З цэнтральных раёнаў неба, ад Млечнага шляху апускаецца знічка. Мільёны зор стаяць у знярухамелым сне і толькі яна разбудзілася, ды ляціць светлым, радасным полымям на сустрэчу няўхільнаму знікненню. Здаецца — не страшны той нябыт, не мае значэння, калі на адну хвіліну, на адзін міг засяроджваеш, згартаеш на сябе зрок і ўвагу ўсяго сусвету.
Лёт знічкі звязвае бязмежны космас з панадворкам, што на прадмесці мястэчка. Панадворак малы, квадратны, трыццаць метраў на трыццаць. У другія дні маўклівы, закінуты ў сонную дрымоту, сёння запрашае да сябе ўсю вуліцу.
Прыйшоў Коля, раней чыгуначнiк, зараз на пенсii, прыйшоў Андрэйка той, у лепшы свой час ведаў, як мёртвы кусок драўнiны пераўвасобіць у жывое крэсла, або багаты стол. Ёсць i мiлiцыянер на пенсii Чарнейка.
— Во, глядзіце — Колька зрокам адводзіць знічку за мяжу дальагляду. — Ці не наш Сенька абарваўся.
Вочы слухмяна ўзводзяцца ў вечаровае неба, на адну хвіліну спыняюцца словы.
— Э, — скептычна хрыпіць у паўсвятле чыйсці голас. — Напэўна хто другі. Сенька ж раніцой... Зараз пэўна на месцы ўжо ён, дзе трэба.
Але пан Сенька поўнасцю не дабрыў яшчэ да месцаназначэння. У хаце за жоўтымі вокнамі хістаецца полымя грамнічнай свечкі, наўкол бабы-суседкi расселiся, заводзяць жалобныя песнi. Час ад часу блытаюцца iх галасы, тая-другая нотка азываецца фальшам. Ну, нiчога ўсё. Не ад сэрца ж i не ад душы такiя дысанансы. Нараджаюцца ў гартані, у галасавых струнах, як рэзультат вялiкага старання за заземскi поспех пана Сенькi.
Бабы заўсёды так спяваюць. Цi не трыста пакаленняў ужо. I калi слухаеш iх, калi паглыбляешся ў сумныя лiтанii, так i здаецца: усё будзе добра, куды трэба накiруюць пана Сеньку. Але пакуль яшчэ ляжыць ён між бабамі а грамнічнай свечкай і чакае.
А на вулiцы мужчыны заступаюцца за пана Сеньку па мужчынску.
Згуртаваўшыся ў грамаду кураць, прыпальваючы чарговую папяросу ад папярэдняй. I ўсе добрыя ўчынкi, што з дзяцiнства па ўчарашнi дзень трапiлiся нябожчыку, узлятаюць на крылах тытунёвага дыму. Адплываюць па-над сад, над блiжэйшыя домiкi, i далей, у цэнтр мястэчка, над сiвыя блёкi, капулястыя цэрквы, касцёл, што белай вежай забiваецца ў раззоранае неба.
— А памятаеш, як шукалi той дуб? У семдзесят шостым у пушчы мы яго ўкралi струменiцца дум зза зубоў чыгуначнiка Колi.
— Ой там, зараз укралi, крывiцца Андрэйка. Ссяклi на Вапавай трыбе, вялiкая мэцыя.
— Ну, ссяклi, згаджаецца Коля. А вось ляснiчы маленькi такi, тоўсценькi, Клёцкам яго звалi а што ж бедняга набегаўся, напытаўся. Дуе вёскай, хмара гаёвых за спiною, па панадворках шныраць, у хлеўчыкi зазiраюць, у нужнiкi запускаюць вока, а дубiско ў мястэчку ўжо. На стаўпы парэзаны, фарбай пакрашаны, стаiць вуструнiўшыся ў маiм плоце будавацца якраз пачаў. I зараз там ён. Нiяк не спарахнеў дуб.
— Прызнавацца, бо ўсiх пасаджу пад халеру, вiшчыць Клёцак. А Сенька ведаў, i бачыш ты нiкому не сказаў. А баяўся я скажа. З сабакамі ж вадзіўся...
Апошнiя словы сказалiся ненаўмысна, зза звычайнай шчырасцi.
— А што мiлiцыянер выпадкова прымушаны адзываецца Чарнейка. Горшы якi гатунак, цi як? Чалавек, калi прыстойны ён, ад мундзiра хiба ж не псуецца.
Так больш менш гамоняць, паклiкаючы мiнулыя гiсторыi.
А мiж сказанымi словамi, трымцяць словы змоўчаныя, што не падыходзяць да сцэнэрыii месца i здарэння. Пустыя, лiшнiя, як бутэлькi ў жоўтых пiвонiях пад плотам.
Заядла тыя бутелькi капiў пан Сенька. Старанлiва чысцiў ад пылу, здзiраў знiшчаныя, або спаленыя сонцам этыкеткі, абмываў у цёплай вадзе, глянцаваў фланельнымі анучкамі, аж пакажацца бляск, якi малавопытны спецыялiст успрыме як фабрычны прадукт.
Адкуль такi клопат, спытаеце. Дык вось. Скарыстаўшы чыноўнiцкую фразэалёгiю, можна сказаць так: займаўся пан Сенька продажу алкаголю невадомага па паходжанню. Хаця па праўдзе тут, на памежжы i так кожны ведае радавод ягоны прыязджае крадком, зза ўсходняй мяжы, у пластмасавых мяшэчках, тут раздзяляецца на паасобныя пляшкi. У падвалах даюць яму шляхэцтва i якi захочаш смак. На кожную кiшэню i густ.
— Вам зубровачку? А можа ельцын, або петроў. Каньяк? Калi ласка, ёсць i каньяк. Цi не фальшывы ён? Ну, як жа фальшывы. У мяне арыгiнальны тавар, усё ў краме купляецца. У краме, за гэтыя словы кулак пана Сенькi тры разы забiваецца ў грудзi, туды, дзе за рэбрамi няспынна працуе сэрца гарант чалавечай прыстойнасцi.
Сiла персфазii павышае гандаль. I яшчэ давер. Не рэклама, як хочуць адукаваныя мужы. Рэклама адно нервуе, калi вылазiць з тэлевiзара ў нечаканы момант.
А дарэчы спрабаваў жа які адукаваны муж пусцiць у народ адну хаця б пляшку рускай гарэлкi? Выстаяў вока ў вока з мясцовым клiентам? А ў клiента заўжды свая рацыя i ён канчаткова перакананы: хвiлiна яшчэ, i стане ахвярай ашуканства.
Тады i пачынаюцца ўзаемныя хітрыкі, тупанне, зацiранне рук, мацанне зрокам. I кулакi забiваюцца ў грудзi, аж грымяць рэбры. Iдэнтычна, бы на конскiм базары.
Але ж коньмi пан Сенька нiколi не займаўся. Бо i на халеру зараз каму конь? Аформiць агарод за домiкам? Адзiн у мястэчку даволi. А пляшка калi ласка, для радасцi добрая, i для смутку.
Вось i прадаваў такiя пляшкi пан Сенька, запоўненыя ў падвале, мiж картопляў а скрынкамi буракоў, морквы, цыбулi. А ўсё сваё, не закiнеш тут хiмiяй.
Працоўны, рабацяшчы мясцовы народ. Такiм нараджаецца i ўсё.
Тады адвячоркам, або i апоўначы стукай у акно пана Сенькi. Адкрые.
— Зуброўка? ельцын? А можа петроў?
Вось чаму i запаўняецца бляшаная баначка спад гарбаты. Ад кожнай дваццаткi палова трапляе якраз туды. Другая адводзiцца на чарговую бутельку спiрту раяль. Час такi, рыначны. Хто не iнвесціруе, iдзе ў адстаўку.
Але пан Сенька больш закаханы ў першую дзесятку. Кахае яе асаблiвым чынам, пяшчотна. Гладзiць бронзавую паперу, разглядае падабiзну князя Мешка, а ў вачох стаiць улюбёнае аблiчча наймалодшага, Славiчка.
Зараз у Беластоку ён. I дай добры божа няхай там астаецца. Адно неўдалоты вяртаюцца ў мястэчка, закончыўшы адукацыю. I прыдуркi. Ну, яшчэ ўсялякія сваякі мясцовага чыноўнiцтва ім i ў складаны час прыдбаецца якi сэнсоўны занятак.
А Славiчка забяспечыць трэба ў кватэру дзве тысячы злоты квадратны метр.
Колькi ж тады разоў трэба збегаць да бляшанкi рукой узброенай у дзесятку, каб неабмежаваную пространь сцiснуць у квадратны метр падлогi?
А усё простае, калi чалавек ведае дзеля каго i чаго ён жыве.
Але вось зараз пана Сенькi няма ў жывых. Яшчэ ранiцой, як i штодзённа выйшоў на сходы, на вулiцу, накiраваўся ў краму. I звалiўся на тратуар. Залiшне клiкалi дапамогу.
— Але так зразу, з месца, здзiўляецца мiлiцыянер на пенсii Чарнейка. За нашым часам не здаралася такое.
I пачынаецца ўспамiнанне ўсiх, хто за апошнi час, i зусiм нечакана кульнуў на другi бок. Карагод адкрывае Яша, што памёр стоячы у аўтобусе, у натоўпе. Затым iдзе Францiк у красавiку не падняўся з ночы, так i нiхто не ведае чаму.
— Хiмiя i стрэс, кажа Андрэйка.
Далей прыводзяцца на памяць тыя, хто знiк па тэхнiчна цывiлiзацыйных прычынах. Антошка, што знойдзенай на агарорзе бліскучай цацкай ляснуў у ручку плуга, так ляснуў, аж бэбахi на электрычныя драты ўзляцелi. Затым стаіць у чарзе Мiшка ладным куском жалеза пацэлiла яго ў патылiцу незразумелая машына на фабрыцы. Ёсць яшчэ i Сяргей, якi ўпiсваецца ў першую, ды i ў другую катэгорыю. Ад iнфаркта памёр, а хвiлiну раней паспеў яшчэ засадзiць швайку проста ў сэрца святочна вялiкоднага кабанчыка. Так i звалiлiся смяротным дуэтам чалавек i паршук.
Пойдуць раніцой а полове дзевятай.
У хату пана Сенькi заходзiлi не раз, не два разы. Вось i ведаюць што там, i як.
На пачатак трэба ступiць у сенцы шмат якiя функцыi выпаўняюць яны калiдор, складзiк лiшнiх трантаў. Затым будзе кухня чвэрць яе запаўняе хлебная печ i да рэчы па iнерцыi, без канкрэтнай патрэбы зайшла сюды. Не аддзячыла нi адным буханкам хлеба, ды як жа iначай, калi зараз за плотам спажывецкая крама, што працуе з ранiцы да вечара, па будзённых i выхадных днях.
А наўкол печкi дубовы паркет. Так i спрачаюцца з сабою.
— А ты насенне мужыцкае, ты чаго тут?
-А калi б якая вайна, дык што, у крамiк за хлебам злётаеш? А баба замесiць у дзежцы, на бляху пакладзе i ад голаду не загiнуць нам.
Ёсць тады кухонная печ гарантам сытасцi ў злы час, да якога, як падказвае мястэчковы вопыт, добрыя днi адно гаманлiвая падрыхтоўка..
З кухнi адны дзверы выходзяць на маленькую спальню, другiя на гасцiнны пакой. Там якраз i ляжыць пан Сенька.
Можна было, вядома, зняць месца у спецыялiстаў, закiнуць туды нябожчыка на апошнюю ноч, а з ранiцы прыйшлi б смутныя хлопцы ў чорных пiнжаках, у белых рукавiцах, спраўна ўзялi б, што трэба ўзяць. Шмат хто зараз карыстаецца такiмi выгадамi, асаблiва жыхары шматпавярховых блёкаў. Не трэба потым сцiраць, прыбiраць, чысцiць паркет.
Але на прадмесцi ўсё iначай. З прадмесця адыходзяць у вечнасць пераступаючы свой парог i на спiне лепшых суседзяў.
Червеньскi Млечны шлях апоўначы разгартаецца белай хусткай. Колькi гадзiн i нябачна пералiецца ў светласць ранiцы.
Да свiтанку трэба было б здрамнуцца, адпачыць. А восьмай прыйдзе бацюшка.
Суседскi іх абавязак адправiць пана Сеньку ў апошнi шлях.