— Ну, можа, і па трэцяй? Раз не пашанцавала з гасцініцай, дык хоць вып’ем, — расчырванеўшыся з твару і прыкметна падабрэлы, кажа Гарбацюк. — А чаму не ясі?
— Я ем.
— Што гэта за яда! Успомні, як, бывала, на фронце елі… Кацялок пшонкі на двух і праз хвіліну — як вылізаны. Ардынарцу і мыць не трэба.
— Кацялок давалі на чатырох. Прынамсі, у пяхоце.
— Ну, у пяхоце я не быў, — дабрадушна прызнаецца Гарбацюк.
Перад намі яшчэ нешта блішчыць у графінчыку. Ён пад’еў, паўнаватыя яго шчокі сыта блішчаць, вочы жмурацца ў добрасці. Я таксама гатовы падабрэць. Урэшце, чорт з ім, з гэтым Сахно! Памыліўся — дык яшчэ і лепш. Навошта мне з ім сустракацца? Ды і наогул ці жывы ён? Напэўна прыбілі дзе немцы, і ўсё. А я дваццаць год турбаваўся…
Гарбацюк адкладвае відэлец і камечыць у кулаку папяровую сурвэтку. Я аблакачваюся на стол. Карціць даведацца пра яго да канца. Каб ужо без сумненняў.
— Скажыце, вы не танкіст?
— А як жа! Танкіст! — з ганарлівай радасцю кажа Гарбацюк. — Тры гады ў танкавай арміі. Ад Вялікіх Лук да Берліна. Усе сцежкі-дарожкі прайшоў.
Выбух вясёлага смеху за ягонай спіной абрывае фразу. Ля чарнушкі, паклаўшы на яе плячо шырокую руку, усміхаецца плячысты бландзін.
— А цішэй нельга? — строга пытаецца Гарбацюк.
— Можна, — адказвае крайні за сталом, круглатвары і светлабровы ў цёмным гарнітуры хлапец. — Эрна, просяць на паўтона ніжэй.
— На паўтона ніжэй! — з гуллівай уладарнасцю загадвае Эрна суседу.
Той, пачакаўшы, пакуль за сталом уціхне ажыўленне, з тым жа знарочыстым пафасам гаворыць далей:
— Ну, скажыце! Скажыце, чаму я яе кахаю? Што ў ёй? Пастава? Грацыя? Хараство? — наіўна акругляючы вочы і жэстыкулюючы шырокай далонню, пытаецца ён. — Шпінгалет! Каго яна можа нарадзіць, такая блыха? Хіба што другую блыху. Гэта ў біялагічным плане. А ў грамадска-палітычным?..
— Адставака! Хвост па палітэканоміі… — самавыкрывальна напамінае Эрна.
— Грубіянка! — падказвае бліжэйшая да яе бландзінка.
Іншыя за сталом крычаць:
— Задзіра і насмешніца!
— У сценгазеце прадзёрнута!
— Паспрачалася з рэктарам…
— Правільна. Усё правільна. Дзякуй за дапамогу. Суцэльны перажытак мінулага. I часткова будучага. А я кахаю яе. I ўсё! Дык вытлумачце, чаму? Вы! Філосафы! Маралісты! Камсоргі! Біёлагі! Чаму, га?
Ён прытворна паціскае плячыма. Хлопцы наперабой штось спрабуюць давесці. Адна Эрна вельмі хітра ўсміхаецца пад яго рукой. Яна-то разумее гэта ягонае «чаму».
— Ну дык што ж! Узялі? — дзеля прыліку пытаецца Гарбацюк і разлівае рэшту. — Як кажуць, каб не апошнюю…
— Ну…
— А ўрэшце куды спяшацца? Пасядзім да закрыцця. — Ён адстаўляе чарку і закурвае. Смачна зацягваецца. Пасля ўглядаецца ў мяне.
— Гляджу, нешта невясёлы. Што, характар такі?
— Характар.
— Адкуль прыехаў?
— Ды тут недалёка. З-пад Мінска.
— Ага. Беларус, значыць. А дзе працуеш?
— У клубе.
— Значыць, па культурнай лініі?
Мне непрыемны гэтыя роспыты, і, каб іх прыпыніць, я звяртаюся да яго:
— А вы на якой лініі?
— Я? Юрысконсульт. На паўстаўкі. Болей нявыгадна — пенсію рэжуць.
— Зразумела. Пенсіянер?
— Ды накшталт. Пяцьдзесят два гады. Але ў мяне выслуга. Усяго дваццаць восем. З ільготнымі, вядома.
«Нішто сабе, як кажуць, пратрубіў чалавек! Дваццаць восем год салдацкае лямкі — не жарты! У мяне тры, і то перажыванняў на ўсё жыццё…»
— Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.
Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:
— Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку…
Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.
— Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж…
За сталом я астаюся адзін.