33


Але за чыгункай па шашы едуць немцы.

Мы іх не бачым за насыпам, аднак яшчэ здалёк чуем — мноства машын бясконца тарахціць, гудзе, вые маторамі, сігналіць — імкне з Кіраваграда. Яны адступаюць. Але куды дзецца нам?

На шчасце ці на бяду, нас прытуляе труба.

Мы ўпаўзаем у яе бетонны тунель і знясілена падаем у самым пачатку. Труба шырокая, амаль у рост чалавека. У доле пласт спрасаванага снегу. Дужа ветрана і сцюдзёна. Але з шашы нас тут не відаць.

Апусціўшыся на калені, я звальваю з сябе Кацю. Потым падаю сам і сутаргава аддыхваюся. Ззаду на свежанатаптаным снезе — дробныя плямы крыві. Полы майго шыняля таксама ў падмёрзлай крыві. Каця проста сцякае крывёю. Вочы яе шырока адкрыты, але зрэнкі ўвесь час падкочваюцца пад павекі. Гэта мяне палохае. Яе трэба перавязаць. Але перавязаць няма чым. Санітарную сумку мы, спяшаючыся, пакінулі ў полі, на месцы выбуху. Каб як-небудзь дапамагчы дзяўчыне, я ўшчэнт акалелымі рукамі пачынаю расшпільваць знізу яе паўшубак. Там таксама ўсё ў крыві. Але Каця чагось сціскаецца, рукамі ўпарта захінае свае полы. Вочы яе спалохана глядзяць на мяне.

Я зноў настойліва расхінаю паўшубак, але яна сціскае калені, падцягвае іх да жывата і заціскае ўсё так — нагамі і рукамі.

Я не разумею яе і запытальна пазіраю на немца. Той, стоячы на каленях, пільна глядзіць у другі канец трубы, дзе з пісталетам у руцэ застыў Сахно. У доле ціхенька, унутрана стогне Юрка.

— Капітан! Капітан! — сцішана клічу я.

Каця раптам пачынае тузацца і матляць галавой — не трэба! Здаецца, я разумею правільна. Але гэта ўжо чорт ведае што!

— Перавязаць трэба! — кажу я. — Ану, пусці рукі!

Прыгнуўшыся, па трубе прабіраецца Сахно. Каця яшчэ болей сціскаецца і дрыжыць усім целам.

— Вось не даецца! Што рабіць?

— Да? — пазіраючы на выхад, няўцямна перапытвае Сахно.

Каця расслабляецца. Шэры цень атуляе яе нядаўна яшчэ чырванашчокі твар. I тут я разумею: яна памрэ! Але гэта дзіка, гэта жахліва! Гэта злачынна і ненатуральна: чаму гіне дзяўчына, калі мы, трое мужчын і салдат, застаёмся жывыя?

— Каця! Каця! Што ж ты робіш? — пачынаю я недарэчна папракаць яе. — Ты што — саромеешся?

Каця перарывіста і цяжка дыхае і моўчкі глядзіць на мяне. Здаецца, яна чуе, толькі гаварыць чамусьці не можа. Пасля позірк яе сунецца кудысьці ўбок і спыняецца на немцу.

У мяне з’яўляецца здагадка.

— Ён? Так? Хай ён перавяжа? Так?

Каця не пратэстуе, толькі неяк працягла выдыхае і расслабляецца. Вочы яе паволі заплюшчваюцца. Я не ведаю, ці гэта згода, ці мо сілы назусім пакідаюць яе. Амаль спалохана я гукаю немца:

— Ком! Перавязаць! Бінтаваць. Фарштэйн?

— Я, я.

Немец пачынае таропка расшпільваць яе шматлікую вопратку, — паўшубак, ватныя штаны, — адхінае скрываўленае, пабітае асколкамі шмаццё. Каця ціха ляжыць, абыякавая да яго дотыкаў, і я пачынаю памагаць яму. Удвух мы бессаромна раскрываем Каціна цела — маладое, акрываўленае, усё ў ранах дзявочае цела, якому ўжо не ачуняць. Гэта я бачу адразу. З першага позірку. I я не магу прымірыцца з недарэчнаю гэтай смерцю. Толькі што я магу зрабіць?

Зрэшты, прыняць смерць тут, напэўна, давядзецца ўсім.

Мы яшчэ не заканчваем перавязку, калі недзе паблізу раздаюцца нямецкія галасы. Сахно з пісталетам у руцэ адразу кідаецца ў дальні канец трубы. Адхіснуўшыся ад Каці, я хапаю ўтаптаны ў снег карабін і падаюся туды ж. Ззаду спрабуе прыўзняцца Юрка.

Угнуўшы галовы, мы прыхінаемся спінамі да настылага бетону трубы і слухаем. Я паціху знімаю затвор з ахоўніка. Раз за разам азіраюся на другі выхад. Там, аднак, пуста. Юрка трымае ў кулаку пісталет і не зводзіць з нас поўнага трывогі позірку. Яго вочы рэзка гараць на блеклым, нейкім ужо не юначым, вельмі засяроджаным на чымсьці сваім твары. Немец у нязручнай паставе насцярожана чакае ля Каці.

Галасы недзе блізка змаўкаюць. Настае цішыня, у якой натужна гудзе, грукаціць шаша. Сахно ціхенька выглядвае з трубы і тут жа рэзка адскоквае. Адразу ж зусім блізка чуецца:

— Вэн вір дзіс цум абэнд фон дэн панцыр ніхт цэркутшт вэрдэн зо шлюфэн вір[7].

I адказ крыху далей:

— Міт дэн обэрстэн дон Маер дурх. Ер швінгст унс лебендзіг абэр тот дацу[8].

Гэта зусім кепска. Яны ля самага насыпу. На дарозе, чуваць, бразгаюць дзверцы кабіны, значыць, машыны стаяць. Але іншыя ідуць. Напэўна, спынілася некалькі. Для чаго?

I раптам мяне прымушае зжахнуцца немец. Наш немец. Яго твар напружана выцягваецца, у вачах не то страх, не то якая рашучасць. Рукі далонямі на снезе, як у спрынтэра на старце. Глядзі, кінецца наўцёк. Я крута павяртаю карабін.

— Хальт!

Немец, няўцямна ўслухоўваючыся, кідае на мяне боязны позірк і апускаецца. Ногі яго расслабляюцца. Чорт, пэўна, яго трэба б прыстрэліць… Ды страляць нельга.

I тут усё адтуль жа, ад насыпу, далятае новы гук — слабенькі бразгат салдацкае спражкі. Аглушаны крыўднай здагадкай, я асцярожна выглядваю. Так і ёсць. Зрабіўшы сваю справу ў кювеце, два немцы таропка ідуць да шашы. На хаду зашпільваюць амуніцыю. Яны абвешаны шпулькамі з кабелем. Пэўна, знімалі сувязь.

Раптоўна страціўшы сілы і хістаючыся, я паўзу да Каці. Ля яе падаю ў снег. Пасля, саўладаўшы са сваімі пачуццямі, узнімаю галаву. Каця памірае. Я ведаю, як паміраюць людзі, і, бадай, не памыляюся. Яна напружваецца, тузаецца, выдыхае. Галава яе цяжка перакочваецца на разматляных русых валасах. Вочы напаўадкрыты. Рукой яна разы два махае ля твару, нібы адганяе мух. I раптам кажа:

— Адыдзі. Не цямні.

Мяне гэта здзіўляе. Так цвяроза і так выразна! Міжвольна я азіраюся. Хто цямніць? Я? Ці немец? А яна зноў кажа:

— Міця! Міценька! Цёмна вельмі…

— Каця!

Але яна выдыхае і сцішваецца. Вочы яе спыняюцца на чымсьці ўгары і гаснуць. Абапёршыся на руку, я сяджу побач. З другога боку сядзіць немец. Твар у яго скамянеў. Ён увесь у слыху. I не дзіва: праз дзвесце метраў свае. Ён можа закрычаць, і тады нас усіх схопяць. Але ён не крычыць. Мне нават здаецца, што ён не меней за нас баіцца.

А мне ўжо, бадай, нічога і не страшна. Смерць Каці мяне ашаламляе. Колькі ўжо загінула на маіх вачах — знаёмых і невядомых, але я ніколі не раскісаў так. Мо таму, што яны былі мужчыны і салдаты. Як-ніяк я быў падрыхтаваны да думкі, што яны могуць загінуць. Смерць на вайне — рэч дужа звычайная. Але чаму памірае гэта дзяўчына? Хто яе паслаў на вайну і чаму? Хіба сама папрасілася? Але што яна ведала аб ёй? Тое, што пісалі газеты: гераізм, патрыятызм. А памірае ў нейкай трубе, па недарэчным выпадку расшкуматаная мінай. I мы не можам ёй памагчы. Ды і навошта яна тут? Хіба ў нас мала мужчын? На перадавой, у тылах, у краіне наогул? На кожны дзесятак у ланцугу — добрая сотня ў бліжніх тылах. I якіх мужчын! Дужых, пісьменных, свядомых.

— Дакументы забралі? — пытаецца Сахно і ўкленчвае побач.

Я не адказваю. Каму што, а гэтаму найперш — дакументы. Яму галоўнае — выканаць фармальнасць. Дакументы — вайсковая тайна. Яна не павінна трапіць да ворага. Але што ў тых дакументах? I каму яны цяпер патрэбны? Яе жыцця ён не бярог, а пра нейкія паперкі столькі клопату…

Сахно тым часам запускае руку пад Кацін паўшубак і доўга там шарыць. Я на яго не гляджу. Без злосці я не магу бачыць гэта. Добра, што яна мёртвая і ёй усё роўна. А была б жывая, напэўна стала б у гэтага капітана бітая морда…

Дастаўшы з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, Сахно зазірае ў яе.

— Шчарбенка Кацярына Іванаўна. Вядомае прозвішча, — са з’едлівай ухмылкай паведамляе ён.

Я напружваю памяць. Сапраўды, прозвішча і мне здаецца знаёмым. Толькі дзе я яго чуў? Я запытальна гляджу на Сахно. Той запіхвае ў кішэню яе дакументы і заўважае мой позірк.

— Не прыпамінаеце? Пэпэжэ камбата Маскалёва. З дзевяноста дзевятага, — кажа ён і ідзе ў той канец трубы. — Загад па дывізіі быў.

Падобна на тое, што гэта яго забаўляе. Што яна пэпэжэ і што быў загад наконт яе недазволеных адносін з камбатам Маскалёвым. Ён рады, што хоць пасля смерці знайшоў, чым папікнуць яе.

— Ну і што? — ледзьве стрымліваючы сябе, пытаюся я.

Сахно, азірнуўшыся, бліскае з-пад броваў сваім праніклівым позіркам, і я зрываюся:

— Ну і што? Калі і пэпэжэ? Ну і што?

— Замаўчыце! Вы што — ачумелі?

Ён знерухомлівае, утуліўшы голаў, і ўнутры ў мяне ўсё ападае. Я ледзьве валодаю сабой. Пэўна, ён мяне давядзе да шаленства. Я не магу яго бачыць… Дзіва, якія мы розныя людзі! Афіцэры адной арміі. Грамадзяне адной краіны. Чорт яго ведае, чаму так? Чаму суседства вось гэтага лакеяватага немца мне лягчэй стрываць, чым яго?

А немец тым часам устае і ідзе да Сахно. Я ўжо заўважыў, што з нядаўняга часу ён наогул стараецца трымацца бліжэй да капітана. Мной ён быццам ужо і грэбуе. Жэстыкулюючы кастлявымі рукамі, ён кажа нейкую доўгую фразу. Сахно пасуровелымі вачыма няўцямна ўстаўляецца ў яго і ўзмахвае пісталетам.

— Ану, назад! Назад!

Немец адступае, але ўсё яшчэ нешта стараецца давесці капітану. Той, вядома, не разумее, але насцярожваецца.

— Што ён кажа? — упаўголаса пытаецца ён у мяне.

— Ён жа вам кажа. Вось вы і зразумейце.

Капітан хмурыцца.

— Ну, ведаеш!.. Я інстытутаў не канчаў. Гэтай брыдоце не вучыўся.

Вядома, гэтай «брыдоце» ён не вучыўся. Чаму ён наогул вучыўся? У школе я таксама не захапляўся нямецкай мовай, але гора і вайна ўсяму навучаць. Некалькі слоў з фразы немца я ўсё ж разумею, пра астатнія здагадваюся. Немец даводзіць, што трэба некуды ўцякаць, бо калі пачнецца штурмоўка (шляхтангрыф), дык салдаты (лёс рэннен дэцкунг) — пабягуць сюды, у сховішча.

Гэта падобна на праўду. Але хай пачынаецца штурмоўка. Дрэнна, калі штурмавікі не наляцяць і калона прарвецца з Кіраваграда. А можа, і добра. Прынамсі, для нас, Чорт ведае што, робіцца ў маёй галаве. Я ўжо не магу разабрацца, што добра, а што дрэнна.

Немец нявесела вяртаецца ад капітана і моўчкі садзіцца ля Юркі.

— Вось наляцяць «ІЛы» і зробяць з вас мясакамбінат! — не хаваючы свае злосці, кажу я немцу.

Той, нечакана згаджаючыся, ківае галавой:

— Я, я.

Гэта мяне злуе яшчэ больш. Скажы, якая пакорлівасць! Можа, гэты фрыц зараз скажа, што ён камуніст? Што з калыскі быў супраць Гітлера? Бывала ж такое. Сорак чацвёрты — не сорак першы. Самыя гарачыя нацысцкія галовы паспелі ўжо прастыць.

— Мы вас перадушым, як вошай! Разумееш? Як лёйзы — к ногцю! — красамоўна паказваю я рукамі. — Варум гебт аух ніхт гефанген?[9]

Немец, здаецца, разумее, але моршчыцца і ціха сам сабе бармоча:

— Вір зінд аіфахе зольдатэн! Дэр крыг іст фюр генерале унд дэн фюрэр[10].

Гэта іх песня мне ўжо знаёмая.

— Ах, фюрэр? А самі? Самі што вы робіце? Палонных дабіваць таксама вас фюрэр прымушае? Пасылкі з нарабаваным у Германію пасылаеце таксама па загаду фюрэра? Вунь цэлы эшалон у Знаменцы застаўся! Фюрэр дазваляе, вось вы і рады. Вам выгадны такі фюрэр. Ён заахвочвае на злачынствы: біце, хапайце — вы і гатовы! Фюрэр за ўсё адказвае, а вы вядома айнфахермэнш? Вы не разумееце. З вас узяткі гладкі. Так?

Немец уздыхае. Нечым ён заклапочаны ці, можа, адчувае маю шалёнасць і пабойваецца. I ён сядзіць так, надзьмуўшыся, у нашым пакамечаным шынялі паверх свайго шырокага ў каўняры мундзіра. Казыркастая яго шапка перакруцілася набок. Уздыхнуўшы, ён пагаджаецца:

— Я, я. Айнфахермэнш!

— Што ён кажа? — зноў пытаецца здаля Сахно.

— Кажа, што ён маленькі чалавек. Ні ў чым не вінаваты.

— Задушыць яго трэба, — проста вырашае капітан.

Я не пярэчу. Урэшце, чорт з ім: хай душыць! Цяпер мне яго не шкада. У мяне столькі накіпела ў гэтыя дні за Юрку, за сябе, за ўсіх хлопцаў, якія ўжо ніколі не ўстануць са снегу. I асабліва цяпер вось за Кацю… Толькі без немца мы, бадай, не ўправімся з Юркам. Сахно аднарукі, я, лічы, аднаногі. А калі давядзецца ўцякаць? Не, мабыць, немца трэба пакінуць. Ды і чым ён можа нам перашкодзіць? Здаецца, да сваіх ён не дужа рвецца.

Аднак я маўчу, пачынаючы думаць пра іншае. Мабыць, будзе шчасцем, калі мы тут праседзім да ночы. Уночы мы, можа, і вырваліся б, а ў дзень то наўрад. Хіба што адкуль-небудзь з’явяцца нашы. Я прыслухоўваюся: здаецца, на дарозе пацішэла. Можа, калона прайшла? Цяпер бы не рушыла пяхота… З ёй будзе куды як горш.

Сахно тым часам разраджае пісталет. У яго, бачу, нейкая няспраўнасць з магазінам. Заціснуўшы між каленяў рукаятку, капітан аднаруч ладзіць яго. А я паныла сяджу ля Каці. Яна ўжо, мабыць, застыла. Выцягшыся ў доле, сінее васковым тварам мой Юрка. Тут усё ж моцна холадна, у гэтай праклятай трубе.

— Васілевіч! — сцішана гукае Сахно і змаўкае, ці то прыслухоўваючыся, ці то штось абдумваючы. — Злазь на насып і паназірай. А то яшчэ накрыюць, як куранят.

Вельмі не хочацца ўставаць, але мусіш. Прыхапіўшы карабін, я неахвотна вылажу з трубы. Сонечная яркасць стэпу асляпляе. Ва ўпор высвечаны сонцам, блішчыць шырокі адхон насыпу. Збоч ад яго з-за далёкага пагорка вытыркаюцца стрэхі будынін. Там нейкае сяло. Раптам у мяне з’яўляецца думка: а што, калі па-за насыпам пракрасціся туды і схавацца? Калі там няма немцаў? Толькі вось Юрка…

Перш чым лезці на насып, я кажу ў трубу:

— Немца пакуль не чапайце. Спатрэбіцца.

Сахно азіраецца, але не адказвае.


Загрузка...