось ціхманага, услужлівага і нават палахлівага немца, які здаўся ў палон? Немец, відаць, гэта адчувае і спакойна глядзіць, як з кутка да яго падступае нізенькі, рабатвары, у абмотках пехацінец. Пад накінутым шынялём у яго тоўста забінтаванае плячо. Гэта, здаецца, той, што непакоіўся, а ці налілі немцу выпіць.
— Слухай, фрыц! А ў цябе дзеці ці ёсцека? — пытаецца ён.
Немец няўцямна пазірае на яго.
— Ну, дзеці, панімаеш? Малыя, во такія?
— Кіндэр? — здагадваецца немец і паспешліва адказвае: — Цвай кіндэр. Дава дзіеці…
— I ў мяне двое дзяцей! — нібы здзіўляецца пехацінец, і ягоны рабаваты твар ззяе прастадушным задавальненнем.
I тады з-пад шынялёў з кута вылазіць вялікая цёмная постаць. Не разбіраючыся, што пад нагамі, на кагось наступіўшы і хіснуўшыся, гэты чалавек кідаецца да немца.
— Брэшаш, гад! Свалата ты! Ух, я цябе!..
Вялізны і нязграбны, у прамазучанай целагрэйцы, ён дрыготкімі рукамі выдзірае з кірзавай кабуры наган і шчоўкае, узводзячы курок.
Немец адступае на крок, рукі яго інстынктыўна ўскідваюцца насустрач танкісту.
— Стой! — крычыць з ложка сяржант.
— Ты што?! — крычу я, нязграбна ўстаючы з-пад сцяны.
Нехта яшчэ крычыць. Побач хутчэй за мяне ўскоквае на ногі Юрка. Адною рукой ён хапае танкіста за локаць.
— Спакойна! Спакойна!
Сяржант, саскочыўшы з ложка, засланяе немца.
— Ану, схавай пушку! — уладарна загадвае ён. — Ваяка!..
— Навошта ж дзяцей гэта самае… сіраціць? — збянтэжана пытаецца васпаваты баец.
I тады вялікі ўзрываецца:
— Ах, дзяцей! Такую вашу матары! Ягоных дзяцей шкада! А маіх хто шкадаваць будзе?
Ён бухае кулаком у свае грудзі. На буйным касцістым твары яго лютасць, вусны дрыжаць, вочы закаціліся пад лоб і не абяцаюць дабра. Але ўсё ж хлопцы не дадуць тут яму ўчыніць забойства. За сяржантам, прыкметна апанураны, стаіць немец.
— Што ты ўсхапіўся, як Гітлер? — кажа да байца сяржант і кладзе руку на яго плячо. — Ты ж рускі. Рускі, так? Ну, дык чаго ж ты, як бандзюга, пушку настаўляеш? Ён жа палонны…
У хаце робіцца ціха. Чуваць, як у куце стогне абпалены лётчык. Ягоны вялізны сусед яшчэ раз надзяляе немца ненавісным позіркам і неахвотна вяртаецца да таварыша. Здаецца, канфлікт ліквідаваны. Сяржант, перш чым узлезці на ложак, лёгенька штурхае немца.
— Не дрэйф, Гансік. Давай, траві далей…
Немец нерашуча яшчэ ступае на вальнейшае месца.
– Іх бін кайн нацы. Іх бін лянд лерэр[4], — даводзіць ён пацішэлым голасам.
Я апускаюся ля сцяны, побач садзіцца Юрка. Каця, хутаючыся ў паўшубак, кажа:
— Не веру я яму.
— Ну, чаму? — не згаджаецца Юрка. — Бываюць і сярод іх людзі. Калі рабочыя. Ці настаўнікі.
— Гад ён, а не настаўнік.
— Чаму так?
— Так.
— Гэ! А гэта што такое? — здзіўляецца сяржант. У ягоных руках каўпачок ад Юркавай фляжкі, у які ён наліваў суседу па ложку. Каўпачок стаіць некрануты.
— Эй, землячок! Ты што — махлюеш?
Ён ашчадна штурхае параненага ў плячо, які яшчэ нядаўна трудна стагнаў, а цяпер і не кратаецца.
— Эй! — сяржант устрывожана прыглядаецца да яго твару. — Вось табе і на! Ён жа «ўжо»!..
Да ложка падыходзяць санітары, устае ад сцяны Каця. Яны доўга мацаюць у байца пульс, ды, здаецца, той сапраўды «ўжо».
— Фу ты, халера! — не стрымлівае прыкрасці сяржант. — I сто грамаў не дапіў, дзівак…
Санітары ў маўклівай зацятасці нязграбна, за полы шыняля, сцягваюць з ложка труп і, напусціўшы сцюжы, выносяць яго з хаты. Ім памагае немец, які потым, не ведаючы, дзе сябе дзець, ціснецца да парога. Але яго адразу прыкмячае сяржант.
— Ганс, ком сюды! Месца ёсць. Ну, але плакаць не будзем. За здароўе землячка! — кажа ён і спрытна куляе каўпачок. Немец пачціва сядае на ложку.
— На здрове!
Сяржант кракае ад задавальнення і ляпае немца па плячы.
— Правільна, Ганс. Але дзе ты гэтак па-руску навастрыўся?
— Русішэ шпрэхен? О, біль фаль, — сціпла адказвае немец.
Фаль! Быццам знаёмае слова, але я ўжо не памятаю, што яно азначае, у галаве маёй усё стомлена і п’яна блытаецца, і я гукаю сябра:
— Юрка! А, Юрка!
Юрка, прысланіўшыся да сцяны, маўчыць. Я зазіраю ў яго заценены твар: вось табе і на — ён жа заснуў!