Мы доўга яшчэ брыдзем прыціхлаю вуліцай, пакуль выходзім з сяла.
Тым часам настае ранак. Неба канчаткова растварае ў сабе світальную рэдказорную сінь і святлее. Гаснуць дробныя зоркі. З шэрага сутоння выступае пярэстая сельская аколіца. Ля мастка цераз ручаіну стаіць збочаны, з адкрытымі люкамі танк, падбіты ці пакінуты — не зразумееш. Далей, востра смердзючы разлітым па снезе бензінам, валяюцца два перакуленыя матацыклы з каляскамі. Яшчэ далей, на ўзбочыне горбіцца бок конскага трупа з утаптанай у снег грывай. Ля дарогі некалькі чорных аграмадных варонак — значыць, і тут бамбілі. Тут пачынаецца поле, вялікае гэта сяло скончылася. На высокім слупе тырчыць указальнік з чорным гатычным надпісам: «Gruskoe».
Разам з танкістам і Кацяй я нясу Юрку. Мой сябар ціха гойдаецца на трохкутнай нямецкай палатцы і нават не стогне. Мне чамусьці здаецца, што ён проста стаміўся і спіць. Прынамсі, вельмі хочацца, каб было так. Хай паспіць яшчэ, хай! Бо што я скажу яму, калі ён ачнецца? Чым абнадзею яго, калі сам не ведаю, дзе мы і куды ідзём.
Дарога за сялом крута загінаецца па схіле ўгору. Наматаўшы на руку парусінавы рог палаткі і вельмі ашчаджаючы параненую нагу, я марудна шкандыбаю ў каляіне. З другога боку валюхае танкіст — чорны, як грак, чубаты хлапчына ў прамазучанай целагрэйцы. На ягонай галаве — камандзірскі, на футравай падкладцы танкавы шлем з шлемафонам, провад якога целяпаецца на плячы. Дарога на пад’ём добра ўпарыла танкіста, хлопцу душна, і ён усё спіхвае шлем на патыліцу. А ў мяне ўжо, мабыць, адмерзла галава. Хочацца папрасіць шлем, ды ці варта: не дасць. Каця прытрымлівае палатку ззаду. Двое разведчыкаў наперадзе валакуць дахадзягу аўтаматчыка. Ззаду за ўсімі, дужа сагнуўшыся, нясе на сабе бездапаможнага лётчыка немец. Гэта яго прымусіў Сахно. Дарэчы, інакш і не панясеш — няма каму. I лётчык, відаць, зразумеўшы нешта, ужо не патрабуе, як раней, забіць немца. Прыціхлы, ён цярпліва сядзіць у таго на спіне, абхапіўшы забінтаванымі рукамі-култышкамі доўгую немцаву шыю. Адзін толькі капітан улегцы крочыць збоку. Але ён таксама паранены, ну і да таго ж — начальства…
Урэшце невялічкая наша група ўзбіраецца па пагорку на стэпавую разлегласць і спыняецца. Не згаворваючыся, мы разам кладзем параненых на снег і знямогла падаем побач. Сахно трохі марудзіць, але пагаджаецца:
— Пяць хвілін!
Мой напарнік-танкіст, шырока расставіўшы ў каляіне свае кірзачы, з лёгкаю зайздрасцю кажа пра яго:
— Строгі!
— Дурны, а не строгі, — папраўляе Каця.
Лежачы на баку, яна клапатліва захінае на Юрку паўшубак. Юрка дробненька дыхае. Танкіст павяртае да яе голаў.
— Ну, чаму? Не ведаю, як хто, а я люблю строгіх. З імі ў баі лягчэй.
— Нядоўга ты, мусіць, у баі быў, — кідае Каця. Танкіст зноў збочвае разгарачаны твар. Вочы яго хмурнеюць.
— Ды ўжо ж, мусіць, больш за цябе. З-пад самага Курска газую.
Каця іранічна хмыкае:
— З-пад Курска! Ваяка! Ты б у сорак першым пагазаваў! Або ў сорак другім! Лацно цяпер газаваць…
— Ты ўжо з сорак першага? — недаверліва азірае танкіст дзяўчыну.
— А ты што ж думаў? Са жніўня сорак першага. Пабачыла такіх вас. Строгіх і ласкавых.
— Яно і відаць! — хітравата зазначае танкіст і адным вокам падміргвае мне.
Я, аднак, не падзяляю ягонай іроніі — Каця для мяне ўжо набыла сваю асаблівую годнасць, якую не можа прынізіць нічога з таго, што ён мае на ўвазе.
Зрэшты, мне не да размоў. Я ўжо адчуваю, што сілы мае канчаюцца. Баюся не вытрываць. Мокрая ад поту спіна пачынае люта мерзнуць, а ў грудзях па-ранейшаму ўсё гарыць ад знямогі. Зноў жа — нага. У ступні быццам тузае хто за які нерв: нага на снезе сама па сабе прыкметна торгаецца. Болю ў ёй, аднак, я не чую, сцюжы таксама. Яна паступова робіцца мне чужой. Гэта, ведаю, кепска.
Здаецца, мінае ўжо болей за пяць хвілін. Хлопцы зморана сапуць, разваліўшыся ў доле. Я пазіраю наперад, дзе сядзяць двое разведчыкаў, і думаю: хоць бы ўжо канаў хутчэй той іх аўтаматчык. Можа, гэта подла — жадаць смерці таварыша, але інакш мы тут, пэўна, засядзем. Аднак там, здаецца, штосьці адбываецца. Адзін разведчык нешта капошыцца над бедалагам і неўзабаве гукае Кацю:
— Эй, сястра. Глянь-ка сюды…
Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.
Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?
Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны — шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе… Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.
Я стараюся зацяць у сабе трывогу і пазіраю на Юрку. У высока паднятым каўняры паўшубка знерухомеў на снезе ягоны засяроджана-знямоглы твар. Юрка ўсё ў непрытомнасці, і калі б не рэдкія ціхія стогны, здаваўся б зусім нежывы. Танкіст спакойна хрумстае сабе снег, бы нічога асаблівага навокал няма. Я ж прыслухоўваюся да галасоў тых, ля аўтаматчыка, і разумею: Сахно загадвае несці нябожчыка далей. Разведчыкі ж аднекваюцца. Каця маўчыць. Вядома, нягожа пакідаць яго на дарозе, але і мы не жалезныя… Я ўстаю і, больш чым дагэтуль кульгаючы, падыходжу да капітана. Сахно, адкінуўшы палу паўшубка, засоўвае ў кішэню дакументы памёршага.
— Трэба пра жывых болей падумаць!
Сахно крута павяртаецца да мяне і высока ўскідвае няголены свой падбародак.
— Гэта вы пра што?
— Пра тое, што чулі. Хай байцы бяруць малодшага лейтэнанта.
— Вашага сябра?
— Сябра. Ну і што ж? Або таго, — ківаю я ў бок лётчыка, які цярпліва скурчыўся ля немца.
— Што, немца шкада?
— Не шкада, а брыдка.
— Ах, брыдка! А я думаў, шкада. Спачуванне, так сказаць, — сцяўшы квадратныя пашчэнкі, кпліва цэдзіць Сахно. I раптам уладарна загадвае разведчыкам: — Узяць труп!
Спатнелыя і стомленыя, разведчыкі пераступаюць з нагі на нагу. Запэцканыя і падзёртыя іх халаты падпяразаны скуранымі нямецкімі дзягамі. I раптам у аднаго ля спражкі я бачу знаёмыя гранаты. Так і ёсць: выскраблены чымсьці вострым надпіс «Коваль М.». Я не магу ўтрымаць здзіўлення і раблю крок да разведчыка.
— Слухай, ты дзе іх узяў?
Замест таго каб адказаць, разведчык чамусьці тузае галавой, хіліцца, хіліцца да мяне і раптам усім целам грузна валіцца на дарогу. У наступнае імгненне, не паспеўшы здзівіцца, я таксама падаю. У паветры над галовамі праносіцца блізкая чарада куль: «Жві-у, жві-у, жві-у…» Немцы?
Я тут жа крута перакідваюся тварам назад — ну, вядома ж, мы праваронілі — у сяле немцы! Чатыры ці пяць аўтамашын або транспарцёраў (а можа, і танкаў) сунуцца па вуліцы, і з пярэдняй у наш бок джгаюць бляклыя ўранку трасы.
Зразумеўшы ўсё, я рыўком кідаюся да Юркі. Побач усхопліваецца з долу танкіст. Ззаду да нас падбягае Каця. Танкіст азіраецца і ашалела лаецца нядобрымі словамі:
— Гад, здурнеў, ці што? Пэўна ж, свой…
— Свой! Знайшоў сваяка! Трымай палатку! — крычыць Каця.
— Бягом! Бягом! — крычыць зводдаль Сахно (ці, можа, разведчык).
Мы ўтрох нязграбна хапаем Юрку, але яго цела тут жа спаўзае з вузкай палаткі на дол. Новая чарга пырскае ў вочы снегам. Каб затуліцца ад куль, я рэзка пхаю сябра ў каляіну, дзе глыбей, і звальваюся туды сам. Калі чарга мінае, ускочыўшы, падхопліваю Юрку пад паху. Побач узнімаецца з долу танкіст. Усё лаючыся, ён рэзка рве яго за другую руку, ногі падбірае Каця. Над галовамі зноў імпэтна праносіцца агняны струмень, але міма. Здаецца, мы цэлыя. Адчуванне маё прытупляецца, у гарачцы дубее развага, і адзінае, амаль падсвядомае імкненне вымушае: «Хутчэй!» Я ўжо не азіраюся, уся мая ўвага скіроўваецца толькі наперад. Сахно і разведчык, прыгнуўшыся, далёка бягуць па дарозе. За імі цягне лётчыка немец. Другі разведчык ляжыць між каляін побач з трупам аўтаматчыка. Вядома, тыя іх кінулі. Але і нам няма як затрымлівацца — хутчэй! Хоць бы якіх сто крокаў за пагорак — там бы мы захінуліся.
Чэргі б’юць то пад ногі, то праносяцца паўз галовы, вецер абдае снегавым пылам. Мы ўскокваем і зараз жа падаем, але з усіх сіл валачом Юрку. Урэшце, каторы ўжо раз распластаўшыся ў каляінах, бачым — схаваліся. Сяла не відаць, кулі ідуць верхам. Тады мы аслабела ўстаём, і я аддаю сябра танкісту, які за каўнер дужа цягне яго за сабой па каляіне. Я плятуся апошні і слухаю: вось-вось загрукочуць маторы.
Эх, чорт, трэба гранаты! Як трэба цяпер гранаты. I я лаю сябе, што не ўзяў тыя, у разведчыка. Толькі як было ўзяць?..
Наперадзе снегавая роўнядзь, і па ёй пралягае дарога. Далей два рады слупоў, нейкая будыніна, — там, здаецца, чыгунка. Туды аслабела клумаюць Сахно і разведчык. Разведчык, аднак, прыпыняецца і, прычакаўшы, пачынае памагаць немцу. Юрка ў надзейных руках танкіста і Каці. А я ўжо не магу. Я дастаю з-за спіны мой карабін і падаю ў каляіне.
Памерці, ці што? Пэўна, гэта было б удачай — так вось ціха заплюшчыць вочы і сканаць. Толькі, ведаю, такая смерць — для мяне раскоша. Будзе зусім інакш: перабітыя косці, разарванае цела, кроў і пакуты… I будзе хутка — вось-вось. Як толькі пакажуцца з балкі немцы. Тады і канец…
Аднак у магазіне чатыры патроны. Я перазараджаю карабін і пачынаю чакаць. Каляіна пада мной мелкая і шырокая. Грубы след «студэбекера» сям-там зацёрты Юркавым целам. Камякі снегу. Сляды. Конскі памёт. Калі добра пацэліцца, першымі стрэламі я магу падбіць пару фрыцаў. На большае разлічваць цяжка. Але і для таго трэба аддыхацца, супакоіцца. Хоць бы паспець!..
Аднак немцаў няма. I з-за пагорка не чуваць нічога. Што за дзіва? Нешта даўгавата яны марудзяць. А можа, ім напляваць на нас? Можа, павярнулі куды на іншую дарогу?
Я азіраюся. Танкіст з Кацяй на ўвесь рост нясуць Юрку. Астатнія ўжо ля будыніны. Здаецца, там пераезд. Якое-ніякое сховішча. I, значыць, жыццё… Гэта раптам абнадзейвае. А можа, і я паспею!