…Снег. Дарога. Калона…
Мільгаюць боты, валёнкі, гамашы. Матляюцца па ветры заснежаныя полы шынялёў. Шархацяць залубянелыя, абмёрзлыя палаткі.
— Старшы лейтэнант Кротаў — у голаў калоны!
Паўтораная зычнымі, глухімі і сіпатымі ад прастуды галасамі коціцца па калоне каманда. Апошнім яе выкрыквае нехта з тых, што замыкаюць калону пярэдняй роты. Выкрыквае і задаволена паварочваецца, нібы для таго, каб убачыць, якое ўражанне на батальён зрабіў яго натужлівы, хрыплаваты голас. Гэта зусім блізка, і я, ідучы ззаду, бачу немалады ўжо, азызлы ад сцюжы твар, сціснуты вушамі падвязанай пад барадой шапкі. Углядаючыся, баец выцягвае з каўняра маршчыністую шыю і спыняе на кімсьці свій позірк. Тады і я паварочваюся. Камандзір шостай стралковай роты Кротаў, апяразаны па ватоўцы дзвюма кавалерыйскімі партупеямі, нібы не чуючы выкліку, валюхаста брыдзе па сыпкім снезе ўзбочыны. Як заўжды, у яго цёмных, зласнаватых вачах лішак зацятае камандзірскае строгасці.
— Вас — у голаў калоны, — кажу я, падумаўшы, што ротны недачуў каманду.
Кротаў, аднак, не зірнуўшы на мяне, ваўкавата кідае:
— Чую. Не аглух!
Калона тым часам памалу спыняецца. Заднія яшчэ зморана валакуцца па растаптаным сотняю ног снезе, а пярэднія ўжо спяшаюцца выкарыстаць кароценькі няўрочны прыпынак і паспешліва знімаюць з сябе ацежалелую за дарогу зброю. Тырчком, прыкладамі ў снег, дзёўбаюць даўжэзныя ПТР; асцярожна, рукаяткамі ў каляіны, апускаюцца долу целы «максімаў»; мінамётчыкі з палёгкай звальваюць з плеч цяжкія рабрыстыя плахі апорных пліт.
I вось ужо нехта валіцца на некратаны ботамі снег палявой узбочыны, нехта брыдзе за патрэбай у зблытаны і паламаны зараснік кукурузы, што шырокім прасцягам шарэе абапал дарогі. У вячэрнім сутонні над заснежаным стэпам вее саладкаватым, надзіва духмяным і дамавітым дымком махоркі.
— Ну што ж, перакурым гэтае дзела, — кажа ўсё той жа немалады, відаць, цягавіты баец і паварочвае да ўзбочыны.
Пакамечаныя полы яго шынялька старанна падаткнуты пад дзягу, на спіне, прышпіленая да рэчмяшка, целяпаецца непатрэбная пакуль што каска. 3 нейкага часу мяне мімаволі пачынаюць цікавіць галаўныя ўборы. Хоць, на жаль, я ведаю, што ні каска, ні шапка не падыдуць: трэба было аб тым дбаць раней. Але тады я не дбаў, і асколак ад нямецкага снарада два дні назад крамсануў мяне па патыліцы. Праўда, нічога страшнага ён не нарабіў, і ўсё ж пасля перавязкі аказалася, што шапка паверх бінтоў не налазіць, а каска балюча муляе. Так і застаўся я з абкручанай бінтамі галавой. Наліха, санінструктар разам не забінтаваў яшчэ і вушэй, дык яны ноччу крыху падмерзлі і цяпер баляць пад бінтамі.
Я таксама сходжу на ўзбочыну, туды, дзе на краі дарогі стаіць кулямётчык з трэцяга ўзвода нашае роты, прозвішча якога я ўсё не магу запомніць. Гэта малады спрытны баец у нізенька і зухавата накручаных абмотках. Зачэрпнуўшы шэраю, хатняга вязання сподкай чыстага снегу, ён з асалодай смокча яго, цікуючы наўкола зыркімі вачыма. У другой ягонай руцэ «дзегцяроў».
— Мусіць, шостую роту ў ГПЗ? — кажа ён да мяне. — Цяпер, лічы, усе трафейчыкі іхнія…
I, саўгануўшы на патыліцу шапку, зноў зачэрпвае снегу. Белабрысы твар яго тоіць цікаўнасць і прыцішаную хлапечую гарэзнасць. Я маўчу, бо ці мала па якой патрэбе могуць выклікаць да камбата ротнага Кротава! Той стары з чацвёртае роты таксама падыходзіць да нас і лаканічна згаджаецца:
— Ну, пашэнціла гэтым…
Ён варушыць рукамі ў кішэнях, мабыць, дастаючы закурку, і праводзіць позіркам чацвярых разведчыкаў, што таропка ідуць паўз людзей некуды ў хвост калоны. Яны ў запэцканых белых маскхалатах, на якія надзеты аўтаматы і брызентавыя сумкі з ражкамі-магазінамі. Хлопцы прыкметна спяшаюцца, і выгляд ва ўсіх незадаволены. Мусіць, у разведкі дзесьці нелады.
— Марухоў, прывет! — кідае кулямётчык, відаць, пазнаўшы сярод іх знаёмага. — Што, шостую ў ГПЗ?
— Якая к чорту ГПЗ! — злосна бурчыць пярэдні. — Кротаву шыю мыляць.
Кулямётчык у ссунутай шапцы разяўляе рот. На кончыку языка ў яго — снег.
— Пэўна, за Іваніўку? Ага?
— Ага.
— Ну і ну! — кажа пажылы, затрымаўшы ў парэпаных пальцах курэцкае начынне. — Гэта ўжо ўсыпяць!..
Ён пачынае скручваць цыгарку, побач у недаўменнай цікаўнасці разяўляюць раты байцы. Нехта за маёй спіной ахвотна пацвярджае:
— А ты думаў! Калі ўжо начальства ўмяшалася — усыпле…
Яны толькі цяпер здагадаліся, а я ўжо зранку думаю над усёй гэтай справай. Яшчэ на світанні ў Вялікую Севярынку да камбата прыязджаў штабны афіцэр капітан Сахно, які і раздзьмуў гэтую гісторыю з начлегам шостай роты. А цяпер вось якіх чвэрць гадзіны назад паўз калону праскакаў на кані старшына Шашок, ардынарац-паручэнец, ці як там яго называюць, — словам, пісар са штаба. Яшчэ ён запытаў у мяне, дзе камбат, і я махнуў рукой туды, у галаву калоны. Мусіць, таму і спынім батальён сярод стэпу. Так, відаць, будзе гэтаму Кротаву.
Кулямётчык тым часам спатольвае прагу і выбівае адна аб адну сподкі.
— Гэй, бамбаловы! — гарэзна крычыць ён да байцоў шостай роты. Іх у нас здаўна, мабыць, яшчэ з Курскай дугі, завуць бамбаловамі, хоць, пэўна, мала хто ўжо і памятае, што азначае гэта мянушка. — Цераз левае плячо кругом марш! У штрафную!
Аднак шостая, відаць, не хоча застацца ў даўгу.
— Ага, у штрафную! А хто ж тады вас будзе з-пад танкаў ратаваць?!
Гэта — усім зразумелы намёк. Тыдзень назад шостая рота адсечным агнём з фланга падсобіла нашай роце, якую атакавалі нямецкія танкі з пяхотай.
— Ці не вы гэта ўратуеце! Вы ж пабраталіся! — з’едліва папракае кулямётчык. Але тое ўжо праз меру, і я паварочваюся да байца.
— Ну, ну! Даволі!
Кулямётчык ніякавата жмурыцца, адчуваючы, што перабаршчыў, і мне хочацца напомніць яму нешта накшталт: жартуй, але ведай меру.
Аднак спераду зноў даносіцца:
— Малодшы лейтэнант Васілевіч — у голаў калоны!
Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.
— Ну што! Ага, самі ўліплі! — учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.
— Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..
— Ану, спыняй балбатню! — загадваю я кулямётчыку.
Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:
— Васілевіч, доўга цябе чакаць?
– Іду, іду!
Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы — і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.
Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца наш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.
— Ну, як галава? — зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.
— Ды нішто.
— А вушы? Спякліся, мабыць?
— Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.
— Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.
Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.
— Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.
— Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой — не ваяка…
— Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.
— Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.
Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».
— Вось з Кротавым і пойдзеце, — кажа камбат, ківаючы галавой на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. — Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.
Гэта ён пра трох немцаў, якія стаяць адзін пры адным, цесненька збіўшыся ў купку і страхавіта пазіраючы наўкола. Адзін з іх проставалосы, без шапкі, малады хлопец-крапак, другі без шыняля, у мундзірчыку, з абвіслымі кішэнямі і вялікімі, амаль прафесарскімі, акулярамі на блізарукіх вачах. Трэці — нізкі, таўставаты стары прастуджана сморкае распухлым чырвоным носам. «Вясёлая кампанія, нішто сабе, чорт бы яе ўзяў!» — пачынаючы злавацца, думаю я. Удружыў камбат, нічога не скажаш. Камбат жа, здаецца, не прыкмячае мае незадаволенасці, таксама, як і змрочнае паставы Кротава, і дастае з кішэні дзюралевы партабак, густа аздоблены адмысловай разьбой.
— Частуйцеся, старшына, — працягвае ён партабак да Шашка.
Той не прымушае сябе ўгаворваць, ступае на крок і ўпэўненым жэстам бярэ папяросу. Пасля да партабака цягнецца рукой начштаба. Кротаў з-пад насупленых броваў бліскае злым позіркам і, як мне здаецца, трудна, асуджальна ўздыхае. Нам папярос камбат не прапануе. Яны ўтрох моўчкі прыкурваюць, і старшына, адставіўшы ўбок абутую ў нямецкі валёнак нагу, праз дым узіраецца ў мяне адным вокам.
— Ты што ж гэта, младшой, з такім скрыпам загад выконваеш?
Я коратка зыркаю ў ягоны самазадаволены начальніцкі твар і, стрымліваючы ў сабе злосць, маўчу. Якая ў яго, урэшце, справа і хто ён такі, каб рабіць мне заўвагі?
Кротаў, якога, відаць, дапякаюць свае турботы, нервова паварочваецца да камбата.
— Дык мне што? Роту здаваць, ці як?
Камбат моршчыць лоб і старанна раскурвае папяросу.
— Ну, чаму здаваць? Што гэта вы ўжо… Адразу ў паніку…
— Роты пакуль не здаваць, — упэўнена аб’яўляе старшына, і камбат таропка папраўляецца:
— Так, пакуль не здаваць. Няма такога загаду здаваць.
— Дзела яснае, — змрочна ўздыхае Кротаў. — Дзела яснае, што дзела цёмнае. Ну і чорт з ім! Хай!
Ён адчайна лаецца і адыходзіць убок, сваім выглядам даючы зразумець, што абыякавы да ўсяго і не баіцца нічога. Камбат устае з капца і выцягвае голаў, зазіраючы ў хвост калоны.
— Ну, дзе там Касенка? Не дачакаешся!
Касенка, якога ён чакае, камандзір узвода разведкі, і я пачынаю думаць, што, можа, і яго пашлюць з намі ў тылы палка. 3 Касенкам, вядома, было б весялей, хлопец ён таварыскі і гаваркі. Толькі ці накіруюць яго ў тыл: цяпер, калі ідзе наступленне.
Тым часам над стэпам пачынае прыкметна цямнець. Сціхае ад самалётнага гулу зімовае неба, больш чутны робіцца шорхат кукурузы на ветры. На ноч бярэцца мароз, і я настаўляю каўнер свайго шынялька — вушы хоць і прыхаваны пад бінты, але памалу заходзяцца ад сцюжы.
Камбат чакае. Аднак замест Касенкі на дарозе з’яўляецца разведчык. Зухавата ляснуўшы абцасамі, ён спыняецца за пяць крокаў перад начальствам.
— Таварыш капітан, лейтэнант Касенка каня не даюць.
Камбат шчыра дзівіцца.
— Як гэта не даюць?
— Не даюць, і ўсё. Кажуць, хутар трэба разведаць. Хутарок там наперадзе.
— Хутар, хутар! Во і на гэтым разведае, — тыцкае ён на мухортага старшыновага коніка. — Чым не рысак! А то вылупляецца яшчэ! Тожа мне кавалерыст!
Разведчык пераступае з нагі на нагу, на ягоным круглявым расчырванелым твары наіўная збянтэжанасць — маўляў, мне што: лейтэнант не дае, а я тут пры чым? Але камбат, здаецца, гэтага не разумее і, нахмурыўшы вочы, строга глядзіць на байца.
— Яны кажуць, хай старшына Шашок на сваім здыхляку і ездзіць, калі лепшага не ўмеюць прыдбаць.
— Вы мне пакіньце гэтыя разгаворчыкі! — злуецца камбат і з сілай пырае бадылінай у снег. — Я загадваю! А яго дзела выконваць. Паняў?
— Я-то паняў, — ахвотна згаджаецца разведчык.
— Дык выконвайце! — амаль што крычыць камбат.
Побач стаяць, слухаючы гэтую не зусім звычайную сварку, байцы, немцы. То на камбата, то на разведчыка водзіць вачыма старшына, я цярпліва чакаю і думаю, што Касенкаў конік, відаць, ужо здох. А нішто сабе быў трафейны скакунок у белых панчошках на пярэдніх нагах! Аднак мінуў час — адкрасаваўся на ім наш спрытны ўзводны. Калі ўжо гэтым у вочы кінулася, дык пішы прапала, ураз адбяруць. Не ведаю, як на што другое, а на такія штукі яны майстры.
Збоку тайком я пазіраю на старшыну, той строга падцінае недарэчна тонкія на мясістым твары вусны, і нешта рашучае з’яўляецца ў ягоных вачах. Тут жа ён паварочваецца да мяне.
— Ладна, вы ідзіце. Бярыце тых, — ківае ён на немцаў, — і ідзіце напрамкі. Я даганю.
Ён даволі па-таварыску кажа гэта, і я не ведаю, як разумець яго: ці то як заяўка на сяброўства, ці мо ён лічыць мяне за старшага. Але ж Кротаў старшы па званню, і пасада ў яго сталая, не тое што ў мяне — часовага ротнага. Я запытальна пазіраю на камбата, той незадаволена кідае: «Ідзіце», і я паварочваюся да акалелых немцаў.
— Ану, марш! Марш, фрыцукі пархатыя!