Нас ссаджваюць з танкаў і зводзяць у адно месца на вуліцы. Набіраецца чалавек з дзесяць — здаровых, што ўначы прыбіліся сюды з іншых часцей, і параненых. У тым ліку трое цяжкіх — Юрка, адзін аўтаматчык з прастрэленым жыватом і ўсё той жа лётчык. Дзіва, які ён жывучы — мабыць, перажыве ўсіх! На шчасце, з намі зноў Каця. Грубавата прыкрыкваючы, яна адразу распараджаецца перанесці ляжачых у хату.
Астатнім загадана чакаць, і мы моўчкі стаім пад глухой, пакрэмзанай вугалем сцяной мазанкі, пакуль ад першых у калоне танкаў хуткім крокам да нас не падыходзіць знаёмы падпалкоўнік. З ім поплеч Сахно. Пусты рукаў капітанскага паўшубка лёгка целяпаецца ля боку.
— Ну як, арлы? Далі жару? — жвава пытаецца падпалкоўнік і сам сабе адказвае: — Далі, сволачы! Лепшыя экіпажы ўгробілі. Значыць, так: далей пойдзеце самі. Мы павяртаем контратакаваць. А вы да Лялекаўкі. Восем кіламетраў. Ясна?
Мы ўсе маўчым. Восем кіламетраў — не многа, але пры той умове, калі здаровыя ногі. А калі прастрэленыя? Ды яшчэ трое цяжка параненых? Як іх дацягнеш? Толькі пра што пытацца — і так дзякуй гэтаму чалавеку за яго добрасць. Не пакінуў, як іншыя — выхапіў амаль з-пад агню. Цяпер у яго свой клопат.
— Ну, ясна не ясна — нічога не папішаш! З сабой я вас не вазьму. Самі разумееце. Тут заставацца не раю. Раніцай яны зноў удараць. — Падпалкоўнік махае рукой па дарозе. — Дык так: старшы вось гэты капітан, — ківае ён на Сахно. Той моўчкі пераступае на снезе. — Ён павядзе.
«Здорава!» — думаю я. Усё жыццё марыў мець такога старшага. Лёс ці д’ябал нібы насміхаецца з мяне. Але чорт з ім. Хай вядзе. Камандзіраў, на жаль, не выбіраюць. Паглядзім, як прывядзе. Падпалкоўнік паварочваецца і рухава крочыць да пярэдніх машын, якія ўжо заводзяць маторы. Зараз жа па адной яны пачынаюць зрывацца з месца, і неўзабаве мы застаемся адны. Месяца ўжо няма, угары гаснуць зоркі, цьмее няроўная паласа Млечнага Шляху. Здаецца, пачынае світаць. Нязвыкла ціха і пустэльна робіцца на вуліцы гэтага маўклівага сяла, у хацінах якога дзе-нідзе ўжо слепа асвечваюцца вокны.
Калі танкавы грукат на вуліцы глохне, да нашай прымоўклай кучкі падступае Сахно.
— Так… Усе тут? Раз, два, тры, чатыры, пяць…
— Трое цяжолых у хаце, — кажа нехта з параненых. Сахно адразу пакідае лічыць.
— Чаго гэта ў хаце? Ану, усіх сюды!
Некалькі чалавек здаравейшых, рыпучы снегам, ідуць цераз вуліцу ў хату і неўзабаве вывалакваюць адтуль двух. У адным я яшчэ з вуліцы пазнаю Юрку. Яго нясе немец і танкіст у ватоўцы — камлюкаваты, плячысты хлопец, відаць, адзін з нямногіх, каму ноччу пашэнціла, страціўшы танк, застацца ў жывых. Лётчыка нясуць двое разведчыкаў у белых падраных маскхалатах, якіх падпалкоўнік далучыў да нашае групы. Ззаду іх ідзе Каця. Сахно нецярпліва ступае насустрач.
— Та-ак… А дзе трэці?
— Там, — кідае на хату Каця. — Не варта чапаць.
— Гэта чаму?
— Чаму, чаму… Безнадзейны. Даходзіць.
Сахно хвіліну маўчыць, відаць, нешта рашае, а пасля азіраецца і ківае на мяне:
— Ану, давайце па трэцяга!
— Я не магу.
— А калі цераз «не магу»? Я загадваю.
— Што яго браць? — агрызаецца Каця. — Памірае чалавек. Што яго мучыць?
— Не ваша справа. Бярыце параненага! — ледзяным тонам загадвае Сахно, стоячы ў насунутай на лоб кубанцы і задзірыста выставіўшы наперад квадратны свой падбародак.
Каця ўпаўголаса кідае да яго нешта абразлівае і вяртаецца ў падворак. За ёю кульгікаю я.
Паранены, увесь мокры ад поту, нерухома ляжыць на ложку. Над яго галавой гарыць газнічка. Ля парога з гаротным, мокрым ад слёз тварам хутаецца ў кажушок напалоханая жанчына.
— Ой, дзетачкі! Ой, лышанько! Куды ж вы ёго? Він жа такі слабы…
— Ану, пастараніся, цётка, — безуважна да яе гаманы кажа Каця і прыўзнімае небараку— Дайце якое радно.
Пакапаўшыся ў рыззі, гаспадыня рассцілае на падлозе нейкую пасцілку, і мы перакладаем на яе параненага. Але ён распрануты, увесь у бінтах і без шыняля, як яго несці?
— Цэ ж він замэрзне, загубіцца!.. Ой, у ёго ж матуся е дзесьці, — ледзьве не галосіць жанчына і скідае з сябе кажушок. — Натэ, ухутайце, усё тэплішэ будэ.
Цётка пачынае свяціць над галовамі газнічкаю, Каця хутае аўтаматчыка ў паўшубак і незнарок наступае на маю нязграбную аббінтаваную нагу. Я ледзьве не падаю ад болю.
— Яшчэ не адмарозіў? Ну, дык адмарозіш! — зацята абяцае Каця. — I гангрэна яшчэ насядзе. Чакай! — I раптам са злоснаю нястрыманасцю гукае: — Ану, рвані! Годзе корчыцца.
Наступіўшы нагой на рукаў кажушка, яна спрабуе яго адарваць, але не можа і кідае ў мае рукі. Я рву мацней, яна прытрымлівае, і рукаў урэшце з трэскам адрываецца.
— Ой, што ж вы робытэ? Што вы ірвэтэ маю адзежыну! Каб вам рукі адірвала, ногі папераламала! — раптам сварліва прыгаворвае жанчына.
Каця строга прыкрыквае на яе:
— Замаўчыце! Вам не ўсё роўна? Таго шкада, а таго не.
— Нялюдска ты людына! Лайдачка. Моя світка, што вы наробылы!
Чорт, звязаліся яшчэ з гэтай кабетаю! Раскрычалася, быццам яе хто падмяніў… Мне няёмка і хочацца кінуць ёй і рукаў і кажушок, абы адчапілася. Але Каця, не зважаючы на сварку, загадвае:
— Во і нацягвай. Цёпла і мякка будзе. На марозе дзякуй скажаш.
Я маўчу, зацяўшы ў душы няёмкасць, і моўчкі дзякую гэтай агонь-дзяўчыне. Акалелай назе ў рукаве сапраўды робіцца ўгрэўна і мякка, трохі, праўда, нязграбна, але не бяда. Галоўнае цёпла. Да болю я ўжо прытрываўся.
Мы выносім чалавека на вуліцу, дзе нас чакаюць, і Сахно нецярпліва падыходзіць да Каці.
— Усе?
— Усе.
Капітан яшчэ раз акідвае байцоў працяглым маўклівым позіркам (напэўна, лічыць) і, нічога не сказаўшы, ідзе ўсё ў тую ж хаціну. Калі крокі яго сціхаюць, Каця апускае параненага на снег.
— Гад!
Я не пытаюся — я ўжо ведаю, пра каго яна гэта. I я маўчу, бо сам гэткай жа думкі аб нашым начальніку. Цяпер — я ведаю — ён пайшоў правяраць, ці не застаўся там хто. Нам ён не верыць. Ну і якраз дарэчы, там расплачацца тая кабета, будзе скандал. I сапраўды, неўзабаве вярнуўшыся, Сахно строга аб’яўляе:
— Вось што! Без майго дазволу ў хаты не заходзіць! Кожны адказвае за сябе і за суседа таксама. Параненых не пакідаць. Што б там ні пагражала. Насельніцтву залішне не давяраць.
— Ды ўжо ж?! — упаўголаса сумняваецца нехта ззаду.
Сахно, аднак, пакідае рэпліку без адказу.
— Калі ў выпадку прыпячэ, жывымі не здавацца. Ясна? Зброя ёсць? У каго няма — я памагу. Слабанервовым таксама. Пытанні будуць?
— Ясна. Не на лекцыі. Хутчэй трэба, — кажа танкіст.
— Гэта не лекцыя! — змрочна аб’яўляе Сахно. — Гэта загад. I я патрабую яго выканання.