Зубр быў звычайны. Нi малады нi стары, нi малы нi вялiкi. Галава, тулава, хвост, ногi. Значыць усё, што i трэба дзеля iснавання зубрынай матэрыi.
Такую ацэнку даў лясны вартаўнік Гудзейка што нi скажаш асоба ж кампетэнтная, калi ўпершыню глядзеў знаходку на тратуары ў цэнтры мястэчка.
Сонца не паспела выкаўзнуцца зза гарызонту i якраз у туях, што аддзяляюць тратуар i магiстрацкую сцяну, ноч апошнiмi сiламi адбiвалася ад новага дня. Тут, у змрочным закавулку, вось сабе i ляжаў зубр, тут, як першы найшоў на яго кандуктар Самахiл. Ступаў трушком на цягнiк пятая пятнаццаць у Седльцы, а на памяць прыходзiлi мала важныя перспектывы сумны, смярдзючы тытунёвым дымом вагон, чырвонае, непрыхiльнае ўсяму свету аблiчча начальнiка Кукулкi. Ёсць такiя людзi: як нi хадзi кругом iх на пальчыках, як нi танцуй, як ні ўсміхайся, так цi iначай атрымаецца дрэнна. А ўжо асаблiва яму, Самахiлу заўжды не так ступiлася, не так сказалася. Усё не так. Узяў Самахiла на прыцэл начальнiк Кукулка, ды смалiць пры нагодзе, i без яе. А пры тым можна падумаць лiчыць самым у раёне неабходным чалавекам. У навагоднюю ноч хто злётае ў Седльцы? Вядома, Самахiл. А Вялiкодным святам у Варшаву? Тое ж. А яшчэ i той хiтры натоўп, што тыркнуўшы кандуктару абшастаную залатоўку, мае жаданне з’ездзiць на край свету, ды шчаслiва вярнуцца дамоў. Не надта ж выдаўжаюць крок такiя думкi. Усё-такi чыгунка ёсць чыгунка, гадзiннiк ёсць гадзiннiк i справа якраз кандуктара звянчаць грубую магутнасць лакаматыва «гагарын» з усялякімі тонкасцямі швейцарскай «амэгі», а затым пунктуальна пятнаццаць пасля пятай з гонарам падняць руку i: „ся-дай! па-ехалi!” Праверыўшы гадзiннiк, ён спалохаўся: часу астаецца няшмат, а абавязкаў хоць адбаўляй. Хiба калi б зараз за поштай павярнуць мiж блёкаў, скарацiць шлях....
У той момант нешта зашавялiлася ў кустах. „Птушка?”— Кандуктар зiрнуў туды, i прыпынiўся. Невялiкi чорны ўзгорак нiколi тут раней не бачаны зараз выразна выдзяляўся з плоскасцi тратуара. Цiкаваць хапiлася загрудкi з пунктуальнасцю, яна мабыць i перамагла, i кандуктар мiж блёкаў не звярнуў. Ступiў яшчэ крок наперад i спынiўся канчаткова. Чорны лоб уздымаўся з тратуара, разгартаючы змрок хiсталiся магутныя рогi. Па левы бок непрыхiльны начны сквер, з правага маўклiвыя прамавугольнiкi паштовых будынкаў. А наўкол нi жывой душы. Самахiлу зрабiлася няёмка. Раз яшчэ зiрнуў у напрамку туяў. Рагаты лоб, як i раней, тырчаў на фоне шэрага тратуара. „Якi чорт? Жарты, цi як?” ён зняў з пляча службовую торбу, на выпадак нечаканай атакi.
Шчаслiва, ад цэнтральнага скрыжавання, заўзята нацiскаючы педалi, хтосьцi пхаўся на ровары. Мяркуючы па вiнтоўцы, што тырчала зза спiны, кандуктар рассакрэцiў ляснога вартаўніка Гудзейку. I не памыляўся.
— Ну што стаiш кiраўнiк, закапаўшыся. Качай брат, iначай без цябе паедуць азваўся хрыплы бас. Але, кандуктар не зварухнуўся.
— Нiхто нiкуды без мяне не паехаў i не паедзе ён не абдорваў залiшнiм сентыментам веквечна надзьмутага ляснiка i тут, мабыць i насуперак фактаў, захацелася адзначыць важнасць сваёй асобы. Там во, глянь паказаў у туi.
— Там, што? не зразумеў вартаўнік. Высаджваўся якраз з ровара.
— Ха, калi б я ведаў, што...
Ровар прызямлiўся тым часам на тратуары i пан Гудзейка, падмацаваўшы адвагу стволам вiнтоўкi, паставiў тры, па-партызанцку чуйныя крокi ў напрамку магiстрата. Сцiскаючы слiзкi прыклад, ён i не падумаў пра амунiцыю, што рэзультатам ранiшняй мiтуснi, асталася ў хаце. Дык хто б i думаў пра такiя дробязi, калi iстотныя справы наступаюць на спiну. Чалавечае жыццё у чым пераканаўся пан Гудзейка не раз, i не два разы складаюць аказii, наогул непаўторныя, праваронiш зручны момант, пiшы прапала. А тое-сёе адпусцiлi ж жылястыя далонi пана Гудзейкi, не вытрымалi. Вось, такiя хаця б вадзiцельскiя правы.... Вядома, агульны перападлiк атрымоўваўся зусiм прыстойны, была свая хата салiдныя, пушчанскiя сцены, была сям’я, дзецi сяк-так уладкованыя ў свеце, машына на панадворку таксама не з апошнiх.
Успамiн машыны i забiвае калючую iголку ў шырокiя грудзi пана Гудзейкi, асаблiва калi ўжо перакiнуўшы нагу паўз зялёную раму, даводзiцца нажымаць супроць ветру. Не заўсёды так было. У апошняе лета, вызвалiўшыся ад у нiякiх паперах непрысутнай бярэзiны, адзначалi той факт на светлай, утульнай паляне, зараз за Лiпiнамi. Дзень быў дужа святочны, майскi Мiкола ў календары, а пан Гудзейка таксама ж Мiкола, i гонар свой мае, i фiнансавыя магчымасцi за той гонар заступіцца. Словам зацягнулася. Да дому даехаў нармальна. Якое ж тут дзiва? Раз во, раскрыўшы дзверы, снапом вывальваўся ў траву? А ў той дзень не пашчэнсціла. Быццам i не выпадкова чакалi на панадворку.
Адвячоркам, прыхапiўшы дзве лiтровыя пляшкi “сталыпiна”, гайсануў на кватэру знаёмага камiсара: „Ратуй брат! Такая вось i такая бяда.” разгарнуў праблему на сукно, ды замацаваў яе “сталыпiным”. Камiсар крадком абмацаў шкляныя фiгуры, падняў трубку, набраў нумар. „Алё! У мяне на кватэры Гудзейка.” Больш нiчога ён i не сказаў. Слухаў. Затым, адлажыўшы трубку, развёў рукамi: „На жаль, нашы хлопцы тут нi пры чым. Тваю праблему ўзяла ў свае кiпцюры ваяводская. Ведаць не ведаю, але, на маю думку, была нейкая мо-о-цная заява. Ворагi ёсць?”
Ну i пытанне! Чалавек, у каго няма ворагаў, не чалавек проста, а сiрата круглая. Ды вось. Будзь разумны i здагадайся, хто якраз прыслужыўся. „Няма доказаў, няма вiнаватых” кажуць у судзе. А людзi кажуць помста куды ж смачнейшая, калi ахвяра ведае, хто паспяхова так аддзячыў за ранейшую крыўду. Мабыць i праўду кажуць людзi.
Праз тры месяцы вiноўнiк рассакрэцiўся сам. Спынiўся аднойчы пан Гудзейка ў кiёску на Сiвай Калёнii, не паспеў i каўкнуць пiва, як раздаецца за спiною: „Так роварам-роварам пан вартаўнік? Не на машыне? Ну ясна, дзеля ж здароўя ўсё. Зараз i прэзiдэнты спортам займаюцца, i мiнiстры, i другiя важныя.” Словы насцярожылi пана Гудзейку: А гэта што за ён? Ну, Груль з Юдзянкi, усё што зараз вядома. Чорт яго знае, мо некалi i пiсаўся асобеню якi небудзь штраф? Ды адно Грулю пісалася квітанцыя? Шмат такіх паперкаў запоўнілася цягам дзесяцігоддзя. Дзе лес, там i дэфраўданты, хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар кажуць у народзе. Ды калi ж тое было? шукаў у памяцi. А два гады не вечнасць адыходзячы, далажыў асобень. Тут канчаткова раскрылiся вочы: „Так, безумоўна. Адкуль жа табе, вош кудлатая, ведаць пра дзвюхгадовы тэрмiн маiх вадзiцельскiх правоў? Газеты ж не пiсалi. Сарокi ж не галасiлi. Ды нiчога, сабачы сын, пападзеш у кiпцюры Гудзейку, во тады i спорт атрымаецца, во адгудзеш ты! Будзе аказiя на ровары даганю.”
А вось аказii нiяк не было. Пiльнаваў нiчога. На хiтрасць браўся дарма. Чуткi пусцiў у народ без водгуку. „Госпадзi, дай iскру, адну адзiную маленькую iскрынку, а я ўжо раздзьмухаю пякельнае вогнiшча, у якiм згарыць тая Грулёўская сiла нячыстая, без дыму i попелу прападзе” за снеданкам шаптаў у вочы святому Мiкалаю. Той глядзеў у малочную зацірку з вышынi iконы i маўчаў. А вось учора адвячоркам азваўся тэлефон. Незнаёмы, вельмi за тое ветлiвы голас, без залiшнiх цырымонiяў, заявiў:
— Заўтра а палове шостай, дарога ад Выдмухова, Груль i яго швагер едуць з дубiнай. Сёння ссяклi. Памятай заўтра, палова шостай, тэлефон, як нечакана азваўся, так раптоўна i замоўк, i пан Гудзейка не паспеў нат даведацца iмя, прозвiшча, цi другiя каардынаты ананiмнага дабрадзея. Адлажыўшы трубку, ляснуў кулаком у стол: „Значыць, ёсць у свеце справядлiвасць! Ёсць праўда! Ну брат, папаўся ты.”
А затым думаў ён пра добрых людзей, якія заўсёды ёсць, былі і ніколі не звядуцца ў нашым народзе. Да поўначы ён не заплюшчыў вока. А пад ранiцу, расслаблены хатнiм цяплом, задрамаў. Снiлася яркае вогнiшча, вялiкi ражон, Груль на ражне пераўтвараецца ў сакавiтую скварку. А ён, Гудзейка падмацоўвае агонь учора ссечанай дубiнкаю. Пятнаццаць да пятай заядлым званком загаласiў будзiльнiк. „Нiхто яму не казаў, а вось узяў i азваўся” падумаў вартаўнік, забiваючыся ў службовыя чаравiкi. „А калi б не азваўся, тады што? Не, немагчыма, няма ў свеце нiякай выпадковасцi, чаму быць, тое не пазбегчы.” Паспеў яшчэ прыхапiць вiнтоўку i ўжо сядзеў на ровары.
А зараз, натапырыўшы ствол, ён наблiжаўся да чорнага ўзгорка побач магiстрацкай сцяны. Яшчэ крок, i ўсё стала вядома:
— Ну-у, зубр.
— Як жа, зубр? не зразумеў Самахiл, якi стаяў у дзесяцi кроках ад цэнтра здарэнняў i пiльна сачыў за дзеяннямi Гудзейкі. Хiба ж жывы зубр тутакi, пад сцяною магiстрата?
— Зубр як зубр. Не малады не стары, не малы не вялiкi. Ну, можа з зiмы худы крыху удакладнiў. Шмат такiх зараз валэндаецца ў пушчы тут ён зiрнуў на гадзiннiк. Аж едрона, справы важныя ўцякаюць, а ты Гудзейка бавiш час, зубра быццам ня бачыў.
Зiрнуў на гадзiннiк i кандуктар Самахiл. I пад службовай шапкай здубянелi валасы. Стрэлка на пятнаццаць хвiлiнаў адышла ад пятай. Уявiлася злоснае аблiчча начальнiка Кукулкi, неспакойная мiтусня ў вагонах i на пероне, i раптам кандуктару Самахiлу захацелася адно: няхай зараз правалiцца свет, хай задрыжыць зямля, хай акiян выступiць з берагоў. Няхай, адным словам, здарыцца абы якi цуд, ды апраўдае яго, Самахiла непрысутнасць у месцы прадбачаным службовымi абавязкамi..
Пятнаццаць хвiлiн на шостую, у блёку па вулiцы Трэцямайскай расплюшчыў вочы сакратар партыi Яўхiм Гаворка. Звычаёва падступiў да акна, паглядзеў унiз з вышынi трэцяга паверху. Мiж лiпаў чарнеў асфальт вулiцы. Было там цiха i пуста, быццам мястэчка, скарыстаўшы ўсе свае сiлы, адыйшло заўчасна на пенсiю. У адстаўку. Страшнае слова адстаўка. Шмат у iм часу, што не раздзяляецца на паасобныя днi, гадзiны, хвiлiны. Спакойнай рэчкай, згартаючы за сабою ранейшыя гонары, перамогi, iдэалы, усё кiруецца да няўхiльнага вусця. А вусце, вядома нябыт. Нат тэлефон раней гаваркi i чуйны зараз, расцягнуўшы чорны аблiнелы хрбет, дажывае апошнiя днi, бы стары кот на ласцы таксама ж старога гаспадара. Час ад часу патэлефануе Хведар Жменька, раней сакратар партыi ў суседнiм мястэчку, зараз, як i Яўхiм, закiнуты ў самыя апошнiя закавулкi памяцi. „Няма партыi, нiчога няма” падумаў Яўхiм. „Значыць не зусiм няма. Партыяў зараз хоць адбаўляй. Ды якiя ж там яны? Гуляюць мiж сабою, бы хлопцы з дзяўчынамi ў каханне, сварацца то абдымаюцца, сходзяцца i развiтваюцца, у iхняй канверсацыi слова “не” неабавязкова чытай “не”, а слова “так” наогул нiякага не мае значэння. Раней усё было простае. Даў Яўхiм Гаворка слова i нiякай мястэчковай сiле не адклiкаць, не аспрэчыць сказанае Яўхiмам. А вось у дзевяностым восьмым i Яўхiму сказалi не! I падумаць хто? Засранцы маладыя. Сваiмi грудзьмi кармiў iх. Асабліва актуальны сакратар — бацькам быў яму і настаўнікам, і сябрам, а ў зручны сабе момант ён што сказаў? „Партыя не тая ўжо заявiў. Новы час, новая партыя. I людзi таксама ж. Вы Яўхiм, прабачце, вы надта выразны. Учарашнi вы. Бiяграфiя у вас... Ну самi ведаеце, самi разумееце...
А пятай ранiцы Паўлюка Палiтуру разбудзiў грукат Пагонi. Яму снiлася магутная, зачытаная ў кнiжках далёкая мiнуўшчына, вялiкi князь Альгерд пад мурамi Масквы. Сеўшы на каня, ён якраз пад’ехаў да крамля i дакрануўся да яго дзiдай. Крэмль, як то ў сне, быў зусiм падобны да мястэчковага магiстрата, а маскоўскi валадар Дзмiтры Iванавiч меў не ведаць чаму аблiчча бухгалтара Лявона Пупко. „Памятай, што дзiда лiтоўская стаяла пад Масквою” звярнуўся да Дзмiтра-Лявона князь Альгерд. „Па-мя-та-ай” паўтарыў яшчэ раз, i яшчэ, а затым, сцiскаючы каленямi конскiя бокi, кiнуўся галопам у белую iмглу. Дружына з дзесяцi рыцараў пайшла следам. Грукат капытаў разбудзiў Паўлюка Палiтуру.
„Добра, што разбудзiўся ў час падумаў пан Палiтура. — Навошта ж здабываць тую Маскву нам. Славянская яна ж. I праваслаўная.” А над галавою барабанiлi пятамi ў столь суседзевы дзеткi. I зараз, увайшоўшы ў рэальны свет, аб iх i падумаў Паўлюк: „Слухмяныя жэўжыкi, не скажаш. I дзень добры заўсёды даюць на сходах, нат i кланяюцца з пашанай старэйшым. I ў царкве, а як жа, бачыш iх у нядзельныя поранкi. Калi б вось не тое “цоканне-пшэканне...” Знiкае наша Бацькаўшчына, сто гадоў i след астыне. Хiба ж зараз, у пачатку трэцяга тысячагоддзя яшчэ здараюцца цуды?” Такiя вось думкi таўклiся ў галаве Паўлюка Палiтуры, калi сумным вокам глядзеў ён у акно. А тратуарам, праз дзве гадзiны, самыя пiльныя смургалi будуць ужо маршыраваць у школу. Зазiраючы з перспектывы трэцяга паверха ў загружаныя рукзакi, ён убачыць там усякiя “трылёгii, элемэнтажы”, ды i ўсе апошнiя iнструменты, што не бач калi, хiтрасцю i назойлiвасцю высысаюць душы з маладых целаў. „Куды iдзеце? На смерць iдзеце!” захочацца крыкнуць. Але ён змаўчыць. Адступiўшы ад акна, моўчкi прысядзе за сталом i закурыць. Захочацца плакаць.
Пятнаццаць хвiлiнаў на шостую Агафон Сакалюк яшчэ не спаў. Сядзеў за столiкам у зале рэстарана i заўзята крэслiў на паперы нейкiя лiчбы, словы, геаметрычныя зiгзагi. „Пiва плюс бiфштэкс дае злоты дванаццаць” пасылала iмпульс галава. „Воля плюс роўнасць дае братэрства” у халодную бухгалтэрыю бунтарская душа падкiдала свае гарачыя словы. „Суп злоты два грошаў трыццаць” абмяркоўвалася ў галаве. „А хлеб для ўсiх” з тайных закавулкаў свядомасцi вылiвалася на паперу.
У Агафона быў малы рэстаранчык i вялiкiя мары. Мроiўся Агафону рэстаран аграмадны, не такi як зараз, дзвюма дзесяткамі людзей яго запоўнiш, ды i тыя дзесяткі не склiкаць нат у святочныя днi. Вось, хаця б у апошнi вечар: пяць клiентаў, пасядзелi, выпiлi пiва, а ў касе што асталося? Пуста ў касе. А пры тым у мястэчку шмат галодных i беспрацоўных. Тады i мроiўся Агафону рэстаран вялiкi бы свет, бясконцы, даўжэйшы за неба дах, пад якiм згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане. А ён, Агафон Сакалюк усiх накормiць, усiх напоiць, i кожнаму паасобнаму знойдзе добрае слова i ветлiвую ўсмешку. I ўжо нiколi галодных на зямлi.
Пералiчваючы бараноў, што рэзаць iх давядзецца дзеля пачастунку для ўсяе планеты, якраз шаснаццаць на шостую ён заснуў. I спаў да адвячорка.
I вось шаснаццаць пасля пятай здарыўся цуд. Узышло красавiцкае сонца. Быццам бы i штодзень вырываецца яно з абдымкаў супрацьлеглага паўшар’я, падымаецца на неба, вандруе з усходу на захад, але... Светлыя промнi рассыпалiся ўздоўж вулiцы, пабеглi ў сквэр, мiж блёкаў. Як дзеткi, залiшне прызамкнёныя ў цеснай хаце, зараз, знюхаўшы волю, шнырылi ва ўсiх, самых тайных закавулках, адштурхоўваючыся ад тратуара, ўзлазiлi на сцены, на дрэвы, на зубрыны хрбет.
Хто згледзiў той цуд як першы, сёння ўжо невядома. Калi а восьмай ранiцы лясны вартаўнік Гудзейка даваў iнтэрв’ю ў мясцовую газету, ён сказаў: “Я во, перакладаў якраз ногу паўз раму, нат i замарудзiў крыху, i зазлаваў быў на той ровар, што нязручны ён такi, а справы якраз былi неадкладныя, дэфраўданты ж не спяць... Вось, змагаюся з клындаю, а тая нiяк не лезе куды яе месца. Ну Груль думаю няўжо ж iзноў табе пашанцуе?! Няўжо няма справядлiвасцi ў свеце? Раптам, гляджу паблiсквае штосьцi ў туях, зараз над тратуарам. Маладзiк? Не маладзiк? Ды адкуль малады месяц на тратуары? Вiнтоўку з пляча чаму быць, тое i будзе iду. Ступiў крок блiшчыць. Яшчэ крок, i яшчэ а як жа, блiшчыць! Падыходжу блiжэй ужо не падступіш а тут кажу вам не блiшчыць а проста сiяе. Як сонца ў чыстым небе!
Тым часам у пяцi кроках далей, кандуктар Самахiл распавядаў сваю гiсторыю на мiкрафон. I Самахiлу было вельмi прыемна гляньце во, не якiсьцi там надзьмуты начальнiк Кукулка распавядае свету пра самыя важныя справы, а ён, кандуктар. На ягонай асобе засяроджваецца ўвага прысутных. Словы iшлi ў прамы эфiр: “Ну што тут скажаш? Як сумленны працаўнiк чыгункi, нармальна, устаў, памыўся, торба на плячо i ў дзверы. Час разумееце не чакае. Кажуць чыгунка без пунктуальнасцi не ёсць нiякая чыгунка а звычайны бардак. I так сабе iду i думаю: бедная наша чыгунка, ну зусiм небагатая яна. I унiформы вось, самi бачыце. I вагоны, нейкiя такiя абшастаныя, i рэйкi расхiстаныя. Кiраўнiцтва вядома стараецца, ды што тут настараешся. Хаця, дарэчы, не ўсе кiраўнiкi добра працуюць. Iду вось i разважаю: будзе лепш, цi мо горш будзе? А на душы дзiўна неяк, быццам у святло якое ступаў. А калi б так думаю здарыўся якiсьцi цуд.... I не паверыце толькi паспеў падумаць, а зараз з-пад зямлi i высоўваецца зубр з залатымi рагамi.
А восьмай ранiцы стаяў тут натоўп, як за лепшым часам пад мясной крамай. Як снежная куля, сходзячы з узгорка каўкае ўсё, што на шляху, так зубр з залатымi рагамi згартаў да сябе мястэчка. Хто падышоў, той i прылiп. I працоўны народ, i беспрацоўны, дырэктары i сяляне, лекары i пенсiянеры, настаўнiкi i школьная моладзь. I ўсё яшчэ прычалялi новыя. Кожны з уласнымi спадзяваннямi.
Пяць на дзевятую згледзiў той натоўп Кастусь Шыла. Ён iшоў на шпацыр. Як штодзень, абмiнуў касцёл, банк, за банкам быў намер павярнуць у самае цiкавае месца, на базар, а тут натоўп ля магiстрата! „Няўжо iзноў забiлi кагосьцi?” мiльганула ў галаве кволенькая надзея. Раз у год, рэгулярна, каго-небудзь у мястэчку зацюкаюць, а ён, Кастусь Шыла, нiколi ў добры час, у адпаведным месцы. Пакуль з’явiцца пан Шыла, чыста ўжо i гладка, а доказ злачынства даўно прыбраны санiтарнымi або палiцэйскiмi службамi. Ён i не надта любiў тыя службы, за такую, залiшнюю пасля фактаў скутэчнасць. Праўда, здавалася на мiнулым тыднi, вось-вось i атрымаецца доўга чаканае. На скрыжаваннi Пiлсудскага i Трэцямайскай ровар сутыкнуўся з машынай. Быццам i не дзiва, ровар тут самы лепшы сродак камунiкацыi. Значыць так: жанчына гадоў пад семдзесят абмiнаючы ўсе дарожныя законы, лоб у лоб найшла на буфер “форда”. Смешна перабiраючы нагамi, выскачыла метраў два ўверх i як чорная варона распляшчылася ўпоперак вулiцы. „Падымецца? Цi не падымецца?” падумаў пан Кастусь Шыла. Ён шчаслiва знайшоўся якраз на ўскараiне мястэчковага скверу i карыстаючыся дарункам лёсу, пiльна сачыў за падзеямi. Ахвяра дарожнай аварыi ўсё яшчэ спачывала там, дзе яе пакiнуў буфер “форда”. „Не ўстане, няма моцных” паспеў даць прагноз, а ў той момант жанчына падарвала спiну, села. Хвiлiн тры вярталася да прытомнасцi. Побач, збялелы ад страху, хiстаючыся на мяккiх нагах таптаўся кiроўца. Усё нармальна, цётачка? працягнулася дапаможнае плячо. — “Вы мяне бачыце?” Жанчына, iгнаруючы прапанаваную падтрымку, узнялася на ногi сваiмi сiламi. I як едзеш, балван ты! Хто табе правы даў? Панства халернае. Бачыце, бачыце вы мяне, яшчэ пытае. Дзе нi глянь, таксоўкi ўсё згарнула з тратуара ровар, якi ў рэзультаце здарэння страцiў камунiкацыйныя ўласцiвасцi i павалаклася ў сваiм напрамку. Куды пайшла, пан Шыла не ведае. З тае хвiлiны, калi жанчына ўзнялася на ногi, ён страцiў сэрца для гiсторыi, што пачалася, здавалася, арматнiм салютам, а далей пайшла на схiл, да банальнага завяршэння. Як чалавек абшастаны з гучных абятнiцаў, пан Шыла адступiў у свой шэры, знярухамелы свет.
Так было тыдзень назад. А зараз ля магiстрата стаяў натоўп.
— Забiлi каго? Каго забiлi? А палiцыя? Ну, вядома, калi няма патрэбы, валэндаюцца кагалам. А вось у бядзе грамадзянiн, абдзіраюць з кашалька яго, або і зусім забіваюць нiякага паратунку разгартаючы натоўп пан Шыла дабiраўся да цэнтра падзеяў. Хто ж зараз галаву палажыў?
— Нiкога не забiлi, ты што чалавеча? Зубр во з залатымi рагамi аб’явiўся з памылковага становiшча выправiў пана Шылу нейкi чужы голас. Але пан Шыла, выбiўшыся на першы план i сам ужо здагадаўся ў чым справа. Ад нечаканасцi разгубiўся. Зараз i не ведаў шкадаваць, цi не шкадаваць? Пабачанае ў нiякiм сэнсе не сыходзiлася з ранейшымi спадзяваннямi. З другога боку не штодзень з’яўляецца ў мястэчку такое. Ба, добра падумаўшы, нiколi раней i не здаралася. I хто ведае, мабыць i не здарыцца чарговы раз. „А зацюкаць каго-небудзь, раней-пазней зацюкаюць” на такую думку пасвятлела на душы.
— Я яго, я першы напаткаў адбубнiўшы iнтэрв’ю рэгiянальнаму радыё, кандуктар Самахiл перад натоўпам даводзiў свае правы на знаходку. Адразу, як толькi вочы расплюшчыў, так i ведаў здарыцца сёння важнае. Прадчуванне такое было. А калi выйшаў з хаты, зараз i знак на небе паказаўся. Чаму тое ляпнуў? Зараз i сам не ведае. Мо хацелася выдаўжыць сваю прысутнасць у цэнтры здарэнняў?
— Якi знак? Мо крыж агнявы якi? збянтэжаным голасам xiстануўся натоўп. А можа Матка Боская? падключыўся паасобны, жаночы голас. I пан Самахiл таксама збянтэжыўся. Не абдумаўшы дэталёва стратэгiю прэзентацыi сваёй фiгуры, ён неасцярожна вышпарыўся наперад. Трэба было ратавацца. „Мабыць i фактычна пакарыстацца аўтарытэтам Божай Мацi? Даўно як не аб’явiлася ў павеце якая-небудзь святая постаць” падумаў. Ужо i збiраўся з адказам, калi ў заднiх раёнах грамады зашавялiлася чорная сукенка бацюшкi Рыгора. Можна меркаваць ён назойлiва намагаўся ў цэнтр натоўпу. Наперадзе крочыў Макар Хавоська, па прычыне буйнай фiгуры званы Бомбай. Гэты зараз царкоўны стараста, у васьмiдзесятыя гады капiтан мясцовай мiлiцыi уласным целам i выбiваў шлях айцу Рыгору. „Вось табе, калi б так ляпнуў” спахапiўся ў добры час Самахiл. Зараз жа пайшлi б пытаннi. Асаблiва з боку гэтага Бомбы: А якая была сукенка Божай Мацi? А прычоска якая? А ўсмiхалася яна, цi можа сумнае было аблiчча? А што ж сказала Цудоўная З’ява? A на якой мове? Па расейску, ці па—польску? А можа на ангельшчыне? О так, такое пытанне з асаблiвай асалодай паставiў бы Бомба. А ўжо прыпомніўшы ангельшчыну — з імперыялістычнай гніллю ўсё яшчэ асацыюецца яна Бомбе — ягоныя вочы зараз жа звужаюцца ў дзве вострыя братвы. І не прыхаваць ад гэтых брытваў ні слова, ні думку.
Знюхаўшы небяспеку, Самахiлаў iнтэлект спрацаваў на ўсю пару. Цудоўны знак, якi зараз трэба было назваць, мабыць i не адзначаўся залiшнiмi прыкметамi арыгiнальнасцi, з другога боку пытай Бомба. Што толькi захочаш пытай. Не зловiш ты Самахiла, не запрэш у цёмны закавулак. I Самахiл сказаў:
— Ну, дзiўны знак, касмiчны. Чатыры зоркi над пушчай злiлiся ў адну. З чатырох бакоў свету ляцелi i якраз па-над нашай пушчай у адно сышлiся. А потым адным, аграмадным святлом на мястэчка накiравалася ўсё. Памаленьку небам плыла тая светласць, быццам бы клiкала: „Iдзi Самахiл, да мяне iдзi.” Аж спынiлася над магiстратам. Ну што тут яшчэ скажаш... Знак.
— Набамболiўся мусь, ды i сышлiся ўсе зоркi ў адну Бомба дабрыў якраз на апошнiя словы. Зубра, што спакойна спачываў у цяньку туяў, ён пакуль не прыкмецiў. Ты што, Самахiл, народ цудамi якiмiсь туманiш? Нiякiх цудаў няма у той момант ён адчуў на спiне стомленае дыханне айца Рыгора i насуперак ранейшым намерам выдаўжыў думку:
— Няма цудаў без прычыны. А тут што?
— А хiба ж i не прычына? плячо Самахiла працягнулася ў напрамку туяў.
Зараз i Бомба згледзiў тое, з чым апошнiя паспелi знаёмiцца раней. Ступiў яшчэ крок: хацелася абмацаць тыя рогi, дакрануцца. Усё ж-такi.... У вялiкiх карых вачох быццам спакойная абыякавасць.... А што чаўпецца ў кудлатым iлбе? Адкуль жа ведаць.
З небяспечнымi людзьмi быў у Бомбы неблагi вопыт, здаралася садавiш асобеня на табурэтку, сам забiваешся за стол, моўчкi гортаеш паперы. Аблiчча камень, вочы шкло. Дзесяць хвiлаў гортаеш тыя паперы, дваццаць няма патрэбы спяшаць. Курыш, струменiш дым зручнымi абаранкамi. Прыкiдваешся чалавекам, якога змарылi справы сусветнага маштабу, а той, згорблены на табурэце нуль, адно мантачыць твой цэнны час. Тады i кажаш: „Так i так мае быць! Усё ясна? Прызнавайся, твая маць, бо iначай....” А вось з зубрамi што i як? не разглядалася на курсах. I Бомба няўпэўнена спынiўся. Азiраючыся на айца Рыгора, здавалася, у яго разумных вачох шукаў падтрымку, падказ нейкi, адно слова, што дазволiць з гонарам адступiць на раней прадбачаныя пазiцыi, ды ў добры момант iзноў узяць iнiцыятыву ў свае рукi. Але бацюшка пакуль маўчаў. Ніколі раней не спаткаўся з ніякімі цудамі, нат самымі маленькімі. Дык і зараз, тое, што тут адбываецца — сапраўды цуд? А калі містыфікацыя якая? Або — грубае ашуканства? Падтрымаць такое, адобрыць сваім аўтарытэтам, вядома, што абазначае: смех вечны і зсылка ў далёкія Бяшчады. Або і яшчэ далей, у Шчэцін. Але зараз і другое прыйшло на думку: А мабыць сапраўдны цуд? А мабыць урэшце рэшт прыйшло змілаванне і на наш панадворак? І тады што? Абмінуць маўчаннем? Абыякава паставіцца? А калі рабіць, дык што рабіць? Месцы назначаныя цудоўнай ласкай увекавечняюцца неяк, адзначаюцца — наогул новымі храмамі. А тут жа цэнтр мястэчка, запоўнены кожны пляц, кожны квадратны метр...
З такімі думкамі абвёў ён зрокам бліжэйшае наваколле, спыніўся на вяршынях дрэў у парку. “Не, не быць такое — розум адразу адагнаў нованароджанае. — Ніхто не дазволіць прыбраць і адно паасобнае дрэўца. Эколагі з усяго свету зараз і азвуцца. Ды што казаць — азвуцца! Верхал падымуць такі, што і ў нябёсы рэхам панясецца. Хіба, калі б... — І зараз у другім напрамку злёталі вочы айца Рыгора. Прагуляліся над магістрацкімі сценамі, кранулі бліжэйшыя блёкі, што выцягнуліся вышэй за магістрацкі дах. “А што, калі б і завяршыць той дах купалам? — падумалася. — Пры нагодзе і прыхавае ён тое сацыялістычнае шматсямейнае і шматпавярховае шкарадзенства. Так, тут можна выпрацаваць які кансэнсус. Мясцовыя людзі — зразумеюць. Не, усё-ткі — не, — дзіўная цеплыня, быццам якія асколкі, быццам воск касмічны ад чатырох зор, пра якія хвіліну раней правіў кандуктар Самахіл, усё гэта яснай палоскай сышло на айца Рыгора. — Яшчэ не, яшчэ не зараз, — прашаптала светлая палоска.
— А я таксама бачыў у небе тое, аб чым тут Самахiл дзесьцi з заднiх раёнаў натоўпу вырваўся нясмелы, дрыжачы голас. Народ скалыхнуўся, усе галовы павярнулiся ў адным напрамку.
— Ён бачыў-ён бачыў-ён бачыў пайшоў шарэнгамi неспакойны шопат. I зараз вярнуўся назад: А хто гэта-гэта-эта?
Значыць трэба паказацца. Невысокi ростам асобень, гадоў за пяцьдзесят, узняўшы руку, быццам вучань, што ахвотнiкам аддаецца пад ацэнку, зараз ужо голасам болей упэўненым паўтарыў:
— Праўду кажа Самахiл. Ён, як ведаеце, не спецыялiст па касмiчна-тэхнiчных справах, мабыць у агульных рысах прадстаўляе праблему. Але у прынцыпе згодна з праўдай. У мяне, як ведаеце, адукацыя тэхнiчная. А хобi вось таксама ж не таямнiца можна сказаць касмiчнае.
— А хто гэта? паўтарылася пытанне. Паколькi як выяўляецца i асобень, i яго прафесiйныя ды хабiстычныя квалiфiкацыi ўсё яшчэ не паказалiся даступнымi шырокай публiцы, трэба зрабiць тут невялiкую рэкамендацыю. Можна было б сказаць так: калi вам спатрэбiцца чалавек, якi на жыццёвым шляху размiнуўся з голасам душы, чалавек, якi насуперак снам i мроям, замест у каляровыя, араматныя ды квяцiстыя лугi прымушаны быў павярнуць у абмежаваны матэматычнымі законамi свет бяздушных лiчбаў i геаметрычных зiгзагаў, калi вам цiкавы такi чалавек, загляньце ў нашае мястэчка. I пытайце аб Сашку Тытуньчыка. Ён зараз ужо вядомая ў мястэчку асоба. Неабходныя каардынаты атрымаеце ў першай крайняй краме, у адмiнiстрацыйнай установе, або звычайна на вулiцы. А калi заглянеце ў мястэчка ноччу, мабыць пашанцуе вам напаткаць Сашку ў такую хвiлiну, калi ягоная душа, сэрца i цела, аб’яднаныя ў шчыльную структуру, на крылах прыдбанага ад савецкiх базарных турыстаў люнета, узлятаюць у зорнае неба.
— Кажа спадар Самахiл вось, здарыўся цуд... Праўда, можна i так сказаць. Але дзеля дакладнасцi я скажу iначай. Я скажу пацвердзiўся цуд жыцця. Цуд iснавання матэрыi i думкi. Бо дакладна хачу тут зазначыць у мяне таксама была нагода ў апошнюю ноч сачыць за тым, што глядзеў спадар Самахiл. Раней чыталася аб тым у кнiжках, у газетах, глядзелася на тэлебачаннi. I заўжды здаралася такое дзесьцi ў свеце, дзесьцi далёка. А то ў Амерыцы, а то ў Англii, а то ў Францыi, цi другiм, вядомым месцы. А сёння пад ранiцу i нас наведалi. Значыць i наша мястэчка не горшае за другiя, i нашы людзi не абы хто, калi тут якраз аб’явiлiся Яны за апошнiм словам Сашка ўзвёў вочы ў сiняе неба. Следам пайшлi i апошнiя, мабыць усё яшчэ спадзяючыся на прысутнасць таямнiчых Iх у застылай над магiстрацкiм дахам вышынi. Неба стаяла чыстае, дзе-нiдзе красавiцкiмi, пярыстымi воблакамi засланяўся блакiт.
— А якiя Яны? Хто Яны? пан Кастусь Шыла, зведаўшы адзiн цуд вачыма, другi вушамi, цi не канчаткова забыў пра ранейшыя спадзяваннi.
— Гм пан Сашка таямнiча ўсмiхнуўся. Яны госцi за якiмi сачыў я ўсё жыццё. Нашы, безумоўна старэйшыя браты....
— Значыць расіяне? — радасным воплескам выскачыў з натоўпу голас Паўлюка Палітуры. — А я так і думаў — не яны тут абдорылі нас? Золата ў Расеі, во, пад завязку. Усіх зуброў азалаціць у пушчы — тое, што і сплюнуць для Расеі.
— Э там. Зараз — расейскі той зубр. Калі б расейскі, тады не рогі, хучэй ужо зубы былі б у яго залатыя, — скептычна адазваўся Бомба.
Сашка Тытуньчык шукаў тым часам словы, якiмi скажа зараз пра ўсе недаспаныя ночы, пра неба цаля за цаляй абшныранае халодным шкельцам люнета, пра скептычныя заўвагi жонкi Алiмпii, што вырваўшыся спрасоння пасярэдзiне ночы, ні раз, ні два разы паўтарыла: „Кiнь жа дурноты, за працу вазьмiся. Людзi во якiя бiзнесы параскручвалi.” Думаў пан Сашка расказаць пра сваю бязмежную, матэматычнымi перападлiкамi пацверджаную ўпэўненасць у iснаванне другiх сусветаў, другiх земляў, запоўненых фантастычна пакручастымi iстотамi. Цi адну ноч рысаваў iх на службовай паперы? Нат калi i трэба было, згодна з загадамi начальства зусiм другое вылiць на паперу нейкiя, бяздушныя схемы, аловак міжвольна раскрываўся цудоўнымі зявамі — двухгаловымі, трохногімі, крылатымі.
За туямi, за вокнамi магiстрата, малады павятовы сакратар вядучай партыі падняў тэлефонную трубку. Збiраўся ён званiць у Варшаву, знаёмаму мiнiстру, ды як пачаць размову зараз i не ведаў. Значыць, што? Так i так сказаць, вось абявiўся зубр з залатымi рагамi, ляжыць побач з магiстратам, народ гуртуецца, аб цудах правіць... А мiнiстр спытае: якi зубр, чаму ён тут, адкуль узяўся, цi не якая ён палітычная правакацыя? А дазвол ляжаць зубру побач з магістратам дала ўлада? І асноўнае — у чыёй справе разлажыўся ён? Каго падтрымоўвае лежачы там?
На такія пытанні не адказаць у названую хвіліну. І сакратар пасадзіў трубку на ранейшае месца. Задумаўся. Вось табе i заварэнцыя. А ўсё добра было, спакойна. І зараз, за прычынай кудлатай чатырохногай жывёліны гэты спакой разбураўся. Штосці пагрозлівае, некантраляванае, нябачнай птушкай разгарталася над мястэчкам. Яшчэ няўмела, пакуль хаатычна і навобмацкі. Але ж усялякія катастрофы, на якіх правалялася любая ўлада, ці не з нуля пачыналіся? Ад аднае кулі, што трапіла ў цэль або абмінула яго, ад аднаго слова — сказанага, або прамоўчанага.
І сакратар яшчэ раз падняў трубку, набраў нумар. “Раз казе смерць!”
Прагудзеў адзін гудок, другі, трэці, аж электронныя вантробы азваліся знаёмым голасам.
— Так?
— Міністр?
— Так.
— Гэта я, сакратар партыі ў мястэчку.
— Так? І як там у мястэчку? Нармальна ўсё?
— Зубр абявіўся ў мястэчку. Ляжыць побач з магістратам, а народ — хто жывы, усе тут, — адным рашучым сказам, адным рашучым жэстам разрэзалася набрынялая скула. Накрыўшы мікрафон далоняй, каб прытаіць неспакойнае дыханне, сакратар чакаў адказ. Але насуперак спадзяванням, адказ прыйшоў халодны, сціплы, безэмацыянальны:
— Так? І ў чым справа?
— Рогі яго залатыя.
— Залатыя?
— Ну, залатыя. Бліскучыя-бліскучыя.
За гэтымі словамі разгарнулася ў трубцы даўжэйшая цішыня. “І што, здзівіўся” — душа сакратара напоўнілася насалодай. — “Думаў, зноў без прычыны барабаніць саратар. Ад няма чаго рабіць на тэлефон абвесіўся”.
Але трубка працягнула размову манатонным і абыякавым голасам:
— І што, падабаецца зубр?
— Ну-у, ніхто не ведае адкуль ён. Народ гуртуецца, аб нейкіх цудах балакае...
— Ніякіх цудаў наша партыйная ідэалогія не прызнае. Гаварыў я вам, ці не гаварыў? А вы апяць сваё. Выступіць, сказаць як трэба, што трэба і няма дыскусіі — знервавалася трубка.
— Але ж і бацюшка там, — голасам сакратара авалодала набянтэжанасць.
— Ага, — маленькі перапынак уварваўся ў размову. — Такая справа. Але агульна — народ задаволены? Цешыцца, спадзяюся?
Зараз не ў міністэрскім, а ў магістрацкім кабінеце прыпынілася слова. Нажымаючы думкі сакратар маланкава аналізаваў, абмяркоўваў пачутае. Асабліва зза апошняга, зза гэтага, абыякавым голасам сказанага “цешыцца, спадзяюся” і прытармазілася размова. “Значыць, што? Ёсць тыя цуды, ці няма іх? А калі ёсць — дык адкуль бяруцца?”.
У гэты момант сакратар адчуў сябе сапёрам, што ўзяўшы ў далоні невядомую міну, або гранату, абмацвае яе зрокам, песціць далікатна пальцамі, здагадваецца — смерць, ці жыццё прытаілася за жалезнай абалонкай?
Але сакратар быў палітык. У палітыкаў ёсць свае міны і свае разрыўныя гранаты. Гэта — словы. Яны дораць палітыкам будучыню, або пасылаюць іх у нябыт. І сакратар абмацваў сваю міну. Песціў яе ў думках, разбіраў на паасобныя гукі, склады. Раззброіваў.
— Па-да-ба-ецца, — сказаў, даводзячы голас да межаў ідэальнай ласкавасці. — Як жа не па-да-бац-ца? Хто другі, калі не вы маглі прыдумаць такое. Бо — добра думаю — за вашай справай гэты зубр? За вашым хадайніцтвам?
— Ну-ы, — трубка прахрыпела неяк дзіўна. Ні так, ні сяк. Але сакратар, прымусіўшы вуха да максімальнай працы, нат у гэтым абыякавым “нуы”, здагадаўся перавагу станоўчага над адмоўным.
— Увогуле — геніяльная ідэя. Я заўсёды паўтараю людзям: не сіроты мы, не бязбацькавічы якія. Бачаць нас і клапоцяцца за нас. У Варшаве, і ўвогуле — падбадзёраны трапнасцю сваіх дыягнозаў, сакратар разгартаўся ў доўгую песню. Але калі шосты або дзесяты раз словам “дзякуй” паўтарыўся прыпеў, яго спынілі:
— Так вось і скажыце людзям — няхай карыстаюцца на здароўе. А мы тут памятаем і клапоцімся, і забоцімся. І ўсё ведаем, бачым і чуем.
Апошнія словы сказаліся ветліва, адчувалася ў іх бацькоўская цеплыня і жартоўнасць. Але ж і вытыркалася зза жартоўнай цеплыні нешта сухое, перасцерэгальнае, пагрозлівае. І сакратар, быццам шукаючы тайна вока і вуха, аб’ехаў позіркам сцены, партыйную шыльду на сцяне, нават жырандаль чатырма лямпамі разложаны над галавой. Але сцены глядзелі адно партрэтамі ранейшых сакратароў, што адслужыўшы свае тэрміны, выканаўшы даручаныя заданні, адышлі — хто куды — на больш адказныя пазіцыі, на пенсію, у лепшы свет. І ўсе партрэты, усе вочы зірылі за маладым сакратаром — турботна, абыякава, іранічна. А найбольш іроніі было ў вачах Яўхіма Гаворкі.
Партрэт Яўхіма як апошні засеў месца на сцяне, а і сам Яўхім не так даўно сваёй чыста фізічнай асобай запаўняў гэты кабінет. Яго астральную прысутнасць адчуваў малады сакратар па сённяшні дзень. “Ну што, хлапец, захацеў быць грыбом, палезай у каробку” — так менавіта усміхаліся гэтыя вочы. — Ідзі, выштурхоўвалі вочы. На вуліцу ступай, там чакаюць”.
А на вуліцы мітусіўся народ. Гаманіў, таптаўся з нагі на ногу. Сакратар хвіліну адчакаў, абвёў зрокам знаёмыя і незнаёмыя абліччы, узняў разпасцёртыя, адкрытыя далоні і бы які Кашпіроўскі, пасылаючы ўсяму свету добрыя флуіды, заклінаў гоман. Гэты жэст заўсёды спрацоўваў. І зараз таксама — людзі адгаманілі яшчэ хвіліну і замоўклі.
— Дарагія сябры, добрыя людзі. Мне заўсёды прыемна бачыць вас у нашых сценах. Гэта вельмі важна, калі народ цікавіцца пачынаннямі сваёй улады. Аспрэчвае іх, або адабрае. Калі сумняваецца і стаўляе пытанні. Так і зараз шмат якія пытанні тут прагучалі.
— Адкуль узяўся ў мястэчку цудоўны зубр? — выскачыў з натоўпу голас Бомбы.
— І хто расплаціцца за яго? Ці якраз не мы, беспрацоўныя і рабочыя? — з задніх шарэнгаў вышпарылася чарговае пытанне.
— На маю думку расіяне, зусім бясплатна абдорылі нас, — паспяшаў з адказам Паўлюк Палітура.
— Э, там. Зараз — расіяне. Калі б расейскі ён, тады не рогі, хучэй ужо зубы былі б залатыя, — скептыцызмам паўтарыўся Бомба.
У гэты момант трэба было дыскусію спыніць.
— Пытаеце і стаўляеце адказы — часта вельмі цікавыя, але ж і вельмі складаныя. А свет не такі ўжо і скамплікаваны. У свеце, таксама ў свеце палітыкі ўсё мае канкрэтную прычыну. За злом ступае кара, за дабром — узнагарода.
— А нас за што узнаградзілі? — яшчэ адно пытанне ўваткнулася ў словы сакратару.
— А звычайна, за тое, што мы ёсць, — усміхнуўся сакратар. Зараз безбалесным і натуральным шляхам трэба было пераходзіць да мэрітум справы. І сакратар перайшоў. — Вы добра ведаеце нашага міністра. Ён заўсёды з намі, у добрую хвіліну і ў благую. Днём і ноччу. І зараз ён тут — думкамі і душою — удакладніў, бо людзі зірнулі цікава ў бок, шукаючы добра вядомую постаць.
— Значыць, што? Міністэрскі гэты зубр?
Сакратар зноў усміхнуўся. Чакаў, даводзячы іх сумняванні і цікавасць да межаў вытрымкі. І калі гэтая цікавасць узнялася на самы высокі паверх, ён сказаў:
— Так дарагія сябры, вы ідзеце ў слушным напрамку. Шмат якое дачыненне мае наш міністр да гэтага цудоўнага зубра. Ягоны гэта дарунак. А ён, міністр — дарунак нябёсаў нашаму мястэчку, — апошнія словы сакратар безумоўна адрасаваў айцу Рыгору. “Як цудоўна ўсё атрымалася”, — падумаў.
Але нябёсы якраз прыхоўваліся за чорнымі хмурынамі. Адвёўшы ўсю ўвагу важкім, але ж зямным справам, яны праваронілі той момант, калі ў небе мяняюць антуаж, прыбіраецца са сцэны ідылічнае афармленне, а яго месца запаўняецца больш драматычнымі рэквізітамі. Такія ракіроўкі неабходныя. У другіх выпадках чалавек забываецца на вартасць святла, добраахвотніцкія частункі ўспрымае як належны сабе паёк і пачынае дамагацца — больш давай, і больш.
Першая кропля дажджу пакаўзнулася па зубрыных рогах і апала залатой слязой у траву. Затым яшчэ адна, і яшчэ. Ніхто пакуль да гэтых кропляў не прыкладаў залішнюю ўвагу. Нават і добра, нават і трэба — хучэй падымецца, раскрасуецца ў агародчыках вясновая трава, вясновая кветка.
А хмурыны замацоўваліся на нябесных пазіцыях. Дождж гусцеў і ад кожнай кроплі на бліскучым золаце зубрыных рогаў вырастала дзяружная шрама.
— А гэта што? — Яўхім Гаворка апынуўся ў першай шарэнзе. Паказальным пальцам каўзануўся па зубрыных рогах і палец набраў бляск. І Яўхім узводзіў высока-высока залаты палец, прэзентаваў яго ўсім прысутным, і ўсяму сусвету. І яшчэ раз, зазіраючы ў вочы маладому сакратару, пытаў Яўхім — А што ж гэта такое?
Пытаў лішне. Сакратар і сам сляпы не быў. З першай кроплі дажджу адсачыў усё, што трэба. Але ж...
Чалавек — наогул істота аптымістычная. Бачыць тое, што хочацца бачыць, на што спадзяецца сэрца. А калі абразкі разыходзяцца, калі сварацца між сабою, спрачаюцца, тады чалавек закрывае вочы, раскрывае, закрывае зноў. І так у бясконцасць, аж вобразы вачэй і сэрца спалучацца ў згодную пару, прагучаць адным акордам.
А тут прагучаў голас Яўхіма Гаворкі — гучна, груба. Забіўся цвіком у сэрца, і сэрца зрабілася нямое ды сляпое. “І што ж зараз будзе? Што будзе? Гэтыя на вуліцы, хрэн там. Ім усё можна патлумачыць, што толькі захочаш. А вось міністр.....”
Слова “міністр” забівалася паасобным, самым вялікім і самым вострым цвіком. “І які чорт падшапнуў тэлефанаваць адразу ў Варшаву? Які д’ябал?”
Шукаючы адказ на такія пытанні, ён шукаў таксама самы зручны, самы ананімны шлях для эвакуацыі з гэтага месца.
Тым часам маладыя гарцэры, выштурхнёныя наперад пачуццём грамадзянскага абавязку, разгарнулі над зубрынай спіной вялікі парасон. Але дождж, абмінаючы заслону, рабіў сваю працу паспяхова. Падпіраючыся рэзкім ветрам, наступаў з аднаго боку, з другога, адбіваўся рыкашэтам ад туяў. Праз хвіліну ні залатая кропля, ні заблытаны праменьчык, ні які колечы ўспамін ад незвычайнасці не астаўся ў зубрыных рогах. А чорныя хмурыны ападалі ўсё ніжэй і ніжэй. Прысаджваліся на крышу магістрата, на паштовыя будынкі, разгарталіся на абліччы людзей, кандэнсаваліся ў вачах сакратара. І бы праз чорнае шкло ён бачыў заўтрашні дзень. Адчуваючы халодны, сыры подых будучыні, малады сакратар паставіў крок назад, потым яшчэ крок, і яшчэ, аж апынуўся ў бяспечных абдымках кабінета. Глянуў на тэлефон, з агідай падумаў пра вучоных канструктараў, што прыдумалі такую тэхніку, абвёў зрокам абвешаную партрэтамі сцяну. Фізіяномія Яўхіма Гаворкі, заўжды задумёная і сур’ёзная, зараз разгарталася ўсмешкай на ўвесь пратэз. А можа сакратару тое проста ўявілася? Ляснуў дзвярыма з усяе сілы — няхай абарвецца той Яўхім, няхай праваліцца ў бяздонную пропасць!
Чорным ходам збег з магістрата, сеў на машыну і адехаў.
— Панове, прапусціце. Гэта мой зубр. Мой, — малы, дзесяцігадовы хлапчук, разгартаючы пінжакі і сукні выбіваўся з перыферыйных раёнаў натоўпа. У далонях хлопца паблісківала бляшаная баначка. — Я першы знайшоў яго, учора вечарам. І нават, о глядзіце, гэтай во краскай рогі пакрасіў.
Апынуўшыся побач з зубром, працягнуў руку. Залатая стужка спрэю мільганула ў паветры, рассыпалася на рогі бліскучым золатам. Але дождж ішоў ужо густы і моцны, і золата вокамгненна згарталася ў траву. Хлопец паўтарыў аперацыю, затым яшчэ раз, але ж рэзультат атрымоўваўся як і раней — дрэнны. І ад бязраднасці ён развёў рукамі.
— Будзе лепшае надвор’е, пакрашу яшчэ раз. Зараз не атрымаецца. Краска благая — дажджу баіцца, — вінавата ўсміхаючыся паставіў крок назад, знік у натоўпе.
Зусім блізка ляснуў з неба пярун, агнявым асколкам забіўся ў фабрычны комін. Агартаючы галовы парасонамі, хустачкамі, пластмасавымі пакетамі народ хістануўся, пайшоў хто куды, урассыпную. І з гэтага своеасаблівага поля бою кожны выносіў сваё. Хто бліскучыя ордэны, хто балючыя шрамы, а яшчэ хто — звычайны сорам.
Кастусь Шыла назіраў за ходам чаравікаў і думаў пра каўзкі асфальт — ці не стане ён прычынай для яшчэ больш цікавага спектакля. Яўхім Гаворка крочыў з горда ўзнятай галавой — рассакрэцілася зараз жа канчаткова — мазня і тампак сучасныя палітыкі.
Бомба трушком спяшаў за айцом Рыгорам і задумоўваўся — чаму адпаведныя службы не займаюцца зараз засранцамі — абмазваюць жа каляровымі спрэямі ўсё, што падыдзе пад руку — сцены, вокны, нават зубрыныя рогі. Айцец Рыгор праслаўляў у думках вышэйшую сілу — з яе гэта падтрымкай пазбеглася вандроўка ў далёкія рэгіёны нашай прыгожай краіны.
А ананімныя героі гэтай гісторыі, мабыць звачайна думалі — нічога тут не было, нічога не будзе.
Здавалася — мястэчка памірылася з лёсам, пайшло за сваімі справамі. Дзень памаленьку ўладкоўваўся ў шэрую гадзіну, калі з гэтага паўсвятла паказалася шэсце. Дакладна — азвалася голасам гармоніка. „Wyklety powstan ludu ziemi” — знаёмай мелодыяй разгартаўся, пакуль яшчэ нябачны мех. І ўсе чорныя вароны, што звычаёва прысаджваюцца ў ліпавым галлі, падняліся ў сырое неба, закружылі, замітусіліся.
А потым гармонік прыціх і раптоўна азваўся “кацюшай”. Адгаманій зваротку, прыпеў, зручна пераліўся ў душашчыпацельнае “ах судзьба мая судзьба” і нечакана вярнуўся да пралетарскага гімна. А калі шэсце павярнула з Пілсудскага ў Трэцямайскую, гармонік заходзіўся “першай брыгадай”.
Шэсце было з дваццаці асоб і кожная адна асоба сціскала ў далонях свой сцяг. І былі там сцягі ці не ўсяго свету, ці не ўсіх палітычных партыяў, ці не ўсіх ідэалогіяў, што валодалі людзьмі ў далёкай або і блізкай мінуўшчыне. Чырвоныя і бела-чырвоныя, блакітныя і зялёныя, чырвона-зялёныя і бела-чырвона-белы.
“ПЕРАКАВАЦЬ ЗОЛАТА Ў СУП” — чорнымі літарамі на зялёным фоне выцвітаў ці не супольны для ўсіх, пяціметровай даўжыні транспарант.
Калі б не асоба Сакалюка, што крочыла саноўна на чале, можна б падумаць — вось Персефона ўрэшце рэшт вызвалілася з зімовых кайданоў, ды разгартае над мястэчкам свае каляровыя далоні.
Але шэсце было ад Сакалюка. Гадзіну раней, калі ўдарыў у мястэчка громкі пярун, Агафон Сакалюк пралупіў вочы. У след за перуном азваўся і тэлефон.
— Зубр? З рогамі залатымі? Побач з магістратам? — ад кожнага слова, сказанага трубкай вочы Агафона Сакалюка закругляліся, заходзілі здзіўленнем, здзіўленне пералівалася ў задуму, задума ў злосць. “Вось табе і ўлада! Вось табе і абранцы народныя! Народ галадае, а яны ў золата абвешваюцца! Дашчэнту звар’яцелі, нат жывёліне не даруюць. Даволі ўжо”. Так падумаў Агафон Сакалюк. Ад жалю і бездапаможнай роспачы яму хацелася плакаць. Але Сакалюк быў мужчына моцны. Абцёр слязу, адлажыў трубку, пяснуў кулаком у стол і заціскаючы зубы прахрыпеў: Даволі! Час склікаць дружыну.
Зашавяліўся між столікамі, спатыкнуўся аб крэсла, адбіўся рыкашэтам ад прылаўка і назад аблакаціўся на тэлефонны апарат. “Спакойна Сакалюк, спакойна. Не ўсё яшчэ страчана.” — прыпыніў сам сябе. Набраў адзін нумар, другі, трэці...
І вось зараз дружына з дваццаці асоб прычаліла да магістрата. Было тут ціха і бязлюдна. Натоўп знік, адно тры маладыя гарцэры ўсё яшчэ выпаўнялі сваю функцыю. Дождж спыніўся і зараз прыдбалі яны сабе другі занятак. Поўзаючы на каленях, самы маленькі гарцэр зрываў маладзенькую, красавіцкую траву. Перадаваў яе крыху большаму, той згартаў траву ў спраўныя букеты і аддаваў самаму вялікаму, ці не камандзіру тройкі. Самы вялікі гарцэр, прысеўшы на кукішкі, падсоўваў яе пад натапыраныя зубрыныя ноздры. І кудлатая зяпа хісталася манатоннай, лянівай жуйкай.
— Дзе рогі залатыя? — прадчуванне злога абліло Сакалюка халодным потам.
— Паслушна заяўляю — няма рогаў залатых, — самы старэйшы гарцэр падарваўся на ногі, выструніўся, прыкладаючы два пальцы да брыля шапкі глядзеў у вочы Сакалюку. Той не зразумеў.
— Што няма? Як няма?
— Паслушна заяўляю — дождж абмыў. Ліўны пайшоў такі, усё дашчэнту выпаласкаў. О, глядзіце, — адыходзячы ад службовай пазіцыі, гарцэр зноўку прысеў на кукішкі. — Тут можа дзе якая кропля і асталася.
Побач з гарцэрам упаў на калені і Сакалюк. І зараз чатыры далоні пабеглі ў траву. Абмацвалі яе, разгарталі, рвалі з карэннем. Авалодала Сакалюком адно адзінае жаданне, адна мроя — адшукаць у траве — хай сабе самую маленькую, хай сабе самую крывалапую залатую кропельку, ды перакаваць яе ў талерку з гарохавым супам. Але на пальцах аставалася адно красавіцкая сырасць.
— Няма? Вядома, што няма тут. І вядома дзе яно зараз ёсць, — выкрэсліваючы на каленях фантастычныя зігзакі, можа сабе, можа згуртаванай побач дружыне, а хучэй за ўсё магістрацкім вокнам кіраваў гэтыя словы Агафон Сакалюк. — Золата саскрэблі, краскай пакрасілі, і на табе дурны народ. Глядзі, цеш вока і каўкай сліну.
А за спіною моўчкі стаяла дружына. Чатыры дзесяткі вачей напружана ўзіраліся ў мітусню Сакалюковых пальцаў. Але пальцы вярталіся з нічым. І з кожным такім вяртаннем, з кожным беспаспяховым жэстам наводзіўся смутак на абліччы людзей. Іх галовы апускаліся ніжэй, за галавамі, складаючы крылы, ціхлі і ніякавелі харугвы і штандары.
Здагадваючыся ў агульным настроі, прадчуваючы няўхільнае падзенне баявога духа, Агафон Сакалюк узняўся на ногі. Рашучым жэстам адбіўся ад леташняй сухой травы, што прыліпла да нагавіц, сплюнуў.
— Мегафон. Давайце мегафон, — замітусіўся залішне, бо нейкая чуйная рука ўжо пад’язджала з тэхнікай. Прыхапіў інструмент, нацэліў у вокны магістрата. Думкі разляцеліся кожная ў свой бок, рассыпаліся бы спалоханыя птушкі. Стараўся згарнуць іх, вярнуць назад, пасадзіць на ранейшае месца.
Вельмі важнае ў такіх выпадках першае слова.
— Miałeś chamie złoty róg, — запамятанай ад школьных гадоў фразай прагрымеў мегафон.
— І дзе ён? І дзе ён? — дваццаткай горлаў адгукнулася дружына, а мегафон і на гэтае пытанне адразу даваў адказ:
— Няма. Прагулялі ўсё, прамантачылі, прапіз... — Месца было ўсё ж такі публічнае і апошняе слова ён спыніў у добры час.
— Прагулялі, прамантачылі, прапіздзілі, — дружына пайшла ў раней прыадкрытую фортачку. Пайшла лёгка, навобмацкі, імпульсіўна, дык і горлы не ўсе паспелі спыніцца, прагучалі з першай па апошнюю літару.
Настрой уздымаўся. Узняліся голавы і харугвы, узнялася і рука Агафона Сакалюка. Левая ўсё яшчэ заціскала прыткнёны да вуснаў мегафон, а правая — напружаная, звязаная ў магутны кулак, быццам ствол процітанкавай арматы пацягнулася на магістрацкія вокны.
— Браты, панове, таварышы! Даволі! — з узлётам харугваў мегафон набіраў новую моц.
— Даволі, — згодна падтакнула дваццацігалоссе.
— Ура! Ура! Ура! — падбадзёраны калектыўнай магутнасцю сваіх шарэнгаў, Агафон Сакалюк прагрымеў трыма сальвамі і ў гонар кожнаму “ура” паставіў адзін крок у напрамку магістрата. Але зараз водгук зза спіны атрымаўся не зусім камплектны. Па праўдзе не больш за тры, чатыры галасы далі чаканы адказ. І чацвёрты крок Сакалюк не паставіў. Спыніўся, павярнуўся тварам да дружыны. Усе дваццаць фігур застылі на ранейшых пазіцыях.
Назіраючы тыя фігуры, ён пачаў здагадвацца — ніякая рэвалюцыя тут ні сёння, ні заўтра не атрымаецца. Але здагадка не была новая. Раз або два намагаўся падарваць, скалыхнуць гэты прыімшлы камень? Дзесяткі раз. Зрабілася Сакалюку і крыўдна, і дурна. Як зажды, калі аддае сябе чалавек поўнасцю вышэйшым мэтам, агульным справам, змаганню за лепшае заўтра другіх, а ў замен атрымоўвае пякучую фігу. Усё-такі кожную пазіцыю, кожнае поле бою адступаць трэба з гонарам і з горда ўзнятай галавой. Гэта абнадзейвае на будучыню. І галава Сакалюка ўзнялася вышэй.
— Мы яшчэ вернемся сюды, — пагрозлівым жэстам вышэй галавы ўзляцеў магутны кулак.
— Мы яшчэ вернемся сюды, — згодным строем пашыбавалі ў магістрацкія вокны і апошнія кулакі.
А вокны глядзелі гэтую дэманстрацыю халоднымі мёртвымі зрэнкамі. Ні жывой душы не было ўжо ў магістраце. Усе чыноўнікі пайшлі да дому.
Агафон Сакалюк адступіў крок назад, павярнуўся спіной да магістрацкай сцяны і таксама пайшоў. Следам ступіла і дружына. Перакінуўшы за плячо каляровыя харугвы, яны ішлі ў маленькі рэстаранчык, дзе за лепшым часам згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане.