Нешта мне замінае, пакутна трывожыць, я падсвядома імкнуся ў суладную млявасць забыцця, дзе нічога і — сон… Але гэтае нешта мацней за мяне, за стому, яно вырывае мяне з салодкае адсутнасці, і я прачынаюся. Толькі дзе я? Нейкія людзі, устрывожаная гамана, далёкія і блізкія галасы. I раптам скрозь санлявую няўцямнасць прарываецца адна фраза, якая адразу вяртае мяне да явы:
— Младшой! А младшой! Твайго немца забіраюць…
«Немца? Якога немца?.. Ага! Гэта ж я ў санчасці». Я ўскідваю цяжкую галаву. Насупраць у хаце, усё ў тым жа змроку «кацюш», «мой» немец і абапал яго двое: адзін у шынялі, другі — у паўшубку.
Гэта Шашок і Сахно.
Сахно паварочваецца на голас, затым — да мяне. На яго выгаленым твары пад нізка насунутай на лоб чорнай кубанкай строгая зацятасць няўмольнага выканаўцы закону.
— Вы куды? — асіпла кажу я. — Гэта — палонны.
— Младшой, не давай! Хай самі ў палон возьмуць, — падбухторвае з ложка сяржант.
Сахно строга азірае яго.
— Ану, замаўчаць! Вас не пытаюць, таварыш сяржант! — I да мяне — крыху цішэй, але ўсё тым жа тонам загаду: — Васілевіч! Прайдзёмце з намі!
— Куды ён пойдзе? У яго нага!
Гэта — Каця. Яна тут жа, за іхнімі спінамі, у мігатлівым святле «кацюшы». Я бачу яе светлыя, рассыпаныя на галаве валасы і, не разумеючы яшчэ, у чым справа, але адчуваючы, што мне не трэба паддавацца гэтым двум, кажу:
— У мяне нага. Во.
Сахно акідвае мяне недаверлівым позіркам, але больш ні слова не кажа і паварочваецца да немца.
— Ану, вэк!
Шашок расчыняе дзверы, Сахно лёгка піхае ў іх палоннага, які відавочна маркатнее і, не зірнуўшы ні на кога, выходзіць.
Узялі — хай, мне яго не шкада, толькі развяжа рукі. Аднак параненым, якіх, дарэчы, прыбыло ў гэтай хаціне, самаўпраўства гэтага чалавека чамусьці не падабаецца.
— Ось табе і найграў! Трэба б сядзець ды сапець у дзве дзіркі.
— Павялі і шлёпнуць…
— Факт, шлёпнуць.
— А хто гэта? — наіўна пытаецца нехта з кута.
Яму, аднак, ніхто не адказвае. Каця ад парога махае рукой, даючы тым знак змоўкнуць. Усе насцярожана прыслухоўваюцца, я таксама. У сенцах чуваць нейкая валтузня, праз шчыліны ў дзвярах мільгае святло ліхтарыка, даносяцца сцішаныя галасы:
— Павярніся, жыва!
— Трымай!
— Ану паглядзім у ботах…
— Кішані абшарыў?!.
— Пуста. Усё абчысцілі.
— Ладна. Чорт з ім…
Сяржант круціцца на ложку і плюецца.
— Сцярвятнікі!
Каця надзявае на галаву шапку і падпяразвае паўкажушок. Яе вочы асуджальна косяцца на сяржанта.
— Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала. Сам такі.
— Я такі? Я не такі! — запаляецца сяржант. — Я кроў праліваў. Калі што — я крывёй плачу.
— Ладна табе ўжо. Наплаціўся…
Круглы, рабаваты сяржантаў твар расплываецца ў жартоўнай ухмылцы.
— Ты мяне не чапай, рыжая. А то ўкушу. Я злы і кантужаны.
— Ханыга ты! — ва ўпор аб’яўляе Каця, выразна варухнуўшы русявымі бровамі. У вачах яе, аднак, гуллівая гарэзнасць. Відаць па ўсім, яршысты гэты дэсантнік, насуперак усяму, ёй падабаецца.
— Рыжая! Ах ты!..
Сяржант робіць маўклівы выпад, учэпіста хапаючы Кацю. Але яна гулка лупіць яго па парусінавым рукаве курткі і ўхмыляецца.
— Адстань, ханыга!
Яна прарываецца да дзвярэй, але не паспявае выйсці, як дзверы расчыняюцца. На парозе зноў з’яўляецца немец, за ім уваходзяць тыя двое. Кубанка ў Сахно зухавата ссунута на вуха, калючы позірк падазрона бегае па тварах людзей, нібы гаворачы: «Ану, што вы тут без мяне думалі?» Мільгануўшы сюд-туд ліхтарыкам, ён падступае да мяне.
— Вы што, зусім не можаце? I ўстаць не можаце?
— Не, чаму…
— Тады ўстаньце.
Я трохі здзіўляюся, навошта гэта спатрэбіўся яму, і спрабую ўстаць. Нага чамусьці ацяжэла, павязка набрыняла крывёю. Недзе ў глыбіні раны торгае, — здаецца, у гэтую ноч перавязаць яе і не прыйдзецца. Але куды гэта ён мяне павядзе?
— Зброю браць?
— Не трэба.
Я кладу на салому свой ППС, які мне, аднаногаму, даволі-такі замінае, і абапіраюся аб нечую шынельную спіну. Сахно няпэўна мільгае ліхтарыкам па абшарпаных сценах мазанкі. Яркі круглячок святла спыняецца на завешаным пасцілкай праходзе.
— Ану, пройдзем туды!
Следам за ім, хапаючыся па чарзе за ложак, услон і сцяну, я даскокваю да перагародкі. Капітан адхінае пасцілку і, пасвяціўшы ліхтарыкам, праганяе адсюль двух сонных параненых. Мы спьшяемся каля застаўленага несамавітым сялянскім посудам століка. Сахно кідае Шашку:
— Давай святло!
Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.
Сахно выключае ліхтарык.
— Даўно тут?
— Звечара.
— А нагу дзе параніла?
— У стэпе. Дзе на танкі напароліся… Ён жа ведае, — ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.
— А дзе Кротаў? — раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.
— Кротаў забіты.
— А двое палонных?
— Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.
— Забіты? — са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.
Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недаверу.
— Забіты, факт.
— Кім забіты?
— Ну, немцамі. Кім жа яшчэ…
Сахно ківае Шашку:
— Так, запісвай.
Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк на тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.
— Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?
— Ну, вядома.
— Ану, раскажы падрабязней.
— Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі…
Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.
— Так, так, — ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. — Так, так, цікава. Ты запісвай.
— Запісваю.
Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.
«Што тут запісваць? — думаю я. — Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.
Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:
— А чаму вы не пабеглі за ім?
— А я і пабег. Як толькі чарга — я і пабег. Не за ім — за немцам.
— А што было раней: чарга ці ён пабег?
— Чарга.
— Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.
«Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», — злосна думаю я і кажу:
— Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.
— Значыць, усё ж раней Кротаў пабег за немцам. Так і запішам.
Што яны мяне ловяць? Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Што ім да мёртвага Кротава?
Але Сахно, пэўна, ведае, што яму трэба. Ён задаволена адкідваецца на ўслоне, дастае з-пад партупеі на грудзях засунутыя туды пальчаткі і гучна ляскае імі аб далонь.
— Ось гэта і трэба было даказаць.
— Што?
— А гэта самае.
Сахно ўстае, звыкла папраўляе кабуру ТТ на дзязе і пачынае старанна нацягваць на пальцы пальчаткі. Яны нешта дабіліся ад мяне, але я не разумею яшчэ іхняе мэты. Я толькі адчуваю, што яны абхітрылі, і ў мяне ўзнікае гнеўнае абурэнне супраць гэтага іх бесцырымоннага наскоку.
— А цяпер падпішы, младшой, — кажа Шашок і падсоўвае мне той самы блакнот.
Мімаволі нешта ва мне захлістваецца на тугі, упарты вузёл.
— Не буду падпісваць.
Шашок замірае побач. Сахно за маёй спіной, чуваць, перастае перабіраць пальцы ў пальчатках.
— Як гэта не будзеш?
— А не буду, і ўсё!
Абодва паўхвіліны маўчаць. Я адчуваю іх збянтэжанасць і ведаю, што для мяне гэта можа скончыцца дрэнна.
— Гэта чаму? — зацята пытаецца Сахно. Асветлены знізу тупаносы, старанна выгалены твар капітана тоіць недаўменне і пагрозу.
— А што вы чапляецеся да Кротава? Што ён вам зрабіў?
Не адказваючы на маё пытанне, Сахно падступае бліжэй.
— Не прытварайцеся. Вы выдатна ведаеце, што ён зрабіў.
— Нічога ён не зрабіў. Ён забіты.
— Ах, забіты! — раптам узрываецца капітан і хапае са стала блакнот. — Забіты! Ну, тады наракайце на сябе! Зразумела?
I тыцкае мне пад нос блакнот.
— Ану, падпісвайце!
— Сказаў — не буду!
— Пашкадуеш. Ды позна будзе…
Няхай пашкадую. Магчыма, я ў чымсь памыляюся, але я не хачу выдумляць на чалавека, які не зрабіў мне нічога кепскага. Хлопцы за перагародкай прыціхаюць! Пэўна, адсюль чутна ўсё. Але хай! Чорт з імі, гэтымі двума! Што яны, урэшце, мне зробяць!
Я чакаю новага выбуху, крыку, можа, нават лязгання пісталетамі — чакаю сваркі і гатовы да яе. Я не баюся. Я ўжо наважыўся на ўсё і гатовы трымацца цвёрда. Але Сахно раптам ідзе да дзвярэй.
— Добра! Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ траханём цябе. Паняў?
Шашок зграбае са стала паперы, блакнот і паспешліва следам за капітанам выходзіць з-за перагародкі. Я нетаропка бяру з міскі «кацюшу». Рукі мае дробненька, нервова дрыжаць.
У хаце гамана. Ад парога ступае Каця. Яна і не выходзіла, была тут і ўсё чула. Я ведаю, яна заступіцца. У мяне ўжо нарадзілася і жыве недзе ў душы цёплае, удзячнае пачуццё да яе, толькі цяпер я хачу сказаць ёй: не трэба.
— Што прычапіліся да младшога? — бесцырымонна кажа Каця. — Кротаў забіты.
Сахно шчоўкае ліхтарыкам і нахабна скіроўвае яго ў круглявы, па-хлапечы абсівераны твар Каці. Дзяўчына пакутліва хмурыць бровы, але не закрываецца ад святла — вытрымлівае гэта нахабства з упартасцю і выклікам у шэрых вачах.
— А ты бачыла?
— Бачыла, — міргнуўшы ўрэшце ад рэзкага святла, кажа Каця. — Калі б не бачыла, не гаварыла б.
— Праверым! — шматзначна абяцае Сахно, не зводзячы кружок святла з яе вачэй. Каця нечакана б’е яго па руцэ.
– Ідзі ты са сваім ліхтаром. Што слепіш?!
Сахно апускае ліхтарык.
— Праверым!
— Вунь фрыца лепей правер. Калі такі правяральшчык спрытны…
3 ложка адгукаецца сяржант:
— Праверылі ўжо і фрыца. Колькі можна!
— Не ваша справа! — Сахно злосна азіраецца. — Трэба будзе — праверым. Каго трэба.
Яны ідуць да дзвярэй. Шашок адкідвае на тоўсты зад не менш тоўстую палявую сумку. Немца яны, здаецца, браць не збіраюцца.
— Няма чаго гразіцца! — падае хтосьці голас з кутка. — Нас ужо праверылі. Асколкамі праверылі. А то наеў ражку і грозіцца.
— Ану, ціха, пяхота! — па-начальніцку прыкрыквае сяржант.
Сахно і Шашок, аднак, не затрымліваюцца. Прытвараюцца, што не чуюць абразы, і толькі мацней, чым трэба, бразгаюць з таго боку дзвярыма.
Узрушаны, я стаўлю на прыпечак «кацюшу» і пераводжу позірк на сваё месца. Там у змроку каля аўтамата курчыцца на саломе немец.
— Ану, марш адсюль! — тонам Сахно прыкрыкваю я. Немец спахопліваецца і ўскоквае, аддаючы месца. На ложку паварочвае галаву сяржант.
— Ганс, сядай, дзе стаіш. Во перада мной. Бо тут цесна.
Сапраўды, на ложку цеснавата, хоць там ужо толькі адзін паранены. Таго, хто хрыпеў, ужо няма. Немец, патаптаўшыся, неахвотна падбірае доўгія ногі і сядае насупраць сяржанта. Той, відаць, ужо не прэч памірыцца з палонным. 3 «маім» палонным.
А зрэшты, чорт з ім! Чым ён далей ад мяне, тым лепш! Што я, абавязаны ўвесь час клапаціцца пра яго, аберагаць, заступацца? Такі ён «мой», як і сяржантаў, Кацін ці яшчэ чый. Да таго ж, можа, яшчэ якая сволач… Толькі звяжыся, не расхлябаеш за век.
Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.